Адна з самых папулярных цытат у беларускім літаратуразнаўстве – думка Максіма Багдановіча з артыкула “Забыты шлях” (1915) пра актуальнасць для беларусаў “скарбніцы сусветнай культуры”, але і пра меру ў наследаваннях: “…занасіць толькі чужое, на развіваючы свайго – гэта яшчэ горш: гэта значыць глуміць народную душу” [2, с. 291]. Такім чынам, М.Багдановіч вылучаў як каштоўнасць і тое, што даследчыкі яго творчасці назавуць прафесійнай вывучкай, рамесніцтвам, “сальерызмам”, аднак і тое, што вырастае з вучобы і рамесніцтва, што вяртаецца ў сусветную культуру ўжо цалкам сваім, беларускім. У першую чаргу неакласіцызм М.Багдановіча-адраджэнца, які выдатна даследавала Л.Тарасюк [10, с. 68-74], вызначаў пэўную акадэмічнасць у творчасці паэта, яго павагу да мастацкіх узораў мінулага, у тым ліку – да фальклору.

Аднак разам з гэтым М.Багдановіч быў адным з першых, хто падкрэсліў заганнасць залішняга піетэту перад вуснай народнай творчасцю (надоўга апярэдзіўшы, між іншым, пазнейшае падцэнзурнае савецкае літаратуразнаўства з яго кананізацыяй калектыўнай творчасці тыпу вершаванага пісьма Сталіну або партызанскіх частушак 1940-х гг.). Акадэмік В.Каваленка, развіваючы гэтую думку М.Багдановіча, пісаў пра збядненне, прымітывізацыю той літаратуры, якая залішне паслядоўна імітуе фальклор, бо фальклор з’яўляецца толькі першапачатковай формай грамадскай свядомасці – прычым свядомасці яшчэ ў вялікай ступені сінкрэтычнай, канкрэтна-практычнай, не скіраванай на ўсведамленне каштоўнасці індывідуальнага або адцягненага пачуцця і мыслення [6]. Пагодзімся таксама з доктарам мастацтвазнаўства У.Конанам, які лічыў, што прызнанне “народным” толькі непасрэднага, “рэалістычнага” адлюстравання сацыяльнага і “прыроднага” быцця працоўнага народа, пазбаўленага складанай асацыятыўнасці і філасофскай медытацыі [7, с. 5], вядзе да катастрафічнага звужэння самога паняцця нацыянальнай мастацкай традыцыі.

Як вядома, імітацыя фальклору (за выключэннем славутых містыфікацый, тыпу паэм Ассіяна <Оссиана>, нібыта перакладзеных з гэльскай Джэймсам Макферсонам; або “Спеву аб Гайаваце” Генры Лангфела, і падобн.) вялікай мастацкай вартасці не мае; з фальклорам гарманізуюцца найперш стылізацыі, г.зн. яго пераасэнсаванні праз асобу новага лірычнага героя.

Якраз Максім Багдановіч стварыў класічныя ўзоры паводлефальклорнай стылізацыі, прычым звярнуўся паэт не толькі да нацыянальнай традыцыі, але і да іншакультурнай. Амаль адначасова выспявала і тэорыя стасункаў паэта з фальклорам (у артыкуле “Забыты шлях”), і практыка. Гэта цыкл “Песні” з вершамі-стылізацыямі пад пэўную народную творчасць: “Сербская”, “Руская”, “Украінская”, “Скандынаўскія”, “Іспанскія”, “Японскія”, “Персідскія”. Падрабязна даследавала засваенне паэтам “чужога” ўзору на прыкладзе іспанскай народнай коплы І.Багдановіч, якая грунтоўна прааналізавала “Іспанскія песні” М.Багдановіча (“Яснавокая Аніта…”, “Донна Клара твар закрыла”) і блізкі да іспанскай коплы верш паэта “Из испанских мотивов” [3, с.с.180, 187-193]. Выснова даследчыцы слушная: стылізацыі М.Багдановіча дэманструюць паважнае, але прынцыпова вольнае стаўленне паэта да канона, і тут варта пагадзіцца з Н.І.Лапідусам, які лічыў, што падобныя творы М.Багдановіча “не з’яўляюцца дакладным перакладам канкрэтных песень таго ці іншага народа, а вынікам творчай апрацоўкі на аснове самага ўважлівага вывучэння” [8, с. 192].

