Комікс як жанр, канешне, мае сваю працяглую гісторыю, з выразнымі прыкметамі тых спецыфічных нацыянальна-культурных традыцый, у якіх гэты жанр развіваецца.
Найперш комікс – з’ява масавай культуры: яго асноўная функцыя – перакадзіраваць думкі-канцэпты ў самыя простыя, элементрарныя формы, каб рабіць іх папулярнымі і трансляваць у такім выглядзе максімальна шырокаму (любому) чытачу.
Як сведчыць энцыклапедыі [4, с. 507], найменне «комікс» паходзіць ад англійскага «сomic» – камічны, смешны; азначае графічна-апавядальны жанр, серыю малюнкаў з кароткімі тэкстамі, з якіх складаецца цэласнае паведамленне. Лічыцца, што продкамі жанру комікса былі серыі карцін (пазней гравюр) 1730-х гг. У. Хогарта (William Hogarth, англійскі мастак і тэарэтык мастацтва); а таксама малюнкаў В. Буша (Heinrich Christian Wilhelm Busch, нямецкі паэт-гумарыст і малявальшчык); у прыватнасці, В.Буш – аўтар папулярнай кнігі для дзяцей «Макс і Морыц», 1865 г.; цікава, што беларускае выдавецтва «Юнацтва» ў 1984 г. выдала кніжку «Макс і Морыц. Вясёлыя гісторыі ў малюнках і вершах», у перакладзе з нямецкай мовы А.Вольскага.
Кароткія звесткі з гісторыі развіцця жанру знаходзім, напрыклад, у аглядным артыкуле «Самабытны беларускі комікс» маладых навукоўцаў М.Варабей, Я.Ясюка і А.Яфімава на старонках штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва» [3, с. 6 ]. З гэтага артыкула можна даведацца, што сучасныя формы комікса з’явіліся ў газетах ЗША ў 90-х гг. ХІХ ст. Самы першы амерыканскі комікс «Мядзведзяняты і тыгр» выйшаў у 1892 г. у часопісе «The San Francisco Examiner» (рэдактар У.Херст). Асабліва распаўсюдзіліся коміксы у 30-я гг. ХХ ст. (у тым ліку – працы вядомага кінарэжысёра-мультыплікатара У. Дыснея). Сур’ёзную канкурэнцыю амерыканскай комікс-індустрыі складае японскі комікс – манга. Яго радаслоўную выводзяць не пазней чым з ХІІ ст., калі манах Тоба (другі варыянт імя – Какую) намаляваў чатыры гумарыстычныя гісторыі пра будыйскіх манахаў, якія парушалі манастырскі статут, і пра жывёл у ролях людзей. Аднак сучасны выгляд коміксы-манга набылі усё ж пад уплывам еўрапейскай карыкатуры і амерыканскіх коміксаў.
Да сярэдзіны ХХ стагоддзя комікс стаў адным з самых папулярных жанраў масавай культуры. Большасць сучасных коміксаў страціла камічную прыроду на карысць вялікай тэматычнай разнастайнасці: пра подзвігі «супермэнаў» і пра «дзікі захад», пра прыгоды ў джунглях і пра жывёл, «horror-comics» (коміксы-жахі), псеўдагістарычныя і пра каханне; навкова-фантастычныя і паводле твораў прымітывізаванай літаратурнай (кінематаграфічнай, інш.) класікі, пра войны і катастрофы (у тым ліку Другую сусветную і атамныя бамбардзіроўкі японскіх Хірасімы і Нагасакі), і г.д. [4, с. 507]. Можна сказаць, што дыяпазон тэм пачынаецца з вострай палітычнай сатыры і карыкатуры і заканчваецца дыдактычнымі матэрыяламі для дзяцей самага малодшага ўзросту, якія вучацца гаварыць на роднай мове і спазнаваць акаляючы свет. Комікс характарызуецца найшырокай разнастайнасцю зместу: ад гуманістычнага пафасу да цалкам трансгрэсіўнага з прапагандай дэвіянтных паводзін (так, напрыклад, існуюць сучасныя французскія коміксы для дзяцей з прапагандай максімальна спрыяльнага стаўлення да нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыі; амерыканскае ж выдавецтва Bluewater Productions збіраецца стварыць коміксы з біяграфіі былога супрацоўніка спецслужбаў ЗША Эдварда Сноўдэна).
