У аснове артыкула – матэрыялы выступлення на канферэнцыі “Спецыфіка і тыпалогія “малых” літаратур ва ўсходне-заходнееўрапейскім параўнанні”, Ольдэнбург, чэрвень 2011 г.. Тэкст адрасаваны аўдыторыі, мала знаёмай з беларускай культурай. Задачай было апісанне беларускай літаратуры ХХ ст. з улікам тэорыі літаратурнага поля П.Бурдзьё. Л.С.

Для беларускай літаратуры ХХ стагоддзя, якую можна аднесці да “малых” літаратур (“слабых палёў” [1]), катэгорыя нацыянальнага надзвычай важная, і на гэта ёсць свае прычыны. На мяжы ХХ-ХХІ стст., калі літаратура Беларусі ў чарговы раз пачала адраджацца [2], у навакольным еўрапейскім культурным кантэксце панавала постмадэрнісцкая парадыгма, а комплекс нацыянальных ідэй ўжо лічыўся ў самым лепшым выпадку састарэлым, а ў горшым – небяспечным, шкодным. Аднак патрэбы захавання самой нацыі абумоўліваюць той факт, што ў культурнай гісторыі народа паспяховы, “здаровы” нацыяналізм патрэбны, у тым ліку і як спосаб інстытуалізацыі літаратурнага поля.

У артыкуле асвятляюцца тры аспекты, у якіх выяўляецца праблематыка нацыянальнага: – узровень сацыяльнай прасторы, у якой афармляецца і развіваецца літаратурнае поле; – узровень унутранай структуры поля, дзе адбываюцца канфлікты генерацый; – беларуская ваенная проза на ўзроўні пазіцыяванняў.

  1. Спецыфіка беларускай сацыяльнай прасторы

Інстытуцыі поля ўлады ў ХХ стагоддзі вельмі моцна ўплывалі на ўсе інстытуцыі беларускага літаратурнага поля. Выключэннямі з гэтага правіла можна назваць хіба што два кароткія перыяды: гэта мяжа 1910-1920-х гадоў, калі Беларусь пасля краёвага існавання ў межах Расійскай імперыі набыла самастойную савецкую дзяржаўнасць, і друг.пал. 1980 – перш.пал. 1990-х гадоў, калі на аснове БССР узнікла дзяржава Рэспубліка Беларусь. У савецкія часы вялікую ролю ў літаратурным працэсе адыгрывалі такія фактары, як цэнзура, як спецыяльнае планаванне ўсіх мастацкіх публікацый, а таксама заахвочванне творцаў праз размеркаванне розных сацыяльных дабротаў. Гэта перашкаджала аўтанамізацыі літаратурнага поля. Аднак існавала памкненне   культуры да аўтаноміі. У беларускай літаратуры, як і ў іншых дастаткова развітых у СССР [3], спакваля збіраўся калектыўны вопыт духоўнай, маральнай непадлегласці ўціску, вопыт пісьменніцкай салідарнасці ў супрацьстаянні ўладам. Прыкладам тут можа быць праца рэдакцыі маскоўскага часопіса «Новый мир» на чале з А.Т.Твардоўскім. У 1960-я гады ў часопісе друкаваліся самыя смелыя творцы, і   сярод іх – Васіль Быкаў (1924 – 2003). Яго аповесць “Мёртвым не баліць” у 1965 годзе была надрукавана і ў расійскім “Новом мире”, і ў беларускай “Маладосці”, і ў выданні Беларускай службы Радыё Свабода [4] ў Мюнхене. Амаль у гэты ж самы час ЦК КПСС (Цэнтральны Камітэт камуністычнай партыі Савецкага Саюза) распрацоўваў закрытую пастанову, скіраваную супраць аповесці і яе аўтара [5]. Гэтыя факты яшчэ не сведчаць пра аўтаномнасць літаратурнага поля. Але яны даюць падставы казаць пра вытварэнне “новай” пазіцыі ў полі, якая ў пэўнай ступені лібералізуе само поле і тым самым спраўджвае аўтанамізацыю.

Сучасныя пісьменнікі, якія жывуць ужо не ў БССР, а ў Рэспубліцы Беларусь, па вялікім рахунку пазбавіліся ад “жалезнай заслоны”. Абсалютная большасць пазбавілася таксама ад фінансавай падтрымкі з боку афіцыйных уладаў. Гэта спрыяе распаўсюджанню беларускага літаратурнага поля за межамі дзяржавы. Вялікую ролю ў гэтым руху адыгрывае дапамога міжнародных пісьменніцкіх арганізацый. Карыстаюцца такой дапамогай розныя аўтары з розных пакаленняў (ад Алеся Разанава і Святланы Алексіевіч да Уладзіміра Някляева і Славаміра Адамовіча). Васіль Быкаў – адзін з самых вядомых у свеце беларускіх пісьменнікаў, чыя біяграфія найбольш выразна ілюструе гісторыю і ідэйна-мастацкае развіццё беларускай літаратуры ў ХХ ст. –   напрыканцы жыцця рэдка і ненадоўга прыязджаў на радзіму. “Васіль Быкаў фактычна быў змушаны з’ехаць у эміграцыю”, – пішуць пра гэта сучасныя даследчыкі [6]. Сапраўды, творы В.Быкава, пачынаючы са зборніка “Сцяна” (1997), перасталі друкаваць у дзяржаўных выдавецтвах [7]. Пісьменніка зневажалі чыноўніцкімі і калялітаратурнымі прыдзіркамі. Сапраўды, В.Быкаў жыў у Фінляндыі (1998 – 1999), Швецыі (1998), Германіі (2000 – 2002), Чэхіі (2002 – 2003). Аднак фармальна гэта не было эміграцыяй. У 1998 годзе В.Быкаў на пытанне карэспандэнта Радыё Свабода адказаў, што ў Фінляндыі жыве па запрашэнні Хельсінскага, фінскага ПЕН-Клуба [8]. У 1999 г. В.Быкаву прысудзілі, а ў студзені 2000 г. у Маскве ўручылі першую недзяржаўную Расійскую прэмію “Трыумф” [9] за аповесць “Ваўчыная яма”, напісаную ў Фінляндыі. У Германію В.Быкава запрасіў Міжнародны пісьменніцкі парламент, і пісьменнік жыў і плённа працаваў у Берліне, Віперсдорфе, Франкфурце-на-Майне, ізноў у Віперсдорфе. “Быкаў наведвае Францыю і Італію, дзе выходзіць ягоная кніга; прыяжджае і ў Беларусь, на родную Вушаччыну” [10]. У 2001 г. В.Быкаў сустракаецца ў Празе з Вацлавам Гавелам, і па ягоным запрашэнні   пераязджае у Прагу. У замежжы В.Быкаў напісаў некалькі кніг. 26 траўня ён вярнуўся ў Мінск, лёг у анкалагічную клініку ў Бараўлянах (аперацыя па анкалагічным дыягназе была зроблена яшчэ ў Празе). Васіль Быкаў памер 22 чэрвеня 2003 г., пахаваны на Усходніх могілках г. Мінска.

