Тое, што ў літаратуразнаўстве называецца комплексам ідэй “страчанага пакалення”, “рэмаркізмам”, пачало вывучацца многімі аўтарамі даўно – неўзабаве пасля першай сусветнай вайны, і даследуецца нястомна, паколькі войны ў свеце, не спыняючыся, забіраюць цэлыя пакаленні юнакоў. Вяртаецца ж чалавек з вайны, нібы з нейкага паралельнага сусвету, ужо іншым, – і тым больш інакшым, чым глыбейшы ў ім духоўны пачатак.

Зазвычай, з “лёгкай рукі” Эрнеста Хемінгуэя, усе даследчыя рэфлексіі на гэтую тэму пачынаюцца з неабходнасці згадаць знакамітую фразу Гертруды Стайн. Яна была прамоўленая ў 1924г. і ўзятая Хемінгуэем за эпіграф да рамана “Фіеста” (1926 г.). “Усе вы, – сказала спадарыня Гертруда, – страчанае пакаленне… Уся моладзь, якая пабыла на вайне”. Ці не адразу ж было заўважана, што і ў англійскім, і ў нямецкім і ў французскім, ды і ў беларускім напісаннях фраза Гертруды Стайн перакладаецца таксама і як “пакаленне, што загінула” [1, с.130]; лічбы савецкіх страт, як мы ведаем, увесь час удакладняюцца. Між тым ужо ў часы “Фіесты” “выраз “страчанае пакаленне” <…>   быў “адным з самых кідкіх, самых распаўсюджаных літаратурных цэтлікаў ХХ стагодзя…” [1, с.130-131]; “label” – так спрэс называў гэты выраз сам Хемінгуэй (напрыклад, у кнізе “Свята, якое заўжды з табой”, апублікаванай, як вядома, пасля смерці Хемінгуэя, у 1964г.; тут падрабязна, у дэталях намаляваны будзённыя абставіны слыннага “прароцтва” Гертруды Стайн).

Вядома, што для інтэлігенцыі ва ўсім свеце за гэтым “цэтлікам” – “страчанае пакаленне” – стаяла найперш разуменне вайны як бессэнсоўнай бойні (у гуманістычным, абсалютным вымярэнні), разуменне вайны як вялікага бардаку, якому ахвяраванае жыццё маладога чалавека, асобы – і гэта азначае гвалт духоўны; таксама для “страчанага пакалення” вайна – гэта аднойчы ўбачаны і ўжо незабыўны гвалт фізічны, перададзены ў натуралістычных апісаннях знявечанай плоці, якая была чалавекам, часта блізкім, знаёмым або нават каханым. Вядучай ідэяй у канцэпце, пра які мы гаворым, варта назваць думку пра вайну, што знішчае юначыя ілюзіі і нараджае дэпрэсію, назаўсёды перайначвае ўчарашняга школьніка. Малюнкі падобнай “аўтабіяграфічнай” вайны, разнастаенай, аднак, нацыянальнымі ды асобаснымі вытокамі, намаляваныя цэлым шэрагам аўтараў, якіх літаратуразнаўцы нястомна то паядноўваюць, то раз’ядноўваюць у сваіх класіфікацыях: ад А.Цвейга, Ж.Дзюамеля, Р.Олдзінгтона і Э.Хемінгуэя да У.Фолкнера, І.Шоу, Н.Мейлера, Дж.Джонса, Дж.Херсі, Дж. Хелера, К.Вонегута і многіх, многіх іншых, прычым з беларусаў трывала далучаны сюды хіба што адзін М.Гарэцкі, што, відавочна, аніяк не адпавядае сучаснаму гістарычнаму моманту. Самым жа знакамітым прадстаўніком літаратуры “страчанага пакалення” суджана было зрабіцца Эрыху Марыі Рэмарку з раманам “Im Westen nichts Neues” – “На Заходнім фронце без змен” (як вядома, ён выйшаў у свет у студзені 1929 г.).

