Мастацкія стасункі Янкі Купалы з Аляксандрам Блокам верагодныя найперш у эстэтычным полі мадэрнізму. Вядома, што Купала быў добра абазнаны ў расійскім, польскім, увогуле еўрапейскім сімвалізме. Сам паэт у адной з аўтабіяграфій называе сярод сваіх мастацкіх захапленняў   Л.Андрэева, Ф.Салагуба, С.Пшыбышэўскага, прыгадвае драмы Ібсена; відавочныя творчыя перазовы Купалы з С.Выспяньскім; захапляўся ён і М.Метэрлінкам (гэтыя пытанні разглядаліся многімі купалазнаўцамі [1]). Паэзію Купалы перакладаў В.Брусаў (захаваліся экземпляры першых зборнікаў паэта з дарчымі надпісамі Брусаву). У Пецярбургу, як вядома, Купала жыў (на кватэры ў прафесара Пецярбургскага ўніверсітэта Б.Эпімах-Шыпілы) і вучыўся, працаваў (на курсах Чарняева, у выдавецтве «Загляне сонца і ў наша ваконца») з 1909 па 1913 год. Менавіта тут, у багатым на эстэтычныя вышукі Пецярбургу, выйшлі першыя тры кнігі Купалы – «Жалейка» (1908, з «дапецярбургскай» лірыкай), «Гусляр» (1910), «Шляхам жыцця» (1913); тут жа была створана драматызаваная паэма «Сон на кургане» (1910), пазначаная мадэрнісцкай стылістыкай, а таксама драма «Раскіданае гняздо» (1913), якая звязваецца з «новай драмай» [2]. (Дарэчы, Блок-драматург, як і Купала, зацікавіўся Ібсенам, толькі захапіўся ім намнога мацней за Купалу; пра Ібсена і Стрындберга Блок пісаў артыкулы.) Такім чынам, інтэнсіўнае духоўнае і творчае жыццё Купалы ў Пецярбургу не магло выключыць цалкам знаёмства з лірыкай Блока, бо якраз у тыя ж гады сцвярджаўся геній рускага класіка, пазначаючы сабою росквіт і эвалюцыю рускага сімвалізму. Купалам жа, відавочна, сімвалісцкая паэтыка была запатрабаваная не як самакаштоўная, а як такая, што адэкватна перадавала некаторыя рысы тагачаснага Купалавага (і агульнага для многіх творцаў) светаадчування; як такая, што ўзбагачала размаіты неарамантычны стыль Купалы – стыль, у якім панавала класічная ідэя нацыянальнага Адраджэння.

На першы погляд Купала (1882 – 1942) і Блок (1880 – 1921) – з тых геніяў, якія падаюцца надзвычай адрознымі паміж сабой.

У той год, калі нашчадак шляхты, выкінутай са сваёй зямлі, Іван Луцэвіч – Янка Купала пахаваў бацьку, брата і дзвюх сясцёр, – народжаны ў «рэктарскім доме» Пецярбургскага універсітэта Аляксандр Блок якраз ствараў свае славутыя «Стихи о Прекрасной Даме» (1902).

