Міфапаэтычнае ў мастацтве заўсёды мае пэўную глебу. Гэта найперш паганскія, язычніцкія ўяўленні пра свет старажытнага чалавека, а пазней – шматлікія рэлігійныя таямніцы, для паспалітага беларуса яго моваю найперш Скарынам патлумачаныя. У гэтых абсягах агульнавядомае багацце беларушчыны, асабліва беларускага фальклору, які на сённяшні дзень захаваўся лепш за многае іншае ў нашай культуры. Невыпадкова сучасныя даследчыкі (У.Конан) спрабуюць рэканструяваць як мага паўней і беларускую міфалогію, і беларускі менталітэт у яго вытоках менавіта праз уважлівае даследаванне беларускага фальклору. (А.Лойка, напрыклад, зрабіўся прыхільнікам цікавай гіпотэзы пра кельцкае ў беларускім радаводзе, якую выклаў у аповесці 1998 года “Кельты не ўміраюць”.)

Дык вось багацце паганскіх, а затым і хрысціянскіх вераванняў беларуса – з фантастычнымі кантамінацыямі, арыгінальнымі мадыфікацыямі самых розных матываў – узнікла не ў апошнюю чаргу праз “сярэдзіннае”, “памежнае”, “пераходнае”, “заходне-ўсходняе” і “паўночна-паўднёвае” месцазнаходжанне Беларусі ў Еўропе. Ды ўсё ж размаітыя ўплывы не разбурылі архетыпаў. Пацверджаннем таму – блізкасць міфапаэтычнага ў творчасці такіх спадчыннікаў прынёманскай зямлі, як Адам Міцкевіч (1798 – 1855) і Максім Багдановіч (1891 – 1917).

Абодва гэтыя вялікія паэты былі па-рознаму аддаленыя, адарваныя ад Беларусі. Абодва здалёк сумавалі па тых беларускіх мясцінах, з якімі ў іх былі звязаны самыя першыя і самыя дарагія ўспаміны. І часта ў творах яны супрацьпастаўлялі – асабліва Міцкевіч – пышнае, але не так мілае чужое няхай беднаму і часцей далёкаму, але наймілейшаму свайму.

Тым сваім, родным была Наваградчына і Вільня ў А.Міцкевіча, у М.Багдановіча – Мінск і Ракуцёўшчына каля Маладзечна, а таксама тая ж Вільня, Віленшчына і Гародня. Якраз у Гародні, і менавіта ў прадмесці, ля Нёмана прайшлі першыя пяць год Багдановічавага маленства. У гарадзенскай зямлі засталася магіла яго маці, Марыі Апанасаўны. Для абодвух паэтаў Нёман невыпадкова зрабіўся дарагім і шматзначным сімвалам Радзімы ( “Да Нёмана” Міцкевіча – “Перад паводкай”, “Як Базыль у паходзе канаў” Багдановіча).

З дзяцінства выхоўваў абодвух паэтаў беларускі фальклор з яго фантастыкай і містыкай, з верай у таямнічых насельнікаў лесу, возера, поля, ракі, свету рэальнага і пазарэальнага. Вядомая ў лёсе Міцкевіча роля Гансеўскай і Блажэя; роля той беларускай абраднасці, з якой Міцкевіч сутыкаўся непасрэдна аж да 1824 года, калі, у 26-гадовым узросце, мусіў назаўсёды пакінуць радзіму. Аднак жа і ў Парыжы, рыхтуючы свае знакамітыя лекцыі па славяншчыне, Міцкевіч не мог занядбаць беларускую міфапаэтычную спадчыну.

У Багдановіча, які ў 26 год памёр ад сухотаў, “кніжнае” знаёмства з міфатворчасцю, можа быць, і пераважала: як вядома, этнограф і фалькларыст Адам Ягоравіч Багдановіч прафесійна адукоўваў маленькага сына, зрабіўшы першымі чытанкамі для яго зборы Афанасьева, Шэйна, Раманава (М.Багдановіч з малых год быў знаёмы ўвогуле з лепшымі ўзорамі міфатворчасці самых розных народаў свету). Прычым варта падкрэсліць, што ў “кніжнасці” далучэння М.Багдановіча да старой беларушчыны было шмат спецыфічнага, крэўнага: у зборнікі Раманава і Шэйна ўваходзілі многія рэчы, запісаныя якраз Адамам Ягоравічам ад уласнай бабулі, Рузалі Казіміраўны Асьмак.

