Амерыка, а дакладней, амерыканскі культурны кантэкст нямала паспрыяў развіццю беларускай літаратуры ў ХХ-м стагоддзі – найперш праз творчасць беларускіх пісьменнікаў-эмігрантаў. Іх вынесла за акіян так званая другая хваля эміграцыі, пачатак якой датуецца саракавымі, паваеннымі гадамі. Як правіла, праз Нямеччыну беларусы траплялі не толькі ў іншыя краіны Еўропы, але таксама і ў Канаду, Аўстралію, ЗША.

Між іншым, па звестках А.Ляднёвай, В.Кіпеля, Л.Пранчака найбольшая   колькасць беларусаў-эмігрантаў сёння пражывае менавіта ў Амерыцы. Сюды беларусы пачалі трапляць яшчэ ў XVII стагоддзі. Аднак асобнай этнічнай групай (адрознай ад польскага або рускага этнасу) беларусы былі прызнаныя амерыканскімі ўладамі якраз дзякуючы актыўнасці прадстаўнікоў   другой эміграцыйнай хвалі (1948 – 1954 гг.). Менавіта ў 50-я гады адбылося прызнанне беларускай нацыянальнасці пры атрыманні амерыканскага грамадзянства, стабілізавалася дзейнасць грамадскіх арганізацый рознага кшталту (у тым ліку такой установы, як Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Нью-Йорку, заснаваны ў 1951 г.), а таксама дзейнасць беларускай праваслаўнай царквы ў ЗША.

Янка Юхнавец – беларус, які сцвердзіўся пісьменнікам у Амерыцы.

Нарадзіўся Юхнавец у 1921 г. Яго сям’я – бацькі і пяцёра братоў – у час вайны загінулі ў агні, былі спалены ў адной з соцень беларускіх “вогненных вёсак”, што нішчылі фашысты рукамі карнікаў, у тым ліку і мясцовых (сям’ю Юхнаўца спалілі карнікі літоўскія). Самога Янку вывезлі ў палон, у Нямеччыну, дзе ён і застаўся на эміграцыі.

З лагераў для перамешчаных асоб пачыналася новае жыццё для многіх беларускіх пісьменнікаў-эмігрантаў. Тут узнікалі першыя літаратурныя аб’яднанні (напрыклад, “Шыпшына” ў 1946 г. у Рэгенсбургу). Тут пачыналі свой шлях тыя, хто, як і Юхнавец, будуць друкавацца ў часопісах “Шыпшына”, “Сакавік”, “Беларуская думка”, “Конадні”, “Баявая ўскалось”. У другой палове 40-х – 50-x гг. у розных   мясцінах   на эміграцыі   ўжо   выйшлі кніжкі Н. Арсенневай, А. Салаўя, Ант. Адамовіча, Ст.Станкевіча, У. Клішэвіча, М. Сяднёва, Р. Крушыны, альманах “Ля чужых берагоў”. У тыя ж часы, у 1955 г., выйшаў і першы зборнік паэзіі Я. Юхнаўца – “Шорах моўкнасці”, яго склалі вершы, напісаныя ў 1947 – 1953 гг.

