Пачынаючы гаворку пра Яна Чыквіна (нар.у 1940 г.) як пра даследчыка прыгожага пісьменства і беларусіста шырокіх навуковых зацікаўленняў, прычым адмысловага знаўцу літаратуры беларускага замежжа, найперш звяртаеш увагу на яго патрыятызм. Народжаны ў слынным Гайнаўскім павеце, Ян Чыквін зрабіў вельмі вялікі, рашаючы ўнёсак у прэзентацыйнае афармленне беларускай літаратуры ў Польшчы. Менавіта чыквінскае канцэптуальнае бачанне творчасці сяброў літаратурнага згуртавання “Белавежа” не як своеасаблівай краёвай самадзейнасці, а як часткі нацыянальна-духоўнага самавыяўлення беларусаў вывела гэтую творчасць на новы этап – ён быў заканамерным, але ж трэба было, каб хтосьці спецыяльна рупіўся пра ўвасабленне, рэалізацыю гэтай заканамернасці! І такім чалавекам зрабіўся Ян Чыквін: паэт, прафесар, грамадскі дзеяч, які ў 1990 годзе ўзначаліў “Белавежу”, працягваючы здзейсненае Георгіем Валкавыцкім, Алесем Баршчэўскім. Гістарычным для “белавежцаў” крокам наперад трэба лічыць выданне ў адной з самых аўтарытэтных кніжных серый на Беларусі – у “Беларускім кнігазборы”, у 2000 годзе – важкага тома “Беларускія пісьменнікі Польшчы. Другая палова ХХ стагоддзя” [1] , укладзенага прафесарам Чыквіным. Беручы пад увагу тое, што Ян Чыквін склаў таксама бібліяграфічны даведнік “Беларуская літаратура Польшчы” (за 1957 – 1998 гг.), ды распачаў выданне Бібліятэчкі “Белавежы” (з 1990 г.), а таксама часопіса “Тэрмапілы” (з 1998 г.), у якім друкуюцца беларусы не толькі Польшчы, але і ўсяго свету, мы можам зразумець тое асаблівае пачуццё гонару за сваіх землякоў, з якім Ян Чыквін засведчыў (у гутарцы з Сакратам Яновічам): “То праўда, што з нацыянальных мяньшынь Польшчы адно беларусы маюць у галіне мастацкай літаратурнай творчасці найбольш апублікаваных кніг. Гэта факт неаспрэчны, і з беларусамі ў польскай прасторы да гэтага часу ніхто не можа канкураваць – ні немцы і літоўцы, ні украінцы, ні славакі” [9, с. 233-23]. Важна падкрэсліць, што літаратура беларускай метраполіі і замежжа паслядоўна аналізуецца Я.Чыквіным менавіта як адзіная, нацыянальна выразная, з паходжання еўрапейская. Таму не выпадковы той факт, што асобныя літаратуразнаўчыя працы Я.Чыквіна ўключаны ў акадэмічнае, чатырохтомнае з пяці кніг, выданне Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы НАН Беларусі “Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя” (гэта артыкулы Я.Чыквіна пра творчасць Наталлі Арсенневай і Масея Сяднёва) [2].

Добра вядома між усім, што замацаванне творчага вопыту пісьменнікаў у гісторыі культуры надзвычай залежыць ад таго, наколькі створанае асэнсавана, адрэфлексавана ў крытыцы і літаратуразнаўстве, наколькі яно ўпісанае ў спрадвечную і адначасова дужа рухомую карціну літаратурнага свету. Адсюль зразумелая важнасць літаратурна-крытычных прац Яна Чыквіна пра беларускую літаратуру, народжаную ў Польшчы: важна, што яна разглядаецца прафесійна – з нязменна-строгім прафесарскім гартам і густам, роўна як і творчы плён мастакоў з іншых куткоў зямлі.

На памежжы ХХ-ХХІ ст.ст. выйшлі дзве кнігі літаратурна-крытычных артыкулаў Яна Чыквіна: “Далёкія і блізкія. Беларускія пісьменнікі замежжа” (1997г.) [13] і “Па прызванні і абавязку” (2005г.) [15]. Насамрэч Ян Чыквін-даследчык ужо не першае дзесяцігоддзе вядомы зацікаўленаму чытачу, бо здаўна друкаваў свае артыкулы ў польскіх выданнях, а таксама ў беларускай перыёдыцы Польшчы (у газеце “Ніва”, часопісе “Тэрмапілы”, інш.) і Беларусі   (найперш у тыднёвіку “Літаратура і мастацтва”, часопісе “Крыніца”). Аднак новыя кнігі, безумоўна, узбуйняюць фігуру даследчыка, робяць больш відавочнымі яго набыткі, выпрабаваныя часам.

