Часопіс “Маладосць” выходзіць у свет з 1953 года, і гэта адно з самых аўтарытэтных і любімых беларускіх перыядычных выданняў. На яго старонках заўсёды знаходзілася месца юначым эксперыментам у мастацтве. Але роўна з той жа неадменнасцю ў “Маладосці” заўсёды друкаваліся і творы сталых аўтараў, літаратурных класікаў. У іх гучалі тэмы фундаментальныя, а таксама вельмі вострыя і балючыя, з надзвычай смелымі поглядамі на жыццё, з праўдай пра яго самай незалежнай ад густаў масавага чытача. Стратэгія ж любога саліднага перыядычнага выдання заўсёды мае на ўвазе спецыяльную выхаваўчую задачу, клопат пра тое, каб моладзь расла не інфантыльным, а самавітым, годным пакаленнем, якому па плячы будуць любыя справы дзяржаўнай важнасці.
На мяжы 1980-90-х гг. адной з самых актуальных тэм для познесавецкага грамадства зрабілася вайна СССР у Афганістане. У ёй удзельнічалі 32 тысячы беларусаў – абсалютная большасць з іх, канешне, былі юнакі, цывільныя прызыўнікі або навучэнцы і выпускнікі ваенных вучылішчаў. І сярод гэтых тысяч маладых хлопцаў знайшліся тыя выбраныя, хто вярнуліся з Афганістана, каб расказаць пра перажытае: Сяргей Дубовік, Алесь Крыванос, Іван Сяргейчык, Алесь Дзмітрыеў. Кожны з іх шукаў свой уласны стыль, свой голас у літаратуры.
У 1992 годзе, калі галоўным рэдактарам “Маладосці” быў Генрых Далідовіч, на старонках часопіса з’явілася цэлая падборка “афганскай” прозы Сяргея Дубовіка (ілюстрацыі – А.Назаранка). Сяргей Дубовік, журналіст па адукацыі, які служыў у Афганістане камандзірам сапёрнай роты, а затым ваенным карэспандэнтам, апублікаваў 5 апавяданняў: “Груз «200»”, “Памінкі ў Сардобе”, “«Негры»”, “«Інтэрнацыянальнае» выхаванне”, “Крывавыя цюльпаны” [1].
Лішне казаць, якой актуальнай з’яўляецца і сёння, у гады 2010-я, тая самая ваенная тэма; якім важным – асабісты вопыт і споведзь пра яго ў слове не толькі журналіста, але і мастака. Зразумела, што з цягам часу найбольш інтэнсіўна проза з асэнсаваннем “афганскага”, “чачэнскага”, “грузінскага”, інш. паваеннага вопыту пачала развівацца ў Расіі. Там існуе самая вострая патрэба асэнсавання такіх праблем, як посттраўматычны сіндром у часткі ветэранаў, звязаны са скасаваннем на вайне біблейскага табу на кроў і гвалт; бескантрольнае распаўсюджванне ваеннай зброі; бруд цывільнага жыцця, перанесены ў экстрэмальныя сітуацыі сучаснай вайны; эскалацыя міжнацыянальнай варажнечы і падобных разбуральных, крызісных з’яў у пасляваенным грамадстве. Напрыклад, з самых рэзанансных твораў пра афганскую кампанію варта згадаць многа каментаваны, уганараваны (быў у шорт-лістах “Рускага Букера”, 1993 г.) раман “Знак звера” Алега Ермакова, пісьменніка родам са Смаленску, які служыў у ДРА ў 1981 – 1983 гг.
Аднак беларуская проза мае, бадай, самы грунтоўны вопыт у асэнсаванні названых вышэй праблем. Больш за тое: насамрэч якраз з беларускай ваеннай прозы многае пачыналася, бо практычна ніводнае пакаленне нашых пісьменнікаў у ХХ ст. не абмінула ваеннай тэмы, уключна з М.Гарэцкім, К.Чорным, Я.Брылём, І.Шамякіным, І.Навуменкам, А.Адамовічам, Б.Сачанкам, І.Чыгрынавым, В.Адамчыкам, І.Пташнікавым, В.Казько, С.Алексіевіч… Імя ж Васіля Быкава ведае ўвесь цывілізаваны свет.
Падкрэслім таксама, што беларускі чытач, абазнаны замежны чытач і кінаглядач ужо ў вялікай ступені выхаваныя на эстэтыцы максімальнай праўдзівасці ў творах пра вайну (варта прыгадаць папулярнасць у свеце фільма Элема Клімава па сцэнарыю Алеся Адамовіча “Ідзі і глядзі”, 1985), на эмоцыях болевага шоку і малюнках такой рэальнасці, якую А.Адамовіч параўноўваў з магмай, плазмай: ад судакранання з беларускім вопытам вайны прыўкрасныя выдумкі на гэтую тэму, роўна як і нейкія ідэалагічныя міфы, проста выпараюцца, бы вада пры агні. Дамінуе боль як досвед рэальнага чалавека (і яго пакалення). Гісторыя ж, якая складваецца з прыватных людскіх лёсаў, павінна быць без купюр, каб ахвяры не апынуліся пазбаўленымі сэнсу.
