STRESZCZENIE

W pracy L.Drańko-Majsiuka (ur. 1957) najważniejszy motyw to Piękno, apolliński początek. Poeta estetyczne stosuje się do wszystkich obiektów wyświetlanych. W stylu L.Drańko-Majsiuka jest odniesienie do estetyki baroku i secesji w Europie z 1920 roku. W 2000 r. w artystycznym języku pisarza ustaliły się ironia i sarkazm. Jednak L.Drańko-Majsiuk pozostaje zwolennikiem estetyzacji przyrody, kultury, miłości i historii i patriotyzmu, uczuć obywatelskich.

SUMMARY

The motives of Beauty are the most important in the work by L.Dranko Maysyuk (b. 1957). The poet esthetic applies to all display objects. The reference to the aesthetics of the Baroque and European modern of the 1920s is seen in the style of L.Dranko-Maysyuk. The irony and sarcasm appeared in his artistic language in the 2000s. However, in general, L.Dranko Maisyuk remains a supporter of the aestheticization of nature, culture, love, and history and patriotism, civic sense.

В творчестве Л.Дранько-Майсюка (род. 1957) самое большое значение имеют мотивы Красоты, аполлоническое начало. Поэт по-эстетски относится ко всем субъектам отображения. В стиле Л.Дранько-Майсюка заметна связь прежде всего с эстетикой барокко и европейского модерна 1920-х годов. В 2000-е годы в художественной речи писателя возрастают иронические и саркастические интонации. Однако в целом Л.Дранько-Майсюк остаётся приверженцем эстетизации природы, культуры, любви, а также истории и патриотических, гражданских чувств.

 

Леанід Дранько-Майсюк сцвердзіўся ў беларускім пісьменстве перадусім як эстэт, сцвярджальнік прыгажосці і гармоніі. Ён прыйшоў у літаратуру ў 1980-я гады (нар. у 1957 г.). Яго першы паэтычны зборнік, “Вандроўнік”, з’явіўся ў 1983 г. яшчэ ў дзяржаве СССР. Другі, “Над пляцам”, выйшаў у 1986-м, калі выбухнуў Чарнобыль, калі М.Гарбачовым актыўна вялася палітыка перабудовы і галоснасці, і за ёю ў 1989 г. найімкліва змяніліся межы цэлага шэрагу еўрапейскіх краін. Трэцяя кніга Л.Дранько-Майсюка, “Тут”, заспела пярэдадзень сцвярджэння новай дзяржаўнасці Беларусі – выйшла ў 1990 г. А ён аддаваў у друк у 1991-м такія тэксты: Паэт сказаў: “Стамляецца метал… / Святло стамляецца, і Апалон стамляецца, / Арлы стамляюцца, вартуючы амфал[1], / А хараство ніколі не стамляецца”[2]. Так фармуляваўся кірунак усёй яго далейшай творчасці: перадусім – апалогія красы[3].

Поруч з Л.Дранько-Майсюком прыходзілі да чытача з першымі кнігамі, напрыклад, А.Пісьмянкоў (“Белы камень”, 1983), І.Багдановіч (“Чаравікі маленства”, 1985), У.Арлоў (“Добры дзень, мая шыпшына”, 1986)[4]. Па ўзросце гэтыя пісьменнікі найблізка суседзяць з тымі, што ўвайшлі ў літаратурнае таварыства “Тутэйшыя”)[5]. І ва ўсім тагачасным шматгалоссі індывідуальнасць Л.Дранько-Майсюка безумоўна вылучалася. Вельмі хутка яго паэзія займела вялікую папулярнасць у чытачоў – якраз у другой палове 80-х; тады ж гарантавана пазнавальным зрабіўся і яго аўтарскі стыль.

На першы погляд, у гэтым стылі не было нічога незвычайнага, затое розныя пачаткі тут звязваліся ў спецыфічную цэласнасць. Так, творчасць паэта пачыналася як вельмі аптымістычная, але пры гэтым вольная ад савецкіх ідэалагічных метанаратываў. Пазней яна, здавалася, мала залежала ад рэзкага паслаблення цэнзуры (менавіта аксіялагічнай, а не палітычнай). Яна не была арыентаванаю на анатаміраванне экзістэнцыйнага тупіку, на паэтыку абсурду або на спецыфічную агрэсіўнасць мастацкага выказвання, уласцівую авангардызму ў ХХ ст. Самыя пазнавальныя рысы, якія вызначалі і сёння вызначаюць творы Л.Дранько-Майсюка, выглядаюць хрэстаматыйнымі: гэта ўсё тая ж ідэя апявання красы, патрыятычная паэтызацыя свайго, беларускага, звязанасць не толькі з блізкай рэальнасцю, але абавязкова і з рознымі культурнымі кантэкстамі, больш ці менш аддаленымі. Яшчэ ў тэкстах Л.Дранько-Майсюка адсутнічае той комплекс уяўнай “літаратурнай непаўнавартасці” ўсяго пісьменства савецкага часу, які ў сярэдзіне 80-х найбольш выразна выявіў ад імя радыкальна настроенай моладзі празаік-эсэіст і крытык Сяргей Дубавец[6]. Можна сказаць, што поруч з разбурэннем аўтарытэтаў “тутэйшаўцы” імкнуліся як мага шырэй адкрыць вялізную скрыню Пандоры. Вершы ж Л.Дранько-Майсюка па-свойму палемізавалі з тым часам – часам, калі перспектыўнымі здаваліся такія “новыя” мастацкія практыкі, як постмадэрнізм, за ім – посткаланіялізм; і яны, гэтыя практыкі, падштурхоўвалі беларускіх творцаў да пошукаў не стылю, а дыскурсу. Дранько-Майсюку ж заўсёды інтуітыўна-індывідуальнае выказванне было бліжэй, чым гульня з ужо выказанымі некалі сэнсамі.

Прычыну надзвычайнай папулярнасці эстэцкай паэзіі Л.Дранько-Майсюка ў шырокай (рознаўзроставай і рознаадукаванай) публікі 80-х гадоў выдатна вызначыла даследчыца і паэтэса Вольга Русілка: у свеце Л.Дранько-Майсюка пануе радаснае адчуванне паўнаты жыцця, суладнасці закаханых душ і нейкай таемнай змовы людзей, рэчаў і прыроды, музыкі і фарбаў[7]. Гэтае эстэцтва кантраставала з уяўленнем пра беларускую літаратуру як такую, якая большую частку свайго свядомага існавання праседзела на чорным хлебе рэалізму і служэння народу[8]. Крытыка, аднак, не дужа песціла Л.Дранько-Майсюка. Лічылася, што яму не хапае менавіта “расколіны ў сэрцы” <…>, трагічнага разладу ў свядомасці між рэальнасцю і марай[9]; яго вершы называлі неглыбокімі, нарцысічнымі, сумна-прафесійнымі, другасна-эклектычнымі, нярэдка супрацьпастаўлялі іх прозе Дранько-Майсюка ж і заклікалі паэта ратавацца прозай [10]. Між тым эстэцтва не мусіць прывязвацца ні да расколіны ў сэрцы, ні да гендэрнай маскуліннасці, ні да стылёвай аўтаномнасці. Па сутнасці, менавіта некаторыя прафесіянальныя філолагі, як заўважана ў дакладных назіраннях В.Русілкі, аказаліся не гатовымі прызнаць самакаштоўнасць эстэцтва, той самай Красы, калі яе зрабіў сваёй канцэптуальнай, першаснай устаноўкай сучасны паэт.