Ці заставалася літаратура савецкага часу раўнадушнай да найпапулярнага жанру? Вядома ж, не. Асобнага даследавання заслугоўвае тэма жанравага сумежжа савецкай карыкатуры (асабліва серыйнай) з коміксам: варта згадаць часопіс «Крокодил», тыраж якога ў СССР дасягаў 6,5 млн. экземпляраў. Таксама ж замежныя коміксы ў СССР нямала перакладаліся. Напрыклад, у 1960-70-я гг. у Маскве выдаваўся часопіс коміксаў «Піф» (імя персанажа-сабачкі), альбомы і кішэнныя выданні гісторый пра Піфа. Гэты комікс стварыў мастак Х.К.Арналь у 1945 г., у газеце «Юманітэ». П’еса-пераказ Я.А.Жукоўскай «Прыгоды Піфа» («Приключения Пифа») ставілася ў дзіцячых тэатрах, гісторыі пра Піфа пераказваў Р.Б.Асцёр (Г.Б.Остер, псеўданім – Остёр), былі знятыя адпаведныя мультфільмы (як у Францыі, так і ў СССР), а ўласна комікс «Прыгоды Піфа і Геркулеса» (Геркулес – імя ката) друкаваўся на старонках часопіса «Наука и жизнь»… [2]
Калі звярнуць увагу на коміксы для дзяцей і падлеткаў, то трэба адзначыць, што адным з самых яскравых прыкладаў паспяховага функцыянавання жанру комікса ў СССР з’яўляецца практыка дзіцячага часопіса «Веселые картинки» (ідэя – першага рэдактара, карыкатурыста з «Кракадзіла», народнага мастака СССР І.М.Сямёнава). Выданне часопіса пачалося ў 1956 г. На яго старонках рэгулярна друкаваліся гісторыі ў малюнках пра вясёлых чалавечкаў: Карандаша, Самадзелкіна, Бураціна, Чыпаліна, Нязнайку і іншых. Тыраж выдання дасягаў 9,5 млн. экземпляраў.
Беларускія чытачы, аднак, мелі магчымасць знаёміцца з жанрам комікса не толькі па рускамоўных выданнях: у 1957 г. выйшаў у свет першы нумар айчыннага часопіса для дзяцей «Вясёлка». Вясёлкаўцы таксама звярталі сур’ёзную ўвагу на вопыт «Вясёлых карцінак» у засваенні жанру комікса: ён спрыяў трансляцыі ўласна-беларускіх традыцыйных каштоўнасцей праз «простыя словы» і «простыя рэчы». Невыпадкова якраз У.Ліпскаму (цяперашняму галоўнаму рэдактару «Вясёлкі») належаць такія беларускія коміксы, як «Пра Андрэйку Добрыка і чорціка Дуроніка» (мастак І.Ліпскі), 1993 г., «Клякса-Вакса і Янка з Дзіўнагорска» (мастак І.Ліпскі), 1994 г. Вельмі вялікай папулярнасцю ў беларусаў карысталіся ў тыя ж часы «касмічныя» коміксы «Дзе жылi бурсонiкi», 1992 г. і «Планета мілітар», 1992 г. (аўтары – У.Цвяткоў, А. Каршакевіч).
