Першая сусветная вайна ў 1914 годзе выселіла бацькоў і трох малодшых братоў Уладзіміра Жылкі (27.05.1900 – 01.03.1933) з Нясвіжчыны (в. Макашы), са Случчыны (в. Клецішча) у Мінск. Чатырнаццацігадовага Ўладзіка ў гэты час выправілі вучыцца, з парады шваграў, у Багародзіцкае агранамічнае вучылішча ажно ў Тульскую губерню, дзе падлетак захапіўся народніцтвам, рускай літаратурай і ўмацаваўся ў адданасці Радзіме-Беларусі. Вярнуўся ў Мінск Жылка восенню 1917 г. – у кватэру, што месцілася ў сутарэннях старога будынка духоўнай семінарыі ў цэнтры Мінска. Жылка апынуўся сапраўды ў самым цэнтры надзвычай драматычных, эпахальных падзей станаўлення беларускай дзяржаўнасці. Ён быў на знакамітым Усебеларускім кангрэсе 1917 года; у 1918-м ён, па поглядах эсэр-народнік, працаваў па сваёй спецыяльнасці, аграномам, разам з Міхасём Чаротам, апалагетам “босых на вогнішчы”, у нацыяналізаваным маёнтку Весялоўка пад Мінскам; у 1919-м у Беларускай хатцы, дзе часта бываў (як, дарэчы, і ў Беларускім доме) і ўсіх тамтэйшых завадатараў, інтэлігентаў, беларускіх лідэраў ведаў, асабіста пазнаёміўся з Янкам Купалам. Уладзімір Жылка быў сведкам нямецкай, польскай акупацыі Беларусі і паплечнікам тых беларусаў, хто гэтым акупацыям супрацьстаяў. У 1920-м ён пачаў друкаваць свае вершы, такія як Беларусь, Покліч. У гэты час ужо хворага юнака, які не раз мусіў з’язджаць з Мінска на вёску, да радні, сухоты апанавалі “амаль зусім безнадзейна”. Як згадваў брат Уладзіміра – Барыс, з лютага 1920 года паэт злёг і цяжка хварэў тры месяцы; “у маі ён вучыўся хадзіць” [1, с. 40].

Беларуская мастацкая літаратура ХХ стагоддзя не дужа шмат магчымасцяў мела асэнсоўваць той 1920 год ва ўсёй яго гістарычнай канкрэтыцы і значнасці, але такія спробы зроблены ў апавяданнях У 1920 годзе Максіма Гарэцкага, На чорных лядах Васіля Быкава, у аповесці Нічые Андрэя Федарэнкі, у рамане-дакуменце Пляц Волі Алеся Пашкевіча. Гэта творы аб часе аныпольскага і антыбальшавіцкага падполля, Слуцкага збройнага чыну, часе драматычных стасункаў паміж беларускімі асяродкамі Луцкевіча ў Варшаве, Ластоўскага ў Коўне, Кнорына і Чарвякова ў Мінску, Балаховіча ў Мазыры, Жэлігоўскага з Пілсудскім у Вільні (“Нічые”). Жыццё і творчасць Уладзіміра Жылкі складаныя для прачытання даследчыкамі якраз з-за таго, што паэт быў непасрэдным, актыўным, выбітным удзельнікам гэтых падзей, якія – як гістарычныя – зусім па-рознаму ацэньваліся на працягу многіх гадоў аўтарамі з метраполіі і дыяспары. У савецкім літаратуразнаўстве Уладзімір Жылка быў трывала “прапісаны” як заходнебеларускі паэт рэвалюцыйна-рамантычнага кірунку. Гэта было зроблена найперш у працах вядомага рупліўца нашай навукі, прафесара Уладзіміра Калесніка. Дзякуючы гэтым выдатным працам [2], імя і творчасць Жылкі не зніклі з даследчыцкага поля, а некаторыя зразумелыя канцэптуальныя абмежаванні (падкрэсліванне савецкасці рэпрэсіраванага паэта або, напрыклад, затуманьванне сувязяў Жылкавай эстэтыкі з мадэрнізмам) з 1990-х гадоў паслядоўна ўдакладняюцца (паспеў зрабіць некаторыя “праўкі” і сам У. Калеснік (напрыклад, гл.: [3, с. 11, 14-15], – услед за Т. Грыбам У. Калеснік аргументавана вызначыў У. Жылку “неарамантыкам”, інш.). Аўтарам з замежжа, якія называлі Жылку чыннікам кіраўніцтва БНР і ўдзельнікам Слуцкага паўстання [4, с. 287], савецкае літаратуразнаўства не магло не пярэчыць: яно сцвярджала Жылку толькі рамантычным летуценнікам, які не зусім удала выкарыстоўваў “незалежніцкую” палітычную сімволіку, а яго кантакты з эсэрамі, лічылася, “насілі характар эмацыянальных сімпатый да левых, патрыятычна настроеных груповак і выражаліся ў маральнай падтрымцы ідэі народнага паўстання супраць белапалякаў” [1, с. 39-40].