А ў першых кнігах Л.Дранько-Майсюка вельмі яскравымі былі авангардныя матывы (асабліва – у зборніку “Над пляцам”) і захапленне літаратурай, культурай 1920-х гадоў, што застанецца трывалай тэмаю ў творчасці пісьменніка. Асабліва часта ён будзе і ў вершах, і ў прозе згадваць маладнякоўцаў, узвышаўцаў і класічнага Guillaume Apollinaire як іх і свайго папярэдніка; таксама любімы раман “Сястра” Кузьмы Чорнага і любімага героя гэтага рамана – Вацю Браніслаўца, тыя мінскія вуліцы, масткі, плошчы і завулкі, па якіх хадзілі пісьменнікі 1920-х і створаныя імі героі[11]. Энергічнасць і эмацыянальнасць лірыкі Л.Дранько-Майсюка 80-90-х гг. сапраўды ўзвіхрывала будзённасці шэрыя транты[12]. Важна, аднак, звярнуць увагу на тое, што ва ўсіх эстэтычных канвенцыях паэт заўсёды будзе актуалізаваць менавіта пазітыўнае; энергія яго вершаў будзе выразна стваральнаю, будзе “збіраць” свет, а не разбураць яго: І кроквы спынялі свой крок / Над пляцам. / І збегліся ў небе / І латы, і гонта, і дрот, / І зроблены з яблыні гэбель [13].

Разам з фармальнай свабодай Л.Дранько-Майсюк прынёс у паэтычны радок шмат гарэзлівасці і гульні, шчыльна звязаных для пісьменніка са светам фантастычным. У яго кнігах мы знойдзем яскравыя ўзоры арнаментальнай паэзіі: нямала “прыўкрасных” вобразаў чароўных кветак, птушак, камянёў, інш., заплеценых у слоўныя кілімы. Працытуем страфу з верша “Касмея”: Той час, – / Калі глядзелі на цябе / Вароны, валуны і змеі, – / Пчалу сачыў на залатой вярбе, / Падобнай да палескае касмеі…[14] З такіх жартоўна-“геральдычных” вобразаў – шыльда цукерні, на якой крылы і мяккія лапы савы з рагамі каровы спляліся; цукровы галубок, прапахлы аерам і кавай, што ляціць у Давыд-Гарадок; дурненькі коршак малады і дзікі голуб дурнаваты на руках у маці; ластаўка з залатым ззяннем на крылцах і дзюбастыя ахоўцы крумкачы, якія суправаджаюць каханку (апошнія – у зборніку “Акропаль”)… Усе гэтыя вобразы абавязкова паўтараюцца на працягу цэлага верша або нізкі – у розных варыяцыях, як гэта бывае ў музычных творах: На хвалях узнікаў абраз тугі / З вянком сухім і ручніком зрудзелым / І ад вады ўцякалі берагі, / А да вады імкнуліся, глядзелі, / Забыўшыся на час і на цябе, / вароны, валуны і змеі, / І ўслед пчала – / Ёй сумна на вярбе, / Ёй лепей тут, / На залатой касмеі <…>[15] Рознаўзроўневыя (у гукапісе і ў збліжэнні паняццяў) паўторы, якія не толькі меладычна, але і сугестыўна арганізуюць тэкст, заўсёды будуць вызначаць творы Л.Дранько-Майсюка.

Арнаментальна-фантазійнае, пачуццёвае і метафарычнае вельмі яскрава спалучыліся ў інтымнай лірыцы паэта. Яна зрабілася сапраўдным жанравым адкрыццём, узорам эстэтызацыі ў той жыццёвай сферы, якая застаецца адной з самых традыцыйна-рэгламентаваных у беларускай літаратуры. Паэт не пайшоў за “распрананнем” кахання, што з’явілася ў літаратуры амаль бесцэнзурных часоў галоснасці, у творчасці “Тутэйшых” і пазней, у паслясавецкім мастацтве. Нават у спадчыне французскіх “праклятых” паэтаў, асабліва П.Верлена і А.Рэмбо, чыім мастацтвам Л.Дранько-Майсюк у сваіх тэкстах захапляецца, ён нібы не заўважае парушэнняў “табу”, тую самую “праклятасць” (за выключэннем хіба што вакхічных матываў). Для яго важная толькі Краса, адным з асяродкаў якой робіцца створаны паэтам свет закаханых.

Менавіта ў кнізе “Акропаль”, з нізкай “Маёй цудоўнай А.”, сцвердзіўся той стыль мадэрн (арт дэко, ліберці, інш.назв.), у якім запанавалі плаўныя, гнуткія выяўленчыя лініі, перапляценні свайго і экзатычнага, выбраныя колеры і іх адценні, выразныя інтанацыйныя і гукавыя перыяды, гравюрная дакладнасць дэталяў і асабліва – стылізаваная раслінная атрыбутыка: Амываеш мой сумны пагляд / Хваляй рук-ручаінаў. / Тваё цела абвіў вінаград / Старажытных Афінаў. // Ён зялёны, як мора ўскалых / На дзіцячых малюнках; / Ён паспее ў абдымках маіх / І ў маіх пацалунках. // І як першую гронку сарву – / Патану ў вадаспадзе! / Наляціць на маю галаву / Вадаспад вінаградзін. // Я спазнаю да кроплі нектар / Пачуццёвага выйсця, / Прадзіраючыся праз гушчар / Вінаграднага лісця. // Я закрыю тваю галізну / Пераможным дыханнем / І жаданне тваё ахіну / Гэткім самым жаданнем <…>[16]. У падобным мадэрнісцкім барока (вызначэнне У.Конана[17]), дзе пануе незвычайна-яскравая закаханасць, можна пачуць водгук прэцыёзнай французскай літаратуры канца ХVП – пач. ХVШ стст. і асабліва – барокавых “галантных фэстаў” (“галантных празденств”) ХVШ стст. з іх вытанчаным фліртам. У гэтым семантычным полі Л.Дранько-Майсюк набліжаецца да жывапісу Антуана Вато і паэзіі Поля Верлена (22 вершы па матывах “галантных фэстаў”)[18].