У названыя кнігі Ян Чыквін уключыў свае працы пра творчасць М.Сяднёва, Н.Арсенневай, Я.Юхнаўца, К.Акулы, Л.Геніюш, Ю.Геніюша, Г.Валкавыцкага, Я.Бурша (Анісэровіча), У.Гайдука, М.Шаховіча, Н.Артымовіч, С.Яновіча, М.Андрасюка, а таксама пра М.Багдановіча і Я.Купалу, пра А.Гаруна і М.Танка, З.Гэрберта і яго перакладчыкаў на беларускую мову, пра даследчыка У.Калесніка і яшчэ цэлы шэраг слынных паэтаў – ад П.Панчанкі да А.Разанава і Л.Дранько-Майсюка. У змесце дзвюх названых кніг ёсць натуральныя перазовы, але ёсць і важнае адрозненне. Калі “Далёкія і блізкія…” – гэта найперш збор яскравых, набліжаных да вачэй чытача літаратурных партрэтаў, прэзентацыя творчых індывідуальнасцяў, то ў другой кнізе зроблены акцэнт на асобных праблемах літаратурнага працэсу.

Так, Ян Чыквін вылучае, узбуйняе канрапункт двух пачаткаў у беларускай паэзіі 1910-х – 1920-х гг.: натхнёна-стыхійнага і рацыянальна-інтэлектуальнага; разважае пра метадалагічныя праблемы савецкага і постсавецкага літаратуразнаўства і праблемы перакладчыцкія (сам Ян Чыквін, як вядома, з’яўляецца аўтарам зборніка выбраных перакладаў на беларускую мову з 54-х польскіх паэтаў ХХ ст., што аб’яднаны ў кнізе “Лісце срэбнай таполі” [14]); фармулюе і праз канкрэтныя прыклады асэнсоўвае праблему “стаўлення да Бога ў беларускай паэзіі ХХ стагоддзя”, “матывы заходняга свету ў беларускай эміграцыйнай паэзіі”; у артыкулах, напісаных па-польску і па-беларуску, аналізуе гісторыю улюбёнай “Белавежы”, шляхі яе стваральнікаў і актыўных чыннікаў.

Увогуле трэба сказаць, што і ў сваёй арыгінальнай паэзіі, і ў літаратуразнаўчых, крытычных працах Ян Чыквін, выпускнік Варшаўскага універсітэта, выступае як прадстаўнік і абаронца той заходнееўрапейскай мастацкай традыцыі, якая аддае перавагу так званым “адкрытым” мастацкім структурам: інтэлектуальна-рацыяналістычным ды індывідуальна-асабовым перад традыцыйна-ўпарадкаванымі – “закрытымі”, якія могуць падавацца чалавеку амаль што нязменнымі… (З разваг пра гэтыя структуры пачынаецца адзін з чыквінскіх артыкулаў [13, с. 60-62]). Пры гэтым Ян Чыквін намнога часцей за айчынных постсавецкіх даследчыкаў карыстаецца метадалогіяй біяграфічнай школы, якая была ў свой час, у XIX-м ст., не менш уплывовай за школу культурна-гістарычную [3, с. 11], сёння ў нас самую папулярную. Яшчэ адна рыса, якая характарызуе Я.Чыквіна-даследчыка – гэта імкненне да акадэмічнай дакладнасці, да выверанасці фактаў і спасылак на імёны, сітуацыі, крыніцы; ён не дапускае той фантазійнай неабгрунтаванасці ў літаратурна-крытычнай працы, якую часам хаваюць за цэтлікам “эсэізм” – там, дзе насамрэч навідавоку простая паспешлівасць або залішняя самаўпэўненасць крытыка. Менавіта дзякуючы трываламу фактычнаму рыштунку робяцца магчымымі ды пераканаўчымі такія нечаканыя для традыцыйнага беларускага літаратуразнаўства чыквінскія артыкулы, як, напрыклад, праца “Два шляхі развіцця беларускай паэзіі (Максім Багдановіч і Янка Купала)” [15, с. 9-35].

