Уладзімір Жылка (1900 – 1933), Уладзімір Дубоўка (1900 – 1976), Кузь­ма Чорны (Мікалай Карлавіч Раманоўскі, 1900 – 1944) – класікі беларускай літаратуры, чые лёсы надзвычай паказальна сведчаць пра сутнасць уплываў савецкай культурнай прасторы на мастацкую творчасць.

Беларускі літаратурны працэс у 1921 г., як вядома, падзяліўся на дзве часткі: літаратуру Заходняй Беларусі (развівалася ў складзе Польшчы да 1939 г.) і літаратуру савецкую (развівалася ў БССР, якая была ў складзе СССР з 1922 па 1990 г.). Трэцюю частку беларускага літаратурнага працэсу склала літаратура эміграцыі, якая надзвычай папоўнілася ў 40-я гады, падчас вызвалення БССР ад гітлераўскай акупацыі савецкім войскам.

Сацыялістычны рэалізм – гэта адзіны метад (або стыль) савецкай літаратуры, які быў афіцыйна ўсталяваны ўладамі СССР на сваёй тэрыторыі ў 1934 г. Прычым на адпаведнасць патрабаванням сацрэалізму была «праверана» ўся літаратура 10 – 20-х гг. (у тым ліку несавецкая, напрыклад, заходнебеларуская). У другой палове 40-х – 50-я гг. сацрэалізм патрапіў пакінуць свой след таксама ў літаратурах тых краін Усходняй Еўропы, што склалі так званы лагер сацыялістычных краін пад апекай СССР. Сацрэалістьгчная дактрына была дастаткова жорстка структураваная (найперш прынцыпамі камуністычнай партыйнасці, класавасці, народнасці, пралетарскага інтэрнацыяналізму, светапогляднай арыентацыяй на камунізм). Адступленні ад прынцыпаў сацыялістычнага рэалізму ў мастацтве ў 30 – 50-я гг. дароўніваліся да дзяржаўнай здрады і адпаведна караліся. У пазнейшыя часы дактрына мадэрнізавалася, мастацкая практыка ўсё больш пэўна яе ігнаравала, і ў другой палове 80-х гг. з’явіліся ўсе падставы засведчыць паступовае згасанне сацыялістычнага рэалізму ў познесавецкай і паслясавецкай літаратуры, у тым ліку і ў літаратуры БССР.

У. Жылка, У. Дубоўка, К. Чорны пачыналі як арыгінальныя пісьменнікі ў 20-я гг., натхнёныя найперш ідэяю нацыянальнага беларускага адраджэння. Яны віталі рэвалюцыйныя змены, і свае надзеі на росквіт Бацькаўшчыны звязвалі з Чырвоным Кастрычнікам. У 20-я гг. паказальна славіў «Камуну свету» Дубоўка, а рысы новай сацыялістычнай явы – Чорны. Паэтызаваў рэвалюцыю, прыглядаўся да беларусізацыі з-за межаў Беларусі савецкай і У. Жылка. Аднак абсалютную большасць мастацкіх тэкстаў, напісаных беларускімі аўтарамі да 1934 г., нельга было без агаворак укласці ў сацрэалістычныя нарматывы. Праблема заключалася якраз у тым, што папярэднічала ідэі пралетарскага інтэрнацыяналізму ідэя нацьіянальна-патрыятычная, адраджэнская, якая натхняла ранейшую літаратуру апяваць нацыянальную і сацыяльную волю, незалежнасць. Аб’яднаць жа гэтыя дзве ідэі – камуністычную, аб салідарнасці пралетарыяту ўсіх краін у адной дзяржаве – СССР, і дэмакратычную, аб нацыянальным адраджэнні на грунце нацыянальнай незалежнасці, – аказалася вельмі няпроста, а ў большасці выпадкаў – немагчыма.

Зразумела, што ні Жылку, ні Дубоўку, ні Чорнаму не ўдалося пазбегнуць рэпрэсій.

У. Жылка не пакідаў спецыяльна Беларусі савецкай: ён апынуўся на польскай тэрыторыі, інш. воляю лёсу, з-за дзяржаўных памежаванняў. Вярнуўся ж у Мінск з Прагі, дзе вучыўся, у 1926 г. свядома, і таксама воляю лёсу: вялікую ролю адыграла тое, што У. Жылка быў хворы на сухоты, і ў нейкі момант ён памкнуўся да сям’і, якая засталася на савецкім баку. Спадзяваўся паэт і на палітыку беларусізацыі, што прапагандавалася і сапраўды кароткі час праводзілася ў БССР.