Наяўнасць кніжак вышэйназваных беларусаў-эмігрантаў дала падставу даследчыку Алесю Бяляцкаму нават сцвярджаць, што гэтыя кніжкі 40-х – 50-х гг. “фактычна запоўнілі тую жахлівую пустку пасля разгрому беларускай літаратуры, якая ўтварылася ў падсавецкай Беларусі” ( Бяляцкі А. Адкрыццё прыхаванага сэнсу// Юхнавец Я. Сны на чужыне: Выбр. Творы / Уклад. і прадм. А.Бяляцкага. – Мінск: Маст. літ., 1994. – С. 7.) Гэтае сцверджанне, відавочна, з’яўляецца палемічным перабольшаннем, бо беларуская савецкая літаратура і ў тыя часы не памёрла: у яе прыйшлі з Беларусі Заходняй Я.Брыль і М.Танк, каб гаварыць пра трагедыю беларусаў у час вайны разам з К.Чорным, М.Лыньковым, І.Мележам і І.Шамякіным, разам з П.Броўкам, А.Куляшовым, П.Панчанкам, К.Крапівой; ды паспелі яшчэ прамовіць сваё слова М.Сурначоў, А.Ушакоў, А.Коршак; як пачаткоўцы абвясцілі пра сябе М.Аўрамчык, А.Вялюгін, С.Гаўрусёў, С.Дзяргай, А.Пысін, А.Макаёнак… Вядома, што праверку часам вытрымалі сапраўды выбраныя творы гэтага часу ў спадчыне названых аўтараў. Аднак жа няслушна і сцвярджаць, па А.Бяляцкаму, што гонар беларускай літаратуры разам з пісьменнікамі-эмігрантамі выратавалі ў гады панавання культу асобы і тэорыі бесканфліктнасці ў СССР толькі такія пісьменнікі, як Ларыса Геніюш, Лявон Случанін, Васіль Супрун.   Відаць,   да   падобнага   перабольшання   даследчыка падштурхнуў той факт, што ў Беларусі савецкай, як вядома, у 1937-м г. ужо былі расстраляны, знішчаны наступныя віднейшыя беларускія пісьменнікі: М.Зарэцкі, Ц.Гартны, П.Галавач, І.Дварчанін, Я.Нёманскі, В.Каваль, Л.Калюга. У 1938-м – М.Гарэцкі, В.Ластоўскі, А.Бабарэка, М.Чарот. У 30-я і пазнейшыя гады былі рэпрэсіраваны і на доўгі час выключаны з гісторыі літаратуры У.Дубоўка, Я.Пушча, У.Жылка, Л.Геніюш,   А.Мрый,   М.Багун,   У.Хадыка, Б.Мікуліч, С.Баранавых, Т.Кляшторны, Ю.Таўбін, В.Сташэўскі, В.Шашалевіч, В.Маракоў, А.Моркаўка, Ю.Гаўрук, М.Нікановіч, А.Пальчэўскі, А.Дудар, Я.Скрыган, А.Вечар, С.Шушкевіч, А.Вольны, С.Грахоўскі, З.Астапенка,   С.Дарожны,   А.Дзяркач,   Р.Папараць,   Ю.Лявонны, З.Півавараў, П.Пруднікаў, С.Ракіта, С.Фамін, С.Хурсік, В.Супрун, Э.Самуйлёнак,   М.Паслядовіч,   Р.Мурашка,   А. Александровіч, А.Астрэйка,   А.Звонак,   С.Новік-Пяюн…   Зведалі   НКУСаўскія допыты, маральныя і фізічныя катаванні і Я.Купала, К.Чорны, многія, многія іншыя… І ўсё ж, падкрэслім, пусткі не было. А ўжо напрыканцы 50-х – у 60-я гг. з’явілася новая беларуская класіка на савецкай і паслясавецкай прасторы – ад В.Быкава, У.Караткевіча і Р.Барадуліна да А.Разанава, А.Федарэнкі і Л.Дранько-Майсюка.

Тым часам у Амерыцы ў 60 – 90-я гады з’яўляюцца наступныя значныя беларускія выданні:

– 1966 – 1985: Н.Арсеннева, “Між берагамі” (Нью-Йорк – Таронта); Я.Юхнавец, “Калюмбы” (Нью-Йорк); У.Клішэвіч, “Сняцца сны мне   залатыя”   (Манчэсцер); А.Салавей, “Нятускная   краса”   (Нью-Йорк –Мельбурн);   М.Сяднёў, “Патушаныя зоры”, “Ачышчэнне агнём” (Нью-Йорк);

–   1986 – 1991: М.Сяднёў, “I той дзень надышоў” (Глен-Коў – Нью-Йорк); Я.Юхнавец, “Творы” у трох тамах (Нью-Йорк); М.Кавыль, “Міжагнёўе” (Нью-Йорк); а таксама кнігі А.Саковіч “У пошуках праўды”, У.Дудзіцкага “Напярэймы жаданням”, М.Цэлеша “Хмары над Бацькаўшчынай”.

