Людміла Сінькова

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт

 

            Жыццёвы і творчы шлях юнака-паэта, палымянага беларускага адраджэнца Уладзіміра Адамавіча Жылкі (27.05.1900 – 01.03.1933) захоўвае нямала таямніц.  Гэта звязана з найвыразнай спецыфікай у гісторыка-культурным развіцці Жылкавых родных мясцін – Навагрудчыны (вёскі Макашы і Падлессе), у меншай ступені Случчыны (в. Клецішча), а ў цэлым – таго заходнебеларускага рэгіёна, дзе разгортвалася грамадзянская чыннасць паэта. На гэтай зямлі асабліва востра ў часы Заходняй Беларусі выявілася наканаванная беларусам сітуацыя памежжа: плыткага, зменлівага, дынамічнага ва ўсіх сэнсах і на ўсіх узроўнях. Сітуацыя такога кшталту ў названыя часы заставалася неадменнай. Аднак важней было тое, якім чынам яна адрэфлексоўвалася: ці як маргінальная для чалавека, што цвёрда і пэўна стаяў на сваёй, беларускай зямлі, ці як нейкі экзістэнцыйны тупік, што мог ператварыць самавітага чалавека ў маргінала.

З хрэстаматыйнай біяграфіі У. Жылкі, чыя творчасць у тым ці іншым аб’ёме цяперашнім часам вывучаецца ва ўстановах адукацыі Рэспублікі Беларусь усіх узроўняў (ад школы да ВНУ), мы ведаем найперш асноўныя вехі. Напрыканцы 1990-х – у 2000-я гг. гэтая біяграфія пачала істотна ўдакладняцца.  Тады ж адкрыліся ў ёй і новыя факты, і некаторыя розначытанні. На адно з такіх звярнуў увагу выбітны сучасны беларусіст і арганізатар навуковых даследаванняў, паэт-творца і шаноўны прафесар Аляксандр Баршчэўскі. Ён фактычна паставіў пытанне: ці быў Уладзімір Жылка, мусячы з палітычных прычын пакідаць Радзіму, паэтам-эмігрантам; ці пасуе яму статус дзеяча беларускай эміграцыі? Менавіта Аляксандр Баршчэўскі сфармуляваў такую праблему ў афарыстычнай назве адной са сваіх даследчых прац: Уладзімер Жылка – эміграцыйны паэт і літаратуразнавец [1].

Каб аргументавана асвятліць пастаўленае пытанне, згадаем напачатку тыя самыя хрэстаматыйныя звесткі з Жылкавай біяграфіі. Вядома, што Першая сусветная вайна ў 1914 годзе выселіла бацькоў і трох малодшых братоў Уладзіміра Жылкі  з Макашоў і Клецішча ў Мінск. Чатырнаццацігадовага Уладзіка ў гэты час выправілі вучыцца, з парады шваграў, у Багародзіцкае агранамічнае вучылішча ажно ў Тульскую губерню, дзе падлетак захапіўся народніцтвам, рускай літаратурай і ўмацаваўся ў адданасці Радзіме-Беларусі. Вярнуўся ў Мінск Жылка восенню 1917 г. – у кватэру, што месцілася ў сутарэннях старога будынка духоўнай семінарыі ў цэнтры Мінска. Жылка апынуўся сапраўды ў самым цэнтры надзвычай драматычных, эпахальных падзей станаўлення беларускай дзяржаўнасці. Ён быў на знакамітым Усебеларускім кангрэсе 1917 года; у 1918-м ён, па поглядах эсэр-народнік, працаваў па сваёй спецыяльнасці, аграномам, разам з Міхасём Чаротам, апалагетам “босых на вогнішчы”, у нацыяналізаваным маёнтку Весялоўка пад Мінскам; у 1919-м у Беларускай хатцы, дзе часта бываў (як, дарэчы, і ў Беларускім доме) і ўсіх тамтэйшых завадатараў, інтэлігентаў, беларускіх лідараў  ведаў, асабіста пазнаёміўся з Янкам Купалам. Уладзімір Жылка быў сведкам нямецкай, польскай акупацыі Беларусі і паплечнікам тых беларусаў, хто гэтым акупацыям супрацьстаяў. У 1920-м ён пачаў друкаваць свае вершы, такія як Беларусь, Покліч. У гэты час ужо хворага юнака, які не раз мусіў з’язджаць з Мінска на вёску, да радні, сухоты апанавалі “амаль зусім безнадзейна”. Як згадваў брат Уладзіміра – Барыс, з лютага 1920 года паэт злёг і цяжка хварэў тры месяцы; “у маі ён вучыўся хадзіць” [2, с. 40].

Беларуская мастацкая літаратура ХХ стагоддзя не дужа шмат магчымасцяў мела асэнсоўваць той 1920 год ва ўсёй яго гістарычнай канкрэтыцы і значнасці, але такія спробы зроблены ў апавяданнях У 1920 годзе Максіма Гарэцкага, На чорных лядах Васіля Быкава, у аповесці Нічые Андрэя Федарэнкі, у рамане-дакуменце Пляц Волі Алеся Пашкевіча. Гэта творы аб часе аныпольскага і антыбальшавіцкага падполля, Слуцкага збройнага чыну, часе драматычных стасункаў паміж беларускімі асяродкамі Луцкевіча ў Варшаве, Ластоўскага ў Коўне, Кнорына і Чарвякова ў Мінску, Балаховіча ў Мазыры, Жэлігоўскага з Пілсудскім у Вільні (гэтыя асяродкі называе А.Федарэнка ў аповесці Нічые).

