У 1994 годзе, г.зн. амаль 15 гадоў назад, мне ўжо даводзілася пісаць пра “новую маргінальную беларушчыну”, эпатажную агрэсію маладых і адносна маладых творцаў, філосафаў супраць айчыннай культуры, супраць літаратуры ХХ стагоддзя, сучаснай Беларусі і беларусаў як нацыі [6]. Тады, перажыўшы эйфарыю ад свабоды творчасці, новае літаратурнае пакаленне паабяцала чытачу не менш чым найхуткую новую “еўрапеізацыю” айчыннага краснага пісьменства адно ўласнымі маладымі сіламі. Аднак неўзабаве тыя ж маладыя сілы былі кінутыя на апраўданне бязлітаснай рэальнасці: тыпалагічна-класічна-еўрапейскія шэдэўры з абяцанай хуткасцю і ў спадзяванай колькасці не даліся ў маладыя рукі; адукаванае пакаленне ўсё ж не магло не адрозніваць новых арыгінальна-беларускіх тэкстаў ад новага эпігонства і графаманства паводле замежных узораў. А раз так, то і ў гэтай, і ва ўсіх іншых бедах беларускага літаратурнага працэсу ды ўласнага самасцвярджэння безапеляцыйна, вынаходліва, яскрава-вобразна была абвінавачана менавіта беларушчына. Сказана было так: маўляў, беларускі літаратурны кантэкст адсталы, ён кансерватыўны ў параўнанні з замежным; сам элімінаваны, сярэднестатыстычны беларус у справе самаўсведамленя яшчэ і сёння не развітаўся з фігуральным каўтуном у валасах; ды і дзе тая, увогуле, маўляў, беларуская нацыя, беларуская культура – так, міфатворчасць адна!

         Аспрэчвала я тады тэзісы такога кшталту В.Акудовіча, С.Дубаўца, І.Бабкова, І.Афанасьева, М.Матрунчыка, У.Ахроменкі, іншых аўтараў, у цэлым сімпатычных, аднак па-пракурорску тэндэнцыйных у адмысловым самаедскім астракізме. Мая ўласная “адвакацкая” пазіцыя падавалася мне элементарна зразумелай: гэта ж відавочна па-за любой дэмагогіяй, што наша нацыянальная культура ўжо даўно прэзентаваная ў адукаваным свеце менавіта як годная, а не выключна адыёзна-паўфабрыкатная, а чалавек у Беларусі мае свой шанс заставацца чалавекам, як і паўсюль у свеце. Бясспрэчна, заўсёды было месца пад сонцам і для літаратуры моладзевага пратэсту, максімалісцкага непрыняцця жыцця філісцераў-старэйшых, для так званай контркультуры са сваёй багатай рознамоўнай, рознанацыянальнай, розначасавай традыцыяй (дзесьці ў свеце яна складае цэлыя плыні і напрамкі: бунтоўную літаратуру “сярдзітых маладых людзей” з У.Голдынгам, Э.Бёрджасам, бітнікаў з Дж.Керуакам, К.Кізі, “генерацыю Ікс” з Д.Коўплендам, Ч.Паланікам, М.Уэльбекам, Ф.Бегбедэрам, інш. [4, с. 75 – 76]), – аднак жа паўсюль з’явы гэтыя маюць хрэстаматыйна-пэўны статус контркультурных, а зусім не ўзносяцца на пасад літаратурнага “мэйнстрыму”, на месца вызначальнікаў і, галоўнае, прэзентантаў усёй нацыянальнай літаратурнай традыцыі. А менавіта апошняе ёсць сур’ёзнай прэтэнзіяй маладой беларускай літаратуры.

Такім чынам, у 2009 годзе я мушу пісаць пра тое ж самае, што і ў 1994-м: – пра стаўленне да беларушчыны як да субкультуры, як да маргіналіі ў тэкстах ужо наступнага пакалення маладых аўтараў. Пачну з характэрных для сучаснага пісьменства кніг Марыі Мартысевіч і Евы Вежнавец, выдадзеных у 2008 годзе І.П.Логвінавым [7], [3].