На хвалі цікавасці да эміграцыі ў 1992 – 1997 гг., пасля абсалютнай выкрасленасці з беларускага савецкага культурнага кантэксту, на Беларусі публікуюцца – у спецыяльнай серыі “Галасы беларускага замежжа” і па-за ёй – выданні: К.Акулы “Змагарныя дарогі”;   М.Сяднёва   “Патушаныя    зоры”, “Масеева кніга”; Н.Арсенневай факсіміле “Пад сінім небам”, зборнік “Яшчэ адна вясна”, выбранае Я. Юхнаўца “Сны   на   чужыне”; кнігі і асобныя публікацыі У.Дудзіцкага,   Ю.Віцьбіча, Ант.Адамовіча-С.Юстапчыка, А.Калубовіча, П.Сыча… На жаль, гэткая зацікаўленасць у літаратуры дыяспары на дзяржаўным узроўні на Беларусі аказалася вельмі непрацяглай.

Імя Янкі Юхнаўца, аднак, паспела заняць прыкметнае месца ў літаратуры Беларусі. Яго творчасць – і выразна нацыянальная, і адначасова адрозная па сваіх стылёвых дамінантах ад таго, што пісалася ў метраполіі, – відавочна зацікавіла чытачоў і спецыялістаў.

Што ж гэта за беларушчына, прыўлашчаная амерыканскім жыццём?

Трэба сказаць, што Я.Юхнавец, трывала асталяваўшыся ў Амерыцы, набыў адукацыю юрыста, працаваў у сферы бізнесу. Апроч вершаваных твораў (сярод якіх асобнымі выданнямі выйшлі паэмы “Новая Элегія” і “Калюмбы”), ён спрабаваў сябе таксама і ў прозе, пад крыптанімам Я.Юх. і псеўданімам К.Юхневіч. Даследчык
паэзіі Я.Юхнаўца, прафесар з Беластоку Ян Чыквін лічыць, што
Юхнавец як творца быў ужо “поўнасцю сфармаваны ў баварскі перыяд (1947 – 1949)”, але яго пераезд у Амерыку ў 1950-м г. зрабіўся, “верагодна, надта спрыяльным фактарам творчага росту” паэта. (Гл.: Чыквін Я. Далёкія і блізкія: Беларускія пісьменнікі замежжа. – Беласток, 1997. – С. 76.)

Значныя амерыканскія, заходнія ўплывы ў юхнаўцовых тэкстах заўважныя, і паводле іх працытуем змястоўнае назіранне Я. Чыквіна: “…апрача ўспомненых самім Янкам Юхнаўцом такіх выдатных пісьменнікаў, як Ш.Бадлер, В.Шэкспір, Г.Гейнэ, С.Цвейг, Г.Флабер, Э.Паўнд, М.Багдановіч, асваеннем творчасці якіх ён узбагачаў сваё творчае амплуа, трэба да ягоных “настаўнікаў” далучыць, несумненна, яшчэ і іншых, ім неназваных – тых, у чыю літаратурную майстэрню мог заходзіць беларускі паэт. Найперш У.Уітмена з ягонымі гімнамі біялогіі чалавека і ідэяй еднасці ўсяго існуючага, затым Р.Фроста – паэта пастаральнай традыцыі, чыім крэда было: мы жывём на свеце, каб бачыць і слухаць; Р.Джэфэрса з ягоным бунтам супраць прамысловай цывілізацыі і канцэпцыяй інгуманізму; Э.Дыкінсон, зорка якой успыхнула ў ЗША толькі ў 1955 годзе, амаль праз семдзесят гадоў пасля смерці паэтэсы-пустэльніцы медытацыйнага скдаду, што ўмела праз паэтызацыю найдрабнейшых праяў існавання паказаць нетрываласць чалавечага быцця; і, відавочна, К.Сэндберга, паэта плебейскай традыцыі, прадаўжальніка паэзіі У.Уітмена […]. Таксама не была для Янкі Юхнаўца чужой творчасць паэтаў імажыстаў і паэтаў метафізікаў (найперш “фрагментарыст” Э.Паўнд, а таксама Э.По, Т.С.Эліёт) з іх культам інтэлекту, мастакоўскай рытма-гукавой інструментоўкай, з рытмастваральнай прыгажосцю і мантажным, “адкрытым” тыпам верша”. (“Далёкія і блізкія”, с. 73-74.)

