Вядома, што з Амерыкай, ЗША звязаныя лёсы многіх беларускіх літаратараў, якія мусілі пакінуць Радзіму. Рочэстэр, Глен-Коў, Лос-Анджалес, Трой, Стэйт-Айленд у Нью-Йорку, Блумінгтон у Індыяне, Саўт-Рывер у Нью-Джэрсі – вось асноўная, так сказаць, “геаграфія” ў жыцці такіх беларускіх творцаў, як Наталля Арсеннева, Масей Сяднёў, Рыгор Крушына (Казак), Уладзімір Клішэвіч, Міхась Кавыль (Язэп Лешчанка), Янка Золак (Антон Даніловіч), Алесь Змагар (Аляксандр Яцэвіч), Анатоль Бярозка (Мацей Смаршчок), Уладзімір Глыбінны (Сядура), Антон Адамовіч, Лявон Савёнак, Аляксандра Саковіч (Іна Рытар), Аўген Калубовіч (Каханоўскі), іншыя, і, канешне, Янка Юхнавец. Пры гэтым Я. Юхнавец – адзіны з пералічаных паэтаў, хто пачаў пісаць менавіта за межамі Радзімы, у Нямеччыне (Мюнхен) і Амерыцы, і друкаваць свае першыя творы ў часопісе “Шыпшына” (адпаведна ў 1946 і 1947 гг.). Такім чынам, Я. Юхнавец не быў паваенным эмігрантам, як тыя аўтары, што пакідалі Беларусь, апынуўшыся “паміж Сцылай і Харыбай” гітлерызму і сталінізму (згодна з папулярным выразам у эмігранцкім асяроддзі).

Прыгадаем, што пасля таго, як сям’ю Юхнаўца – бацьку і пяцёра братоў – літоўскія карнікі спалілі, 23-х гадовы юнак быў вывезены ў Нямеччыну гвалтоўна. Пасля вайны Я. Юхнавец прыняў свядомае рашэнне застацца на Захадзе і ў 1949 г. (па звестках Я. Чыквіна – у 1950-м) пераехаў жыць у Амерыку.

Як вядома, творчасць беларускіх эмігрантаў была цалкам скіраваная да Беларусі, і можна сказаць нават, што яна была настальгічна-кансерватыўнай – па сваёй мастацкай змястоўнасці – у надзвычай вялікай ступені. Моўны бар’ер, цяжкасці з атрыманнем прафесіі, адукацыі, адпаведнай працы і да т.п. таксама правакавалі настальгію. З усіх “беларускіх амерыканцаў” даследчыкі вылучаюць толькі 2-х аўтараў, якія ў сваіх творах насмеліліся (без непасрэднай сувязі з беларускай праблематыкай) усур’ёз спасцігнуць Амерыку, зразумець і стварыць вобразы амерыканцаў, хоць гэтыя спробы і не сталіся прыкметным літаратурным поспехам. Гэтыя 2 аўтары – Уладзімір Глыбінны з амерыканскімі навэламі і Міхась Кавыль са сваёй паэзіяй. (Праўда, як адзначае В. Булгакаў, Кастусь Акула (Аляксандр Качан), Уладзімір Глыбінны ( Сядура) і Антон Адамовіч пісалі “па-ангельску”, аднак не больш за тое, а “спроба Кастуся Акулы напісаннем раману на ангельскай мове “Tomorrow is Yesterday” прарвацца на заходні літаратурны рынак прынесла толькі расчараванні і фінансавыя страты” [1, с. 16, 14]).

Арнольд Макмілін зазначае, напрыклад, што 90 % твораў Міхася Каваля з’явілася менавіта ў Амерыцы. Даследчык піша: “У параўнанні з іншымі эмігрантамі-славянамі, Міхась Кавыль ставіўся з большай удзячнасцю да таго, што дала яму Амерыка (в. “Дзякуй табе, Амерыка, 1952 г. інш.), і вельмі цікавіўся ўсімі бакамі жыцця свайго новага дома, шмат разважаў пра іх у сваіх вершах” [2, с. 51].