Смелым, нават рызыкоўным на кансерватыўны погляд гэты артыкул падаецца найперш таму, што ў ім сапраўды шматкроць апісаныя, хрэстаматыйныя факты знакамітай нашаніўскай дыскусіі 1913 года падаюцца канцэптуальна па-новаму, праз метадалогію не столькі культурна-гістарычную, колькі біяграфічную. Ян Чыквін перадусім уважлівы да біяграфій, асабістых якасцяў, псіхалагічных тонкасцяў у характарах Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Вацлава Ластоўскага, Сяргея Палуяна, да чыннасці іншых сучаснікаў тых падзей – Міколы Шылы, Станіслава Станкевіча, Антона Луцкевіча (Навіны). Пры тым, што псіхафізічнае разглядаецца як прадвызначананае сацыяльнымі фактарамі, усё ж падыходы біяграфічнай школы, дастасаваныя Я.Чыквіным да хрэстаматыйных матэрыялаў гэтак смела і публічна ўпершыню, атрымліваюць своеасаблівую перамогу над больш пашыраным у айчынным літаратуразнаўстве культурна-гістарычным дыскурсам. Ян Чыквін сапраўды засяроджваецца на асобе паэта ды праз якасці асобы тлумачыць нібы прыхаваны ад чытачоў сэнс (або складнік сэнсу, матывацыю) асобных твораў і Багдановіча, і Купалы. (У савецкія часы біяграфічны метад, як вядома, у нас бліскуча выкарыстоўваў Міхась Стральцоў.)

Найперш Ян Чыквін акцэнтуе ролю Максіма Багдановіча, вылучае яго як адукаванага, па-еўрапейску арыентаванага інтэлігента сярод нашаніўцаў-самавукаў. Аўтар бачыць Максіма – Кніжніка ў часы нашаніўства як антыпода сацыяльна ангажаваным паэтам, чыя песня традыцыйна “плакала” аб беларуска-сялянскай долі перадусім – асабліва перад тым, што было ахрышчана “дэкадэнцтвам” ды “ўпадніцтвам”, а даследчык у тым бачыць безумоўна вышэйшую ступень развіцця нацыянальнага пісьменства, заходнееўрапейскую “адкрытую” мастацкую структуру (пры ўсёй адзначанай Я.Чыквіным любові М.Багдановіча да паэзіі расійскай). Разважаючы пра Купалу і Багдановіча, Я.Чыквін малюе два розных таленты – і два палярных тэмпераменты, характары. Ён яскрава падкрэслівае розніцу ў паходжанні Купалы і Багдановіча, адзін з якіх – “сын збяднелага шляхціца, зведзены да сялянскага бяспраўнага становішча,” другі – “інтэлігент еўрапейскага тыпу (Антон Луцкевіч), сын абруселага беларускага разначынца” [15, с. 10]. Чытач усё больш выразна бачыць самалюбівага, раўнівага Купалу, які падняўся з жыццёвага прадоння насуперак паніжэнню і стратам, Купалу, якога паплечнікі ўзвялі на пасад месіі (вось дзе адгукаецца пачатковая арыентацыя Купалы на паэзію польскую), які і сапраўды мог казаць: “Мая школа”, маючы на ўвазе масавую паэзію нашаніўскай пары… Ян Чыквін канстатуе: “Над беларускай паэзіяй ужо фатальна вісеў своеасаблівы вагнерызм, культ Купалы як наваяўленага прарока беларускага Адраджэння, якога сам паэт нідзе і ніколі не аспрэчыў <…> [15, с. 21-22]. І ў гэты час, у 1911 г., з’яўленне ў Вільні М.Багдановіча, маладога госця з Яраслаўля, падкрэслена малюецца чытачу як лёсавызначальнае для беларускай літаратуры. Прыход Багдановіча ў айчыннае пісьменства пазначыў сабою з’яўленне камплементарнай процівагі купалаўскаму паэтычнаму стылю. Ян Чыквін піша: “ … асабіста яны не бачыліся, не сустрэліся. Відаць, гэтак разумна-прадбачліва распарадзілася Гісторыя дзеля іхніх жа нейкіх непарушных граняў таленту, вектараў пісьменніцкага самаразвіцця і агульнага інтарэсу беларускай культуры: кожны з іх з самага пачатку выпраменьваў “забойчую” для другога творцы моцна скандэнсаваную энергію; яны вытваралі кожны сваё сілавое поле” [15, с. 11]. Эпітэт “забойчая” невыпадкова выкарыстаны аказіянальна, з двукоссем, бо якія б там ні было супярэчнасці паміж Купалам і Багдановічам драбнеюць перад момантам аб’яднаўчым, перад той ісцінай, што творчы плён абодвух роўна застаўся нашчадкам, па выразу Яна Чыквіна, “у выглядзе нават выбухова-дэманстратыўнай беларускасці” [15, c.10].