“Цудоўная А.” – загадкавая каханая[19], у чыім абліччы паядноўваецца ідэальнае са зрэдку пазначанымі прыкметамі звычайнага жыцця. Звязваюцца з ідэямі барока і матывы тэатральнай, музычнай культуры, якая абвастрае пачуцці лірычнага героя[20]: Рука вышэй за музыку і вершы, / Калі яна – твая рука! / І позірк твой, за матылька лягчэйшы, / Ляціць на просьбу спевака. // У просьбе той блакітна-італьянскай, / У элегічным tremolo – / Плыве трырэма даўніны раманскай, / Вясло кладзецца на вясло… [21]

Эстэцтва Л.Дранько-Майсюка падкрэсліваецца і тою роляй, якую адыгрывае ў яго лірыцы фларыстычная вобразнасць. Тут вельмі выразна выяўляецца як сувязь паэта з нацыянальнай традыцыяй, так і моцны кантраст з ёю. Прыхільнікі Красы ў пачатку ХХ ст. часцей паэтызавалі менавіта някідкае, стоенае хараство “забранай” радзімы; яно было ў нацыянальным плане матываваным і ў вялікай ступені сімвалічным. Такое хараство вызначала таксама і беларускую лірыку інтымных перажыванняў; напрыклад, у радках У.Дубоўкі: Васількі збіралі, васількі / а у жыце спелым, ля ракі; Зубцамі чорных стрыжаных валос / ты мне нагадвала валошку ў жыце; Дзіваваўся і так кахаў, – / наглядзецца не мог калісьці. / Зубцамі чорных валос – галава / васільком здавалася шалясцістым…[22]. У інтымнай лірыцы Л.Дранько-Майсюка красуе той жа васілёк, валошка ў жыце, і ўвасабляе ён тую ж тэму роднага, беларускага, але менавіта ў арнаментальнай, звязанай з экзотыкай, стылістыцы (якая і пазнаецца ўжо як аўтарскі стыль Л.Дранько-Майсюка): Рука твая адчуе шум бяздонны, / Чужыны радасны апёк. / У валасах туманных і лімонных / Успыхне родны васілёк. // Сапфірынка ў акіянічным жыце…[23]

Аднак шостая кніга Л.Дранько-Майсюка, “Акропаль”, зрабілася пэўнай мяжой, за якой у яго творчасці “мастацтва дзеля мастацтва” пачало яўна саступаць матывам з дамінуючымі сацыяльнымі маркіроўкамі. Пры гэтым высокая краса паслядоўна і моцна звязваецца з ідэяй патрыятызму; сувязь васількоў з каласамі, можна сказаць, вяртаецца ў кантэкст, зададзены М.Багдановічам у апавяданні “Апокрыф” (1913).

Адзначым, што лірыка з грамадзянскім пафасам, з алюзіямі на класіку заўсёды прысутнічала ў кнігах Л.Дранько-Майсюка: Ці гэта памяць узвышае нас? / Ці водгулле, што вечнасцю здаецца? / “Над хвалямі…”, – прамоўлю, і ў адказ: / “ …сінеючага Ніла…”, – адгукнецца. // Ды не заўсёды, і знікае сон. / Радзіма – жвір, і гэты жвір сплывае. / “Ад прадзедаў спакон…” – а што спакон? / Я ведаю, а мой сусед не знае [24]. Такога ж плану – наступныя радкі, з апеляцыяй ужо не да Максіма Багдановіча і Янкі Купалы, а да Язэпа Пушчы і Ўладзіміра Дубоўкі (да назваў іх паэтычных кніг “Vita” і “Credo”): O, Vita!.. На сардэчныя скрыжалі / Запішацца і гэты покліч мой, – / Так некалі паэты называлі / Наіўны свой далагерны настрой. // І я настроем гэтым жа сагрэты… / Яшчэ сваёй не чуючы бяды, / У поклічы, у родным слове гэтым / Я чую вас, паўночныя ільды. // Я ведаю жыццё сваіх паэтаў / І не хачу іх вопыт пераймаць, – / Гучала Vita, і гучала Credo, // Addio не паспела прагучаць [25].

Здавалася б, цяжэй быць арыгінальным у вершах пра беларускую мову пасля мноства выдатных слоў, сказаных пра яе нашымі класікамі. Тым не менш Л.Дранько-Майсюк знаходзіць новыя адпаведныя вобразы. Мінск – еўрапейская сталіца, аднак на ягонай старажытнай вуліцы паэт адчувае сябе аб’ектам моўна-культурнага прымусу і рэзка рэагуе на гэтую сітуацыю: І Свіслач, як Венецыя ў тумане, / І гандаль на Нямізе – паляванне / Нязвыклай ветлівасці на мяне: / “Что вам угодно?” “Бульбы ў чыгуне…[26] Прыклад традыцыйнай, але таксама яскравай алегорыі знаходзім і ў наступных радках Л.Дранько-Майсюка: Ірландыі маленькія сыны… / Ніхто не навучыў іх мове гэльскай, / Таму ім па-ангельску сняцца сны, / І па-ангельску лаяць ім ангельцаў [27].

У апошнія дзесяцігоддзі ХХ ст. беларускія прафесійныя гісторыкі і пісьменнікі розных пакаленняў (ад М.Ермаловіча да Г.Сагановіча і У.Арлова, інш.) асабліва плённа працавалі над тым, каб вярнуць у актыўны ўжытак нашу гістарычную спадчыну. І ўсё ж веды пра рэальную беларускую гісторыю, культуру яшчэ не зрабілася дастаткова распаўсюджанымі. Адсюль вынікае складанасць задач, што паўстаюць перад сур’ёзнымі мастакамі. Напрыклад, звернем увагу на “Амаль дакументальнае апавяданне з уступам і неабходнымі тлумачэннямі” – гэта падзагаловак абразка (або маленькай паэмы) Л.Дранько-Майсюка “Гародня. 1919”. У празаічнай прадмове да гэтага твора пад назвай “Уступ” даецца лаканічная абмалёўка важнейшых палітычных падзей 1919 года. Яны вырашалі лёс беларускай дзяржаўнасці і войска БНР, у прыватнасці, лёс афіцэраў І-га Гарадзенскага Беларускага палка. Героем абразка і з’яўляецца такі юнак-афіцэр. Тэкст Л.Дранько-Майсюка цяжка зразумець, не ведаючы гісторыі 1910-х – 20-х гг. менавіта з беларускага пункту гледжання. У тагачасную Гародню на змену немцам-кайзераўцам прыйшлі легіянеры Пілсудскага, якія, змагаючыся з бальшавізмам, змагаліся і з усім беларускім. Таму героя паэмы чакае трагічны лёс. Але ў той момант, калі пра юнака піша паэт, усе падзеі яшчэ толькі прадчуваюцца, усё – наперадзе. Чытач падзяляе з аўтарам горкую дасведчанасць і суперажывае герою, які пакуль што верыць у шчасную будучыню. Вось ён ідзе па вуліцах Гародні, ля Нёмана, паўз дом Тальгейма, са Старым замкам навідавоку, грызучы падсмажаны гарох, у навюткіх строях беларускага войска, з Купалавым вершам і матывам жалейкі на вуснах, з думкаю пра шчасце Радзімы і з чыстай мараю пра каханую; ідзе, яшчэ не пэўны ў тым, што беларушчына ўжо аддадзена на закланне, што няўхільна насоўваецца кроў і смерць, і што ягоную няверную дзяўчыну кахае польскі афіцэр.