Асвятленне Жылкавай змагарнай і творчай дзейнасці заняло значнае месца ў рамане Пляц Волі (2001) А. Пашкевіча. Гэты аўтар услед за Ант. Адамовічам і В. Жук-Грышкевічам, спасылаючыся на дакументы, пералік якіх даецца ў спецыяльным раздзеле рамана Прыпісы [5, с. 412-414], малюе Жылку ваяром за незалежную Беларусь, удзельнікам падпольнай арганізацыі “Папараць-кветка” на Случчыне. Праўда, вядомы даследчык беларускай паэзіі 1920-х гг. В.Жыбуль дае больш стрыманую ацэнку палітычнай чыннасці самой арганізацыі “Папараць-кветка”, называючы яе “культурна-асветніцкім таварыствам”: “…існавала на Случчыне ў 1917 – 1922 гг. Ініцыятарамі стварэння арганізацыі былі навучэнцы Слуцкай
агульнай земскай (беларускай) гімназіі Сяргей Бусел і Янка Ракуцька.
“Папараць-кветка” складалася з трох секцый: краязнаўчай, літаратурнай
і драматычна-харавой. У статуце напісана, што таварыства ставіла за
мэту прапаганду беларускае мовы, культуры і мастацтва. Летам 1920 г. у
складзе таварыства налічвалася больш за 300 чалавек” [6, с. 6].

У 1921 г. Жылка жыве ў Вільні; ён па-грамадзянску актыўны, ён шмат піша ў розных жанрах і друкуецца. У 1922 г., калі Сярэдняя Літва разам з Вільняй далучаецца да Польшчы, Жылка, якога па-ранейшаму даймае хвароба лёгкіх, з дапамогай сяброў трапляе ў літоўскі санаторый у Бірштанах на трохмесячнае лячэнне. Пасля знаходзім паэта ў Латвіі, у беларускім асяродку Дзвінска, у доме дырэктара тамтэйшай беларускай гімназіі Івана Краскоўскага. Жылка вучыцца ў апошнім класе гэтай гімназіі. Затым, ізноў хворага, жыццёвыя шляхі вяртаюць яго ў любую Вільню, а неўзабаве, ужо ў 1923 г., Жылка едзе на вучобу ў Прагу.

Ці лічыць пераезд Жылкі ў Прагу эміграцыяй? Вядома, што тагачасны чэшскі ўрад распрацаваў канцэпцыю дапамогі моладзі з Усходу: беларусы, украінцы з Польшчы (Заходняй Беларусі), а таксама з Літвы і Латвіі маглі вучыцца ў Чэхіі, дзе з 1921 г., напрыклад, існавала беларускае студэнцкае зямляцтва. Жылка хутка зрабіўся адным са студэнцкіх лідэраў, а яго паэзія ўзбагацілася выдатнымі творамі, сярод якіх – Меч і Бяссонне 1924 года, Наш лёс, бы кат з рукой забойнай…, Вершы аб Вільні і Вершы спадзявання, Я – грамнічная свечка перад Богам… і Альбігоец 1925 года. Вядома, аднак, і тое, што якраз у 1923-1925 гг. ішлі судовыя працэсы над беларусамі ў Беластоку, у БССР (так званы Лістападаўскі – над Юркам Лістападам); у Латвіі арыштоўваліся і былі высланыя Краскоўскі, Мядзёлка, іншыя. Між усім відавочна, што большасць даследчыкаў не ўсведамляюць Уладзіміра Жылку паэтам-эмігрантам, паэтам дыяспары.