Разам з гэтым відавочнае імкненне Яна Чыквіна аспрэчыць традыцыйную для савецкага – асабліва ранняга – літаратуразнаўства прыярытэтнасць купалаўскага стылю з яго непасрэдным адраджэнцкім пафасам перад стылем Багдановіча, дзе адраджэнцкае выступае больш мадэрнізаваным і апасродкаваным, нібы інтымна-набліжаным да чытача; відавочнае імкненне даследчыка аспрэчыць недаацэнку рацыянальнага, кніжнага, інтэлектуальнага ў параўнанні з эмацыянальна-стыхійным, інтуітыўным. Ян Чыквін спрачаецца з пэўным “падкупалаўскім” статусам Багдановіча, падкрэслівае роўнавялікасць і ўзаемазалежнасць Багдановіча і Купалы ў нашаніўскія часы ды тое, “што кожны з іх абвострана адчуваў у сваім пісьменніцкім жыцці і чалавечым лёсе блізкую прысутнасць другога” [15, с. 11].

Такім чынам, як мы памятаем, на 9 год маладзейшы за Купалу, далікатны, рафінавана-культурны, аддалены ад кампанейства, але цвёрды ў сваіх перакананнях Багдановіч уступіў у палеміку з нашаніўцамі і з Купалам, сцвярджаючы неабходнасць красы, вышэйшай мастацкай культуры, якой жадаў роднаму слову. Ян Чыквін аналізуе цэлы шэраг твораў Купалы і Багдановіча як своеасаблівы дыялог-спрэчку з нечаканымі для многіх чытачоў новымі значэннямі-канатацыямі, бо эстэтычная пазіцыя кожнага “дыскутанта” афарбоўваецца Янам Чыквіным яшчэ і ў псіхалагічныя тоны, тлумачыцца праз характары абодвух класікаў. “Інтрыга” артыкула – гэта смелая, аднак паслядоўна абгрунтаваная выснова Яна Чыквіна пра тое, што артыкул “Сплачывайце доўг” В.Ластоўскага з’яўляецца “канспектам” гутарак Власта менавіта з М.Багдановічам, які праездам у Ракуцёўшчыну двойчы наведваў Вільню, прычым у 1911 г. дзве ночы правёў разам з Ластоўскім за гутаркамі ў рэдакцыі “Hашай Hівы” [15, с. 19-24]. Ян Чыквін слушна заўважае, што ўласныя густы і творчыя схільнасці Ластоўскага на той час былі аддаленымі ад жанраў паэтычных. Сапраўды, ва ўспамінах Ластоўскага пра тыя гутаркі з Багдановічам “ад змяркання да світання” чытаем: “Багдановіч дзяліўся сваімі думкамі і з захапленнем пераймаў ад мяне мае ведамасці з беларускай (крыўскай) этнаграфіі і гісторыі <…> [6, с. 194]. У гэтым кантэксце лагічна гучыць меркаванне даследчыка: у 1911 г. “і да паэзіі, глыбока заангажаванай у грамадска-нацыянальную праблематыку тыпу Купалавай, і да “парнаскай”, як у Багдановіча, ён [Ластоўскі] не меў, здаецца, сэрца” [15, с.22].

З такога пункту гледжання (супроцьстаяння “грамадскага” і “парнаскага”) Я.Чыквіным актуалізуюцца вершы Купалы “Песняру-беларусу” (1909) – і Багдановіча “Песняру” (1910); артыкул Багдановіча “Глыбы і слаі. Агляд беларускай краснай пісьменнасці 1910 г.” (1911), артыкул “Сплачывайце доўг” Ю.Верашчакі-В.Ластоўскага (дзе насамрэч, на думку Я.Чыквіна, Властам выкладзены эстэтычныя прынцыпы найперш М.Багдановіча, 1913) – і артыкул Купалы, “аднаго з “парнаснікаў”, “Чаму плача песня наша? (Адказ Юрцы Верашчаку)”, 1913. Не абмінае Я.Чыквін і згадку В.Ластоўскага [6, с. 193, 197] пра ліставанне М.Багдановіча на эстэтычна-паэтычныя тэмы з С.Палуянам і – пасля смерці С.Палуяна – з самім Властам (1910 – 1914).

