Резюме

В статье комментируются факты белорусско-польской межкультурной коммуникации, зафиксированные либо изученные в книгах Олега Лойко «Древо жизни» (автобиографические разделы), 2004г.; «Равноугольный треугольник: От Палемона до Максима Танка» (разделы «Поляк глазами белоруса», «Максим Танк – переводчик польской поэзии», «С Беларусью соединены»), 2003г.. Анализируется также стратегия перевода на белорусский язык польской поэзии ХХ века в таких изданиях, как двухтомник Олега Лойко «Наперерез: От Буга до Варты: Антология польской поэзии», 2003г., и книга Яна Чиквина «Листва серебристого тополя», 1999г..


Алег Антонавіч Лойка, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, прафесар філалогіі, арганізатар універсітэцкай навукі, разам з усім шырока вядомы яшчэ і як выбітны паэт, слынны празаік-эсэіст, арыгінальны перакладчык лірыкі.

Тэма беларуска-польскага памежжа, стасункаў, узаемасувязяў блізкая А.Лойку арганічна, бо родныя яго мясціны – Слонім, слонімшчына; Беларусь Заходняя ў часы між першай і другой сусветнымі войнамі. У “чалавечым вымярэнні”, у рэаліях уласнага лёсу і свайго радаводу пра беларуска-польскія перапляценні Алег Антонавіч распавёў у кнізе “Дрэва жыцця” ( з дзённікава-эсэістычнымі раздзеламі “Карэністасць кроны”: “Бацька, Князь Іркуцкі”, “Ён быў слонімцам”, “Некалькі слоў-ластоў да трох лістоў”, “Бацькавае загадкавае”, “Мама і маці”, “Цётка Маруся”, “Дзядзька Марцін”; “Адкуль ёсць, пайшлі…”: “Мая правінцыя”, “Пра Слонім, і не толькі…”, “Мы – крывіцкія…”; інш.) [1, с. 8 – 96]. Народжаны ў Слоніме ў 1931 годзе, будучы беларускі вучоны і мастак-творца, спраўджваючы сваю адметна-беларускую біяграфію, ішоў у клас польскі, дазнаваўся ўрокаў нямецкіх, спасцігаў адукацыю савецкую.

Савецкае літаратуразнаўства, знітаванае з сацыялістычным рэалізмам, мусіла аглядацца на знакаміты пастулат “пралетарскага інтэрнацыяналізму”, замацаваны ў 1930-я гады, на догму пра культуру, літаратуру “нацыянальную па форме, інтэрнацыянальную па змесце”, што паступова, дзякуючы гадам 1960-м, дадрэйфавала да фармулёўкі “агульначалавечага зместу ў нацыянальнай форме”. Узаемадачыненні розных культур, літаратур – найперш народаў СССР – сацыялістычнае літаратуразнаўства апісвала як працэсы “адзінства і ўзаемаўзбагачэння”, “паскоранага развіцця” ў сэнсе менавіта камплементарным (хоць найбольш відавочныя выдаткі “паскарэння” па-савецку, асабліва па-сталінску, таксама фіксаваліся). Урэшце стэрэатыпы “турмы народаў” ды “мультыкльтурнага раю” зрабіліся ўлюбёнымі і ў постсавецкай свядомасці многіх літаратараў.

З другога боку, паступова ўвабраўся ў моду посткаланіялізм. Між іншым, напярэймы брытанскаму Букеру расіяне нават пачалі прысуджаць сваю Букераўскую прэмію – таксама з арыентацыяй на рускамоўную літаратуру прадстаўнікоў, так сказаць, былой “савецка-расійскай” імперыі (і беларусы ўдзячныя ім з нагоды намінацыі на гэтую прэмію Васіля Быкава за аповесць “Пакахай мяне, салдацік” у 1997 г., якраз перад ад’ездам Быкава ў Швецыю, хоць гэты тэкст, як і ўсе рускамоўныя мастацкія творы Быкава, пачынаючы з 1968 г., – гэта менавіта самапераклад з беларускай мовы ( да 1968 г. былі пераклады); Быкаў – несумненна класік беларускай нацыянальнай літаратуры, а не “транскультурны” аўтар кшталту карыбскіх або “вест-індскіх” папулярных аўтараў).

Здавалася б, Алега Антонавіча Лойку як прагрэсіўнага навукоўца ўпаўне маглі б спакусіць модныя сёння павевы посткаланіялізму ў літаратуразнаўстве.

