Сучасная дакументальна-мастацкая проза ўсё часцей непасрэдным чынам звязваецца з журналістыкай паводле стратэгічных падыходаў пісьменніка да аб’ектаў адлюстравання. Літаратурныя ўзоры, што пацвярджаюць гэты тэзіс, вельмі шматлікія; мы абмяжуемся разглядам выбраных твораў на тэму так званых лакальных узброеных канфліктаў – ваенных дзеянняў былых савецкіх і цяперашніх расійскіх войскаў у Афганістане і Чачні. Гэта творы А.Петрашкевіча (рэдактара і арганізатара працы над кнігай «Памяць. Афганістан», 1991), С.Алексіевіч («Цынкавыя хлопчыкі», 1989, 1991), апавяданні С.Дубовіка («Груз “200”», «Памінкі ў Сардобе», «Негры», «“Інтэрнацыянальнае” выхаванне», «Крывавыя цюльпаны», усе – 1992), С.Цюцюнніка (апавяданні 1993 – 2000-х гг.), М.Трошава («Мая вайна. Чачэнскі дзённік акопнага генерала», 2001).

Трэба сказаць, што кола тэкстаў і ў гэтай тэматычнай выбарцы істотна абмежаванае: напрыклад, «Мая вайна. Чачэнскі дзённік акопнага генерала» М.Трошава мае працяг («Чачэнскі рэцыдыў. Запіскі камандуючага», 2003; «Чачэнскі залом. Дзённікі і ўспаміны», 2008; у рускамоўным арыгінале – «Чеченский излом…»). С.Цюцюннік выдаў цэлы шэраг зборнікаў: «Як мы з дзедам паміралі», 1993; «Абломак Вавілонскай вежы», 2000; «Мая Мата Хары», 2004; «12 куль з чачэнскай абоймы», 2005; «Рыкашэт», 2008 (ёсць і пераклады: «Guerre et vodka», Paris, 2005), інш.; неаднаразова перавыдаваліся і перакладаліся таксама творы С.Алексіевіч.

Аднак названыя абмежаванні ў матэрыяле, у аб’екце даследавання ўсё ж дазваляюць зрабіць карэктныя высновы пра развіццё сучаснай дакументальна-мастацкай прозы, паколькі аналізуемыя тэксты з’яўляюцца дастаткова прэцэдэнтнымі менавіта ў жанравым аспекце – паводле тых жанравых стратэгій, што паспяхова выкарыстаны іх аўтарамі.

Актуалізуючы паняцце пісьменніцкай стратэгіі, адразу падкрэслім: маюцца на ўвазе не тэрміналагічныя канвенцыі паводле неамарксісцка-структуралісцкага дыскурсу П.Бурдзьё з яго ўвагай да літаратурных твораў як «сімвалічнага капіталу», які патрабуе стратэгічнага клопату пра сваю канвертацыю ў грамадстве, абмен на «несімвалічныя» грошы, славу, уладу; не выбар пісьменнікам найэфектыўнага спосабу самапрэзентацыі, маркетынг. Пад пісьменніцкай стратэгіяй мы будзем разумець уласна-мастацкі аўтарскі пошук у традыцыйным сэнсе, г. зн. выпрацоўку самых актуальных мастацкіх форм, жанравых і стылёвых, дзеля спраўджвання самых актуальных мастацкіх выказванняў. І толькі неверагодна размытая сённяшнім часам семантыка тэрміна non fiction змушае адмовіцца ў дадзеным выпадку ад выкарыстання гэтага вызначэння, якое магло б быць аператыўным у гаворцы пра дакументальна-мастацкую прозу, створаную на перасячэнні журналістыкі і традыцыйнага прыгожага пісьменства.

У беларускай літаратуры ваенная тэма – адна з самых распрацаваных, і спосабы выкарыстання ў ёй рэальных фактаў ілюструюцца наступнымі прыкладамі.

У прозе, дзе асноўным, першасным грунтам выступае дакумент, можна вылучыць некалькі варыянтаў дакументальна-мастацкага дыскурсу.