Аргументам, што ўскосна пацвярджае значнасць уплыву асабістых сустрэч М.Багдановіча з В. Ластоўскім на справы рэдакцыйнай палітыкі “Нашай Нівы”, можа служыць таксама наступны цікавы факт, адзначаны даследчыкам нашаніўскага пісьменства П.Навойчыкам [7, с. 95-97]. У 1911г. Фабіян Шантыр ужо быў памкнуўся інспіраваць у “Нашай Ніве” дыскусію пра ідэю красы ў беларускай літаратуры, прычым з ацэнкай мадэрнісцкіх уплываў у ёй; аднак тады Ластоўскі гэтае памкненне спыніў. Вось як Шантыр у лісце ў “НН” (датаваным 1912 г.) абураеца пазіцыяй Ластоўскага: “Пішаце, што мой адказ на “Глыбы і слаі” не можаце друкаваць: “бо прычыны для такога гарачага адказу няма” [12, с. 1]; і далей Шантыр абураецца фактычнай згодай Ластоўскага з тым, што Багдановіч у “Глыбах і слаях” ацаніў апавяданне Власта “Мары” (1910) як залежнае ад польскага мадэрнізму, бо Ластоўскі пісаў Шантыру: “А што па духу “Мары” Власта прыпамінаюць польскіх мадэрністаў, проці гэтага сам п. Власт не пярэчыць” [12, с. 1]. Фабіян Шантыр крыўдуе, што рэдакцыя “Нашай Нівы” не дала яму магчымасці на старонках газеты падыскутаваць з Багдановічам, выказаць свае крытычныя адносіны да мадэрнізму. Але менавіта пасля асабістых стасункаў з М.Багдановічам Власт, відавочна, пераасэнсаваў маштаб праблемы, якую першым дыскусійна завастраў Ф.Шантыр, і ўжо ў 1913 г. В.Ластоўскі сам даў ход славутым дэбатам.

У своеасаблівы эстэтычны і палемічны маніфест Багдановіча – за “парнаскасць” супраць непасрэднай “заангажаванасці” – Ян Чыквін аб’ядноўвае яшчэ чатыры публікацыі паэта: “За тры гады. Агляд беларускай краснай пісьменнасці 1911 – 1913” (1913), “Апокрыф” (1913), “Ліст да п. В.Ластоўскага (***Хоць значыць гэтае несць у Афіны словы…)” (1913), “Апавяданне аб іконніку і залатару” (1914). А пераможнай “кропкай” Купалы ў эстэтычнай спрэчцы з Багдановічам Я.Чыквін лічыць верш “Мая навука” (1919), створаны пасля смерці Багдановіча, і менавіта ў кантэксце гэтай спрэчкі даследчыкам перачытваюцца з новымі сэнсавымі адценнямі амаль усе радкі гэтага верша – ад “Мне мудрасці кніжнай не даў Бог пазнаці” да “Цяпер беларускай я песні ўладар” [15, с. 32-33].

Як бачым, класічныя тэксты, асэнсаваныя Я.Чыквіным праз біяграфічна-псіхалагічнае, па-новаму нас інтрыгуюць, выяўляюць новыя магчымыя падтэксты, наноў сцвярджаюць значнасць дынамічных ідэй у творчасці.

Між тым у 1990-я гады ў беларускім культурным жыцці адбыўся сапраўдны ўздым цікавасці да суайчыннікаў за межамі Беларусі, чые творы пачалі актыўна друкавацца на Радзіме. Пафас таго часу дакладна адлюстраваў у адным са сваіх вершаў (з кнігі “Евангелле ад Мамы”, 1995г.) Рыгор Барадулін:

Адзінакроўныя браты,

Адзінамоўныя паэты,

Вяртаецеся з небыцця,

Вяртаецеся з нематы,

Як злом замглёныя планеты,

Што дажылі да адкрыцця.

Беларускі чытач знаёміўся з навуковымі публікацыямі не толькі Ант.Адамовіча, В. Жук-Грышкевіча, Р.Жук-Грышкевіч, В. Кіпеля, З. Кіпель, Я.Запрудніка, Л.Юрэвіча, іншых “далёкіх” аўтараў пра паэтаў дыяспары. Актыўна пісалі пра іх і даследчыкі “блізкія”: Б.Сачанка, А.Грыцкевіч, У.Гніламёдаў, В.Каваленка, У.Калеснік, А.Каўка, У.Конан, А.Марціновіч, М.Мішчанчук, Л.Пранчак, М.Скобла, Г.Тварановіч, Г.Тычка, Л.Тарасюк, М.Тычына, а таксама М.Танк, Н.Гілевіч, С.Панізнік, Г.Бураўкін, многія іншыя. У 2001г. Л.Савік выдала спецыяльнае, падагульняючае паводле публікацый ды розных менш даступных матэрыялаў таго часу, амаль пяцісотстаронкавае даследаванне паэзіі эмігрантаў “Пакліканыя: Літаратура беларускага замежжа” [10]. Л.Савік уважліва ўлічыла ўжо зробленае іншымі даследчыкамі (у тым ліку і Янам Чыквіным), змясціла ў “Пакліканых…” навуковую бібліяграфію, а таксама спісы арыгінальных публікацый на Беларусі ў 1990-я гады Наталлі Арсенневай, Уладзіміра Дудзіцкага, Хведара Ільляшэвіча, Янкі Золака (Антона Даніловіча), Міхася Кавыля (Язэпа Лешчанкі), Уладзіміра Клішэвіча, Рыгора Крушыны (Казака), Алеся Салаўя (Альфрэда Радзюка), Масея Сяднёва.

