У Дзень ведаў, 1 верасня 2003 года, ідучы па інтэрв’ю да Івана Якаўлевіча Навуменкі разам з дацэнтам Н.Б. Рашэтнікавай, я чамусьці найперш думала пра акадэміка Навуменку як пра вострага на язык і крытычны розум чалавека. Добра вядома, што гэты народны пісьменнік нават пра свайго аўтабіяграфічнага героя любіць пісаць з вялікім гумарам. А ўжо ў вуснай размове, кірунак якой папярэдне асабліва не ўзгадняўся, без жартаў, мусіць, не абыдзецца. Так і сталася. На мае пытанні з выразнымі “прысяданнямі” Іван Якаўлевіч рэагаваў імгненна. Пытаюся, напрыклад: “Вашы дзеці [а гэта ўрач і літаратуразнаўца ў Мінску, музыказнаўца ў Маскве] усе цудоўна гавораць па-беларуску, што, дарэчы, не заўсёды бывае ў сем’ях нашых класікаў”. Было адказана тут жа: “Па-першае, я не класік, таму і гавораць”. Па-другое, ужо сур’ёзна, была расказаная гісторыя пра беларускую мову і маладога Жукава. “Дарэчы, – сказаў І. Навуменка, – маршал Жукаў прызнаўся, што акрамя рускай мовы ён ведае яшчэ і беларускую. У гэтым двары, – маючы на ўвазе стары двор свайго дома на вуліцы Карла Маркса, 36, казаў І. Навуменка, – хадзіў Жукаў; гэты нізенькі домік – гэта штаб беларускай [вайсковай] акругі быў. Жукаў быў ў Мінску камандзірам кавалерыйскага палка. А там, у Ратамцы, – іпадром, кавалерысты жылі. Ва ўсякім выпадку, Жукаў сказаў, што беларускую мову ён ведае. Я праверыў: Жукаў чытаў ваенную справу ва ўніверсітэце. А тады беларусізацыя ішла, прымушалі. Прадмет выкладаеш, беларускае войска ёсць? Ёсць. Уявіце сабе: Жукаў – ён, “цвёрдакаменны” – чытаў ваенную справу па-беларуску.

  Цытату з вядомым кампліментам са “Сказа пра Лысую гару” (“Усе прафесары, дацэнты // Перад Навуменкам адным // Нібыта дробязныя цэнты // Перад аоярам залатым”) Іван Якаўлевіч сходу знізіў “гістарычным” каментарыям. Сказаў, што якраз тады ён з’ездзіў у Амерыку, адсюль і даляры, і перавёў гаворку на спрэчкі пра аўтарства паэмы:: Аўрамчык “памагаў” пісаць твор, але стыль – “турнэпсы ўволю храбашчу…” – гэта стыль Гілевіча. “Я сам гэта бачыў яшчэ раней, чым Гілевіч прызнаўся, што гэта ён напісаў…” – сказаў Іван Якаўлевіч.

  Показку пра тое, як Лойка з Навуменкам “абуліся ў лапці, павесілі торбы” і пайшлі па Беларусі, як некалі Максім Горкі хадзіў па Русі, набіраючыся пісьменніцкіх уражанняў, І. Навуменка згадаў, здаецца, з задавальненнем: “Таксама збіраліся Беларусь абысці разам. У лапці мы не абуліся, ішлі ў туфлях, але ж прайшлі толькі Браслаўшчыну, азёры…”.

  Гэта і выява “жульвернізму”, так добра знаёмага з апавяданняў І. Навуменкі, і тлумачэнне прыроды свайго таленту: “Я лягчэй за ўсё пішу пра сваё, перажытае, ці нават няхай сабе яно чужое, але я ведаю пра яго добра”.

  А што добра ведала пакаленне тых школькнікаў, якім у шаснаццаць-сямнаццаць год трэба было так ці інакш ісці на вайну? Рытарычнае пытанне. Па прозе І. Навуменкі можна аднавіць асноўныя вузлы ў лёсах яго аднагодкаў.

  Напрыклад, у аповесці “Дзяцінства” – гэта замацаваная ў дзіцячай свядомасці народная абраднасць, жыццёвы рух па земляробчым календары. Герой “Дзяцінства” Вася – маленькі мужычок, толькі што надзвычай летуценны. Ён пасвіць дзвюх свіней – гаспадар; ён бачыць, адчувае жорсткасць калектывізацыі, раптоўныя несправядлівыя арышты настаўнікаў; ён запомніць лёс сваяка Макара – “культурнага гаспадара”, які ледзь уратаваўся ад саёй уласнасці, уцёкшы ў Маскву, каб працаваць рабочым на заводзе; ён запомніць крыўду на злодзея Мірончыка, які скраў у даверлівай сям’і не надта прыхаваны – ад дзяцей – кавалак сала; запомніць і страшны голад на Украіне, і голад ва ўласнай хаце, і жаль па матчыным пасагу: па вельмі гожых на ёй чаравічках і па саку, якія прыйшлося прадаць за пуд грэчкі.