Лірычны герой Купалы нясе так званую «калектыўную эмоцыю»: Купала, па выразе Р.Бярозкіна, «пазнае сябе ў […] магчымасці выступіць за другога, памяняцца з ім месцамі» [3]. Лагічна развіў гэтую думку С.Дубавец [4], які прыгадаў, што Купала, пішучы славуты верш-гімн «А хто там ідзе?..» і прамаўляючы ў ім ад імя народнай грамады, змучанай векавою нядоляй, ад імя ўсёй «сялянскай» нацыі, у гэты самы час Купала не атаясамліваўся з чалавекам «сляпым, глухім», з нагамі ў лапцях, а, наадварот, у сваёй, так сазаць, асабістай іпастасі паэт прадстаўляў беларускую інтэлігенцыю, нават багему, якая любіла збірацца не толькі ў рэдакцыі газеты «Наша Ніва», але і ў віленскай кавярні «Зялены штраль», апісанай А.Лойкам [5] – з водарам кавы і граннем славутага на той час віяланчаліста, у сябрыне з такімі інтэлектуалкамі і актрысамі, як Паўліна Мядзёлка; або, дададзім услед за А.Лойкам і Г.Тычко, Купала прадстаўляў тую беларускую інтэлігенцыю, якая мела дачыненне да віленскага сатырычнага кабарэ «Ах», якая збіралася на кватэры Ластоўскіх на вуліцы Завальная, 7, дзе гаспадарыла «разумная і абаяльная М.Іванаўскайтэ, паводле ўзросту значна старэйшая за свайго мужа В.Ластоўскага і за Янку Купалу», якая, «як ніхто іншы адпавядала вобразу ракавой дэманічнай жанчыны, так характэрнай для тае эпохі і літаратуры мадэрнізму» [6]. «З натуры маўклівы, задуменны, неразгаворлівы» [7], Купала быў дастаткова закрытым чалавекам, і аўтабіяграфічныя моманты ў яго паэзіі можна прасачыць найперш пры адмысловай пільнасці. Яшчэ раз працытуем Р.Бярозкіна: «У дачыненні да маладога Купалы цяжка гаварыць пра нейкага лірычнага героя, які б паслядоўна, у працэсе свабоднага самаразвіцця, ступень за ступенню, раскрываў свой асабісты біяграфічны вопыт … Паказальна, што ў паэзіі Купалы не знайшлі свайго адлюстравання нават такія вырашальныя этапы яго біяграфіі, як трохгадовая служба на броварах («Зазнаў там такога пекла, якога яшчэ дагэтуль не меў») і чатыры гады, пражытыя ў Пецярбургу. Жудасную гісторыю < пра смерці родных> («Гэта мяне страшэнна змагло» ) расказаў не сам паэт у сваёй «біяграфічнай» лірыцы (яна амаль адсутнічае ў Купалы), а персанаж аб’ектываваны: Незнаёмы з драматычнай паэмы «На папасе» [8]. Г.Тычко, аналізуючы першы польскамоўны твор паэта «Modlitwa» як водгук на сямейную трагедыю, тым не менш, пацвярджае: асабістыя эмоцыі і перажыванні Купала тут перадае «ў чужой, даўно выпрабаванай кніжнай форме» [9].

Лірычны герой Блока – класічны герой той «чыстай лірыкі», што мае на ўвазе выказванне наўпрост свету суб’ектыўна-індывідуальнага, і ў Блока гэта герой менавіта аўтабіяграфічны ў самых драбніцах паэтавых перажыванняў. Як адзначае Ул.Арлоў, «у 1903 г. Блок з зайздроснай шчырасцю прызнаваўся, што «пакутуе на крайні індывідуалізм» і «не адчувае ўдзелу народа і грамадства» ў тым, што ёсць прадметам яго духоўных пошукаў» [10]. Эвалюцыя творчасці Блока да сусветназаначнай, між усім, не разбурыла якраз таго кшталту, які заўсёды быў уласцівы блокаўскаму лірычнаму герою. Пачаўшы з рафінаванага сімвалізму ў тых ягоных абрысах, якія пазначала філасофія Ул.Салаўёва, Блок нават у паэме «Дванаццаць» застаўся вытанчаным лірыкам з найдакладным індывідуальна-псіхалагізаваным маўленнем.

І ў 1900-я гады, калі ў расійскай паэзіі пачаў сцвярджацца свет містычных экстазаў Блока, яго таемныя «улыбки, сказки и сны», М.Горкі напісаў сваю славутую фразу паводле першых вопытаў Купалы і Коласа: «…так прымітыўна-проста пішуць, так ласкава, сумна, шчыра…» [11]. «Шурпатымі» называў раннія вершы Купалы і М.Багдановіч; але   Купала ўжо ў Вільні (са стварэннем «Адвечнай песні» , 1908) і тым больш – у Пецярбургу вырастае ў вялікага паэта; адбываецца гэта, як адзначана І.Навуменкам [12], між усім і з-за перажывання таго «пякельнага разладу» ў паэтавай душы, пра які згадваў сам Купала: кнігі разбудзілі ў ім фантазію ды стварылі пастаянны канфлікт паміж гэтай фантазіяй і рэчаіснасцю [13]…