  1. Дастаткова папулярныя ў савецкі час мемуары выбітных асоб, ваеначальнікаў, неардынарных дзяржаўных і партыйных дзеячоў, запісаныя прафесійнымі літаратарамі. Так, напрыклад, Васіль Іванавіч Казлоў, генерал-маёр і Герой Савецкага Саюза, адзін з арганізатараў партызанскага руху на Беларусі і кіраўнікоў урада БССР, у 1973 г. апублікаваў кнігу сваіх успамінаў «Людзі асобага складу» (у запісе Аляксея Кулакоўскага). У гэтым выданні відавочная публіцыстычная скіраванасць, журналісцкі падыход А.Кулакоўскага да стварэння дакументальна-мастацкага тэксту, што абапіраецца як на матэрыялы асабістых гутарак з В.І.Казловым, так і на партыйныя, іншыя дакументы пра падзеі на Беларусі ў часы нямецка-фашысцкай акупацыі. Або звернемся да прыкладу іншага часу, але аналагічнай жанравай стратэгіі: гэта кніга «Грамадзянін свету», выдадзеная ў Мінску ў 2004 г., пра славутага матэматыка і хіміка, буйнейшага вучонага ў галіне астранаўтыкі, грамадзяніна ЗША, беларуса Барыса Кіта, у якую ўключана дакументальна-мастацкая аповесць «Цярновы шлях» (з падзагалоўкам «Аповяды Барыса Кіта, запісаныя Васілём Быкавым улетку 2001 года ў Франкфурце-на-Майне»).
  2. Факты, самастойна сабраныя аўтарам з розных крыніц і паслядоўна выкладзеныя ва ўласнай інтэрпрэтацыі (канцэптуальнай і мастацкай). Такія – дакументальныя аповесці журналіста і празаіка Івана Новікава з трохтомніка «Выбраныя творы», 1988 (пісаліся з 1959 па 1980-я гг.): «Руіны страляюць ва ўпор», «Дарогі скрыжаваліся ў Мінску», «Да світання блізка».
  3. Кантамінацыі дакументальных матэрыялаў з мастацкай вобразнасцю ў межах аднаго тэксту – па-мастацку значны, красамоўны мантаж дакументальных і мастацкіх фрагментаў. Самы вядомы і паспяховы прыклад з беларускай прозы тут – «Хатынская аповесць» Алеся Адамовіча (1972), у якой ён, напрыклад, ужо ў тыя чысы працытаваў дакументы пра тое, што Хатынь спалілі не ўласна немцы, а 118-ты ўкраінскі паліцэйскі батальён пад камандаваннем Дзірлевангера, які размяшчаўся пад Плешчаніцамі, іншыя факты, безумоўна падцэнзурныя для тагачаснай савецкай літаратурнай прасторы.
  4. Функцыянаванне дакумента ў ролі мастацкага вобраза: кнігі, створаныя мастакамі на аснове апрацоўкі мноства магнітафонных запісаў з успамінамі шараговых сведкаў маштабных трагічных падзей. Гэта сусветна вядомая кніга «Я з вогненнай вёскі…» А.Адамовіча, Я.Брыля, У.Калесніка, першае выданне якой датавана 1974 годам. Услед за ёю з’явілася «Блакадная кнiга» (1977, 1981) А.Адамовіча і Д.Граніна, а затым – плён творчасці Святланы Алексiевiч: «У вайны не жаночае аблiчча» (1984), «Апошнiя сведкi» (1985), «Цынкавыя хлопчыкi» (1989), «Зачараваныя смерцю» (1993), «Чарнобыльская малiтва» (1997), «Час сэканд хэнд” (2013).
  5. Мае сэнс у асобным пункце спецыяльна пазначыць наступнае: уся традыцыйная мастацкая літаратура, прыгожае пісьменства, заснаванае на мастацкім, фантазійным мысленні, імпліцытна захоўвае генетычную сувязь з фактаграфіяй, таму што любы дыскурс, нават самы далёкі ад дакументальнасці, усё роўна так ці інакш расце з рэчаіснасці.