І ўсё ж, назваўшы столькі імёнаў навукоўцаў, якія аналізавалі паэзію беларускага замежжа, вернемся да таго факта, што менавіта артыкулы-партрэты Яна Чыквіна пра Арсенневу і Сяднёва ўвайшлі ва ўжо названы намі вышэй акадэмічны шматтомнік “Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя…”. Такі рэдакцыйны выбар быў бадай што заканамерным, і вось па якой прычыне.

Няцяжка зразумець, чаму постсавецкія даследчыкі, пішучы пра “рэабілітаваных” творцаў, са спецыяльнай руплівасцю паставіліся да аб’ектыўных, па-грамадскаму актуальных фактаў у біяграфіях тых жа Н.Арсенневай, Л.Геніюш, М.Сяднёва; чаму творчасць гэтых паэтаў разглядалася спачатку і абавязкова як сведчанне беларускага быцця гістарычнага, сацыяльнага, і толькі “ў другую чаргу” – у сваёй адзінкавасці, суб’ектыўнасці, асабістасці. Тут выявілася не столькі пэўная інерцыя крытычнага мыслення, колькі імператыў часу, неабходнасць “збірання камянёў” у падмуркі незалежнай Беларусі 1990-х гг.

На гэтым фоне тое жыва-псіхалагічнае, што ўмее раскрыць Ян Чыквін у партрэце творцы, уменне даследчыка ўбачыць “крыжовыя дарогі” своеасаблівым свежым вокам, са спецыяльнай увагай да індывідуальнай паэтыкі ды ў варунках традыцый агульнаеўрапейскіх, амерыканскіх, роўна як і савецкіх, безумоўна вылучае чыквінскія працы.

Возьмем яшчэ адзін прыклад. З выданнем у Мінску ў 1994 годзе кнігі выбраных твораў Янкі Юхнаўца “Сны на чужыне” ўвага да яго лірыкі і прозы, “зацемак” і “драматургічных начыркаў” відавочна ўзмацнілася; так, напрыклад, Янка Юхнавец быў уключаны ў шэраг аўтараў, чыя творчасць прапаноўвалася для вывучэння студэнтам-філолагам Беларускага дзяржаўнага універсітэта ў курсе беларускай літаратуры ХХ стагоддзя [8]. І сталыя, і маладзейшыя даследчыкі малявалі своеасаблівы партрэт арыгінальнага творцы. Назавём працы А.Макміліна (Макмілін А., Янка Юхнавец: адзінокі эксперыментатар, [у:] Макмілін А. Беларуская літаратура дыяспары; пер. з англ., – Мінск, 2004); Е.Лявонавай ( Лявонава Е.А., Свята асацыяцый. Паэзія Я.Юхнаўца, [у:] Лявонава Е.А. Беларуская літаратура ХХ стагоддзя і еўрапейская літаратурная традыцыя, Мінск, 2002); А.Бяляцкага (Бяляцкі А., Адкрыццё прыхаванага сэнсу, [у:] Юхнавец Я. Сны на чужыне: Выбраныя творы, уклад., прадм. А.Бяляцкага , (“Галасы беларускага замежжа”), Мінск, 1994); А.Пашкевіча (Пашкевіч А.А. Канцэпцыя нацыянальнага быцця ў беларускай літаратуры (Проза замежжа ХХ стагоддзя), Мінск, 2002) … Папулярызацыі Я.Юхнаўца паспрыяў і спецыяльны нумар часопіса “Крыніца” (№ 2 за 1996 год), які выйшаў у свет з вялікай падборкай літаратурна-крытычных ды эсэістычных матэрыялаў пра паэта.

Аднак самы арыгінальны артыкул пра Янку Юхнаўца стварыў Ян Чыквін. Маючы на ўвазе рэдакцыю гэтага артыкула ў кнізе “Далёкія і блізкія…” – “Набліжэнне вандроўніка (Лірыка Янкі Юхнаўца)”– прафесар з Лондана А.Макмілін зазначыў пра плён прафесара з Беластоку: гэта “найлепшая з надрукаваных прац, дзе аналізуецца паэзія Я.Юхнаўца” (гл. с. 79 вышэйназванай кнігі Арнольда Макміліна).