Не копіямі фальклорнай паэтыкі, а індывідуальнымі стылізацыямі з’яўляюцца і тыя творы, якія М.Багдановіч назваў “вершамі беларускага складу” (з нізкі “На ціхім Дунаі” і інш.): “Бяседная”, “Скірпуся”, “Лявоніха”, “Агата”, верш на матывы рэкруцкіх песняў “Як Базыль у паходзе канаў…”, а таксама творы “Максім і Магдалена”, “Страцім-лебедзь”, “Мушка-зелянушка і камарык – насаты тварык”. Розніцу з фальклорнай стылістыкай праілюструем адным прыкладам:

Ах, Лявоніха, Лявоніха мая!

Спамяну цябе ласкавым словам я, –

Чорны пух тваіх загнутых брывянят,

Вочы яркія, ласкавы іх пагляд;

Спамяну тваю рухавую пастаць,

Спамяну, як ты умела цалаваць [1, с. 301].

Пад пяром паэта калізія відавочна фальклорная ператварылася ў энергічнае выказванне лірычнага героя. Стылізацыямі паводле беларускага фальклору з’яўляюцца і такія вершы з нізкі “Згукі Бацькаўшчыны”, як “Уся ў слязах, дзяўчына…”, “Сумна мне, а ў сэрцы смутак ціха запявае…”, “Сэрца ные, сэрца кроіцца ад болю…”.

Асобна трэба вылучыць таксама тыя вершы, дзе фрагменты фальклорнай стылістыкі відавочна пераносяцца М.Багдановічам у вельмі выразны, асабіста-асацыятыўны мастацкі кантэкст; тут узнікае новае сэнсавае гучанне фальклорных (і міфалагічных) элементаў – уласна аўтарскае. Такі, напрыклад, верш “Змяіны цар” з нізкі “У зачарованым царстве”.

Аналагічныя стасункі з іншакультурнай традыцыяй ды фальклорам склаліся і ва Уладзіміра Жылкі. Максім Багдановіч быў улюбёным Жылкавым паэтам. Абодва служылі Красе-Айчыне, і неўзабаве “трагічнае хараство” такой смерці, што ператвараецца ў нацыянальную легенду, паяднала абодвух. У 1924 г. Уладзімір Жылка, звяртаючыся да Антона Луцкевіча, пацвярджаў: “Я згодны з Вамі, што беларусам, творачы, трэба палажыць як грунт для свае творчасці народную творчасць, але мы мусім прысвоіць сабе ўсе здабыткі сусветнага пісьменства. Высшае хараство будзе ў умелым згарманізаванні высокай культуры і тэхнікі [верша] разам з народным элементам” [5, с. 262]. “Вершамі беларускага складу” ў спадчыне У.Жылкі найперш з’яўляюцца “Да Пятра зязюленька…”, “Месячыку-месяц…”, “Падарожным, Божанька…”.

Месячыку-месяц,

Срэбненькія рожкі,

З-за хмарынкі, месяц,

Выгляні хоць трошкі.

 

Бедная галоўка,

Што не мае долі:

Дажынаць свякроўка

Кінула на полі.

 

Супраць ночы цёмнай

Ледзь дамоў вяртаю,

Цішынёй таёмнай

Цемната пужае… [5, с. 70]

З Багдановічавай нізкай “Згукі Бацькаўшчыны” суадносіцца Жылкаў верш “Падарожным, Божанька…” Строга кажучы, не ўсе строфы ў падобных вершах могуць быць выразна стылізаванымі; нярэдка ў іх фальклорная вобразнасць рэдукуецца:

Падарожным, Божанька,

Ды не лёгка йсці.

Не відаць дарожанька –

Цяжка ў беспуцці.

 

З тропу, сцежкі роднае

Збіліся дзяды,

І гады нягодныя

Замялі сляды.

 

А душа мужычая

І да гэтых пор

Па старому звычаю

Моліцца да зор…[5, с.119-120]

У.Гніламёдаў (маючы на ўвазе М.Багдановіча) лічыць, што “вершы беларускага складу” былі вопытам стварэння “чыста беларускіх вершаў” на аснове пераасэнсавання сувязей паміж літаратурай і фальклорам (а не на аснове, скажам, улюбёных і Багдановічам, і Жылкам цвёрдых раманскіх формаў або вершаваных формаў антычнасці). Аднак “вершы народнага складу” для беларускай літаратуры, на думку У.Гніламёдава, засталіся найперш “таленавітым эксперыментам”, бо “напрамак, якім пайшло далейшае развіццё беларускай паэзіі, не стаў паўтарэннем “забытага шляху” <…> [г.зн., вяртаннем да “фальклорападобнага”, па выразу У.Гніламёдава, вершаскладання. – Л.С.]. Гэта быў шлях яскрава выяўленай індывідуальнай творчасці” [4, с. 77].