Калі б нават М.Мартысевіч і не змясціла на другой старонцы сваёй кнігі “Цмокі лятуць на нераст” прысвячэнне настаўнікам – Валянціну Акудовічу, Ігару Бабкову, Беларускаму калегіюму ў цэлым (дзе, канешне, акрамя маіх колішніх віртуальных апанентаў, выкладаюць самыя розныя творчыя асобы), то ўсё роўна была б відавочная ў “Цмоках…” навука гэтых філосафаў – з канца мінулага стагоддзя яна зусім не змянілася. І гэта менавіта навука (паўтаруся) бачыць беларускае як маргінальнае ды субкультурнае, навука дэманстраваць пагарду да яго – як правіла, татальную.

   Некаторыя старонкі з кнігі М.Мартысевіч здаюцца ўжо чытанымі раней: “Беларусь – недапісаны тэкст. Гэта краіна, якой больш няма” [7, с. 13]; “Беларусь, як некалі зямля абяцаная для габрэяў, існуе толькі ў сьвядомасьці народу: у далёкім мінулым альбо ў марах пра шчасную прышласьць. Таму няма нічога дзіўнага, што вакол нас шмат людзей з атрафаванай сьвядомасьцю” [7, с. 13]; “Апошнія 200 гадоў паказалі: Беларусь – немагчымая місія” [7, с. 106]; “няўдачнік – гэта ўвогуле скразны герой беларускай сацыякультурнай прасторы, пачынаючы з Кастуся Каліноўскага, у якога нічога не атрымалася. Кажуць, што гісторыя пішацца пераможцамі. Гісторыя Беларусі – выключэньне, бо яна пісалася няўдачнікамі (“Кароткая…” – дык адным з самых культавых лузэраў Вацлавам Ластоўскім)” [7, с. 107]. І далей – пра “мілых няздараў-сухотнікаў” Багдановіча, Канчэўскага, затым рэпрэсаваных Тарашкевіча, Гарэцкага, Аляхновіча, Дубоўку… Гэтак размахнуўшыся (у фрагменце № 8 пад назваю “Мужчыны, якіх мы выбіраем”), Марыя Мартысевіч адчула ўсё ж патрэбу агаварыцца: “Аднак сумаю сваіх няўдачаў яны стварылі кантэкст нашага існаваньня, і ў гэтым – іх самая галоўная ўдача” [7, с. 107]. Часцей бы жартаўлівыя вучаніцы В.Акудовіча пераварочвалі з галавы на ногі і свае, і чужыя антыбеларускія “сафізмы”, якія ўжо больш за пятнаццаць гадоў запаланяюць сучасныя выданні.

Усё ж звычка да таго, што Блок называў “попираньем заветных святынь», гэтае таўро саманепавагі, якім кляймёны нават жартоўны тэкст, – з’ява далёка не бяскрыўдная.

З падобнага, мякка кажучы, парадаксальнага “патрыятызму”, які выяўляецца пры абавязковай гідлівасці гераіні да сябе самой і да ўласнай нацыі, пачынае кнігу “Шлях дробнай сволачы” таксама сяброўка Марыі Мартысевіч – Eва Вежнавец: “Народ мой прыземісты, сутулкаваты і нязграбны, сьмярдзючы, з пажаванаю скураю на тварах, нікому не патрэбны, па-хамску тлусты, рызьзё ды жалезныя зубы. Лепшага нікога няма” [3, с. 11]. Стаміўшыся ад Eвіных навязлівых кашмараў (самы страшны з іх – раптам дзяўчыне становіцца блага, і землякі, “паганыя сівалапцы” з “цёплымі, літасцівымі” вачыма імкнуцца зрабіць гераіні “іскусьцьвенае дыханіе” [3, с. 39]), пяройдзем да аптымістычнага.