Арнольд Макмілін, напрыклад, у кнізе Беларуская літаратура дыяспары, імя Жылкі згадвае толькі двойчы: гаворачы пра аўтарытэтнасць паэзіі Дубоўкі, Жылкі і Багдановіча для Алеся Салаўя, “які зноўку пачаў пісаць у Зальцбургу” [7, с. 57], і пра паэзію Наталлі Арсенневай, якая ў 1920-х гадах “перапісвалася і часам уступала ў паэтычны дыялог з некаторымі з найбуйнейшых беларускіх паэтаў” таго часу – Машарам, Жылкам, Танкам [7, с. 108]. Ян Чыквін і Лідзія Савік таксама не ўключаюць разгляд творчасці У. Жылкі ў свае кнігі (адпаведна – Далёкія і блізкія і Пакліканыя) пра беларускіх пісьменнікаў, найперш паэтаў, замежжа [8], [9].

Нярэдка даследчыкі, з розных нагод гаворачы пра такіх творцаў, як Жылка, не актуалізуюць само пытанне аб адрозных перыядах жыцця і творчасці ў лёсах аўтараў метраполіі і дыяспары. Так, напрыклад, Лявон Юрэвіч праз коску называе Купалу, Багдановіча, Коласа, Жылку, Арсенневу, Танка, Геніюш, Хадыку, Дудзіцкага, Сяднёва, Салаўя як тых беларускіх аўтараў, каго за межамі Беларусі, ажно ў Іспаніі, перакладаў на польскую мову Юзэф Лабадоўскі (друкаваў свае пераклады ў 1951 г. у пражскім часопісе “Kultura”). Юрэвіч проста цытуе рэдакцыйную часопісную ўрэзку да публікацыі перакладаў Лабадоўскага, ніяк не каментуючы статус названых беларускіх паэтаў [10, с. 67].

Аляксандр Баршчэўскі, у адрозненне ад іншых даследчыкаў, звяртае ўвагу на статус знаходжання Жылкі за межамі Беларусі – у Празе і вызначае яго як эміграцыйны. А. Баршчэўскі ў публікацыях, прысвечаных У. Жылку [11], [12], дае кароткі нарыс біяграфіі паэта са зваротам да выбраных вершаў 1923-1925 гг. і верша 1926 г. На эміграцыі, больш падрабязна разглядае дзённікавыя запісы У. Жылкі. Прафесійную літаратуразнаўчую ўвагу А. Баршчэўскага прыцягнула творчасць Уладзіміра Жылкі менавіта Пражскага перыяду (1923-1926 гг.), крытычныя выступленні паэта ў выданнях маладых беларусаў – найперш навучэнцаў славутага Карлава ўніверсітэта. Гэта былі часопісы “Прамень”, “Студэнцкая думка”, “Перавясла”, “Іскры Скарыны”. Тут друкаваліся – як публіцысты і літаратурныя крытыкі – Ігнат Дварчанін, Тамаш Грыб (пад сваім прозвішчам і пад псеўданімам Т. Глеба), Васіль Захарка, а таксама беларускія студэнты Прагі, якія ў 1925 г. аб’ядналіся ў “Беларускае (Крывіцкае) культурнае таварыства Францыска Скарыны”. У вышэйназваных выданнях рэцэнзаваліся такія выдатныя з’явы беларускай літаратуры, як, напрыклад, зборнікі 1922 г. Янкі Купалы Спадчына і Якуба Коласа Водгулле, выказваўся энтузіязм з нагоды беларусізацыі ў Савецкай Беларусі, вырашаліся канкрэтныя задачы прапаганды беларускай культуры, літаратуры, гісторыі.