Такім чынам, гаворка пойдзе пра кнігі, якія ствараліся ў шырокім дыяпазоне выкарыстання дакументаў і рэальных фактаў у мастацкім тэксце. Важна і тое, што аўтары ўсіх выбраных намі тэкстаў з’яўляюцца прафесійнымі журналістамі або пэўным чынам выкарыстоўваюць менавіта журналісцкія практыкі ў адлюстраванні вайны. Гэта тая дакументальна-мастацкая проза, што створана на мяжы дакумента і мастацкага вымыслу; у ёй функцыі мастацкага вобраза часта выконвае самадастатковы факт, не апрацаваны мастацкай фантазіяй. Гэта можа быць факт, занатаваны ў дзённік, або матэрыял інтэрв’ю, гутаркі, запісанай на магнітафонную стужку. Гэта мастацтва журналіста, чыя прысутнасць у тэксце за «чужым» словам выяўляецца апасродкавана: у самой канцэпцыі выкладу матэрыялаў, у расстаноўцы ідэйных акцэнтаў, у стварэнні эмацыянальнага, сугестыўнага кантэксту, падтэксту або сюжэтна-кампазіцыйнага кантрапункту; ва ўменні давесці сваю праўду «моваю фактаў».

Імя гісторыка, драматурга і сцэнарыста Алеся Лявонавіча Петрашкевіча (1930 -2012, родам з Талачынскага раёна Віцебшчыны), звязваецца найперш з яго хрэстаматыйнымі п’есамі на гістарычную тэматыку, але ж, бадай, не ў меншай ступені – і з яго грамадзянскім тэмпераментам і схільнасцю да публіцыстыкі: літаратурную дзейнасць ён пачынаў у 1955 г. з фельетонаў, нарысаў, памфлетаў. Да тэмы вайны ў Афганістане А.Петрашкевіч прыйшоў найперш як гісторык: кандыдат гістарычных навук, ён працаваў у «Беларускай Савецкай Энцыклапедыі», кіраваў цэнтрам па выданні гістарычна-дакументальных хронік «Памяць» у 1991-98 гг. Героямі важкага тома «Памяць. Афганістан» зрабіліся больш за 750 беларусаў (або прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцей); яны служылі на Беларусі, з беларускай зямлі адпраўляліся ў Афганістан або тут былі пахаваныя. Алесь Петрашкевіч памкнуўся трансфармаваць, пашырыць фармат даведачнага выдання ў кірунку да мастацкай выразнасці: у кнізе спалучаюцца праз мантаж вельмі красамоўныя, па-мастацку актыўныя фрагменты. Гэта, з аднаго боку, афіцыйныя, архіўныя, дакументальныя звесткі пра забітых на той вайне, а з другога – сведчанні з іх прыватнага, «неафіцыйнага» жыцця, радыкальна набліжанага да чытача праз асабістыя лісты (той выпадак, калі чытаць чужую інтымную перапіску можна і трэба), праз успаміны блізкіх. Падобнае аўтарскае ўмяшальніцтва ў сухі стыль афіцыйных рапартаў і надае кнізе «Памяць. Афганістан» адзнакі мастацкасці, вагу адзінкавага, у многім унікальнага тэксту.

Прэзентатыўным аўтарам у пазначанай тэме з’яўляецца стваральнік белетрызаваных мемуараў Генадзь Мікалаевіч Трошаў (Трошев), генерал-палкоўнік, Герой Расійскай Федэрацыі, чые дзённікі (сваімі сааўтарамі ў падрыхтоўцы іх да друку генерал назваў журналістаў С.Цюцюнніка і Г.Алёхіна [5, с. 6]) выйшлі ў самых папулярных расійскіх выдавецтвах рэкорднымі тыражамі. Г.Трошаў нарадзіўся ў 1947 г. у г.Грозным (па некаторых іншых звестках – у г.Берліне, у Германіі, дзе скончыў ваяваць з нямецкім фашызмам яго бацька, ваенны лётчык, выпускнік Краснадарскага авіяцыйнага вучылішча; маці, Надзея Трошава – казачка…). Ва ўсякім разе вядома дакладна, што дзяцінства Г.М.Трошава прайшло ў Чачэна-Інгушскай АССР. Савецкае дзяцінства сярод казакоў, чачэнцаў і інгушоў… Гэты савецкі і расійскі ваеначальнік камандаваў федэральнымі войскамі ў Чачні і Дагестане на працягу ўсіх 1990-х і пад час ваенных дзеянняў 1995 – 2002 гг.

Л.Аннінскі ў артыкуле «Мир, война, человек в русской прозе 90-х годов» пісаў пра Г.Трошава: «Нарадзіўшыся і вырасшы ў Грозным, ён не толькі ведае Каўказ, ён яшчэ зацікаўлены ў чалавечым боку драмы; партрэтныя характарыстыкі галоўных дзеючых асоб: ад Грачова да Хаттаба і ад Шаманава да Басаева – чытаюцца ў яго кнізе часам як адкрыцці (откровения).