У кнізе “Шлях дробнай сволачы” аднайменная аповесць, а таксама апавяданне “Сьвята вяртаецца”, іншыя тэкставыя фрагменты ўсё ж вызваляюцца ад татальнага самапаніжэння. Можна спадзявацца, што Eва Вежнавец усур’ёз жыве ў сваім часе, і менавіта ў яе ўрэшце дастала мужнасці дзеля таго, каб паспрабаваць палюбіць (г.зн. наважыцца суперажываць, разумець) нас, беларусаў, “чорненькімі”, як гаварыў Дастаеўскі, а “беленькімі” – дык нас кожны палюбіць… Кніга E.Вежнавец заканчваецца “праграмнымі” паэтычнымі радкамі: “На нішчымніцы мы і расьцем, // баявое ўскалосьсе // нашай зграбнай, як левы пратэз, эпохі. // (Праўда, што бітву кідаюць адныя калекі ды лохі, // А таксама мы, невялікія сволачы, // Якія выбралі жыць на каленях, // I ня хочуць быць бітымі стоячы.)” [3, с. 149].

Гэтым упаўне рамантычным паводле пафасу радкам E.Вежнавец яшчэ хапае сарказму, але ўжо не просталінейнага, а псіхалагічна ўскладненага; тут нарэшце не перакульваецца, а раскрываецца праўда. Найперш невялічкая аповесць “Шлях дробнай сволачы”, якою завяршаецца аднайменная кніга Е.Вежнавец, дае чытачу падставы ўздыхнуць з палёгкаю: нарэшце ў сучаснай літаратуры з’явілася гераіня, якой ёсць што сказаць усур’ёз пра Беларусь 1990-х – 2000-х гадоў.

Паводле агульназначных падзей гэтага ж часу (“Плошчы” вясной 2006 г.), няйнакш, Альгерд Бахарэвіч у кнізе “Праклятыя госьці сталіцы” адважыўся на вось якую грамадзянскую “фігу ў кішэні”: ён напісаў пра нейкія “дні сапраўдных аблаваў” у Даражокбургу [1, с. 42]; пра фантазію персанажа, у якой нейкаму народу ўвогуле забаранялася “спраўляць натуральныя патрэбы”, з-за чаго “раніцай у нядзельку” гэты народ “аблягчаўся” ў “замаскаваны пад урну з прахам продкаў унітаз”, а потым ішоў граміць “адшчапенцаў” [1, с. 41]; і яшчэ пра тое, што няварта, маўляў, гадзіць на праезджую частку [1, с. 54]. Ведалі б пра такія адмысловасці ў развіцці смехавой культуры Рабле з Бахціным…

Здаецца, яшчэ ўчора я захаплялася прозай Альгерда Бахарэвіча, прапаноўвала яе для чытання студэнтам, звязвала з ёю тэмы творчых прац па сучаснай літаратуры, а кнігу “Натуральная афарбоўка” (2003) як доказ “класнасці” сучаснага беларускага пісьменства прачытаў не толькі мой сын (тады яшчэ выпускнік аднаго з ліцэйскіх матэматычных класаў), але і яго сябры, увабраныя ў пірсінг, банданы і рознакаліберныя ланцужкі. Дзе зараз тыя хлапечыя банданы? Тыя хлопцы сёння – амаль усе выпускнікі ВНУ і цудоўна разумеюць словазлучэнне dress code. Думаю, што большасці твораў А.Бахарэвіча з першай кнігі, якая называлася “Практычны дапаможнік па руйнаванні гарадоў” (2002), з вышэй памянёнай другой, а можа нават і з трэцяй, пад назваю “Ніякай літасці Валянціне Г.” (2006), не пагражае страта першапачатковай вагі, гэтаксама як і адпаведнай чытацкай аўдыторыі. Аднак, прызнацца, першае ўражанне адкрыцця ды, што больш важна, даверу да аўтарскага таленту, на жаль, страцілася.

