Пераклад заўсёды актуалізуе розніцу нацыянальна-культурных кантэкстаў. Урэшце і матывацыя любога перакладу можа быць зразуметая толькі праз спецыфіку нацыянальнай традыцыі. Прычым тут аднолькава важныя як стылёвыя прыярытэты, так і чыста знешнія варункі літаратурнага жыцця.

Якім жа чынам ў 1931-м годзе ў часопісе “Полымя” з’явіўся Жылкаў пераклад паэмы Бруна Ясенскага “Слова пра Якуба Шэлю”, і што гэта быў за пераклад?

Прыгадаем, што сама паэма Ясенскага адразу ж пасля з’яўлення ў друку ў 1926 г. займела скандальную славу: польская грамадскасць, як вядома, абвінаваціла Ясенскага ў бальшавіцкім блюзнерстве на свой народ і яго гісторыю, у здрадзе нацыянальным інтарэсам і патрыятычнай ідэі. Такія ацэнкі вынікалі найперш з аўтарскай — Ясенскага — трактоўкі вобраза галоўнага героя паэмы.

Якуб Шэля, важак сялянскага бунту ў Аўстра-Венгрыі, паказаны авангардыстам Ясенскім як фігура велічная, стыхійны змагар за волю народных нізоў; ён гіне на шыбеніцы праз кайзераўскіх жандараў і польскую шляхту.

Найперш класавае права на сацыяльны пратэст, права на разбойны помслівы бунт апявае Ясенскі. Ён малюе ў сваёй паэме спрэчку героя з Хрыстом. Польскія ж неарамантыкі (Станіслаў Выспянскі, Стэфан Жаромскі) лічылі Якуба Шэлю проста здраднікам: на самой справе за свае крывавыя расправы са шляхтай (нацыянальна свядомай, антыкайзераўскі настроенай) Шэля атрымаў ад кайзера 30 га зямлі на Букавіне, дзе і пражыў да сямідзесяці васьмі гадоў.

Ясенскі Бруна (Віктар Якаўлевіч, 1901-1948; незаконна рэпрэсіраваны і расстраляны, рэабілітаваны пасмяротна [3, с. 1122-1123]) — польскі і расійскі савецкі пісьменнік, пісаў па-польску і па-руску. Ён скончыў Ягелонскі універсітэт у Кракаве ў 1922 г.; у 1924 г. працаваў у Львове літаратурным рэдактарам у камуністычным друку; у 1925 г. — эміграваў у Францыю, уступіў у ФКП; з 1929 г. жыў у СССР. Ён аўтар зборнікаў вершаў і паэм, сатырычных п’ес; пісаў таксама аповесці і раманы. Самы вядомы раман у СССР — “Чалавек мяняе скуру” (1932 – 1933 гг.), пра класавую барацьбу і сацыялістычнае будаўніцтва ў Таджыкістане. Ніводзін савецкі падручнік па гісторыі літаратуры не абыходзіўся без згадкі гэтага рамана ў “абойме” лепшых твораў савецкай шматнацыянальнай літаратуры 30-х гг. Цікава, што Ясенскі перакладаў на рускую мову вершы Купалы, Коласа, Броўкі. Яго ж творы на беларускую мову перакладала Я. Бяганская. Ясенскі быў на 1 Усебеларускім з’ездзе пісьменнікаў у 1934 г., на пленуме беларускіх пісьменнікаў у 1936 г. у Мінску.

Звернем увагу на тое, што вельмі многія прадстаўнікі еўрапейскага левага авангарду, гэтаксама як і Бруна Ясенскі, былі ў свой час залічаны ў класікі сацыялістычнага рэалізму (і не толькі залічаны, але многія і зрабіліся, сталі такімі). Вядома, што ў эстэтыцы авангарду ёсць шмат рыс, вельмі блізкіх да прынцыповых арыентацый сацрэалізму. (Гэта найперш нарматыўнасць, агрэсіўнае стаўленне да рэчаіснасці, прыярытэтнасць для творцы камунікатыўнага ды ўтылітарнага ў прыродзе мастацтва). Сацрэалістамі ў нас называліся, напрыклад, такія арыгінальныя творцы –   кожны са сваёй мастацкай эвалюцыяй – як Л. Арагон, П. Элюар, Б. Брэхт, І. Бехер, У. Маякоўскі, П. Неруда, В. Незвал. А між тым, акрамя розных па трываласці, па “якасці” сімпатый да сацыялізму і камунізму, усе яны засталіся збліжанымі ў гісторыі літаратуры якраз агульнай для іх глебаю левага (сацыяльна-актыўнага) авангарду: экспрэсіянізму, футурызму, канструктывізму.

