Вобраз аўтара ў мастацкім тэксце выразна і непасрэдна выяўляецца ў форме эсэ. Гэтая жанравая форма робіцца ўсё больш запатрабаванаю – як у мастацкай літаратуры, так і ў журналістыцы. Сучаснае грамадства ўсведамляе сябе не толькі праз “мы”, якое ў былым лічылася найважным. На першы план выходзіць “я”, і значнасць такога пазіцыявання робіцца відавочнай ва ўсіх дыскурсах. Разам з гэтым крытэрыі для вызначэння эсэ доўгі час заставаліся няпэўнымі, так што ў актуальным ужытку сам тэрмін і адпаведныя тэксты вельмі часта страчвалі і страчваюць выразныя жанравыя абрысы [напрыклад, 1, с. 83 – 93]. У свой час Б.В.Стральцоў, вызначаючы новыя тэндэнцыі ў журналістыцы на мяжы 1980-х – 90-х гадоў, уважліва прааналізаваў “гісторыю пытання” і прыйшоў да высновы: “Essai” (лексема і назва кнігі Мішэля Мантэня) разглядаецца і як самастойны жанр, і як разнавіднасць нарыса [12, с. 49], але ва ўсякім разе гэты жанр мае вялікія перспектывы. Час пацвердзіў такі прагноз. Традыцыйна эсэ, адгаліноўваючыся ад лірычнай прозы, развіваецца ў рэчышчы прозы дакументальна-мастацкай, аўтабіяграфічнай. Характэрнае менавіта для беларускай літаратуры эсэ захоўвае выразныя сувязі з нарысам (У.Караткевіч, “Зямля пад белымі крыламі”), з літаратуразнаўчым (М.Стральцоў, “Загадка Багдановіча”) або з публіцыстычным (В.Казько, “Паміж цюленем і акрабатам”) артыкулам. Ёсць у нашай літаратуры і апавяданні-эсэ (Я.Брыль, “Гуртавое”), аповесці-эсэ (В.Карамазаў, “Глядзіце ў вочы лемуру”), раманы-эсэ (А.Лойка, “Як агонь, як вада…”). Узмоцненая суб’ектыўнасць, выразны пафас і сюжэтна-кампазіцыйная адвольнасць характэрныя таксама для прозы Л.Дранько-Майсюка (апавяданне-эсэ “Анёлак і я”, аповесць-эсэ “У Вільні і больш нідзе”, нарыс-эсэ “Горад Боны і Давыда”, інш.). Некаторыя свае тэксты Л.Дранько-Майсюк вызначыў (у падзагалоўках) як “ego-essai”, або нават “прозапаэзія” [9, с. 198; 2, с.169]. Такое вызначэнне стасуецца з наступнай выразнай тэндэнцыяй у сучаснай прозе: асоба аўтара настолькі вылучаецца сучаснымі пісьменнікамі, што даследчыкі і творцы ў сваіх дыскусіях гавораць пра “эгаістычны эсэізм” (С.П.Залыгін) як пісьменніцкую жанравую скіраванасць [11, с. 19].

З пункту гледжання тэорыі “я” ў эсэ (“ego-essai”) “пазбягае вызначэння і не задаецца выразна ў якасці прадмета апісання; <…> “Я” не з’яўляецца тэмай, падобнай усім астатнім, яно можа быць ахоплена як цэлае менавіта таму, што яно само ўсё атачае і далучае да сябе…” [14, с. 124]. Такім чынам, жанравая форма эсэ вызначаецца праз наступны крытэрый: “…аўтарскае “я” ў эсэістычнай прозе з’яўляецца суб’ектам мастацкага разгляду” [13, с. 23]. Ва ўсіх астатніх   аўтабіяграфічных літаратурных формах (а гэта мемуары, дзённікі, аўтабіяграфія, эпісталярый, нататкі, запіскі, запісныя кніжкі) – аўтарскае “я” “адначасова выконвае ролю як суб’екта, так і аб’екта” [13, с. 23].