Але разам з усім гэтым у Васі ёсць і надзвычайная радасць: ведаць усіх птушак і сачыць за іх нараджэннем з яек у птушыных гнёздах; у яго ёсць надзвычайная любоў да кніжак, ёсць мара хутчэй пайсці ў школу, ёсць прага вучыцца поруч з сябрамі. Жыццё выглядае як дзіўны кантрапункт, у якім спалучаецца, здаецца, неспалучальнае, і светлае, і цёмнае. Такое, напрыклад, як царква, прычасце з піянерскім “атэізмам”. “Я помню, – гаворыць І. Навуменка, – што дзед мой вельмі цікавіўся хрысціянствам, і мне ўсе казанні папа пераказваў пасля наведвання царквы. І вадзіў на споведзь я спавядаўся. Недзе ў 8 гадоў поп даў мне лыжачку гэтага прычасця, а я сказаў – дай яшчэ. Адзін раз я пайшоў таксама спавядацца, і спавядалася дзяўчына з нашага класа. Сама спавядалася, але гэта не перашкодзіла ёй данесці на мяне, што быў у царкве. І назаўтра (у нас лінейкі былі, асабліва ў першых класах) дзяжурны крычаў на лінейцы – ён цалаваўся з папом. З папом я не цалаваўся, не дапусціў сам бацюшка да гэтага. Але ўжо бічавалі мяне. І гэта самая Ульянка, яна да мяне і добра ставілася, некалі цукерку лішнюю дала, дзяўчына ўсё-такі, – гэта не перашкодзіла ёй на мяне “накляпаць”. А ў цэлым, канешне, гэтай [сучаснай] генерацыі дзяцей трэба з хрысціянствам знаёміцца. Уявіце сабе, а што мы зналі пра чалавека, што так ужо адкідвалі – хто збудаваў гэты свет, к ён збудаваўся. Мы ж і самі не ведаем”.

За дзяцінствам прыйшло тое, што асэнсавана ў аповесці “падлетак” (зусім “дастаеўская” назва). Адмысловы жыццёвы кантрапункт захоўваецца, прычым героем ён усё больш выразна ўсведамляецца. Падлетак Васіль не хоча, як піша І. Навуменка, “безладдзя ў думках”. Ён хоча гармоніі, раўнавагі, ізноў знаходзячы яе ў прыродзе – неайпер у лесе. (Нездарма “паэмай сэрца” назаўсёды застануцца для І. Навуменкі грыбы. Грыбам будзе прысвечана не адно апавяданне).

Аднак у жыццё Васіля дужа многае нясе дызгармонію: вайна з фінамі ўслед за “ўз’яднаннем” Беларусі, чэргі па хлеб, “хапун”, пчатак вайны з фашызмам і ўдзел падлетка ў рэйдзе знішчальнага батальёна, у якім хлопцам выдалі бутафорскія вінтоўкі са зрэзаным байком, з дзіркамі нада парахавой камерай – вінтоўкі для вучобы, а не для сапраўднага бою. Праўда, у міліцыянераў былі наганы… Добра, што дэсант, супраць якога мусіў выступіць гэты знішчальны батальён, аказаўся сваім.

У выніку – ранняе сталенне героя, уладкаванне на працу, адчуванне адказнасці за сябе, за блізкіх. І ўсё той жа рамантызм, які я намагаюся зразумець, рамантызм, безумоўна ўласцівы цэламу пакаленню.

“Рамантык, – кажа І.Я. Навуменка, – гэта тое ж самае, што і ідэаліст… Уявіце сабе. Мы, маладыя, куды мы рваліся? Ну,скончым школу, пойдзем вучыцца. Рваліся ў жыццё, рваліся ў тэхнікумы, у вышэйшыя навучальныя ўстановы. Савецкая ўлада так шырока адчыніла дзверы, і ўся інтэлігенцыя, якую мы маем, – яна пры савецкай іменна ўладзе выхавана. Хаця ў гэты час і ў нас нядобрае нешта адбылося. Увялі плату за навучанне, толькі чыстыя выдатнікі маглі трапіць. А мы ўжо ўсе астатнія… Адну, дзве чацвёркі палучыць можаш, але ўжо стыпендыі не палучыш. Мы ж багацеі былі невялікія, калі дзяржава не дасць капейку, то і вучыцца нельга.

