Нарацыю ў гэтых тэзісах будзем разумець як адлюстраванне пісьменнікам сувязі дзвюх падзей: а) той (тых), пра якую (якія) расказана ў творы; в) падзеі самога расказвання [гл.:1, c.с. 300, 301].

Да 1973 года (калі з’явілася «Смаленне вепрука») і аўтары, і чытачы беларускай літаратуры не былі прызвычаенымі да адной рэчы: да таго, што свядомасць творцы, які піша тэкст, можа радыкальна, дэманстратыўна разгаліноўвацца настолькі, каб мы паслядоўна сачылі і за мастацкім сюжэтам, і за самім расказваннем, пісаннем як асобным дзействам. Да М.Стральцова аўтар (не фізічная асоба, а суб’ект тэксту) ніколі так не кружляў у сваім сюжэце, нібыта зусім выразна адасабляючыся ад уласных персанажаў, і тут жа на нейкія імгненні, хвіліны ці часіны амаль цалкам зліваючыся з імі як творца-дэміург, каб ізноў адвярнуцца ды зрабіцца роўным толькі сабе, апавядальніку. Наадварот, для беларускай прозы была звыклаю такая апавядальная структура, у якой голас аўтара паслядоўна дасягаў амаль універсальнасці ў майстэрстве пранікнення ў любы фрагмент тэксту, вёў чытача ад героя да героя, ад падзеі да падзеі, ад выявы да выявы. Ад якой асобы ні вялося б апавяданне, колькі б ні было там рэтраспекцый ці праспекцый, як бы шматзначна, інтанацыйна-багата ні гучаў голас аўтара – ці то ў апісаннях, маналогах, дыялогах, ці то ў няўласна-простай мове (хоць сабе і ў плынях свядомасці або ў прозе са сказавымі фігурамі), у традыцыйных тэкстах усе элементы арганізоўваліся ў пэўнае стылёвае адзінства, прычым роля ды месца ў ім аўтара, персанажаў былі чытачу звыкла-зразумелымі.

Наватарства Стральцова было ў тым, што ён упершыню нібыта разбурыў цэласнасць апавядальнай структуры (цэласнасць наратыва як «апавядальніцтва пра нейкія падзеі» [1, с. 300]). Нібыта – таму што насамрэч рэзкія разрывы ў сваім тэксце ён звязаў адмысловымі матывамі ды лейтматывамі (тут матыў, лейтматыў – гэта не толькі «аднакротны мікрасюжэт, асновай якога з’яўляецца дзеянне», як пісаў Е.Меляцінскі, але яшчэ і ўсякая тэкставая адзінка, здатная для паўтарэння [ гл.: 2, с. 8]).

У «Смаленні вепрука» як матывы і лейтматывы можна вылучыць прадметныя апісанні прыроды і пазначэнне пахаў, гукаў, настрояў, пачуццяў – на розных узроўнях: словазлучэнняў і цэлых сказаў, фразавых адзінстваў. Яны ўвесь час задаюць і трымаюць экзістэнцыйны тон апавядання, адчуванне драматызму і тугі, якія Стральцоў акцэнтуе ў быцці чалавека. І, вядома ж, яны рытмічна, фармальна арганізуюць тэкст, робячы натуральнымі для чытача «кружлянні» апавядальніка вакол аб’ектаў адлюстравання. Дыяпазон матыўных паўтораў М.Стральцова – ад сказаў (літаральна) да дэталяў, якія аказваюцца сінанімічнымі толькі пры ўважлівым да іх стаўленні.

Пачнём з фраз, напрыклад: «Ідуць ужо халады, бяруцца прымаразкі – ападаюць інеем сырыя туманы» [3, с.173] / «вось так было тою парою, калі ідуць халады, калі бяруцца ўранку прымаразкі – ападаюць інеем сырыя туманы» [3, с.175] / «Вось і ўсё. Ізноў ідуць халады, бяруцца прымаразкі – ападаюць долу інеем сырыя туманы» [3, с.181]; «Такою парою ў вёсках свяжуюць вепрукоў» [3, с.174] / «Тою парою, калі ў вёсках свяжуюць вепрукоў» [3, с.175]; «І вечарамі, і ўранку марозліва, хмельна, бы першаком, пахне ў наваколлі дымам» [3, с.174] / «І вечарамі, і ўранку марозліва, хмельна, бы першаком, пахне ў наваколлі дымам» [3, с.181]. Цяпер – словазлучэнні: «…прапахлае бульбоўнікам і сцюдзёным капусным водарам поле» [3, с.174], «каменная, зацятая маўклівасць зямлі, травы і схаладнелага, шурпата-шызага неба» [3, с.175], «настылы звон калодзежнага вядра» [3, с.175], «гонкі вецер і сум палёў, і халодны вобмарак травы, і перадзімовае трыванне дрэваў» [3, с.175]. Лексемы, якія замацоўваюць адчуванне холаду, падкрэслены мною [Л.С.].

