Паняцце інтэртэкстуальнасці можа быць зразумета дастаткова шырока: як арганічная здольнасць «тэксту ўключаць у сябе іншыя тэксты» [1, с. 116]. Больш вузкае, тэрміналагічнае значэнне мае гэтае паняцце ў постмадэрнісцкай парадыгме (тэрмін уведзены ва ўжытак Ю.Крысцевай у 1967 г. у значэнні ўзаемадзеяння тэксту з семіятычным культурным асяроддзем, з інтэнцыяй прыўлашчвання апошняга – вядома, з дапамогай самых розных вербальных вышукаў) [Гл.: 2,с. 333, 387, інш.]. Менавіта гэтае, больш вузкае значэнне мы і актуалізуем.

Постмадэрнізм ігнаруе аксіялогію, затое пастулюе гульню, іронію, кантамінацыі рознаўзроўневых цытат. Пастулаты постмадэрнізму відавочна спрыяюць масавай (шырокай) камунікацыі: новая інфармацыя ў спалучэнні з агульнавядомым, банальным, слэнгавым, клішыраваным хутчэй і лягчэй знаходзіць рэцыпіента (спажыўца), пашырае кола зацікаўленых у новай інфармацыі. Гэта бясспрэчна.

Бясспрэчна, аднак, і тое, што інерцыя лёгкага, стылёва-заваблівага выказваня часта вядзе да балансавання на мяжы маральнага / амаральнага, этычнага / па-за этычнага (што, уласна, і мае на ўвазе постмадэрнізм). У беларускім культурным кантэксце гэтая спецыфіка постмадэрнісцкай парадыгмы праяўляецца хутчэй, чым, напрыклад, у ментальным полі рускім, у любым іншым метрапольна-іншанацыянальным кантэксце. Усё ж беларускую культуру апошніх стагоддзяў не аднясеш да стабільных. Таму абсягі нацыянальна-сакральнага, рамантычна-сакральнага – непадлеглага лёгкаважкаму гумару альбо бяздумнай іроніі – і ў беларускай мастацкай літаратуры, і ў любой іншай нашай слоўнай дзейнасці – намнога большыя, больш адчувальныя для адукаванага чалавека, чым для інтэлектуала “старога свету”.

Ва ўласна журналісцкім тэксце гульня з таннымі клішэ здаецца безумоўна апраўданай камунікатыўнымі (рэкламнымі, інфармацыйна-сенсацыйнымі) мэтамі. Дасціпны трэш тут запатрабаваны, і пераканаўчыя прыклады такога дыскурсу ў беларускай інфармацыйнай прасторы шматлікія, зарэгістраваныя і прафесійна апісаныя (напрыклад, па матэрыялах выданняў «Звязда», «Чырвоная змена», «Советская Белоруссия», «Известия») [1, с. 119 -124]. Калі ж мы звернемся да тэкстаў менш прагматычных – уласна-мастацкіх, з прэтэнзіяй на “вечныя”, а не “бягучыя”, кан’юнктурныя ісціны, то некамплементарнасць постмадэрнізму для беларускай культурнай прасторы выявіцца напоўніцу.

Каб упэўніццца ў гэтым, звернемся да творчасці аднаго з дастаткова вядомых беларускіх творцаў – Сяргея Балахонава.

У сучасным літаратурным працэсе ў Сяргея Балахонава ўжо склалася рэпутацыя пісьменніка-постмадэрніста, для якога вельмі важная паэтыка гульні, іроніі, апеляцыі да масавай культуры і яе стэрэатыпаў, а таксама імкненне не абцяжарваць чытача асаблівымі інтэлектуальнымі высілкамі або псіхалагічнай агрэсіяй праз свае тэксты. Ёсць спакуса назваць Балахонава менавіта чалавекам гуляючым – «homo ludens» (скарыстаўшы выраз Ёхана Хёйзінгі), а балахонаўскі стыль кваліфікаваць як дасціпны «капуснік», моладзевы жарт недзе наўзбоч самавітай літаратуры. Калі б гаворка ішла пра «Зямлю пад крыламі Фэнікса» [3], чыя назва відавочна апелюе да «Зямлі пад белымі крыламі» Уладзіміра Караткевіча [4], то папярэдняй характарыстыкай Балахонава-пісьменніка можна было б і абмежавацца. Балахонаўскі тэкст чытаецца як тэст на вылучэнне фармальных прыкмет постмадэрнізму, прычым лёгка вызначаецца і мастацкая адметнасць у гэтым «тэсце»: «Зямля пад крыламі Фэнікса» – пародыя на дылетанцкія, псеўданавуковыя працы па беларускай гісторыі і культуры.