А тут – акупацыя. Я вам скажу, што асабліва для маладога чалавека – гэта вельмі змрочны час. Немцы зусім не цікавіліся, хочацца нам у школу ці не. Была асылка ў Германію; галадалі, елі суп з якой-небудзь бруквы. Па ўсіх нашых высокіх парываннях ударыла акупацыя. Прыйшлі людзі з чужой краіны, у іх таксама ёсць дзеці, яны, каб неяк апраўдацца, паказвалі фотакарткі са сваімі дзецьмі, са сваімі “фрау”. Але ж ты прыйшоў ужо ў якасці заваёўніка. Ды яшчэ немцы тыя самыя, што даі нам, скажам, Бетховена, музыку, філосафаў славутых. Гэтыя самыя немцы прыйшлі з дубінкамі рэзінавымі, расстрэльвалі, вешалі – поўная процілегласць таму, што давала Германія ў ХІХ ст. Прыйшлі як забойцы, як каты. І вось калі ласк, калі ты дзевяцікласнік, граматны чалавк, вось табе які лёс. Ну, канешне, моладзь не скаралася, у партызаны ішла, у пасёлку ствараліся падвольныя групы… Цяпер я гляджу на гэты, як Вы кажаце, прагматызм. А жылі ж усе яны, юнакі і дзяўчаты, цяжка; добра, што маглі купіць якую-неудзь кофтачку, ці што, некаторыя нават марожанага не каштавалі. У армію, на фронт… Дзе тут ужо прагматыкам быць. І потым сядзелі гэтыя хлопцы і дзяўчаты па інтэрнатах…

Яны былі кніжнікамі, яны начыталіся шмат, той самай французскай літаратуры, дзе гэта на кожным кроку. Ну і дзесьці па-рыцарску разумелі справу кахання. Маўляў, вось здзейсню нешта ў жыцці, там, інстытут скончу, а яна ўжо, дзяўчына каханая, так сказаць, ухваліць усё гэта. Карацей кажучы, каханне, як нейкі рыцарскі абавязак, доўг. І канене, не заўсёды гэта спраўджвалася”.

І я прыгадваю, што ў творах І. Навуменкі вельмі многа такога, няспраўджанага кахання, і многа такіх накоў-ідэалістаў. У загадкавай “Вераніцы” (1957) пануюць летуценні пра каханне,, ужо гучыць матыў песні пра любімы горад, і ўжо сказана пра сваё пакаленне: “Мы проста жыць не маглі без подзвігаў”. іронія пасталелага героя з юначага ідэалізму ( у мястэчку немцы, то як жа кахаць, танцаваць, цалавацца са Стасяй – у апавяданні “Сямнаццатай вясной” (1956), кахаць Сюзану – у рамане “Сасна пры дарозе” (1962), трэба ж шукаць месца подзвігу ўжо ў першы дзень вайны) народжана самім жыццём. Яно хутка даводзіць, што чалавек у акупацыі – заложнік, вінаваты ўсім. Праўду пра цану “непрадуманых” подзвігаў Міцю Птаху гаворыць бацька: праз цябе народ пакутуе. Ты – аднаго, ворагі – дзесяць… Між тым крохкі свет кахання застаецца ў абсалютнай большасці твораў І. Навуменкі рамантычным: згадаем апавяданні “Верасы на выжарынах” (1959), “Па махорку” (1960), “Таполі юнацтва” (1963), “Трымценне дубовага лісця” (1964), “Месячная ноч” (1969), аповесць “Апошняя восень” (1975). І паўсюль у пачуццях – больш трапяткіх перажыванняў, менавіта трымцення і пустых надзей, чым спраўджанасці; людзі не разумеюць адзін аднаго, яны вельмі розныя. Хлапечую ж сарамлівасць у большасці герояў І. Навуменкі не “перавыхавала” нават вайна. Жанчына ў прозе пісьменніка, як прыкмеціў П. Васючэнка [1, с. 710], найчасцей працягваюц насіць экзатычныя імёны: услед за Юлькаю (Юліяй?), Веранікай і Сюзанай – Клара, Маргарыта, Інгеборг…

Інгеборг – гэта каханая Васіля з аповесці “Юнацтва”, заключнай у трылогіі “Дзяцінаства. Падлетак. Юнацтва” (1997). Менавіта гэтая аповесць увабрала ў сябе найбольш важныя для пісьменніка матывы, вобразы, сюжэтныя калізіі, якія ўжо ўзніклі ў тых ці іншых абрысах на старонках яго ранейшых твораў: “Ноч у літоўскім гарадку” (1969), “Хлопцы самай вялікай вайны” (1970), “Смутак белых начэй” (1979).