Жыццё і творчасць Уладзіміра Жылкі складаныя для прачытання даследчыкамі якраз з-за таго, што паэт быў непасрэдным, актыўным, выбітным удзельнікам гэтых падзей, якія – як гістарычныя – зусім па-рознаму ацэньваліся на працягу многіх гадоў аўтарамі з метраполіі і дыяспары. У савецкім літаратуразнаўстве Уладзімір Жылка быў трывала “прапісаны” як заходнебеларускі паэт рэвалюцыйна-рамантычнага кірунку. Гэта было зроблена найперш у працах вядомага рупліўца нашай навукі, прафесара Уладзіміра Калесніка. Дзякуючы гэтым выдатным працам [3], імя і творчасць Жылкі не зніклі з даследчыцкага поля, а некаторыя зразумелыя канцэптуальныя абмежаванні (падкрэсліванне савецкасці рэпрэсіраванага паэта або, напрыклад, затуманьванне сувязяў Жылкавай эстэтыкі з мадэрнізмам) з 1990-х гадоў паслядоўна ўдакладняюцца (паспеў зрабіць некаторыя “праўкі” і сам У. Калеснік (напрыклад, гл.: [4, с. 11, 14-15], – услед за Т. Грыбам У. Калеснік аргументавана вызначыў У. Жылку “неарамантыкам”, інш.). Аўтарам з замежжа, якія называлі Жылку чыннікам кіраўніцтва БНР і ўдзельнікам Слуцкага паўстання [4, с. 287], савецкае літаратуразнаўства не магло не пярэчыць: яно сцвярджала Жылку толькі рамантычным летуценнікам, які не зусім удала выкарыстоўваў “незалежніцкую” палітычную сімволіку, а яго кантакты з эсэрамі, лічылася, “насілі характар эмацыянальных сімпатый да левых, патрыятычна настроеных груповак і выражаліся ў маральнай падтрымцы ідэі народнага паўстання супраць белапалякаў” [2, с. 39-40].

Асвятленне Жылкавай змагарнай і творчай дзейнасці заняло значнае месца ў рамане Пляц Волі (2001) А. Пашкевіча. Гэты аўтар услед за Ант. Адамовічам і В. Жук-Грышкевічам, спасылаючыся на дакументы, пералік якіх даецца ў спецыяльным раздзеле рамана  Прыпісы [6, с. 412-414], малюе Жылку ваяром за незалежную Беларусь, удзельнікам падпольнай арганізацыі “Папараць-кветка” на Случчыне. Праўда, вядомы даследчык беларускай паэзіі 1920-х гг. В. Жыбуль дае больш стрыманую ацэнку палітычнай чыннасці самой арганізацыі “Папараць-кветка”, называючы яе “культурна-асветніцкім таварыствам”: “…існавала на Случчыне ў 1917 – 1922 гг. Ініцыятарамі стварэння арганізацыі былі навучэнцы Слуцкай
агульнай земскай (беларускай) гімназіі Сяргей Бусел і Янка Ракуцька.
“Папараць-кветка” складалася з трох секцый: краязнаўчай, літаратурнай
і драматычна-харавой. У статуце напісана, што таварыства ставіла за
мэту прапаганду беларускае мовы, культуры і мастацтва. Летам 1920 г. у складзе таварыства налічвалася больш за 300 чалавек” [7, с. 6]. У Беларускай жа Вікіпедыі (be.wikipedia.org/wiki/Уладзімір_Адамавіч_Жылка) можна прачытаць, што ў тыя часы Жылка асабліва зблізіўся з былым членам паўстанцкага ўрада на Случчыне У. Пракулевічам, групай І. Мікуліча, пасябраваў з лідарамі Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыіцыі (БРА) Л. Родзевічам, І. Канчэўскім, А. Канчэўскім, прымаў удзел у падрыхтоўцы легальных выданняў БРА, а таксама паўстання, якое рыхтавалася (без поспеху) на Віленшчыне, Гродзеншчыне і Беласточчыне ўрадам БНР з тэрыторыі Літвы ў пачатку 1920-х гг.

У 1921 г. Жылка жыве ў Вільні; ён па-грамадзянску актыўны, ён шмат піша ў розных жанрах і друкуецца. У 1922 г., калі Сярэдняя Літва разам з Вільняй далучаецца да Польшчы, Жылка, якога па-ранейшаму даймае хвароба  лёгкіх, з дапамогай сяброў трапляе ў літоўскі санаторый у Бірштанах на трохмесячнае лячэнне. Пасля знаходзім паэта ў Латвіі, у беларускім асяродку Дзвінска, у доме дырэктара тамтэйшай беларускай гімназіі Івана Краскоўскага. Жылка вучыцца ў апошнім класе гэтай гімназіі, не губляючы актыўных сувязей з цэнтрамі беларускага руху, беларускімі зямляцтвамі ў Прыбалтыцы. Затым, ізноў хворага, жыццёвыя шляхі вяртаюць яго ў любую Вільню, а неўзабаве, ужо ў 1923 г., Жылка едзе на вучобу ў Прагу.

Вось мы і падышлі (вярнуліся) да названага вышэй пытання, пастаўленага  публікацыямі А. Баршчэўскага. Ці лічыць пераезд Жылкі ў Прагу (а таксама яго вымушанае, звязанае з адраджэнцкай чыннасцю, жыццё ў Латвіі і Сярэдняй Літве) эміграцыяй?