Адзін з гэтых чалавечых сюжэтаў мяне скалануў.

“…Масхадаў сказаў: няма сэнсу больш сустракацца, гэта ні да чаго не прывядзе, нам з табою пры ўсім жаданні праблему не вырашыць.

Мы паціснулі адзін аднаму рукі, па традыцыі абняліся і раз’ехаліся…”

Пасля гэтага запалымнела першая чачэнская вайна». [2, с. 59 – 60].

У 2001 г. выйшла першае выданне «Маёй вайны…»; пазней гэты «Чачэнскі дзённік акопнага генерала» перавыдаваўся чатыры разы (усяго – больш за 100 тысяч экземпляраў). У 2002 г. быў канфлікт генерала з прэзідэнтам У.Пуціным, Трошаў быў зняты са сваёй пасады камандуючага войскамі Паўночна-Каўказскай ваеннай акругі. Восенню 2003 г. ён публічна сцвярджаў, што ў Чачні, маўляў, вайны няма, а крычаць пра вайну толькі тыя, хто яшчэ не адмыў усе грошы. Былі іншыя пасады, іншыя драмы, ізноў шматтысячныя тыражы новых кніг – «Чачэнскі рэцыдыў. Запіскі камандуючага» і «Чачэнскі залом. Дзённікі і ўспаміны», і ўрэшце – гібель генерал-палкоўніка Г.Трошава і яшчэ 88 чалавек у 2008 г. у выніку катастрофы пасажырскага Боінга-737 кампаніі «Аэрафлот-Норд», які накіроўваўся з Масквы ў Перм.

Надзвычай паслядоўна раскрывае мастацкі патэнцыял дакументальных матэрыялаў беларуская пісьменніца, намінантка на Нобелеўскую прэмію Святлана Алексіевіч: у яе кнігах дакумент функцыянуе ў ролі мастацкага вобраза. Яна таксама атрымала журналісцкую адукацыю – у БДУ. Нарадзілася Святлана Алексіевіч у 1948 г. у Івана-Франкоўску, на Украіне, у сям’і вайскоўца. Яе бацька – беларус, а маці – украінка. Пазней сям’я пераехала ў Беларусь, на радзіму бацькі. Ці ж не тыповая савецкая сям’я… Пасля заканчэння ўніверсітэта Святлана Аляксандраўна працавала карэспандэнтам у рэдакцыях вядучых беларускіх газет і часопісаў («Сельская газета», «Нёман»). А потым была сустрэча з Алесем Адамовічам, захапленне славутымі бестселерамі савецкіх часоў «Я з вогненнай вёскі…» і «Блакадная кніга». І хоць С.Алексіевіч прадстаўляе генерацыю, названую сямідзесятнікамі, вядома, што ў ідэйным плане яны засталіся салідарнымі з пакаленнем сваіх папярэднікаў, савецкіх шасцідзесятнікаў, чыю справу працягнулі: найперш пафас праўды і гуманізму славутых аўтараў савецкай ваеннай прозы, сярод якіх беларусы Васіль Быкаў і Алесь Адамовіч – кожны па-свойму – вылучыліся безумоўна. С. Алексіевіч гаварыла ў адным са сваіх інтэрв’ю: «Я доўга шукала сябе, хацела знайсці нешта такое, што наблізіла б да рэальнасці […]. Ухапіць сапраўднасць – вось што хацелася. І гэты жанр [прозы на аснове магнітафонных запісаў, распрацаваны А.Адамовічам з сааўтарамі. – Л.С.] – жанр чалавечых галасоў, споведзяў, сведчанняў і дакументаў чалавечай душы імгненна быў мною прысвоены. Так, я зараз так бачу і чую свет: праз галасы, праз дэталі быту і быцця. Так пабудаваны мае зрок і слых. І ўсё, што ўва мне было, тут жа аказалася неабходным, таму што патрабавалася адначасова быць і пісьменнікам, журналістам, сацыёлагам, псіхааналітыкам, прапаведнікам… » [4, с. 217]. Дзеля кнігі «Цынкавыя хлопчыкі» С.Алексіевіч ездзіла ў Афганістан, сустракалася з былымі «афганцамі», з блізкімі тых, хто загінуў. Кніга выклікала ў савецкім грамадстве небывалае ўзрушэнне. Ужо ў 1992 годзе ў Мінску быў арганізаваны палітычны суд над творам і яго аўтарам. Аднак у абарону пісьменніцы і той праўды, якая была ў кнізе, выступіла грамадскасць не толькі Беларусі, але і замежжа. Суд спынілі. Па «Цынкавых хлопчыках» пачалі здымацца дакументальныя фільмы (рэжысёр – Сяргей Лук’янчык), ставіцца спектаклі…