Франтавы шлях вёў 16-гадовага Івана Навуменку з 1941-га да 1945 года праз падполле ў партызаны, потым – у запасны полк і далей, на Карэльскі перашыек, у Літву, ва Усходнюю Прусію, Сілезію… Тое, што на гэтым шляху найбольш уразіла, часта патрабавала вяртання, патрабавала новага мастацкага ўвсаблення – погляду вастрэйшага або проста ўдакладненага якй-небудзь неадчэпнай дэталлю: напрыклад, што адчуваеш, калі начуеш у партызанскім лесе ў восеньскі дождж пад ялінаю ў адным пінжачку; або як няпроста гэта было – набыць статус падаольшчыка на акупіраваных тэрыторыях, увогуле пазбыцца недаверу да сябе. У “Асенніх мелодыях” (1987) ужо гучала гэтая тэма недаверу да беларускага падполля.

“Увогуле, я Вам скажу, беларускім хлопца, яшчэ ў значнай меры ўкраінскім, вайну прыйшлося спазнаць адразу. Мы ж прыграніныя… Нашы краіны смак вайны адчулі раней. Не трэба гэтым хваліцца, канешне. Але ж гэта так.

Падпольшчыкаў, – гаворыць І.Я. Навуменка, – у нас было многа; у Мінску іх было, напэўна, больш ста груп. Але падпольшчыкі – як і разведчыкі, разведчыкам патрэбна “крыша”, “дах”. Вось “Семнадцать мгновений весны”, Шцірліц – гэта рэальна, так сказаць, узята: наш разведчык мог пранікнуць і ў гестапа. Калі ты разведчык, гэта дазвалялася і ўхвалялася.

Дарэчы, наша падволле падабрала разведка, ваенная разведка. У вайнк яна называлася “група УПРа”, гэта – упраўленне разведкі. Яны давалі, і нам у тым ліку, дакументы, што чалавек, так сказаць, “у разведгрупе работаў разведчыкам у тылу Савецкай Арміі”. Ну а што партыйныя органы? Яны проста баяліся. Тут жа такая атмасфера была. Іх жа, бедных, “раскалашмацілі” яшчэ перад вайной. Колькі тых сакратароў райкомаў сядзела… Пагэтаму не адразу. Потым прызналі ўсе гэтыя [падпольныя] групы. Нідзе не дзеліся. Але на перым часе – толькі вось “Молодую гвардию”, пра якую Фадзееў пісаў. Маўляў, на ўсю краіну адна…”.

Пытаюс ў І.Я. Навуменкі пра ордэн Чырвонай Зоркі, якім ён быў узнагароджаны за разведаперацыю ў Сілезіі. Апісанне тых падзей – баёў вакол водасховішча Отмахау – ёсць у адным з тамоў “Гісторыі Вялікай Айчыннай вайны”.І тут раскрываюцца некаторыя “сакрэты” разведчыцкай прафесіі.

“Справа ў тым, – кажа Іван Якаўлевіч, – што на канцы вайны ў нас (немцы гэтым карысталіся ў самым пачатку) нарэшце сталі падслухоўваць немцаў. Гэта не так складана. У бок нямецкай перадавой лініі працягваюць вусы, ці драты. І ляжыш ад гэтай перадавой за метраў 200-300. Апарат ёсць, называецца УСП (расшыфраваць не магу), і чуеш перамовы. Гэта лёгка і тут зрабіць, відаць, і робяць. Дзе-небудзь на балконе раскінуць гэтыя драты, і тое, што мы тут з Вамі гаворым, гэта можна лёгка слухаць. Ёсць і другія падслухоўваючыя апараты… Але вось такое. Холад, зіма, паспрабуй паляжаць у гэтых бадылях і лазе. Уявіце сабе, што гэта Ганс пытае, што давалі на вячэру, а той другі пералічвае. А мы не вельмі каб бывае і накормлены, чуеш, як у жываце бурчыць. Або хто прыехаў з адпачынку, таксама дакладна пытае, што, як, як жонка. Вот такія звесткі.

У нас быў хлопец, які закончыў тэхнікум сувязі, нешта разумеў, таму зрэшты мы наткнуліся на рашэнне другое: што можна падземныя кабелі праслухоўваць. Прыстасаваліся. Дык гэта ж лепей – сядзіш у цёплым пакоі і чуеш не толькі, што роце давалі есці, а чуеш усё іншае, перамовы штабоў. Потым спакойна.