З пражскіх публікацый Уладзіміра Жылкі А. Баршчэўскі падрабязна аналізуе рэцэнзію на зборнік Л. Родзевіча Беларусь, артыкулы У справе ацэнкі Беларускага Адраджэння і Да 400-х угодкаў друку на Беларусі (былі апублікаваны ў часопісе “Перавясла”, №1, пад крыптонімам Ул. Ж., у 1923 г.). А. Баршчэўскі адзначае асаблівую зацікаўленасць У. Жылкі гістарычнай постаццю Скарыны, выказвае цалкам абгрунтаванае меркаванне, што такая зацікаўленасць магла падмацоўвацца блізкасцю У. Жылкі да Ігната Дварчаніна, які адначасова з Жылкам вучыўся ў Карлавым універсітэце ды пісаў сваю знакамітую дысертацыю, прысвечаную жыццю і творчасці Скарыны.

“У гэткіх абставінах, – піша А. Баршчэўскі, – Ігнат Дварчанін стаўся, несумненна, аўтарытэтнай крыніцай ведаў дя маладога дапытлівага У. Жылкі ды напэўна інфармаваў яго аб многіх эпізодах з жыцця і дзейнасці Скарыны, а таксама аб значэньні гэтай вялікай постаці для развіцьця беларускай нацыянальнай тоеснасьці й беларускай культуры” [12, с. 144].

 

Аналізуючы іншыя публікацыі У. Жылкі 20-х гг. ХХ ст. (З жыцця і пісьменства, 1921; Антон Лявіцкі, 1922; Народная адукацыя на Беларусі, 1924), даследчык вылучае змястоўнасць і арыгінальнасць апошняй. Ён цытуе звесткі У. Жылкі пра знаходжанне, колькасць (каля 100 чалавек) і формы супольнай дзейнасці беларускіх студэнтаў у тагачаснай Вільні, у Варшаве. Жылка перакананы, што неспрыяльнае стаўленне тагачасных польскіх улад да беларускай патрыятычнай дзейнасці “выштурхнула” шмат моладзі ў Чэхію і Савецкую Беларусь.

У 1926 г. у Савецкую Беларусь пераехаў і сам У. Жылка. Перапіска паэта з ягонага “пражскага архіву”, захаванага Л. Краскоўскай, пераканаўча сведчыць пра адсутнасць ілюзій, пра ваганні паэта наконт перспектыў для сваёй творчасці ў межах беларускай савецкай літаратуры.

У. Жылка вярнуўся лідэрам Пражскай філіі “Маладняка”, а затым удзельнікам “Узвышша”. Але самыя важкія матывы для вяртання на радзіму названыя ў Жылкавых лістах да Антона Луцкевіча:

“Чым далей, тым цяжэй падупадае маё здароўе. …хацеў бы «пад крыжам бацькоўскім сканаць», – прыемней, калі блізкі зачыніць вочы, прыемней гнаіць родную зямлю, і любоў да яе, здаецца, дае ці можа даць права на гэта”; “У лепшае і святлейшае ў адносінах да сябе не маю найменшай прычыны верыць: жыццё вельмі доўга і без жалю і не заставіла места аптымізму” [13, сс. 268, 276].

 

Як вядома, паэту не дадзена было ні памерці на роднай зямлі, ні быць пахаваным у ёй: Жылкава магіла засталася на Уржумскіх могілках, у месцы яго высылкі; апошнюю паэму Тэстамант збярог В. Кіпель.)

Самым бязлітасным крытыкам паэзіі Жылкі (зборніка З палёў Заходняй Беларусі, 1927 г., які ўхвалялі ў савецкім друку – ва “Узвышшы” і “Звяздзе” – Юры Бярозка і Мікола Байкоў) зрабіўся Тодар Глыбоцкі (Алесь Дудар), які ў сваёй рэцэнзіі (у “Полымі” за той жа “рэцэнзійны” 1928 г.), па словах Міхася Скоблы, “добра-ткі патаптаўся пралетарскімі ботамі па далікатнай паэзіі Жылкі, ніцавока аглядваючыся на бакі” [14, с. 14]. Часопіс “Маладняк” (у № 5 за 1928 г.) таксама вынес прысуд: “З творчага боку ў Ул. Жылкі не наглядаецца набліжэння да пралетарскай літаратуры”.