З’явілася, аднак, у С.Балахонава і больш змястоўная (і адпаведна больш складаная для адэкватнага разумення) проза; напрыклад, «Імя грушы» з аўтарскай жанравай маркіроўкай «раман у трох мэмуарах» [5, с. 3]. Менавіта гэты твор прымушае згадаць выбітныя «Імя ружы» (1967) Умберта Эка і «Лабірынты» (1923) Вацлава Ластоўскага.

Сюжэт «Лабірынтаў» В. Ластоўскага [6] з постмадэрнісцкай парадыгмай звязваецца найперш праз асобныя матывы, бо агульны пафас і стылёвая даміната аповесці Власта пазначаны вядомым спецыфічным мастацкім сінтэзам – тым, што вызначае абсалютную большасць класічных твораў славянскага Адраджэння на пераходзе з ХІХ у ХХ стагоддзе. Вацлаў Ластоўскі быў не толькі пасіянарыем-адраджэнцам, дойлідам Беларусі-Крывіі, для якой аўтэнтычныя паганскія вераваніі, уласную міфалогію лічыў важнейшым духоўным падмуркам – «у піку» хрысціянству (бо яно тады не столькі аб’ядноўвала паняволеную нацыю, колькі падзяляла яе канфесійна). Важны яшчэ той факт, што Ластоўскі – з 1919 па 1923 г.г. прэм’ер-міністр БНР, пазней акадэмік Інбелкульта і АН Беларусі, пад час масавых рэпрэсій у СССР, у 1938 г., закатаваны і расстраляны як агент польскай разведкі – быў масонам. У 1912 г. ён быў прыняты ў віленскую масонскую ложу пад назвай «Літва» (другую па ліку ў Вільні, як піша В.Барысенка са спрасылкай на А.Смалянчука) [7, с. 5; 8, с. 50-58]. Ідэі масонства, народжаныя ў сярэднявеччы, у шэрагу выпадкаў лучаць Ластоўскага, апантанага гісторыка і культуразнаўцу Беларусі, з медыявістам Эка (ён, дарэчы, таксама не ідэалізуе сваіх веруючых персанажаў і гісторыю хрысціянства ўвогуле).

Дэтэктыўную лінію ў «Лабірынтах» Ластоўскага вядуць палачане часоў згасання Расійскай імперыі (канца ХІХ ст.). Герой-апавядальнік, якога цікавіць беларуская даўніна, расказвае пра сваю паездку ў «сівагорбы Полацк» з ягонымі таямнічымі падзямеллямі-лабірынтамі [6, с. 47]. Ён запрошаны загадкавым Іванам Іванавічам, кіраўніком гуртка пад красамоўнай назваю «Археалагічная вольная контэрфратэрнія». Трапляючы на сустрэчу гурткоўцаў – «любіцеляў старасвеччыны» [6, с. 48], герой-апавядальнік чуе незвычайныя пацверджанні старажытнасці і багацця беларускай культуры. Тут і вераванні, і пісьмо, і мастацтва, і сам радавод нашых продкаў. Беларушчына сваёй адметнасцю суадносіцца з культурай Індыі, Грэцыі, Рыма; згадваюцца гіпербарэйцы, скіфы, яцвягі, астралогія (астраномія) і рэлігія (міфалогія)..; асабліва ж – поўная сапраўдных скарбаў полацкая бібліятэка, якую нібыта «даручаў папа Грыгор ХІІ Пасевіну знайсці і пераслаць у Рым» [6, с. 52] і якую шукаў і не знайшоў у 1572 г. Іван Грозны, які, зваёўваючы, спаліў тагачасны Полацк.