Відавочна, амерыканская культура паспрыяла фармаванню найперш такіх рыс у творчай індывідуальнасці Я.Юхнаўца, як філасафічнасць, асаблівая ўнутраная свабода, праз якую кананічныя формы верша або абавязковасць гарманічных інтанацый, суладнай рытмікі ніколі не былі для Юхнаўца прыярытэтнымі. Не выпадкова ўкладальнікі альманаха “Ля чужых берагоў” не ўключылі паэта ў склад рэпрэзентатыўных беларускіх аўтараў-эмігрантаў: адчуваючы інакшасць яго паэтыкі, Р.Крушына першым называў яго “дзікім” (па прыклалу Ю.Тынянава, што “дзікім” назваў В.Хлебнікава).

Надзвычай цікаваю з’яўляецца думка Я. Чыквіна і пра тое, што “сваёй лірыкай Янка Юхнавец амаль на цэлае дзесяцігоддзе, патэнцыяльна шмат у чым у змесце і форме, апярэджваў” творчасць амерыканскіх “бітнікаў”, якія прыйшлі ў літаратуру ў 50-я гады. “Але іншамоўнасць беларускага паэта не дазваляла яму арганічна ўпісацца ў тамашняе літаратурнае жыццё, падключыцца да “Beat Generation”. Дзякуючы мове, ён усім сваім паэтычным тварам, – піша Я.Чыквін, – застаўся павернутым да беларускай культуры, яе народна-казачнай традыцыі, і – што немалаважна – да беларускай прыроды. Відавочна таму нідзе ў паэтычных тэкстах Янкі Юхнаўца, у адрозненне, напрыклад, ад Н.Арсенневай, М.Сяднёва, М.Кавыля, Р.Крушыны, няма амерыканскіх рэалій (апрача малаістотных дэталяў у ранніх вершах, звязяных з Нямеччынай), як няма фактычна і суаднесенасці з тамашняй прыродаю”. (“Далёкія і блізкія”, с. 76, 77.)

Асновай Юхнаўцовага стылю з’яўляецца такая беларуская мова, якую можна назваць аўтарскай: Юхнавец надзвычай любіць мову Віцебшчыны, любіць дыялекты, “гульню” са словам, прызнаецца, што сам стварыў слоўнік беларускай мовы і некаторыя словы ў гэтым слоўніку. Такім чынам, нягледзячы на прызнанне творцы ў тым, што доўгі час ён “нічога не ведаў пра беларускую паэзію, заўсёды арыентаваўся на заходнюю літаратуру” (гл.: Пранчак Л. Беларуская Амерыка. – Мінск, 1994. – С. 220 – 222.), Я. Юхнавец спраўдзіўся ўсё ж як паэт перадусім беларускі – пры гэтым беларушчына ў яго мадыфікаваная.

Тэксты Юхнаўца арганізуюцца найперш беларускім рэаліямі, што выступаюць як канцэпты. Найперш чытачу Юхнаўца кінуцца ў вочы Купалле, Юр’я, Шлях птушыны, Крывіччына (Крывіцкае мора), Усяслаў, Скарына, Машэка Магілёўскі, “Песня пра зубра” М.Гусоўскага, Вільня (і селянін з-пад Вільні, нібы Яська-гаспадар з-пад Вільні), Каліноўскі, “Лявоніха”, Вялля, Бярэзіна, Нарач, прысвячэнні Танку, Багдановічу, Равенскаму, а таксама пазнавальныя вобразы зімы, стамлёных коней, ветракоў, жалейкі, жорнаў, збожжа, верасоў, красак на андараках, лесу са спевам зязюлі, курганоў…