Сапраўды, хто сёння спрачаецца з глабалізацыяй, з тым, што яна – рэальнасць? З тым, што на постсавецкай прасторы працягваецца “расхістванне нашай уласнай ідэнтычнасці”, “самаачужэнне, спроба зірнуць на сябе як на суб’екта вычыма іншага”, і нават з тым, што – з пэўнага пункту гледжання – “памежны інтэлектуал жыве ў свеце, а не ў пэўнай культуры або краіне” [ 2, с.10]; што асноўным сюжэтам, нават метасюжэтам сучаснасці ўсё больш выразна робіцца наратыў сустрэчы з іншым, інакшасць і яе зняцце (або не-зняцце) ? [2, с. 91].

Аднак жа Алег Антонавіч не спакусіўся і не паспяшаўся адчуць у сваім памежным беларуска-польскім мікракосме, што ён як асоба – “транзітны”, што менавіта “транзітнасць – экзістэнцыйная сітуацыя суб’екта гэтага свету” [2, с. 91]. Не ўспрыняў посткаланіяльны дыскурс Алег Лойка, відаць, па той простай прычыне, што логіка гэтага дыскурсу вядзе да акультурных высноў накшталт: “… літаратурныя з’явы, якія найбольш дакладна адпавядаюць логіцы глабалізацыі, можна назваць умоўна постнацыянальнай або пазанацыянальнай літаратурай” [2, с.110], або: агульначалавечыя каштоўнасці на нацыянальнай аснове – старызна ў духу асветніцкага універсалізму [2, с.138]… Карацей, нас імкнуцца прывесці да дэвальвацыі і дэскрэдытацыі як нацыянальнага, так і ўвогуле этнічнага, да апафеозу маргінальнасці.

У працах жа А.Лойкі мы маем справу не з гульнёвымі камбінацыямі сімулякраў, а з асэнсаваннем гісторыка-культурнай канкрэтыкі ( ад якой усё часцей абстрагуюцца як ад прыкметы “архаічнага нацыянальнага дыскурсу”).

У 2000-я гг. тэма беларуска-польскіх узаемадачыненняў адлюстравалася ў літаратуразнаўчай кнізе А.Лойкі “Роўнакутны трохвугольнік, або Ад Палямона да Максіма Танка”, а таксама ў перакладах польскай паэзіі ХХ стагоддзя.

А.Лойка-літаратуразнавец найперш разважае пра тое, як беларус бачыць, успрымае, разумее паляка, якія рысы польскага нацыянальнага характару вылучае. Сочыць за гэтай рэцэпцыяй А.Лойка па гісторыі беларускай літаратуры: з часоў батлейкі, Каніскага і Сарбеўскага да Адама Міцкевіча і Янкі Брыля. Даследчыцкая выснова (у адным з артыкулаў, які дакладваўся публічна) прагучала наступным чынам: “Быў у гісторыі бачання беларусам паляка век залаты, быў век срэбны, а з … Янкі Брыля няхай жа ў нас знойдзе працяг распачаты ім век па-за металамі. Па-за металамі, але не па-за чалавечным сэрцам чалавека!..” [3, с. 18] Гэта значыць, напярэймы сацыяльнай абумоўленасці ўспрыняцця – больш негатыўнай, напрыклад, у часы прыналежнасці Беларусі да Расійскай імперыі – мусіць прыйсці эмацыянальная: як вядома, улюбёныя героі нашых заходнебеларускіх пісьменнікаў кахаюць зазвычай або чароўную “крэсовую” Дануту, або Чэсю… Дарэчы, артыкул “Паляк вачыма беларуса” ў названай кнізе А.Лойкі падаецца па-беларуску, па-польску, па-англійску і па-нямецку. Асобны артыкул прысвечаны Мацею Казіміру Сарбеўскаму ў яго лучнасці з Беларуссю, і, вядома ж, некалькі, а дакладней – чатыры артыкулы прысвечаны сувязям А.Міцкевіча з Беларуссю (прыгадаем, што А.Лойка – аўтар адной з першых манаграфій на гэтую тэму; яго кніга “Адам Міцкевіч і беларуская літаратура” выйшла ў Мінску ў 1959 г.).