Сярод ночы дэтэктыўная інтрыга прыводзіць героя ў лабірынт-біліятэку (з мітстыфікаванымі Ластоўскім скарбамі). Там апавядальнік на ўласныя вочы бачыць, напрыклад, рукапісы глаголіцай, «фаліянт Полацкай летапісі, пісанай рукой княжны Еўфрасінні», аўтографы «першых хрысціянскіх апосталаў Кірылы і Мяфодзія» [6, с. 71]…) Пры гэтым Ластоўскі апісвае далучэнне да гнастычных тамніц як своеасаблівую ініцыяцыю героя. Яна, як заўважыла В.Барысенка, адпавядае абраду масонскага пасвячэння: герой-неафіт робіцца сведкам містычнай смерці і, можна сказаць, сам перажывае яе (з пахаваннем у «корсце» – у адмысловай труне з драўлянага камля; пазней неафіт нібы ўваскрасае для новага жыцця). У фінале герой прачынаецца ў сваім гатэлі, няпэўны, ці не прымроілася яму перажытае ўночы.

Вяртаючыся да рамана Умберта Эка, адзначым, што калі б не рыфма «ружы» – «грушы», то, магчыма, чытач і не згадаў бы ў сувязі з творам С.Балахонава, гісторыка ХІХ ст., славуты ўзор медыявіста Эка: сюжэт з часоў сярэднявечча, дзе дэтэктыўная інтрыга звязвае шэраг смерцяў у манастыры, насельнікі якога патаемна чытаюць «грахоўную» кнігу, «Камедыю» Арыстоцеля, з літаральна атручанымі старонкамі, бо гэтак злачынца забівае тых, каму ўдаецца прыўлашчыць забароненыя веды. Урэшце ўся бібліятэка гіне ў агні, а сюжэтны «лабірынт», ускладнены эзатэрычнымі ды эратычнымі матывамі, так і не раскрывае ўсіх сваіх загадак (сярод якіх і шматсэнсоўнае, асабліва з часоў вайны англійскіх Плантагенетаў, імя ружы). Падкрэслім яшчэ ў рамане Умберта Эка панадныя алюзіі-намёкі: такія героі Эка, як Хорхе, Вільгельм Баскервільскі ды поруч з ім Адсан (амаль Ватсан) не могуць не нагадаць шырокавядомыя імёны Борхеса і Дойля…

С.Балахонаў, аднак, у немалой ступені зацікаўлены ў тым, каб чытач суаднёс «Імя грушы» з творам Эка не толькі паводле назвы. Так, напрыклад, на с. 79 ён піша (ад імя «спадара Ляхоўскага»): «У адным эўрапейскім сярэднявечным рамане я сутыкнуўся з гісторыяй чаргаваных забойстваў. І там яны ўсе сымбалізавалі пэўны знак з Узьяўлення Яна Багаслова». А далей – пра ўласную дэтэктыўную лінію ў сюжэце: «…менскі забойца дзейнічае, імітуючы сымболіку дзесяцёх каранняў эгіпецкіх» [5, с. 80]. Аднак урэшце аказваецца, што балахонаўскі забойца (Павел/Ксенафонт Аляксандраў/Александровіч) імітуе сімволіку з выдуманай кнігі «Мэнкі джаханнам» (няцяжка здагадацца – «Мучэнні жанчын») [5, с. 88], якая тут жа называецца «Манку з жахам ням» [5, с. 90], але не перастае фігураваць у Балахонава як кітаб (адна з кніг, якія сапраўды пісаліся па-беларуску ў арабскай транскрыпцыі, былі вядомыя з ХVІ ст. і ўтрымлівалі, між іншым, апісанні мусульманскіх рытуалаў; як піша Балахонаў, «магамэтане [татары. – Л.С.] Беларусі <…> скрозь па-крывіцку пісалі, але арабскімі пісьмёнамі») [5, с. 88].