У кнізе “Па прызванні і абавязку…” Ян Чыквін, як ужо гаварылася, выявіў асаблівую чуйнасць да патрэб сучаснага беларускага літаратурнага працэсу. З акрэсленых ім перспектыўных кірункаў развіцця нашага пісьменства – а гэта ўвага творцаў да рэлігійных матываў, да набыткаў заходняга свету, а таксама да самой літаратуразнаўчай метадалогіі, – адно пажаданне ўжо спраўдзілася: гэта выснова пра неабходнасць больш інтэнсіўных перакладаў польскай паэтычнай класікі на беларускую мову.

Так, у артыкуле “Збігнеў Гэрберт па-беларуску (Да праблемы польска-беларускіх перакладаў)” Ян Чыквін яшчэ раз даў нам падставы прыгадаць пра ягоны ўласны вопыт перакладчыка, пра ягоную арыгінальную, з майстэрствам, любоўю і натхненнем створаную кнігу “Лісце срэбнай таполі”. Маючы такі вопыт, Ян Чыквін у артыкуле грунтоўна прааналізаваў стан самой праблемы ў новым часе, пачынаючы з 1990-х гг., прывітаў плён маладзейшага пакалення беларускіх перакладчыкаў; іх ён назваў прадаўжальнікамі “вялікага пачыну Максіма Танка, які ў ХХ стагоддзі быў, здаецца, найбольшым знаўцам, перакладчыкам і папулярызатарам польскай паэзіі на Беларусі” [15, с. 47-48]. Высока ацаніў Ян Чыквін пераклады Ніны Мацяш з Віславы Шымборскай, адзначыў таксама пераклады Алега Мінкіна з Цыпрыяна К.Норвіда, Леапольда Стафа, Баляслава Лесьмяна, больш падрабязна, дэтальна і строга, але добразычліва прааналізаваў пераклады Юрася Бушлякова са Збігнева Гэрберта. І так сталася, што словы з фразы, якою Я.Чыківін скончыў свой артыкул – пра невыпадковасць, надзвычайную актуальнасць паэзіі З.Гэрберта для Беларусі, аказаліся прарочымі. Гэтымі словамі і цэлым артыкулам Ян Чыквін нібы прадказаў з’яўленне новага “двухтомніка” перакладаў Збігнева Гэрберта на беларускую мову (кнігі выйшлі ў агульным па стылі афармленні, але не пранумараваныя як тамы аднаго выдання). Першая з новых кніг называецца “Рэканструкцыя паэта” [4]. Тут змешчаны выбраныя вершы са зборнікаў Гэрберта “Струна святла”, “Гермес, пёс і зорка”, “Даследаванне прадмету”, “Надпіс”, “Пан Когіта”, “Рапарт з Гораду ў аблозе”, “Элегія на адыход”, “Эпілог буры” і інш., драматургічны твор “Рэканструкцыя паэта”; пададзены розныя версіі перакладаў некаторых вершаў. Перакладчыкі – Юрась Бушлякоў, Марына Казлоўская, Серж Мінскевіч, Тацяна Сьлінка, Ілона Урбановіч-Саўка, Андрэй Хадановіч. Другая кніга мае на сваёй вокладцы назву “Спроба апісаньня… Выбраная эсэістыка” [5]. Крыніцамі перакладаў названыя варшаўскія выданні З.Гэрберта 2000, 2003 і 2004 гадоў; выбраныя эсэ – “Спроба апісання грэцкага краявіду”, “Душанька”, “Акропаль”, “Арль”, “Il Duomo”, “Пра альбігойцаў, інквізытараў і трубадураў”, “Абарона тампліераў”, “Колькі каштуе мастацтва”, “Горкі пах туліпанаў”, “Натурморт з цуглямі”. Перакладчыкі – Марына Казлоўская, Марыя Мартысевіч, Марына Шода. Чакацьмем рэцэнзій на новае выданне па-беларуску З.Гэрберта, пра якога Ян Чыквін піша: “Сафістычна-сакратычная, цалкам зрацыяналізаваная паэзія Збігнева Гэрберта дэманстратыўна падкрэслівае сваю анталагічную сувязь з інтэлектуальнымі і іерархічнымі вартасцямі заходнееўрапейскай, так званай міжземнаморскай культуры” [15, с. 48]. Застаецца толькі канстатаваць відушчасць даследчыцкай інтуіцыі Яна Чыквіна, які і ў перакладчыцкай галіне паслядоўна акцэнтуе важнасць для беларускай літаратуры традыцый Максіма Багдановіча, важнасць засваення менавіта “парнаскіх” паводле эстэтычнага радаводу тэкстаў, хоць яны і цяжэй паддаюцца перакладу.