Паэтычны тэкст вызначаецца лёгкасцю, рухомасцю аўтарскага маўлення, якое нібы падпарадкавана плыні думак і эмоцый героя, і яны то вольна плывуць, то афармляюцца ва ўнутраны маналог, каб у заключных строфах саступіць няўмольнай праўдзе, якую скажа аўтар. Рамантычнае, іранічнае і драматычнае нязмушана звязваюцца ў мастацкім цэлым. Ты малады і без прычыны – / З чаго б твой розум ні схацеў – / Смяешся, а тваю дзяўчыну / Кахае польскі афіцэр; …і яна выходзіць з хаткі / Да прыдарожнае капы, / З ражкоў яго канфедэраткі / Змятае хустачкаю пыл…”; “Не ведаеш нягоды гэтай, / Ідзеш, любуешся сабой / І беларускія газеты / Чытаеш на сцяне любой. // Там пішацца пра адраджэнне, / Пра войска ўласнае, пра лёс…/ Тваё вайсковае адзенне, / Як доказ, што ўжо войска ёсць;   <…>…Доўнар-Запольскага “Асновы…” / Гартаў, як Біблію бацькоў. // І разумеў а с н о в ы тыя. / Шаптаў: “У свеце пэўнасць ёсць – / Гародні сцены векавыя / І Беларусі маладосць…”; …Пад беларускія штандары / Добраахвотнікаў сабраць / Ты не паспееш, бо жандары / У Беластоку ўжо стаяць. // Цябе – у цэлю!.. Рызыкоўна / Ты будзеш лезці праз драты. / Як старац, дабярэшся ў Коўна / І, дзякуй богу, што сюды. // Сюды не дойдуць ягамосці / З Варшавы. Парадокс які – / Ім, ворагам тваім, адпомсцяць / Чырвонай Арміі палкі. // …Спазнаеш ты і страх пагоні, // І голаду мярцвячы страх, // Ды гэта – заўтра, а сягоння / Ты ў родным небе вольны птах. [28]

“Гародня. 1919” як спроба гістарычнай паэмы адпавядае аднаму з самых важных патрабаванняў да гэтага жанру: інтымная, можна сказаць, гісторыя “маленькага чалавека” пэўнай эпохі далучае чытача да трагічнай гісторыі нацыі. Пісьменнік, аднак, мусіў даслаць да свайго твора не толькі “асветніцкую” прадмову, але і яшчэ 4 спецыяльных спасылкі для 5 старонак вершаванага тэксту. “Гародня. 1919” была напісана ў 1983 – 1989 гг. Ды з цягам часу неабходнасць у гістарычным кантэксце, ад якога залежыць актуалізацыя беларускай культуры, толькі вырасла. У 2000-я гады Л.Дранько-Майсюк працягвае вывучаць і паэтызаваць ключавыя гістарычныя факты, напрыклад, у вершах з аповесці-эсэ “Ў Вільні і больш нідзе”[29] – са зваротам да заходнебеларускіх рэалій і тагачасных яскравых біяграфій: “Антон Луцкевіч”, “Іван Луцкевіч”, ”Максім Танк. 1938 год”, “Браніслаў Тарашкевіч у Тчэве 5 лютага 1931 г.”, “Клаўдзі Дуж-Душэўскі”.

У “Кнізе для спадарыні Эл” паэт змясціў нізку з 5 частак пад агульнай назваю “Твая Марыя”. У ёй гаворка вядзецца пра лёс Юркі Лістапада, знішчанага ўдзельніка Слуцкага збройнага чыну 1920 года[30]. Традыцыйная для тэкстаў Л.Дранько-Майсюка зладжанасць гучання, а таксама алюзійнасць вобразаў, іх перцэптуальнасць, інтэнсіўнасць эмоцый мадыфікуюць магчымы тут публіцыстычны пафас, і такім чынам феерычная метафаратворчасць эстэта застаецца запатрабаванаю: <…> Турмою пахне дзень, і ўсё наўкол / Турмою пахне – столь і аканіцы, / І той, што сніўся толькі што, анёл, / І неба беларускае сталіцы. // На цэглу дрот кладзецца і цвіце, / Нібы шыпшына, за якою нары, / Само жыццё са стыгмай на шчацэ / Ляжыць на іх, – чакае большай кары. // Тут век жыві, а вынік усё той; / Тут волю вольную за хвост не зловіш; / Турма тут не застоіцца пустой! / Што ні рабі, – адбудзецца ўсё тое ж! // <…> Пыталася ў нябеснага суддзі: / “І што ж гэта за вырак невясёлы – / Раз беларус, то з торбаю хадзі; / Раз беларус, то заставайся голы; // Няўжо Табой задумана для тых, / Людзьмі… якія… захацелі… звацца, / Падпора вечная – канвойны штых, / І ласка вечная – краса жабрацтва?!” // <…> Менск дыхае цырульнікам старым / І голіць змрок трамвайнаю дугою. / На Свіслач апускаецца кілім / Фастрыгаваны флёксаю й тугою. // <…> О Маці-Беларусь – (Купалаў троп, / Знясілены пакорай і разладам!) – / Пацалаваны твой іконны лоб / Марыяю і Юркам Лістападам.[31] Яшчэ адным крокам у пазначаным кірунку зрабіўся драматызаваны абразок “…піць з недапітых чаш”[32], сюжэт якога разгортваецца ў 1930 годзе ля ложка Янкі Купалы, пасля ягонай спробы самагубства.

Трэба адзначыць, што яшчэ ў кнізе Л.Дранько-Майсюка “Тут” прагучаў матыў той любові паэта да радзімы, якая не выключае горкай і скрушнай праўды пра яе: Што ні было – усё ж радзіма, / І што ні ёсць – усё ж свая, / Часцей з сабачымі вачыма, / Чым з вольным горлам салаўя. // Радней няма, бліжэй таксама, / Мой родны кут, мой мілы кут…/ І застаецца лепшым храмам / Твой кожны дол, твой кожны груд [33]. Гэты матыў вырас у асобную тэму ў зборніку вершаў і прозы “Паэтаграфічны раман”[34]. Паэтаграфія[35] разумееца ў кнізе як той творчы, духоўны шлях паэта, што вырастае са звычайнай біяграфіі, адштурхоўваючыся ад энцыклапедычных даведак. Кніга складаецца з дзвюх паэтаграфій: яскравага эсэістычнага партрэта Уладзіміра Някляева і штрыхоў да аўтапартрэта Л.Дранько-Майсюка. У змешчаных тут сваіх вершах Л.Дранько-Майсюк нібы працягвае дыялог з сябрам – скрушны, поўны горычы і такога сарказму, які для аўтара апаланічных твораў раней быў абсалютна не ўласцівы[36]. Асноўныя тэмы вершаў-роздумаў – выезд нешараговых беларусаў у замежжа (Някляева ў 1999 г. у Польшчу): <…> думаў, пэўна, пра магчымасць / Пісьма інакшага і рытму, / Як і пра тое, што злачынна / Паэзія трымае брытву; // Што ўсе бяздомнікі ў дарозе / Тужліва мараць аб начлезе; / Што добра п’ецца на марозе / І цёпла ў беларускім снезе[37]; <…> Вось ты й прыехаў… Пакрыёма / Табе адкрылася, васпан, / Што Беларусь і там, і дома / Заўжды – купалаўскі курган; сумнівы ў значнасці паэзіі для грамадства: <…> “Гаспода”, “Прошча” – толькі назвы. / На нашым адраджэнскім свяце / Я прытаміўся ў рыфмы бразгаць!..[38]; страта веры ў беларусаў: <…> Можна ратавацца вершамі, / Больш нічым… Жыві ў самоце, / Навакол якой – тутэйшыя, / Людзі на балоце… ; <…> Што ні ёсць – усё добра, усё мае рацыю, / І пад каменем кожным гадзючыцца верш…/ Ты – паэт камарына-слязлівае нацыі / За здароўе сваё воцат п’еш! [39]. Раскошу ўлюбёных паэтавых жывых кветак замянілі сухія імартэлі, якія ўзнікаюць у адным кантэксце з гібеллю Янкі Купалы – змярцвеннем беларушчыны: Даляры памяняць на сон, / І спаць, калі магчыма гэта, / Да крыку ранішніх варон / У беларускамоўным гета. // А немагчыма, дык не спаць; / Купалу згадваць, што ў гатэлі / Край лесвіцы ўбачыў пяць / Сухіх пялёсткаў… Імартэлі…[40].