Што тычыцца Прагі, то ў большасці публікацый пра У. Жылку бярэцца пад увагу найперш наступны факт: тагачасны чэшскі ўрад распрацаваў канцэпцыю дапамогі моладзі з Усходу. Беларусы, украінцы з Польшчы (Заходняй Беларусі), а таксама з Літвы і Латвіі маглі вучыцца ў Чэхіі, дзе з 1921 г., напрыклад, існавала беларускае студэнцкае зямляцтва. Прыехаўшы ў Прагу, Жылка далучыўся да яго і хутка зрабіўся адным са студэнцкіх лідараў, а яго паэзія ўзбагацілася выдатнымі творамі, сярод якіх – Меч і Бяссонне 1924 года, Наш лёс, бы кат з рукой забойнай…, Вершы аб Вільні і Вершы спадзявання, Я – грамнічная свечка перад Богам… і  Альбігоец 1925 года.

Традыцыйна так склалася, што большасць даследчыкаў не ўсведамляюць Уладзіміра Жылку паэтам-эмігрантам, паэтам дыяспары. Арнольд Макмілін, напрыклад, у кнізе Беларуская літаратура дыяспары, імя Жылкі згадвае толькі двойчы: гаворачы пра аўтарытэтнасць паэзіі Дубоўкі, Жылкі і Багдановіча для Алеся Салаўя, “які зноўку пачаў пісаць у Зальцбургу” [8, с. 57], і пра паэзію Наталлі Арсенневай, якая ў 1920-х гадах “перапісвалася і часам уступала ў паэтычны дыялог з некаторымі з найбуйнейшых беларускіх паэтаў” таго часу – Машарам, Жылкам, Танкам [7, с. 108]. Ян Чыквін і Лідзія Савік таксама не ўключаюць разгляд творчасці У. Жылкі ў свае кнігі (адпаведна – Далёкія і блізкія і Пакліканыя) пра беларускіх пісьменнікаў, найперш паэтаў, замежжа [9], [10].

Нярэдка даследчыкі, з розных нагод гаворачы пра такіх творцаў, як У. Жылка, не актуалізуюць само пытанне аб адрозных перыядах жыцця і творчасці ў лёсах аўтараў метраполіі і дыяспары. Так, напрыклад, Лявон Юрэвіч праз коску называе Купалу, Багдановіча, Коласа, Жылку, Арсенневу, Танка, Геніюш, Хадыку, Дудзіцкага, Сяднёва, Салаўя як тых беларускіх аўтараў, каго за межамі Беларусі, ажно ў Іспаніі, перакладаў на польскую мову Юзэф Лабадоўскі (друкаваў свае пераклады ў 1951 г. у пражскім часопісе “Kultura”). Юрэвіч проста цытуе рэдакцыйную часопісную ўрэзку да публікацыі перакладаў Лабадоўскага, ніяк не каментуючы статус названых беларускіх паэтаў [11, с. 67].

Аляксандр Баршчэўскі ж, у адрозненне ад іншых даследчыкаў, звяртае ўвагу на статус знаходжання Жылкі за межамі Беларусі – у Празе і вызначае яго як эмігранцкі. Сапраўды: добра вядома,  што якраз у 1923-1925 гг. ішлі судовыя працэсы над беларусамі ў Беластоку, у БССР (так званы Лістападаўскі – над Юркам Лістападам); у Латвіі арыштоўваліся і высылаліся Езавітаў, Краскоўскі, Мядзёлка, іншыя. Што чакала б Жылку, калі б ён не выехаў у Прагу?

Адзначым, што сама тэма беларускай эміграцыі трывала ўвайшла ў кола творчых зацікаўленняў прафесара  Аляксандра Баршчэўскага – увайшла як  вельмі актуальная, значная, убачаная ў канкрэтным гісторыка-культурным кантэксце. Яна дала А. Баршчэўскаму-навукоўцу магчымасць звярнуць увагу чытача (як прафесійнага, так і менш абазнанага ў таямніцах беларускай гісторыі і культуры) на вельмі значныя постаці айчыннай літаратуры, па-новаму акцэнтаваць тую звыклую інфармацыю, што ўспрымаецца амаль аўтаматычна, па інерцыі.