І нічым, як толькі інерцыяй уздзеяння былой савецкай цэнзуры на трактоўку беларускай аўтабіяграфічнай прозы “ваенных” аўтараў, мы не можам патлумачыць гэтакую малалікую прысутнасць беларускіх імёнаў у самім ідэйным комплексе “страчанага пакалення”, у слаўнай кагорце тых пісьменнікаў, якія адлюстравалі вайну з пункту гледжання ўчарашняга школьніка, які мусіў самым жорсткім чынам развітацца з ілюзіямі, ва ўнісон з сусветнымі інтэлектуаламі (тым больш, што “цэтлік” працягвае распаўсюджвацца ўжо на асэнсаванне і тых войнаў, што называюцца “лакальнымі ваеннымі/узброенымі канфліктамі”).

Для Беларусі пазначаная праблема лаканічна акрэслена Васілём Быкавым ва ўспамінах “Доўгая дарога дадому” (2002), дзе ёсць такі, крыху іранічны, запіс: “Недзе з часоў хрушчоўскай адлігі ў савецкім друку пачалі паяўляцца кнігі славутых заходніх аўтараў, да таго ў нас невядомых. Можа, першым з гэтага шэрагу пачалі выдаваць раманы Рэмарка, які адразу знайшоў немалую папулярнасць сярод чытацкай моладзі. (Парыж, жанчыны, кальвадос [2, с. 701]. Але і “На Заходнім фронце без пераменаў”). Калі французскіх жанчын і свабоднае каханне ўлады неяк трывалі, дык “Заходняга фронту без пераменаў” стрываць не маглі. Як заўжды, апэратыўна было пушчана ў абарот зьняважлівае ў нас азначэне р э м а р к і з м , які, бы бірку быку на рогі, вешалі на таго ці іншага аўтара. Першым такой “пашанай” быў уганараваны Булат Акуджава зь яго невялічкай, але ёмістай аповесьцю “Будзь здароў, шкаляр” <…>. Але болей пра вайну Акуджава, здаецца, не пісаў <…>” [3, с. 277]. Зразумела, Акуджава ў гэтым шэрагу быў не апошнім. Сінанімічным паняццю “рэмаркізм” (без кальвадосу) у савецкім кантэксце выступіла якраз “акопная праўда” – г.зн. праўда, пісьменнікам-ветэранам перажытая, але нібы недастатковая, патрабуючая дапаўнення “праўдаю стаўкі”. Такім чынам, тое аўтабіяграфічна-чалавечае, што аніяк не магло абмінуць прозу пра вайну маладых і таленавітых савецкіх ветэранаў, мусіла быць прымальным для цэнзуры: або цалкам адпавядаць савецкай ідэалогіі, або хоць бы афармляцца адпаведнымі ідэалагічнымі акцэнтамі.