Ул. Калеснік, падрабязна, па радках разглядаючы “Песню пра Якуба Шэлю” Ясенскага ў параўнанні з Жылкавым перакладам гэтай паэмы, зусім слушна падкрэсліў якраз футурыстычную школу, якраз авангардысцкія крайнасці ў паэтыцы арыгінала [2, с. 309 – 313]. Эпатаж, блюзнерства, імкненне іранічна, “з падцёнамі” [Калеснік] адштурхнуцца ад фальклорнай стылістыкі, ад сентыментальна-рамантычнай паэтыкі младапольскай лірыкі відавочнае ў Ясенскага. Ён падкрэслівае біялагічнае і эратычнае, урэшце фізіялагічнае са знарочыстай грубасцю, непрыстойнасцю.

Зразумела, што эстэтычныя густы Жылкі, звязаныя найперш з беларускім адраджэнцтвам, а таксама са “служэннем у Храме Хараства”, разыходзіліся з прыярытэтамі Ясенскага. Працытую У. Калесніка: “Жылка быў моцна прывязаны да рамантычнай сістэмы каштоўнасцей: ён мог уявіць сабе брыдоту хаосам, здрадай, смерцю, але ніколі не плюгаўствам […]. Для беларускай паэтычнай канвенцыі спрэчка з народнай творчасцю была недапушчальнай […], як і яго [Ясенскага, – Л.С.] барацьба супраць нацыянальна-рамантычнай традыцыі”[2, с. 312]. Выснова, да якой прыходзіць У. Калеснік у выніку супастаўлення перакладу з арыгіналам, відавочная: Жылка адаптуе паэтыку Ясенскага, абапіраючыся якраз на беларускую фальклорна-рамантычную традыцыю, каб зменшыць “ролю антыэстэтызму як выяўленчага прыёму”[2, с. 312].

У той жа час мы зрабілі б вялікую памылку, калі б палічылі Жылку-паэта (і ўсю беларускую паэтычную канвенцыю) залішне, задужа кансерватыўнымі для эстэтычных навацый 20-х гг. ХХ ст.

Творчая практыка самога Жылкі сведчыць якраз пра вельмі высокую ступень яго творчай свабоды.

Адзначым спачатку, што блюзнерства як такое, “попиранье заветных святынь” (так называў гэта любімы Жылкам Блок) дастаткова моцна і выразна заяўлена ў Жылкавай паэзіі. Напрыклад, традыцыйны рамантычны матыў бунту паэта супраць Бога, які не бачыць пакуты нацыі, істотна развіваецца Жылкам у вершы “Альбігоец”:

 

Не хочу нябёсаў!.. Людскога ты – кат!

Ў цябе мая ярасць і злосці каменні,

Я – багна, смурод; я поўзаю – гад, –

Цябе ж праклінаю ў маім паніжэнні!

А ён усё тут, і ўжо ява, не здань,

Што сном несмяротнасці мучыць стагоддзі,

І твар яго ясны, як летняя рань,

Як вечнасці дзень, што гарыць, не праходзе [1, с. 94].

 

Затым, своеасаблівая Жылкава цэнзура эратычнай вобразнасці Ясенскага зусім не сведчыць пра пурытанцтва самога Жылкі або ўсёй сучаснай яму беларускай паэзіі. Варта прыгадаць першыя радкі з Жылкавага верша “Будзь бласлаўлёна, мая маладосць! // Кроў неслухмяная, цьмяная млосць!”, або так званыя карчомныя матывы ў спадчыне паэта: вершы “Каму жыццё – атруты келіх…”, “На жвіровыя ставіў я карты…”, “Ну хай жа, ну хай жа, пакінь…” (Або яшчэ смялейшым трэба лічыць Ул. Дубоўку, які перакладаў санеты Шэкспіра, і ў 1920-я, і ў пазнейшыя савецкія гады захоўваючы іх арыгінальную адрасацыю каханаму сябру, тады як іншыя перакладчыкі тут Шэкспіра “папраўлялі”.)   Варта прыгадаць таксама багемныя матывы ў Жылкавых перакладах з Іржы Волькера, чэшскага пралетарскага авангардыста (1900-1924, памёр ад сухотаў). Жылка пераклаў, дарэчы, і характэрны артыкул Волькера “Пралетарскае мастацтва”, у якім трэціраваўся рамантызм і неарамантызм – што не перашкодзіла, а толькі паспрыяла Жылку засвоіць пэўны вопыт Волькера.