Аднак стральцоўскія словазлучэнні настолькі прасякнутыя экзістэнцыйным светаадчуваннем і адпаведнымі канатацыйнымі сувязямі паміж словамі, што мы можам вылучыць у тых жа самых фрагментах і шмат іншых, роўназначных сэнсавых перазоваў. Напрыклад: фіксацыю духоўнай стоенасці, зняволенасці: зацятая маўклівасць, сум, трыванне; або пачуццёвую сінестэзію водараў, гукаў, іх дэфіцыт (адсутнасць): прапахлае [бульбоўнікам і капусным водарам поле], звон [вядра], вобмарак [травы]

Дзякуючы дасканалай матыўнай арганізацыі тэксту па-асабліваму яскрава вылучаюцца ў ім наратыўныя фігуры, персанажы. Назавём асноўныя. Найперш гэта выразна маркіраваны аўтабіяграфічны апавядальнік (аўтар, чыім прататыпам з’яўляецца рэальны пісьменнік): «Мне даўно хацелася напісаць адно апавяданне…» [3, с.174]; «Я жыў тады ў нечапанай частцы горада…» [3, с. 174]; «Вось што трэба было загнаць у падтэкст» [3, с.175]; «І далей ужо няцяжка будзе ўявіць працяг» [3, с.177]; «Расказаць трэба было пра юнака…» [3, с.178]; «Такою парою пішу я эпітафію апавяданню…» [3, с.181]. Затым – таксама пэўна выпісаныя персанажы, якія малююца, як ужо адзначалася, то ў мастацкай паяднанасці, то ў адасобленасці ад гэтага апавядальніка. Такія чалавек на ганку – гаспадар; ён жа і той, хто забівае вепрука (нібы сам кон для жывой істоты). Вяпрук з цэлай псіхалагізаванай гісторыяй яго перадсмяротнай тугі. Гаспадыня з яе нязменнай роляй у вепруковым лёсе – і маці, тая, што выправіла ў горад сына, які пра смерць яе атрымае тэлеграму. Сын – той найблізкі аўтару (чыю біяграфію мы падсвядома яшчэ і суадносім з біяграфіяй яго прататыпа, рэальнага М.Стральцова) юнак, «які безразважна і смела рынуўся ў жыццё і не ашчаджаў сябе…», але ўрэшце зазнаў «і расчараванне, і адчай, і нудліва-вінаваты позірк сяброў, і нетрывалую ласку жаночага сэрца» [3, с.178]; сын, якога не пакідаюць вобразы-згадкі аб маці, «памяць аб нейкай віне перад ёй, успамін пра марна растрачаную сілу любові, якая, можа, не сагрэла нікога» [3, с.180]…

Такім чынам, апавядальная структура, якая вонкава можа здавацца разбэрсанай, насамрэч з’яўляецца моцна, максімальна знітаванай на розных узроўнях аўтарскага стральцоўскага стылю.

Літаратура

  1. Нарратологический анализ // Тюпа В.И. Анализ художественного текста: учеб. пособие для студ. филол. фак. высш. учеб. заведений / В.И.Тюпа. – 3-е изд., стер. – М.: Издательский центр «Академия», 2009. – 336 с.
  2. Матыўная прастора беларускай літаратуры пачатку ХХ стагоддзя : манагр. / І.В.Жук [і інш.]; пад агул.       рэд. І.В.Жука. – Гродна : ГрДУ, 2009. – 255 с.
  3. Стральцоў М. Смаленне вепрука // Стральцоў М. Выбранае: Проза, паэзія, эсэ./[Прадм. А.Адамовіча]. – Мінск: Маст. літ., 1987. – С. 173 – 182.

Друкавалася [у]: Сінькова Л.Д. Нарацыя ў апавяданні “Смаленне вепрука” (1973) Міхася Стральцова” // Беларускае літаратуразнаўства, Мінск, 2011;

Сінькова Л.Д. Паміж тэкстам і дыскурсам: Беларуская літаратура ХХ – ХХІ стст. : гісторыя, кампаратывістыка і крытыка (літаратурная крытыка, артыкулы, гутаркі) / Людміла Сінькова. – Мінск : Паркус плюс, 2013. – С. 121 – 123. (296 с.)