У “Праклятых гасьцях…” Бахарэвіч раптам увогуле перастаў быць аўтарам салідным і адметным – у адпаведнасці з узростам і сваім немалым пісьменніцкім вопытам. Ён, відавочна, падладжваецца пад цінэйджараўскую аўдыторыю – свайго прагназуемага чытача, і падаецца ў эпігоны да папулярных замежных аўтараў.

Па-першае, агульныя месцы паводле ўжо згаданай тут замежнай прозы (моладзевага пратэсту, выразна аформленых субкультур), апісанні псеўдакультурных сурагатаў для масавага спажывання прыйшлося б цытаваць з Бахарэвічавай кнігі старонкамі: напрыклад, падачу рэкламных кампаній цуда-панацэну (рыхтык у Бегбедэра цуда-ёгурту), сеансаў масавага гіпнозу-псіхозу, конкурсу жаночай прыгажосці, etc..

Па-другое, А.Бахарэвіч выносіць на публіку зашмат астракізму не столькі сацыяльнага, колькі таго самага антыбеларускага кшталту. Пра нашу нацыю і беларускую культуру ў яго чытаем: “…не радзіма ўжо, а Рэспубліка Радзіма” [1, с. 20]; “…былі самымі вернападданымі людзьмі ва ўсёй Родзіне. Нават чукчы з анэкдотаў былі большымі дысыдэнтамі” [1, с. 25]; “кіно імя Жданава”, патрэбнае хіба “Ваську з г…зборачнага цэху” [1, с. 73]; “вяртацца ў Неглыбокае да бацькоў” [1, с. 38]; “жыхары вёскі Мяропхі, што на Жабаўшчыне” [1, с. 93]; “ехалі мы на звычайным такім сялянскім возе з Сучкоў у Рачкі… Увечары едзем мы з Рачкоў у Сучкі…” [1, с. 215]; “размаўляла выключна па-бумску, асабіста ведала ўвесь айчынны дысыдэнцкі Дыснэйлэнд і чытала нанач Шамякіна” [1, с. 29]; “іх клясу гвалтоўна прыцягвалі на дакументальны фільм пра Адамовіча, а яшчэ раней – на дакумэнтальную рэтраспэктыву Пташука” [1, с. 31]; “Рцыгур, той самы, які ляпіў аўчарку Цанавы” [1, с. 157] …

І вось ужо на карысць адзінства аўтаравага стылю высмейваюцца, робяцца агіднымі старыя ды маладыя “саўкі”, пісьменнікі, музыкі, тэатралы, мастакі; не абмінутыя ксенафобія з гомасексуалізмам, гетэрасексуальнае каханне; нават падлеткава-дзіцячая настальгія аўтара ахвяраваная татальнаму паніжэнню.

У прозе Бахарэвіча не тое што аксіялогія, але і анталогія надзейна патаптаная віртуозным тропам, гульнёй у словы. Прыклады – калі ласка, ад упаўне нявінных да брутальна-перцэптуальных: “жанчына з пашкоджаным ад шлюбу тварам” [1, с. 74]; парода “яе сабакі, падобнага на прапалены цыгарэтамі пуфік” [1, с. 161]; “ягоныя словы лізнулі залю ў вочы” [1, с. 129]; рукі – “успацелая, бледная, нездаровага колеру арганіка” [1, с. 59]; “шчокі колеру бульбянога мундзіру” [1, с. 77]; “пазяхнуў цыбуляй і селядцом, выцер рукі аб падлакотнік” [1, с. 165]; “пахла капустай і асвяжальнікам паветра ў клязеце” [1, с. 74]; “папіць вады ў тэатральнай прыбіральні” [1, с. 113]; “абражана паліваў лімонна-жоўты язык пісуару” [1, с. 150]; “на падлозе бялелі плямы пены для галення, у якіх варушыліся чорныя валаскі” [1, с. 42]; “шатляндзкая клетка яе шкарпэтак абрывалася на вузкай палосцы гусінай скуры з вусікамі валаскоў” [1, с. 178]…

Словам, папэцкана ўсё. Але адна справа саркастычна пісаць пра “бледную арганіку”, якая заўсёды роўная сабе, таму прынізіць яе мастацкім словам немагчыма – адно адмыць, падвысіць. Зусім іншы “эфект” (трансгрэсіўны [2]) мае прыніжэнне нацыянальнага.