Пачынаючы з другой паловы 1980-х гадоў, у беларускую культуру актыўна вярталася творчасць пісьменнікаў-эмігрантаў, асабліва тых, хто пакінуў Беларусь у гады 1940-я. Найбольш значныя імёны тут – Н.Арсеннева, М.Сяднёў, а таксама Л.Геніюш, рэпатрыяваная з Прагі у ГУЛАГ. Літаратура беларускага замежжа звязана з такімі важнымі інстытуцыямі, як Беларускі інстытут навукі і мастацтва (БІНІМ) у Нью-Йорку, беларуская бібліятэка ў Лондане, Беларускае літаратурнае аб’яднанне “Белавежа” ў Беластоку, інш. У апошні час увага да беларусаў у замежжы вельмі істотна знізілася. Аднак літаратура эміграцыі засталася значным параметрам беларускага літаратурнага поля.

На сучасную беларускую культуру ўсё больш уплывае інтэрнэт-прастора, якая актыўна пашыраецца. Байнэт (беларускі сегмент інтэрнэта), блогі (напрыклад, блог-служба livejournal.com), сайты сучасных пісьменнікаў (прэзентацыя класічных аўтараў, а таксама “пісьменнік “on-line”) бяруць на сябе функцыі новых пазіцый у літаратурным полі: папулярызуюць беларускае мастацтва і літаратуру [11]. У інтэрнэт-супольніцтве павялічваецца колькасць агентаў, беларуская мова актыўна абслугоўвае не толькі элітарныя, але і побытавыя інтарэсы, узнікаюць новыя маргінальныя жанры, звязаныя найперш з гарадскім фальклорам, прафесійным жаргонам. Гэтыя зрухі варта ацэньваць як станоўчыя, нягледзячы на такія выдаткі, як нярэдкае паніжэнне падстаў, матывацый і зместу камунікавання [12].

Такім чынам, беларускае літаратурнае поле паступова, павольна, аднак усё ж лібералізуецца. Дзякуючы еўрапейскай культурнай і фінансавай падтрымцы, яно пашыраецца за дзяржаўнымі межамі Беларусі. У друг. пал. 1980-х – перш. пал. 2000-х гг.   адным з прагрэсіўных зрухаў зрабілася вяртанне ў краіну спадчыны беларускай дыяспары [13], шчырымі прапагандыстамі якой выступілі такія дзеячы замежжа, як а. А.Надсан, Я.Запруднік, Б.Кіт, В.Кіпель, А.Макмілін, А.Баршчэўскі, Я.Чыквін, іншыя. Прыкметна актывізуецца прысутнасць беларускіх літаратараў у інтэрнэце. Гэта пашырае сам погляд на патэнцыял і перспектывы беларушчыны, а таксама павялічвае магчымасці пісьменніка рэалізаваць сябе ў беларускім літаратурным полі.

  1. Канфлікт генерацый

Напачатку ХХ ст. беларуская інтэлігенцыя ўспрымала нацыянальныя задачы з энтузіязмам. У 1910 – 1920-я гады сапраўды была створана літаратурная класіка, і яна вызначыла асноўныя параметры не толькі “поля літаратуры”, але і ўсёй тагачаснай беларускай культуры. Сучасныя аўтары хутчэй песімісты, чым аптымісты. Напрыклад, нават такія маштабныя падзеі, як распад СССР і ўсталяванне суверэннай Рэспублікі Беларусь 27 ліпеня 1991 года прыблізна на дзесяцігоддзе патрапілі ў цень чарнобыльскай тэмы (аварыя ў Чарнобылі, як вядома, адбылася 26 красавіка 1986 года; кіраўніком СССР тады быў М.С.Гарбачоў). Гэта значыць, што ў беларускай літаратуры Катастрофа на Чарнобыльскай атамнай станцыі, якая прынесла значныя змяненні ва ўсім еўрапейскім кантэксце, ператварылася ў канцэпт (спраўджаны ў названых ніжэй творах з нацыянальнай і сацыяльнай праблематыкай). “Чарнобыль” разумеўся мастакамі розных пакаленняў як цэлае вязьмо самых злых і разбуральных для беларусаў сіл, прычым на працягу ўсяго ХХ стагоддзя: гэта перыядычныя выявы таталітарызму ў грамадскім ладзе, гвалт у экалогіі, рассейванне нацыі праз бежанства. І нацыянальная, і сацыяльная праблематыка складалі аснову адлюстравання беларускага быцця, што выявілася, напрыклад, у дакументальна-мастацкіх кнігах Алеся Адамовіча “Апакаліпсіс па графіку” (1992), Барыса Сачанкі “Запіскі аб радыяцыі” (1996), Святланы Алексіевіч “Чарнобыльская малітва” (1997, 1999); у раманах Івана Шамякіна “Злая зорка” (1991), Віктара Карамазава “Бежанцы” (1991) і “Краем белага шляху” (1997), Юрыя Станкевіча “Любіць ноч – права пацукоў” (1998); у аповесцях Віктара Казько “Выратуй і памілуй нас, чорны Бусел” (1991), Івана Навуменкі “Гасцініца над Прыпяццю” (1994), Васіля Быкава “Ваўчыная яма” (1998); у апавяданнях Івана Пташнікава “Львы” (1987), Андрэя Федарэнкі “Бляха” (1994), многіх іншых.