Даследчыкі заўважылі, што ў абодвух паэтаў інтэрпрэтацыі фальклорных матываў, фальклорнага чарадзейства зазвычай вельмі тапаграфічныя, менавіта прывязаныя да пэўнай мясцовасці. Беларускія аўтары А.Лойка, Р.Шырма, У.Мархель, С.Мусіенка, Т.Чабан, І.Багдановіч неаднаразова падкрэслівалі гэта ў дачыненні да Міцкевічавых “Свіцязі”, “Свіцязянкі”, “Рыбкі” (з мясцовымі ўяўленнямі пра русалак, тапеліц, матывамі дзяўчат-кветак, калізіямі віны і пакарання), “Курганка Марылі” ( з характэрным інтанацыйным ладам галашэння), “Лілеяў”, “Рамантычнасці”, “Дудара” (з фальклорнымі сюжэтнымі паралелямі), “Пані Твардоўскай”, “Тукая” (з адмысловай вераю ў нячысціка ды адлюстраваннем ландшафта Завосся), “Люблю я” (з выкарыстаннем фальклору Цырына, увогуле з наяўнасцю шматлікіх рэалій, што для класічнай рамантычнай балады было нехарактэрным)[1] …

Таксама і пра паэзію Багдановіча яшчэ ў 1928 г. І.Замоцін пісаў, што амаль усе вершы гэтага аўтара (здавалася б, “прывязанага” абставінамі да берагоў Волгі) “тапаграфічна і псіхалагічна звязаны з Беларуссю, з непасрэднымі або ўскоснымі ўражаннямі ад Бацькаўшчыны”. І яшчэ: Багдановіч успрымае народныя міфалагічныя вобразы “беспасрэдна, проста з якойсьці дзіцячай наіўнасцю і непасрэднасцю…”[2]. Зробім тут, аднак, “папраўку” ў выказванні І.Замоціна на 1928 год; тады савецкая культуралогія міфалагічныя ўплывы лічыла даволі рэакцыйнымі. Таму І.Замоцін з найлепшых меркаванняў мог і перабольшыць наіўнасць ды дзіцячую непасрэднасць у вершах Багдановіча.

Міфапаэтычнае найперш рэпрэзентавана ў “Вянку” Багдановіча: раздзел “Малюнкі і спевы”, цыкл “У зачарованым царстве”. У вершах гэтага раздзела (як і ў некаторых іншых, што не ўвайшлі ў “Вянок”, але падрабязна аналізаваліся У.Конанам як арганічныя яго складнікі) пануюць Лясун, Вадзянік, Змяіны цар, Падвей; “у эпізодах” з’яўляюцца і русалкі, і люстэрка-возера, якое здольнае не толькі пахаваць, паглынуць назаўсёды, але і схаваць, зберагчы некага ў сваіх глыбінях. Увогуле міфапаэтычным светаадчуваннем прасякнута ўся кніга “Вянок”. Найблізкімі па стылістыцы да балад Міцкевіча трэба лічыць такія творы Багдановіча, як спроба эпасу (па вызначэнню А.Лойкі) “Максім і Магдалена”, вершы баладнага плану, баладных паэтычных інтанацый “Як Базыль у паходзе канаў”, “Агата”, “…Ціхі вечар; знікнула спякота”, “…Па ляду, у глухім бары”… Вядомыя ж “вершы беларускага складу” Багдановіча – яго віртуозныя фальклорныя стылізацыі – у сэнсе тыпалагічнай блізкасці да тэкстаў Міцкевіча менш паказальныя.