Апавяданні-эсэ Л.Дранько-Майсюка пад адной вокладкай з’явіліся ў другой палове 1980-х гадоў, у кнізе “Тут” (1990). Змешчаныя ў гэтым зборніку (разам з вершамі) лірычныя замалёўкі, звязаныя з Давыд-Гарадком, і падарожныя нататкі – па Бельгіі, Польшчы, Славакіі, Заходнім Берліне – ужо тады вызначаліся своеасаблівасцю аўтарскага “я”. Апавядальнік, вельмі блізкі да рэальнага аўтара, наладжваў адмысловае сумоўе з чытачом. Яно адбывалася ў тэкстах: “У Тваім гарадку” (з прысвячэннем бацьку), “У Варшаве” (з прысвячэннем М.Ф.Дубянецкаму), “Паэт і вандроўныя акцёры”, “На радзіме Ціля Уленшпігеля”, “Вандроўка ў Татры і дзве постаці спевака”, “Анёл згоды”, “Адзін радок Гётэ”. Ва ўсіх названых вышэй творах у большай ці меншай ступені выявілася схільнасць Л.Дранько-Майсюка да эсэ як дыскурсу.

“Анёл згоды” – першы з твораў пра Давыд-Гарадок. Пракаветнае, перажытае мясцовым людам і за польскім, і за савецкім часам, побыт і душа мястэчка, яго рака і царква, свята і будзень, – усё спазнанае, што будзе як тэма развівацца ў пазнейшай прозе, пазначана ўжо тут. “Ідзеш па вуліцы Камунальнай, а сэрца падказвае, што ідзеш ты па «Осэліцы», павернеш на Свярдлова і адразу ўспамінаеш, што гэта «Радзічы»” [9, с. 180]; “І чым больш мною авалодвала жаданне пісаць, тым болей назапашвалася прага ўвайсці ў мінулае, як у сад, хоць бы ў тое, недалёкае мінулае, якое хавалася ў магічным выразе – «за польскім часам»” [9, с. 182].

Апавяданне ў “Анёле згоды” вядзецца пераважна ад першай асобы, і гэта найбольш непасрэдная аўтарская пазіцыя (а не роля, якая магла б выразна адрознівацца ад аўтара). Узнёслае пісьмо дамінуе, але апавядальнік не адрываецца ад свету рэальных рэчаў, з’яў, падзей. Так, ён прызнаецца: “Мусіць, шкодзіць мне трохі ідэалізацыя даўняга, бо абрысы мінулага ўяўляюцца серабрыста-воблачнымі і трохі пахіленымі долу, як сівая галава майго бацькі…” [9, с. 185].

Увогуле ў прозе з кнігі “Тут” аўтарскае “я” спакваля па-эсэісцку размывалася. Яно траціла сваю аб’ектнасць на карысць іншых элементаў тэксту. Аўтар вельмі часта прамаўляў да свайго героя на “Ты”, або да чытача – на “Ты”, “Мы”, “Вы” ў значэнні “я”.

Нас цікавіць паэт, ягоная адпаведнасць прыродзе, гісторыі, і цікавяць разумовыя вытокі мастацкага мыслення” [9, с. 115]; “Паверым слову паэта…” [9, с. 117]; “Наведаўшы Бельгію, Вы зразумелі – гэта краіна, якая не экзатычна здзіўляе, а проста запамінаецца” [9, с. 127]; “У сне Вы ўбачыце самыя нечаканыя спалучэнні шагалаўскіх фарбаў” [9, с. 136]; “Ты выйшаў з музея на Лансштрасэ. Цябе нібыта вынялі з вялізнага бяздоннага куфра” [9, с. 199]; “Табе драпежна ўсміхаліся рытуальныя маскі жыхароў Акіяніі… З рускай парцаляны на саксонскую грацыёзным ланцужком пераляталі японскія журавы – жывыя іерогліфы прыроды, несучы на тонкіх крылах спрадвеку далікатныя вішнёвыя пялёсткі. Журавы праляцелі праз цябе, як праз воблака, і ты нават не варухнуўся” [9, с. 199-200].