Разам з гэтым творчая моладзь, якая прыйшла ў літаратуру ў другой палове 1980-х гадоў, рэзка супрацьпаставіла сябе старэйшым пісьменнікам і абвясціла канфлікт генерацый. Амаль усе старэйшыя аўтары – за адзінкавымі выключэннямі – абвінавачваліся ў канфармізме з полем улады, у састарэласці літаратурных тэм, стыляў і жанраў, а таксама ў недастаткова актыўным сцверджанні беларускай мовы і культуры, праз што старэйшыя нібыта “прагледзелі, як мова сканала ў вуснах народа” [14]. Спачатку моладзь узялася самастойна сцвярджаць беларушчыну, скарыстоўваючы тагачаснае паслабленне цэнзуры і адкрытасць культурнай прасторы. Найбольш актыўнымі былі прадстаўнікі літаратурнага аб’яднання “Тутэйшыя” (існавала ў 1986 – 1988 гг.): А.Асташонак, А.Сыс, А.Глобус, У.Сцяпан, С.Кавалёў, С.Дубавец, А.Федарэнка, а таксама іншыя творцы ды з іншых суполак. Нават эпатажны А.Глобус (вядомы аўтар беларускіх “Дамавікамеронаў”) у тыя часы пісаў (у вершы “Спроба малітвы”): “Божа, забяры маё жыццё, // Выратуй знямелую Айчыну. // Выратуй ахвяры і злачынцаў…// Божа, забяры маё жыццё. <…> // Я слабы, з атручанай душой, // Брудны гад, скалечаны, нікчэмны… // Веру ў розум светлы і надземны. // Я слабы, з атручанай душой. // Божа, забяры маё жыццё. // Іншага не маю, каб аддзячыць. // Ну хіба што гэтым ціхім плачам.// Божа, забяры маё жыццё” [15].

Але з цягам часу, у 1990-х гадах, многіх маладых аўтараў   пачала абцяжарваць нацыянальная праблематыка. Асабліва непасрэдна заяўленая. Яна трактавалася як вузкая і несучасная. Нацыянальнае рэдукавалася да выкарыстання ў творчасці беларускай мовы. Прадстаўніком беларускай культуры лічыўся той, хто агрэсіўна ставіўся да традыцыі (асабліва савецкага часу), але пісаў па-беларуску.

Найбольш выразна новую пазіцыю ў літаратурным полі сфармуляваў Сяргей Дубавец у артыкулах “Смерць культуры” і “Новая культурная сітуацыя” [16]. У тым, што ўсведамленне нацыянальнага для беларусаў усё яшчэ застаецца актуальным, С.Дубавец убачыў непапраўную загану і нават “смерць” беларускай культуры, таму што літаратура нібыта не можа ў такой сітуацыі развівацца, а маладыя творцы мусяць паўтараць тое, пра што ўжо напісалі класікі. С.Дубавец сцвярджаў: “Калі вучні не працягваюць поступ настаўніка, адбываецца выраджэнне рамяства. Гэта – смерць культуры”. (Насамрэч таленавіты чалавек вучыцца ў класікаў найперш руху да сучаснасці, асабліва ў “малых” літаратурах, дзе кароткія прамежкі часу напаўняюцца сінтэзам самых розных эстэтычных з’яў.)

Для тых пісьменнікаў, якія падзялілі погляды С.Дубаўца на беларушчыну, у 1990-я гады і пазней нацыянальнае зрабілася знакам кансерватызму, шляхам не ў еўрапейскую будучыню, а ў паднявольне мінулае. Сфарміравалася своеасаблівая мода: на трансгрэсіўную гульню з нацыянальным, на яго смехавое, саркастычнае паніжэнне – часцей з выкарыстаннем постмадэрнісцкай паэтыкі, а таксама чорнага, макабрычнага гратэску. Назавём тут шэраг твораў: І.Сідарука (апавяданні са зборніка “Квадратная варона”: “Каравайчык-34”, “Выкраданне вепрука” з апеляцыяй да “Смалення вепрука” М.Стральцова; апошняе датуецца 1973 годам і ўганаравана ў беларускім літаратуразнаўстве тытулам “апавядання апавяданняў” [17]); таксама С.Балахонава (“Імя грушы” / “Імя ружы” У.Эка і “Лабірынты” В.Ластоўскага), таксама нямала паэзіі і прозы А.Хадановіча, А.Бахарэвіча, М.Мартысевіч [18].

Гэта быў канфлікт спачатку з савецкай традыцыяй, а неўзабаве – з нацыянальнай (асабліва з рамантычна-нацыянальнай). Зручнейшымі тут будуць ілюстрацыі   з паэзіі. Гэта быў кароткі шлях ад радкоў Ю.Пацюпы “Ах, мне і сорамна, і страшна жыць, // Бо я не ўмею партыі любіць” (сацарт, верш “Санет майго шчаслівага дзяцінства”) [19] – да А.Хадановіча з вершам “Хлопчык і копчык” [20] (дзе ёсць своеасаблівы анты-купалаўскі каламбур; маюцца на ўвазе купалаўскі верш “Хлопчык і лётчык” і абставіны смерці Купалы, які “зляцеў у пралёт” лесвіцы і загінуў у гатэлі “Масква”, адсюль – хлопчык і копчык). Ці, напрыклад, параўнаем сацартавы верш “Мэрэт Кэйзі” Джэці (Веры Бурлак) з трансгрэсіўным тэкстам “Здраднікі” А.Бахарэвіча. Так, Джэці адштурхоўваецца ад савецкіх прапагандысцкіх штампаў на тэму Вялікай Айчыннай (Другой сусветнай) вайны, ад ідэалізацыі піянераў-герояў (пра гэтую ідэалізацыю сур’ёзна пісала С.Алексіевіч: нас падводзілі да брацкіх магілаў, – гаварыла яна, –   і змушалі прысягаць на крыві на вернасць савецкай дзяржаве); Джэці ж піша: “Гонар хлопчыку Марату //Marat Kazey”s our hero. // Атрымаў фашыст гранату – // Marat Kazey”s made him zero”… // “Бомбы рвуцца ў галаве // Марат Казей заўсёды жыве…” , “…вартавыя збеглі з паста // Marat Kazey superstar”, “Мэрат Кейзі мэйд мі крэйзі”… [21]. Элементы гульні ў гэтым вершы скіраваныя на разбурэнне састарэлых ідэалагем. А вось радкі А.Бахарэвіча: “Я здраджваў Радзіме – // таемнаму Дзіму. // Здрадзіміў! Здрадзімшчык! // Усе радыя Дзіму: // і радыёміця, і радыёколя / Здольныя дзімаву прагу спатоліць.// А я ня даў рады // і ззаду // караючы меч радзімы” (в. “Здраднікі”) [22]. Фармальны падыход у Джэці і Бахарэвіча, здаецца, адзін, але пафас адрозны. Таму што стэрэатыпы савецкіх часоў – ужо гісторыя, прычым дастаткова вядомая ў свеце, у значнай ступені (праўда, яшчэ не ў такой, як хацелася б), адрэфлексаваная і ў Беларусі. Зусім не тое – з любоўю да беларускага: яна ў дэфіцыце. Гэты дэфіцыт адчувальны не толькі ў свеце, але найперш у самой Беларусі; беларушчына і для многіх аўтахтонаў яшчэ застаецца таямніцай. Па гэтых прычынах тэкст Бахарэвіча з’яўляецца не проста трансгрэсіўным, а паралітаратурным [23].

