Імя і творчасць Наталлі Арсенневай – з шэрагу хрэстаматыйных. Гэтаксама, як у свой час вярнуліся ў расійскую культуру імёны М.Цвятаевай, Д.Меражкоўскага, У.Набокава, так у беларускім духоўным жыцці ўзнавілася годнае імя Арсенневай, выдатнай паэтэсы ХХ стагоддзя.

У 1993 г. у Нью-Ёрку другі наш знакаміты паэт, Генадзь Бураўкін, вітаў ад імя беларускіх пісьменнікаў Наталлю Арсенневу на святкаванні яе дзевяностагадовага юбілею. Пазней Г.Бураўкін успамінаў: “Атожылак таленавітага лермантаўскага роду, яна праз гады захавала шляхетную годнасць і нават велічнасць. На жывапісных партрэтах у яе паставе нездарма ёсць нешта ад “царскасці” Ахматавай і “значнасці велікасвецкіх прыгажунь. Яна ніколі не дазваляла сабе быць ці выглядаць слабой, залежнай, разгубленай… Я, безумоўна ж, запытаўся ў Арсенневай, ці збіраецца яна наведаць родную Беларусь, вёску Доры, прырода і людзі якой на доўгія гады нашапталі ёй так многа выдатных паэтычных радкоў. Яна пахітала сумна галавою і спакойна, як даўно абдуманае, сказала:

– Хацела б. Вельмі. Ды не змагу. Фізічна… Позна… [Крыніца. 1996. № 11-12. С. 42 – 44.]

Сапраўды, так сталася, што для дачкі расійскага службоўца, Аляксея Арсеннева са знакамітага дваранскага роду Арсенневых, сапраўднай радзімай зрабілася Беларусь, Віленшчына і Валожыншчына, хоць і з’явілася на свет Наталля ў г. Баку, 20 верасня 1903 г. Нямала часу давялося ёй жыць і ў Польшчы, і ў Нямеччыне, і ў Амерыцы. Толькі 25 гадоў з 94-х – на Беларусі! У Амерыканскім горадзе Рочэстэры яна і памерла 25 ліпеня 1997 г. Аднак менавіта да Беларусі яна пісала: “Не цалавала рук / Нікому я ў жыцці. / Табе ж, мая зямля, / Я цалавала б ногі // За цішу, за туман, / За жаўрукоў…” (в. “Сон”).

І яшчэ яна пісала: “Месцам майго нараджэння лічыцца ўлюбёная Вільня, дзе я фактычна расла й гадавалася ад першых месяцаў майго жыцьця… [Цыт. па: Савік Л.С. Пакліканыя: Літаратура беларускага замежжа. Мінск: Тэхналогія, 2001. – с. 42.] У Вільню Аляксея Арсеннева перавялі па службе, і з цягам часу ўжо дзесяцігадовая дзяўчынка, выдатна падрыхтаваная ў навуках маці-настаўніцаю, паступіла адразу ў другі клас Віленскай Марыінскай гімназіі. Першая сусветная вайна зрабіла сям’ю Арсенневых бежанцамі, але з тых пакутных бежанскіх шляхоў яны ізноў, ужо ў 1920-м г., вярнуліся ў Вільню. Тут Наталля вучылася ў славутай Віленскай Беларускай гімназіі, тут зрабілася паэтэсай і вялікай патрыёткай Беларусі.

І ўжо ў самых першых вершах Арсенневай, як і ў творчасці ўсяго віленскага перыяду яе жыцця (1920 – 1922 гг.), запанавала тэма прыроды, з’явіліся, каб застацца назаўсёды, тэмы прыроды. Лірычная гераіня нібы вяла адмысловы дыялог з акаляючым светам; яна была з ім у пастаянным сумоўі, суладдзі, была ў вычуванні таямнічага, а часам і зразумела-блізкага жыцця наваколля. Вядома ж, маладая Наталля Арсеннева раскрывала чытачу найперш сваю душу. Таму ў паэтычным знітаванні псіхалагічных рухаў і прыродных з’яў чытач мог нават не звярнуць пільнай увагі на тое, наколькі “абагуленымі”, універсальнымі былі арсеннеўскія малюнкі прыроды. У краявідах Арсенневай “вясковыя” дэталі лёгка паядноўваліся з “гарадскімі”, а чытач урэшце трапляў, па выразах Я.Чыквіна, у “ідэальную Беларусь”, “уяўленую Айчыну”, на “сардэчныя” месцы дзеяння і ў “псіхалагічны час” [Чыквін Я. Далёкія і блізкія: Беларускія пісьменнікі замежжа. – Беласток, 1997. – С. 427.]. Гучала гэта так:

Вечар неба хварбуе ў гарачыя тоны,

чыстым золатам густа залоціць рабіны,

і здаецца паветра густым і зялёным,

бы вада у вазёрах, зялёных ад ціны.