Такім чынам, відавочна, што сэрца Яна Чыквіна – паэта, перакладчыка і даследчыка літаратуры – аддадзена Парнаскай красе. Аднак гэтая краса жыве ў гарманічным спалучэнні з грамадскай чыннасцю Яна Чыквіна – страшыні “Белавежы”, патрыёта Беласточчыны, з якой у дзяцінстве пачаўся для яго вядомы нам усім сакральны шлях да Радзімы-Беларусі.

Літаратура

  1. Беларускія пісьменнікік Польшчы. Другая палова ХХ ст. / Уклад. Я.Чыквіна; Прадм. У.Конана. – Мн.: “Беларускі кнігазбор”, 2000. – 576 с.
  2. Гл. старонкі 772 – 809 у кн.: Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя; У 4 т. Т.4. Кн.2. 1986 – 2000 / НАН Беларусі, Аддз-не гуманітар. навук і мастацтваў, Ін-т літ. Імя Я.Купалы; Навук. рэд. У.В.Гніламёдаў, С.С.Лаўшук. – Мн.: Бел. навука, 2003. – 975 с.
  3. Горский И.К. Об исторической поэтике Александра Веселовского // Веселовский А.H. Историческая поэтика / Вступ. ст. И.К. Горского; Сост., коммент. В.В.Мочаловой. – М.: Высш. шк., 1989. – С. 11-31. (Классика литературной науки)
  4. Гэрбэрт, З. Рэканструкцыя паэта: вершы, п’еса / Зьбігнеў Гэрбэрт; пераклад з польскай мовы. – Мінск: Логвінаў, 2009. – 244с.
  5. Гэрбэрт, З. Спроба апісаньня: зсз / Зьбігнеў Гэрбэрт; пераклад з польскай мовы. – Мінск, Логвінаў, 2009. – 248 с.
  6. Ластоўскі В. Мае ўспаміны аб М.Багдановічу // Ластоўскі В.Выбраныя творы: /Уклад., прадмова і каментарыі Я.Янушкевіча. – Мн.: “Беларускі кнігазбор”, 1997. – С. 190 – 197.
  7. Навойчык П.І. “Наша Ніва” і літаратурна-грамадскі працэс на Беларусі пачатку ХХ стагоддзя: Дыс. … канд. філал. навук: 10.01.01 / Беларус. дзярж. ун-т. – Мінск, 1996. – 115с.
  8. Праграма па гісторыі беларускай літаратуры ХХ стгоддзя: Для студэнтаў філал. фак. спец. “Беларуская філалогія”, “Руская філалогія”, “Славянская філалогія”, “Замежная філалогія” / Аўт.-склад. Л.Дз.Сінькова, А.А.Пашкевіч; пад рэд. Дз.Я.Бугаёва. – 2-е выд., дапрац. і дап. – Мн.: БДУ, 2003. – С. 59.
  9. Рабіць сваё (з Янам Чыквіным гутарыць Сакрат Яновіч) // Чыквін Ян. Па прызванні і абавязку. Літаратурна-крытычныя артыкулы. – Беласток, 2005. – С. 231-236.
  10. Савік Л.С. Пакліканыя: Літ. бел. замежжа / Л. – Мн.: Тэхналогія, 2001. – 479 с., [8] арк. іл.
  11. Творчасць Янкі Юхнаўца (Эстэтычна-філасофскія аспекты) // Чыквін Ян. Па прызванні і абавязку. Літаратурна-крытычныя артыкулы. – Беласток, 2005. – С. 122-170.
  12. ЦДзАМЛІМ, ф. 66, воп. 1, адз. зах. 1493, арк.1-2. [Фонды Цэнтральнага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва]
  13. Чыквін Ян. Далёкія і блізкія. Беларускія пісьменнікі замежжа. – Беласток, 1997. – 201 с.
  14. Чыквін Я. Лісце срэбнай таполі: з польскай лірыкі ХХ стагоддзя / Выбраў і пераклаў Ян Чыквін. – Беласток, 1999. – 110 с. (Бібліятэчка Беларускага літ. аб’яднання “Белавежа”, кн. 28).
  15. Чыквін Ян. Па прызванні і абавязку. Літаратурна-крытычныя артыкулы. – Беласток, 2005. – 236 с.

Друкавалася [у]: Сінькова Людміла. З любоўю да Красы: беларусазнаўчыя даследаванні Яна Чыквіна / Literatury wschodnioslowianskie: z nainowszych badan, Вialystok, 2010;

Сінькова Л.Д. Паміж тэкстам і дыскурсам: Беларуская літаратура ХХ – ХХІ стст. : гісторыя, кампаратывістыка і крытыка (літаратурная крытыка, артыкулы, гутаркі) / Людміла Сінькова. – Мінск : Паркус плюс, 2013. – С. 186 – 195. (296 с.)