Жаданне “пост-тутэйшых” (найперш авангардыстаў, якія згуртаваліся ў 1995 г. у суполку “Бум – Бам – Літ” і яшчэ маладзейшых творцаў) быць па-еўрапейску актуальнымі, постмадэрновымі, вольным ад сацыяльных і нацыянальных задач беларускага кантэксту нярэдка вяло маладых літаратараў да аксіялагічнага разрыву з нацыянальнай традыцыяй.

Так, традыцыйна класічныя аўтары (напрыклад, Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Максім Гарэцкі, у 1920-я гады – прыхільнік авангарду Уладзімір Дубоўка, сімвалізму – Уладзімір Жылка, імпрэсіянізму – Кузьма Чорны, а таксама многія выдатныя пісьменнікі 1930-80-х гадоў (шэраг прозвішчаў названы ў гэтым дакладзе) грунтавалі сваю творчасць (а) на асэнсаванні нацыянальных праблем, (б) сацыяльных задач, а таксама (в) уплываў чужых літаратурных палёў (рускага, польскага, інш.). Вызначальнай для станаўлення беларускага літаратурнага поля з’яўлялася і з’яўляецца менавіта наяўнасць гэтых трох фактараў: нацыянальнага, сацыяльнага, пераасэнсаванага па-свойму іншакультурнага. Праілюструем гэтае сцвярджэнне вопытам Янкі Купалы.

Вядома, што ў пачатку ХХ ст. была вельмі вялікаю розніца паміж расійскім, метрапольным літаратурным працэсам і літаратурным жыццём беларускім, “перыферыйным”, у якім моцна акцэнтавалася сацыяльнае. Аднак беларус Янка Купала вельмі хутка засвойваў вопыт рафінаваных мастацкіх форм. Гэта былі формы найперш польскага і расійскага мадэрнізму, у тым ліку – сімвалізму. Найважна, па-першае, што філасофска-рэлігійныя асновы творчасці рускіх, напрыклад, сімвалістаў (сфармуляваныя Вячаславам Іванавым, Уладзімірам Салаўёвым) не былі для Купалы чымсьці надзвычай важным, першаступенным. Месца гэтай фласофіі ў творах Купалы заняла актуальная для беларусаў нацыянальная ідэя. Па-другое, Купала мадэрнізаваў сімвалісцкую мову мастацкага выказвання, працягваючы выпрацоўваць свой уласны стыль. Гэты стыль быў звязаны з актуальнай эстэтыкай, але супрацьстаяў эпігонству. Беларуская літаратура разам з Купалам засвойвала “чужы” мастацкі вопыт, змяняючы яго на свой лад. Здаецца, няма больш адрозных паэтаў, чым беларус Янка Купала і расіянін Велімір Хлебнікаў. Аднак вельмі важнае “сустрэчнае памкненне” адной літаратуры да другой – прычым на хвалі цікавасці якраз да таго, чаго ў адной традыцыі (“вялікай”) назапасілася шмат, а ў другой (“малой”) – бракуе. Таму Янка Купала арыгінальна адгукнуўся не толькі на блокаўскі сімвалізм, але і на хлебнікаўскі фармальны, футурыстычны эксперымент у лірыцы 1910-х гг. (Купала якраз тады пачаў выдаваць свае кнігі ў Пецярбургу і ўвогуле вучыўся і працаваў у гэтым горадзе з 1909 па 1913 год). Пры гэтым “эксперыментальная” паэтыка Купалы [24] яшчэ раз падкрэсліла розныя ідэйна-мастацкія прыярытэты аўтараў і спецыфічнасць нацыянальных традыцый, якія ў гістарычным сэнсе знаходзіліся ў розных фазах свайго развіцця.

Адпавядае модзе на гульню з нацыянальным сярод “пост-тутэйшых” пісьменнікаў такая папулярная дыхатамія: Беларусь ёсць, яна рэальнасць / Беларусі няма, яна ілюзія, мроя, прывід; з аднаго боку – гістарызм, тыпізацыя рэчаіснасці, мадэрнізацыя традыцыйнага светапогляду; з другога – эксперымент, але арыентаваны не пазітыўна, а трансгрэсіўна. І гэта не выпадкова, таму што для постмадэрнісцкіх і авангардных форм, якія выкарыстоўваюцца “пост-тутэйшымі”, нішто сакральнае не патрабуецца.

У гэты самы час старэйшае пісьменніцкае пакаленне (асабліва сфарміраванае 1960-мі гадамі) усё яшчэ захоўвала і сёння захоўвае безумоўны піетэт перад нацыянальным. Адбываецца своеасаблівая кампенсацыя, бо ў савецкім мінулым нацыянальнае ў шэрагу выпадкаў, у эпігонскім пісьменстве выглядала часцей рытуальным, чым сутнасным і жывым. У вялікай ступені якраз намаганнямі старэйшых дзеячоў літаратуры і культуры (разам з іншымі гістарычнымі абставінамі) беларуская мова ў 1990-м годзе набыла статус адзінай дзяржаўнай. Напрыклад, Народны пісьменнік І.Я.Навуменка, акадэмік Акадэміі навук БССР, працаваў на пасадзе старшыні Вярхоўнага Савета БССР з 1985 па 1990 год. Народны пісьменнік Н.С.Гілевіч, прафесар, дэпутат Вярхоўнага Савета БССР з 1985 па 1990 год, працаваў на пасадзе старшыні Пастаяннай камісіі Вярхоўнага Савета Беларусі па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны (1990 – 1995), старшыні Таварыства Беларускай мовы (1989 – 1997). Дзейнасць такіх асоб безумоўна стымулявала нацыятворчыя працэсы ў краіне. Аднак з падачы вышэйшых уладаў беларуская мова ў другой палове 1990-х гадоў страціла статус адзінай дзяржаўнай на карысць руска-беларускага білінгвізму.

Беларуская літаратура як адна з літаратур СССР ужо мае вопыт таго, што варта суаднесці з глабалізацыяй. Гэта вопыт сацрэалістычнага пісьменства. У савецкія часы, асабліва ў 1930-я гады, глабальнай была агрэсія супраць традыцыйных культур. Была і пэўная федэратыўнасць, і тое, што можна назваць мультыкультурнасцю. Нездарма ў Беларусі склаліся два дыяметральна процілеглых меркаванні пра жыццё ў СССР у пісьменнікаў розных ідэалагічных арыентацый: гэта стэрэатыпы бадай што “мультыкультурнага раю” і “турмы народаў”. Гэтыя стэрэатыпы адлюстраваліся ў постсавецкай свядомасці многіх творцаў. Напрыклад, гэтак адрозніваліся ідэалагічныя пазіцыі Народных пісьменнікаў Беларусі Івана Шамякіна і Васіля Быкава, пры тым што абодва былі патрыётамі Беларусі, класікамі і нацыянальнай, і савецкай літаратуры.