 

Гаснуць косы на вежах гатыцкіх касцёлаў,

запаляючы шыбы дзіўнымі агнямі.

Зоры – вочы малых засмучоных анёлаў –

мігацяць у хмурынах, парваных над намі.

 

Час таёмны, ня ноч, ані дзень, калі сцені,

сцені ночы зліваюцца з косамі сонца,

калі хочацца раптам упасць на калені

і стаяць так, бяз руху, маўкліва, бясконца… <…>

Л.Савік, якая напісала, здаецца, самы вялікі, падагульняючы артыкул, прысвечаны Н.Арсенневай, услед за А.Луцкевічам (Навінам), услед за іншымі даследчыкамі творчасці паэтэсы (Ант.Адамовічам, Б.Сачанкам, У.Калеснікам, М.Мішчанчуком, А.Сямёнавай, Л.Тарасюк) адзначае тое, што нельга абмінуць: блізкасць прыродаапісальных вершаў Н.Арсенневай паэтычнаму свету М.Багдановіча. Гэтую блізкасць можна ўбачыць у такіх вершах паэтэсы, як “Ціха плыў месяц між хмараў празрыстых”, “У небе пылаюць чырвоныя хмары”, “Шэпты ночы”, “Ноч”, “Вячорны абразок”, “Светлы дзень дагарае над сумнай зямлёю”, “Недасяжнае” і інш.

Тым часам светаадчуванне паэтэсы мянялася, узбагачалася разам з яе чалавечым і жаночым сталеннем. Неўзабаве, ужо ў 1922 г., Н.Арсеннева выходзіць замуж за афіцэра на той час польскага войска Ф.Кушаля і выязджае разам з мужам у Польшчу. Можа быць, якая-небудзь іншая жанчына, зрабіўшыся пані-афіцэршаю, ужо і адарвалася б ад беларушчыны. Толькі не Наталля Арсеннева. І тут у яе жыццё ўваходзіць Валожыншчына, таму што бацькі яе мужа жылі на той час у вёсцы Доры. Менавіта ў Доры пачынае прыязджаць Н.Арсеннева кожнае лета. Яна бярэ з сабою і двух сваіх сыноў – спачатку маленькіх (Яраслаў – 1923 года нараджэння, Уладзімір – 1926), а потым ужо і падлеткаў: да 1939 г., да пачатку другой сусветнай вайны сям’я праводзіла лета ў Дорах. І вось у гэты, так званы “польскі” ( а правільней – валожыншчынска-польскі, 1922 – 1939 гг.) перыяд жыцця і творчасці ў паэзіі Н.Арсенневай адбываюцца вельмі важныя змены. Вобразы прыроды, як і вобраз Беларусі ў цэлым, робяцца больш канкрэтнымі, рэчыўнымі. Сама Арсеннева так апісвала сваё новае светаадчуванне, якое адбівалася ў новых вершах: “У Заходняй Польшчы, дзе мне давялося пражыць, нат васількі, здавалася, цвілі не гэтак, як у нас”; “Тут [у Дорах. – Л.С.], у чыста беларускім асяроддзі, я цесна зжылася з Беларуссю, калі можна так сказаць, ужо не ў тэорыі, а на практыцы, зжылася з найчысцейшаю беларускаю моваю, з беларускім жыццём і прыродаю. Мужавы бацька […] быў найшчырэйшым беларускім патрыётам, хоць палітыкай ніколі не займаўся і ў жыцці сваім ніколі нікуды не выязджаў далей за Валожын, Івянец, Ракаў ці Маладзечна” [Я не палітык і ніколі ім не была // ЛіМ. 1992. 17 ліпеня.].

