Пра Уладзіміра Адамавіча Жылку (1900 – 1933) трэба казаць як пра паэта вялікай культуры, у спадчыне якога іншанацыянальная прысутнасць адчуваецца пераважна як прыўлашчаны, арганічны плён беларускага духоўнага вопыту. Жылка – патрыёт, які імкнуўся служыць Беларусі, і служыць ёй у Храме Хараства.

У 1925 г. У.Жылка пісаў А.Луцкевічу: “Мой лятунак выдаць кніжку не больш 30 – 50 вершаў, выключна з матывамі кахання, смерці, хараства прыроды, мескіх тавэрнаў і падобнага… Французы, немцы і нават расейцы пад саветамі выпускаюць такія кніжкі кожны дзень. І верхавіны французскае лірыкі безумоўна не ў Беранжэ, а ў Бадлера, Верхарна, як і расейскай, не ў Някрасава, а ў Цютчава, Пушкіна <…>”[1]. Вядома, што калі ў высылцы Жылка памёр, органамі НКУС Уржума і Вяткі былі забраны не толькі арыгінальныя яго творы, але і пераклады з еўрапейскіх аўтараў: нарвежскіх, французскіх, нямецкіх… Захаваліся ранейшыя Жылкавы пераклады Г.Ібсена, А.Міцкевіча, Ш.Бадлера, А.Олеся, І.Волькера, Б.Ясенскага; засталіся сведчанні яго цікавасці да многіх і многіх творцаў розных культур. Справядліва будзе вылучыць з іх імя Блока, пра якога Жылка напісаў у дзённіку 23-га года: “…аб Блоку лепш маўчаць: такі ён вялікі, такі вялікі, што каля яго чуеш сябе ніякава. А калі яшчэ гаварыць аб ім – канфуз”[2]. Аднак у сваёй паэзіі Жылка праз увесь час алюзійна “гаварыў” з Блокам. Вельмі істотныя рысы Жылкавай творчасці, паэтыкі нібы “адштурхоўваюцца” ад вобразнага свету Блока, у прыватнасці – ад знакамітага ў расійскіх сімвалістаў культу Прыгожай дамы. Відавочна, у духоўным свеце дваццаці-дваццацітрохгадовага паэта найперш адгукнуліся менавіта матывы падобнага кшталту.

Найперш прыгадаем, што арыгінальнасць Жылкавай паэзіі звязана з нацыянальна-патрыятычным пафасам, прычым часта вельмі энергічным; ён у спалучэнні з асабістымі і нават інтымнымі інтанацыямі дазваляе Жылку ствараць непаўторныя лірычныя сюжэты. Ваяцкі тэмперамент спраўджваецца ў слове поруч з вытанчанай рэфлексіўнасцю хворага на сухоты паэта.

Надзвычай важнае ў Жылкавым паэтычным вобразе Радзімы-жаноцкасці, Радзімы як прадмета рыцарскага культу менавіта тое, што Антон Адамовіч называе “нацыянальным эрасам”: “Якраз у папярэдніх “Уяўленню” [паэма 1922 года. – Л.С.] вершах, асабліва такіх, як “Дарма”, “Ізноў пытанні”, адбываецца тое зліццё эратычнае лірыкі, лірыкі кахання, з лірыкаю нацыянальна-ідэйнаю <…>, зліццё, у выніку якога вобраз каханае – Яе (цяпер ужо канечна з вялікае літары) стаецца для паэты вобразам самае Бацькаўшчыны, нацыі, аб’ектам ягонага нацыянальнага эрасу <…>”[3].

Між іншым, у самой беларускай мове Радзіма як жаноцкасць аказваецца заблізкаю да тых паняццяў Радзімы, што пазначаюцца словамі, семантычна звязанымі з мужчынскім пачаткам: Край, Бацькаўшчына. Адсюль узнікаюць адметныя сэнсавыя кантамінацыі ў паэзіі Жылкі. Яскравы прыклад тут – і названы Ант.Адамовічам у вышэй прыведзенай цытаце верш “Ізноў пытанні…”, напісаны ў 1922 г.: «Ізноў пытанніЗ глуму, / З бяды ўстаюць ў кляцьбе. / І не магу не думаць, / Край родны, аб Табе. // Дазнаў кахання й мушу / Дзяліці лёс благі,/ І знак кладуць на душу / Твае мне ланцугі …»[4].