Лёгка заўважаецца адрознае ў паэтычным маўленні Купалы і Блока паводле аднолькавых тэм. Па-рознаму Купала і Блок касмічныя, рознае ў іх адчуванне спалучанасці асобы з таямніцай сусвету, прыроды: «Я сын зямлі, і сонца вольны сын!», «І вецер, і сокал, і я…» – «Миры летят. Года летят. Пустая / Вселенная глядит в нас мраком глаз»; па-рознаму містычныя: з ценем, крыжам, магілаю, чорным богам, паязджанамі – і з «мерцанием красных лампад», «отчизной скрипок запредельных», з тым, хто «бьет в меня светящими очами/ Ангел бури – Азраил!»; па-рознаму эсхаталагічныя: купалаўскі Мужык: «Раскрыйся нанова, магіла:/ Страшней цябе людзі і свет» – і лірычны герой Блока: «О, если б знали, дети, вы, / Холод и мрак грядущих дней!»; па-рознаму сацыяльныя: «Сярод раз’юшаных страпаў,/ Паганы зладзіўшы хаўрус,/ Свае таргуюць і чужыя/ Табой, няшчасны беларус» – «Они давно меня томили:/ В разгаре девственной мечты/ Они скучали, а не жили, /И мяли белые цветы»; «На сход, на ўсенародны, грозны, бурны сход/ Ідзі аграблены, закованы народ!» – «Шли на приступ. Прямо в гудь / Штык наточенный направлен./ Кто-то крикнул: «Будь прославлен!»/ Кто-то шепчет: «Не забудь!»; па-рознаму антываенныя: «Выйшлі роднай вёскі дзеці/ Паміраць на белым свеце,/ Рассяваць па свеце косці/ Праз кагосці, за кагосці» – «И военною славой заплакал рожок,/ Наполняя тревогой сердца,/ Громыханье колес и охрипший свисток/ заглушило ура без конца»; у адрозных вобразных сістэмах апетая імі Радзіма: «Ад прадзедаў спакон вякоў/ Мне засталася спадчына;/ Паміж сваіх і чужакоў / Яна мне ласкай матчынай» — «О, Русь моя! Жена моя! До боли/ Нам ясен долгий путь!/ Наш путь – стрелой татарской древней воли/ Пронзил нам грудь»; інтымная лірыка для Купалы адносна перыферыйная, а для Блока інтымнае – з самых асноўных феноменаў паэтычнага адлюстравання…

Якія ж матывы мог наследаваць Купала ў Блока, да якіх уласных вершаў праз блокаўскую паэтыку прыйсці?

Для Янкі Купалы ў свой час зусім новым быў гарадскі асяродак. Вільня, Мінск, Полацк, Смаленск, Пецярбург, Масква, многім пазней – Прага, а таксама Варшава, дзе быў надрукаваны першы польскамоўны верш, – важнейшыя гарады ў жыцці паэта; аднак айчынай яго паэзіі засталася вёска і па-за гарадскія абшары. Для Блока – наадварот; з дзяцінства ён падарожнічаў па свеце, пераважана па Германіі ды Італіі, адчуваючы сябе годна ў Бад-Наўгейме, Берліне, Гановеры, Кёльне, Франкфуркце, Парыжы, Ротэрдаме, Амстэрдаме, Трыесце, Фларэнцыі, Венецыі, Равене, Перуджыі, Пізе, Мілане, у Варшаве.

Таму натуральна, што ў паэзіі пецярбуржца Блока тэма горада, дзе «Лазурью бледной месяц плыл/ Изогнутым перстом./ У всех, к кому я подходил,/ Был алый рот крестом», дзе «…ресторан, как храмы, светел,/ И храм открыт, как ресторан», дзе ён «… содрогаясь, разглядел/ Черты мучений невозможных/ И корчи ослабевших тел», дзе ў жывых мерцвякоў «кости лязгают о кости» (усе чатыры цытаты – з вершаў 1906 года), –   распрацаваная віртуозна. Дастаткова згадаць адно нізкі «Город» (1904 – 1908) і «Страшный мир» (1909 – 1916).

Для Купалы ж горад, і, між іншым, Пецярбург , – чужы: «Я ад вас далёка, бацькаўскія гоні, –/ На чужое неба ўжо гляджу сягоння», – піша Купала ў «паўночнай сталіцы» ў ліпені 1910 года. І вось крыху пазней у яго з’яўляюцца такія вершы, як «На вуліцы» (1915), дзе горад падаецца радовішчам граху і гвалту.