Нас было чалаек шэсць такіх. Мы армейская група разведкі былі, 21-й арміі. І вось мы пачалі перадаваць этыя звесткі ў штаб арміі. Што-небудзь цікавае зловіш, адразу хлопец – на матацыкл, едзе і завозіць у штаб арміі. А там зацікавіліся, адкуль яны такі докі. Адразу прыехалі тры ці чатыры палкоўнікі нас правяраць. Ну а як? Гітара была, палажылі на гітару гэтыя нашыя навушнікі, і з гіары чуваць; немцы гавораць, гавораць, бывала, пісаь можна было, мы дакладна запісвалі за немцамі, вось і палкоўнікам паказалі. Яны проста жахнуліся, што так гэта мы можам усё нямецкае чуць”.

Ізноў пытаюся: Вашы героі (напрыклад, Мілаванаў у “Юнацтве”) на фрогце чытаюцт Кканта, Гегеля па-нямецку, Васіль (з той жа аповесці) чытае “Вікторыю” Гамсуна ў арыгінале, па-польску спрабуе чытаць Рэмарка. Ці сапраўды на фронце было шмат такіх адукаваных хлопцаў?

“Па-першае, не забывайце, што мы ўжо ж былі людзі фактычна сярэдняй адукаці. напрыклад, мае таварышы Іван Доўжык, Анупрэй Брэль… Мы чамусьці як загаварыліся. Мы ж не ведалі, што вайна будзе, але мы яшчэ да вайны… У нас вельмі дрэнна выкладалі нямецкю мову, і недзе ўжо перад 10 класам мы з жахам адчулі, што не ўмеем па-нямецку да дзесяці палічыць. Узяліся самі даганяць. Падрунік для 5 класа вывучылі назубок, але ж гэта таксама ўсяго 900 слоў. Ну яшчэ крыху павучылі.

А ўакуацыі, самае галоўнае, мы спрабавалі радыёпрыёмнік наладзіць, але ж было цяжка. І тады ўзнікла думка: а чым мы горш за немцаў, давайце тое, што яны для сябе пішуць, давайце і мы чытаць. Разумееце, мы ўжо эўнымі навыкамі авалодалі, і ўжо на першым годзе акупацыі чыталі нямецкую газету. Гаварыць не ўмелі. Гаворка, разуменне прыходзіць пазней, але трэба [лексіку] ведаць. Так і мае таварышы. Я не скажу, колькі ведаю слоў. Канешне, выхваляцца залішне нельга, але я любы тэкст газетны магу чытаць. Ёсць і для мяне сённяшняга словы незразумелыя. Але можна навучыцца. Скажам, немцы ў нас два гады пабылі, можа тут, у Мінску, тры гады, а якія яны рускія ці беларускія словы ведаюць – толькі “хэндэ хох!” А мы, калі ў Германію прыйшлі, ужо размаўлялі там. Веды, канешне, палепшылі. Размоўнай мовай я больш-менш авалодаў у Германіі, таму што на кожным кроку пыталіся пра тое, другое…

Добра неяк нядаўна сказаў Жукаў, я чытаў, калі ў яго звпыталіся: “ Вось мы перамаглі немцаў на Курскай дузе, несцы былі яшчэ даволі моцныя, скажыце, супастаўляючы нашу армію савецкую і нямецкую, як Вы на эта глядзіцё, што было мацней у немцаў, што было мацней у нас?” І Жукаў адказаў: “ Генштаб быў мацней за генералітэт. І генштаб мацнейшы быў у немцаў. На першым часе мацнейшай у немцыў была і тэхніка, афіцэрскі састаў быў мацнейшы. А што ў нас? А ў нас мацнейшы быў радавы баец. Асабліва моладзь, якая дзесяцігодкі паканчала”. Знаеце, неяк у яго [нашага байца] гарызонты былі шырэйшыя, і я з гэтым цалкам згодзен. Мы ў 1941 г. афіцэрскага складу вельмі многа страцілі. І тут вось гэты хлопец, з 8, 9, 10 класамі ці з двума курсамі інстытута, яго бралі на курсы на месяц ці болей. Але паколькі ён граматны, ён быстра ўсё схватваў. У нас, у афіцэрах, хто былі? Тыя, кадравыя, іх мала засталося. А вось гэтыя хлопцы, з ІХ класамі, з ІІ курсамі інстытута, яны дахозілі па званню да палкоўнікаў. Вось такі кадравы састаў. Ну і канешне, хлопцы гэтыя былі граматныя. Я сам памятаю, у палку афіцэр разведкі, памочнік начальніка штаба, называўся ПНШ Чыгір, дык ён карты не ўмеў расчытваць, кончыў 6 класаў калісьці. Дык быў капітанам. А я дайшоў толькі да старшыны. Не хачу хваліцца, але я зводкі складаў. Усё-такі адукацыю сярэднюю атрымалі. Нашы байцы, асабліва граматныя, пісьменныя, яны сваю задачу, нават ваенную задачу, разумелі і выконвалі лепш.Але ж радавых болей за афіцэраў. І вось Жукаў, ды не толькі Жукаў, сказаў, што вайну выйграў дзесяцікласнік”.