У кнізе “Тут” Л.Дранько-Майсюк так бачыў сваю стылёвую задачу: “Мэтаімкнёны стасунак фантазіі да ўласнага на паперы слова і ёсць мастацкае мысленне” [9, с. 118]. У гэтым плане, напрыклад, цалкам лагічнай з’яўляецца паэтыка   апавядання-эсэ “На радзіме Ціля Уленшпігеля” (1986). У ім акцэнт быў зроблены на маляўнічасці, кідкасці ўражанняў з падарожжа аўтабіяграфічнага героя па Бельгіі, а таксама на супастаўленні чужога і свайго праз асацыяцыі і рэфлексію. (Як аддалены кантэкст тут можна прыгадаць падобныя падарожныя нарысы-справаздачы, – канешне, больш публіцыстычныя, – савецкіх часоў, што пісаліся беларускімі літаратарамі пасля наведванняў замежжа.) Чытачу прапанаваны своеасаблівы калейдаскоп з хуткай зменай яскравых малюнкаў. Тут ёсць усё: “Сляпыя” Метэрлінка, Шарль дэ Кастэр, Ціль Уленшпігель, Нэле, Ламэ Гудзак, карціна Пітэра Брэйгеля-Сялянскага “Перапіс у Віфлееме”, навела Яраслава Івашкевіча “Ікар”, Ян Ван Эйк, Рубенс, палотны Маркі [так у Л.Дранько-Майсюка. – Л.С.] Шагала, фавісты, Маціс, Апалінэр, акадэмік Ліхачоў, Андрэ Маруа, Астэндэ – радзіма Джэймса Энсара, Дзінан – радзіма Адольфа Сакса, які ў 1845 годзе вынайшаў саксафон, цытаты з Ахматавай, Ясеніна і Верхарна, гарады Турнэ і Бурге, Гент, Фландрыя, франкамоўная Валонія, Антверпен, Брусель, Каралеўскі пляц, вуліца Рэгентаў, царква святога Аўгусціна і святая Капэла, Намюр, Турнэ, Льеж, вуліца дэ Маршэ – месца “чырвоных ліхтароў”, Кутаісі, “арабскае пытанне”, Лівія, Кадафі, пасольства ЗША ў Брусэлі, зброя для асабістага карыстання, Льеж, Ватэрлоо, Напалеон Банапарт, НАТО, Ватыкан, таварыства “СССР – Бельгія”, Гамбрынус – казачны фламандскі кароль і вынаходнік піва, 600 франкаў за брусельскія карункі для кішэннай хустачкі, Sint Joris, што па-беларуску будзе значыць Святы Юр’я, і шмат іншага. Усе гэтыя і падобныя рэаліі існуюць цалкам адвольна, так што апавядальніцкая кропка, якая пазначае заканчэнне твора, магла быць пастаўлена ў любым мсецы.

Але ў традыцыйна-лірычным вершы, напісаным пра тое ж падарожжа, лірычны герой аказаўся і больш пазнавальным, і бліжэйшым чытачу:

У гэтай цемрадзі густой, / У гэтай цемрадзі дажджлівай / І мне патрэбны – крэсла, стол / І куфаль сонечнага піва. // У гэтых вулках і дварах, / У горадзе фламандскім гэтым / І мне патрэбен цёплы дах / І ўтульны водар цыгарэты. // <…> Я нібы птушка, для якой / І ў цемры шлях ляжыць дадому, / Якая ў далечы чужой / Шукае на гняздо салому” [9, с. 158].

Карацейшая дыстанцыя паміж лірычным героем і чытачом тут невыпадковая. Паэтыка гэтага верша, паэтыка лірыкі засяроджана якраз на аўтаравым “я”, і сваёй аб’ектнасцю яно кантрастуе з эсэйнай суб’ектнасцю апавядання “На радзіме Ціля Уленшпігеля”.

Заключнае з апавяданняў у кнізе “Тут” – эсэ “Адзін радок Гётэ”. Якраз яно было ўпершыню пазначана аўтарскім падзагалоўкам “ego-essai”. Сапраўды, сабраныя пад гэтай назвай кароткія занатоўкі і абразкі фіксуюць выключна адвольныя, у вялікай ступені выпадковыя ўражанні, адчуванні, рэфлексіі суб’екта, чыё “я” таксама плыткае: “Не, гэта не зусім ты. Гэта ў табе разважае нехта пабочны, магчыма, твой двайнік…” [9, с. 198]; “І ўсё ж у нейкія шчаслівыя моманты ты забываеш свайго двайніка, пакідаеш спрачацца і проста думаеш” [9, с. 202].