Вось, напрыклад, яшчэ маладнякоўскі, яшчэ імажынісцкі, паводлеясенінскі Дубоўка: “Пальцы“жоўтых кляновых лістоў// Мкнуцца восень схапіць за шыю…”, а вось – Юхнавец узору 1947 года: “Вецер космы дрэваў// прыгладзіў// і ў сукрасні хвалі// завіў// Недалёка ад возера,// пасярэдзіне ляда,// раскалыхаў// зелянявы вір…” Аголенасць прыёму, рэзкасць анімалісцкіх метафар у Юхнаўца (як, дарэчы і ў Дубоўкі) хутка знікне, але дужа беларуская, выразная топіка, увогуле рэчыўная канкрэтыка застанецца, будзе захоўвацца ў Юхнаўца, менавіта як у беларускага паэта, надалей скрозь: возера, ляда, жыта, шыпшына, валуны; лес, як хмара; водарасці пушчы (таксама і Куляшова, дарэчы, вобраз…). Працытуем, напрыклад, верш “Далява лугоў”:

Вось зноў далява лугоў

між пушчароў

пад гушчынёю летняка

павеістага,

у сваёй дарозе,

расступілася

даць сплыць зялёным ветразям

лугоў

да віроў рачных,

адно спакмечаныя

сонцам

і сценямі хмызнякоў.

 

Братэрскі рух

ад маленства аж да старасці.

Не зменшчык я дарогаў іхных…

Убожнік перад імі я!

Вочы захінаю вобмацна да слепаты.

Уражанні ў памяці астануцца, ахвяруюцца.

(1951, “Сны на чужыне”, с. 44.)

У гарманічнай паэтыцы Куляшова, у хрэстаматыйным вершы “Нябёсы – акіян, я знаў даўно…”, гэта гучала так: “Тут – водарасці пушчы векавой, / Бялявых хмар, вятроў бясконцых плыні, / Спрадвечных гор застыўшыя вяршыні…” (1962, у кн.: Куляшоў А. Маналог: Вершы, паэмы. – Мінск: Маст. літ., 1989, с. 28).

Аднак і Янка Юхнавец умеў быць гарманічным, умеў менавіта ў мелодыцы звязваць, лагодзіць рэзкія штуршкі сваёй думкі і дысметрычнасць, уласцівую верлібру:

Маразянае звонкае ранне,

асверы скрыпяць, і бушуе зара.

За вакном мая любая, бачу,

порсткага поіць каня.

І да ганку да ейнага сцежка

следам

раўнюткім лягла.

І летуценні – думак узлёты.

І словы потым – каханне маё.

 

Маразяныя звонкія раніцы.

Асверы скрыпяць, і бушуе зара.

Прабягае мой позірк,

спыняецца

так часта ля яе двара. (1951, “Сны на чужыне”, с. 132.)

Атрыбутыка тут – выключна беларуская, прычым знакавая ў нацыянальным космасе (прыгадайма хоць бы песенную лірыку з яе паралелізмамі, накшталт: і туды гара, і сюды гара; паміж тымі гарамі крутымі ўсходзіла зара; гэта не зара – дзеўка малада…). Але лірычны герой Юхнаўца – імпульсіўная індывідуальнасць у максімальнай ступені, і ён самадастатковы. Якраз гэтым ён адрозны, прычым не толькі ад суб’екта фальклорнага або “нашаніўскага” тэксту (з яго ўстаноўкай найперш на тыповае ў светаадлюстраванні), але таксама і ад героя савецкай паэзіі (напрыклад, героя Аркадзя Куляшова, які намнога больш адкрыты чытачу, мае на ўвазе безумоўнае паяднанне з чытачом ва ўсіх ідэях, у пафасе твораў).