У “расчаравальных” вершах вылучаюцца радкі, дзе лірычны герой дакарае найперш не кагосьці, а сябе; выяўляе не столькі эмоцыю, колькі менавіта змястоўную рэфлексію: Здаецца, нічога не будзе / З таго, што ў пясок адплыло, – / Хіба што душа ў перапудзе / Хоць нейкае знойдзе святло. // Яна пасмялее на момант / І тут жа – у родненькі страх / Абрынецца з радасным громам / І крыкам: “Я – дома! Я – дома! / Я зноў у халопскіх кустах!”[41] Калізія верша на першы погляд здаецца выразна-яскравай, але яна якраз неаднамерная. Страх чалавека за сябе, вытокі якога хаваюцца ў падсвядомасці, страх, з якога нараджаецца халопства, пераадольваецца культурай, але ад улады інстынктаў да мужнасці, да свядомага выбару і самаахвярнасці ляжыць няблізкі шлях, на самым даляглядзе якога – крыж з распятым Хрыстом.

Шматмернасцю, філасафічнасцю вылучаюцца таксама наступныя радкі: Не спяваць, а дакранацца / Голасам да нематы, – / Вось адзінае мастацтва, / На якое здатны ты. // І ў душы, нібыта ў полі, / Відната як пекната, / І становіцца паволі / Роднай мовай немата. // Так і быць яно павінна, / Тут – ніякае бяды, / Цвет люляюць на галінах / Моўчкі майскія сады; // Моўчкі сонца палымнее / На маўклівы крыж дарог… / Беларусь маўчаць умее / Гэтаксама ж , як і Бог[42]. У гэтым вершы можна ўбачыць змрочную іронію: ізноў паэт мусіць маўчаць, замест шчырага беларускамоўнага выказвання ізноў прыходзіць немата. Але магчымае таксама іншае прачытанне: у вершы месца канкрэтызаваных скрушлівых сентэнцый займаюць вобразы анталагічныя. Чалавек мусіць прыняць свет з усімі яго драмамі, з усёй той невыказнасцю і неспасціжнасцю быцця, якія найлепш ілюструюцца веліччу прыроды. Усведамленне маласці, слабасці чалавечых сіл адольваецца хіба што вераю ў вышэйшы промысел. Аднак, насуперак словам-замовам   так і быць яно павінна, тут – ніякае бяды, пафас верша застаецца драматычным, боль лірычнага героя ад усведамлення свайго бяссілля перад конам – не суцешаным.

Яшчэ адзін арыгінальны варыянт рэалізацыі Л.Дранько-Майсюком антыноміі “паэт і соцыум” знойдзем у кнізе “Цацачная крама”[43]: гэта своеасаблівая іранічная, бурлескная батлейка з персанажамі-жывёламі, напісанымі хутчэй байкапісцам, чым аўтарам жартоўна-геральдычнага бестыярыю з кнігі “Над пляцам”…

Звяртаючыся да прозы Л.Дранько-Майсюка, заўважым, што цікавым эксперыментам пісьменніка ў пошуках сацыяльна-тэндэнцыйнага стылю на мяжы 1980-х – 90-х гг. зрабіліся сатырычныя апавяданні ў сказавай манеры. У іх з’явіўся наратар, залежны ад сацыяльнага абсурду; яны склалі зборнік “Пра тое, як я…”[44] , з падзагалоўкам “13 несур’ёзных апавяданняў” (“Пра тое, як я першы раз за мяжу збіраўся”, “Пра тое, як я ад’ютанту Пілсудскага не паверыў”, “Пра тое, як я маршала Кім Ір Сена сустракаў”…). Пазней колькасць гэтых апавяданняў вырасла: у 1995 г., напрыклад, былі надрукаваныя творы “Пра тое, як я пасля рэферэндуму на шпацыр выйшаў”, “Пра тое, як я на Дом без балконаў паглядзець захацеў”. Гэта быў вопыт непасрэднай распрацоўкі палітычных тэм. Аднак маўленне сказавага героя-апавядальніка, задуманае як знарочыста-інверсійнае, прывяло да аднатыпнага сінтаксісу, што знізіла вартасці “несур’ёзных апавяданняў”. Падкрэсленая іронія і крытыцызм захаваліся, аднак, у навейшых сюжэтных гісторыях Л.Дранько-Майсюка: пра апантанага гульца ў казіно Каморына і пра далікатнага Пісьменніка, чыя інтэлігентнасць у калядную ноч выпрабоўваецца сямейнікамі, абрабаваным шабашнікам, бамжом і міліцыянерам (тэксты пад агульнай назвай “Калядныя апавяданні”[45]). У такіх апавяданнях, як “Анёлак і я”[46], “Аляксей Нічыпорка і Рудольф Гес”[47], Л.Дранько-Майсюк зусім пэўна вярнуўся да адлюстравання драматызму рэальнага жыцця ў бліжэйшай для сябе эсэістычнай манеры.

Адзначым таксама, што патрыятычныя матывы заўсёды акцэнтаваліся ў эсэістычнай прозе Л.Дранько-Майсюка. Яны паглыбіліся і падсумаваліся ў вялікім нарысе пра землякоў “Горад Боны і Давыда”[48]. Яшчэ адным падсумавальным творам народазнаўчага кшталту зрабілася аповесць-эсэ “Ў Вільні і больш нідзе” – вандроўка па слядах і жывых асяродках беларушчыны ў горадзе, які У.Жылка называў крывіцкай Меккай[49], а Л.Дранько-Майсюк называе местам беларускага зместу. Гэта той выпадак, калі сам аб’ект адлюстравання выпрабоўвае культурную кампетэнцыю эсэіста, і чытач разумее, з якой руплівасцю звязаная тут пісьменніцкая праца. Узнаўляючы страчанае ў часе і прасторы, збіраючыся не толькі адзначыць, але і псіхалагічна перажыць драматычныя падзеі з мінулага, аўтар, тым не менш, робіць адну цікавую агаворку. Ён з гумарам прыгадвае час сваёй вучобы ў маскоўскім Літаратурным інстытуце, калі з кожнага кута яго толькі й чулася: “Кафка, Пруст, Джойс… Кафка, Пруст, Джойс…”[50] Прыгадвае, як чытаў Кафку, як за два дні адужаў вялізны том Пруста, а пазней двойчы прачытаў Джойсавага “Уліса”. Але ў выніку не захапіўся ні метафарычным раманам, ні паэтыкай абсурду, ні плынню свядомасці. Такім чынам, вандроўнік Л.Дранько-Майсюка ўхіляецца ад магчымых параўнанняў з мадэрнісцкімі персанажамі, якія блукалі ў метафізічных пошуках.