Тут (заўважым красамоўныя дэталі) блукае «на небе месяц бледны, як нябошчыкавы твар»; святло канае ў вокнах; электрычны дрот выглядае так, «як бы напяты былі там людскія жылы»; «гудзе, заводзіць» вецер – бы «вісельнік», што вырваўся з магілы. Тут з нейкага сутарэння «рагоча музыка», і «З нявольніцай нявольнік тут танцуе на забой,/ Пад здзекам рабскія свае сагнуўшы шыі,/ А там, на акрываўленых палёх крывёй людской,/ Нявольнік для нявольніка грабніцу рые».

Самае ж нязвыклае для Купалавага чытача ў вершы «На вуліцы» – аўтахарактарыстыкі лірычнага героя, які раптам выказваецца непасрэдна і суб’ектыўна-прыватна, праз «русіфікаваную» лексіку, сінтактыку: «Лічыў за крокам крок я й пазіраў ўвакруг, як здань,/ На заміраючы да заўтра горад грэшны,/ І чуўся я, як здрадай схопленая ў клетку лань, – / Такі бяссільны, пазабыты, бязуцешны!»

Аналагічнай паэтыкай пазначаны яшчэ адзін верш Купалы – «У бяссонную ноч» (1913). У гэтым вершы «Рай і пекла змяшаліся ў процьму ў адну,/ Здань за зданню паўзе, кожна здань – як змяя», «Божа праведны, Божа! над братам, брат – кат!..», «…Разам тут і дзяўчынка-краса…/ <…> Пакрываўлены грудзі, зблытана каса…», тут і паэт–падступнік, і фарысей, і заключнае маленне лірычнага героя: «Ах, скарэй бы дзень вечны, ці вечная цьма!/ Яна згубіць мяне, бессанлівая ноч!». Пачынаўся ж верш наступнымі строфамі: «Ах, як страшна мне гэта бяссонная ноч!/ Сколькі мукі, цярпення прыносіць з сабой!/ Я змагаюся з ёй, ад сябе ганю проч,/ Ды самлела ўпадаю з сваёй барацьбой./ Разарваў бы, здаецца, я грудзі свае,/ Сэрца б вырваў і кінуў на ўцеху ўрагом…/ Дайце смерць, хай не чую, што ноч мне пяе!/ Дайце сілы!.. О, Божа! Нікога кругом! <…>». (Звернем увагу тут таксама і на роднасную блокаўскай эмацыянальную экзальтацыю, накшталт: «И двойственно нам приказанье судьбы:/ Мы вольные души! Мы злые рабы! <…>/ Кто кличет? Кто плачет? Куда мы идём?/ Вдвоем – неразрывно – навеки вдвоем!/ Воскреснем? Погибнем? Умрем?» («Ангел-хранитель», 1906).

Варта згадаць і вобраз «касцістага, бледнага трупа», што, як цень, ідзе ўслед за Купалавым героем у вершы «Таварыш мой» (1915). « Цябе, мой труп, я ў сне ці ў явы барацьбе/ Не кіну, як не кінеш ты мяне ў жальбе…», – піша Купала. Тут можна ўбачыць рэцэпцыю вядучых матываў з такіх, напрыклад, блокаўскіх вершаў, як «Двойник» (1909), «…Пристал ко мне нищий дурак..» (1913) з нізкі «Жизнь моего приятеля», інш.

Розніца паміж «віленскім» і «пасляпецярбургскім» Купалам асабліва яскрава відаць у тэкстах такіх яго вершаў на гарадскія матывы, як, з аднаго боку, «Тут і там», «Шуман» (абодва – Вільня, 1909) – і, з другога, «Ўвесь да дна» (1915). Параўнаем: «Вы тут гуляеце, панове,/ У сытай, п’янай чарадзе,/ А там – што робіцца у вёсцы,/ І ў думку вам не набрыдзе» («Тут і там») ; «Цешся, горад! Што там знача/ Вёска з голадам, з бядой?/ Хтось там стогне, хтось там плача – / Плюй, махай на ўсё рукой! («Шуман»); і – новае: «Днём з агнём не задумай ты праўду знайсці,/ Паспытаць, што за смак гэтай праўды, –/ Бо што зробіш, як знойдзеш, ты з ёю ў жыцці?/ Сам спужаешся гэтакай знайды!// Хтось там скажа, што церні на шляху ляглі,/ Што сіротам дзьме вецер у вочы, –/ Ну, дык будзь цернем сам, будзь сын верны зямлі,/ Віхрам будзь і бушуй сярод ночы!// <…> Ўвесь да дна выпівай чорны келіх жыцця/ Ці з вадой жыватворчай, ці з ядам;/ З роўнай меркай чакай вечнаты й нябыцця,/ Заадно абыймайся з анёлам і гадам» («Ўвесь да дна…»). Думаецца, каментуючы гэты купалаўскі верш, даследчыкі дарэмна абыходзяць спецыяльнай увагай якраз магчымыя блокаўскія ўплывы на Купалу.