Іван Навуменка якраз і стаўся адным з тых беларускіх падлеткаў, школьнікаў-выпускнікоў, якім у 16-17 год трэба было так ці інакш ісці на вайну. З усмешкай такі школьнік гаварыў: “Некаторыя ж нават марожанага не каштавалі – у армію, на фронт…” [4, с. 78] І яны хутка спазналі там цяжкую жыццёвую прозу. Тыя эпізоды, што вялі “рэмаркаўска”-тужлівым следам (праз балючую фіксацыю страты ілюзій ажно да адчаю і нежадання жыць), назапашваліся ў такіх творах І.Навуменкі, як “Хлопцы самай вялікай вайны…” (1970) ; “Салдаты вярнуліся” (1964), “Інтэрнат на Нямізе” (1978, з галодным клічам героя “Хлеба і вайны!”), іншых, каб выявіцца найбольш выразна ў рамане “Смутак белых начэй” (1970-1978) і на развітальнай ноце паўтарыцца ў аповесцях-трыпціху “Дзяцінства”, “Падлетак”, “Юнацтва” (1997). Тут – і белыя ад солі гімнасцёркі адступаючых чырвонаармейцаў, якія пад высокім сонцам адыходзілі і адыходзілі на ўсход, пакідаючы сваё насельніцтва акупантам; і немагчымасць для 16-17-цігадовых хлопцаў-дапрызыўнікоў уцячы з-пад акупацыі, з-за чаго амаль усё астатняе жыццё яны мусілі афіцыйна пацвярджаць свой удзел у падполлі (статус падпольшчыка “апраўдваў” цывільнае жыццё і працу пад немцамі); і расчаравальны для юнака-ідэаліста ўдзел у “рэйдзе” знішчальнага батальёна з бутафорскай вінтоўкай замест сапраўднай зброі; і з цяжкасцю здабытая магчымасць, пакінуўшы сям’ю ва ўладзе фашыстаў, апынуцца ў партызанскім лесе, начаваць проста на зямлі ў нязменнай даваеннай вопратцы; тут і незабыўны голад навабранцаў запаснога вайсковага палка ўзору 1943 года – падлеткаў, якіх на чыгуначнай станцыі ў тым 43-м страшна клялі жанчыны, чые мужы ваявалі ўжо з 1941-га…

У прозе І.Навуменкі максімальным чынам прозе “страчанага пакалення” адпавядае менавіта раман “Смутак белых начэй”. Тут найвыразна (для аўтабіяграфічнага, лірыка-псіхалагічнага пісьма) выяўлены ланцуг цяжкіх, усё цяжэйшых эпізодаў, якія выпрабоўваюць і цела, і найперш душу летуценнага юнака; напрыклад, тады, калі ён бачыць разбіты чэрап сябра, фіксуе дэталі пагібелі сваіх таварышаў, згадвае вядомыя да драбнюткіх дробязей іх біяграфіі – з разуменнем таго, што іх маці дзесьці там, на радзіме, застанецца без сыноў, якіх гэтак цяжка расціла (І.Навуменка піша – “падымала”) адна, без бацькі… Спошлена і каханне, гэтак важнае раней для героя, і калі ён, кантужаны, трапляе ў шпіталь, то чытач ужо падрыхтаваны пакінуць яго там у стане дэпрэсіі. Аднак у апошнім абзацы пісьменнік (у адрозненне, як мы памятаем, ад Рэмарка) усё ж вяртае герою, Сяргею Каліноўскаму, энергію жыць і змагацца далей. “Ланцугі халоднай абыякавасці да жыцця, якія трымалі ў сваёй абладзе Сяргееву душу, нарэшце спалі. Сяргей піша ліст за лістом знаёмым дзяўчатам, хоча дазнацца пра лёс астатніх хлопцаў, з якімі разам паехаў на фронт <…> Праз тыдзень ці нават хутчэй Сяргея выпішуць. Вайна ў шэрагу мясцін пераскочыла рубяжы роднай зямлі, але яшчэ не скончылася. На які фронт ён трапіць?..” [ 5, с. 204] Такая заключная фраза рамана.

Вядома ж, мы зусім не маем намеру прыбраць або дэвальваваць тое карэннае ідэалагічнае адрозненне, якое размяжоўвае савецкую прозу з заходняй, як было прынята падкрэсліваць у свой час у савецкім літаратуразнаўстве. Тое літаратуразнаўства мела рацыю, і светаадчуванне савецкага і заходняга салдата сапраўды адрознівалася дужа істотна. Але і агульначалавечую еднасць, і ўзаемапрыцягненне эмацыянальнае і інтэлектуальнае паміж тымі, хто ў юначым узросце ваяваў, усё ж варта падкрэсліць больш выразна, чым гэта рабілася ў стагоддзі ХХ-м.