З тых часоў змяніўся дзяржаўны статус Беларусі, але культурная стракатасць не змянілася. Цягам ХХ-ХХІ стагоддзяў у беларускага літаратурнага поля няма строгай адпаведнасці з арэалам беларускай мовы. Беларускую літаратуру ствараюць пісьменнікі рознага паходжання, моўнай практыкі, месцаў пражывання. Так, у свой час у беларускую літаратуру прыйшоў і Якуб Колас – Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч (1882 – 1956), які скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, і Змітрок Бядуля (Шмуэл-Нохім, або Самуіл Якаўлевіч Плаўнік (1886 – 1941), які вучыўся ў традыцыйных яўрэйскіх хедары (школе) і ешыбоце (гімназіі), але, услед за Коласам, зрабіўся выдатным беларускім і беларускамоўным пісьменнікам. Беларус Васіль Быкаў (1924 – 2003) з 1968 г. зрабіўся білінгвам: сам перакладаў-перапісваў свае мастацкія творы па-руску. Алесь Адамовіч (1926 – 1994) пісаў па-беларуску і па-руску, Алесь Разанаў (нар. 1947 г.) піша вершы па-беларуску і па-нямецку. Святлана Алексіевіч (нар. 1948 г.), дачка беларуса і ўкраінкі, піша па-руску. Па-беларуску пішуць аўтары з блізкага (Польшча) і далёкага (ЗША) замежжа. Пры гэтым усе яны прадстаўляюць беларускую культуру, і “…вызначальнай парадыгмай у літаратурнай практыцы застаецца нацыянальная» [25].

Такім чынам, мы маем справу з наступнымі фактамі. Зацікаўленасць афіцыйных уладаў Беларусі ў развіцці беларускамоўнай культуры і літаратуры нестабільная [26]. Рускамоўныя пісьменнікі Беларусі – за рэдкімі выключэннямі – арыентаваныя на расійскія літаратурныя стандарты, паводле якіх займаюць эпігонскія пазіцыі (напрыклад, па ўзорах Д.Данцовай, Т.Усцінавай працуюць пісьменніцы з Беларусі Н.Батракова, Т.Лісіцкая). Актыўныя і дзейсныя беларускія творцы розных пакаленняў адрозніваюцца сваім разуменнем задач сучаснай літаратуры. Іх падзяляе разуменне актуальнага ў культуры і літаратуры. Старэйшыя, хто пачынаў сваю творчасць у канцы 1950-х – сярэдзіне 80-х гадоў, працягваюць “з цэлым народам гутарку весці” [27], як Н.Гілевіч (нар. 1931 г.) і Р.Барадулін (нар. 1935 г.); або ва ўсякім разе не ігнаруюць (не ігнаравалі) ні нацыянальнага, ні сацыяльнага, ні іншакультурнага, як, напрыклад, аўтары з часу “Тутэйшых”: А.Пісьмянкоў (1957 – 2004), А.Сыс (1959 – 2005), У.Арлоў (н. 1953), Л.Дранько-Майсюк (н. 1957), У.Сцяпан (н. 1958), Б.Пятровіч (н. 1959), А.Наварыч (н. 1960), С.Кавалёў (н. 1963 г.) А.Федарэнка (н. 1964 г.), Л.Рублеўская (н. 1965)… Той факт, што шырокія масы беларускага насельніцтва слаба валодаюць літаратурнай беларускай мовай, не расхалоджвае большасці пісьменнікаў. Іншыя прыкметна арыентуюцца на звужаную, абазнаную ў літаратурнай модзе аўдыторыю: гэта аўтары ўскладненых твораў, якія ў асноўным друкуюцца ў выдавецтве “Логвінаў”. Адмоўнае стаўленне да традыцыйна-беларускага, якое таксама выяўляецца ў творах “пост-тутэйшых”, рэалізуецца праз выкарыстанне прыёмаў масавай культуры [28]; у мастацкіх практыках “прымітывізуецца” постмадэрнізм, літаратура атаясамліваецца з гульнёй (часцей – трансгрэсіўнай), развіваецца беларускамоўная паралітаратура, трэш у інтэрнэце і папяровых выданнях. Так выказваецца жаданне маладых аўтараў пацвердзіць гіпатэтычную па-за нацыянальную “сучаснасць”, “еўрапейскасць”. Такое пазіцыяванне наводзіць на думку пра магчымы пераход пісьменніка ў іншае літаратурнае поле, і таму, верагодна, хутчэй сімулюе, чым сцвярджае аўтанамізацыю беларускага літаратурнага поля.

  1. Беларуская антываенная проза

У беларускай літаратуры надзвычай распрацаваная і багатая гісторыка-культурнымі фактамі ваенная тэма [29]. Беларуская батальная антываенная проза суадносіцца з творамі розных замежных аўтараў [30]. Гуманістычная ідэя ў беларускіх аўтараў тая ж, што ў замежных [31]. Выбітныя эстэтычныя прыхільнасці – рэалізм (“рэмаркізм”) і экзістэнцыялізм. Аднак у тыпалагічным супастаўленні выяўляецца таксама спецыфіка беларускай літаратуры. Па сутнасці, тэма вайны і тэма вёскі ў ёй – гэта тыя ж самыя трансфармаваныя катэгорыі нацыянальнага і сацыяльнага, вызначальныя для беларускага літаратурнага поля. Пры гэтым важна, што існуе два пункты гледжання на ваенныя падзеі [32], адпаведна, дзве канцэпцыі адлюстравання гэтых падзей: у пісьменнікаў беларускай метраполіі і – дыяспары (К.Акула, П.Сыч, Ант.Адамовіч). У беларускай літаратуры таксама добра распрацаваны жанр дакументальна-мастацкі: гэта кнігі, створаныя з выкарыстаннем журналісцкіх стратэгій (у сааўтарстве – А.Адамовіча, Я.Брыля, У.Калесніка; А.Адамовіча і Д.Граніна, таксама кнігі С.Алексіевіч [33]). У савецкія часы дакументальны дыскурс у пэўнай ступені дапамагаў пісьменнікам супрацьстаяць цэнзуры. Вопыт дакументалістыкі запатрабаваны і ў постсавецкай літаратуры. Падобнымі выданнямі з’яўляюцца напрыклад, украінская Народная Кніга-Мемарыял “ЗЗ-й: голод” (аўтары-складальнікі Л.Каваленка і В.Маняк); а таксама расійскія кнiгі [34] “ВВ: Кавказский крест” Б.Карпава і “Чеченский узел”, з падзагалоўкам “Хроника вооруженного конфликта 1994 – 1996 годов” С.Лембiка і А.Кулiкова.