У аповесці “Юнацтва” мы можам знайсці яшчэ адну вельмі важную акалічнасць, якая пацвярджае сказанае вышэй. У ваенныя вучылішчы, піша І. Навуменка, не бралі і самых здольных хлопцаў з-пад акупацыі – нават калі яны былі партызанамі, падпольшчыкамі. І такія хлопцы выйгралі вайну, выйгралі разам са сваімі пагодкамі ды цягавітымі вясковымі дзядзькамі. Цягавітасць жа на вайне – далёка не апошняя справа. Герой Навуменкі, разведчк, напрыклад, можа сядзець у навушніках, падслухоўваючы немцаў, па 14-16 гадзін у суткі; спаць, ідучы маршам; трываць боль ад раненняў па-за шпіталем і заставацца жывым у самых уяжкіх баях…

Параўноўваючы ж сваё і чужое, пытаюся: Іван Якаўлевіч, калі Вы з войскам трапілі за мяжу так далёка, розныя краіны паглядзелі, ці не было ў Вас такой думкі, што ў іх вось так усё добра, лепш, чым у нас? У нас, маўляў, усё дрэнна, а ў іх – усё добра?

І.Навуменка адказаў: “Не. Канешне, у бытавым плане ў іншых выпадках гэта было. Але Польшча тых гадоў была гэтакая самая, як і мы, драўляная, “раскірачаная”. Такое самае. Ну Германія, так сказаць, больш акуратная. Але ж мы другое бачылі. Пры ўсім тым, што ў нас, можа быць, быт не так выразна быў наладжаны, мы бачылі, што яны, як гэта кажуць па-руску, “крахаборствуюць”. Адзін час у Германіі ў нас не было курава. Але мы набралі – там цукровая фабрыка была – мы набралі гэтага цукру. Я, памятаю, кілаграмы два запёр немцы гэтага цукру, а яна мне дала тры сігарэты. Недзе выразіў сваё незадавальненне. Яна падумала – і дабавіла мне яшчэ адну. Разумееце, не так, як у нас: нават чужога чалавека за стол пасадзяць, яму і шклянку гарэлкі нальюць. Там няма гэтага.

Вось мы, перажыўшы акупацыю, прыйшлі ў Германію, але нашы не займаліся рукапрыкладствам…”.

І далей Іван Якаўлевіч апісаў адну гісторыю, якая здарылася, калі ўжо скончылася вайна і нашы салдаты ў замежжы неслі гарнізонную службу – месяцы тры.

   – Калі мы адтуль выязджалі, – расказваў Іван Якаўлевіч, – наша начальства баялася, каб не здарылася чаго-небудзь выключнага. А яно здарылася. Калі салдаты гадзін у 11 вечара на машынах пакідалі гарадок, то развітацца з імі прыйшла ці не палавіна жанчын з гэтага гарадка: і бальзакаўскага ўзросту, і дзяўчаі, – не саромеюцца, плачуць. І сапраўды, а што іх чакала? Кінахроніка паказвала, як іх мужы, гаспадары маршыруюць… Яны ж у сваёй жаночай адзінокасці праводзілі гэты час, і пагэтаму – ніякага сораму. Калі перанеслі час ад’езду нашых салдатаў на ноч, – працягваў Іван Якаўлевіч, – жаночы натоўп яшчэ пабольшаў: ноччу ж ніхто не бачыць. Вось так канчаюцца войны. Жыццё ёсць жыццё. Вайна пачалася ў 39-м годзе, скончылася ў 45-м. За гэтыя 6 гадоў вайны, пры Гітлеры, там, у Германіі, былі нашы людзі, палонныя. Але ж за сувязь з іншаземцам жанчын там моцна каралі.