А.А.Лойка – і адмысловы перакладчык з польскай (як і з французскай, і з нямецкай). Чаму адмысловы? У яго свая стратэгія перакладу, вынесеная на публіку праз дыялог з нямецкім славістам Гансам Аўэрсвальдам з нагоды перакладаў нямецкай класікі. У 1990-я гг. А.Лойка супрацоўнічаў з Інстытутам славістыкі Енскага універсітэта імя Ф.Шылера, дзе беларусістыку падтрымліваў, умацоўваў, развіваў адзін з самых вядомых нямецкіх славістаў – прафесар Ганс Аўэрсвальд. Разам А.Лойка і Г.Аўэрсвальд спраўдзілі некалькі беларуска-нямецкіх праектаў, сярод якіх было выданне перакладаў нямецкай класікі на беларускую мову. Гэтыя пераклады, створаныя А.Лойкам, увайшлі ў выданні “Улада песняспеву” [4] і “Сузор’е” [5] . Поруч з беларускім тэкстам у першай кнізе быў змешчаны і нямецкі (з Наваліса, Шлегеля, Шэлінга, Эйхендорфа), а ў другую кнігу ўвайшоў (разам з перакладамі з Шылера) адмысловы раздзел пад назваю “частка даследчая”. Якраз у гэтай частцы зафіксаваны дыялог, своеасаблівае інтэрв’ю двух славістаў на тэму: якімі могуць быць прынцыпы і ўласна спосабы, метады перакладу з нямецкай мовы на беларускую, падыходы да перакладчыцкай дзейнасці ўвогуле? Лойкаўская стратэгія ў гэтым пытанні такая: Алег Антонавіч нібыта і прызнае, што ў паэзіі, як кажуць, “стыль трэба перакладаць адпаведным стылем”. Аднак пры гэтым А.Лойка ўдакладняе: “… стыль – гэта сукупнасць усяго ў аўтары, і тут я мушу ўсумніцца, ці цалкам яго ў перакладзе можна перадаць”. [4, с. 105.]

Можна сказаць, праграмнаю высноваю А.Лойкі пра тэорыю перакладу ў 1997 годзе [4, с.с. 101, 102, 103] стала досыць катэгарычная думка: гэтая тэорыя “дасюль неакрэсленая”; а “практыка перакладу – разавая рэч”; усё тут – у асобе перакладчыка. “Арыяднавая нітка”, пэўная “ўстаноўка на пераклад”, лічыць А.Лойка, вынікае з мажлівасцяў нацыянальнай мовы і з моватворчага майстэрства перакладчыка. Зразумела, што перакладчыку пажадана як мага глыбей, па магчымасці дасканала ведаць мову, з якой ён перакладае, ведаць нацыянальнае быццё, характар, гісторыю народа, чыё мастацтва ён бярэцца пераствараць, ды і ўвогуле агульная культура, чалавечая кампетэнцыя перакладчыка – асабліва сусветнай класікі – будзе відавочнаю чытачу. Аднак маштабнасць задачы зусім не палохае Алега Антонавіча: ён падкрэслівае, што “веды – справа нажыўная, што іх можна нарошчваць, а вось тэхніка, рабленне – гэта разавае: можаш ці не можаш, змог ці не змог, хапае сугестыі, пачуцця меры, эстэтычнага чуцця ці хапае…” [4, с. 104]. Аднам словам – ці хапае таленту! Гэтакім чынам нібы згадаўшы Моцарта, не забыўся А.Лойка і пра Сальеры: усё ж законы суадпаведнасці эстэтычных канвенцый, у межах якіх нараджаецца любая мастацкая вобразнасць, існуюць; зусім ігнараваць іх немагчыма.

Сваім стратэгічным саюзнікам беларускі паэт-перакладчык робіць рускага паэта-перакладчыка – Валерыя Брусава. А.Лойка бярэ на ўзбраенне брусаўскія прыёмы. У арыгінале трэба вылучаць асноўныя кампаненты змястоўнасці ды імкнуцца правільна паставіць перад сабой задачу: гэтыя кампаненты ўсе ўзнавіць немагчыма. Але важна выбраць, “што ты імкнешся абавязкова захаваць, што лічыш першаступенным па значнасці, каб у выніку наблізіцца да адэкватнага стылю” [ 4, с. 105]. Такім парадкам, у перакладах з Верлена Алег Антонавіч узяў сабе за “ўстаноўку” імкненне захаваць найперш прасодыю, гучанне “радка, верша, згодна з верленаўскім заклінаннем “Музыкі перш за ўсё!..”; перакладаючы Гётэ, А.Лойка найперш імкнуўся нарошчваць вершарад, бо граматыка нямецкай мовы ў параўнанні з беларускай выдавала збыткоўнай; і падобным чынам – у кожным выпадку, з кожным аўтарам і вершам…