Купала і Блок надзвычай блізкія меладычна, што літаратуразнаўцамі неаднаразова адзначалася [14]. Не можа не нагадаць нам мелодыку Блока верш «Снег». Ён напісаны Купалам яшчэ ў Вільні, пасля прагляду аднайменнай п’есы Пшыбышэўскага, з прысвячэннем выключна драматургу (датуецца часам апублікавання – 1909г.). Аднак адмысловая музычнасць верша толькі пацвярджае роднасную – сімвалісцкую – эстэтыку, абраную аўтарам і рускім, і польскім, і беларускім:

Залягла, як пасцель,

Лебядзіная бель

На загон, на курган.

І кажан, і гурган

Занямеў не на смех:

Гэта снег, толькі снег…

 

За старухай-зямлёй

Ты пасцель, дружа мой,

Узваліў на душу,

Як бы крыж на мяжу,

І ўжо рад не на смех:

Гэта снег, толькі снег…

 

Думкі, сэрца, паглёд

Абліў лёд, скаваў лёд.

Так спавіў, спавіў сам,

Каб лягчэй было там,

Дзе жыццё не на смех:

Гэта снег, толькі снег… <…>

Мо і лёгкія дні…

Не зачэпяць ані

Ні бяда, ні нуда,

Ні агонь, ні вада…

Само шчасце, сам смех!

Гэта снег, толькі снег…

 

І хоць Янка Купала ў 1911 годзе ў адным з лістоў (свайму біёграфу Л.М.Клейнбарту) напісаў, што нібыта рускі літаратурны свет, на жаль, яму «доселе <… > совершенно незнаком» [15], а цытаваныя намі «паводлеблокаўскія» вершы Купалы датуюцца 1913 і 1915 гадамі, відавочна, што паэт знарок перабольшыў сваю недасведчанасць ды меў на ўвазе менавіта асабістыя стасункі з расійскай багемай. Ужо Купалаў верш «Смейся!..» (1915) можна палічыць арыгінальнай рэалізацыяй папулярнага матыву з расійскай паэзіі, доказам дасканалай эрудыцыі Купалы – ва ўсякім разе, у час стварэння гэтага тэксту.

Купала вельмі хутка выйшаў на самы высокі ўзровень рэцэпцыі мадэрнісцкіх ідэй агульнаеўрапейскага гарту. Самавіты Купала прамаўляе ў вершах «Вечар», «Мой цень» (абодва – 1915). Арыгінальны і верш «На шляху» (1914), дзе Купала адмыслова рэалізуе метафару «паэт-шлях», – і вядома, што гэта адна з улюбёных думак Блока.

Я – шлях, якому век няма спакою

Ні ў чорны дзень, ні ў месячную ноч…

Такім чынам, блокаўская фраза з «Трех посланий» (1910) – «Страшный мир! Он для сердца тесен!» – найлепш фармулюе той, дастасаваны да тэмы горада, матыў з лірыкі Блока, які творча ўспрыняў Купала ў пецярбургскі і пазнейшы перыяды свайго жыцця.


 