Увогуле містыфікацыя ў псеўдакультурным аповедзе Балахонава адыгрывае надзвычай вялікую ролю – амаль такую ж вялікую, як сляды старанных штудый постмадэнісцкай тэорыі. Аўтар гэтага не хавае. Бадай што напачатку свайго рамана пісьменнік намінуе ўласны стыль, згадваючы «шкуцянку»: «Ведаеце, як сяляне называюць шматковую цібо лапіковую коўдру? – Здаецца, шкуцянка [5, с. 19; тут і ніжэй вылучэнні курсівам С.Балахонава. – Л.С.]. Маецца на ўвазе patchwork, што па-англійску азначае не толькі пашытую з розных кавалкаў коўдру, але і сталы постмадэрнісцкі тэрмін, які маркіруе адзін з відаў запазычання з чужых тэкстаў [2, с. 9], роўна як і пастыш [фр. рastiche: ад італ. pasticcio] – паняцце больш агульнае: «метад арганізацыі тэкста як праграмна эклектычнай канструкцыі семантычна, жанрава-стылёва ды аксіялагічна размаітых фрагментаў, адносіны між якімі (з-за адсутнасці ацэначных арыенціраў) не могуць быць зададзены як пэўныя» [9, с. 558]. Відавочная таксама тая метадалагічныя вага, якую маюць для С.Балахонава-празаіка іншыя «азы» постмадэрнісцкага пісьма (інтэртэкстуальнасць з яе «цытатным мысленнем» і «цытатнай літаратурай» і г.д., у згодзе з выданнямі кшталту энцыклапедычнага тома «Постмадэрнізм») [2, с. 333].

Да свайго рамана С.Балахонаў дасылае тры эпіграфы, у кожным «глыбакадумна» згаданая груша. Яны гучаць зухавата-парадыйныя, хоць і ўзятыя з тэкстаў Скарыны, Адама Міцкевіча і з фальклору. Балахонаў нібы падкрэслівае сумесь мяшчанскай пыхлівасці ды прастадушнасці апавядальніка (дакладней – будучых апавядальніц, якіх таксама будзе тры). Нам бы прадэманстравана своеасаблівая «візітоўка» Балахонава, стылёвая рэмінісцэнцыя з «Зямлі пад крыламі Фэнікса».

Сюжэт «Імя грушы» арганізуецца перазовамі трох частак: адны і тыя ж падзеі ўбачаны вачыма Наталлі Клыкоўскай (яе «мэмуары» абвешчаны перакладам «з расейскае»), Камілы Свентажэцкай (яе «ліст да Аляксандра Ельскага» стылізаваны як пераклад «з польскае»), і ўрэшце – Ірэны Галавацкай, чые «ўрыўкі з дзённіка» напісаныя знарочыста неўнармаванай і архаізаванай мовай нашаніўскіх часоў, ды яшчэ з яўным намёкам на моўныя вольнасці В.Ластоўскага, на яго знакаміты «Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік» 1924 г. [10]. Натуральна, герой рамана мае тры варыянты імя: Вайніслаў Боўт (нібы пераклад з рускай), Веслаў Войт (паланізаванае), Ваяслаў Боўт (у вымаўленні агрэсіўнай прыхільніцы беларускага язычніцтва).