Беларускія паэты савецкай метраполіі і дыяспары, зразумела, не супадалі ў нейкіх светапоглядных рысах; да таго ж т.зв. “наркомаўка” даволі істотна развяла адпаведныя моўныя плыні. Аднак тыя вытокі светаразумення, што фіксуюцца ў вобразах-архетыпах, заўсёды аб’ядноўвалі беларускіх аўтараў. Уся літаратура беларуская карэніцца ў міфапаэтычнай нацыянальнай спадчыне; гэта адна з важнейшых рыс беларускай эстэтыкі і мастацкай традыцыі, якая асабліва доўга заставалася сінкрэтычнай, мусіла вяртацца да сінкрэтычнасці. Другая такая рыса – адмысловае спалучэнне, кантамінацыя паганскага з рэлігійным (або, дакладней, фенаменальная здольнасць кантамінаваць у нацыянальным космасе істотна розныя рэлігійныя пачаткі). Гісторыя беларускай культуры – славянскай, земляробчай, – як вядома, складвалася гэтак драматычна, нестабільна, што пэўны кансерватызм у нашай традыцыі набыў асаблівую вагу. Такім чынам, урэшце, упартае сцверджанне “старых”, спадчынных маральна-этычных, маральна-філасофскіх асноў духоўнасці беларуса, а таксама яго вераванняў і нават містычных прымхаў, яго побыту і ладу жыцця прыкметна беларусаў яднала і яднае, – няхай сабе каштоўнасці гэтыя застаюцца ў большасці сваёй “земляробчымі”, вясковымі па атрыбутыцы, па рэчыўнасці, па фактурных дэталях. У творцаў дыяспары, у Юхнаўца “кансерватыўная” прывязанасць да беларушчыны, засяроджанасць на сваім спадчынным матываваная натуральна, настальгічна. Для пісьменнікаў метраполіі кансерватызм азначаў найперш супраціўленне (можа быць, не заўсёды ўсвядомленае) асіміляцыйным уплывам.

Пры гэтым кансерватызм пазначанага кшталту зусім не праграмуе банальнасці. Напрыклад, сапраўдным наватарствам у беларускай лірыцы гучаць радкі, напісаныя Янкам Юхнаўцом у 1950 г. (дыпціх “Паміж пракосаў”):

Луг узяць у горсці аніяк.

Смерць з касы – усцяж прыгорсці.

На паховінах сенажаці,

у восень,

жураўлі стаяць

кагортай. <…>

 

Над шэрагам пракосаў уздыхну.

Шмат з асакой скасіў істотаў.

Іх смерць заўважыў толькі мятлік –

хаўтурна, доўга,

мітусліва

лётаў. <…>

(1950, “Сны на чужыне”, сс. 36, 37.)

Касьба для Юхнаўца, як і для кожнага беларуса, – адна з містэрыяльных з’яў жыцця. Але смерць, хаўтуры – ніколі з такімі асацыяцыямі, як у Юхнаўца, у традыцыйнай беларушчыне касьба не асэнсоўвалася. Заўсёды было дамінаванне светлага, гаспадарскага пачуцця; касьба, як і, напрыклад, жніво, актуалізаваліся з канатацыямі свята, жыццясцвярджэння. У Юхнаўца ж на першы план выступаюць філасофскія асацыяцыі: каса-смерць, непадзельнасць жыцця і смерці. Менавіта такім чынам патрыярхальнае (у лепшым сэнсе гэтага слова) саступае ў літаратуры ХХ стагоддзя постпатрыярхальнаму, мадэрноваму. Тое ж – у Юхнаўцовых вершах з адсылкамі да больш шырокага культурнага кантэксту:

Галубка шызая – у песні так пяецца.

Спявай, спявай!

Убраўся сад увесь у май –

вясняны рай.

 

Вецер, бы наўмысна,

ляціць туды, дзе гай,

красой зялёнай цешыцца…

Ах, вецер, не чапай

пялёсткаў кволых –

вясняны рай!

 

…і так здарылася, што зноў,

я зноў руплівы да кахання. (Не датаваны, “Сны на чужыне”, с. 80.)

Вертыкальны кантэкст тут – беларуская паэтычная традыцыя, і найперш паэма Янкі Купалы “Яна і я”. Але магчымы і экстатычны Федэрыка Гарсія Лорка (знаёмы нам па перакладах Р.Барадуліна, інтанацыйна і лексічна вельмі блізкіх да працытаваных радкоў Юхнаўца), і іншы апалагет неапаганства ў паэзіі з алюзіямі на сад – вясняны рай, Эдэм. У аўтэнтычным жа фальклоры (калі мець на ўвазе, што і ў народнай “песні так пяецца”) метафары, падобныя Юхнаўцовым, немагчымыя; у фальклоры дамінуюць больш прастадушныя параўнанні і паралелізмы.