Такім чынам, з трывалых ва ўсім свеце мастацкіх тэм беларускімі пісьменнікамі (з 1960-х гг. і да канца ХХ ст.) найбольш распрацаваны дзве, як канстанты літаратурных хранатопаў: тэма вёскі і тэма другой сусветнай вайны. Адметна тое, што ў 1941 – 1944 гг. (у час акупацыі Беларусі) менавіта вясковы побыт зрабіўся эпіцэнтрам “ваенных” дзеянняў. На мяжы ХХ-ХХІ стст. беларускія аўтары асабліва актыўна пісалі пра надзвычай хуткае перамяшчэнне лініі фронту ў 1941 годзе, пра ўсталяванне акупацыйных уладаў, карныя акцыі супраць мясцовага насельніцтва, калабарацыянізм, падпольную і партызанскую дзейнасць на Беларусі і пра вынікі гэтай дзейнасці, а таксама пра ўплыў сталінскай рэпрэсіўнай сістэмы на ход усіх падзей.

Такім чынам, нацыянальнае (звязанае з сялянскімі каранямі этнасу), сацыяльнае (канфлікты з даваеннага, савецкага жыцця, якія абвастраюцца ў вайну), і актуальнасць стыляў беларускіх аўтараў у еўрапейскім эстэтычным кантэксце з’яўляюцца вызначальнымі фактарамі для беларускай антываеннай прозы, як і цалкам для беларускага літаратурнага поля ў ХХ стагоддзі.