Падзеі адбываюцца ў губернскім горадзе Менску [5, с. 12]. Тут Павал Аляксандраў, малады сужэнец Наталлі Клыкоўскай (родам «з заштатнага гарадочку», а неўзабаве «павятовага цэнтру» Гомеля [5, с. 11], ладзіць суполку пад назваю «Дасканалы крывіч». Маладыя людзі цікавяцца беларушчынай (адпаведна зніжанай Балахонавым праз кругагляд апавядальніц), збіраюцца дзеля парадыйна-псеўдаінтэлектуальных спрэчак, залётаў ды імітацыі старых абрадаў, сярод якіх кульмінацыяй робіцца «Жаніцьба Цярэшкі». Пад час гэтага абраду Боўт таямніча знікае. Тры закаханыя ў яго гераіні якраз і выкладаюць у сваіх нататках версіі падзей, што скончыліся знікненнем Баўта. (Урэшце яго нежывое цела знойдуць схаваным у камлі дрэва – старой грушы, якая зрабілася «корстам»-труной для героя).

С.Балахонаў для свайго рамана абраў прыкладна той жа час дзеяння, што і В.Ластоўскі ў аповесці «Лабірынты», але хранатоп пабудаваў як цалкам постмадэрнісцкі. Згадваючы рэальных пісьменнікаў, фалькларыстаў, кампазітараў ХІХ ст., такіх, як В.Дунін-Марцінкевіч, А.Вярыга-Дарэўскі, А.Кіркор, У.Сыракомля, П.Шпілеўскі, М.К.Агінскі, Ф.Булгарын, У.Крастоўскі, – С.Балахонаў падае і цэлы шэраг выдуманых персанажаў з, так сказаць, рэмінісцэнтнымі ў адносінах да Ластоўскага прозвішчамі: гэта Чэслаў Драбышэўскі (які нібыта піша кнігу «Крывічанскае зьвяздарства» [5, с. 51], Людвік Ляхоўскі, аматар гісторыі «грэка-рымскай ды нават эгіпецкай у зьвязку з гісторыяй беларускай” [5, с. 55], Мікалай Караткевіч, які нібыта «займаўся росшукамі даўняіндыйскіх каранёў у народных крывіцкіх песьнях» [5, с. 71]… Відавочна, травестуецца гісторыя беларускай літаратуры і культуры, у якой сапраўды былі містыфікацыі (напрыклад, замаскаванае аўтарства В. Ластоўскага пад час славутай «нашаніўскай» дыскусіі 1913 г.; або меркаванні пра асобу паэта Паўлюка Багрыма як пра літаратурную містыфікацыю). Дарэчы, Багрыма С.Балахонаў і запісвае ў адзін шэраг з выдуманымі Двубусловічам, Смурым [5, с. 104], etc.

Балахонаўскія алюзіі на сучаснасць усюдыісныя: гэта гульнёва перайначаныя хрэстаматыйныя цытаты без спасылак, кшталту: «Я тут сама сабе матухна, зязюлюхна, спадарыня» [5, с. 123] – паводле Баркулабаўскага летапісу; «Кідайце паліць, каб ня ўмёрлі!» [5, с. 135] – паводле Ф.Багушэвіча; «чуткі аб выдатнай старажытнарускай паэме, што апявае саюз непарушны народаў славянскіх» [5, с. 20] – паводле «Слова пра паход Ігаравы …» і гімну СССР); гэта згадкі агульнавядомых падзей, іранічныя перыфразы ды каламбуры («праз 143 гады які-небудзь Курск патоне ў ледзяной вадзе» [5, с. 27]; «Якая мэта гуляць у шарады, цвердзіць НЕМИГА = ENIGMA <…> ?» [5, с. 127]; «чы праз 86 лет родны ягоны Прапойск будуць Ваяслаўгарадам называць <…>?» [5, с. 127]; «У яго канечне ёсць plan» [5, с. 125]) і спрэс да таго падобнае.