У другую чаргу супаставіць у спадчыне Міцкевіча і Багдановіча можна інтымную лірыку, народжаную драматычным пачуццём. Марыля, паэтычная муза з сядзібы Верашчакаў у Туганавічах безумоўна лучыла Міцкевіча з беларушчынай, з яе таямніцамі, з самой наваградскай зямлёю як прытулкам для неспакойнага духу. Багдановіч жа не ў апошнюю чаргу дзякуючы каханню, няспраўджанаму каханню да валжанкі Ганны Рафаілаўны Какуевай стварыў сваю чароўную Вераніку (а ўвогуле – Мадонну, жанчыну-ахвярніцу, дзяўчынку-маці, каханую-дзіця). Сваю Вераніку Багдановіч убачыў як панну з сядзібы Забелаў, спадчынніцу “ціхага старасвецкага дома” з “адзічэлым садам”, у якім цяпер “усё глуха, дзіка, усё травою зарасло”, “там сцены мохам параслі”, але ж “вясёлкай адлівалі шыбы”… Дзякуючы Вераніцы, гэтай персаніфікацыі роднага, радзімы, самой недасяжнай і неспасціжнай Беларусі, “з маёй душы, – пісаў Багдановіч, – паліўся верш…”[3].

Якраз уласную, аўтарскую міфатворчасць у працяг біблейскіх і паганскіх міфапаэтычных уяўленняў бачылі А.Кабаковіч, Т.Чабан, І.Багдановіч, У.Конан у нізцы “Мадонны”, у “Зорцы Венеры”, у “Страціме-лебедзі” М.Багдановіча. Пантэізм Багдановіча, увасоблены ў паэтычным слове якраз з дапамогаю міфалагічных вобразаў, матываў, рэмінісцэнцый, асабліва ўважліва вывучаны і прасочаны У.Конанам[4].

Багдановіча справядліва называюць неарамантыкам; яго можна назваць (услед за Л.Тарасюк) і неакласікам. Таму пантэізм, міфалагізм у яго вершах выступаюць у функцыі тропаў. Вышэйназваныя даследчыкі тут вылучалі (а) міфалагічныя метафары (іх найбольш; напрыклад, вобраз калодзежаў – людскіх душаў з адбіткамі зорак, які звязаны з міфалагічным уяўленнем пра калодзеж як шлях-пераход у іншасвет у вершы “Вы, панове, пазіраеце далёка…”; або вобраз Падвея – Дыёніса як метафара беларускай зімы ў вершы “Завіруха”); (б) перыфразы міфа (напрыклад, у вершы “Бура” – перыфраза вядомага міфічнага сюжэта з “Паэтычных поглядаў славян на прыроду” Афанасьева; або перыфраза падання бабкі Рузалі, увогуле беларускіх прымхаў пра змеяў, пра вужоў у вершы “Змяіны цар”); (в) рэдукцыі міфа (напрыклад, у вершы “Дзесь у хмарах жывуць павукі…” рэдукаваны міф пра павука смерці Арахну); іншыя, больш прыватныя Багдановічавы мадыфікацыі міфалагічнага на шляху пераўтварэння гэтага міфалагічнага ў троп, у аўтарскі паэтычны вобраз.

Своеасаблівай вяршыняю неарамантычнай, індывідуальна-аўтарскай па інтэнцыі міфатворчасці Багдановіча трэба лічыць яго паэтызацыю Пагоні, старажытнага беларускага герба, выяву якога Багдановіч убачыў “у старай Вільні на муру Гострай Брамы… – ваякі на імкнучых конях. Герб гэты Вільня атрымала яшчэ за часы Вялікага княства Літоўскага…”[5].

Беларусь жа з вуснаў Багдановіча атрымала новы інварыянт занядбанай міфалагемы, новую легенду пра ваякаў з Літоўскай Пагоні, якія нібы абуджаюць прыспаных сыноў радзімы, клічуць укленчыць перад ёю. Гэтая легенда была падхоплена У.Караткевічам у славутым “Дзікім паляванні караля Стаха”. І вось ужо перыфразы “Пагоні” як нацыянальнага, сакральнага міфа мы бачым у наступным паказальным дыяпазоне: ад комікса для дзяцей А.Глобуса і У.Сцяпана “Дзікае паляванне”[6] – да опернага спектакля на дзяржаўнай тэатральнай сцэне з музыкай У.Солтана, “Дзікае паляванне караля Стаха”.