Аднак ужо ў 1930 г. ён быў арыштаваны (зборнік яго паэзіі «3 палёў Заходняй Беларусі», выдадзены ў Мінску ў 1927 г., жорстка крытыкаваўся за ідэйныя пазіцыі) і неўзабаве памёр у высылцы ў г. Уржуме.

Амаль 30 гадоў правёў у зняволенні і У. Дубоўка, арыштаваны так­сама ў 1930-м г. У. Дубоўка вучыўся у Вышэйшым літаратурна-мастацкім інстытуце імя В.Брусава (у Маскву сям’я трапіла звычайнымі шляхамі беларусаў-бежанцаў). Маючы выключныя творчыя здольнасці, У. Дубоўка вельмі хутка зрабіўся адным з лідэраў беларускай савецкай паэзіі. Прычынай арышту паэта паслужыў верш «За ўсе краі, за ўсе народы свету…” (надрукаваны ў Вільні пад псеўданімам Янка Крывічанін), у якім Дубоўка асуджаў памежаванне бальшавікамі беларускіх земляў.

I Жылка, і Дубоўка былі рэабілітаваныя ў пару т. зв. Хрушчоўскай адлігі (Жылка – пасмяротна). Аднак У. Дубоўку, які ў 60 – 70-я гт. вярнуўся да літаратурнай творчасці, ужо не ўдалося пэўна выйсці за межы сацрэалістычных патрабаванняў. Толькі ў перакладах з Байрана і Шэкспіра яшчэ быў выявіўся ваярскі Дубоўкаў паэтычны тэмперамент.

Пры тым, што К. Чорны не быў асуджаны на доўгае турэмнае зняволенне або высылку, не быў расстраляны (як выдатныя беларускія пісьменнікі М. Гарэцкі, В. Ластоўскі, М. Зарэцкі, М. Чарот, Л. Калюга і інш.), аднак і яму давялося перажыць катаванні ў яжоўскай турме ў Мінску ўвосень 1938 г.

Згадкі пра іх пісьменнік пакінуў у сваім дзённіку. Пасля катаванняў К. Чорны памёр дачасна, памёр хворым, амаль сляпым, не спраўдзіўшы мноства сваіх грандыёзных творчых задум.

Відавочна, усе тры згаданыя пісьменнікі мелі свае, своеасаблівыя стасункі з сацыялістычным рэалізмам.

Сёння ёсць два погляды на сацрэалізм як з’яву эстэтычную [Гл.: С раз­ных точек зрения: Избавление от миражей: Соцреализм сегодня. М., 1990].

Першы: сацрэалізм ніякая не эстэтычная з’ява. Гэта з’ява выключна палітычная: гэта гвалтоўна насаджаная палітызацыя мастацтва. Сацрэалізм у мастацтве – такая ж вульгарызацыя, прафанацыя, як лысенкаўшчына ў біялогіі. Ён зрабіўся рэальнасцю толькі праз масавыя, мільённыя рэпрэсіі.

Другі пункт погляду эстэтычныя складнікі сацрэалізму ўсё ж прызнае. Гэта далучаныя да прынцыпаў пралетарскага інтэрнацыяналізму ды ідэі камунізму стылёвыя прыкметы або класіцызму, або авангарду (т. зв. левага, сацыяльна актыўнага). Прычым у 20-я гг. менавіта левы авангард з яго сацыяльнай актыўнасцю, агрэсіўнасцю, эпатажнасцю, з яго адштурхоўваннем ад усякіх традыцый стаўся глебаю для пралетарскага мастацтва.

У. Жылка-мастак быў сфарміраваны рамантычнай і неарамантычнай традыцыяй. У сваёй арыгінальнай паэзіі У. Жылка ніколі не быў падлеглы ўплывам левага авангарду, г. зн. уплывам той эстэтыкі, якую ў СССР спярша выкарысталі для інкубацыі сацыялістычнага рэалізму (абвясціўшы, напрыклад, футурыста і канструктывіста У. Маякоўскага лепшым і таленавіцейшым паэтам эпохі), а потым правялі кампанію барацьбы з фармалізмам і авангард скасавалі, перайшоўшы ў 30 – 50-я гг. на суцэльнае одапісанне, класіцысцкае па паходжанні.