Гэта важна яшчэ і ў тым плане, што тэма беларускай эміграцыі сцвярджалася ў беларускім паслясавецкім літаратуразнаўстве з даволі драматычнымі перыпетыямі. Яна то смела гучала нават у школьных падручніках, то раптам рэзка выкасоўвалася з іх, а то, урэшце, увайшла ў акадэмічны том “Гісторыі беларускай літаратуры ХХ стагоддзя” (у 4-х тамах, том 4, кніга 2, выдадзены ў Мінску выдавецтвам “Беларуская навука” ў 2003 г.). Таму працы прафесара Аляксандра Баршчэўскага, прысвечаныя гэтай тэме,  прыцягваюць вялікую ўвагу і з’яўляюцца вельмі значнымі. Гэта, напрыклад, наступныя публікацыі: Баршчэўскі А., Расейская савецкая рэчаіснасьць ва ўспамінах айца Язэпа Германовіча “Кітай, Сібір, Масква”, [у:]  Роля беларускай дыяспары ў захаваньні і разьвіцьці беларускай культуры, Лёндан 2001, с. 100 – 113; Barszczewski A., “Патрыёт” – адзін з першых беларускіх эміграцыйных часопісаў у Вялікабрытаніі, [у:]  “Acta Albarutenica”, Вып. 6, Warszawa 2007, с. 18 – 32; Barszczewski A., Беларускі навуковы рух на эміграцыі ў ацэнцы Вітаўта Тумаша, [у:] “Acta Albarutenica”, Вып. 7, Warszawa 2007, с. 8 – 15; Баршчэўскі А., Уладзімер Жылка – эміграцыйны паэт і літаратуразнавец, [у:] “Acta Albarutenica. Тэксты беларускія”, Вып. 4, Мінск 2003, с. 47-71; Баршчэўскі А. Уладзімер Жылка – паэт-выгнаннік, [у:] Баршчэўскі А., Беларуская эміграцыйная пісьмовасьць. Ч. 1, Варшава 2004, с. 107-131; Barszczewski A., Losy kultury i literatury narodowej w sporze toczonym przez białoruskiego krytyka emigracyjnego U.Hlybinnego z białoruskim literaturoznawstwem radzieckim, [w:] Dialog w literaturach i językach słowiańskich, t. 1, Opole 2003, s. 185 – 191; Баршчэўскі А., Разгром беларускага нацыянальнага адраджэньня ў інтэрпрэтацыі эміграцыйнага дасьледчыка Ўладзімера Глыбіннага, [у:] “Acta Albarutenica”, t. 9, Warszawa 2009, с. 8 – 15; Баршчэўскі А., Лёсы беларусізацыі ў асьвятленні эміграцыйнага дасьледчыка Ўладзімера Глыбіннага, [у:] “Acta Albarutenica”, t. 11, Warszawa 2011, с. 8 – 15; Баршчэўскі А., Эміграцыйны дасьледчык Уладзімер Глыбінны як выкрывальнік сталінскіх злачынстваў, [у:] “Acta Albarutenica”, t. 12, Warszawa 2012, с. 11 – 15; Баршчэўскі А., Эміграцыя беларусаў у Амерыку ў асвятленні “Нашай нівы” (1907 – 1914), [у:] “Acta Albarutenica”, t. 13, Warszawa 2013, с. 15 – 39. Тэма беларуса ў Амерыцы, погляд на Амерыку беларускімі вачыма прадстаўлены таксама ў асобным томе твораў  Аляксандра Баршчэўскага з аўтарытэтнай беларускай кніжнай серыі: Барскі, А. Выбраныя творы / Алесь Барскі; уклад. А.Клышкі, прадм. М. Тычыны, камент. У. Казберука. – Мінск: Кнігазбор, 2011.  –  416 с.

У публікацыях, прысвечаных У. Жылку, Аляксандр Баршчэўскі лічыць Жылку “паэтам-выгнаннікам” безумоўна, дзеячам эміграцыі відавочным – настолькі, што спецыяльна статус Жылкі ў замежжы не абмяркоўвае. А. Баршчэўскі прэзентуе сам характар і пафас творчай дзейнасці У. Жылкі ў розных галінах, і гэтыя характар і пафас у дадзеным кантэксце закліканы  сведчыць самі за сябе.  Так, А. Баршчэўскі ў публікацыях, прысвечаных У. Жылку [1], [13], дае кароткі нарыс біяграфіі паэта са зваротам да выбраных вершаў 1923-1925 гг. і верша 1926 г. На эміграцыі, а таксама больш падрабязна разглядае дзённікавыя запісы У. Жылкі. Прафесійную літаратуразнаўчую ўвагу А. Баршчэўскага прыцягнула творчасць Уладзіміра Жылкі менавіта Пражскага перыяду (1923-1926 гг.), крытычныя выступленні паэта ў выданнях маладых беларусаў – найперш навучэнцаў славутага Карлава ўніверсітэта. Гэта былі часопісы “Прамень”, “Студэнцкая думка”, “Перавясла”, “Іскры Скарыны”. Тут друкаваліся – як публіцысты і літаратурныя крытыкі – Ігнат Дварчанін, Тамаш Грыб (пад сваім прозвішчам і пад псеўданімам Т. Глеба), Васіль Захарка, а таксама беларускія студэнты Прагі, якія ў 1925 г. аб’ядналіся ў “Беларускае (Крывіцкае) культурнае таварыства Францыска Скарыны”. (У вышэйназваных выданнях рэцэнзаваліся такія выдатныя з’явы беларускай літаратуры, як, напрыклад, зборнікі 1922 г. Янкі Купалы Спадчына і Якуба Коласа Водгулле, выказваўся энтузіязм з нагоды беларусізацыі ў Савецкай Беларусі, вырашаліся канкрэтныя задачы прапаганды беларускай культуры, літаратуры, гісторыі.)

З пражскіх публікацый Уладзіміра Жылкі А. Баршчэўскі падрабязна аналізуе рэцэнзію на зборнік Л. Родзевіча Беларусь, артыкулы У справе ацэнкі Беларускага Адраджэння і  Да 400-х угодкаў друку на Беларусі (былі апублікаваны ў часопісе “Перавясла”, №1, пад крыптонімам Ул. Ж., у 1923 г.). А. Баршчэўскі адзначае асаблівую зацікаўленасць У. Жылкі гістарычнай постаццю Скарыны, выказвае цалкам абгрунтаванае меркаванне, што такая зацікаўленасць магла падмацоўвацца блізкасцю У. Жылкі да Ігната Дварчаніна, які адначасова з Жылкам вучыўся ў Карлавым універсітэце ды пісаў сваю знакамітую дысертацыю, прысвечаную жыццю і творчасці Скарыны.