Такім чынам, спецыфічна-беларускі погляд на любую вайну вызначаецца менавіта тым, што цэлай беларускай нацыі ў адносна недалёкія часы прыйшлося перажыць найвялікшыя пакуты. Такі вопыт народа даў айчынным пісьменнікам асаблівую відушчасць, праніклівасць, інтэлектуальную глыбіню. І яшчэ – чуйнасць менавіта да болю асобнага чалавека. Звычайнага, якога яшчэ называюць “маленькім”. І не так важна, ці гэта чалавек са зброяй, ці без яе: тут адрозненне палягае ў тым, ці чалавек гэты з сумленнем, ці без яго; ці здатны ён суперажываць пакутам, ці гвалціць без дай прычыны – ва ўмовах той фактычнай усёдазволенасці, што нясе вайна. Менавіта памятаючы пра гуманнасць нават у нялюдскіх умовах, персанаж беларускай ваеннай прозы вырастае ў Героя, самавітую асобу. Трацячы ж чалавечасць у душы – падае ў бездань бруду, злачынства і здрады.
Менавіта на поле такой традыцыі прыйшоў з новым ваенным вопытам, з новай праўдай пра вайну познесавецкіх часоў Сяргей Дубовік (яго служба ў ДРА праходзіла ў 1981 – 1983 гг.).
Проза Сяргея Дубовіка якраз і вылучаецца спецыфічна-беларускай, агульнай, і разам з тым вельмі асабістай, адзінкавай апавядальнай нотай.
Паводле жанру тут адразу ж зроблены акцэнт на нешматслоўнасці, на вылучэнні толькі сутнаснага: гэта заяўлена ў падзагалоўку “кароткія апавяданні”. Чытач разумее, што яму будзе расказана толькі пра выбраныя факты – найважныя з перажытага, найкрасамоўныя. Яны імгненна вырастаюць з асобнай дэталі, з лакальнай калізіі ў разгалінаваныя мастацкія вобразы. Відавочна, што прафесійная адукацыя журналіста і мастацкі талент Сяргея Дубовіка дапамаглі яму зрабіць гэты дакладны выбар дакументальна-мастацкай наратыўнай стратэгіі. У цэлым ён адмовіўся ад гарманічнай апісальнасці на карысць дынамізму, хуткай змены апавядальных планаў, энергічнасці мастацкага выказвання. Хоць уменне маляваць найперш для ўспрыняцця зрокавага, назіральна-расслабленага ў яго прозе таксама выявілася – напрыклад, у зачыне апавядання “Памінкі ў Сардобе”.
Першыя фразы “Памінак у Сардобе” якраз яскрава-маляўнічыя, звязаныя з цікаўным поглядам юнака-апавядальніка на тую экзатычную краіну, з якой цяпер будзе спалучаны яго лёс. “Раней тут быў караван-сарай. Вярблюджыя сцежкі перапляталіся мудрагелістымі ўзорамі на шматкіламетровым дыване стэпу, быццам маршчыны на твары старога афганца, сыходзіліся тут, у Сардобе, каб бегчы далей на ўсход – у Пакістан, Індыю… Старыя сцены крэпасці памятаюць набегі качэўнікаў-рабаўнікоў, кроў сівабародых купцоў, дзікі роў адбітых у гаспадароў вярблюдаў <…>. Ад крэпасці засталіся сцены ды некалькі прыбудовак, дзе размясціліся салдаты сапёрнай роты” [1, с. 62] .
Аднак ужо з другога абзаца чытач трапляе ў тую самую сітуацыю экстрэмальнасці, безвыходнасці і хранічнага стрэсу, што пануе на любой вайне. Тут жыццё толькі звонку можа выглядаць будзённым. Банальны побыт з вадавозкай ды кухняй імгненна ўзрываецца адным раптоўным стрэлам-забойствам капітана Слаўкі Макуцэвіча, які бегаў да знаёмага дуканшчыка (“карцела памяняць чэкі на афгані па добрым курсе” [1, с. 63] – таксама абсалютна звычайная дэталь той вайны, афіцэрскага побыту). Гэтая смерць робіцца завязкай сюжэта пра “памінкі ў Сардобе” – памінкі па Слаўку…
Падзеі разгортваюцца з катастрафічнай імклівасцю: выстрэльвае сціснутая спружына самасуду, што абрынецца на таго, хто першым патрапіць пад руку. Гэта акажацца невысокі худы афганец, з трыма патронамі ў кішэні – яго “забралі з машыны, што праязджала” [1, с. 63]. Допыт ператворыцца ў катаванне, расстрэл і закопванне змучанага цела ў яме, на тым месцы, дзе нядаўна закапалі “ротнага сабаку, задушанага машынай” [1, с. 65]. Вайна, здаецца, дароўнівае да нуля чалавечае жыццё. Вось толькі ў памяці апавядальніка і чытача застаецца тая жорсткасць, што нібы рыфмуецца са спрадвечнымі пакутамі мясцовых людзей і жывёлы, згаданых у першых, амаль наіўна-маляўнічых сказах. Разам з лейтэнантам Сашам Клабуцкім чытач не можа не бачыць гэтага “маленькага” чалавека на вайне: бедны афганец, невысокі худы афганец, праз гадзіну – ужо беспрытомнае збітае цела пад сцяной, пхнутае прыкладам аўтамата; сляды слёз на запыленым твары, худыя босыя ногі на гарачым пяску ля ямы… Папаўся – змяніць нічога нельга, сабачая смерць.