Выразны ў згаданым сэнсе і Жылкаў «Верш развітання» (1931): «О, мой Край, – Раздарожжы з крыжамі, / І разоры разворвае жудзь!.. / Люты боль працінае нажамі, / Што мне песень тваіх не пачуць. // <…> Не спытаю, чаму і завошта // Адрываюць ад бацькаўскіх ніў – / Я юнацтва і радасцяў коштам / За каханне сваё заплаціў. <…>»[5]. Экстатычная любоў паэта да Айчыны-Краю ў паэме «Тастамент» (1932 – 1933) таксама спараджае размаітыя і яскравыя паэтычныя вобразы; паэт менавіта кахае, а не проста любіць радзіму ў значэнні «краю-ойча»;   п’е жаноцкую прыгажосць Айчыны і нават адчувае Край так, як маці адчувае сваё дзіця – і яшчэ пад сэрцам, і ўжо аблашчаным: « < …> Мой край!.. <…> / Напіўся смагла я нагбом / Ад пекнаты яго жанчыннай, / І п’ян адвечным хараством, / І закаханы ў ім без меры < …> І зблытаў я, мой краю-войча, / Хто бацька быў, а хто быў сын < …> // Быў я ў дзівосным сне: / Я пачуваў пад сэрцам ношу, / Чароўны голас да мяне, / Пачуццяў матчыных раскошу, / Трывогу ў сэрцы дзесь на дне, / І быў – пагодлівы, харошы! – / Мой край мне лёсам і жыццём, / Маім распешчаным дзіцём < …>»[6].

Трэба сказаць, што сам тэрмін Ант.Адамовіча “нацыянальны эрас” у дачыненні да Жылкавай паэзіі ў 1977 г. быў ацэнены У.Калеснікам як вульгарны[7]. У.Калеснік нават прывёў даволі доўгую цытату з пражскага архіву Жылкі, дзе паэт ва ўсмешлівым тоне гаворыць між іншым пра тое, што тэма Бацькаўшчыны – “не для нацыянальных эратаманаў”[8]. Пагодзімся з тым, што Ант.Адамовіч бываў залішне катэгарычным; напрыклад, ён трактаваў буйнейшыя творы Жылкі – “Уяўленне”, “Вершы спадзявання” і “Тэстамант” – як своеасаблівую нацыянальна-эратычную трылогію [9].

Верш Жылкі “Марта” паводле евангельскага сюжэта таксама прыцягнуў увагу даследчыкаў ідэяй сутыкнення “красы зямной і нябеснай”. Гэтую ідэю У.Калеснік назваў тыцыянаўскай; ён прыгадаў, дарэчы, шлюбы з сялянкамі С.Выспянскага, Л.Рыдэля, В.Тэтмаера (апошнім Жылка захапляўся) і зазначыў, што “кантрастнае сутыкненне “нізкай” эротыкі з экзальтаванай духоўнасцю можа навесці на аналогіі з улюбёнымі штампамі парнасцаў і неарамантыкаў”[10]. У 1996 г., развіваючы свае думкі, У.Калеснік гаварыў пра “прынцыповы паказ прыцягальнасці брыдкіх, нязграбных, але перапоўненых вітальнасцю жанчын на мужчын-антыподаў”; пра тое, што ў вершы “Марта” Жылка свабодна асэнсаваў евангельскі тэкст: паэт “толькі раз назваў імя прыгожай Марыі, а псіхалагічна глыбока падышоў да ўздзеяння на мужчын цялеснага прыцягнення Марты.” У.Калеснік робіць слушную выснову: “Сцверджанне красы ў будзённым было для Жылкі набліжэннем да беларускай паэтычнай традыцыі, якая знаходзіла своеасаблівую красу ў працы мужыка і яго жаданні стаць чалавекам”[11].