Літаратура

  1. Колер Г-Б. 2009. Размышления о региональной литературе в славянских литературах с позиции теории литературного поля. Рэгіянальнае, нацыянальнае і агульначалавечае ў літаратуры. Штэйнер І.Ф. (рэд.), Гомель, с. 67, 68. (65-70 с.)
  2. Радзік Р. 2010. Беларускі нацыятворчы працэс у параўнанні з украінскім, чэшскім і славацкім. Літаратуразнаўства. Этналогія. Матэрыялы ІVМіжнароднага кангрэса беларусістаў “Беларуская культура ў кантэксце культур еўрапейскіх краін”. Беларусіка = Albaruthenica. Кн. 29. С. 264 – 273. (299 с.); Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя. У 4 т. Т1. 1999. Т.2. 2002 (2-е выд.).. Т.3. 2001. Т.4. Кн. 1. 2002. Т.4. Кн.2. 2003. Мінск.
  3. Гэта значыць у тых, якія мелі да 1917 г. свае развітыя пісьмовыя традыцыі – у адрозненне ад так званых младапісьменных, чыя пісьмовая традыцыя пачалася ў часы СССР, або дасавецкая традыцыя была карэнным чынам перайначаная на карысць новай, пачынаючы з алфавіту.
  4. Быкаў на Свабодзе. 2004. (Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе). Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода. С. 6.
  5. Быкаў В. 2002. Доўгая дарога дадому. Кніга ўспамінаў – Мінск.
  6. Баршчэўскі Л.П., Васючэнка П.В., Тычына М.А. 2006. Беларуская літаратура і свет: ад эпохі рамантызму да нашых дзён: папулярныя нарысы. Мінск, с.416.
  7. Быкаў, Васіль. Сьцяна. 1997. Менск. Наша Ніва. Кніга выдадзена ў асноўным за грошы, сабраныя падпісчыкамі газеты “Наша Ніва”. Перад гэтым кніга была выключана з планаў дзяржаўнага выдавецтва “Мастацкая літаратура” ў 1996 г.
  8. Быкаў на Свабодзе. 2004. (Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе). Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, с.115.
  9. Гэтая прэмія прысуджаецца ў галіне літаратуры і мастацтва; яна заснаваная ў 1991 г., уручаецца з 1992 г.; лаўрэат гэтай прэміі, паміж іншага, атрымлівае грашовую ўзнагароду, эквівалентную 50.000$.
  10. Быкаў на Свабодзе. 2004. (Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе). Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, с. 153.
  11. Змяняюцца магчымасці такой папулярызацыі ў выдавецкай сферы. Напрыклад, буйнейшае дзяржаўнае выдавецтва “Мастацкая літаратура”, створанае ў 1972 г., выдавала каля 200 кніг у год. Зборнік арыгінальнай прозы выдаваўся накладам не менш як 6 тысяч асобнікаў, зборнік арыгінальнай паэзіі – не менш як 3 тысячы. У 2002 г. на базе гэтага выдавецтва быў створаны холдзінг: РВУ (рэспубліканская выдавецкая ўстанова ) “Літаратура і Мастацтва”. У 2011 г. у холдзінгу выйшла кніга пра аднаго з самых папулярных у Беларусі пісьменнікаў – “Іван Шамякін: вядомы і невядомы: успаміны, эсэ, аповесць”, складзеная дачкой Народнага пісьменніка, прафесарам Т.І.Шамякінай. Наклад гэтай кнігі – 1.500 экз. У альтэрнатыўных выдавецтвах, рэклама якіх ёсць у інтэрнэце, – “Логвінаў” (працуе з 2000 г.), “Галіяфы” (з 2008 г.), – наклады выданняў, як правіла, не перавышаюць 100 – 1.000 асобнікаў.
  1. Бязлепкіна А.П. 2008. Трансляцыя традыцыі ў беларускім літаратурным працэсе. Беларускае літаратуразнаўства. Выпуск 6. Мінск, с. 105. (С.101 – 106); [Электронны рэсурс]. Рэжым доступу:http://balachonau.puls.by/biazlepkina-farmiravannie-novaj-struktury.html. – Дата доступу: 14.11.2011.
  2. Савік Л. 2001. Пакліканыя: Літ. бел. замежжа. Мінск, 479 с.; Чыквін Ян. 1997. Далёкія і блізкія. Беларускія пісьменнікі замежжа. Беласток, 201 с.; Пашкевіч А. 2001. Проза беларускай эміграцыі ХХ стагоддзя. Беласток, 238 с.; ArnoldMcMillin. 2002. Belarusian literature of the diaspora. Birmingham.
  3. Бязлепкіна А. 2003. Разам і паасобку: Таварыства “Тутэйшыя”. Мінск, с.18. Праўда, калектыўныя бязлітасныя дэкларацыі моладзі нярэдка супярэчылі рэальным прыязным узаемаадносінам старых і маладых пісьменнікаў.
  4. Глобус А. 2000. Тэксты. Масква, с. 277.
  1. Дубавец С.1992. Практыкаванні: Проза, эсэ, крытыка. Мінск, с. 231 – 234; Дубавец С. 1993. Смерць культуры. Мінск, Літаратура і мастацтва, 5 сакавіка. с.14 – 15. Выраз С. Дубаўца выкарыстаў філосаф В.Акудовіч [Акудовіч В. 1993. Постмадэрнізм. Мінск, Культура, 3 верасня, с. 6-7]: “… не існуе ні верху, ні нізу, ні гісторыі (“Канец гісторыі” Фукіяма”), ні часу (“Канец новага часу” Гвардзіні), ні чалавека (“Канец чалавека” Фуко), ні культуры (“Смерць культуры” Дубавец)”. У гэтай фразе В.Акудовіч ігнаруе спецыфіку беларускай культуры і беларускай літаратуры як “малой” – арыентаванай на сінкрэтызм у эстэтыцы, некамплементарнай для тыпалогіі паводле жанрава-стылёвых стандартаў; як такой, якая ва ўсякім разе не вычэрпваецца постмадэрнізмам.
  2. Васючэнка П.В. 2003. Міхась Стральцоў. Гісторыя беларускай літаратуры ХХ ст. Т.4, кн.2. Мінск, с. 414.
  3. Сідарук І. Ф. 2008. Квадратная варона. Полацк; Стральцоў М. 1987.Смаленне вепрука. Выбранае. Мінск, с. 173 – 182. Хадановіч А .2004. Лісты з-пад коўдры. Вершы. Мінск,с. 28 – 29; Балахонаў С.А. 2005. Імя грушы: раман, апавяданні. Мінск, с. 10 – 136; Ластоўскі В.   1997. Лабірынты. Выбраныя творы. Мінск, 47 – 74. Бахарэвіч А. 2008. Праклятыя госьці сталіцы. Мінск; Мартысевіч М. 2008. Цмокі лятуць на нераст: эсэ ў вершах і прозе. Мінск.
  4. Пацюпа Ю. 2008. Сабака. Вершы, эсэ, панегірыкі. Мінск, с. 11.(Ю.Пацюпа – удзельнік літаратурнай суполкі ТВЛ – Таварыства Вольных Літаратараў, утварылася ў 1993 г.)
  5. Хадановіч А . 2004. Лісты з-пад коўдры. Вершы. Менск, с. 28- 29. (Фармальна А.Хадановіч не быў членам якой-небудзь моладзевай творчай суполкі ў 1990-я гады.)
  6. Джэці (Вера Бурлак). 2003. За здаровы лад жыцця. Вершы. Менск, с. 20- 21. (Джэці, таксама А.Бахарэвіч, пачыналі творчы шлях у авангарднай суполцы “Бум – Бам – Літ”. Яна была створана ў 1995 г., у 1998 распалася, на яе аснове ўзікла аб’яднанне “Schmerzwerk”, скарочана “Sch”.)
  7. Цытуецца па: Васючэнка П. 2004. Наша здрада. Адлюстраванні першатвора. Літаратура ў філалагемах і пятрогліфах. Мінск, с. 50 ( 50-66).