Такім чынам, перазовы з Умберта Эка ў рамане «Імя грушы» параўнальна нешматлікія ды неагрэсіўныя. А вось Вацлаву Ластоўскаму ад С.Балахонава «дастаецца». Цэтлікі «дзеяпісец», «мазгар» [5, с. 70], і памянёнае вышэй «зьвяздарства» з псеўдаэтымалагічнымі росшукамі старажытных каранёў у крывіччыне (беларушчыне) – гэта ўсё алюзійныя закіды ў бок Ластоўскага …

Аднак у беларускім культурным кантэксце просталінейнае, выразна тэндэнцыйнае зніжэнне канцэптаў, якія замацаваныя ў сакральным дыскурсе, разбурае пэўнасць постмадэрнісцкага пісьма: аўтарскі стыль успрымаецца як агрэсіўна-ёрніцкі, дзе аксіялогія супраць волі аўтара і постмадэрнісцкіх «правілаў гульні» не толькі не элімінуецца, а, наадварот, выходзіць на першы план. Гэта правакуе чытача ўвесь час трымаць у полі зроку апазіцыю «Ластоўскі – Балахонаў» з паслядоўнай дыскрэдытацыяй якраз сучаснага, а не класічнага, прэцэдэнтнага тэксту.

Літаратура

  1. Іўчанкаў, В.І. Медыярыторыка: рытарычныя асновы журналістыкі, лінгвістыка публіцыстычнага тэксту, дыскурсны аналіз сродкаў масавай інфармацыі: курс лекцый./ В.І.Іўчанкаў. – Мінск: Адукацыя і выхаванне, 2009. – 280 с.
  2. Постмодернизм. Энциклопедия. – Минск: Интерпрессервис; Книжный Дом, 2001. – 1040 с.
  3. Балахонаў, С. Зямля пад крыламі Фэнікса / С.Балахонаў // ARCHE. – 2004. – № 5. – С. 187 – 199.
  4. Караткевіч, Ул. Зямля пад белымі крыламі. Нарыс / Ул. Караткевіч. – Мінск: “Мастацкая літаратура”, 1977. –   176 с.
  5. Балахонаў, С.А. Імя грушы: раман, апавяданні / Сяргей Балахонаў. – Мінск: Логвінаў, 2005. – С. 10 – 136 (226 с.).
  6. Ластоўскі, В. Лабірынты / В.Ластоўскі. Выбраныя творы: / Уклад., прадмова і каментарыі Я.Янушкевіча. – Мінск: “Беларускі кнігазбор”, 1997. – С.47 – 74 (512 с.).
  7. Барысенка, В.У. Творчасць В.Ластоўскага ў ідэйна-мастацкім кантэксце беларускай літаратуры пачатку ХХ ст. / В.У.Барысенка. – Аўтарэф. дыс. … канд. філал. навук: 10.01.01 / БДУ. – Мінск: 2000. – 22 с.
  8. Смалянчук, А. З гісторыі віленскага масонства ХХ ст. / А.Смалянчук // Спадчына. – № 5. – 1998. – С. 50 – 58.
  9. Циглер, Е.М. Литературные заимствования в постмодернистской прозе Великобритании (Дж.Фаулз, Э Берджесс, А.Картер, А.С.Байатт) / Е.М. Циглер. – Автореф. дис. … канд. филол. наук: 10.01.05 / БГУ. – Минск: 1999. – 21 с
  10. Ластоўскі, Вацлаў. Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік / Вацлаў Ластоўскі. – Коўна: Друкарня А.Бака, 1924. – 834 с. (Выданне факсімільнага тыпу; Мінск: «Навука і тэхніка», 1991.)

Друкавалася [у]: Сінькова Л. Д. Постмадэрнісцкая інтэртэкстуальнасць і яе роля ў сучаснай міжкультурнай камунікацыі // Время. Искусство. Критика: сб. науч.тр. / под ред. Л.П.Саенковой. – Вып. 2. – Минск, БГУ, 2010. – С. 153 – 15; Сінькова Л.Д. Паэтыка рамана С.Балахонава “Імя грушы” (2005): Актуалізацыя ідэй У.Эка і В.Ластоўскага // Русская и белорусская литературы на рубеже ХХ – ХХI веков. К 70-летию кафедры русской литературы: сб. науч. ст. В 2 ч. Ч. I / под ред. проф. С.Я.Гончаровой-Грабовской. – Минск: РИВШ, 2010. – С.224 – 229. (292 с.).