Новыя ўзоры традыцыйнага для паэта “эгаістычнага эсэізму” датуюцца 1990-мі гадамі: гэта “Ратаванне Грэцыяй” і “Стомленасць Парыжам” з кнігі “Акропаль” (1994).

У анатацыі да “Акропаля” падкрэслівалася, што ў гэтай кнізе Л.Дранько-Майсюка мы маем справу з паэтавымі “ўражаннямі, эмацыянальнымі фантазіямі, навеянымі вандроўкамі ў Грэцыю і Францыю”, з пэўным “культам еўрапейскага мастацтва”. Гэта сапраўды так. Паэт піша: “Як малое лашчыцца да маці, шукае абароны і цеплыні, так будзённая Еўропа – гэтае звышцывілізаванае дзіця – туліцца да святочнай Грэцыі, да яе прыцягальнай даўніны, ратуючыся ад духоўнай пагібелі” [2, с. 7].

“Ego-essai” (з лёгкім жанравым следам падарожнага нарыса і аповесці) “Ратаванне Грэцыяй” мае свой лірычны сюжэт са скразным матывам закаханасці: паэт і дзяўчына ляцяць у Грэцыю, “каб увайсці ў гэтую краіну, як у чыстую ваду…” [2, с. 11]. Тут, верыць паэт, дзяўчына забудзецца на свой паслячарнобыльскі страх кахаць, нараджаць; тут, у Афінах, Дэльфах, Пірэі, ля Кастальскай крыніцы – валадарства Апалона на Парнасе, – ад іх сплывуць папярэднія “бяссонныя ночы і галаваскрутныя дні”. На Парнасе ім згадаецца наш “вясёлы палясоўшчык Тарас”, на беразе Карынфскага заліва яны пабудзяць кучаравага Эрота, а ля вечназялёных міжземнаморскіх лаўраў паэт працытуе радкі Уладзіміра Дубоўкі пра “поўдзень, у лаўры спавіты…” [2, с. 16].

Менавіта ў гэтым эсэ Л.Дранько-Майсюк выразна акрэсліў адзін з вытокаў свайго таленту: “Тысячы феерычных слоў нараджаюцца ўва мне, тысячы неверагодных вобразаў. І ўсё гэта адначасова. Я разгублены, я згубіў іхнія таленавітыя пачаткі і геніяльныя завяршэнні [падкрэслена мною. – Л.С.]. Як у неахопнай гісторыі Старажытнай Грэцыі вельмі цяжка адрозніць міф ад праўды, а праўду ад легенды <…>, так зараз і ў маёй душы зусім немагчыма сапраўднае аддзяліць ад прыдуманага, вымаўленае ад напісанага. Немагчыма!” [2, с. 9].

Аналагічнай імпульсіўнай паэтыкай вызначаецца і аўтабіяграфічная аповесць-эсэ, “ego-essai” “Стомленасць Парыжам”. Яна складаецца з кампазіцыйна вылучаных 16 раздзелаў, што, аднак, не вельмі істотна падзяляе феерычную вобразную плынь цэлага аповеду. Аўтарская рэфлексія афармляецца то ў прымроеныя сцэнкі (прычым неабавязкова “французскія”: напрыклад, мроя аўтара пра вуліцу Койданаўскую ў Менску, дзе “юны нячэсаны маладняковец з папяроскаю за чырвоным вухам і чырвоным касніком на грудзях лаяў Змітрака Бядулю, а побач з маладнякоўцам стаяла чарнявая маладнякоўка і таксама нешта пагрозліва выкрыквала”… [2, с. 101]); то ў метафарычныя малюнкі, то ў перыфразы і афарызмы. Так, у розных кантэкстах паўтараецца думка пра тое, што “хутка Парыж будзе разбураны”: гурма вясёлых афрыканцаў на парыжскім бульвары, у атачэнне якой трапіў паэт, падаецца яму Чорным акіянам, што “ілюструе сабою няўхільнае дэмаграфічнае ператварэнне Еўропы ў Афрыку” [2, 124]. Парыжу як сімвалу традыцыйнай еўрапейскай культуры пагражае таксама “стагоддзе суцэльнай мастацкай галечы, пара камп’ютэрных пачуццяў”… [2, 107]. Зрэшты, плынь рэфлексіі няспынная і вельмі зменлівая, у ёй лёгка знаходзіцца і супакаенне: “Мяне аблягае ноч, але мне свеціць вежа Эйфеля – начны таршэр Парыжа” [2, 117].