Сучасныя мастакі таксама нярэдка скарыстоўваюць фальклорныя (і міфалагічныя) формы як падставу для навейшай культурнай камунікацыі. Апеляцыя да фальклорных формаў, арганізаваных у новыя сэнсавыя адзінствы – сталая прыкмета беларускай паэзіі. Напрыклад, у Р.Баравіковай чытаем:

Грамніцы прыйшлі, грамніцы!

Напіўся певень вадзіцы,

Снягі на лугах пацямнелі,

На поўнач вятры адляцелі!

Грамніцы прыйшлі, грамніцы!

Вясну сустракаць маладзіцы

У хустках квяцістых вышлі.

Са стрэх, нібы спелыя вішні,

Коцяцца долу слязінкі –

Плачуць на сонцы ільдзінкі!

 

Хай снег пад нагамі хрусткі

Паскрыпвае, нібы масніцы!

Скідайце, жанчыны, хусткі,

Грамніцы прыйшлі, грамніцы! [9, с. 75-76]

Арганізуе гэты верш выразная фальклорная атрыбутыка, аблічча ж лірычнай гераіні ў ім – індывідуальнае, псіхалагічна аддаленае ад суб’екта фальклорнага тэксту.

Пішучы пра Максіма Багдановіча, Л.Тарасюк заўважыла: пасрэднасць у такім эпіцэнтры літаратурных уплываў “грашыла б эклектыкай”. А ў таленце Багдановіча, “як на залататканым слуцкім поясе, праз канву персідскіх (рускіх, французскіх, антычных) матываў заўсёды прабіваўся родны васілёк [10, с. 67]. Экстапалюем гэтыя словы на ўсю паводлефальклорную паэзію.

Літаратура

  1. Багдановіч М. Поўны зб.тв. У 3-х т. Т.1. Мн.: Навука і тэхніка, 1992.
  2. Багдановіч М. Поўны зб.тв. У 3-х т. Т .2. Мн.: Навука і тэхніка, 1993.
  3. Багдановіч І.Э. Авангард і традыцыя: Бел. паэзія на хвалі нацыянальнага адраджэння / І.Э.Багдановіч. – Мн.: Бел. навука, 2001.
  4. Гніламёдаў У. Ад даўніны да сучаснасці: Нарыс пра беларускую паэзію / У.Гніламёдаў. – Мн.: Маст. літ., 2001.
  5. Жылка Ул. Выбраныя творы / Укладанне, прадмова і каментарыі М.Скоблы. Мн.: “Беларускі кнігазбор”, 1998.
  6. Каваленка В.А. Вытокі. Уплывы. Паскоранасць. Развіццё беларускай літаратуры ХІХ – ХХ стагоддзяў /В.А.Каваленка. – Мн.: Маст. літ., 1975.
  7. Конан У. Святло паэзіі і цені жыцця: Лірыка Максіма Багдановіча / У. Конан. – Мн.: Маст. літ., 1991.
  8. Лапідус Н. Песні розных народаў у пераспеве Максіма Багдановіча // Полымя. 1988, № 12.
  9. Святло слова: дапаможнік па лінгвакультуралогіі / Г.І.Басава, В.І.Іўчанкаў, Л.Д.Сінькава; Навук. рэд. А.Я.Міхневіч. – Мн.: Адукацыя і выхаванне, 2002.
  10. Тарасюк Л.К. Апалогія красы: Кніга пра беларускую паэзію / Л.К.Тарасюк. – Мн.: ВТАА “Права і эканоміка”, 2003.

Друкавалася [у]: Сінькова Л.Д. “Вершы народнага складу” Максіма Багдановіча і Уладзіміра Жылкі // Фальклор і сучасная культура, Мінск, 2008;

Сінькова Л.Д. Паміж тэкстам і дыскурсам: Беларуская літаратура ХХ – ХХІ стст. : гісторыя, кампаратывістыка і крытыка (літаратурная крытыка, артыкулы, гутаркі) / Людміла Сінькова. – Мінск : Паркус плюс, 2013. – С. 103 – 107. (296 с.)