Можна ўявіць сабе, якім упэўненым у беспакаранасці ды дзёрзкім у вачах мясцовага філісцера будзе пачувацца той беларускі пісьменнік, які, рыхтык Бахарэвіч, найперш аплюе і сцягне ў памыйніцу самую ідэю сакральнай беларушчыны – “без комплексаў”! Гэта інтэлігенты Коласа (Андрэй Лабановіч) або Гарэцкага (найперш Лявон Задума з “Меланхоліі”) з належнай ім па інтэлігенцкім статусе пакутлівай рэфлексіяй перажывалі чалавечую мізэрнасць пэўных “паплечнікаў”: дробны, нізкі люд віецца каля кожнай справы, заўсёды цёрся і каля беларускага адраджэння. А ўжо добра каля яго пахадзіўшы, толькі лянівы з падобнага люду беларушчыну не пінаў. Бахарэвіч тут не выключэнне: калі ў справе сексуальнага эпатажу ніхто не пераўзыйдзе Адама Глобуса, то ў справе “скокаў на могілках” (так некалі назваў Міхась Чарот маладнякоўскую агрэсію супраць адраджэнцаў) – яшчэ не вызначаны пераможца. Тут не адзін Альгерд Бахарэвіч навыперадкі з бывалымі аракуламі нікчэмнасці беларускай нацыі, культуры шчыруе на беларускай жа ніве, дратуючы яе з шызафрэнічна-мазахісцкім шалам (варыянт – з “шызарэалістычным”).

Вось як гэта робіцца А.Бахарэвічам: “жыльцы” дома, дзе адбываўся “нацыяналістычны шабас”, пачуваліся “як пад акупацыяй” і супакойваліся толькі тады, “калі апошні нашчадак паліцаяў садзіўся ў трамвай”, а таварыш Грышук чуў “непрыстойны вокліч “Жыд ведае Русь!” [1, с. 30]; “Цяжка дыхаючы й гнілазуба пасьміхаючыся, ён [спадар Яська. – Л.С.] пачаў гаварыць пра партыйныя справы” [1, с. 164]; “белтэр’еры пад рукі выводзілі з залі спадара Яську, і той гучна лаяўся на зразумелай усім мове” [1, с. 181]…

Адзінства бахарэвічаўскага стылю – ягоная індульгенцыя, і вось ужо чытачу можа падацца, што аўтар нібы лагічна піша з аднолькавым ёрніцтвам пра Ваську і Яську, пра “арганіку” і “родзіну”. Дык што ж гэта за творча-індывідуальны стыль такі? (“Хтойя, такой <…>?” [1, с. 8] – цытую з купюрай рызыкоўную аўтарскую фармулёўку гэтага сакраментальнага пытання.)

А.Бахарэвічу яўна здаецца, што варта толькі ўсе жыццёвыя рэаліі панізіць да іх адбіткаў у самай неразвітай свядомасці, варта скінуць чытача ў кругагляд мізерабельнага таварыша Грышука і інш., як ўсё паніжанае адразу ж зробіцца аналагічным. Трэба толькі ўхапіць увагу чытача яркай і агрэсіўнай метафарай, каб павесці яго за думкамі, эмоцыямі і дзеяннямі персанажаў – павесці ў трупярні, прыбіральні ды іншыя месцы, якія Бахарэвіч ізноў жа зробіць навязліва падобнымі да трупярняў і прыбіральняў (нават калі гэта будуць вясновы лес або літаратурны музей, местачковы клуб або зала для прэсканферэнцый, і г.д.).