Апошняя фраза – “Бразгаў у вядро кухар, склікаючы салдат на снеданне” [1, с. 65] – ізноў фіксацыя самай што ні на ёсць будзённасці. Усё вяртаецца (ці надоўга?) у тую, што і на вайне бывае, “маліну”, дзе свае неадменныя законы, дзе спрытнейшы, нахабнейшы можа і “разжыцца”, “пацягнуць”, бо, як вядома, каму вайна, а каму маці родная. З чалавека звера зрабіць няцяжка – цяжка вярнуць яму чалавечае аблічча.
Герой жа С.Дубовіка, Саша Клабуцкі, застаецца найперш з суадчуваннем болю, бо падобнага вопыту, мабыць, зашмат у беларускім калектыўным бессвядомым. “Паглядзець на смерць «духа» “сабралася паўроты” [1, с. 65], а таму, хто не біў, цяжка. Гэты погляд на афганца як на чалавека, выпадковую, але непазбежную ахвяру, якой спачуваеш, і дае чытачу адэкватны досвед пра жыццё пад час вайны. Яго будзённасць падманлівая, яна толькі вонкавая. Сутнасць – трагедыя і яе ахвяры. Першаю ж ахвяраю і быў Слаўка Макуцэвіч, цяпер ужо “груз «200»”, цынкавая труна, якую вернуць на радзіму.
Адна з самых цяжкіх ісцін пра вайну ў Афганістане заключаецца ў тым, што для нашых юнакоў яна была трагедыяй, у якой скралі яе высокі сэнс – катарсіс. Замест высокіх катарсічных пачуццяў, звязаных у класічнай трагедыі з нейкімі найважнымі, анталагічнымі вартасцямі, цэлае пакаленне сутыкнулася з вопытам балючага падману, гвалту і начальніцкага цынізму за спінамі салдат пад час вайны. Таму савецкі юнак або сумленны афіцэр у Афганістане – двойчы ахвяра ў параўнанні з афганцам, які ваюе на сваёй зямлі: зацята, бясконца. Якраз афганскае татальнае партызанства падкрэслена ў апавяданні “Груз «200»”. “Гэта вайна непадобная на класічныя, па якіх вучыліся і вучацца сёння камандзіры, хутчэй партызанская. Яе метады, якія добра “абкаталі” за доўгія гады маджахеды, не толькі спецыфічна ўсходнія, афганскія. Яны не грэбуюць і вопытам іншых, у тым ліку і беларусаў: выпіскі з мемуараў партызанскіх камандзіраў знаходзілі ў сумках палявых камандзіраў афганскай апазіцыі. Мы шчодра дзелімся вопытам…” [1, с. 60], – саркастычна зазначае апавядальнік.
У творах Сяргея Дубовіка “Груз «200»”, “«Інтэрнацыянальнае» выхаванне”, іншых вельмі ўражліва расказана менавіта пра такіх ахвяр, як Слаўка Макуцэвіч, хлопцаў з савецкага войска, якія гінуць нават не ў часе баявых дзеянняў, а пасярод самых што ні на ёсць будняў, у стасунках паміж сваімі.
Рэдакцыя ж часопіса “Маладосць”, дзе ўпершыню з’явіліся апавяданні С.Дубовіка, выявіла высокі прафесіяналізм і сацыяльную адказнасць, паспрыяўшы гэтай публікацыі з сур’ёзным выхаваўчым патэнцыялам. Ён заключаецца менавіта ў ідэі неабходнасці дабра: без дабрыні, сумленнасці немагчыма жыць чалавеку. Беларусы гэта ведаюць найтрывала. Адсюль – і пункт гледжання аўтара, і фарміраванне ацэначнасці, погляду на персанажаў ва ўсіх апавяданнях Сяргея Дубовіка. Яго герой вяртаецца з вайны ў Афганістане са сваёй праўдай: з асуджэннем гвалту, абсурду, з цвярозай ацэнкай фарысейства. Бо колькасць чалавечых пакутаў пад час вайны наўпрост залежыць яшчэ і ад таго самага сумлення: субстанцыі ідэальнай, якая, тым не менш, вызначае самыя найматэрыяльныя рэчы. Вось пра што не стамляецца нагадваць беларуская проза ХХ і ХХІ стст.

Літаратура

1. Дубовік С. Груз «200»; Памінкі ў Сардобе; «Негры»; «Інтэрнацыянальнае» выхаванне; Крывавыя цюльпаны: Кароткія апавяданні // Маладосць. – 1992, № 10. – С. 58 – 73.