Літаратура

  1. Напрыклад, Багдановіч І. Э. Адраджэнскі неарамантызм Янкі Купалы// Багдановіч І.Э. Авангард і традыцыя: Бел. паэзія на хвалі нац. адраджэння. – Мн.: Бел. навука, 2001. – С.с.169-170. (С. 150 – 170.)
  2. Казлоўская М. «Раскіданае гняздо» Янкі Купалы і традыцыя драматургіі Генрыка Ібсена // Беларускае літаратуразнаўства. – 2004. – № 2. – С. 79 – 90.
  3. Бярозкін Р.С. Свет Купалы. Думкі і назіранні. – Мінск: «Беларусь», 1965. – С.51. (204 с.)
  4. Дубавец С. Смерць культуры // Літаратура і мастацтва. – 1993. – 5 сакавіка. – С. 6 – 7.
  5. Лойка А.А. Выбраныя творы: У 2 т. Т.1. Як агонь. Як вада…: Раман-эсэ пра Янку Купалу. –Мінск: Маст. літ., 1992. – С.112. (461 с.)
  6. Тычко Г.К. Творчасць Янкі Купалы і традыцыя духоўнай рэгіянальнасці ў польскай літаратуры ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў/ Пад рэд. А.А.Лойкі. – Мн.: УП «Тэхнапрынт», 2001. – С. 56 – 60. (144 с.)
  7. Навуменка І.Я. Янка Купала// Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя: У 4 т. Т.1/ Нац. акад. навук Беларусі. Ін-т літаратуры імя Я.Купалы. – Мн.: Беларуская навука, 1999. – С.125. (С.с. 121 – 175.)
  8. Бярозкін Р.С. Свет Купалы, с. 57.
  9. Тычко Г.К. Творчасць Янкі Купалы і традыцыя духоўнай рэгіянальнасці ў польскай літаратуры ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў, С. 19.
  10. Орлов Вл. Поэзия Блока// Александр Блок. Стихотворения.- Л.: «Сов. писатель», 1955. [Библиотека поэта] – С. VIII. (V – ХLIII с.)
  11. Горький М. Собр. соч. в 30-ти томах. Т. 29. ГИХЛ, 1995. – С. 138 – 139.Навуменка І.Я. Янка Купала // Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя, с.127.
  12. Навуменка І.Я. Янка Купала // Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя, с.127.
  13. Купала Янка. З лістоў да Л.М. Клейнбарта / Янка Купала // П’есы. Публіцыстыка. Янка Купала пра сябе. – Уклад. І прадмовы Н.Гілевіча.; Маст. Г.Грак. – Мн.: ГА БТ “Кніга”, 2002. – С. 477. (528 с.) [Народная бібліятэка]
  14. Тарасюк Л.К. Мастацкія кірункі і плыні ў беларускай паэзіі ХІХ – пачатку ХХ ст.: Вучэб. дапам. для студэнтаў філал. фак. – Мн.: БДУ, 1999. – С. 34. (72 с.)
  15. Купала Янка. Збор твораў: У 7 т./ Акад. навук Беларусі. Ін-т літ.- Мінск: Навука і тэхніка, 1972 -1976. – Т. 7: Пераклады п’ес. Публіцыстыка. Пісьмы. Летапіс жыцця і творчасці. – 1976. – С.с. 411 – 412. (695 с.)

Варта працытаваць цалкам: «СПб, 25.Х. 1911г. Глубокоуважаемый Лев Максимович! […] Буду очень и очень Вам благодарен, если дадите мне какую-нибудь возможность ближе познакомиться с русским литературным миром, который меня постоянно интересовал и интересует, но который, к сожалению, доселе мне совершенно незнаком» ; «Кисловодск, 21.1Х. …Пребывание мое в Петербурге в смысле встреч с русскими литераторами мало чем отличалось от Вильны. Также увлекался веселой компанией, которая в смысле духовном мало чего могла дать. Но она должно быть давала некоторый жизненный опыт и познание людей. Я теперь только думаю, что я оказался сильнее Есенина, хотя мы оба выходцы из глухой деревни и обоих нас захлестывала городская грязь. Только ему пришлось жить в городском омуте послереволюционном, мне – в дореволюционном; <…> Из петербургских литераторов я, как Вам известно, встречал Вас, но это, на жаль, были редкие встречи, познакомился с А.А.Коринфским, познакомился с ним случайно в кабаке и все тут. Более широких знакомств с русскими литераторами не удалось мне тогда завязать, причиной – моя тогдашняя застенчивость, а может быть, и маленькая гордость, не хотелось идти на поклон. <…>». Назв. Выданне, с.с. 411-412, 422, 424, 425-426.


 

Друкавалася [у]: Сінькова Л.Д. Лірыка Аляксандра Блока і Янкі Купалы 1910-х гадоў: кантакты і рэцэпцыя // Русистика и современность, Одесса, 2010;

Сінькова Л.Д. Паміж тэкстам і дыскурсам: Беларуская літаратура ХХ – ХХІ стст. : гісторыя, кампаратывістыка і крытыка (літаратурная крытыка, артыкулы, гутаркі) / Людміла Сінькова. – Мінск : Паркус плюс, 2013. – С. 31 – 37. (296 с.)