Аднак, збіраючыся вярнуцца ў родныя мясціны, на Беларусь савецкую, У. Жылка не мог не думаць пра будучыню для сваёй творчасці.

Чалавек адукаваны, ён разумеў: яго эстэтычныя густы, звязаныя са “служэннем у Храме Хараства”, наўрад ці будуць у БССР запатрабаваныя, і Жылка-адраджэнец, аматар Купалы і Багдановіча, Блока, Шэлі і Бадлера, яшчэ будучы ў Празе, з асаблівай зацікаўленасцю звярнуўся да плёну пралетарскіх творцаў-авангардыстаў. У 1926 г. Жылка пераклаў для пражскага часопіса “Новы прамень” артыкул “Пралетарскае мастацтва”, аўтарам якога быў чэшскі авангардыст Іржы Волькер; пераклаў Жылка і верш Волькера “Песня кахання”. Аднак У. Калеснік [гл. яго працу “Ветразі Адысея. Уладзімір Жылка і рамантычная традыцыя ў беларускай паэзіі. Мн., 1977. С. 233 – 235] справядліва падкрэсліваў, што У. Жылку было вельмі няпроста “выходзіць насустрач антырамантычным заявам важакоў чэшскай пралетарскай паэзіі”. Жылкава непадлегласць эстэтыцы авангарду выразна выявілася ў стасунках з польскай пралетарскай літаратурай. Пра гэта сведчыць пераклад паэмы Бруна Ясеньскага “Песня пра Якуба Шэлю”, у якім У. Жылка відавочна адаптаваў і авангардысцкую паэтыку, і авангардысцкую канцэпцыю ўсяго твора Ясеньскага да рамантычнай эстэтыкі, да традыцыйнай “адраджэнцкай” беларускай паэтычнай канвенцыі.

Такім чынам, відавочна, што нават максімальнае набліжэнне
У. Жылкі да пралетарскага мастацтва істотна не паўплывала на яго эстэтычныя прыхільнасці.

У творчасці У. Дубоўкі 20-х гг. на ўзроўні паэтыкі можна знайсці ўзо­ры самых розных спосабаў пісьма (дыскурсаў). Тут і канструктывізм славутых паэм (“Кругі”, з падзагалоўкам “Камбайн” — ад англійскага “камбінаваць”, “І пурпуровых ветразей узвівы”, “Штурмуйце будучыні аванпосты!”); тут і выразныя імажынісцкія вобразы-штампы (“Пальцы жоўтых кляновых лістоў // Мкнуцца восень схапіць за шыю”); тут і выдатныя імпрэсіі ў маналогах лірычнага героя з паэмы “Кругі” (“Хваёвая смала ў руках і кмін // і папараці ліст пажоўклы. // Узвеяў лісціной — і пацяклі // над вуліцамі мроі зёлак”).

Але штудыі семінара Брусава толькі мадыфікавалі Дубоўкаву беларушчыну, яго купалаўскі радавод. Светапоглядна Дубоўка ўсё ж не пакінуў тады, у 20-я гг., не толькі адраджэнства, але і неарамантызму.

Надзвычайная Дубоўкава творчая энергія так і не паспела прыўлашчыць вопыт іншых культур да такой ступені, каб стала памяняўся яго індывідуальны стыль, каб ён набыў новую гармонію, новы эстэтычны лад, больш складаны, чым лад неарамантычны. А філасофскі, інтэлектуальны патэнцыял Дубоўкі, можна сказаць, гарантаваў беларускай куль­туры такое ўзыходжанне, абяцаў новага генія…