Пытаюся ў Івана Якаўлевіча, як пісаліся кніжкі “Якуб Колас: Духоўны воблік героя”, “Янка Купала: Духоўны воблік героя” (новае слова ў тагачаснай філалагічнай навуцы, і сёння гэтыя працы запатрабаваныя), і Навуменка перапыняе мяне (“цяпер яны проста “Якуб Колас” і “Янка Купала”) і растлумачвае: “Быў у нас рэктарар Сеўчанка. Да мяне ён чамусьці ставіўся прыязна і можа нават больш чым прыязна. Яму трэба былі дактары. Ёён мне сказаў: “Што, ты не можаш напісаць? Вазьмі і напішы”. Ён, канешне, не вельмі адрозніваў мовазнаўства ад літаратуразнаўства. Ну, як кажуць, быў тэхнаром. Але чалавек быў харошы. І вось ён мяне проста прымусіў: “Напішы ты, хай у нас доктар будзе”. Ну я, канешне, к таму часу, гэта быў 1964 год, ужо гадоў дзесяць папрацаваў, мў ужо нейкі вопыт. Сам думаў пра Коласа, Купалу, хто яны. Ну не адразу, канешне гады за тры, за чатыры, сеў і напісаў”.

І яшчэ расказаў І. Навуменка, як мы недаацэньваем Коласа. “Колас – вельмі вялікі мудрэц. Дзесьці мы свій абавязак перад ім не выканалі. Вазьміце тую “Новую зямлю”, “Сымона-музыку”, трылогію “На ростанях”. Разумееце, яму ўсё дадзена, і разам з тым ён мысліцель. Прытым у яго ёсць дзве рэчы, пра якія мы мала гаворым. Па-першае, ён быў пастушком і доўгі час, значыць, ляжаў на зямлі. І ні адзін пісьменнік не мае столькі характарыстык гэтых “кузурак” малых, жукоў, як Колас. Колас бачыў. І “Казкі жыцця” з гэтага выраслі.

Па-другое, ён быў вялмкм дыпламат і мудрэц”.

Пацвердзіў гэтыя словы І. Навуменка наступнай гісторыяй.

“Менавіта Коласу ўдалося вызваліць тых настаўнікаў, якія прымалі ўдзел у нелегальным з’ездзе, за што іх павыкідвалі з працы; яны хадзілі і самі сябе называлі “агрызкамі”. На той час Мінск быў губерняй і ўваходзіў у Віленскае генерал-губернатарства. Выдаваліся і дзве газеты: мінская губернская і віленская генерал-губернатарская. Што зрабіў Колас? Ён напісаў нейкае апавяданне для генерал-губернатарскай газеты, і яму далі білет, што ён з’яўляецца яе карэспандэнтам. Пасля Колас зайшоў у губернскую газету і паказаў гэты білет. І ўжо ў гэтую газету напісаў пра тое, як адбываўс з’езд настаўнікаў. Напісаў, што сабраліся маладыя хлопцы, якія любілі выпіць і “добра-такі ўзялі”, а потым гэты “крымінальны” пратакол напісалі. Орган губернатара нешта значыў, і справу настаўнікаў спынілі, растлумачыўшы яе як звычайную п’янку. Так Колас выратаваў настаўнікаў. “Пісьменнікі пушкінскай пары дакаралі Пушкіна ў тым, што ён размаўляў не толькі з дэмакратамі, а да любога мог падступіцца, чалавекам шырокіх поглядаў быў. Такім быў і Колас”.

А як Вы ставіцеся да думкі, пытаюся, што ў выкладанні літаратуры варта больш падрабязна гаварыць пра пісьменніка як пра асобу – яго асабістае, нават прыватнае жыццё. Вось пра Байрана, пра Пушкіна мы ведаем шмат і з іх інтымнага жыцця, а пра беларускіх пісьменнікаў мы ведаем вельмі мала. Іван Навуменка з гэтай думкай пагадзіўся. “Калі ведаеш пісьменніка з гэтага, інтымнага, боку, больш разумееш і яго творы. Ну, скажам, Кузьма Чорны. ( Я ўжо і “Ранні Кузьма Чорны” напісаў, яшчэ будзе кніжка “Кузьма Чорны, аб’ёмістая.) Яны разам з Язэпам Пушчам неяк паехалі ў Слуцк, горад, блізкі Чорнаму, і пазнаёміліся там з дзяўчатамі. Чорны быў рамантык. І вось Язэп Пушча выбраў сабе дзяўчыну, якая за ім паехала ў ссылку, як жонкі дзекабрыстаў. А Чорны вадзіў сваю абранніцу па рэстаранах тут, у Мінску. І яна вельмі хутка знайшла сабе каханка. Я не ведаю, ці жыва яна. Можа, прозвішча не называць, не будзем. Чорны напісаў пра гэта, яно ёсць у апавяданні “Пачуцці”, там ёсць цыганка Нона. Ніякая гэта не цыганка, гэта была наша беларуская дзяўчына. Ён напісаў дакладна. Гэта быў таксама вялікі пісьменнік, псіхалогію ведаў”.