“У гэткіх абставінах, – піша А. Баршчэўскі, – Ігнат Дварчанін стаўся, несумненна, аўтарытэтнай крыніцай ведаў дя маладога дапытлівага У. Жылкі ды напэўна інфармаваў яго аб многіх эпізодах з жыцця і дзейнасці Скарыны, а таксама аб значэньні гэтай вялікай постаці для развіцьця беларускай нацыянальнай тоеснасьці й беларускай культуры” [1, с. 144].

Аналізуючы іншыя публікацыі У. Жылкі 20-х гг. ХХ ст. (З жыцця і пісьменства, 1921; Антон Лявіцкі, 1922; Народная адукацыя на Беларусі, 1924), даследчык вылучае змястоўнасць і арыгінальнасць апошняй. Ён цытуе звесткі У. Жылкі пра знаходжанне, колькасць (каля 100 чалавек) і формы супольнай дзейнасці беларускіх студэнтаў у тагачаснай Вільні, у Варшаве. Прафесар А.Баршчэўскі падкрэслівае: Жылка перакананы, што неспрыяльнае стаўленне тагачасных польскіх улад да беларускай патрыятычнай дзейнасці “выштурхнула” шмат моладзі ў Чэхію і Савецкую Беларусь.

У 1926 г. у Савецкую Беларусь пераехаў і сам У. Жылка. Перапіска паэта з ягонага “пражскага архіву”, захаванага Л. Краскоўскай, пераканаўча сведчыць пра адсутнасць ілюзій, пра ваганні паэта наконт перспектыў для сваёй творчасці ў межах беларускай савецкай літаратуры.

У. Жылка вярнуўся лідарам Пражскай філіі “Маладняка”, а затым удзельнікам “Узвышша”. Але самыя важкія матывы для вяртання на радзіму названыя ў Жылкавых лістах да Антона Луцкевіча:

“Чым далей, тым цяжэй падупадае маё здароўе. …хацеў бы «пад крыжам бацькоўскім сканаць», – прыемней, калі блізкі зачыніць вочы, прыемней гнаіць родную зямлю, і любоў да яе, здаецца, дае ці можа даць права на гэта”; “У лепшае і святлейшае ў адносінах да сябе не маю найменшай прычыны верыць: жыццё вельмі доўга і без жалю і не заставіла места аптымізму” [13, сс. 268, 276].

Як вядома, паэту не дадзена было ні памерці на роднай зямлі, ні быць пахаваным у ёй: Жылкава магіла засталася на Уржумскіх могілках, у месцы яго высылкі; апошнюю паэму Тэстамант збярог В. Кіпель, сям’я Кіпеляў.

Трэба сказаць, што жыццё і творчасць У.Жылкі  ў розныя часы вывучаліся даволі інтэнсіўна – найчасцей, аднак, па-за кантэкстам увагі да  магчымага эмігранцкага статусу паэта-змагара.

Так, у 1920-я гг. самым бязлітасным крытыкам паэзіі Жылкі (зборніка З палёў Заходняй Беларусі, 1927 г., які ўхвалялі ў савецкім друку – ва “Узвышшы” і “Звяздзе” – Юры Бярозка і Мікола Байкоў) зрабіўся Тодар Глыбоцкі (Алесь Дудар), які ў сваёй рэцэнзіі (у “Полымі” за той жа “рэцэнзійны” 1928 г.), па словах Міхася Скоблы, “добра-ткі патаптаўся пралетарскімі ботамі па далікатнай паэзіі Жылкі, ніцавока аглядваючыся на бакі” [15, с. 14]. Часопіс “Маладняк” (у № 5 за 1928 г.) таксама вынес прысуд: “З творчага боку ў Ул. Жылкі не наглядаецца набліжэння да пралетарскай літаратуры”.

Аднак з самага пачатку свайго творчага шляху Жылка-паэт усведамляўся як вельмі значная постаць, а творы прыцягвалі даследчыкаў сваёй мастацкай фенаменальнасцю. Заўсёды ўважліва “прачытваў” паэзію Жылкі Антон Навіна (Луцкевіч), які адным з першых ухваліў, напрыклад, Вершы аб Вільні, асабліва смелыя з-за паэтычнага месіянства на мусульманскі ўзор [16]. Падрабязна пракаментаваў увесь творчы шлях У. Жылкі Антон Адамовіч у мемарыяльным выданні Уладзімер Жылка. Творы [17], нібы падвёўшы рысу пад сваёй шматгадовай зацікаўленасцю плёнам паэта – яшчэ з тых часоў, калі Адамовіч абвяшчаў Дубоўку і Жылку пачынальнікамі новай літаратурнай плыні, заснаванай на vitaізме (Адам Бабарэка карыстаўся тэрмінам “ажыўленства”).