Этапнымі ў творчых пошуках А.А.Лойкі на ніве паэтычнага перакладу трэба лічыць два тамы перакладаў з польскай, выдадзеныя ўжо ў ХХI стагоддзі (хоць часткова гэтыя рэчы выдаваліся раней). Гаворка ідзе пра выданне 2003 года пад адзінай назваю “Напярэймы: ад Буга да Варты: Анталогія польскай паэзіі ХХ стагоддзя”. Абодва тамы выйшлі (адпаведна на 386 [6] і 376 [7] старонках) з падтрымкай Польскага Інстытуту ў Мінску і выдавецтва “Энцыклапедыкс”.

У анатацыі да выдання падкрэсліваецца, што гэтая праца – не толькі першая двухтомная анталогія польскай паэзіі цэлага ХХ стагоддзя ў беларускім перакладзе. Важна, што большасць са 180-ці аўтараў, чые творы ў ёй змешчаны, на Беларусі друкуюцца ўпершыню. Называючы крыніцы перакладаў [6, с.27 – 29], А.А.Лойка выказвае ўдзячнасць паэту Казімежу Свягоцкаму “за так шчырую падмогу ў выбары пэрсаналіяў для гэтае анталогіі” [6, с.29].

Як вядома, за дзяржаўнай мяжою Беларусі, у Беластоку, ужо выходзіла ў 1999 годзе кніга выбраных перакладаў з польскіх паэтаў ХХ ст. на беларускую мову – яе стварыў таксама паэт, прафесар-філолаг, старшыня літаратурнага аб’яднання беларускіх пісьменнікаў Польшчы “Белавежа” Ян Чыквін. Гэта выданне пад назваю “Лісце срэбнай таполі” [8]. Ян Чыквін выбраў і пераклаў вершы 54-х аўтараў, і варта найперш адзначыць тое, што выбар персаналій і твораў для перакладу і А.Лойкам, і Я.Чыквіным, відаць, рабіўся “паралельна”, незалежна адзін ад аднаго (сама ідэя перакладаў польскай паэзіі ХХ стагоддзя, як кажуць у такіх выпадках, лунала ў паветры). Імёны самых значных польскіх паэтаў прыцягвалі аднолькава, але ў большасці выпадкаў вершы перакладчыкамі выбіраліся розныя.

Звернем увагу, між іншым, на цікавае публічнае выказванне Лешака Жуліньскага: “Адно ў апошнім дзесяцігоддзі, як і ў папярэдніх, не змянілася: самым знакамітым сучасным паэтам застаўся Тадэвуш Ружэвіч” [9, с.79 – 88]. Як жа гэтае суб’ектыўнае меркаванне Л.Жуліньскага пацвердзілі Я.Чыквін і А.Лойка? Перакладамі зусім розных вершаў Ружэвіча: у Я.Чыквіна гэта аказаліся “Мае вусны” і “Ад нейкага часу” [8, c.42 – 44], а ў А.Лойкі – “Ружа”, “Паэт – гэта той…”, “Накід сучаснага эротыка”, “Мая паэзія”, “На незнаёмай мове”, “*** паэзія не заўжды…”, “Без”, “Свеціць месяц”, “Капітуляцыя”, “Колер вачэй і пытання” [7, с. 20 – 27]. (Розніца ў самой колькасці зробленых перакладаў рэгламентавалася яшчэ, канечне, і аб’ёмам тых выданняў, якія мы параўноўваем.)

Але ж супаў выбар абодвух перакладчыкаў на 12-ці вершах 11-ці паэтаў. Гэта вершы Станіслава Чэрніка (“Парабала”), Станіслава Пентака ( у Чыквіна – “Далей у дарогу”, у Лойкі – “Далей у шлях”), Чэслава Мілаша (у Чыквіна – “Ты, хто пакрыўдзіў”, У Лойкі – “Ты, што пакрыўдзіў”), В.Шымборскай ( у Чыквіна – “Аўтатамія”, у Лойкі – “Аўтатомія”; у Чыквіна – “Бачанае зверху”, у Лойкі – “Убачанае згары”); у Чыквіна – Тадэвуша Сліўяка “Тэст”, у Лойкі – Тадэвуша Сьлівяка “Тэст”; Тадэвуша Новака (у Чыквіна – “Псалом пра нож у спіне”, у Лойкі – “Псалом пра нож у плячах”), Анджэя Бурсы ( адзінадушна –“Паэт”), Станіслава Грахоўяка (у Чыквіна – “У закаханых тое ж памкненне”, у Лойкі – Граховяка “Для закаханых тая ж стараннасць – што для ўмерлых”), Збігнева Яжыны (адзінадушна – “Блажэнны”), Рышарда Крыніцкага (у Чыквіна – “Фашысты мяняюць кашулі”, у Лойкі – “Фашысты зменьваюць кашулі”), Багдана Урбанкоўскага (у Чыквіна – “Вось Польшча…”, у Лойкі – “ ***Гэта Польшча: кунтуш палымністы кармазіну”).