Аднак з самага пачатку свайго творчага шляху Жылка-паэт усведамляўся як вельмі значная постаць, а творы прыцягвалі даследчыкаў сваёй мастацкай фенаменальнасцю. Заўсёды ўважліва “прачытваў” паэзію Жылкі Антон Навіна (Луцкевіч), які адным з першых ухваліў, напрыклад, Вершы аб Вільні, асабліва смелыя з-за паэтычнага месіянства на мусульманскі ўзор [15]. Падрабязна пракаментаваў увесь творчы шлях У. Жылкі Антон Адамовіч у мемарыяльным выданні Уладзімер Жылка. Творы [16], нібы падвёўшы рысу пад сваёй шматгадовай зацікаўленасцю плёнам паэта – яшчэ з тых часоў, калі Адамовіч абвяшчаў Дубоўку і Жылку пачынальнікамі новай літаратурнай плыні, заснаванай на vitaізме (Адам Бабарэка карыстаўся тэрмінам “ажыўленства”).

Шмат пісалі сучаснікі, сябры Жылкі па заходнебеларускаму жыццю і па “Узвышшы”, пра патрыятызм і грамадзянскі пафас паэта [1]; грунтоўна асвятлялася таксама стаўленне да Жылкі Л. Родзевіча, М. Краўцова, І. Канчэўскага, Ант. Луцкевіча, М. Гарэцкага, Я.Купалы, У. Дубоўкі, А. Бабарэкі, інш. Нямала сказана і пра ідэю Хараства, спалучанага з тугою, са смерцю ў Жылкавай творчасці; пра урбанізм, багемныя, “карчомныя” матывы. Пра “блюзнерства” паэта супраць Бога падрабязна разважаў Ант. Адамовіч [17]. Ю.Бярозка асабліва ўважліва прасачыў у творчасці Жылкі багдановічаўскую традыцыю прыўлашчвання класічных вершаваных форм; пазней да гэтай тэмы спецыяльна звярталіся А. Сенькавец [18], В. Рагойша [19]. Евангельскія сюжэты, Купала і Блок, Багдановіч і Шэлі, рускія “новасялянскія” паэты і авангардысты Волькер, Ясенскі адмыслова, у розныя часы і на розных узроўнях, стасаваліся даследчыкамі з мастацкім светам Уладзіміра Жылкі. Арыгінальная эстэтыка Жылкі, мадыфікаваная ўплывамі еўрапейскага мадэрнізму, разгледжана ў артыкулах А. Лойкі, Е. Лявонавай, А. Вострыкавай, М.Труса, М. Хмяльніцкага, А. Вераб’я, А. Сузько, І. Хазеевай, І. Кухаравай [усе – 20], К. Маціеўскай [21], І. Багдановіч [22], І. Навуменкі [23] і іншых. Безумоўна, з’яўленню сучасных прац, прысвечаных жыццю і творчасці У.Жылкі, моцна паспрыяла выданне “Выбраных твораў” паэта ў 1998 г., укладзенае і пракаментаванае М.Скоблам [13].

 

У 2009 – 2010 гг. Мікола Трус у часопісе “Роднае слова” змясціў серыю з 11 гісторыка-літаратурных артыкулаў, прысвечаных У.Жылку (да 110-годдзя паэта), і сям’і Краскоўскіх. З Краскоўскімі паэт быў цесна звязаны, асабліва падчас жыцця ў Латвіі, вучобы ў Дзвінскай беларускай гімназіі. Яе, як ужо гаварылася вышэй, узначальваў Іван Ігнатавіч Краскоўскі (1880 – 1955, арыштоўваўся ў 1930 і 1937), бацька Людмілы (да якой Жылка ў лістах звяртаўся “Любая дзяўчатка!”, “Даражэнькая Люда!”); а таксама пазней, у час, калі Жылка вярнуўся з Прагі ў савецкі Мінск. М.Трус упершыню апублікаваў новыя матэрыялы: захаваныя Л.І.Краскоўскай 4 лісты Жылкі да яе, дасланыя з Мінска ў Прагу ў 1927 – 1928 гг., а таксама фотаздымкі з арыгінальнымі надпісамі, якія датуюцца тымі ж гадамі. Даследчык падкрэсліў, што знойдзеныя фрагменты – частка архіва мінскага перыяду жыцця Жылкі; гэты архіў У.Калеснік лічыў цалкам страчаным [24, с. 23]. М.Трус таксама выявіў і апублікаваў лісты Міхася Кабераца (1902 – 1931) да Людмілы Краскоўскай. Па сабраных звестках М.Трус зрабіў кароткі агляд публікацый пра рэпрэсаваную сям’ю Краскоўскіх: са спасылкамі на артыкулы “акадэміка Мікулаша Мушынкі і Катарыны Томчыкавай у Славакіі, Вольгі Зубко на Украіне, беларускіх даследчыкаў Сяргея Панізніка, Віталя Маслоўскага”, інш. [24, с. 76 – 77]; Краскоўскім прысвечаны і публікацыі самога М.Труса ў славацкіх і беларускіх выданнях [25].