Знітоўваецца тэкст пастаяннымі зваротамі апавядальніка да постаці, творчасці Гіёма Апалінэра. Пачынаецца “Стомленасць Парыжам” з абразка ва ўяўным цягніку, што вязе Апалінэра на вайну, і заканчваецца развітаннем з бюстам паэта работы Пікасо, які знік са свайго пастаменту. За раздзелам “Пасляслоўе” змешчана выдатнае прысвячэнне класіку – вершаваная нізка “Guillaume Apollinaire”, з яе апошняй бязлітаснай страфой (вынесенай і ў эпіграф да ўсёй нізкі): “Чым кроў паможа? Мусіць, што нічым, / Адно што здзейсніць даўнія намеры / Мець грамадзянства, каб сысці затым / З французскім пашпартам да Люцыфера” [2, с. 188].

Падобны эсэістычны характар маюць тэксты з пазнейшых кніг “Анёлак і я” (2009) і “Кніга для спадарыні Эл” (2012): “Нервовы раман”,   “Еўропа – дзяцінства”, “Водар вільготнага траўня”, “Характар Арменіі”. Апошні твор вылучаецца сур’ёзнасцю асобнай мастацкай задачы (якую аўтар вырашыў): суаднесці спецыфіку армянскага нацыянальнага характару з нашым, беларускім.

Першы раздзел апавядання-эсэ “Анёлак і я” – улюбёнае падарожжа, толькі маленькае: па мінскіх сучасных і ўжо няісных вуліцах і завулках, з успамінам пра птушыныя спевы, з масткамі, на якіх герой згадвае беларускую літаратурную класіку, слухае скрыпку (“тужлівую мелодыю Глебава… любімы танец Маленькага прынца з Ружай”), і ўсё ж увесь час вяртаецца ў думках да   “гламурнай N”, з якою звязаныя гаркота і расчараванне. У другой частцы апавядання герой сустракаецца з хлопчыкам-Анёлкам, малым паэтам, вартаўніком хуткаплыннага ручая, ля якога хлопчык чакае сваю далёкую маці. Апавядальнік (ён творца, пісьменнік) чароўным чынам дапамагае гэтай мары спраўдзіцца. А затым прозапаэтычны лад тэксту звязваецца з выявамі зусім непаэтычнай рэальнасці: насамрэч маці хлопчыка працуе ў Польшчы і забярэ туды з сабою сына, яго бацька-трактарыст моцна п’е, уся сям’я і гаспадарка трымаюцца на самавітай бабулі Анёлка. Малюнак невясёлай, але з доляю гумару акрэсленай рэчаіснасці дапаўняецца сцэнай у местачковым кінатэатры, дзе падлеткі захоплена каментуюць прымітыўныя фільмы, якія вучаць адно жорсткасці і хамаватым паводзінам. У заключным раздзеле апавядання аўтар ізноў вяртаецца да паэтычнай рэфлексіі, да маналога, адрасаванага адоранаму хлопчыку, “новаму Сымону-музыку”, бо найперш талент беларуса супрацьстаіць заняпаду.

Між тым у 1990-я гады Л.Дранько-Майсюк упершыню паспрабаваў рэзка змяніць свой эсэістычны дыскурс – на сказавую манеру.