Янка ж Юхнавец, хоць і не імкнуўся пісаць менавіта пра Амерыку, зрабіўся адзіным пісьменнікам беларускай эміграцыі, які здолеў успрыняць і творча “пераплавіць” заходнюю культуру – найперш філасофію, эстэтыку.

Практычна ўсе даследчыкі творчасці Я. Юхнаўца пагаджаюцца з Я. Чыквіным, які ў сваёй кнізе “Далёкія і блізкія” (артыкул “Набліжэнне вандроўніка (лірыка Янкі Юхнаўца)” вызначыў повязь паэта з англасакскім кантэкстам, з заходняй філасофіяй, і абгрунтавана прааналізаваў паэтыку Я. Юхнаўца як інтэнцыянальна адкрытую “для свабоднай інтэрпрэтацыі ўспрымальніка” [3, с. 68]. Прычым гэтую асаблівасць Юхнаўцовай паэтыкі Чыквін убачыў не як выключную, а якраз як характэрную для беларускамоўнага мастацкага мыслення, звязаўшы яе з аналагічнай інтэнцыянальнасцю ў манеры А. Разанава, “выхаванай” усходнеславянскім культурным кантэкстам, а таксама Н. Артымовіч, улучанай у культурны кантэкст заходнеславянскі.

Я. Чыквін слушна адрозніў сацыяльна-актыўную жыццёвую пазіцыю большасці беларускіх творцаў-эмігрантаў ад экзістэнцыйнай пазіцыі асабістай адказнасці і асабістага жыццёвага выбару Я. Юхнаўца. Даследчык паказаў глыбокую матываванасць індывідуальнага стылю Юхнаўца. Даследчыкі Я.Чыквін, А.Макмілін, Л.Юрэвіч згадваюць таксама гісторыю “непаразуменняў” і, наадварот, узаемаразумення Я. Юхнаўца з паплечнікамі па мастацтве са слоў самога паэта: сэнс непрыхільных водгукаў пра яго плён Р. Крушыны і Ю. Бярозкі (па “Зацемках” Я. Юхнаўца) і ўдзячнасць паэта за падтрымку М. Сяднёву і выдаўцу У. Пелясу (па той жа крыніцы); падтрымку Юхнаўца Ю.Віцьбічам.

Вартая асаблівай увагі тая думка Я. Чыквіна, што Юхнавец, па сутнасці, “патэнцыяльна шмат у чым у змесце і форме” [3, с. 77] апярэдзіў бітнікаў, бо апынуўся ў ЗША ўжо паэтам сталым пасля “баварскага” перыяду жыцця і творчасці (1947 – 1949), з ужо выразным індывідуальным драматычна-экзістэнцыйным светапоглядам. Аднак з-за беларускамоўнасці і абсалютнай душэўнай адданасці радзіме Юхнавец не асіміляваўся. Згадаем тут і выразны метафарычны вобраз Л. Галубовіча: Юхнавец у сучаснай яму паэзіі застаўся адзінокім голасам, які гукае, прамаўляе, нібы ў бязмежнай і пустой касмічнай прасторы: раптам хто адгукнецца яму… [Гл.: 5].

Такім чынам, Э. Паўнд, Э. По, Т.С. Эліёт, У. Уітмен, Р. Джэферс, Э. Дыкінсан, К. Сэндберг – вось тыя аўтары, якіх Чыквін (сярод іншых) лічыць важнымі для Юхнаўца. Тых жа Паўнда, Эліёта і По называе блізкімі Юхнаўцу (пасля беларускіх аўтараў) А. Макмілін [2, с. 87], Паўнда і Эліёта – Е. Лявонава [4, с. 99 – 102].