Гаворачы пра матывы сну, тэму сноў у вершах Юхнаўца, варта прыгадаць Купалава “Мне сняцца сны аб Беларусі”. У гэтай тэме перадусім акрэсліваецца статус героя; ён выгнаннік: “І я ваўком плятуся па чужыне, / ад болю ран не чую сваіх ног”; а затым узнікае і застаецца з ім сненне, снабачанне як жаданая патоля:

Жадаю сніць я на чужыне сны,

а ў снох:

вясны зялёныя абрусы,

званіцы гонкія Святой Сафіі,

спрадвечны шум Палескіх пушчаў, –

сны тады мяне ажывяць,

пацешыць сэрца леташнясць гадоў,

і буду знаць,

што мытарам убогім

на зямлі сваёй

я не радзіўся жыць. (1946 – 47, “Сны на чужыне”, сс. 10, 11.)

Аднак патоля гэтая вельмі горкая, бо вядзе ў прывідную, пустую хату:

Мне сніцца зноў.

Жыццё незнарок:

у дом бацькоў я завітаў.

Здавалася, наўкола цішыня

была нарушана маім прыходам.

 

…а дзе ж яны?

усмешкаю праменняў сонца ўзіралася

на разбітыя ў вокнах шыбы.

___________________

…масты апошнія пракладвала вясёлка.

На дрэвах восень ашчыпвала лісты

і на падворку сеяла палыну зярно.

 

У хату ўваходжу.

Дзверы на завесах не вісяць.

Цыркун тужыў па леце ў запечку,

і павукі з надзеямі спакою

усюды ткалі ссівелае радно…

______________________

…а вы? Дзе ж вы мае?

Дзе вы цяпер?

Смутак развітання з Айчынай

астаўся тут, у вашай хаце.

_______________________

Шорах маіх крокаў

у пустэльні хаты –

уцівіліся ўспамінамі, адклікаюцца

моўкным скрыкам жалю.

 

Дзе вы цяпер?

Дзесь далёка чуваць

старэчы кашаль –

каплі цяжкай долі.

Дзе вы? Дзе вы цяпер? (1948, “Сны на чужыне”, с. 23.)

Гэты беларускі топас “дома”, разбуранай хаты, мёртвай, але і містычна-жывой, якую не можа пакінуць герой, не можа выбавіцца з яе цянётаў, мы пазнаём як канстанту нашай літаратурнай традыцыі: ад Купалавай “Забытай карчмы” да “Хаты” Алега Мінкіна; ад памежаванай карчмы Кузьмы Чорнага ў рамане “Пошукі будучыні”, “дома” ў вершы Максіма Танка “Шыбы старой камяніцы” да радзімы ў вершы Ігара Бабкова “За небакраем Эўропы…”

Такім чынам, паэзія Янкі Юхнаўца – гэта наватарскі крок наперад, зроблены менавіта ў 1940-50-я гг. у абсягах рэфлексіўнага, медытатыўнага, імпрэсіяністычнага маўлення. Гэта быў крок да дысгармоніі новай гістарычнай эпохі, у адлюстраваннях якой можна заўважыць лёгкі, далёкі след Багдановіча-імпрэсіяніста:

Зоры рэдкія іскрацца, як раса,

і вецер лёгкі –

дыханне дзіцяці.

 

Сад губляецца ў пацёмках,

і крокі –

гамонка немаўляці.

 

Калі б месяц засвяціў раней,

і вецер квола

сцішыў шамаценне лісця,

 

я, пэўна,

зямлі глушэц,

здалёку,

падслухаў Бога прыйсце. (Не датаваны, “Сны на чужыне”, с. 81.)

Разам з тым філасафічнасць і верлібрычнасць гэтай паэзіі, створанай у паваенны час, пацвярджае прысутнасць іншакультурных, амерыканскіх уплываў на талент Янкі Юхнаўца.

 


 

Друкавалася [у]: Сінькова Л.Д. Беларушчына і амерыканскі кантэкст у творчасці Янкі Юхнаўца // Художественная литература: Проблемы исторического развития, функционирования и интерпретации текста, Минск, 2001;

Сінькова Л.Д. Паміж тэкстам і дыскурсам: Беларуская літаратура ХХ – ХХІ стст. : гісторыя, кампаратывістыка і крытыка (літаратурная крытыка, артыкулы, гутаркі) / Людміла Сінькова. – Мінск : Паркус плюс, 2013. – С. 93 – 101. (296 с.)