  8. Студэнт-русіст Сяргей Бародзіч, слухаючы мае лекцыі, напісаў твор “Каждому своё”, які фармальна нічым не саступае публікацыям самых статусных беларускіх авангардыстаў (але пераўзыходзіць іх настраёвым пазітывам): “Коласу – колос, / Танку – танк, / Стрельцову – стрелу, / Купале – ванную, / Борщевскому – щи, / Ядвигину Ш. – Тихановича А., / Дубовке – рощу, / Чёрному – гуашь, / Короткевичу – линейку, / Быкову – корову, / Глобусу – атлас, / Васильку – поле, / Рублевской – копейку, / Тётке – дядьку, / Хомченко – морскую свинку, / Наваричу – навар, / Киркорову – Пугачёву, / Чечёту – степ, / Дунину-Мартинкевичу – Дуню и Мартини, / Калиновскому – явор, / Сваяку – родственников, / Адамовичу – Еву, / Разанаву – букет, / Буравкину – скважину, / Дудареву – дудку, / Ходановичу – ходули, / Сысу – сысу.” Друкаваўся гэты верш у электронным студэнцкім альманаху БДУ «Подзвіг філолага», 2010, № 6. Аўтарскае вызначэнне статусу твора, аднак, не інтэлектуальны авангард, а – трэш.   Між іншым, спрачаючыся з маім піетэтным стаўленнем да беларускага, Сяргей Бародзіч пісаў: “Нам всячески доказывали, что, мол, пародии на реалии белорусской литературы делать неэтично: если сфабриковать трэш, допустим, на Чехова, то от Чехова, собственно, не убудет, а с белорусской литературой так делать нельзя, потому что нет прочной традиции. То есть если я скажу, что Янка Брыль все свои произведения писал с Байдуна, то вся белорусскоязычная аудитория на меня разом да обидится. <…> Если кто увидит [в филологической миниатюре «Каждому своё»], что от белорусской литературы убыло, пусть незамедлительно напишет нам письмо”. Я адказвала Сяргею Бародзічу: з яго мініяцюрай ў беларускай літаратуры прыбыло трэшу (як, напрыклад, з трэшавай газетай “Навінкі” беларускіх анархістаў, засн. у 1998 г.; як з мініяцюрамі для КВЗ, капуснікаў, падобн.). Аднак жа аўтар твора “Каждому своё” не лічыць свой трэш-экспромт мэйнстрымам або візітоўкай сучаснай беларускай літаратуры ў культурным свеце
  1. Вось славуты верш кубафутурыста Веліміра Хлебнікава “Заклятие смехом” (датаваны 1908 – 1909 гг.): “О, рассмейтесь, смехачи! /О, засмейтесь, смехачи! / Что смеются смехами, что смеянствеют смеяльно, / О, засмейтесь усмеяльно! / О, рассмешищ надсмеяльных – смех усмейных смехачей! / О, иссмейся рассмеяльно, смех надсмейных смеячей! / Смейево, смейево, / Усмей, осмей, смешики, смешики, / Смеюнчики, смеюнчики. / О, рассмейтесь, смехачи! / О, засмейтесь, смехачи!” Цяпер – купалаўскія радкі з верша “Смейся!..” (1915 г.). У іх таксама акцэнтаваны гукапіс, лексема “смех” – своеасаблівы ключ. Аднак фармальная задача падпарадкаваная нацыянальнай, таму смехавое ў Купалы зрабілася саркастычным, зрабілася паэтычнай перыфразай жыцця беларусаў у Расійскай імперыі: “Ха-ха-ха-ха! Будзь весел, кінь хныкаць, / Ўпіцца кроўю сваёй не спадзейся! / Можаш сэрца рваць, выці і клікаць, – / Можаш з сэрца свайго молат выкуць, / Толькі ўдарыць ня смей ім, а смейся. // Смейся смехам-сычэннем праз скрогат / Перадсмертны зубоў і рассейся / Ў гразь жыцця, ў пекла Дантава рогат! / Каб аж косці ўстрасаў дзікі дрогат, – На пацеху сляпой дзічы, смейся! // <…> Смейся смехам-хрыпеннем быдляці / З перарэзаным горлам, і грэйся / Ў гэтым храпе скрозь стогн і пракляцце, / І не важся да сэрца ўздыхаці, / Ласкі ждаць… Хоць крывёю, а смейся!”
  1. Колер Г-Б. 2009. Размышления о региональной литературе в славянских литературах с позиции теории литературного поля. Рэгіянальнае, нацыянальнае і агульначалавечае ў літаратуры. Штэйнер І.Ф. (рэд.), Гомель, с. 65 – 66 .( 65-70)
  2. Ілюструе гэты тэзіс, напрыклад, гісторыя Саюза пісьменнікаў БССР, які быў створаны ў 1934 г.; яго спадчыннікам з’яўляецца СБП (Саюз беларускіх пісьменнікаў). Патрыятычныя пазіцыі членаў гэтага аб’яднання на мяжы ХХ –ХХІ ст.ст. перасталі задавальняць улады постсавецкай Беларусі. Па гэтай прычыне СБП перажыў судовыя пераследы, быў пазбаўлены сваёй маёмасці, перыядычных выданняў, замест якіх была створана падкантрольная ўладам РВУ (Рэспубліканская выдавецкая ўстанова) Літаратура і мастацтва. Нелаяльныя супрацоўнікі былі звольнены з рэдактарскіх і іншых пасад. У 2005 г. ад СБП адасобіўся СПБ (Саюз пісьменнікаў Беларусі), які выказвае поўную лаяльнасць да ўлады і карыстаецца яе падтрымкай. З пачатку 2010 г. на членаў СБП быў арганізаваны масавы ўціск: пісьменнікам, якія працуюць у розных дзяржаўных структурах, настойліва прапаноўваўся выхад з СБП. «Белорусские писатели: Такого массового преследования не было со сталинских времен». [Электронны рэсурс]. Рэжым доступу: http://charterorg/ru/news/2010/2/4/26030/. – Дата доступу: 14.11.2011. У апошнія часы СБП узначальвалі У.Някляеў (1998 – 2001), В.Іпатава (2001 – 2002), А.Пашкевіч (2002 – 2011), Б.Пятровіч (Сачанка, з 2011).
  3. Словы Янкі Купалы.
  4. Владимир Капцев. 2008. Смысловая эклектика и критерий эстетического вкуса в современной массовой культуре. Журналистика-2008: стан, праблемы і перспектывы. Дубовік С.В. (рэд.), Мінск, с. 470. (С.470 – 473)
  1. Пра першую сусветную вайну выдатна пісаў М.Гарэцкі. Пра першую і другую – К.Чорны. Пра другую сусветную – В.Быкаў, І.Навуменка, І.Пташнікаў, І.Чыгрынаў, І.Шамякін, А.Адамовіч, В.Адамчык, В.Казько, М.Стральцоў і многія іншыя, прычым – прадстаўнікі розных пакаленняў.
  1. Э.М. Рэмарка, А.Цвейга, Р.Олдзінгтона, Э.Хемінгуэя, У.Фолкнера, І.Шоу, Н.Мейлера, Дж.Джонса, Дж.Херсі, Дж.Хелера, К.Вонегута, А.Камю, Ж.П.Сартра і многіх іншых.
  2. Адамович А. 1982. Война и деревня в современной литературе. Минск, 199 с.; Топер П. 1975. Ради жизни на земле. Литература и война. Традиции. Решения. Герои. Изд. 2-е. Москва. 568 с.; Тычына М.А. 1988. На фоне «агульнаеўрапейскага прагрэсу». Час прозы. Мінск, с. 25-37; Шаблоўская І.В. 2007. Сусветная літаратура ў беларускай прасторы. Мінск; Лявонава Е.А. 2002. Беларуская літаратура ХХ ст. і еўрапейскі літаратурны вопыт. Мінск, 130 с.
  1. Несавецкі дыскурс характэрны, напрыклад, для працы: Туронак Ю. 2008. Вайна і акупацыя. Мадэрновая гісторыя Беларусі. Вільня, с. 464-713.
  1. У беларускіх аўтараў Алеся Адамовiча, Янкі Брыля, Уладзіміра Калеснiка з’явілася кніга «Я з вогненнай вёскi…» (першае выданне датавана 1974 годам). Затым з’явілася «Блакадная кнiга» (1977, 1981) А.Адамовiча i Д.Гранiна, кнігі Святланы Алексiевiч: «У вайны не жаночае аблiчча» (1984), «Апошнiя сведкi» (1985), «Цынкавыя хлопчыкi» (1990), «Зачараваныя смерцю» (1993), «Чарнобыльская малiтва» (1997). Усе гэтыя кнігі (асабліва – “Чарнобыльская малітва”) шмат перавыдаваліся і перавыдаюцца, перакладаюца на розныя мовы.
  2. Пра гэтыя выданні: Аннинский Л. 2002. Мир, война, человек в русской прозе 90-х годов. Польско-российский литературный семинар Варшава-Хлевиска, 13-16 марта 2002 г. Warszawa, с. 51-70.

Друкавалася [у]: Сінькова Л. Спецыфічнае асэнсаванне нацыянальнага ў беларускай літаратуры ХХ стагоддзя // Погляды на спецыфічнасць “малых” літаратур: беларуская і ўкраінская літаратуры, Мінск, 2012;

Сінькова Л.Д. Паміж тэкстам і дыскурсам: Беларуская літаратура ХХ – ХХІ стст. : гісторыя, кампаратывістыка і крытыка (літаратурная крытыка, артыкулы, гутаркі) / Людміла Сінькова. – Мінск : Паркус плюс, 2013. – С. 261 – 274. (296 с.)