Эстэтыка творчасці К. Чорнага таксама была надзвычай багатаю ў 30-я гады. К. Чорны 20-х – гэта ўжо выбітны празаік, аўтар шматлікіх рэалістычна-псіхалагічных ды імпрэсіянісцкіх апавяданняў (назавём толькі два ўзоры: “Вераснёвыя ночы”, “Срэбра жыцця”). Ужо былі напісаны два наватарскія раманы (“Сястра”, “Зямля”) ды аповесць, у якой выявіліся і знаёмства К. Чорнага з натуралізмам, і выразны сацрэалістычны ўплыў (“Лявон Бушмар”). У 30-я гг. пад уплывам агрэсіўнай крытыкі творчасць К. Чорнага з асаблівай паказальнасцю скіроўваецца на сацрэалістычны шлях. Агульная чорнаўская апавядальная куль­тура, майстэрства псіхалагічнага аналізу, уменне ствараць характары-тыпы і гістарычнае аблічча эпохі – усе гэта падначальваецца ідэям класавасці, партыйнасці, сусветнай пралетарскай рэвалюцыі. Плён Чорнага 30-х гг. вялікі: дастаткова прыгадаць толькі раманы “Ідзі, ідзі”, “Бацькаўшчына”, “Трыццаць год”, “Трэцяе пакаленне”, аповесць “Люба Лук’янская”, апавяданні “Семнаццаць год”, “Мураваны скляпок”. Ад­нак, як трапна заўважыў яшчэ ў 1972 г. Алесь Адамовіч, многія з твораў К. Чорнага 30-х гг. напісаны як бы да палавіны: багатае рэалістычнае пісьмо з раскрыццём характараў у кантэксце гісторыі прыкладна ў сярэдзіне аповеду няўхільна змяняецца ў гэтых творах сацрэалістычнай схемай. Усе канфлікты прыводзяцца да “ідэалагічна правільнага” вырашэння, да выкрыцця або перавыхавання чалавека-ўласніка. які пераконваецца ў перавагах сацыялістычнага ладу.

Па сутнасці, Алесь Адамовіч яшчэ ў падцэнзурным савецкім літаратуразнаўстве сцвердзіў той факт, што сацыялістычны рэалізм разбураў эстэтыку Чорнага, пакідаючы яго майстэрства аўтэнтычным толькі на ўзроўні паэтыкі, а не канцэпцыі твора. Вялікая драма К. Чорнага заключалася ў тым, што яго талент разумення чалавечай асобы, індывідуальнасці не мог быць адпаведна рэалізаваны ў часы безумоўнага панавання калектывізму, падаўлення асобы. Таксама і сапраўдная складанасць гістарычных працэсаў, філасофія гісторыі магла быць спасцігнута пісьменнікам толькі пасля таго, як над ім страціла сваю абсалютную ўладу сацрэалістычная догма пра адлюстраванне жыцця адно ў руху да камунізму. І такое вызваленне К. Чорнага адбылося напрыканцы яго жыцця. Пісьменнік здолеў магутна выявіць свой талент у філасофскіх раманах 40-х гг. (яны не публікаваліся цалкам пры жыцці Чорнага) “Пошукі будучыні” і “Млечны шлях”. Тут жа трэба назваць і апавяданні “Маленькая жанчына”, “Заўтрашні дзень”. У гэтых творах К. Чорны асэнсаваў гістарычны шлях свайго народа ў суаднесенасці з агульначалавечымі каштоўнасцямі. Чалавек і яго сям’я, дом, зямля, радзіма – вось тое самае важнае і дарагое, што руйнуецца чарадою войнаў і гвалту; вось тое, што абараняе пісьменнік-гуманіст.

Такім чынам, нягледзячы на разбуральнае прышэсце сацыялістычнага рэалізму ў беларускую літаратуру ХХ ст., спадчына віднейшых творцаў гэтага часу сведчыць пра эстэтычную нятоеснасць іх плёну з пануючай дактрынай.

Друкавалася [у]: Сінькова Л. Стылёвыя прыярытэты Уладзіміра Дубоўкі, Уладзіміра Жылкі, Кузьмы Чорнага і сацыялістычны рэалізм // Да 100-годдзя Уладзіміра Дубоўкі, Уладзіміра Жылкі, Кузьмы Чорнага, Мінск, 2001; Сінькова Л. Эстэтычныя стасункі У.Жылкі, У.Дубоўкі, К.Чорнага з сацыялістычным рэалізмам // Aatseel Newsbater, 2001;

Сінькова Л.Д. Паміж тэкстам і дыскурсам: Беларуская літаратура ХХ – ХХІ стст. : гісторыя, кампаратывістыка і крытыка (літаратурная крытыка, артыкулы, гутаркі) / Людміла Сінькова. – Мінск : Паркус плюс, 2013. – С. 107 – 111. (296 с.)