Пісьменнік імкнецца здзівіць, уразіць чытача сувымернасцю, напрыклад, шлягера “Сябровачка” савецкіх аўтараў Івана Хруля і Петруся Жучка з песнямі “дзядзькі Найтмара”, якія ваконваюцца маладзёнамі наступным псіхадэлічным чынам: “выпускаць з сябе дурныя словы таннага гіта было прыемна й трохі млосна, быццам са скуры порцыя за порцыяй выходзіць гной” [1, 189]. Аднак пры такой колькасці “гною” непазбежна аказваецца пяройдзенаю пэўная мяжа густоўнасці і такту, парушаецца тое пачуццё меры, што аддзяляе непасрэднасць і змястоўную эмоцыю ў мастацкім выказванні ад майстравітага дрэйфу ва ўжо “разжаваным” абсягу. Як вядома (з Бялінскага), хоць колькі значны мастак выяўляе альбо перастварае “ідэі часу і формы часу” [5, с. 3; 5, с. 109], ён як мінімум мусіць мець што сказаць чытачу. У кнізе ж Бахарэвіча усё банальна да немагчымасці. А можа, нам намякаюць на постмадэрнісцкі (або, як пішуць французы, гіперрэалістычны ) дыскурс, закліканы гуляць банальнасцямі? Аднак жа Бахарэвіч нішчыць якраз падставовую культуру, тую глебу, без якой нават банальнасці не жывуць.

Такім чынам урэшце і намалявалася ў кнізе Бахарэвіча інфантыльная архітэктоніка замест формы з татальнай прафанацыяй замест ідэі. Дык жа і не дзіўна, што кніга “Праклятыя госьці сталіцы” атрымалася “пустой”: у ёй А.Бахарэвіч прадэманстраваў поўную перамогу маргінальнага дыскурсу над сэнсам.

А каму ён, па Бахарэвічу, патрэбны, той дапатопны сэнс, што набыў абавязковы прысмак інтэртэкстуальнасці, як тая булгакаўская асетрына другой свежасці? Аўтару? чытачу? герою? Паводле “Праклятых гасьцей…” памерлі, здаецца, усе. Спакваля канае і сама камунікацыя.

Вось яны, самадастатковыя абалонкі старых сэнсаў пад новым саркастычным пяром: “ён вярнуўся наверх, прайшоў па Абрыкосавай, зьвярнуў на Вінаградную, пастаяў у ценю на Цяністай” [1, с. 46]; “паліцай з Сучкоў, Грыша Мелех” [1, с. 218]; “утапіў пякельную машынку ў ставе на Патрыяршых, вярнуўся ў свой стылы пакойчык на Мойцы ды павесіўся на кальсонах” [1, с. 247]; “зрэшты, калі я выйшаў на падмосткі, гул мусіў заціхнуць” [1, с. 121]; “Уваскрос! <…> U was cross!” [1, с. 183]; “людзі вакол гінулі за метал, за мэдаль і за мэтан” [1, с. 21]; “лёс, людзішкі, Лёшка, Лімасол, лахі, лішняе ў сьметніцу” [1, с. 102]…

Ёсць у пісьменніцкай стратэгіі Бахарэвіча яшчэ адна закавыка. На першы погляд, падобнае пісанне мусіць падвышаць “дасціпнага” апавядальніка, бо ён знаходзіць розныя пункты гледжання, каб агучыць самыя вульгарныя з магчымых меркаванняў пра беларускае   жыццё. Аднак насамрэч з-за ўстаноўкі на татальны астракізм зніжаецца і апавядальнік; ён непазбежна атаясамліваецца з персанажамі, губляецца сярод іх: Назара Мінуса або ягонага біёграфа, аматара тэатру “Мінус”; Кармушкіна, Даражка, Маленькага лекара, Маладога Мастака, самадзейнага музыкі, беспрацоўнага гульца ў “кампутарныя стралялкі” – толькі што (па полавай прыкмеце) не журналісткі Ірыны Агіеўскай.