Наратыўная аснова аповесці-эсэ – асацыяцыі апавядальніка, які імкнецца зафіксаваць любыя сляды прысутнасці беларусаў у Вільні. Гэтая мэта спраўджваецца найперш праз штрыхі да пісьменніцкіх біяграфій. Нямала новых характэрных дэталяў адкрываецца нават з “хрэстаматыйнага” жыцця Максіма Танка, тым больш – з лёсаў менш вядомых заходнебеларускіх пісьменнікаў. Так, пра арышт Б.Тарашкевіча ў 1931 г., у цягніку “Гданьск – Мальборк” Л.Дранько-Майсюк расказвае як пра здрадніцкую правакацыю на ўзроўні польскіх і савецкіх спецслужбаў. Яшчэ адзін удалы сюжэтна-кампазіцыйны ход апавядальніка – параўнанне рэальных біяграфій дзеячоў беларускага руху, зафіксаваных у дакументах, з мастацкімі вобразамі тых самых асоб на старонках літаратурных твораў; напрыклад, Л.Дранько-Майсюк са зваротам да канкрэтных крыніц разважае пра матывацыі для розных абмалёвак фігуры Антона Луцкевіча ў раманах М.Машары “Сонца за кратамі”, П.Пестрака “Сустрэнемся на барыкадах”, А.Лойкі “Як агонь, як вада…” Яшчэ адна досыць выразная апавядальная лінія – цытаты з хрэстаматыйных тэкстаў і своеасаблівыя літаратуразнаўчыя каментарыі да іх: Мы селі за стол ля вялікага акна, якраз напроці званіцы Кафедральнага сабора, – і наплыло-набегла чытанае ў Лявона Луцкевіча, што менавіта пра гэтую званіцу Максім Багдановіч сказаў: “…І на вежы, як круглае вока савы, Цыферблат – пільны сведка мінулых учынкаў…”[51]; Героі Мікалая Гогаля марылі, каб пра іх даведаліся ў Санкт-Пецярбурзе, а нашаму чалавеку заўсёды было люба, калі пра яго дазнаваліся ў горадзе Вострай Брамы – скажам, як таму персанажу Вацлава Ластоўскага з апавядання “Панас гуляе”: “…Апанасу… радасна стала, што аб ім ведаюць аж у Вільні…[52] ; “…я быў з Вільні, а яна ўсяго толькі з Менску…” – так думаў герой рамана М.Гарэцкага “Віленскія камунары” вільнянін Мацей Мышка пра мінчанку Юзю і невыпадкова ж думаў, бо што наш Мінск у параўнанні з нашай Вільняй, якая, усё паводле таго ж М.Гарэцкага: “…самы прыгожы горад у свеце…”; Па дарозе ў Зьвярынец завярнуў направа – да Лукішскай брудна-жоўтай вязьніцы; Рак-Міхайлоўскі пісаў, што ў гэтай турме шырокія падаконнікі… <…> У Лукішках шмат марнела пісьменнікаў, але нешта не чуў пра лукішскі перыяд у нашай літаратуры – прынамсі, у беларускай паэзіі…[53]

Адметна і тое, што дзённік свайго падарожжа ў Вільню Л.Дранько-Майсюк зрабіў заўважна прагматычным. У аповесці расказваецца пра мытнікаў, знаёмых і незнаёмых спадарожнікаў у цягніку, пераезды праз мяжу на аўтамабілі, блуканні апавядальніка па пэўных гарадскіх маршрутах, пра арганізацыю начлегаў, харчаванне, пра грашовыя рахункі, кошты, курсы валют, візіты ў кавярні і наведванні мемарыяльных мясцін, праграмы публічных выступленняў, інш. Гіпатэтычна можна пазначыць гэты апавядальны ўзровень як лінейны тэкст, які ўвесь час інтэнсіўна разгаліноўваецца: праз асацыяцыі і фантазіі, меркаванні і снабачанні, спасылкі і дакладныя цытаты з іншых тэкстаў. “У Вільні і больш нідзе” можна чытаць у любым парадку, і цэласныя сюжэтныя лініі вылучаюцца фармальна не аўтарам, а чытачом. Аднак у цэлым “У Вільні і больш нідзе” – не гіпертэкст камп’ютарных часоў. У гэтым тэксце традыцыйны эсэісцкі дыскурс дапамог аўтару стварыць своеасаблівую беларускую семіясферу.

Такім чынам, мы прааналізавалі тэксты Л.Дранько-Майсюка з асобных публікацый і з кніг лірыкі і прозы: “Над пляцам”, 1986; “Гаспода”, 1998; “Тут”, 1990; “Акропаль”, 1994; “Паэтаграфічны раман”, 2002; “Цацачная крама”, 2008; “Кніга для спадарыні Эл”, 2012; “Пра тое, як я…”, 1992, 1995; “Аляксей Нічыпорка і Рудольф Гес”, 2003; “Калядныя апавяданьні”, 2004; “Горад Боны і Давыда”, 2009; “Анёлак і я”, 2009; “У Вільні і больш нідзе”, 2009 – 2011. Вывучэнне гэтых тэкстаў дае падставы заключыць, што мастацкі свет, створаны Л.Дранько-Майсюком, знітаваны ўніверсаліямі шматаблічнай Красы. Л.Дранько-Майсюк па-эстэцку ставіцца да ўсіх аб’ектаў мастацкага адлюстравання. У стылі Л.Дранько-Майсюка заўважныя апаланічны пачатак, перазовы з эстэтыкай барока і еўрапейскага мадэрну 1920-х гадоў. У 2000-я гады ў мастацкай мове пісьменніка замацоўваюцца іронія і сарказм. Аднак у цэлым Л.Дранько-Майсюк застаецца прыхільнікам эстэтызацыі прыроды, культуры, кахання, а таксама гісторыі і патрыятычных, грамадзянскіх пачуццяў.

Надрукавана [у]:

Сінькова Л. Эвалюцыя індывідуальнага стылю ў творчасці Леаніда Дранько-Майсюка // Białorutenistyka Białostocka. – T. 4. /Red. naczelny Halina Twaranowicz. – Białystok, Uniwersytet w Białymstoku, 2012. – C. 11 – 27.

Сінькова Л.Д. Леанід Дранько-Майсюк // Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стгоддзя. У 4 т. Т. 4, кн. 3 / НАН Беларусі, Аддз-не гуманітар. навук і мастацтваў, Цэнтр даслед. Беларус. культуры, мовы і літ.; навук. рэд. У.В.Гніламёдаў, С.С.Лаўшук. – Мінск: Беларуская навука, 2014. – С. 993 – 1018. (1319 с.)