Даследчыкі творчасці Жылкі адзінадушна заўважаюць у ёй французскія ўплывы, найперш – паэзіі Бадлера. Пачаць трэба з таго, што Жылка, услед за М.Багдановічам, актыўна распрацоўваў анталагічную традыцыю ў беларускай паэзіі (нават напісаў свой “Помнік” паводле оды Гарацыя). Жылкавы “Гекзаметры”, “Пентаметры” прыўлашчваюць адпаведныя гэтым жанравым формам антычныя матывы. Увогуле ў спадчыне Жылкі прадстаўлены амаль усе цвёрдыя вершаваныя формы[12]. Асабліва захапляўся Жылка сярэднявечнай французскай лірыкай. (Вядома, што са сваёй будучай жонкай, Рымай Маневіч, ён нават ліставаўся летам 1928 года па-французску; Рыма была студэнткаю музычнага вучылішча, дзе Жылка выкладаў замежныя літаратуры.) Жылкавы virelai (вірэле) і (ле) lai падрабязна каментуе Ант.Адамовіч, суадносячы верш “Virelai” з узорам Жано дэ Лескюраля, французскага паэта канца ХШ ст.

Што да Бадлера, то гэтым аўтарам, па сведчанні блізкіх сяброў[13], Жылка цікавіўся надзвычайна. У своеасаблівы цыкл “красак зла” вылучае Ант.Адамовіч Жылкавы вершы “Альбігоец”, “О, гэта…”, “Каму жыццё…”; ніжэй бадлераўскія матывы падкрэсліваюцца ў вершы “На эміграцыі”. Даследчык вылучае нават канкрэтныя вобразныя паралелі да верша “Каму жыццё…” з Бадлеравых “Красак /Кветак/ зла”: вершы ХП, ХХХШ, СХLVI. Ант.Адамовіч не пагаджаецца з Ю.Бярозкам, крытыкам “Узвышша”, які бачыў у названых вершах Жылкі ўплывы В.Брусава[14]. Адамовіч піша: “…барджэй і ў Брусава, і ў Жылкі тут толькі супольная крыніца ўплыву – Бадлер (дарэчы, Брусавым Жылка наогул ніколі не захапляўся)”[15].

Сапраўды, алюзійна звязанымі з творчасцю Бадлера бачацца найперш вершы “Альбігоец” і “Смяротны пах”; у апошнім У.Калеснік знаходзіў “бадлераўскую прыдумку” – ідэю “вызвалення дабра цераз зло, хараства цераз смерць”[16]. Цікава, што паслядоўны Ант.Адамовіч, каментуючы верш “Альбігоец”, нават абараняе Жылку ад магчымых крытыкаў-апанентаў тымі словамі, якімі некалі абараняў Бадлера Тэафіль Гацье: гэта словы пра тое, што блюзнерства не ў прыродзе Бадлера /чытай – Жылкі/, што “адмаляваны ва ўсім яго трыумфе шайтан” паказваецца паэтам напэўна без усякае ласкі, што грэх для паэта заўсёды злучаны з найвялікшаю пакутай [17].

У.Калеснік таксама звязвае “Альбігойца” з эстэтыкай Бадлера. Але не толькі. Пішучы пра Жылку ў Вільні, пра славутыя віленскія “базыльянскія муры” (былы святатроіцкі манастыр, у ХVП ст. аддадзены уніятам-базыльянам, а ў ХІХ-м – ператвораны рускім царом у турму), У.Калеснік прыгадвае вязняў гэтых муроў: Адама Міцкевіча і яго сяброў, філаматаў. Тут нарадзілася “блюзнерства” вялікага Міцкевіча супраць Бога, “які натхнёнаму рамантыку выдаваўся халодным рацыяналістам, класікам, нячулым на боль і пакуты яго зняволенага народа. Так паўставаў польскі рамантызм, – заключае У.Калеснік, – у базыльянскіх мурах – калыска месіянскай ідэі рамантыкаў”[18]. У.Калеснік слушна змяшчае пафас Жылкавай паэзіі ў пазначаны кантэкст.