Шмат пісалі сучаснікі, сябры Жылкі па заходнебеларускаму жыццю і па “Узвышшы”, пра патрыятызм і грамадзянскі пафас паэта [2]; грунтоўна асвятлялася таксама стаўленне да Жылкі Л. Родзевіча, М. Краўцова, І. Канчэўскага, Ант. Луцкевіча, М. Гарэцкага, Я.Купалы, У. Дубоўкі, А. Бабарэкі, інш. [18]. Нямала сказана і пра ідэю Хараства, спалучанага з тугою, са смерцю ў Жылкавай творчасці; пра урбанізм, багемныя, “карчомныя” матывы. Пра “блюзнерства” паэта супраць Бога падрабязна разважаў Ант. Адамовіч [17]. Ю.Бярозка асабліва ўважліва прасачыў у творчасці Жылкі багдановічаўскую традыцыю прыўлашчвання класічных вершаваных форм; пазней да гэтай тэмы спецыяльна звярталіся А. Сенькавец [19], В. Рагойша [20]. Евангельскія сюжэты, Купала і Блок, Багдановіч і Шэлі, рускія “новасялянскія” паэты і авангардысты Волькер, Ясенскі адмыслова, у розныя часы і на розных узроўнях, стасаваліся даследчыкамі з мастацкім светам Уладзіміра Жылкі. Арыгінальная эстэтыка Жылкі, мадыфікаваная ўплывамі еўрапейскага мадэрнізму, разгледжана ў артыкулах А. Лойкі, Е. Лявонавай, А. Вострыкавай, М. Труса, М. Хмяльніцкага, А. Вераб’я, А. Сузько, І. Хазеевай, І. Кухаравай [усе – 21], К. Маціеўскай [22], І. Багдановіч [23], І. Навуменкі [24] і іншых. Безумоўна, з’яўленню сучасных прац, прысвечаных жыццю і творчасці У. Жылкі, моцна паспрыяла выданне  “Выбраных твораў” паэта ў 1998 г., укладзенае і пракаментаванае М.Скоблам [14].

Да 110-годдзя паэта, у 2009 – 2010 гг. Мікола Трус у часопісе “Роднае слова” змясціў серыю з 11 гісторыка-літаратурных артыкулаў, прысвечаных У. Жылку і сям’і Краскоўскіх. Сам характар гэтых матэрыялаў найбольш выразна вяртае нас да роздумаў пра статус Жылкі ў замежжы.

З Краскоўскімі паэт быў цесна звязаны, асабліва падчас жыцця ў Латвіі, вучобы ў Дзвінскай беларускай гімназіі. Яе, як ужо гаварылася вышэй, узначальваў Іван Ігнатавіч Краскоўскі (1880 – 1955, арыштоўваўся ў 1930 і 1937), бацька Людмілы (да якой  Жылка ў лістах звяртаўся “Любая дзяўчатка!”, “Даражэнькая Люда!”); а таксама пазней, у час, калі Жылка вярнуўся з Прагі ў савецкі Мінск. М. Трус упершыню апублікаваў новыя матэрыялы: захаваныя Л.І. Краскоўскай 4 лісты Жылкі да яе, дасланыя з Мінска ў Прагу ў 1927 – 1928 гг., а таксама фотаздымкі з арыгінальнымі надпісамі, якія датуюцца тымі ж гадамі. Даследчык падкрэсліў, што знойдзеныя фрагменты – частка архіва мінскага перыяду жыцця Жылкі; гэты архіў У.Калеснік лічыў цалкам страчаным [25, с. 23]. М. Трус таксама выявіў і апублікаваў лісты Міхася Кабераца (1902 – 1931) да Людмілы Краскоўскай.  Па сабраных звестках М. Трус зрабіў кароткі агляд публікацый пра рэпрэсаваную сям’ю Краскоўскіх: са спасылкамі на  артыкулы “акадэміка Мікулаша Мушынкі і Катарыны Томчыкавай у Славакіі, Вольгі Зубко на Украіне, беларускіх даследчыкаў Сяргея Панізніка, Віталя Маслоўскага”, інш. [26, с. 76 – 77]; Краскоўскім прысвечаны  і  публікацыі самога М.Труса ў славацкіх і беларускіх выданнях  [26].

З пазіцый новага часу М. Трус асвятліў супрацоўніцтва У. Калесніка з Л. Краскоўскай (1904, Вільня – 1999, Браціслава), прысвяціўшы гэтай тэме 3 артыкулы з 11 [27]. Па аналогіі з паняццем “Пражскі эпісталярый”, уведзеным ва ўжытак У. Калеснікам, М. Трус даследуе “Браціслаўскі эпісталярый” –  перапіску вядомага ў свеце вучонага-гісторыка і археолага Л. Краскоўскай з У. Калеснікам (1960-х, 70-х і пачатку 90-х гг.), якая захоўвалася ў асабістым архіве Л. Краскоўскай у Браціславе. Сюды ж далучаецца таксама  перапіска Людмілы Іванаўны з братам паэта Барысам і дачкой Наталляй (Беатай, у замужжы Лазаравай), з паэтам Сяргеем Панізнікам, інш. [28, с. 9 -13], [29, с. 19]. У матэрыялах, апублікаваных М. Трусам, прыцягвае ўвагу інфармацыя  пра тое, як шмат саступак савецкай цэнзуры прыходзілася рабіць беларускім вучоным у 1960-70-я гг., каб усё ж замацаваць годныя імёны ў гісторыі нашай літаратуры, і толькі ў гады 1980-90-я з’явілася магчымасць больш адэкватнага выказвання. Сам У. Калеснік пісаў пра гэта:

“…маёй мэтай застаецца праўдзівы паказ усяго слушнага і хібнага, што тварылася ў беларускім адраджэнцкім руху і вакол яго. Хочацца заадно ачысціць тэкст ад баласту, якім даводзілася нагружаць кнігу для супакаення асцярожных рэдактараў і ўсыплення пільных ды чуйных цэнзараў. Цэнзура і рэдактура знялі пры першым выданні кнігі старонак 70 машынапісу. Цяпер мне можна было б толькі вярнуць “выразанае”, але ж карціць пашукаць у раней недаступных архівах фактаў, якія могуць дазволіць пайсці далей у вырашэнні канцэптуальных праблемаў: як магло дайсці да рэпрэсавання інтэлектуальнай эліты беларускага Адраджэння ў БССР, чаму першымі ахвярамі сталі Уладзімір Жылка і яго сябры, паэты «Узвышша»” [30, с. 84].