Прысутнасць у тэксце свядомасці не мізэрнай пакліканы пазначаць прыгоствы кшталту: “клявішныя каляратуры птахаў” [1, с. 39]; “горад пакрысе застываў, разліты ў падрыхтаваныя каменныя формы” [1, с. 72]; “яе пазногці былі пафарбаваныя кроўю ўспамінаў” [1, с. 146]; “адзіным у гэтым памяшканні, хто дапамог бы мне, быў маленькі бюст Краткевіча” [1, с. 109];     “о, мая бедная, бедная І, поўная пачвараў клетка зь перапіленымі прутамі, якая стаіць у цёмным пакоі, І, пэрліна, раскрышаная над гразкай лістападаўскай дарогай…” [1, с. 173]

Аднак падобныя тонкасці выглядаюць не кантрапунктам да жыццёвых мярзотаў, а яўным дысанасам, стылёвым збоем, і аўтару даводзіцца аператыўна звязваць канцы з канцамі ў сваім брыдкім па дамінанце дыскурсе, ізноў вязнучы ў бясконцых спалучэннях слоў: “матылі цыбулі ў сачках авосек” – і тут жа “бруд бульбы й морквы” [1, 222]; або: “вечныя, велічныя й старажытныя, як руіны Парфэнону, бабулькі – зрэшты, каты, што занялі іхнае месца, выглядалі ня менш салідна” [1, 44]; а штрыхі да партрэту “пэрліны І”, раскрышанай “над гразкай лістападаўскай дарогай…” , ужо цытаваліся вышэй: гэта якраз над яе шкарпэткамі чытач назіраў “вусікі валаскоў”.

Вось такое атрымалася ў Бахарэвіча адзінства стылю – інерцыйнага, састарэлага па ідэях, дзе замест фабулы чытачу прапануюцца дробныя ракіроўкі рэалістычнага з умоўным і надта ўмоўным. І ўсё гэта – плён, бадай, беларускага інтэлекту. Бумскага, піша Бахарэвіч, які ўжо ў трэцяй сваёй кнізе называў беларускую мову кудзінскай – але там герой-кудзін яшчэ меў здольнасць адчуваць сябе абражаным.

Між іншым, па маладосці (?) Бахарэвіч не толькі пісаў псіхалагічна змястоўную і тым прыцягальную прозу, але спрабаваў быць і экспансіўным музыкам, і амаль акцёрам у публічных акцыях айчынных авангардыстаў, і журналістам… З часам выпарылася ўсё, акрамя гульні ў пісьменніка. Бахарэвіч узяўся прадукаваць з выгляду контркультурныя, але цалкам бяспечныя для яго самога тэксты: навучыўся выдзьмуваць бурбалкі здзеклівых, банальных, агідных або сентыментальных словазлучэнняў, якія лепяцца ў фігуры, фактурныя рэаліі, эмоцыі ды калізіі, і ўсё гэта паволі збіраецца-такі ў адзіны сюжэт – прыкладна гэтак, як тое робіць Мастак з Надзіманым персанажам у 86-м фрагменце Бахарэвічавага тэксту: “Дзе-нідзе балёны былі замацаваныя яшчэ даволі груба, і, аднак, твор сапраўды здаваўся жывым – хіба што адчувалася нядаўняе хірургічнае ўмяшальніцтва, якое давялося перажыць гэтаму вялізнаму арганізму” [1, с.156]. Відавочна, эпітэт “вялізны” – гэта ў Бахарэвіча ўсур’ёз…

