На фоне нашай пастаяннай трывогі за лёс беларускай кнігі вынікі акцыі-апытання “Любімыя творы беларускай літаратуры ХХ стагоддзя” на першы погляд усцешваюць: чытачы назвалі творы Купалы, Коласа, Багдановіча, Мележа, Быкава, Шамякіна, Караткевіча; не абмінулі Танка, Крапіву, Барадуліна, Гілевіча, і яшчэ 53 прозвішчы аўтараў, чые творы называлі радзей, але ўсё ж хтосьці ўганараваў іх як свае любімыя. Відавочна, аднак, што апытанне выявіла найперш павагу да хрэстаматыйнай беларускай класікі і ўдзячную памяць пра яе – з тых часоў, калі яна вывучалася ў школе – сярэдняй або вышэйшай, і калі яна мела статус неабходнага складніка нашай адукацыі і нашага жыцця.
Варта, аднак, зайсці ў Цэнтральную кнігарню на мінскім праспекце і зірнуць на яе паліцы, каб упэўніцца, што названыя творы насамрэч займаюць вельмі сціплае месца сярод той кніжнай прадукцыі, якая запатрабавана сённяшнім чытачом, пакупніком. Стаіць ён найбольш ля паліц з зусім іншай літаратурай – так званай масавай. І пра суадносіны масавага і элітарнага на кніжным рынку варта сказаць больш падрабязна.
Што такое масавая літаратура?
Гэта кнігі, у якіх пра што заўгодна расказваецца элементарна, “на пальцах”: гэта папулярныя думкі ў папулярных формах, гэта “простыя словы, простыя рэчы” для “простага” чытача.
Варта аднак, агаварыцца. Калі дасціпны Лявон Вольскі, аўтар знакамітага слогана пра простыя словы і простыя рэчы, мае на ўвазе “хлеб на стале і полымя ў печы”, дом, сям’ю, наш беларускі свет, то мы разумеем: насамрэч гэта зусім няпроста – пабудаваць свой дом, вырасціць сына, зладзіць агмень. І мы адчуваем усмешку аўтара, перажываем эйфарыю, слухаючы NRM: як гэта здорава, што Вольскі змог перафармаціраваць у папулярны слоган нашы (бо па-беларуску!) сакральныя сэнсы. Гэта “проста” – і як аўтэнтычная вышыванка, і як майка з вышытым знакам Свамовы Міхася Баярына адначасова.
Аналагічна: чытаючы Быкава, ніхто не думае, што “У тумане” – гэта толькі дэтэктыў. Любому ясна, што тут форма дэтэктыва абслугоўвае Быкава, а не наадварот (і ў фільме Сяргея Лазніцы па Быкаву, трыумфатары Канскага фестывалю, той жа дэтэктыў абслужыў арт-хаус). Банальны прыклад такога ж кшталту – амаль увесь Дастаеўскі.
І наадварот: кароткі слоган на тэму “Нигде, кроме / как в Моссельпроме” (нават калі яго аўтар – сам Маякоўскі) – гэта ўсяго толькі масавая рэклама. А дэтэктыў, у якім няма нічога звыш таго, што нехта некага забіў, у кагосьці штосьці скраў ці падмануў чужую жонку – гэта толькі масавае чытво: разгадванне крыжаванкі, скакалка для мазгоў, вінпацэцін.
Калі з’явілася масавая літаратура?
– найперш тады, калі з’явіліся масы, здольныя яе чытаць, спажываць. Калі з’явіўся не толькі элітарны чытач, але больш ці менш адукаваня дэмакратычная публіка, чый вольны ад працы час мог быць аддадзены кнізе;
– канешне, тады, калі з’явіліся тэхналогіі: і вытворчыя – каб чытанне зрабілася банальна-зручным, і інтэлектуальныя – каб цэлая сістэма лёгкіх жанраў, аднойчы шчасліва вынайдзеных пэўнымі творцамі ўпершыню (дэтэктываў і меладрам, трылераў і фантастыкі, коміксаў і фэнтэзі) набліжала кніжны свет да чытача;
– тады, калі з’явілася дастаткова шмат аўтараў, якія пачалі штампаваць па вядомых жанравых схемах самую розную літаратурную прадукцыю, г. зн., калі з’явіліся прафесійныя вытворцы на гэтым полі;
– і, галоўнае, тады, калі з’явіліся грошы, эканамічныя магутнасці, каб “Забойства на вуліцы Морг” (напісанае Эдгарам По ў 1841 г.) і Шэрлак Холмс (першае апавяданне пра яго Конан Дойль напісаў у 1891 г.) змаглі заваяваць чытачоў усяго свету і натхніць цэлую армію эпігонаў Эдгара По і Артура Конан Дойля.