Менавіта канкрэтныя рэаліі, нават тыя геаграфічныя назвы, “пашпартныя” прыкметы Беларусі робяцца важнейшымі для паэтэсы. Беларусь не толькі ва ўніверсаліях, а ў зусім пэўных найменнях, водарах, колерах дрэў і кветак, зямлі і вады, у відавочнасці побыту, прыладаў працы ўсё больш уладарна ўваходзіць у вершы Н.Арсенневай – не саступаючы ў правах вытанчаным вобразам-метафарам. Так, адным з класічных узораў лірыкі Н.Арсенневай зрабіўся верш “На сенажаці”, напісаны ў Дорах у 1925 г.:

Косы звіняць… Спеўна ўзносяцца зыкі,

поўняць жыццём жаўтацвет-сенажаць

майстры дзіўныя з нязнаных музыкаў,

косы звіняць…

Кмена пах цягне па мокрых пракосах,

водарыць сенам у пухкіх капах!

Дыхае поле у сонцавых косах,

кмену йдзе пах…

Песню жанкі запяялі нясмела,

і – звоніць уся сенажаць,

з гукамі – ўдалеч, здаецца б, ляцела…

косы звіняць…

Падобная паэтыка будзе развівацца Наталляй Арсенневай праз усё жыццё. Напрыклад, у вершы “Сыны й маці”, напісаным ужо ў Амерыцы і прысвечаным угодкам Слуцкага збройнага чыну, Н.Арсеннева напіша пра Бацькаўшчыну:

Хто сніць яе –

сівым аўсянне у расе,

хто –

крыжам з галіны над наспаю пясчанай.

 

Хто зноў –

крыніцаю у зрубе, што аброс

па бровы мохам цёмным,

хто – рачулкай,

дзе мые косы вербалоз,

хто –

мітрай на вакне ў вузенькім завулку…

І можа быць, што той стары зруб, і тое аўсянне ў расе, і нават вакно з вазонам Н.Арсенневай запомніліся, запалі ў сэрца менавіта ў Дорах…

У гэты ж самы час, у 1928 – 36 гг. Н.Арсенневай быў падрыхтаваны да друку другі зборнік яе вершаў, які так і не выйшаў у свет з-за вайны, – “Жоўтая восень”. (Першая кніга, “Пад сінім небам”, выходзіла двойчы: у 1927 г., у Вільні і ў 1992 г., у Мінску, факсімільным выданнем.) Вершы, аб’яднаныя тэмаю “Жоўтай восені”, цалкам спраўджваюць паэтычнае прызнанне спадарыні Наталлі:

Не ў царкоўцы малітвай, святою вадой, –

ахрысціў мяне нехта ў зялёнай дуброве.

Як паганін, я пушчы пяю залатой,

разумею палёў васільковых размовы…

Многія даследчыкі адзінадушна падкрэслівалі музычнасць, рытміка-інтанацыйнае багацце прыродаапісальных вершаў “Жоўтай восені”. Іх называлі мілаваннем, апалогіяй восені (Я.Чыквін, с. 45), найпрыгажэйшым вянком асенняй паэзіі, карцінамі, што ствараюць непаўторную галерэю, якая не мае сабе роўных ва ўсёй беларускай паэзіі (Л.Савік, с. 63): гэта вершы “Жоўтая восень, “Туга”, “Тае вечар”, “Вячорная містэрыя”, “Восень”, “Незгаданае”, “Увосені”, “Восень у гаі”, “Асенняя элегія”, “Асенняю цішай”, “Восень у Вільні”… “І гэтыя восеньскія казкі-былі, – піша Л.Савік, – бачыш і чуеш наяве” (с. 62-63). Прыгадаем:

Над палямі шырокімі

спяць дубы, як мядзяныя волаты,

ўкруг бярозы стаяць белабокія,

сыплюць з косаў расплеценых золата…

 

У лагох, налітых туманамі,

белым статкам пасуцца таполі…

Неўзабаве Наталля Арсеннева перажывае самыя страшныя, балючыя часіны свайго жыцця: зняволенне мужа, высылку з дзецьмі ў Казахстан, пагібель старэйшага сына, растанне з Радзімаю назаўсёды. І жыццё не дало ёй той апошняй ласкі, аб якой яна прасіла (у в. “Майму жыццю”):

Жыццё,

няшмат ужо дарогі,

штораз пусцей, цямней наўкола.

Дык дай мне роднага парогу

даткнуць,

пакуль замкнецца кола!