Пераймаюцца, малпуюцца не толькі ўзоры з далёкага замежжа; традыцыйна аўтарытэтныя для нашых эпігонаў моднікі расійскія. Аднак гэта ў Расіі не больш чым забаўкай застаецца проза кшталту “Накануне накануне” Яўгена Папова з героем Інсахаравым. Рэч у тым, што на магіле Тургенева такія скокі азначаюць nihil пры дзяржаўнай забранзавеласці Івана Сяргеевіча, ягонай апрыёрнай статуснасці для кожнага філісцера. Але ці ахаваны аналагічнай бронзаю Янка Купала, калі да яго саркастычна апелюе Андрэй Хадановіч у вершы “Хлопчык і копчык” [8, с. 28-29]? Статус нашай нацыянальнай культуры як феномена сакральнага, як бачым, чамусьці далёка не відавочны нават для прафесіяналаў-гуманітарыяў, не тое што для шараговага спадкаемцы мінулай эпохі. Таму ніколі не вырасце ў значнага пісьменніка чалавек, які ў важнейшых пытаннях нацыянальнага быцця ў 2008 годзе арыентуецца гэтаксама, як сярэдні, яшчэ савецкага ці “заходнерускага” ідэалагічнага заводу, тутэйшы беларус, або на ўзроўні хохмы. Кідаючы камень у Купалу, самі да сівых валасоў пішуць “дрындушкі” на чужы капыл – і без усялякага прымусу, спробы самагубства, ні-ні! Менавіта за грошы і бегма, дывідэнды (у тым ліку самарэклама) перадусім. Як прызнаецца адзін з герояў А.Бахарэвіча: “Мы ганарымся, што “Панацэн” – ня толькі камэрцыйны праект. “Панацэн” – гэта яшчэ, калі хочаце, сьветапогляд. Гэта філязофія” [1, с. 125].

Літаратура:

  1. Бахарэвіч, А. Праклятыя госьці сталіцы / Альгерд Бахарэвіч. – Мінск: І.П.Логвінаў, 2008. – 228 с.
  2. Бязлепкіна А. Трансгрэсія ў сучаснай беларускай літаратуры і нацыянальная традыцыя / А.Бязлепкіна // Русская и белорусская литературы на рубеже ХХ и ХХI веков: сборник научных статей. В 2 ч. / редкол.: С.Я.Гончарова-Грабовская (отв. ред.) [и др.]. – Минск: РИВШ, 2007. – Ч. 1. – С. 119 – 122.
  3. Вежнавец, Е. Шлях дробнай сволачы / Ева Вежнавец. – Мінск: І.П.Логвінаў, 2008. – 152 с. – (“Кнігарня “Наша Ніва”)
  4. Герчыкаў Д.С. Паэтыка прозы Альгерда Бахарэвіча і Чака Паланіка: кампаратыўны аспект // Беларускае літаратуразнаўства: навукова-метадычны зборнік/ гал. рэд. Л.Д.Сінькова. – Вып. 6. – Мінск: БДУ; Паркус плюс, 2008. – С. 75-76.
  5. Днепров, В.Д. Идеи времени и формы времени / В.Д.Днепров. – Л.О. изд-ва «Советский писатель», 1980. – 600 с.
  6. Корань Л. Новая маргінальная беларушчына. Паводле цытат // Корань Л. Цукровы пеўнік: Літ.-крытыч. арт. – Мінск.: Мастацкая літаратура, 1996. – С.275 – 280.
  7. Мартысевіч М. Цмокі лятуць на нераст: эсэ ў вершах і прозе / Марыя Мартысевіч. – Мінск.: І.П.Логвінаў, 2008. – 112 с. – (Галерэя “Б”).
  8. Хадановіч, А. Лісты з-пад коўдры. Вершы / Андрэй Хадановіч. Мінск: “Логвінаў”, 2004. – 150с.

Друкавалася [у]: Старая маргінальная беларушчына. – Літаратура і мастацтва. – 2009. – 21 жніўня.