Між тым Міцкевіч у сваёй творчасці з’яўляецца яркім прадстаўніком класічнай рамантычнай традыцыі. Кантэкст для яго балад, натуральна, – паэзія шцюрмераў, нямецкіх аўтараў “буры і націску”. Беларускі міцкевічазнаўца А.Лойка, перакладаючы разам з Г.Аўэрсвальдам на беларускую мову балады (і іншыя творы) Шылера (найперш “Нырэц”, “Пярсцёнак Палікрата”, “Рыцар Тагенбург”, “Ібікавы журавы” і інш.), пацвердзіў ужо і з вопыту непасрэднай перакладчыцкай практыкі: у Шылера з Міцкевічам “агульнасць тэматыкі, пафасу, герояў, стыляў”[7]. Пра такую ж агульнасць сведчаць і пераклады А.Лойкам, Л.Баршчэўскім знакамітых Гётавых “Ляснога цара” (“Альховага цара” ў Л.Баршчэўскага), “Рыбака”, інш. Нельга не пазначыць кантэкстам для паэзіі Міцкевіча і класічную англійскую паэзію: пачынаючы з Чаццертона і Макферсона-Ассіяна, Грэя і Голдсміта з іх, роўнай Гердэравай, цікавасцю да фальклору, і заканчваючы самім Байранам і яго паслядоўнікамі. Калі гаварыць непасрэдна пра балады Міцкевіча, то якраз англійская паэзія меланхоліі і могільніка дае найвыразны тыпалагічны адпаведнік да “Ўцёкаў” Міцкевіча: гэта нават па калізіях адпаведная паэма Бюргера “Ленора”…

Увогуле містычнае ў беларускім космасе займае вельмі значнае месца, адметнае нават у славянскім свеце. (Нездарма рэфлексіўны, “псіхааналітычны” пачатак выразна дамінуе ў беларускай класічнай прозе – ад Гарэцкага і Чорнага да Мележа і Быкава; і радавод Дастаеўскага нездарма карэніцца ў беларускай глебе.) А.Лойкам выказвалася думка пра тое, што ў лёсе Міцкевіча Тавяньскі як містык невыпадкова змог адыграць настолькі вялікую ролю. Гэтак сталася не ў апошнюю чаргу з той прычыны, што ў Міцкевічавым Наваградку людзі спаконвечна дужа зважаюць на розныя прымхі, ды ўсё яшчэ даволі трывала іх захоўваюць.

Па-асабліваму ўважлівым да містычнага быў і Багдановіч. Рэфлексія на мяжы жыцця і смерці, рэфлексія аб гэтай мяжы выразна арганізуе ўсю яго творчасць. Вядома, што смерць літаральна пераследавала сям’ю Багдановічаў, і найбалючымі для Максіма былі дачасныя страты маці, сястрычкі-немаўляці, брата Ваздіма… Адам жа Ягоравіч пахаваў і першую жонку, і другую, шасцёра сыноў, дачку. Жанчына, якая памірае, нараджаючы дзіця, і спрычынілася найперш да ўзнікнення ў паэзіі М.Багдановіча своеасаблівага “Евангелля ад Мадонны” (выраз Т.Чабан[8]), “Містэрыі Мадонны” (выраз У.Конана[9]). Гэтаксама – у звязцы з уласным, індывідуальным лёсам – быў паэтычна асэнсаваны Багдановічам своеасаблівы містычны, зачараваны сон Беларусі на мяжы быцця і небыцця, яе смерць і неадменнае ўваскрашэнне, якія У.Калеснік называў скразным матывам нашай нацыянальнай міфалогіі.

Прыгадаем, аднак, што, калі М.Багдановіч прынёс у “Нашу ніву” свае вершы, напачатку яны не былі там прынятыя. Відавочна, з той прычыны, што ў пачатку ХХ ст. беларускай культурай не быў належным чынам засвоены ні вопыт А.Міцкевіча, ні вопыт Я.Баршчэўскага. Вядома, класічны рамантызм магутна азваўся ў лірыцы Янкі Купалы. Але фенаменальны Купала змясціў у сваёй творчасці і яшчэ шмат стылёва іншага, так што “Бандароўна” і “Курган” характарызуюць толькі адну з граняў Купалавай творчай індывідуальнасці. Да таго ж на зыходзе 1920-х – у 1930-я гады адбывалася вядомая “рэвізія” рамантызму і неарамантызму; класічны плён суправаджаўся канцэптуальнна-савецкімі каментарыямі. Можна сказаць, што гэта была адна з прычын, па якіх рамантызм, напрыклад, масавай маладнякоўскай паэзіі апынуўся надзвычай наіўным. І слушна Максім Танк, які меў магчымасць у Заходняй Беларусі больш грунтоўна пазнаёміцца з еўрапейскім рамантызмам і мадэрнізмам, у сваіх дзённікавых запісах называў даваенную лірыку савецкіх аўтараў дужа “кучаравай”, падобнай на нейкі “барок [барока. – Л.С.], толькі пралетарскі”…