З пазіцый новага часу М.Трус асвятліў супрацоўніцтва У.Калесніка з Л.Краскоўскай (1904, Вільня – 1999, Браціслава), прысвяціўшы гэтай тэме 3 артыкулы з 11 [26]. Па аналогіі з паняццем “Пражскі эпісталярый”, уведзеным ва ўжытак У.Калеснікам, М.Трус даследуе “Браціслаўскі эпісталярый” – перапіску вядомага ў свеце вучонага-гісторыка і археолага Л.Краскоўскай з У.Калеснікам (1960-х, 70-х і пачатку 90-х гг.), якая захоўвалася ў асабістым архіве Л.Краскоўскай у Браціславе. Сюды ж далучаецца таксама перапіска Людмілы Іванаўны з братам паэта Барысам і дачкой Наталляй (Беатай, у замужжы Лазаравай), з паэтам Сяргеем Панізнікам, інш. [27, с. 9 -13], [28, с. 19]. У матэрыялах, апублікаваных М.Трусам, прыцягвае ўвагу інфармацыя пра тое, як шмат саступак савецкай цэнзуры прыходзілася рабіць беларускім вучоным у 1960-70-я гг., каб усё ж замацаваць годныя імёны ў гісторыі нашай літаратуры, і толькі ў гады 1980-90-я з’явілася магчымасць больш адэкватнага выказвання. Сам У.Калеснік пісаў пра гэта:

“…маёй мэтай застаецца праўдзівы паказ усяго слушнага і хібнага, што тварылася ў беларускім адраджэнцкім руху і вакол яго. Хочацца заадно ачысціць тэкст ад баласту, якім даводзілася нагружаць кнігу для супакаення асцярожных рэдактараў і ўсыплення пільных ды чуйных цэнзараў. Цэнзура і рэдактура знялі пры першым выданні кнігі старонак 70 машынапісу. Цяпер мне можна было б толькі вярнуць “выразанае”, але ж карціць пашукаць у раней недаступных архівах фактаў, якія могуць дазволіць пайсці далей у вырашэнні канцэптуальных праблемаў: як магло дайсці да рэпрэсавання інтэлектуальнай эліты беларускага Адраджэння ў БССР, чаму першымі ахвярамі сталі Уладзімір Жылка і яго сябры, паэты «Узвышша»” [29, с. 84].

І яшчэ адна, надзвычай актуальная, цытата – з ліста Уладзіміра Калесніка да Людмілы Краскоўскай ад 18.ХІ.92:

“Многа канфліктаў, непаразумення, але разбірацца трэба, каб не асталася наша цяперашняе Адраджэнне без дастойных папярэднікаў, каб не разбурыўся беларускі Пантэон, у якім і так ужо няма святых, якіх бы нашчадкі не аблаялі” [30, с. 18].

Відавочна, такім чынам, што жыццё і творчасць Уладзіміра Жылкі   застаюцца вельмі важнай тэмай для даследавання.