Прыгадваю, што І.Я. Навуменка кіраваў кафедрай беларускай літаратуры ў БДУ, калі там працавалі вельмі цікавыя людзі. Многія з іх цяпер працуюць. Пытаюся, ці янма намеру ў акадэміка напісаць пра той час; або, напрыклад, пра часы, калі ён быў дэрэктарам Інстытута літаратуры НАН Беларусі, старшынёй Вярхоўнага Савета нашай рэспублікі, прычым гэта было ў вельмі цікавыя гады, з 1985 па 1990. І. Навуменка адказвае: “Гэта як Шамякін – “Начныя ўспаміны”? Не, я так не збіраюся. Разумееце, людзі, калі называць іх, пакрыўдзяцца дзесьці… Зрэты, будзе відна, пабачым”.

Творчыя планы І. Навуменкі парадуюць кожнага знаўцу літаратуры. Прыгадваючы сваю знакамітую трылогію “Сасна пры дарозе”, “Вецер у соснах”, “Сорак трэці”, пісьменнік гаворыць: “Напісаў гэтую самую акупацыю. Але цяпер трэба і другое напісаць. Свята на нашай вуліцы, як пагналі гэтых немцаў. Дарэчы, цяжка пішацца. Пра перамогу пісац цяжэй. Я і не думаў, што атрымаецца панарамны твор. Але ж хоць дзве кнігі пра вызваленне трэба напісаць. Дарэчы, я якраз сёння напісаў сцэнку, дзе ёсць Сталін. Сталіна ў мяне не было, я да такіх вышынь не падымаўся, але ўжо ўвёў Гітлера. Я не хачу сказаць, што таму і Сталіна, што Гітлера. Не. Сталін проста выклікае Панамарэнку і задае вельмі чалавечае пытанне: ці не пачаць нам выгнанне захопнікаў з нашай зямлі? У 41-42-м гадах такога пытання нельга было задаваць, а ўжо ў 43-м, пасля Курскай дугі, пайшло наступленне Чырвонай Арміі па ўсіх франтах і выгнанне немцаў. Канчаткова немцаў выгналі ў 44-м годзе, але, скажам, маю мясцовасць, Палессе, вызвалілі ў 43-м, восенню. Адчапіцца ад гэтага нельга. Трэба пісаць. Пра тое, што я ведаю, і пра тое, што ў душы сядзіць…”.

Калі гаворка заходзіць пра пераклады, Іван Якаўлевіч расказвае: “Мне асабліва з рускай мовай пашанцавала. Мае першыя пераклады зрабіў аўтарытэтны чалавек і для нас, і для рускай літаратуры – Яўгеній Мазалькоў. Ён перакладаў ма першыя зорнікі апавяданняў ў Маскве, і ён перакладаў, па-мойму, і “Сасну пры дарозе”, і “Вецер у соснах”, і “Сорак трэці”. Ну, з яго лёгкай рукі і пайшло. Потым ужо перакладалі Гарбачовы, гэта сяемейства такое ёсць. Яны стаялі блізка да выдавецтва “Савецк пісьменнік”. І ў гэты выдавецтве з 20 маіх кніг, які яперакладзены на рускую мову (у мяне болей, чым 20, але 20 перакладзена, наогул, я не лічыў дакладна, не ведаў, што Вы такое пытанне задасцё). Найбольшая колькасць перакладаў выйшла ў “Савецкім пісьменніку”. Ну а так, ва ўсіх выдавецтвах я па кніжцы меў. У “Савецкім пісьменніку”, скажам – 20. Нават удалося сярод нашых класікаў надрукавацца ў “Раман-газеце” – там такая “варта” стаіць! Потым – у “Маладой гвардыі”, у падпісных выданнях, у дадатку да часопіса “Дружба народов”, там тыраж вялікі быў. Цяпер нават у Маскве такіх тыражоў не робяць”.

І ўсё ж агульную колькасць сваіх кніг І.Я. Навуменка паспрабаваў падлічыць: “Усіх, можа, больш за 100. З перавыданнямі”.

Лічба, што і казаць, красамоўная.

 Літаратура

  1. Васючэнка П.В. Іван Навуменка // Гісторя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя: У 4. т. Т. 3. / Нац акад. навк Беларусі. Ін-т літ. імя Я. Купалы. – Мн., 2001. – С. 689-713.