Матывы рыцарскага слугавання Айчыне, звязаныя з класічнай рамантычнай традыцыяй, можна знайсці ў паэзіі У.Жылкі (таксама быў звязаны з Заходняй Беларуссю, вучыўся ў Празе, памёр у савецкай высылцы ва Ўржуме). Відавочна, не толькі А.Блок з сімвалізмам, але і А.Міцкевіч з сарматызмам надзвычай стасуецца да многіх Жылкавых паэтычных вобразаў.

Заключыць жа неабходна ізноў згадкаю У.Караткевіча, які лучыць дыскрэтную беларускую рамантычную традыцыю. Менавіта Караткевіч, ужо пасля ІІ сусветнай вайны, ізноў стварыў для Беларусі ўзоры тыпалагічна “міцкевічаўскага” рамантызму, гэтаксама і адпаведнай беларускай міфатворчасці.


 

Літаратура

  1. Гл. у кн.: Адам Міцкевіч і Беларусь = Adam Mickiewicz a Bialorus/ Уклад. В.Грышкевіч; навук. рэд. А.Мальдзіс, Т.Нягодзіш. – Мн., 1997; таксама: Адам Міцкевіч і нацыянальныя культуры: Матэрыялы міжнар. навук. канф. і Пятых Карэліцкіх чытанняў “Карэліцкая зямля ў часы Адама Міцкевіча/ Рэд. Н.Давыдзенка, А.Мальдзіс (гал. рэд.). – Мн, 1998.
  2. Замоцін І.І. Максім Багдановіч: Крытыка-біяграфічны нарыс // Багдановіч М. Творы. Т.2. – Мн, 1928. – С. ХУ-ХУІ, ХХІ.
  3. Багдановіч М. Поўны збор твораў. У 3 т. Т.1. – Мн., 1992. – С. 150.
  4. Конан У. Святло паэзіі і цені жыцця: Лірыка Максіма Багдановіча. – Мн., 1991. – С. 65 – 123 і інш.
  5. Багдановіч М. Поўны збор твораў. Т.1. – С. 666.
  6. Глобус А., Сцяпан У. Дзікае паляванне: Легенда ў малюнках паводле аповесці У.Караткевіча. – Мн., 1991.
  7. На шляху да абагульненняў (Асаблівасці перакладу паэзіі Ф.Шылера на беларускую мову): Дыялог Ганса Аўэрсвальда і Алега Лойкі // Шылер Ф. Улада песняспеву (Пераклады А.Лойкі, даследчая частка – у сааўтарстве з Г.Аўэрсвальдам). – Мн., 1997. – С.100.
  8. Чабан Т. Космас “Вянка”: Літаратурны каментарый да “Вянка” Максіма Багдановіча// Багдановіч М. Поўны зб. тв. Т.1. – С. 515.
  9. Конан У. Святло паэзіі і цені жыцця, с. 135.

Друкавалася [у]: Сінькова, Л.Д. Міфапаэтычнае ў баладах А.Міцкевіча і вершах М.Багдановіча // Літаратура, мова, культура: этнас у святле гісторыі і сучаснасці, Гродна, 1999;

Сінькова Л.Д. Паміж тэкстам і дыскурсам: Беларуская літаратура ХХ – ХХІ стст. : гісторыя, кампаратывістыка і крытыка (літаратурная крытыка, артыкулы, гутаркі) / Людміла Сінькова. – Мінск : Паркус плюс, 2013. – С. 71 – 76. (296 с.)