Арнольд Макмілін, аўтар артыкула “Янка Юхнавец: адзінокі эксперыментатар” у манаграфіі пра беларускую літаратуру дыяспары [2, с. 79 – 90], вызначае Юхнаўца-паэта як “сапраўднага авангардыста”, прычым адзінага сярод прадстаўнікоў свайго пакалення [2, с. 79]; даследчык піша, што “творчую манеру паэта можна ахарактарызаваць як філасофскі, рэфлексіўны маналагічны дыскурс, часам хаатычны, часам цьмяны, калі здаецца, што чытачу далёка да паэтавай думкі” [2, с. 82], і што чытач можа падмануцца ўражаннем ад паэзіі Я. Юхнаўца як творцы “на выгляд больш блізкага з Паўндам, чым, напрыклад, з Я. Купалам…” [2, с. 81]. А. Макмілін называе паэзію Юхнаўца імпрэсіяністычнай, і самым сур’ёзным яе даследчыкам лічыць Я. Чыквіна (цытаваны і намі артыкул Чыквіна – “найлепшая з надрукаваных прац, дзе аналізуецца паэзія Я. Юхнаўца”, – піша пра артыкул прафесара з Беластока прафесар з Лондана [2, с. 79]). Сам Юхнавец называў свой “творчы метад” асацыізмам у значэнні асацыяцыі “ўсіх літаратурных метадаў, школ і стыляў, якія існавалі дагэтуль” [12].

Важнасць для Я. Юхнаўца ідэі праграмна адкрытага мастацтва, якая вяла да своеасаблівага сімбіёзу “літаратурна-эстэтычна-філасофскіх ідэй”, вылучыла і Е.А. Лявонава. Менавіта гэтую думку яна зрабіла своеасаблівым ключом, які дапамог ёй злучыць паэзію Я. Юхнаўца з французскім сімвалізмам і імпрэсіянізмам другой паловы ХІХ ст., з імажызмам англа-амерыканскай паэзіі пачатку ХХ ст. [4, с. 95 – 103].

Даследчыкі не абышлі ўвагай і творчасць Я. Юхнаўца па-за паэзіяй. Напрыклад, Л. Юрэвіч [6, с. 6 – 111] шчодра цытуе, характарызуе і ацэньвае як арыгінальны мемуарны твор “зацемкі” Я. Юхнаўца 1996 года; Юрэвіч жа ў яшчэ адным сваім выданні, дзе публікуюцца і коратка характарызуюцца тэксты літаратараў-эмігрантаў, прадстаўляе “Драматычныя начыркі” Я. Юхнаўца 1996 года [7]; аднак, як заўважыў Валер Булгакаў, Юрэвіч найперш “разумее літаратуру вельмі па-беларуску: не як вытворчасць мастацкіх вартасцяў, патэнцыйна цікавых не толькі ў межах дадзенага нацыянальнага грамадства, але і за яго межамі, а як частку нацыянальнага праекту, пакліканага будзіць нацыянальную свядомасць” [1, с. 11]. Гэтым тлумачыцца няўвага Л. Юрэвіча да эстэтычнай адметнасці твораў Я. Юхнаўца.

Звярнуўся да разгляду прозы, драматычных нарысаў, запісаў, п’ес Юхнаўца і Алесь Пашкевіч, які ўзяў пад увагу апавяданні “Асочны Гаевіч”, “Пасля гутаркі”, “Спадар Калочак”, “Цярпенне”, “Карнавух”, “Краскі”, “Знаёмства”, аповесць “Яно”, “Запісы”. На думку А. Пашкевіча, менавіта ў аповесці “Яно” Юхнавец “найпаўней выявіўся як мастак-філосаф, празаік-экзістэнцыяліст” [8, с. 181]. Заўважым між іншым, што ў даследаванні А. Пашкевіча даецца кароткі, але цікавы і змястоўны экскурс у гісторыю беларускай эміграцыі ў ЗША [8, с. 40 – 43]: “Па сведчанні акадэміка Я. Карскага, першая беларуская публікацыя (лацінкай па-беларуску) у Амерыцы з’явілася ў 1892 годзе [9, с. 167]. Сваіх карэспандэнтаў у Злучаных Штатах мела яшчэ “Наша Ніва” (штаты Каліфорнія, Небраска, Пенсільванія, Нью-Йорк), а таксама – на пачатку 20-х гадоў – часопіс “Крывіч”… З 1921 года пачала арганізоўвацца беларуская эміграцыя ў Злучаных Штатах (Паўночнай) Амерыкі” [8, с. 40]…