Паэт напісаў цэлы шэраг апавяданняў, у якіх з’явіўся выразны наратар. Яны былі аб’яднаныя ў кніжку “Пра тое, як я…” (1992), з падзагалоўкам “13 несур’ёзных апавяданняў” . Гэта быў вопыт непасрэднай распрацоўкі сацыяльна-палітычных тэм: смелы і дасціпны, па задуме – саркастычны. Пазней колькасць апавяданняў такога кшталту вырасла. У 1995 г., напрыклад, з’явіліся творы “Пра тое, як я пасля рэферэндуму на шпацыр выйшаў”, “Пра тое, як я на Дом без балконаў паглядзець захацеў”, інш.. Аднак новая стылістыка не заўсёды выглядала арганічнай для апавядальніка. Сказавым героем тут зрабіўся пэўны сучасны “дзядзька ў Вільні”, дзівакаваты жыхар Мінска, пісьменнік, за чыімі ўяўна-прастадушнымі развагамі чыталіся аўтарская іронія і сарказм. Маўленне наратара, напрыклад, у апавяданні “Пра тое, як я на Дом без балконаў паглядзець захацеў”, цалкам супрацьлеглае ўстойліваму індывідуальнаму стылю Л.Дранько-Майсюка. “Дзіўнага тут нічога нямашака, што раніцы аднае мне на Дом без балконаў паглядзець захацелася…” [8, с. 39]. Але натхненне да наратара-пісьменніка не прыйшло, таму, апавядае ён, “мусіў я хлопчыка з гусаком аднаго ў фантане пакінуць і на вуліцу спадара Карлы выбірацца”. Тут ля будынка бібліятэкі захацелася яму звярнуць на сябе ўвагу дзяўчыны-студэнткі: “падступаю па-балетнаму, камплімугу з сябе выштурхоўваць пачынаю, а студэнтка на ўсе мае штукі фліртовыя раптам прамаўляе заклапочана: “У вас на задзе штаны ці то ў ваксе, ці то ў сажы!” [8, с. 39]. Урэшце “прыгоды” персанажа заканчваюцца поўным швахам, бо студэнтка, як і сімпатычная пісьменніку жанчына-“бальзакаўка”, аказваюцца дужа пільнымі, “вайсковаабавязанымі” грамадзянамі і цягнуць героя да міліцыі. Гэтая спроба Л.Дранько-Майсюка пісаць у сказавай манеры была цікавым вопытам; аднак умоўнасць нескладаных сюжэтаў, знарочыста-інверсійная, аднатыпная па сінтаксісе мастацкая мова аўтара панізілі вартасці “несур’ёзных апавяданняў”. Іронія і крытыка, тым не менш, захаваліся – у навейшых сюжэтных гісторыях (а значыць, больш блізкіх да лірычнай прозы, чым да эсэ) пра апантанага гульца ў казіно Каморына і пра далікатнага Пісьменніка, чыя інтэлігентнасць у калядную ноч выпрабоўваецца сямейнікамі, абрабаваным шабашнікам, бамжом і міліцыянерам (тэксты пад агульнай назвай “Калядныя апавяданні” [6, с. 30 – 39]).

У сюжэтах “Аляксей Нічыпорка і Рудольф Гес”, “Штабс-фельдфебель Брукман” Л.Дранько-Майсюк вельмі эмацыянальна піша пра беларусаў і немцаў у ліпені 1941 г.. Больш адметнае з названых апавяданняў – першае. Гэта гісторыя пра дзеда пісьменніка, давыдгарадоцкага бондара Аляксея Нічыпорку і яго сям’ю, землякоў, а таксама пра фанатычнага нацыста Геса, народжанага ў Егіпце, адукаванага ў Швейцарыі, які ў гады Першай сусветнай вайны быў лётчыкам-асам у падначаленні Герынга, затым намеснікам Гітлера па партыі. У апавядальніцкім кантрапункце суадносяцца дзве сюжэтныя лініі; пры гэтым аўтар не хавае свайго эмацыянальнага ўзрушэння, пазначаючы тэкст падзагалоўкам “Паэма”.

У перадваенным Давыд-Гарадку Аляксей Нічыпорка стараецца хутчэй дарабіць бочку шкляра Нахіма Машэевіча і дзежку каваля Лезара Пейсаховіча, бо Аляксею вельмі патрэбныя грошы на лекі, выпісаныя бальшавіцкім лекарам для ягонай хворай пяцігадовай дачкі Волькі. Заказчыкі ж, разумеючы гэта, наперад нясуць бондару грошы за недаробленыя заказы. Прося, жонка Аляксея, бяжыць у аптэку, але яе гаспадар Капліньскі арыштаваны, у аптэцы ператрус… Л.Дранько-Майсюк называе канкрэтную дату, зафіксаваную ў сямейных хроніках: 7 ліпеня 1941 г. у мястэчка прыходзяць немцы. Прося нясе Вольку ўжо да іхняга лекара – ды позна. Дзяўчынка памірае. Яе хавае Прося з дочкамі Ганнай і Любай (будучай маці Л.Дранько-Майсюка).