Імёны Хемінгуэя, а найчасцей Рэмарка нярэдка ўзнікаюць у гаворках навуменкаўскіх герояў між імёнамі Гамсуна, Ніцшэ, Канта, іншых славутасцяў. Напрыклад, лейтэнант-масквіч Мілаванаў (у аповесці “Юнацтва”) на фронце чытае Канта, Гегеля па-нямецку, і аўтабіяграфічны герой, беларус Васіль (з той жа аповесці) чытае “Вікторыю” Гамсуна, таксама ж і трафейную польскамоўную кнігу Рэмарка. Іван Навуменка, як вядома, даволі добра ведаў нямецкую мову – ён служыў, пасля падполля і партызанства, у франтавой разведцы, праслухоўваў нямецкія сувязныя кабелі, перамовы нямецкіх штабоў, і як разведчык меў баявыя ўзнагароды. Паўтаруся – імя Рэмарка Навуменка згадваў неаднойчы і з павагай. Надзвычай выразна падтэкставае сумоўе з Рэмаркам выявілася таксама ў аповесці І.Навуменкі “Асеннія мелодыі” (1987). Калі герояў Рэмарка пасля вайны звязвала франтавое брацтва, можа і крыху ідэалізаванае аўтарам, то на Беларусі – і гэта добра вядома, і пра гэта піша І.Навуменка – былыя знаёмцы пасля вайны часта супернічалі, дзелячы ваенныя заслугі ды славу разам з дабрабытам, чынамі, службовым становішчам, якое ў савецкай сістэме наўпрост звязвалася з біяграфічнымі пазнакамі кшталту: чым займаўся на акупіраванай тэрыторыі? у падполлі? у партызанах? (У ваенныя вучылішчы, напрыклад, згадвае І.Навуменка ў аповесці “Юнацтва”, не бралі і самых здольных хлопцаў з-пад акупацыі – нават калі яны былі партызанамі, падпольшчыкамі). Разам са сваім героем Андрушкевічам пісьменнік ізноў балюча перажывае за тое, як цяжка ішло грамадскае прызнанне беларускіх падпольшчыкаў. І.Навуменка расказвае пра Андрушкевічаву кніжачку-брашурку “Клінскія маладагвардзейцы” (насамрэч, гаворка ішла пра падзеі ў Жодзіна, удакладняў у прыватнай гаворцы Іван Якаўлевіч), зачытаную і неўпрыкмет забраную з бібліятэк. “Шукаюць ворагаў” сярод падпольшчыкаў, змушаюць “ненадзейных” прайсці праз шахты Данбаса і ў аповесцях “Інтэрнат на Нямізе” (1978), “Гасцініца над Прыпяццю (1994), “Юнацтва” (1997). Варта, аднак, падкрэсліць, што І.Я.Навуменка з адмысловым стаіцызмам перажываў мінулае, цалкам прымаючы гісторыю такой, якою яна ўрэшце склалася – і той факт, што беларускае падполле было прызнана далёка не адразу. “Падпольшчыкаў, – гаварыў Іван Якаўлевіч, – у нас было многа: у Мінску іх было, напэўна, больш ста груп”. Але хто тады дужа думаў пра дакументальнае пацверджанне свайго падпольшчыцкага статусу, ды і каму было тыя “савецкія даведкі” выдаваць? Сёння добра вядомая трагедыя мінскага падполля, якое прайшло і праз гітлераўскія катавальні, і праз ГУЛАГ, і праз рэабілітацыю… “Потым прызналі ўсе гэтыя падпольныя групы. Нідзе не дзеліся. Але на першым часе – толькі вось “Маладую гвардыю”, пра якую Фадзееў пісаў. Маўляў, на ўсю краіну адна…” [4, с. 79 -80; 6, с. 118].