Гаворачы ў сваім разглядзе беларускай культурнай актыўнасці ў Амерыцы пра 50-я і 60-я гг. ХХ ст., А. Пашкевіч адзначае і выхад у свет у 50-я гг. паэтычнага зборніка Я. Юхнаўца «Шорах моўкнасці», у 60-я – паэм «Калюмбы» і «Новая элегія» [8, 43]. Нібы ў працяг – можам прачытаць у А. Бяляцкага: «У 1987 г. у Нью-Ёрку выйшаў першы, у 1989 – другі і ў 1990 годзе трэці том твораў Янкі Юхнаўца, якія аб’ядналі ягоныя вершы, паэмы і драматычныя творы [10, с. 7]. У А. Макміліна ўдакладняем: «Паміж 1987 і 1996 гадамі Я. Юхнавец выдаў серыю з пяці аб’ёмных тамоў уласных твораў: «Творы» (т.т. 1–3, 1987, 1989 і 1990), «Дань майго часу» (Зборка твораў, 1993) і «Драматычныя начыркі» (1996). Усе яны выйшлі на Захадзе, але ў 1994 г. том выбраных вершаў з’явіўся і ў Менску пад назвай «Сны на чужыне» (с. 80 – 81). Алесь Бяляцкі, які ўкладаў гэтую самую кнігу выбранай паэзіі Я. Юхнаўца, зусім катэгарычна сцвярджае: “Пры знаёмстве з вершамі Янкі Юхнаўца добра ўсведамляеш, што асэнсаванне ягонае творчасці патрабуе хаця б элементарнага ведання філасофіі, яе сучасных напрамкаў [10, с. 7].

Ці мае рацыю А. Бяляцкі? Мабыць, толькі ў некаторай ступені.        Сапраўды, Янка Юхнавец, напрыклад, вельмі любіць тэму невымоўнасці, моўкнасці, таго, што У.Жылка называў мяжой невымоўнага, што палягае “за рубяжом чалавечага слова”. Улюбёныя Юхнаўцовы канцэптуальныя вобразы – “шорах моўкнасці”, “моўкне жудзь начы”, “моўкны скрык жалю”, “гімны моўкнасці”, “моўкная гутарка”, “вусціш спеўная”, “моўкнасць скрозная”…

Выразным сімвалам невымоўнасці, стану сакральнай памежнасці ў паэзіі Юхнаўца з’яўляецца валун, гэты ўвасоблены парадокс: ён “ніколі не ўздыхне”, ён “увесь – зямная лонь”, і адначасова на ім жа “жыццё струменіць красатосцяй моху”… Юхнавец піша:

І шорах моўкнасці – вадаліў

жыцця пакіненага сярод пустэчы:

Прамежак дзверы за мной зачыніў

і толькі памяцяй глядзяцца рэчы.

Але, тым не менш, і самыя “непразрыстыя”, самыя асацыятыўныя вершы Юхнаўца апелююць не столькі да пэўных філасафем, колькі да эмоцый, пачуццяў. Вось яшчэ прыклад з ужо названай кнігі “Сны на чужыне”:

Словы праўды скошаны

ўсялякім словам,

і гады.

Манашка ўздыхае верай –

шум вады.

Нябачны вецер вырастае хваляй –

уважай!

Крычыць дзіцё маленькае:

– Не трымай!..

Я твае цалую вусны

аж за край –

гэта слова бясслоўнае:

– Бывай!