Трэба прызнаць, што ў міжвольным спаборніцтве перакладчыкаў польская паэзія выйграла, раскрылася сваімі рознымі вобразнымі гранямі. У доказ працытуем па два ўзоры з названых перакладаў ( гэта будзе верш С.Граховяка, затым – Б. Урбанкоўскага):

***

У закаханых тое ж памкненне – што ў памерлых,

Трэба ўсяго толькі шэсць дошак,

Такая ж колькасць святла прыцямнелага.

 

У закаханых тыя ж заслугі – што ў памерлых,

Страхам закрыты пакойчык з каханнем,

Дзецям нельга туды ўваходзіць.

 

У закаханых – пахмурна-вясёлых – тое ж адзенне,

Не паспеюць зачыніцца дзверы,

Не паспее іх зямля засыпаць,

Ападзе дадолу з целаў найцяжэйшая ліўрэя.

[ Я.Чыквін, 8, с.76.]

***

Для закаханых тая ж стараннасць – што для ўмерлых,

Дошак трэба многа-мала таксама шэсць,

І тая самая доза прыцемненага святла.

 

Для закаханых тыя ж заслугі – што для ўмерлых,

Пакой з любоўю акружыце боязню,

Дзецям уваходзіць забараніце.

 

Для закаханых – насупленых у радасці – тая ж адзежа,

Пакуль дзверы затрэснуць,

Пакуль засыплюць зямлёй,

Найцяжэйшае адпадзе ад іх целаў.

[ А.Лойка, 7, с.148.]

 

***

Вось Польшча: загорнуты ў светла-чырвонае полымя

велікан ідзе праз свет крокам лунаціка,

спаміж зубоў смярдзяць рэшткі нейкага веравызнання

і гніюць у мёртвых вачах харугвы сатлелыя.

 

Польшча туберкулёзная, са знішчаным тварам.

Адзетая сёння ў драты калючыя і касцюм блазна.

Польшча, якую чакалі: гэты Хрыстос народаў,

што нарэшце ўваскрэснуў – але ўваскрэснуў трупам.

 

Вось Польшча… Хто зможа заступіць ёй дарогу,

пакуль, як сляпы, не згіне ў руінах гісторыі?

Хто пахіліцца над мёртвым, да грудзей прытуліць,

каб увапхнуць, як штылет, жывое сэрца – у мёртвыя грудзі?!

[Я.Чыквін, 8, с. 98.]

 

***

Гэта Польшча: кунтуш палымністы кармазіну

волат што свет мерае крокам лунатыка

спаміж зубоў тхліна рэшткі якойсь веры

у мёртвых вачах гніюць згаслыя штандары

 

Польшча з грудзьмі выплютымі, з тварам спустошаным

Сёння апранутая блазнам у калючым дроце

Польшча якой чакалі: гэты Хрыстос Народаў

Які нарэшце ўваскрос – аднак уваскрос трупам

 

Гэта Польшча… Хто паспее заступіць ёй дарогу

Пакуль яна сляпая счэзне ў руінах гісторыі

Хто падхопіць гэтага трупа да грудзей прыхіне

Каб у мёртвыя персі штылетам

увапхнуць жывое сэрца

[А.Лойка, 7, с. 240.]

 

Зробім самае агульнае параўнанне перакладчыцкіх стратэгій Яна Чыквіна і Алега Лойкі: імпульсіўнасць Алега Лойкі, яго актыўная моватворчасць паводле прадуктыўных словаўтваральных мадэляў, імкненне да яшчэ тынянаўскай “цеснаты гукавога раду”, вобразнага раду, пэўным чынам кантрастуюць з прыярытэтамі акадэмізму, вымоўнасцю нават самых адмысловых метафар, да якой імкнецца Ян Чыквін.