Вяртаючыся да перакладу з Ясенскага, адзначым, што ён абумоўлены таксама і драматычнымі абставінамі Жылкавага асабістага лёсу.

Маючы намер канчаткова прыехаць (з Прагі) у Савецкую Беларусь, Жылка не мог не думаць пра будучыню для сваёй творчасці. Ведаючы савецкія прыярытэты, ён і прыглядаўся да творчасці паэтаў пралетарскіх, камуністычна арыентаваных, цікавіўся такімі артыкуламі, як згаданы “Пралетарскае мастацтва”. Спраўдзіліся, аднак, папярэджанні Жылкавага дзядзькі, Юрыя Раманейкі, які не раіў пляменніку ехаць у СССР. У 1925 г. ён пісаў Жылку: “Фармальных перашкод не можа быць, паколькі ты не белагрвардзеец і не эмігрант-буржуй і наогул не эмігрант з Савецкай Расіі. Ты эмігрант з Польшчы, якая не па тваім жаданні правяла граніцу ў 60 кіламетрах на ўсход ад гасціннага дома твайго дзеда, дзе ты ратаваўся ад фізічнага голаду…

Але мяне бянтэжыць другое. Што ты будеш рабіць у Мінску? Вучыцца? — дзе, на якія сродкі? Працаваць? — дзе, у якой галіне? Спецыяльнасці ў цябе няма, вопыту жыццёвага мне цяжка дапусціць празмернасць.

Нават тваё ўдалае выступленне ў паэзіі непакоіла б мяне тут… Нават любімая табою нацыянальная тэма без інтэрнацыянальнай афарбоўкі аддавала б тут старызнаю, была б без надзеі на попыт. Не забывай, што мы перажываем пераходны момант выхавання новага грамадства і новых сацыяльных умоў. Таму Шэлі і іншыя буржуазныя пустазвоны хараства наогул, хоць бы “хараство і збаўляла свет”, — непрымальны. […] “Каб ты вярнуўся сюды камуністам, што было б не блага, дык работы было б у досталь, а на паэзію попыту не відаць” [2, с. 265].

Як вядома, зборнік паэзіі Жылкі “З палёў Заходняй Беларусі” (1927 г.) жорстка крытыкаваўся; акрамя таго, пасля 1927 г., пасля падзей вакол “Грамады” заходнебеларуская тэма зрабілася для паэта надзвычай балючай. Блізкі яму Антон Навіна (Луцкевіч), якому Жылка прысвяціў верш, іншыя грамадоўцы ў савецкім кантэксце ў гэты час ужо зрабіліся персонамі непрымальнымі. Між тым тэма сялянства, сялянскага класавага бунту, таксама цікавая Жылку, была актуальнай. Гэтыя акалічнасці таксама матывавалі пераклад.

Трэба сказаць, што ўжо ўлетку 1930 г. Жылка быў упершыню арыштаваны. Яго пераклад “Песні пра Якуба Шэлю” асобным выданнем выйшаў у 1932 г., незадоўга да смерці паэта ва Уржумскай высылцы (гады жыцця Жылкі – 1900 – 1933). Навідавоку перазовы асабістых лёсаў аўтара паэмы і яе перакладчыка, Ясенскага і Жылкі.

Літаратура

  1. Жылка Ул. Выбраныя творы / Укладанне, прадмова і каментарыі М.Скоблы. – Мн.: “Беларускі кнігазбор”, 1998. – 358 с.
  2. Калеснік У. Ветразі Адысея: Ул. Жылка і рамантычныя традыцыі ў беларускай літаратуры. –   Мн.: Маст. літ., 1977. – 328 с.
  3. Ясенский (Jasienski), Бруно // Краткая литературная энциклопедия / Гл. ред. А.А.Сурков. – М.: «Советская энциклопедия», 1975. (Энциклопедии. Словари. Справочники). Т. 8. Флобер – Яшпал. – 1136 с.

Друкавалася [у]: Сінькова Л. Уладзімір Жылка – перакладчык Бруна Ясенскага // На шляху да праўды, Мінск, 2001;

Сінькова Л.Д. Паміж тэкстам і дыскурсам: Беларуская літаратура ХХ – ХХІ стст. : гісторыя, кампаратывістыка і крытыка (літаратурная крытыка, артыкулы, гутаркі) / Людміла Сінькова. – Мінск : Паркус плюс, 2013. – С. 52 – 56. (296 с.)