Літаратура:

  1. Калеснік У., Ветразі Адысея. Уладзімір Жылка і рамантычная традыцыя ў беларускай паэзіі, Мінск 1977, 328 с.
  2. Калеснік У., Пяснярскі лёс, [у:] Жылка У., Пожні. Вершы, пераклады, крытычныя артыкулы, [уклад., прадм. У. Калесніка], Мінск 1986; Калеснік У., Ветразі Адысея. Уладзімір Жылка і рамантычная традыцыя ў беларускай паэзіі…; Калеснік У., Краса і воля. Паводле перапіскі У. Жылкі і А. Луцкевіча, “Літаратура і мастацтва” 1991, 31 мая.
  3. Гл.: Калеснік У.А., Лёсу наперакор, [у:] Беларуская літаратура. У святле новых фактаў і назіранняў. Вучэб. дапам. Вып. 1, Брэст 1996; Калеснік У., Пражскі эпісталярый, [у:] Калеснік У., Усё чалавечае: Літаратурныя партрэты, артыкулы, нарысы, Мінск 1993, с. 244 – 357.
  4. Жук-Грышкевіч В., Уладзімер Жылка, [у:] Жылка Ул., Выбраныя творы, с. 287-289.
  5. Пашкевіч А. Пляц волі. Раман-дакумент, Мінск 2001, 416 с.
  6. Жыбуль, В. “Маланкі красаліся з воч…”: Жыццё і творчасць Апанаса Атавы, “Роднае слова” 2013, № 5, с. 6 – 8.
  7. Макмілін А., Беларуская літаратура дыяспары. Манаграфія, пер. з англ. В. Бурлак і В. Жыбуля. Мінск 2004, 440 с.
  8. Чыквін Я., Далёкія і блізкія. Беларускія пісьменнікі замежжа, Беласток 1997, 201 с.
  9. Савік Л.С., Пакліканыя. Літ. бел. замежжа, Л. – Мінск 2001, 479 с.
  10. Юрэвіч Л., Пераклады эміграцыі: ідэалёгія культуры, [у:] Роля беларускай дыяспары ў захаваньні і разьвіцьці беларускай культуры: Зб. Матэрыялаў навуковай канферэнцыі, Лондан 2001, с. 67-78.
  11. Баршчэўскі А., Уладзімер Жылка – эміграцыйны паэт і літаратуразнавец, “Acta Albarutenica. Тэксты беларускія” Вып. 4, Мінск 2003, с. 47-71.
  12. Баршчэўскі А. Уладзімер Жылка – паэт-выгнаннік, [у:] Баршчэўскі А., Беларуская эміграцыйная пісьмовасьць. Ч. 1, Варшава 2004, с. 107-131.
  13. Жылка Ул., Выбраныя творы, уклад., прадм. і камент. М. Скоблы, Мінск 1998,   358 с.
  14. Скобла М., Шукальнік хараства, [у:] Жылка Ул., Выбраныя творы, с. 5-20.
  15. Навіна А., Адбітае жыцьцё. Кніжка І, Вільня 1929 г.
  16. Жылка Ул., Творы. Да 20-х угодкаў сьмерці, пад рэдакцыяй і з каментарамі Ант. Адамовіча, Ню-Ёрк 1955.
  17. Краскоўская Л.І., З успамінаў пра паэта, “Літаратура і мастацтва” 1990, 15 чэрв., с. 6; Краскоўская Л., З успамінак пра Уладзімера Жылку, [у:] Жылка л., Выбраныя творы, с. 285-287.
  18. Сенькавец У.А., Беларускі санет 20-30-х гадоў, [у:] Беларуская літаратура. У святле новых фактаў,с 223.
  19. Рагойша В., Уладзімір Жылка – санетапісец, [у:] Да 100-годдзя Уладзіміра Дубоўкі, Уладзіміра Жылкі, Кузьмы Чорнага. Зб. навук. артыкулаў, пад агульн. рэд. Л.Дз. Сіньковай, Мінск 2001, с. 188-192.
  20. Да 100-годдзя Уладзіміра Дубоўкі, Уладзіміра Жылкі, Кузьмы Чорнага, 351 с.
  21. Беларускае літаратуразнаўства, 2004, №2, с. 121-125.
  22. Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя. У 4 т. Т. 2, Нац. акад. навук Беларусі. Ін-т літаратуры імя Я. Купалы, 2-е выд., Мінск 2002, с. 8-46; 673-689.