І ўсё ж комікс як аптымальны жанр для папулярызацыі беларускай класічнай спадчыны (міфалогіі, фальклору, гісторыі, ментальных стэрэатыпаў, канцэптаў з літаратурнай класікі) быў найперш зразуметы ў часопісе для для дзяцей і падлеткаў «Бярозка» (выходзіў з 1924 г. у Мінску, называўся таксама – «Беларускі піянер», «Іскры Ільіча») [1]. Менавіта тут з’явіліся спробы ў жанры комікса Адама Глобуса пад назвамі «Цмок» («Бярозка», № 4, 1989), «Вялес» і «Пярун» (№ 12, 1989, з містыфікаваным аўтарствам Уладзіміра Сцяпана і Яна Бохана) [7], і урэшце – «хэдлайнер», асобнае выданне комікса «Дзікае паляванне» («Дзікае паляванне і кароль Стах»), паводле класічнай аповесці У.Караткевіча («Дзікае паляванне караля Стаха»), які неаднаразова перавыдаваўся ў розных рэдакцыях (з аўтарствам А.Глобуса і У. Сцяпана, затым – аднаго А.Глобуса) [5]. Першая публікацыя адбылася менавіта на старонках часопіса «Бярозка», № 5-7, 1988 г. У перавыданні 2005 г. з А.Глобусам супрацоўнічалі мастакі І.Міланаў і Т.Угрына. Творчасць Уладзіміра Караткевіча – п’еса «Кастусь Каліноўскі» – зрабілася асновай яшчэ аднаго беларускага комікса. Ён называецца «Пра Кастуся» (2013 г., мастак У.Дрындрожык) [6]. Часопіс «Бярозка» ў 2014 г. (№ 4, № 6) папулярызуе таксама комікс Я.Мяльніцкага і У.Дрындрожыка «Нарыс Паўночнай Беларусі», па матывах твора Я.Баршчэўскага «Шляхціц Завальня». Аналагічныя спробы з’явіліся і ў перыядычным друку беларусаў замежжа. Заўважым, аднак, што рамантыка-асветніцкі характар коміксаў такога кшталту, моцная залежнасць усёй іх мастацкай логікі ад аўтарытэтных першакрыніц (тых жа твораў У.Караткевіча, Я.Баршчэўскага), пэўная прадвызначанасць, сюжэтная завершанасць зместу моцна адрознівае названыя «тэксты з малюнкамі» ад іх амерыканскага, напрыклад, жанравага інварыянта. Супергерой амерыканскага комікса павінен быць элементарным і брутальным, увасабляць толькі мінімум дамінуючых рысаў, спраўджваць нейкую адну місію. Ясна, што адсылка да драматычнага лёсу Кастуся Каліноўскага – персанажа Караткевіча, і тым больш героя рэальнай беларускай гісторыі, канфрантуе з іміджам коміксавага супермэна. Таму падобныя беларускія коміксы і ў графічным афармленні, і ў прагматычным аспекце хутчэй з’яўляюцца спецыфічнай мадыфікацыяй жанру, чым яго тыповым узорам. Аднак названая супярэчнасць якраз вельмі дынамічная: яна пазначае перспектывы, будучыя поспехі для арыгінальнага беларускага комікса, робіць працу ў гэтым жанры крэатыўнай. Не выпадкова сапраўднае прызнанне чытача прыйшло да комікса А.Глобуса «Дзікае паляванне»: у ім гісторыя пра немінучае пакаранне за здраду Радзіме, высокаму ідэалу атрымалася па-караткевічаўску яскравай, па-юнацку рамантычнай; героі – маштабнымі антаганістамі; сюжэт – міфалагізаваным, з дамешкам містыкі, прынцыпова адкрытым; фабула – з выразнай інтрыгай, што важна для жанравай структуры комікса. Разам з гэтым твор транслюе высокую, патрыятычную, зусім пэўную маральна-этычную ідэю (як кажуць заходнія калегі, мэсідж).
Простая ж мультыплікацыя чужога жанравага ўзору вядзе да з’яўлення другаснай, банальнай прадукцыі на рынку масавай культуры. І калі мы звяртаемся да «мультыплікаваных» па іншакультурным узоры коміксаў, то ўсё роўна шукаем там водсветы, сляды, лёгкія намёкі інтэлекту, нейкі паглыблены зместавы план (на ўзроўні падсвядомасці, сваёй беларускай, славянскай ментальнасці, для якой слова стагоддзямі было правадніком у сферу высокага, сакральнага). Так, дасціпную гульню мы ўспрымаем у коміксах мінскай суполкі «Літаратурнае прадмесце» пад кіраўніцтвам пісьменніцы Л.Рублеўскай: маладыя аўтары склалі цэлую электронную кнігу коміксаў, прысвечаных Блакітнаму Свіну — сімвалу сваёй антыгламурнай літаратурнай прэміі (ідэя, распрацоўка і выданне кнігі — Ю.Новік і Віка Трэнас, 2009 г.). З 2010 г. выдаецца электронны фальклорна-этнаграфiчны i лiтаратурна-мастацкi альманах фалькларыстаў філалагічнага факультэта БДУ «Дзьмухавец», дзе друкуюцца міні-коміксы М.Латышкевіч («Казкі не будзе», «Каптурок і мядзьведзь», «Кот вучоны», інш.).