Тым жа часам “паўз могілкі конныя эсэсаўцы гналі забіваць шкляра Нахіма Машэевіча і каваля Лезара Пейсаховіча. І ўслед за імі гналі ў яму яшчэ сотні такіх як яны шкляроў, кавалёў, краўцоў, гарбароў, кушняроў, рымараў, крамнікаў, шаўцоў… Пахаваўшы Вольку, Ганна і Люба бегалі глядзець у тую яму і на ўсё жыццё запомнілі: чалавечая кроў не тоўпілася ў глыбокім доле і вылівалася з яго, як з вялізнай, перапоўненай балеі. Ах, Божа ж, ты мой…” [3, с. 221 – 222] Заканчваецца гэтая сюжэтная лінія сімвалічным малюнкам: глухі, нямоглы дзед Максім выносіць самую меншую ўнучку-немаўля Валю ў двор, кладзе яе спаць у сасновыя стружкі і, перахрысціўшы дзіця, бярэцца “дарабляць Нахімаву бочку, каб за ёю дарабіць і Лезараву дзежку” [3, с. 222].

У другой сюжэтнай лініі асэнсоўваюцца таксама рэальныя падзеі: гісторыя авантурнага пералёту Геса з Германіі ў Вялікабрытанію, праз акіян на “Месершміце” з палівам у адзін канец, каб заключыць сепаратны мір паміж арыйцамі – немцамі і англічанамі. Расіст Гес лічыў, што арыйцы не павінны ваяваць паміж сабой; іх агульная мэта – вайна супраць СССР. Вядома, што 10 траўня 1941 г. пералёт спраўдзіўся, але англічане Геса арыштавалі, і з турмы (Таўэр, Нюрнберг, Шпандау) ён ужо не выйшаў (памёр або быў забіты ў 1987 г.). Адразу ж пасля арышту Геса міністр гітлераўскай прапаганды Гебельс па загадзе фюрэра абвясціў Геса вар’ятам.

Л.Дранько-Майсюк узнаўляе ў сваім апавяданні красамоўныя факты з біяграфіі Геса праз яго ўнутраныя маналогі, акцэтнуючы поўную ўладу фашысцкіх сацыяльных міфаў над свядомасцю персанажа. Параза Рудольфа Геса трактуецца як абсалютная параза расізму і фашызму, якім супрацьпастаўлена чалавечнасць і хрысціянская мараль вонкава сціплых жыхароў палескага мястэчка.

Такім чынам відавочна, што апавядальнік у прозе Л.Дранько-Майсюка заўсёды адзін – аўтабіяграфічны: напрыклад, у яскравых апавяданнях-эсэ (з нярэдкімі жанравымі адсылкамі да падарожнага нарыса) “Паэт і вандроўныя акцёры”, “На радзіме Ціля Уленшпігеля”, “Вандроўка ў Татры і дзве постаці спевака”, “Анёл згоды”, “Анёлак і я”, “Хлопчык і яго бацькі”, “Водар вільготнага траўня”, “Характар Арменіі”, а таксама – у “Нервовым рамане”. Аўтарскае “я” ў гэтых творах з’яўляецца суб’ектам мастацкага разгляду, што і вызначае іх менавіта як прозу-эсэ. Той жа манерай пазначаны і апавяданні з больш выразнай сюжэтна-фабульнай асновай: “Аляксей Нічыпорка і Рудольф Гес”, “Штабс-фельдфебель Брукман”, “Калядныя апавяданні”. У зборніку апавяданняў “Пра тое, як я…” Л.Дранько-Майсюк звярнуўся да традыцый сказавай прозы, класічныя ўзоры якой у 1920-я гады ў беларускай літаратуры стварыў Лукаш Калюга. Роля наратара, якую выканаў аўтар, атрымалася адметнай, паспрыяла выяўленню сатырычнага пафасу. Аднак гэты вопыт пацвярджае, што творчая індывідуальнасць Л.Дранько-Майсюка больш вольна рэалізуецца ў прозе эсэістычнай. У ёй могуць спалучацца асобныя рысы аўтабіяграфіі, нарыса, дзённіка, споведзі, але самай важнай застаецца свабода творчага “я”, скіраваная да аб’ектаў адлюстравання. Найбольш паслядоўна такая жанравая скіраванасць выяўлена ў “ego-essai” “Адзін радок Гётэ”, “Ратаванне Грэцыяй”, “Стомленасць Парыжам”, “Еўропа – дзяцінства”. І як бы ні імкнуўся Л.Дранько-Майсюк дысцыплінаваць, навелістычна белетрызаваць свае сюжэты, яны “супраціўляюцца” і застаюцца ў рэчышчы цалкам імпульсіўнага эсэістычнага дыскурсу.

