ЛЮДМІЛА ДЗМІТРЫЕЎНА СІНЬКОВА
Доктар філалагічных навук (1997),
Прафесар па спецыяльнасці «Літаратуразнаўства» (2001),
Член Саюза беларускіх пісьменнікаў (1999).
Нарадзілася 02 снежня 1958 г. у г. Мазыры Гомельскай вобласці. Закончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці «Беларуская мова і літаратура, руская мова і літаратура» (1981). Даследуе дынаміку мастацкіх форм, мадэлі развіцця нацыянальнай літаратуры і культуры, праблемы журналістыкі. Асноўнае месца працы – кафедра гісторыі беларускай літаратуры філалагічнага факультэта БДУ.
Доктарская дысертацыя – «Беларуская проза ХХ стагоддзя: дынаміка жанравых структур» (1996), навуковы кансультант – член-карэспандэнт НАН Беларусі, прафесар А.А.Лойка.
З 1999 па 2004 гг. загадвала кафедрай беларускай літаратуры ХХ стагоддзя ў БДУ. У 1990-я – 2000-я гг. кіравала Саветам па экспертызе праектаў НДР па філалогіі пры Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь, секцыяй беларускай мовы і літаратуры НМЦэнтра вучэбнай кнігі і сродкаў навучання пры Мінадукацыі РБ. З лістапада 2004 г. працуе на пасадзе прафесара кафедры беларускай літаратуры і культуры ў БДУ.
Л.Д.Сінькова брала ўдзел у стварэнні і працы Вучоных саветаў па абароне дысертацый у сістэме БелВАК ў галінах літаратуразнаўства (Д 02.01.12, у БДУ) і тэорыі і методыкі навучання і выхавання (Д 02.01.21, у БДУ); таксама навуковага семінара ў БДУ па папярэдняй экспертызе дысертацый па спецыяльнасці “Літаратуразнаўства”. Працуе ў рэдкалегіях айчынных і замежных навуковых выданняў: “Acta Albaruthenica”, Варшава; “Białorutenistyka Вiałostocka”, Беласток; “Polilog. Studia Neofilologiczne”, Слупск; “Веснік Полацкага дзяржаўнага універсітэта”, Полацк, інш. На працягу 2002 – 2012 гг. з’яўлялася галоўным рэдактарам перыядычнага выдання кафедры беларускай літаратуры і культуры БДУ “Беларускае літаратарузнаўства” з міжнароднай рэдкалегіяй, ISSN № 1995-1876.
Л.Д.Сінькова – кіраўнік 11 паспяхова абароненых у БелВАК кандыдацкіх дысертацый. Аўтар каля 200 навуковых і вучэбна-метадычных прац, сярод якіх: манаграфіі “Беларуская проза ХХ стагоддзя: Дынаміка жанравых структур” (1996); “Беларуская “звышлітаратура”” (2019); “Паміж тэкстам і дыскурсам: Беларуская літаратура ХХ – ХХІ стст. : гісторыя, кампаратывыстыка і крытыка” (2013); зборнік літаратурна-крытычных артыкулаў “Цукровы пеўнік” (1996); а таксама вучэбныя дапаможнікі ў суаўтарстве: “Святло слова: дапаможнік па лінгвакультуралогіі” (2002), “Шлях па прамой часу. Да гісторыі беларускай літаратуры Польшчы: 1958 – 2008” (2007, Беласток, пад рэдакцыяй Я.Чыквіна), “Беларуская літаратура ХХ стагоддзя: біяграфіі, бібліяграфія, літаратурная крытыка” (2008), “Сямнаццатай вясной: зборнік сучаснай беларускай прозы і крытыкі” (2010, 2011); “Слова – тэкст – камунікацыя” (2014); аўтар праграм, вучэбных дапаможнікаў і хрэстаматый па гісторыі беларускай літаратуры для школьнікаў, абітурыентаў, студэнтаў.