Надзвычай перспектыўны кірунак у засваенні жанру комікса развіваюць таксама стваральнікі розных адукацыйных рэсурсаў: напрыклад, курсаў «Мова нанова», інтэрнэт-старонак, адрасаваных дзяцям дашкольнага ўзросту, з міні-коміксамі для вывучэння беларускай мовы [8]. Тут папулярныя серыі коміксавых ілюстацый Г.Лабадзенкі да розных моўных з’яў: напрыклад, малюнкі-тлумачэнні, у чым розніца паміж словамі сабе і сябе; канапа і дыван, гаспадарка і гаспадыня… Вельмі прывабным атрымаўся адукацыйны комікс для дзяцей «Прыгоды Льва Лявона: Абмен валют» (2014 г.), падрыхтаваны Беларускім народным банкам для знаёмства вучняў з асобнымі элементарнымі эканамічнымі ведамі, інш. Такая крэатыўная практыка складае інтэлектуальную, якасную канкурэнцыю традыцыйнай перакладчыцкай актыўнасці ў жанры комікса (моладзь ахвотна перакладае на беларускую мову коміксы выдавецтваў Marvel, DC Comics, Dark Horse, якія рэгулярна змяшчаюцца на партале comics.by).
Такім чынам, можна зрабіць выснову, што беларускі комікс са старонак перыядычнага друку выходзіць на новы этап развіцця – прычым з арыентацыяй не толькі на перайманне замежных жанравых узораў, але найперш з улікам патрэб нацыянальнай культурнай прасторы. Літаратура

  1. Бадак А.М. Бярозка// Беларуская энцыклпедыя ў 18 т. Т. 3. – Мн.: БелЭН, 1996. – С. 412; http://zviazda.by/2014/09/54405.html «Бярозка»: што, як, калі?
  2. Больш падрабязна пра гэта гл.: https://ru.wikipedia.org/wiki/%CF%E8%F4_(%EA%EE%EC%E8%EA%F1)
  3. Варабей М., Ясюк Я, Яфімаў А. Самабытны беларускі комікс / М.Варабей, Я.Ясюк, А.Яфімаў. – Літаратура і мастацтва, № 19. – 2014. – 16 мая. – С. 6.
  4. Гл.: КОМІКС / Большая Советская Энциклопедия. – Третье издание. – Т. 12. – М.: Издательство «Советская энциклопедия», 1973. – С. 507.
  5. Глобус А. Дзікае паляванне: Легенда ў малюнках паводле аповесці У.Караткевіча / А.Глобус, У.Сцяпан. – Мінск, «Юнацтва», 1991; Глобус А Дзікае паляванне / А.Глобус. – Мінск: Выд. цэнтр БДУ, 2005. – 28 с.
  6. Пра Кастуся: Гістарычны комікс паводле Уладзіміра Караткевіча / Малюнкі, афармленне Уладзімір Дрындрожык. — Мінск: Лімарыус, 2013. — 28 с.
  7. Старонкі коміксаў А.Глобуса гл.: http://dubarev.name/wp/wp-content/gallery/Misc%20Stuff/Magazines/1989/cmok-biarozka-4-89/cmok00-resized.jpg; http://dubarev.name/wp/wp-content/gallery/Misc%20Stuff/Magazines/1989/viales-piarun-biarozka-12-89/viales-piarun-last-resized.jpg
  8. http://www.movananova.by/tag/komiksy/