 

[1] Амфал – прысвечаны Апалону культавы камень, які сімвалізуе цэнтр сусвету.

[2] Л. Д р а н ь к о – М а й с ю к, Акропаль: Паэзія. Эсэ, Мінск 1994, с. 66.

[3] “Апалогія красы” – гэтаксама называлася кніга Л.Тарасюк пра беларускую паэзію, яе эстэтыку і сувязі з мадэрнізмам (выйшла ў 2003 г.), дзе, між іншым, змешчана 5 артыкулаў пра творчасць М.Багдановіча і 2 пра лірыку Н.Арсенневай.

[4] Таксама – В.Шніп (“Гронка святла”, 1983), Л.Галубовіч (“Таемнасць агню”, 1984), У.Ягоўдзік (“Стронга”, 1984), А.Мінкін (“Сурма”, 1985, увайшоў у літаб’яднанне “Тутэйшыя”), інш.

[5] Напрыклад, у 1954 г. нарадзіўся А.Асташонак, у 1957 – А.Пісьмянкоў, Л.Дранько-Майсюк, Людка Сільнова, у 1958 – Адам Глобус, У.Сцяпан (Сцепаненка), М.Клімковіч, У.Сіўчыкаў, у 1959 – А.Сыс, С.Дубавец, П.Васючэнка, Б.Пятровіч (Сачанка)… Крыху маладзейшымі пачыналі друкавацца ў гэтыя часы Алесь Наварыч, Алесь Аркуш, Галіна Булыка (1960 г. нар.), С.Адамовіч, А.Казлоў (1962), С.Кавалёў, В.Куртаніч, Э.Акулін (1963), А.Федарэнка, І.Бабкоў (1964), Ю.Пацюпа, Л.Рублеўская (1965). У тыя ж часы прыйшлі ў літаратуру М.Арахоўскі, Ю.Станкевіч, В.Аксак, Х.Лялько, Г.Тварановіч-Сеўрук, В.Русілка, Г.Багданава-Ланеўская, М.Шайбак (Адамчык), Т.Сапач, Г.Дубянецкая, С.Сокалаў-Воюш, А.Бадак, браты А. і В. Дэбішы, С. Валодзька, А.Крэйдзіч, А.Гуцаў, А.Чобат, І.Сідарук, В.Мудроў, Л.Сом, Л.Неўдах, Л.Вашко, Ф.Сіўко, М.Скобла, С.Вераціла, Ю.Гумянюк…

[6] С. Д у б а в е ц , Смерць культуры, “ЛіМ”, 5 сакавіка 1993, с. 14 – 15; С. Д у б а в е ц , Практыкаванні: Проза, эсэ, крытыка, Мінск 1992, с. 231 – 234.

[7] В. Р у с і л к а, Акропаль па-беларуску, цi Ратаванне Прыгажосцю , “Полымя” 1995, № 3, с. 244.

[8] Тамсама.

[9] Л. Р у б л е ў с к а я, Рэцэнзія ў настуркавых басаножках, “ЛіМ”, 29 лістапада 1996, с. 7.

[10] Стомлены эстэт з “Чырвонай кнігі”: Бліц-крытыка, “ЛіМ”, 30 студзеня 1998, с. 7; В. Р у с і л к а, Акропаль па-беларуску, цi Ратаванне Прыгажосцю , “Полымя” 1995, №3, с. 243 – 244. “Ратавацца прозай” – алюзійная адсылка да назвы эсэ Л.Дранько-Майсюка “Ратаванне Грэцыяй” (Л. Д р а н ь к о – М а й с ю к, Ратаванне Грэцыяй, [у:] Акропаль, …, сс. 6 – 21).

[11] Паэтызацыя тапаграфіі – увогуле асобная тэма ў творах Л.Дранько-Майсюка. Асабліва любімыя аб’екты такога апісання – Давыд-Гарадок і Мінск (заўважым, што нароўні з шыпшынавым, узвышаўскім Мінскам апяваецца і сучасны – з яго ландшафтамі, архітэктурай, інш., якія робяцца складнікамі яскравых вобразаў, накшталт: Мы йшлі далей, і колер фіялетавы / Усё гусцеў і не рабіўся іншы, / І на Тэатр Музычнае Камедыі / Ляцелі фіялетавыя вішні (Л. Д р а н ь к о – М а й с ю к, На вуліцы Сухой у змроку радасным…, [у:] Гаспода: выбранае (“Залатая серыя “Паэзія ХХ стагоддзя”), Мінск 1998, с. 250; або: Табе адной я пакажу, / Перагарнуўшы неба атлас, / Куды схавацца ад дажджу / Каля Вялікага тэатра (Л. Д р а н ь к о – М а й с ю к, Табе адной я пакажу…, [у:] Акропаль…, с. 90). А ў “Кнізе для спадарыні Эл” Дранько-Майсюка найбольш вершаў з “тапаграфічнымі” назвамі: “У Музычным завулку”, “Прамінуўшы Ратамскую”, “Вяртаючыся на Францысканскую”, “Паблізу Нямігі”, “На Ерусалімскай”, інш.

[12] Л. Д р а н ь к о – М а й с ю к, Віцебск. 1922, [у:] Гаспода: выбранае (“Залатая серыя “Паэзія ХХ стагоддзя”), Мінск 1998, с. 122.

[13] Л. Д р а н ь к о – М а й с ю к, Над пляцам, [у:] Гаспода…, с. 81.

[14] Тамсама , с. 87.

[15] Тамсама.

[16] Л. Д р а н ь к о – М а й с ю к, Завушніцы, [у:] Гаспода…, с. 203 – 204.

[17] Стомлены эстэт з “Чырвонай кнігі”…, с. 7.

[18] У эсэ “Стомленасць Парыжам” цэлы раздзел называецца “Настуркавыя басаножкі А.”; працытуем тры фразы з яго: Рэшту майго сну ахапіў лагодны блакіт, і прыйшла А. … прыйшла ў сваім жоўтым касцюме з чорнай ружаю на правым плячы. Я называю гэты касцюм тэатральным раманам. Далей закаханыя маўчаць – але маўчанне гучыць як канцэрт-імправізацыя, у якім з’яўляюцца і вайсковая флейта, і куртуазны з прыспанымі вейкамі клавесін, і іншыя музычныя інструменты (Л. Д р а н ь к о – М а й с ю к, Стомленасць Парыжам, [у:] Гаспода…, с. 353 – 356); лаканічныя метафары саступаюць сваё месца расцягнутым перыфразам, так што ў цэлым тэкст робіцца сапраўды прэцыёзным, і ўзнікае ўражанне манернасці; у гэтым выпадку (і ў падобных) празаік “прайграе” паэту.

[19] У Л.Дранько-Майсюка з’явяцца яшчэ “гламурная N” і “фемінісцкая Эл” ([у:] Л. Д р а н ь к о – М а й с ю к, Кніга для спадарыні Эл: проза, вершы, п’еса (Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў “Кнігарня пісьменніка”; вып. 27, Мінск 2012.