У акупаваным Мінску яна перажыла ўзлёт свайго таленту, што адбіўся ў вершах зборніка “Сягоння” (Мінск, 1944 г.). Тут вылучаецца славутая “Малітва”, дзе Беларусь называецца “ціхой і ветлай” перад Богам. І ў гэты ж час Н.Арсеннева стварае вершы з грамадзянскім пафасам, такія, якіх напачатку творчага шляху пазбягала яе ліра. Напрыклад, у такім вершы “Жыве Беларусь” вобразы прыроды служаць найперш матэрыялам, фактурай для патрыятычных метафар:

Наша ж мова – цудоўная, спеўная,

ўмее спелым калоссем шумець,

галасіць навальніцаю ўлеўнаю,

верасоваю медзяй звінець. <…>

 

Каб не мова, даўно б мы растаялі,

расплыліся б імглой між чужых,

збеглі ў вырай гусінаю стаяю,

але з мовай – і мы будзем жыць.

 

Будзем жыць! Днямі яснымі, новымі

пойдзем, пойдзем з табой у гару,

наша жытняя і васільковая,

несмяротная Беларусь!

У падобных вершах – “Краіне”, “Песня каліноўцаў”, “Прысяга”, “Мы – моладзь”, “Смела, наперад” – лірычная гераіня Арсенневай, “жаночая жанчына”, як вызначыў яе Я.Чыквін, нібы саступае перад пасіянарыяй. Аднак, саступаючы, не знікае, не блякне, а, наадварот, неўзабаве “вяртаецца”, несучы ў паэтычных радках яшчэ больш глыбокі псіхалагізм, праніклівасць, вытанчанасць у светаўспрыняцці. Той жа самы ўлюбёны вобраз восені як малюнак прыроды і як стан чалавечай душы пераможна вяртаецца ў верш эміграцыйнага (амерыканскага) перыяду творчасці Н.Арсенневай.

Гэты пераможны верш называецца “Гэтак будзеш ты мной”. У ім Арсеннева-пантэістка нібы стварае ўласны міф пра жанчыну-восень. Але чытача не здзіўляе адсутнасць мяжы паміж лірычнай гераіняю і велічнай прыродай з яе няўхільным, неадменным кругазваротам жыцця і смерці, наканаванасцю завядання. Мы адчуваем па-за элегічнымі радкамі духоўную моц шляхетнай жанчыны, тыя карані яе культуры, што трымаюць чалавека ў жыцці не менш надзейна, чым звычайныя карані – сваё дрэва. І гэта дае нам магчымасць катарсічнага суперажывання, эмацыянальнага ўзбагачэння. Сумнае робіцца прасветленым праз амаль містычнае паяднанне драмы чалавечага лёсу з адвечным спакоем усёпранікальнай, бясконцай прыроды.

Восень, восень, калі ж

напалам перарэжам

мы з табой і уцеху, і смутак упойны?

Гэтак будзеш ты мной,

з маёй смагай і жалем,

я ж табою,

зыркою і перапялёстай.

Будуць людзі гукаць цябе проста

“Наталляй”,

а мяне клікаць “Восеняй”

гэтак жа проста.

Ты пачуеш, як моцна цвікі убіваюць

варагі і свае мне у цёплае цела,

я ж пазнаю, як душыць імжака сівая

ліст па лісце на клёнах,

як ніцма іх сцеле.

І пачну я

табой

паміраць на галінах

звонка, шчыра і жоўта, і зырка-чырвона,

а ты –

мной угарышся у вершах і чынах,

я – рудым пусталістам,

а ты – пустазвонам.

Апошняму сумнаму радку мы запярэчым: голас Наталлі Арсенневай сёння гучыць высока і годна ў багатым шматгалоссі паэзіі ХХ стагоддзя, услаўляючы Беларусь.

Друкавалася [у]: Сінькова Л. Вобразы роднай зямлі і роднай прыроды ў паэзіі Наталлі Арсенневай. – Ракаўскі шлях, 2002;

Сінькова Л.Д. Паміж тэкстам і дыскурсам: Беларуская літаратура ХХ – ХХІ стст. : гісторыя, кампаратывістыка і крытыка (літаратурная крытыка, артыкулы, гутаркі) / Людміла Сінькова. – Мінск : Паркус плюс, 2013. – С. 87 – 92. (296 с.)