Цікава, што да бліжэйшага, суседскага – польскага паэтычнага абсягу А.А.Лойка як перакладчык звяртаецца толькі ў 2000-я гады: напачатку выходзіць (у перакладчыцкай суполцы з Алесем Разанавым ды Ірынай Багдановіч) кніга перакладаў з Казімежа Свягоцкага пад назваю “Цень над раўнінай” [10]. Можа быць і так, што А.Лойка як знаўца Міцкевіча, знаўца і беларускай старажытнасці, і асабліва беларуска-польскіх стасункаў у літаратуры двух апошніх стагоддзяў пэўны час пакідаў калегам “блізкую дзялянку”, бо свая традыцыя беларуска-польскага перакладу ўжо была ўгрунтаванаю: напрыклад, толькі маладзейшымі сучаснікамі Алега Антонавіча – А.Мархелем (найперш), а таксама А.Мінкіным, І.Багдановіч, С.Мінскевічам нямала і з поспехам перакладаліся Сыракомля, Каспровіч, Манькоўская, Лесьмян, Стаф, Норвід, іншыя, і, вядома ж, Міцкевіч… Сярод жа старэйшых паплечнікаў тут найбольш пачэснае месца сам А.Лойка зусім справядліва адводзіць Максіму Танку, і робіць гэта на падставе скрупулёзнага вывучэння танкаўскіх перакладаў [11].

Спецыяльна заняўшыся тэмаю “Беларуска – руска – польскія літаратурныя сувязі” (у выніку чаго выйшла ўжо названая вышэй кніга [3]), А.А.Лойка літаральна па “Лістках календара”, па дзённіку Максіма Танка, па тамах танкаўскага Збору твораў прасачыў гісторыю любові Танка да польскай паэзіі ХХ стагоддзя.

А.Лойка разгледзеў фрагменты першых танкаўскіх перакладаў, пачынаючы з Віктара Гамуліцкага (1851- 1919); заўважыў, што ўжо з 1936 г. Танк перакладаў Адама Міцкевіча; цікавіўся К.Ілаковічам, перакладаў І.Галчынскага, С.Неймана, Т.Ружэвіча, Т.Кубяка, Е.Гарасімовіча. Урэшце Максімам Танкам аказаліся прадстаўленымі “Маладая Польшча” – Леапольд Стаф, скамандрыты – Юліян Тувім, Яраслаў Івашкевіч, Ян Лехань, Аляксандр Рымкевіч, з “Квадрыгі” – Владзімеж Слабоднік, з “Жагараў” – Ежы Путрамант, з аўтэнтыкаў – Юзаф Озга Міхальскі, з пасляваенных лідэраў – Віслава Шымборская, Гіцгер.” [11, с.136].

А.Лойка падкрэслівае: малады М.Танк-перакладчык арыентаваўся не так на аўтарытэты, як на тэмы і формы, якія адпавядалі б яго рэвалюцыйным сімпатыям, цікавасці да тэмы мастака і мастацтва. На думку А.Лойкі, для М.Танка зварот да польскай паэзіі не ў апошнюю чаргу стаўся пэўнай школай: “гэта своеасаблівая перакладчыцкая школа і анталагічна-класічных формаў і школа мадэрнісцкага верлібру” [11, с.137]. Шэдэўральнымі называе А.Лойка такія танкаўскія пераклады з Міцкевіча, як балада “Лілеі”, як з Крымскіх санетаў “Акерманскія стэпы” [11, с.138]. Даследчык заключае, што Танк ішоў за Купалам у перакладах (а не, напрыклад, за В.Дуніным-Марцінкевічам), ішоў “за неарамантычным увогуле ў яго сувязях з авангардызмам”; як важнейшыя для Танка вылучае тры кірункі перакладчыцкай зацікаўленасці: гэта авангарднае ў польскай паэзіі, гэта эстэтычнае ( у сэнсе – прыгожае), і гэта патрыятычнае, прычым менавіта тое, што звязана з беларускімі матывамі.