Трэба заўважыць, што Юхнавец любіць супрацьпаставіць невыказнасць слова “выказнасці” прыроды:

Слову свайму я дасяжыць магу.

Пыл па дзьмуве асядзе…

Саромка дзяўчына нагу

з берага ў хвалі апусціць.

 

Спаткаўшы ізноў яе,

шчасце – камень, лепш ты не кажы.

Яе вусны, як лук у воя,

Яе словы – расцяг мяжы.

 

А так зразумела між гор

Мінулая памяць вякоў,

і ветру вяснянага хор

дрэвы доруць для зор.

“… Ягоная паэзія ў найлепшых сваіх праявах больш шчырая, але зноў-такі яскрава мадэрнісцкая і надзвычай вобразная”, – слушна заўважыў А. Макмілін [2, с. 84]. Відаць, вобразны пачатак усё ж мае пераважнае значэнне перад філасофскім у творчасці Я. Юхнаўца.

Такім чынам, даследчыкі беларускай літаратуры ўжо дастаткова трывала «ўпісалі» постаць Я. Юхнаўца ў беларускі літаратурны працэс ХХ і, можна сказаць, ХХІ стагоддзя.

Літаратура

  1. Булгакаў В. Вузкія месцы дыяспары // ARCHE. 2004. № 1, с. 6 – 31.
  2. Макмілін А. Янка Юхнавец : адзінокі эксперыментатар // Макмілін А. Беларуская літаратура дыяспары / Пер. з англ. – Мн.: УП “Тэхнапрынт”, 2004.
  3. Чыквін Я. Далёкія і блізкія: Беларускія пісьменнікі замежжа. Беласток, 1997.
  4. Лявонава Е.А. Свята асацыяцый. Паэзія Я. Юхнаўца // Лявонава Е.А. Беларуская літаратура ХХ стагоддзя і еўрапейская літаратурная традыцыя. Мінск, БДУ, 2002.
  5. Постаці. Янка Юхнавец // Крыніца, 1996, № 2.
  6. Юрэвіч Л. Vita Memoriae Беларуская мемуарыстыка на эміграцыі. Уклад Л. Юрэвіч. Нью-Ёрк, БІНІМ, 1999.
  7. Юрэвіч Л. Літаратурны рух на эміграцыі. Менск: Бібліятэка часопісу “Беларускі Гістарычны Агляд”, 2001.
  8. Пашкевіч А.А. Канцэпцыя нацыянальнага быцця ў беларускай літаратуры (Проза замежжа ХХ стагоддзя). – Мн.: БДУ, 2002.
  9. Карский Е. Белорусы. Т. ІІІ. Ч. 3. Петроград, 1922.
  10. Бяляцкі А. Адкрыццё прыхаванага сэнсу // Юхнавец Я. Сны на чужыне: Выбраныя творы /Уклад., прадм. А. Бяляцкага. Мн., Маст. літ., 1994 (“Галасы беларускага замежжа”). – с. 5 – 8.
  11. Янка Юхнавец (тэлефонная размова з паэтам Леаніда Пранчака) // Пранчак Л. Беларуская Амерыка. Мінск, 1994.
  12. Юхнавец Я. Запіскі й зацемкі, напісаныя ў працягу некаторых гадоў перад траўнем 1996. Машынапіс. Нью-Ёрк, 1996.

Друкавалася [у]: Ludmila Sińkowa. Творчасць Янкі Юхнаўца ў асэнсаванні айчынных і замежных беларусістаў // Acta Albaruthenica -7, Warszawa, 2007;

Сінькова Л.Д. Паміж тэкстам і дыскурсам: Беларуская літаратура ХХ – ХХІ стст. : гісторыя, кампаратывістыка і крытыка (літаратурная крытыка, артыкулы, гутаркі) / Людміла Сінькова. – Мінск : Паркус плюс, 2013. – С. 181 – 186. (296 с.)