  23. Трус М., “…Мы верылі адно аднаму: невядомыя лісты Уладзіміра Жылкі, “Роднае слова” 2009, № 6, с. 23 – 27.
  24. Трус М., Беларуская прысутнасць у міжваеннай Чэхаславакіі: у дадатак да Пражскага эпісталярыю, “Роднае слова” 2009, № 2, с. 75 -77.
  25. Трус М., Людміла Краскоўская: жыццё і дзейнасць на беларуска-ўкраінска-славацкім культурным памежжы, [у:] Slovenskobieloruské jazykové, literárne a kultúrne vzťahy: Zborník príspevkov z medzinárodného vedeckého seminára, 20.-21 Septembra 2000 // Acta facultatis philosophicae universitatis prešoviensis: Literárnovedný zborník 15, Prešov 2003; Трус М., Творчасць Уладзіміра Жылкі пражскага перыяду (1923 – 1926), [у:] Slovanský romantizmus v európskych súvislostiach: zbornik príspevkov z medzinárodnej vedeckej konferencie, konanej v Banskej Bystrici Novembra 2005, Banská Bystrica 2006, s. 152 – 158; Трус М., Беларуская прысутнасць у міжваеннай Чэхаславакіі праз прызму аднаго лёсу (да 100-годдзя з дня нараджэння Людмілы Краскоўскай), [у:] Дыяспара. Культуралогія. Гісторыя: матэрыялы IV Міжнароднага кангрэса беларусістаў «Беларуская культура ў кантэксце культур еўрапейскіх краін» (Мінск, 6-9.06.2005 г.): Беларусіка=Albaruthenika; кн. 28 / пад рэд. А.Мальдзіса, А.Смаленчука, Мінск 2006, с.63 – 67; Трус М., Падзвіжніцкія шляхі роду Краскоўскіх: разгорнуты каментарый да Пражскага эпісталярыю, “Роднае слова” 2009, № 3, с. 24 – 29; Трус М., Невядомыя лісты Пражскага эпісталярыю: Карэспандэнцыя Міхася Каберца 1929 – 1930 гг., “Роднае слова” 2009, № 12, с. 25 – 29.
  26. Трус М., Перапіска Уладзіміра Калесніка і Людмілы Краскоўскай 1960-х гг., “Роднае слова” 2009, № 9, с. 11 – 13; Трус М., “Ваша інфармацыя для мяне надзвычай каштоўная”: Перапіска Уладзіміра Калесніка і Людмілы Краскоўскай 1970-х гг., “Роднае слова” 2009, № 10, с. 22 – 27; Трус М., “Каб не разбурыўся беларускі Пантэон”: Лісты Уладзіміра Калесніка да Людмілы Краскоўскай 1990-х гг., “Роднае слова” 2009, № 11, с.15– 18.
  27. Трус М., Слядамі “Ветразяў Адысея”: Старонкі даследчыцкага пошуку Уладзіміра Калесніка, “Роднае слова” 2009, № 9, с. 9 – 11.
  28. Трус М., Берагіня гістарычнай памяці: старонкі жыцця Людмілы Краскоўскай, “Роднае слова” 2009, № 4, с. 18 – 21.
  29. Калеснік У., Контрбеларусізацыя, “Спадчына” 1992, № 4, с. 84 – 98.
  30. Трус М., “Каб не разбурыўся беларускі Пантэон”: Лісты Уладзіміра Калесніка да Людмілы Краскоўскай 1990-х гг., “Роднае слова” 2009, № 11, с. 15 – 18.

Матэрыялы артыкула друкаваліся [у:] Sinkowa Ludmila. Жыццё і творчасць Уладзіміра Жылкі ў асэнсаванні даследчыкаў беларускай літаратуры // Acta Albaruthenica-6, Warszawa, 2007;

Сінькова Л.Д. Паміж тэкстам і дыскурсам: Беларуская літаратура ХХ – ХХІ стст. : гісторыя, кампаратывістыка і крытыка (літаратурная крытыка, артыкулы, гутаркі) / Людміла Сінькова. – Мінск : Паркус плюс, 2013. – С. 173 – 181. (296 с.)