Прозу ўласна-мастацкую, якая вырастае з экстрэмальнага асабістага вопыту, ствараюць беларус С.В.Дубовік і расійскі вайсковец з Заходняй Украіны С.П.Цюцюннік. Яны пішуць на аснове тых фактаў, якія немагчыма выснаваць адно праз пісьменніцкую фантазію; абодва перакадзіруюць рэальную фактаграфію ў мастацкі дыскурс.

Сяргей Валянцінавіч Дубовік (нарадзіўся ў 1952 г. на Капыльшчыне) – журналіст, які прайшоў шлях ад яшчэ школьнага захаплення сваёй прафесіяй, публікацый у «раёнцы», да дзяржаўных пасад у Нацыянальным сходзе РБ (у Камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі), а таксама ў БДУ, начале Інстытута журналістыкі. У аснове яго апавяданняў пра Афганістан – уласны вопыт службы ў часцях «абмежаванага кантынгенту» ў 1981 – 1983 гг. Забіралі на журналісцкую працу ў дывізіённую газету, ды аказалася, што на перадавую, у сапёрную роту, нампалітам, дзе вакансіі, у тым ліку камандзірская, якую прыйшлося заняць беларускаму хлопцу, адкрываліся неўзабаве… Год непасрэдна камандаваў 120-цю жыццямі; штораніцы на бронетранспарцёры выязджаў са сваімі хлопцамі на заданні. Штодзень бачыў той вялікі бардак, якім назваў вайну яшчэ Хемінгуэй. Штохвіліны разумеў тую подласць на крыві, пра якую пісаў Быкаў як пра гвалт на вайне найперш сваіх над сваімі. Штораз ляцеў у «чорным цюльпане» з грузам «200», цынкавымі трунамі, на радзіму і назад – адзіным самалётам да Кабула [3, с. 62]. У такой прозе, як «Памінкі ў Сардобе», «“Негры”», «“Інтэрнацыянальнае” выхаванне», «Груз “200”», «Крывавыя цюльпаны» гарантам яе мастацкай вартасці, асновай яе моцнага, незабыўнага, шокавага уздзеяння на чытача з’яўляецца менавіта яе дакументальнасць: веданне, што аўтар не выдумляе свае сюжэты, а надае вартасць мастацкага абагульнення, ідэйную глыбіню рэальным фактам, якія ён меў у асабістым вопыце і ўсвядоміў як агульназначныя, канцэптуальныя; як такія, што фарміруюць у чытача новы светапогляд, паказваючы яму розніцу паміж сапраўдным жыццём і сацыяльнай міфалогіяй, прапагандысцкім міфам.

Сяргей Пятрович Цюцюннік – таксама прафесійны журналіст, але і прафесійны вайсковец. Нарадзіўся ў 1960 г. на Валыні. Факультэт журналістыкі скончыў у Львоўскім ваенна-палітычным вучылішчы. Працаваў у вайсковым друку; служыць жа даводзілася ў Латвіі, Узбекістане, Туркменістане, Германіі. Затым быў удзел у баях на Афганскай зямлі, у Асеціі, Абхазіі, Дагестане, Чачні, і – сталая прафесійная праца ў газеце Паўночна-Каўказскай ваеннай акругі «Ваенны веснік Поўдня Расіі». С.Цюцюннік вучыўся ва ўкраінскай школе, дзе пачаў грунтоўна вывучаць рускую мову, на якой створаны яго кнігі. Пачынаў друкаваць свае апавяданні і аповесці ў часопісах «Змена», «Сельская моладзь» (альманах «Подзвіг»), «Дружба народаў», «Вясёлка» («Радуга», г. Кіеў), «Аганёк»… Погляд С.Цюцюнніка на тыя самыя ваенныя канфлікты, з дзвюма чачэнскімі войнамі ўключна, гэтаксама, як і ў С.Алексіевіч, у вялікай ступені абапіраецца на традыцыі расійскай класікі і вопыт савецкіх, у тым ліку ўкраінскіх, пісьменнікаў-гуманістаў, аднак трактоўкі многіх ідэй рэзка адрозніваюцца. С.Цюцюннік – палкоўнік Расійскай Арміі, які браў удзел у 6 вялікіх ваенных канфліктах. Гэтаксама, як і Святлана Алексіевіч, сёння ён – з самых вядомых і прызнаных у свеце постсавецкіх пісьменнікаў. Для беларускага чытача, знаёмага з айчыннай ваеннай прозай, апавяданні С.Цюцюнніка надзвычай блізкія: «Кишлак назывался Яхчаль. Этот кишлак не просто сожгли, а сожгли к чертовой матери, потому что не сжечь его было невозможно», – так, напрыклад, пачынаецца апавяданне «“Святой”» [6].