Думаецца, што пытанне пра эмігранцкі статус У. Жылкі пад час яго жыцця і дзейнасці за межамі падзеленай у 1921 г. Беларусі, узнятае А. Баршчэўскім,  таксама ўваходзіць у кола тых нявырашаных праблем, пра якія згадваў У. Калеснік.

Такім чынам, пазіцыя прафесара Аляксандра Баршчэўскага ў трактоўках біяграфіі Уладзіміра Жылкі як творцы-выгнанніка і грамадскага дзеяча беларускай эміграцыі заслугоўвае спецыяльнай увагі літаратуразнаўцаў. Гэтая пазіцыя  вельмі слушна актуалізуе, ставіць у новы кантэкст менш вядомыя факты з гісторыі нашай літаратуры – тыя, якія яшчэ не паспелі зрабіцца хрэстаматыйнымі ці ўвогуле былі ўведзены ва ўжытак адносна нядаўна.

 

Літаратура:

  1. Баршчэўскі А., Уладзімер Жылка – эміграцыйны паэт і літаратуразнавец, “Acta Albarutenica. Тэксты беларускія”, Вып. 4, Мінск 2003, с. 47-71.
  2. Калеснік У., Ветразі Адысея. Уладзімір Жылка і рамантычная традыцыя ў беларускай паэзіі, Мінск 1977, 328 с.
  3. Калеснік У., Пяснярскі лёс, [у:] Жылка У., Пожні. Вершы, пераклады, крытычныя артыкулы, [уклад., прадм. У. Калесніка], Мінск 1986; Калеснік У., Ветразі Адысея. Уладзімір Жылка і рамантычная традыцыя ў беларускай паэзіі…; Калеснік У., Краса і воля. Паводле перапіскі У. Жылкі і А. Луцкевіча, “Літаратура і мастацтва” 1991, 31 мая.
  4. Гл.: Калеснік У.А., Лёсу наперакор, [у:] Беларуская літаратура. У святле новых фактаў і назіранняў. Вучэб. дапам. Вып. 1, Брэст 1996; Калеснік У., Пражскі эпісталярый, [у:] Калеснік У., Усё чалавечае: Літаратурныя партрэты, артыкулы, нарысы, Мінск 1993, с. 244 – 357.
  5. Жук-Грышкевіч В., Уладзімер Жылка, [у:] Жылка Ул., Выбраныя творы, с. 287-289.
  6. Пашкевіч А. Пляц волі. Раман-дакумент, Мінск 2001, 416 с.
  7. Жыбуль, В. “Маланкі красаліся з воч…”: Жыццё і творчасць Апанаса Атавы, “Роднае слова” 2013, № 5, с. 6 – 8.
  8. Макмілін А., Беларуская літаратура дыяспары. Манаграфія, пер. з англ. В. Бурлак і В. Жыбуля. Мінск 2004, 440 с.
  9. Чыквін Я., Далёкія і блізкія. Беларускія пісьменнікі замежжа, Беласток 1997, 201 с.
  10. Савік Л.С., Пакліканыя. Літ. бел. замежжа, Л. – Мінск 2001, 479 с.
  11. Юрэвіч Л., Пераклады эміграцыі: ідэалёгія культуры, [у:] Роля беларускай дыяспары ў захаваньні і разьвіцьці беларускай культуры: Зб. Матэрыялаў навуковай канферэнцыі, Лондан 2001, с. 67-78.
  12. Баршчэўскі А., Беларуская эміграцыйная пісьмовасьць. Ч. 1, Варшава 2004.
  13. Баршчэўскі А. Уладзімер Жылка – паэт-выгнаннік, [у:] Баршчэўскі А., Беларуская эміграцыйная пісьмовасьць. Ч. 1, Варшава 2004, с. 107-131.
  14. Жылка Ул., Выбраныя творы, уклад., прадм. і камент. М. Скоблы, Мінск 1998, 358 с.
  15. Скобла М., Шукальнік хараства, [у:] Жылка Ул., Выбраныя творы, с. 5-20.
  16. Навіна А., Адбітае жыцьцё. Кніжка І, Вільня 1929 г.
  17. Жылка Ул., Творы. Да 20-х угодкаў сьмерці, пад рэдакцыяй і з каментарамі Ант. Адамовіча, Ню-Ёрк 1955.
  18. Краскоўская Л.І., З успамінаў пра паэта, “Літаратура і мастацтва” 1990, 15 чэрв., с. 6; Краскоўская Л., З успамінак пра Уладзімера Жылку, [у:] Жылка л., Выбраныя творы, с. 285-287.
  19. Сенькавец У.А., Беларускі санет 20-30-х гадоў, [у:] Беларуская літаратура. У святле новых фактаў,с 223.
  20. Рагойша В., Уладзімір Жылка – санетапісец, [у:] Да 100-годдзя Уладзіміра Дубоўкі, Уладзіміра Жылкі, Кузьмы Чорнага. Зб. навук. артыкулаў, пад агульн. рэд. Л.Дз. Сіньковай, Мінск 2001, с. 188-192.
  21. Да 100-годдзя Уладзіміра Дубоўкі, Уладзіміра Жылкі, Кузьмы Чорнага, 351 с.
  22. Беларускае літаратуразнаўства, 2004, №2, с. 121-125.
  23. Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя. У 4 т. Т. 2, Нац. акад. навук Беларусі. Ін-т літаратуры імя Я. Купалы, 2-е выд., Мінск 2002, с. 8-46; 673-689.
  24. Трус М., “…Мы верылі адно аднаму: невядомыя лісты Уладзіміра Жылкі, “Роднае слова” 2009, № 6, с. 23 – 27.
  25. Трус М., Беларуская прысутнасць у міжваеннай Чэхаславакіі: у дадатак да Пражскага эпісталярыю, “Роднае слова” 2009, № 2, с. 75 -77.
  26. Трус М., Людміла Краскоўская: жыццё і дзейнасць на беларуска-ўкраінска-славацкім культурным памежжы, [у:] Slovenskobieloruské jazykové, literárne a kultúrne vzťahy: Zborník príspevkov z medzinárodného vedeckého seminára, 20.-21 Septembra 2000 // Acta facultatis philosophicae universitatis prešoviensis: Literárnovedný zborník 15, Prešov 2003; Трус М., Творчасць Уладзіміра Жылкі пражскага перыяду (1923 – 1926), [у:] Slovanský romantizmus v európskych súvislostiach: zbornik príspevkov z medzinárodnej vedeckej konferencie, konanej v Banskej Bystrici Novembra 2005, Banská Bystrica 2006, s. 152 – 158; Трус М. Беларуская прысутнасць у міжваеннай Чэхаславакіі праз прызму аднаго лёсу (да 100-годдзя з дня нараджэння Людмілы Краскоўскай), [у:] Дыяспара. Культуралогія. Гісторыя: матэрыялы IV Міжнароднага кангрэса беларусістаў «Беларуская культура ў кантэксце культур еўрапейскіх краін» (Мінск, 6-9.06.2005 г.): Беларусіка=Albaruthenika; кн. 28 / пад рэд. А.Мальдзіса, А.Смаленчука, Мінск 2006, с. 63 – 67; Трус М., Падзвіжніцкія шляхі роду Краскоўскіх: разгорнуты каментарый да Пражскага эпісталярыю, “Роднае слова” 2009, № 3, с. 24 – 29; Трус М., Невядомыя лісты Пражскага эпісталярыю: Карэспандэнцыя Міхася Каберца 1929 – 1930 гг., “Роднае слова” 2009, № 12, с. 25 – 29; таксама: Трус М., Уладзімір Жылка і Іржы Волькер: рэтраспектыва беларуска-чэшскіх культурных узаемадачыненняў, “Полымя” 2015, № 5, с. 140 – 145.
  27. Трус М., Перапіска Уладзіміра Калесніка і Людмілы Краскоўскай 1960-х гг., “Роднае слова” 2009, № 9, с. 11 – 13; Трус М., “Ваша інфармацыя для мяне надзвычай каштоўная”: Перапіска Уладзіміра Калесніка і Людмілы Краскоўскай 1970-х гг., “Роднае слова” 2009, № 10, с. 22 – 27; Трус М., “Каб не разбурыўся беларускі Пантэон”: Лісты Уладзіміра Калесніка да Людмілы Краскоўскай 1990-х гг., “Роднае слова” 2009, № 11, с.15– 18.
  28. Трус М., Слядамі “Ветразяў Адысея”: Старонкі даследчыцкага пошуку Уладзіміра Калесніка, “Роднае слова” 2009, № 9, с. 9 – 11.
  29. Трус М., Берагіня гістарычнай памяці: старонкі жыцця Людмілы Краскоўскай, “Роднае слова” 2009, № 4, с. 18 – 21.
  30. Калеснік У., Контрбеларусізацыя, “Спадчына” 1992, № 4, с. 84 – 98.