Пасля гэтага – тэхналагічна – ужо адзін крок заставаўся да глабальнай экспансіі амерыканскіх коміксаў і японскіх манга, герояў фэнтэзі ад англічан Толкіена і Роўлінг, а затым – цацак і камп’ютарных гульняў накшталт Бэтмэна, Барбі, Тамагочы і Пакемонаў…
Чаму літаратура для мас такая папулярная ва ўсім свеце?
Вядома, у іншых народаў таксама ёсць свая міфалогія, казкі, літаратура і культура – але няма такіх тэхналагічных і фінансавых магчымасцяў, каб трансляваць уласнае светабачанне ўсім і кожнаму, хто ахвочы спажываць прафесійна прыгатаванае і ўпакаванае.
Але, можа быць, нават больш важная за эканоміку тут псіхалогія: масавая літаратура актыўна і наўпрост звяртаецца да нашага ўнутранага жыцця – да нашых патаемных жаданняў, мар, нашай фантазіі, уяўленняў пра будучыню, нашай прагі незвычайных прыгод і асалод, яскравых эмоцый… Не толькі да свядомага, але і да падсвядомага, да інстынктаў, страхаў і комплексаў. Фрэйд з яго тэзісамі пра сублімацыю ў ХХІ стагоддзі аказаўся суперактуальным.
І калі чалавек не хоча засмучаць сябе надзвычай траўматычнай праўдай пра рэальныя войны і чарнобылі, сацыяльны гвалт і абсурд, то відовішчы гвалту ў трылерах, дзе брутальнага героя лупяць жалезным прэнтам па галаве, а ён пасля гэтага ўсіх лупіць двума прэнтамі, якраз глядзіцца ледзь не з катарсісам.
Ці вінаватыя людзі ў тым, што любяць масавую літаратуру?
У любові, кажуць, ніхто не вінаваты. Сярэднестатыстычны чытач вінаваты хіба ў тым, што ён лэйзі – гультай. Ён хоча толькі пасіўна спажываць, стоячы ля прыгожай вітрыны, інфантыльна ідучы за мерчандайзерам (тавараведам-рэкламшчыкам), не даючы сабе працы задумацца, што можна шукаць у кніжнай краме…
Ён падатлівы, ён гатовы саступіць: нашто чытаць “У тумане” (эзістэнцыйную драму), калі можна – Марыніну (мікс дэтэктыва з жаночай прозай)? Нашто глядзець яшчэ і нізкабюджэтны “Салярыс” (філасофскую прытчу), калі можна – толькі найвысокабюджэтны “Аватар” (казку-фэнтэзі)?
Але чытацкая падатлівасць – якасць перспектыўная, яна дазваляе чытачу расці. Асабліва, калі рост пачынаецца ў юнацкія гады і з такіх выдатных аўтараў, як Эдгар По і Уладзімір Караткевіч, Агата Крысці і Людміла Рублеўская, Баляслаў Прус і Уладзімір Арлоў… Такое чытанне выхоўвае густ і вучыць выбіраць!
Чаму мы аднойчы ўсё ж абавязкова выбіраем класіку?
Чаму аднойчы абавязкова запальваем свечку? Таму што ў душы кожны ведае, што ёсць на свеце рэчы вялікія, абсалютныя, светланосныя, пра якія гаворыць нам Слова. Слова – гэта Бог (так запісана Янам Багасловам). Ніякі рэнтген не можа выявіць у чалавечым целе душу. Гэта можа толькі слова. І калі мы захочам адчуць трывалае апірышча для сваёй душы, прыгадаць некалі перажытую асалоду ад досціпу, гармоніі і хараства, якія схаваны ў слове, мы адкрываем такія кнігі, як “Новая зямля” Якуба Коласа. Пра яе Алесь Адамовіч напісаў (у артыкуле “А што там далей?”):
“Ну, а калі б паўстала пытанне пра адзін-адзіны твор, які павінен паказаць чалавецтву як мага паўней “вобраз” нейкага народа, цэлага народа, краю, – які са сваіх твораў назвалі б мы, беларусы?