І А.Петрашкевіч, і С.Алексіевіч, і С.Дубовік, і С.Цюцюннік, і М.Трошаў, народжаныя ў СССР, найбалюча сутыкнуліся з тым феноменам савецкага жыцця, пра які сказала адна з гераінь кнігі «Цынкавыя хлопчыкі»: «Мы ж даўно прывыклi жыць у двух вымярэннях: у газетах i кнiгах адно, а ў жыццi – зусiм iншае» [1, с. 168]. Страшна, калі гэтым іншым аказваецца, замест прапагандысцкага ўсеагульнага інтэрнацыянальнага братэрства, у якое вучылі верыць з дзяцінства (і клікалі ж, адпраўлялі «выконваць інтэрнацыянальны абавязак») не штосьці бяскрыўднае, а незабыўны смурод спаленых калючак, енк ахвяр, пыл дызентэрыйных палатак, выгляд пагвалчаных, са знятай скурай, целаў мёртвых сяброў, нахабнае панаванне подлага зла над дабром пасярод абсурду шалёнай, апантанай вайны не толькі з чужынцамі, але і з тымі, з кім рос у адным двары.

А паколькі, як пісаў Рэмарк, у чалавечай памяці з цягам часу крывавае выцвітае да ружовага, дакументальна-мастацкая проза пра вайну мае надзвычай вялікае значэнне: той, хто не вучыцца ў мінулых трагедый, будзе перажываць іх нанова. Так званыя лакальныя войны ХХІ стагоддзя, якія пачалі разгарацца ўсё часцей, красамоўна пацвярджаюць гэтую старую ісціну. Таму невыпадкова інтэлектуалы ва ўсім свеце імкнуцца як мага ярчэй, эмацыянальней, відавочней данесці да сучаснага чалавека праўду фактаў, рэальнага бязлітаснага жыцця, у якім чалавечнасць супрацьстаіць азвярэнню.

 

Літаратура

  1. Алексіевіч С.А. Цынкавыя хлопчыкі / Пер. з рус. М.С.Гіля; Прадмова А.М.Адамовіча. – Мінск: Беларусь, 1991. – 176 с.
  2. Аннинский Л. Мир, война, человек в русской прозе 90-х годов // Польско-российский литературный семинар (Варшава – Хлевиска, 13 – 16 марта 2002 г.). – Варшава: «GRANT», 2002. – 124 с.
  3. Дубовік С. Груз «200» // Маладосць. – 1992, № 10. – С. 59 – 62.
  1. Пра аўтара // Алексіевіч С.А. Чарнобыльская малітва. Хроніка прышласці: Дак. аповесць. – Мн.: РГАЛМФ «Гронка», 1999. – С. 216–220.
  1. Трошев Г.Н. Моя война. Дневник окопного генерала. – М.: Варгиус, 2001. – 384 с.
  2. Тютюнник Сергей Петрович [Электронный ресурс]: yandex.by/4itaem.com/book/svyatoy – 426529.

 

Надрукавана [у]: Cінькова Л.Д. Жанравая дынаміка ў дакументальна-мастацкай прозе // Слова ў кантэксце часу. Да 85-годдзя прафесара А.І. Наркевіча. Пленарныя даклады. Пад агул. рэд. В. І. Іўчанкава. — Мінск. –Выд. цэнтр БДУ, 2014. – С.144—151.