Зборнік артыкулаў

Цукровы Пеўнік

Кніга “Цукровы пеўнік” мае не акадэмічную назву, але складаецца з сур’ёзных артыкулаў.

Першая палова гэтай кнігі – літаратуразнаўчая. У ёй вельмі падрабязна разгледжана проза трох класікаў беларускага пісьменства – Максіма Гарэцкага (1893 – 1938), Кузьмы Чорнага (1900 – 1944) і Васіля Быкава (1924 – 2003). Кожны з іх сваёй творчасцю разарваў вязьмо лёсу і абставін ды ўзняў беларускую культуру на вяршыні мастацкага Алімпу.

Якім чынам Гарэцкаму, Чорнаму і Быкаву ўдалося гэта зрабіць у часы, калі Беларусь яшчэ не была асобнай краінай са сваёй дзяржаўнасцю? Калі празаічная традыцыя, запачаткаваная калісьці летапісамі, Скарынам, была змушана ізноў пачынацца нібы спачатку – з агромністай задачы Адраджэння беларусаў і іх прыгожага пісьменства?

На гэтае пытанне даецца адказ з двух пунктаў гледжання. Па-першае, праз аналіз алгарытмаў літаратурнага працэсу – у першым артыкуле, пад назваю “Дынаміка жанравых структур у беларускай прозе ХХ стагоддзя”. Па-другое, праз падрабязны, паслядоўны аналіз прозы кожнага з трох класікаў: у артыкулах “Максім Гарэцкі”, “Кузьма Чорны”, “Васіль Быкаў”, а таксама ў артыкуле “Роля фармальнага кансерватызму ў развіцці беларускай празаічнай традыцыі”.

Другая частка кнігі “Цукровы пеўнік” складаецца з розных артыкулаў, прысвечаных пісьменнікам і іх творам апошняй трэці ХХ – пачатку ХХІ стагоддзяў. Гэта Вячаслаў Адамчык, Алесь Адамовіч, Алесь Асіпенка, Васіль Быкаў, Максім Танк, Янка Сіпакоў, Леанід Дранько-Майсюк, Галіна Багданава.

Чатыры артыкулы прысвечаны новым павевам 1980-90-х гадоў, калі ў літаратуру прыйшлі аўтары з “Тутэйшых” і іх аднадумцы. Гэта тэксты “Агрэсія формы”, “Ці лёгка быць геніем?”, “Новая маргінальная беларушчына”, “Авангард і парадокс”. У іх згадваюцца – у тым ці іншым кантэксце – наступныя імёны: У. Арлоў, У. Ягоўдзік, Х. Лялько, Л. Галубовіч, А. Пісьмянкоў, Л. Дранько-Майсюк, Г. Багданава-Ланеўская, А. Асташонак, А. Глобус, А. Аркуш, В. Акудовіч, І. Бабкоў, С. Дубавец, А. Казлоў, С. Кавалёў, В. Мудроў, А. Наварыч, Л. Неўдах, У Сцяпан, А. Федарэнка, А. Мінкін, А. Гуцаў, М. Клімковіч, П. Васючэнка, М. Шайбак, Л. Сільнова, А. Сыс, Ю. Гуменюк, І. Сідарук, С. Адамовіч, У. Ахроменка, М. Матрунчык, А. Анціпенка, І. Афанасьеў, В. Вячорка, Ю. Залоска, Ю. Пацюпа. Гэтыя тэксты выклікалі вострую палеміку, якая, па-сутнасці, усё яшчэ доўжыцца (яе працяг – у артыкуле “Старая маргінальная беларушчына”, ужо з іншай кнігі)…

Увесь тэкст кнігі ў фармаце pdf: Цукровы-пеўнік(А4).pdf

Увесь тэкст кнігі ў фармаце epub: Цукровы пеўнік.epub