Падумаўшы, паразважаўшы, паўздыхаўшы, перабраўшы ўсё, што ў нас ёсць, але, відаць, – усё тую ж “Новую зямлю” Я. Коласа. І гэта пасля такіх значных паэм Куляшова, лепшых раманаў і аповесцей Чорнага, Мележа, Брыля, Быкава, Шамякіна, Кулакоўскага, Навуменкі, Стральцова, Сіпакова…
У тым якраз і справа, што сярод самых значных, прыкметных твораў сучаснай беларускай літаратуры (будзем гаварыць аб прозе), здаецца, няма таго, які здольны гаварыць за ўсіх і сказаць усё, як сказала “Новая зямля” пра цэлы народ, яго лёс, яго тагачасны сацыяльны, нацыянальны, псіхалагічны, этычны, эстэтычны воблік”.
Алесь Адамовіч не памыліўся; і вынікі апытання сучасных чытачоў пацвердзілі: мы выбіраем “Новую зямлю”…
Чаму Бэтмэн ніколі не пераможа Быкава?
І яшчэ адну рэч пацвердзіла апытанне. Рэспандэнт, калі трэба выказацца публічна, выбірае, называе сярод значных для сябе творы аўтарытэтныя, замацаваныя грамадствам у высокім аксіялагічным рэгістры. Інстынктыўна кожны адчувае: кругагляд сучаснага чалавека не павінен быць абмежаваны толькі нейкім культурным фаст-фудам.
Ды і яшчэ адно тлумачэнне такому выбару ёсць.
Літаратура для мас ніколі не пераможа класіку, не зможа заняць яе месца. Найперш таму, што кожнаму чалавеку наканавана расці і сталець.
Няхай сабе многія школьнікі з Пушкіна найтрывалей запамінаюць фразу “выпьем с горя; где же кружка? / Сердцу будет веселей”, а выраз “и мальчики кровавые в глазах” звязваюць выключна з якімі-небудзь разборкамі. Аднак гэта ж не азначае, што трэба выкінуць са школьнай праграмы пушкінскага “Барыса Гадунова” на карысць якой-небудзь “Гаўрыіліяды”, або пакінуць толькі верш “Зімні вечар”.
Калі з “Палескай хронікі” вучні найлепш запамінаюць гісторыю кахання Ганны і Васіля, то гэта яшчэ не значыць, што настаўнік павінен трактаваць Мележа як “Богатые тоже плачут”, каб навучыць любові да беларускай літаратуры і культуры, развіць інтэлект.
Няхай у купалаўскай страфе – “Сярод раз’юшаных сатрапаў / Крывавы зладзіўшы хаўрус, / Свае таргуюць і чужыя / Табой, няшчасны беларус” – хтосьці напачатку будзе разумець толькі адно словазлучэнне: “няшчасны беларус”… няхай напачатку з кімсьці будзе менавіта так.
Але ж усе школьнікі абавязкова вырастуць. І важна, каб будучыя дарослыя з гэтай страфой, з цэлай Атлантыдай літаратурнай класікі проста не размінуліся. Тады ў іх застанецца шанс яшчэ з ёю сустрэцца, многае зразумець.
Бо ў дарослым жыцці менавіта сур’ёзнае, культурай напоўненае слова дае сэнс, апірышча, арыенціры для быцця ў гэтым свеце. Такую функцыю пісьменства для рэлаксу (таксама ж патрэбнае!) выконваць не здатнае. Яно, як правіла, якраз дэзарыентуе – на карысць таго, хто “трымае бізнес”.
Калі ж чытач хоча ўсё жыццё заставацца інфантылам, выключна звяном у “харчовым” ланцужку, то гэта яго асабістая праблема. Класічная культура тут ні пры чым. А вось інтэлігенцыя – “пры чым”: сцвярджаць сапраўды вартае належыць у першую чаргу ёй, нацыянальнай інтэлігенцыі.
2015 г.