Звярнуў увагу А.Лойка-даследчык і на тое, што ў ІУ томе танкаўскіх перакладаў адсутнічае значная часціна танкаўскай працы – пераствораны паэтам плён Т.Буйніцкага, Б.Ясенскага, Э.Шыманскага…

І ўсё ж прадстаўленаю Максімам Танкам аказалася, па назіраннях А.Лойкі, “мініанталогія польскай паэзіі ад Адама Міцкевіча да Тадэвуша Гіцгера. Усяго ў ёй 43 аўтары, адным вершам з іх прадстаўлены 31 аўтар.” Такім чынам, танкаўская анталогія польскай паэзіі – гэта па большасці анталогія аднаго верша, і, па чутках, у намерах М.Танка было стварэнне анталогіі ста польскіх паэтаў (пра гэта гаварыў Ул.Калеснік). “Так ці інакш – традыцыя М.Танка перакладаць паэзію ва ўсіх яе якасцях і гарызонтах нас абавязвае”, – зазначыў А.Лойка [11, с.136], і, як бачым, успрыняў гэты абавязак як асабісты, успрыняў усур’ёз.

Як падрыхтоўчую, натхняючую дзейнасць А.А.Лойкі перад стварэннем кніг “Напярэймы…” вылучым і рупліва складзены Алегам Антонавічам артыкул “З Беларуссю спалучаны” [3, с.с. 154 – 212], у якім асэнсоўваюцца лёсы асоб, сапраўды блізкіх нам у тых ці іншых паваротках лёсаў, творчасці. А.Лойка прасочвае спалучанасць з Беларуссю Ч.Мілаша, Л.Падгорскага-Аколава [12], К.Вяжынскага, К.Крагельскай, Т.Міціньскага, С.Баліньскага, Ю.Чаховіча, М.Шпыркуўны, А.Юрэвіча, З.Даміняка; адзначае, што ўраджэнцамі беларускай зямлі былі І.Сікірыцкі, Я.Куравіцкі, В.Варашыльскі, Е.С.Сіта, Р.Капусцінскі, Я.Маркевіч, Б.Драздоўскі; Вільню ў сваім жыцці не абмінулі В.Станіслаўская, Т.Буйніцкі, Я.Гушча, Е.Янкоўскі, М.Алюхна-Емельянава, А.Лясота, К.Ілаковіч, Я.Тарнава-Чапліцкая, Ц.Карповіч, А.Юрань, Я.М.Рымкевіч, С.Варатынскі, а таксама Ю.Масьлінскі, Г.Загорская, Б.Адамовіч…

Гэтакая “перадгісторыя” ўмацавала грунт, на якім А.А.Лойка стварыў сваю польскамоўную анталогію. Уступны артыкул да яе, які называеца “Зорная паэзія ружы, штыка, слязы…” [6, с.с. 5 – 26], з’яўляецца асобнай канцэптуальнай працай па асэнсаванні гістарычных шляхоў польскай паэзіі, прычын і фактараў, што вызначылі яе непаўторнае эстэтычнае аблічча. Для беларускага чытача асабліва інфарматыўна гучаць аналогіі ў гісторыі польскай і беларускай літаратур, якія сталіся праблемай для асэнсавання савецкім літаратуразнаўствам у падцэнзурныя часы, напрыклад: “… гераічным быў і польскі жаўнер, што змагаўся пад Леніна ў Беларусі, і польскі жаўнер, што злёг пад Монтэ-Касына ў Італіі, як і легіянер Першай Брыгады Пілсудскага і камбатант Першага Варшаўскага Чырвонага Палка, як і той, хто дайшоў з Савецкай Арміяй да Берліна, і той, хто праз Персію, Ерусалім, Егіпет трапіў у Англію і адкрываў на Ла-Маншы другі фронт у Еўропе, як і паўстанец Варшавы 1944 года і пасляваенны ўбовец – ястрабок польскага пасляваеннага КДБ. Роўна гераічнымі, роўна трагічнымі сталі Ул.Сэбыла, што загінуў у Катыні, і Тэадор Буйніцкі, якога забілі ў Вільні польскія партызаны з Арміі Краёвай, – роўны ў сваёй самаахвярнасці на службе ў Радзімы, Польшчы: ідэалогія раз’ядноўвала, любоў да Бацькаўшчыны аб’ядноўвала, трагізм заставаўся трагізмам, адзіна горкім чалавеку, чалавецтву, Богу” (6, с.9). Такім чынам, тут і гісторыя, і паэзія Польшчы ўбачаны вачыма беларуса, для якога таксама ж актуальныя праблемы архаічнага падзелу паэтаў на “сваіх” і “несваіх” яшчэ і ў ХХІ стагоддзі, праблемы цэласнасці нацыянальнага літаратурнага працэсу і яго паўнакроўнасці, мастацкага багацця і разнастайнасці.