Яшчэ адна тэма, якая паўтараецца ў творах І.Навуменкі – гэта тэма страчанага маладога кахання, страчанага часу для прагнай вучобы, для таго светлага ў жыцці, што давялося прызнаць незваротна адабраным вайной. Псіхалагічна глыбока, тонка сказаў пра гэта менавіта І.Навуменка – у адрозненне ад тых беларускіх аўтараў, якія пісалі пра “страчанае пакаленне” найперш як пра забітае, замучанае, духоўна скалечанае. Мы можам толькі здагадвацца, колькі “страчаных ілюзій” хавае фраза шматвопытнага баявога разведчыка Івана Навуменкі: “Увогуле, я Вам скажу, беларускім хлопцам, яшчэ ў значнай меры ўкраінскім, вайну прыйшлося спазнаць адразу. Мы ж прыгранічныя… Нашы краіны смак вайны адчулі раней…” [4, с.79].


Літаратура

  1. Топер П. Ради жизни на земле. Литература и война: Традиции. Решения. Герои. – Изд. 2-е, доп.и переработ.. – М.: Советский писатель, 1975. – 568 с.
  2. Белы дом над морам, жанчыны, спірт – відаць, з-за іх П.В. Васючэнка назваў “рэмаркісцкім” апавяданне І.Навуменкі “Дом над морам” (1959). Гл.:Іван Навуменка // Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя: У 4 т. Т. 3 / Нац. акад. навук Беларусі. Ін-т літ. імя Я.Купалы. – Мінск, “Беларуская навука”, 2001. – С. 689-713.

У “Доме над морам”, сапраўды, прыгожа-сюжэтна, пяцёра байцоў пры свечках, пад гукі піяніна п’юць спірт, спяваюць і плачуць – 20-22-хгадовыя, з іх трое кавалераў ордэнаў “Славы”, якія яшчэ ні разу не цалавалі дзяўчат, і “гэта было падобна на казку”, але раніцай адзін з іх, Булавенка, выпадкова гіне, а хлопцы замест неадпраўленых ім “трохкутнічкаў” да дзвюх дзяўчат адпісваюць кожнай, што Булавенка абедзвюх кахаў.[7] П.І.Васючэнка называе “Дом над морам” адным з лепшых апавяданняў І.Навуменкі, але думаецца, не ўсе з гэтым могуць пагадзіцца.

  1. Быкаў Васіль. Доўгая дарога дадому. Кніга ўспамінаў. – Прадмова аўтара; Мастак А.Бохан. – Мн.: ГА БТ “Кніга”, 2002. – 544 с.
  2. Сінькова Л.Д. Размаўляючы з Іванам Навуменкам // Творчая асоба І.Навуменкі і праблемы беларускай філалогіі і адукацыі: зб.навук.арт. / Рэдкал.: Т.І.Шамякіна (гал.рэд) . і інш. – Мінск: РІВШ, 2006. – С.75 – 85.
  3. Навуменка І. Смутак белых начэй // Навуменка І. Смутак белых начэй: Раман, аповесць, апавяданні. – Мн.: Маст.літ., 1980. – С.3 – 204.
  4. Беларускае літаратуразнаўства: навукова-метадычны зборнік / гал. рэд. Л.Д.Сінькова. – Вып.6. – Мінск: БДУ; Паркус плюс, 2008. – 160с.
  5. Навуменка І.Дом над морам // Навуменка І. Верасы на выжарынах: Апавяданні. Мінск: Дзяржвыд БССР, 1960. – С.202-208.

Друкавалася [у]: Сінькова Л. Творчасць Івана Навуменкі ў люстэрку ідэй “страчанага пакалення” // Рэгіянальнае, нацыянальнае і агульначалавечае ў літаратуры, Гомель, 2009; Сінькова Л. Беларуская проза ў люстэрку ідэй страчанага пакалення, рэмаркізму // Слова ў кантэксце часу, Мінск, 2009.

Сінькова Л.Д. Паміж тэкстам і дыскурсам: Беларуская літаратура ХХ – ХХІ стст. : гісторыя, кампаратывістыка і крытыка (літаратурная крытыка, артыкулы, гутаркі) / Людміла Сінькова. – Мінск : Паркус плюс, 2013. – С. 56 – 60. (296 с.)