Літаратура

  1. Акудовіч, В. Разбурыць Парыж / В.Акудовіч. – Мінск: Логвінаў, 2004. – 298 с.
  2. Дранько-Майсюк, Л. Акропаль: Паэзія. Эсэ / Л.Дранько-Майсюк. – Мінск: Маст. літ., 1994. – 190 с.
  3. Дранько-Майсюк, Л. Аляксей Нічыпорка і Рудольф Гес // Сучасная беларуская проза: Традыцыі і наватарства / Уклад. Ул.Сіўчыкава, М. Тычыны. Прадм. М. Тычыны. – Мінск: Сэр-Віт, 2003. – С. 214–222.
  4. Дранько-Майсюк, Л. Анёлак і я: апавяданне / Л.Дранько-Майсюк / Рэд. Э. Акулін; уступн. слова Ул.Някляева. – Мінск: Галіяфы, 2009. – 96 с.
  5. Дранько-Майсюк, Л.Апавяданні / Л.Дранько-Майсюк // Крыніца. – 1995. – № 10. – С. 36 – 42.
  6. Дранько-Майсюк, Л. Калядныя апавяданні / Л.Дранько-Майсюк // Дзеяслоў. – 2004. – № 13. – С. 30 – 39.
  7. Дранько-Майсюк, Л. Кніга для спадарыні Эл: проза, вершы. П’еса / Л.Дранько-Майсюк. – Мінск: Кнігазбор, 2012. – 200 с. (Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў “Кнігарня пісьменніка”; вып. 27.)
  8. Дранько-Майсюк, Л. Пра тое, як я…: 13 несур’ёзных апавяданняў / Л.Дранько-Майсюк. – Мінск: Мастацкая літаратура, 1992. – 112 с.
  9. Дранько-Майсюк, Тут: Вершы, паэмы, эсэ / Л.Дранько-Майсюк.– Мінск: Маст. літ., 1990.– 214 с.
  10. Дранько-Майсюк, Л. У Вільні і больш нідзе / Л.Дранько-Майсюк // Дзеяслоў. – 2011. – № 3. – С. 5 – 33.
  11. Литература последнего десятилетия – тенденции и перспективы. Материалы «круглого стола» // Вопросы литературы. – 1998. Март-апрель. – С..3 – 82.
  12. Стральцоў, Б.В. Эсэ: ад жанру да метаду / Б.В.Стральцоў // Весн. Беларус. дзярж. ун-та. Сер.4, Філалогія. Журналістыка. Педагогіка. – 1993. –   № 2. – С. 49 – 51.
  13. Стральцова, В.М. Шлях да сябе: Сучас. аўтабіягр. проза як маст. сістэма / В.М.Стральцова. – Мінск: Бел. навука, 2002. – 112 с.
  14. Эпштейн, М. Законы свободного жанра / М.Эпштейн. // Вопросы литературы. – 1987. – № 7. –   С. 120 – 136.

Друкавалася [у]: “Ego-essai” Л.Дранько-Майсюка: вобраз аўтара / Жыццём і словам прысягаючы…, Мінск, 2012;

Сінькова Л.Д. Паміж тэкстам і дыскурсам: Беларуская літаратура ХХ – ХХІ стст. : гісторыя, кампаратывістыка і крытыка (літаратурная крытыка, артыкулы, гутаркі) / Людміла Сінькова. – Мінск : Паркус плюс, 2013. – С. 139 – 147. (296 с.)