[20] А.Блок, чыё імя нярэдка згадвае Л.Дранько-Майсюк, падобным чынам, але з апеляцыяй да сімвалізму, бачыў на тэатральнай сцэне і па-за ёй драматычную актрысу Н.М. Волахаву, якой прысечаны нізкі “Снежная маска” і “Фаіна”, оперную спявачку Л.А.Андрэеву-Дэльмас, якой прысвечана нізка “Кармэн”.

[21] Л. Д р а н ь к о – М а й с ю к, Акропаль…, с. 32.

[22] Уладзімір Д у б о ў к а, Выбраныя творы ў 2 т., Мінск 1965, т.1: Вершы, сс. 136. 120. 95.

[23] Л. Д р а н ь к о – М а й с ю к, Гаспода…, с. 233.

[24] Л. Д р а н ь к о – М а й с ю к, Ці гэта памяць узвышае нас? [у:] Гаспода…, с. 132.

[25] Л. Д р а н ь к о – М а й с ю к, O, Vita!.. На сардэчныя скрыжалі…, [у:] Гаспода…, с. 246.

[26]Л. Д р а н ь к о – М а й с ю к, Не маннай вусны пахнуць – ацэтонам…,[у:] Гаспода…, с. 292.

[27] Л. Д р а н ь к о – М а й с ю к, Ірландыя, [у:] Кніга для спадарыні Эл…, с.32.

[28] Л. Д р а н ь к о – М а й с ю к, Гародня. 1919, [у:] Гаспода…, с. 137 – 142.

[29] Л. Д р а н ь к о – М а й с ю к, У Вільні і больш нідзе, “Дзеяслоў” 2009,   № 4, сс. 5 – 25; “Дзеяслоў” 2010, № 4, сс. 110 – 124; “Дзеяслоў” 2011, № 3, сс. 5 – 33; “Дзеяслоў” 2011, № 4, сс. 67 – 96.

[30] У 1926 г. Янка Купала напісаў адзін з найлепшых сваіх вершаў “І прыйдзе…” па ўражаннях ад т.зв. “Лістападаўскага” судовага працэсу. Адным са сведкаў-абвінаваўцаў у судзе выступіў Цішка Гартны (які ў 1937 г. таксама загінуў у Магілёўскай псіхіятрычнай лякарні).

[31] Л. Д р а н ь к о – М а й с ю к, Твая Марыя, [у:] Кніга для спадарыні Эл…, сс. 37, 39, 41, 42.

 

[32] Л. Д р а н ь к о – М а й с ю к, “…піць з недапітых чаш”, [у:] Кніга для спадарыні Эл… , сс. 183 – 192.

 

[33] Л. Д р а н ь к о – М а й с ю к, Што ні было – усё ж радзіма, [у:] Гаспода…, с. 128. У гэтым вершы парафраза з “Новай зямлі” Я.Коласа спалучаецца з рэмінісцэнтнай згадкай в. “Грешить бесстыдно, беспробудно…” А.Блока: …Да, и такой, моя Россия, / Ты всех краёв дороже мне .

 

[34] Л. Д р а н ь к о – М а й с ю к, Паэтаграфічны раман: Вершы, проза, Мінск 2002, 111 с.

 

[35]Л.Дранько-Майсюк любіць словатворчасць (як і літаратары 1920-х гг.); сваю эсэістыку ён называў прозапаэзіяй, прапаноўваў замест іншамоўных запазычанняў камп’ютар, мабільнік ужываць беларускія лексемы асьветар, далькажык; інш..

[36] Напрыклад, вершы з абсцэннай лексікай: <…> Вось так шанцуе беларусу / З чужое кварты піць віно, / Каб не ступіць за тую рысу, / Дзе ўжо суцэльнае гаўно (в. “Застацца на парозе славы…”); <…> Хочаш, браце, мякка спаць / І смактаць каньяку, / Дык умей тады лізаць / У начальства сраку (в. “Калі падумаеш, захочаш…”), [у:] Л. Д р а н ь к о – М а й с ю к, Паэтаграфічны раман…, сс. 39, 72.

 

[37] У трэцім і чацвёртым радках – адсылка да радкоў Арс.Таркоўскага: <> Когда судьба по следу шла за нами, / Как сумасшедший с бритвою в руке (з в. “Первые свидания”).

[38]   “Прошча” – кніга вершаў і паэм У.Някляева.

[39] Тут цытуюцца вершы: “У Менску – людна, гнойна, позна…”, “Ты мне даводзіў: “Досыць вершаў…”, “Цыгарэта супакойвае…”, “Да журбы дакранайся, нібы да жалеза…”, [у:] Л. Д р а н ь к о – М а й с ю к, Паэтаграфічны раман …, сс. 58, 41, 53, 50.

[40] Л. Д р а н ь к о – М а й с ю к, Даляры памяняць на сон…, [у:] Паэтаграфічны раман…, с. 61.

[41] Л. Д р а н ь к о – М а й с ю к, Здаецца, нічога не будзе…, [у:] Паэтаграфічны раман…, с. 74.

[42] Л. Д р а н ь к о – М а й с ю к, Не спяваць, а дакранацца… , [у:] Паэтаграфічны раман…, с. 68.

[43] Л. Д р а н ь к о – М а й с ю к, Цацачная крама: кніжка для вялікіх і малых (Серыя “Бібліятэчка часопіса “Дзеяслоў”), Мінск 2008. Вершы “Цацачнай крамы” леглі ў аснову аднайменнага музычнага цыклу і кампакт-дыска Зміцера Вайцюшкевіча.

 

[44] Л. Д р а н ь к о – М а й с ю к, Пра тое, як я…: 13 несур’ёзных апавяданняў, Мінск 1992.

 

[45] Л. Д р а н ь к о – М а й с ю к, Калядныя апавяданьні, “Дзеяслоў” 2004, № 13, сс. 30 – 39.

[46] Л. Д р а н ь к о – М а й с ю к, Анёлак і я: апавяданне, Мінск 2009.

 

[47] Л. Д р а н ь к о – М а й с ю к, Аляксей Нічыпорка і Рудольф Гес, [у:] Сучасная беларуская проза: Традыцыі і наватарства / Уклад. Ул.Сіўчыкава, М.Тычыны. Прадм. М.Тычыны, Мінск. 2003, с. 214 – 222.

 

[48] Л. Д р а н ь к о – М а й с ю к, Горад Боны і Давыда, “Дзеяслоў” 2009, № 38, сс. 54 – 88.

 

[49] У л. Ж ы л к а, Вершы аб Вільні, [у:] У л. Ж ы л к а, Выбраныя творы / Уклад., прадмова і камент М.Скоблы, Мінск 1998, с. 76.

[50] Л. Д р а н ь к о – М а й с ю к, У Вільні і больш нідзе, “Дзеяслоў” 2011, № 4, с. 89.

[51] Л. Д р а н ь к о – М а й с ю к, У Вільні і больш нідзе, “Дзеяслоў” 2011,   № 2, с. 8.

 

[52] Л. Д р а н ь к о – М а й с ю к, У Вільні і больш нідзе, “Дзеяслоў” 2010,   № 4, с. 112.

 

[53] Л. Д р а н ь к о – М а й с ю к, У Вільні і больш нідзе, “Дзеяслоў” 2009,   № 4, сс. 9, 21.