                                 Літаратура

  1. Лойка А.А. Дрэва жыцця: Кніга аднаго лёсу/ А.А.Лойка. – Слонім: ГАУПП “Слонім. друк.” , 2004. – 624 с.
  2. Тлостанова М.В. Постсоветская литература и эстетика транскультурации. Жить никогда, писать ниоткуда. – М.: Едиториал УРСС, 2004. – 416 с.
  3. Лойка А.А. Роўнакутны трохвугольнік, або Ад Палямона да Максіма Танка. Дапаможнік па спецкурсе “Беларуска – руска – польскія літаратурныя сувязі”. – Мн., 2003. – 214 с.
  4. Шылер Ф. Улада песняспеву (Пераклады А.Лойкі, даследчая частка – у сааўтарстве з Г.Аўэрсвальдам). – Мн.: БДУ, Енскі ун-т, 1997. – 168 с.
  5. Сузор’е. Gestirn /Пер. з нямецкай А.Лойкі; укладальнікі: Ганс Аўэрсвальд (Hans Auerswald), Алег Лойка (Aleg Lojka). – Мінск: ЛМФ “Нёман”, 2001. – 192 с.
  6. Напярэймы: ад Буга да Варты: Анталогія польскай паэзіі. У 2-х т. Т. 1. / Пер. з польскай А.Лойкі. – Мн.: “Энцыклапедыкс”, 2003. – 386 с.
  7. Напярэймы: ад Буга да Варты: Анталогія польскай паэзіі. У 2-х т. Т. 2. / Пер. з польскай А.Лойкі. – Мн.: “Энцыклапедыкс”, 2003. – 376 с.
  8. Чыквін Я. Лісце срэбнай таполі: з польскай лірыкі ХХ стагоддзя / Выбраў і пераклаў Ян Чыквін. – Беласток, 1999, 110 с. (Бібліятэчка Беларускага літ. аб’яднання “Белавежа”, кн. 28).
  9. Жулиньский Л. Польская поэзия последнего десятилетия ХХ века // Польско-российский литературный семинар. Варшава – Хлевиска, 13 -16 марта 2002 г./ Пер. на русск. яз. Веслава Ольбрых. – “GRANT”, Warszawa, 2002. – С. 79 – 88.
  10. Свягоцкі К. Цень над раўнінай / Казімеж Свягоцкі. Уклад. і аўт. прадм. Алег Лойка. – Слонім: Слонім. друк., 2002. – 96 с.
  11. Лойка А.А. Максім Танк – перакладчык польскай паэзіі / Лойка А.А. Роўнакутны трохвугольнік, або Ад Палямона да Максіма Танка. Дапаможнік па спецкурсе “Беларуска – руска – польскія літаратурныя сувязі”. – Мн., 2003. – С. 131 – 138.
  12. Імя Л.Падгорскага-Аколава згадваецца таксама ў артыкуле І.Багдановіч з перакладамі польскіх паэтаў першай паловы ХХ ст., найперш Зоф’і Тшашчкоўскай (Манькоўскай), або Адама М-скага; гл.: Багдановіч І. “Краёвыя” матывы ў польскай паэзіі першай паловы ХХ стагоддзя // Acta Albaruthenika. Тэксты беларускія. Вып. 4: Зб. Матэрыялаў навуковай канферэнцыі. – Мн.: УП “Тэхнапрынт”, 2003. – С. 245 – 260.

Надрукавана [у]: Сінькова Л.Д. Польска-беларускія літаратурныя ўзаемасувязі ў найноўшых даследаваннях А.А.Лойкі // Fenomen pogranicza: Феномен пагранічча: польская, украінская і беларуская літаратура – уплывы і ўзаемаўзбагачэнне = Феномен пограничча: польска, украіньска та білоруська література – взаемнепроникненне и взаемнозбогачення = polska, ukraińska i białoruska literaturа – wzajemne przenikanie i wzbogacanie: зборнік артыкулаў/ пад рэд. С.Кавалёва і І.Набытовіча. – Мінск: Кнігазбор, 2008. – С. 375 – 378;

Сінькова Л.Д. Польска-беларускія літаратурныя ўзаемасувязі ў найноўшых даследаваннях А.А.Лойкі 2003 – 2004 гадоў // Сінькова Л.Д. Паміж тэкстам і дыскурсам: Беларуская літаратура ХХ – ХХІ стст. : гісторыя, кампаратывістыка і крытыка (літаратурная крытыка, артыкулы, гутаркі) / Людміла Сінькова. – Мінск : Паркус плюс, 2013. – С. 31 – 37. (296 с.)