Матэрыялы артыкула друкаваліся [у:] Sinkowa Ludmila. Жыццё і творчасць Уладзіміра Жылкі ў асэнсаванні даследчыкаў беларускай літаратуры // Acta Albaruthenica-6, Warszawa, 2007.

 

Aliaksandr Barshcheuski’s position about interpretation of Uladzіmіr Zhylka’s biography and works

Professor Aliaksandr Barshcheuski’s position about interpretation of Uladzіmіr Zhylka’s biography sounds differently in comparison with the traditional views of that figure and his legacy. A. Barshcheuski states in his articles that U. Zhylka was the poet and social activist of the Belarusian emigration. This point of view wasn’t formulated by other researchers of Zhylka and Belarusian emigration literature (Ant. Adamovich, U. Kalesnik, L. Savik, E. Liavonava, A. Makmilin, Ya. Chykvin, M. Trus and other). New position of A. Barshcheuski deserves special attention of literary critics and dra ws attention to the lesser-known facts from the Zhylka’s biography.

W porównywaniu do tradycyjnych ujęć biografii i spuścizny literackiej poety Uładzimira Żyłki stanowisko profesora Alaksandra Barszczewskiego w tej kwestii reprezentuje nowatorskie podejście do tematu. Aleksandr Barszczewski w swoich artykułach twierdzi, że U.Żyłka to emigracyjny poeta i działacz społeczny białoruskiej emigracji. Takie stanowisko nie było sformułowane przez innych badaczy twórczości Żyłki i białoruskiej literatury emigracyjnej, takich jak A. Adamowicz, U. Kaleśnik, L. Sawik, E. Lawonawa, A. McMillin, J. Czykwin, M. Trus i inni. Profesor A. Barszczewski zwraca uwagę na mniej znane fakty z biografii U. Żyłki. Takie stanowisko zasługuje na szczególną uwagę literaturoznawców.

Keywords: Belarusian literature, poets biography, emigration, discussion.

Kluczowe słowa: literatura białoruska, biografia poety, emigracja, dyskusja.

Ключевые слова: белорусская литература,  биография поэта, эмиграция, дискуссия.