Своеасаблівае, паэтычнае месіянства на мусульманскі ўзор выявілася ў выдатных Жылкавых “Вершах аб Вільні”. Блізкі Жылку І.Канчэўскі ў сваім эсэ “Адвечным шляхам” (Вільня, 1921 г.) ясна паказаў, наколькі чужое беларускаму менталітэту артадаксальнае месіянства. Але Жылка творыць паэтычную містэрыю. Зварот паэта да мусульманскай сімволікі У.Калеснік слушна звязаў з рамантычнай традыцыяй: з яе цягай да арыентальнай экзотыкі. Антон Навіна (Луцкевіч) у 1929 г. так расчытваў сімволіку “Вершаў аб Вільні”: “Меккай выдаецца нашаму песняру тая Вільня, з якой сёння беларуская ідэя аказалася прымушанай уцячы ў Медыну – Мінск. Але паэт пэўны, што зорны час беларускага Адраджэння настане” [19].

Іншакультурныя рэаліі – Каран, месяц Рамадан, Кааба, інш. – дапамагаюць Жылку стварыць надзвычай яркі паэтычны вобраз. Гэтая выснова суадносіцца з усёй творчасцю Уладзіміра Жылкі.


 

Літаратура

  1. Калеснік У. Краса і воля. Паводле перапіскі У.Жылкі і А.Луцкевіча // ЛіМ. 1991. 31 мая. С. 7.
  2. Жылка Ул. Выбраныя творы / Укладанне, прадмова і каментарыі М.Скоблы. – Мн.: «Беларускі кнігазбор», 1998. – С. 161.
  3. Жылка Уладзімер. Творы. Да 20-х угодкаў сьмерці / Пад рэдакцыяй і з камэнтарамі Ант.Адамовіча. Ню-Ёрк, 1955. С. 11 – 12.
  4. Жылка Ул. Выбраныя творы, с. 41 – 42.
  5. Жылка Ул. Выбраныя творы, с.с. 114 – 115
  6. Жылка Ул. Выбраныя творы, с.с. 142 – 148.
  7. Калеснік У. Ветразі Адысея. Уладзімір Жылка і рамантычная традыцыя ў беларускай паэзіі. – Мінск: «Мастацкая літаратура», 1977. – С. 219.
  8. Калеснік У. Ветразі Адысея, c.220.
  9. Гл. каментарыі Ант.Адамовіча да твораў Жылкі ў вышэйназваным Нью-Ёркскім выданні, с. 67 – 68.
  10. Калеснік У. Ветразі Адысея, c. 245.
  11. Калеснік У.А. Лёсу наперакор // Беларуская літаратура: У святле новых фактаў і назіранняў / Вучэбны дапам. Вып. 1. Брэст, 1996. – С.с. 14 – 15.
  12. Гл.: Сенькавец У.А. Беларускі санет 20 – 30-х гадоў // Беларуская літаратура: У святле новых фактаў і назіранняў. – С. 223.
  13. Краскоўская Л.І. З успамінаў пра паэта // ЛіМ, 1990. – 15 чэрв. – С. 6.
  14. Гл. часопіс “Узвышша”, 1929, № 2, с. 162.
  15. Жылка Уладзімер. Творы, c. 78.
  16. Калеснік У. Ветразі Адысея, c. 223.
  17. Гл. дакладнае цытаванне Гацье Ант.Адамовічам у кн.: Уладзімер Жылка. Творы, c. 75.
  18. Калеснік У. Ветразі Адысея. С.95. У.Калеснік адсылае да: A.Mickiewicz. Dziela. W-wa: “Czytelnik”, 1955. Т. 3. S. 166.
  19. Навіна А. Адбітае жыцьцё. Кніжка І. Вільня, 1929. – С. 136.

Друкавалася [у]: Сінькова Л. Іншакультурная прысутнасць у творчасці У.Жылкі // Славянскія літаратуры ў кантэксце сусветнай, Мінск, 1998;

Сінькова Л.Д. Паміж тэкстам і дыскурсам: Беларуская літаратура ХХ – ХХІ стст. : гісторыя, кампаратывістыка і крытыка (літаратурная крытыка, артыкулы, гутаркі) / Людміла Сінькова. – Мінск : Паркус плюс, 2013. – С. 48 – 52. (296 с.)