На постсавецкай прасторы дастаткова папулярнай зрабілася тая глабалісцкая логіка, якая спяшаецца вынесці прысуд нацыянальнаму і ўвогуле этнічнаму; якая ў сітуацыях гісторыка-культурнага памежжа спяшаецца ўсталяваць прыярытэт маргінальнасці і т.зв. “транзітнасці”, прыярытэт нейкай безнацыянальнай літаратуры на той нібыта падставе, што менавіта “транзітнасць – экзістэнцыйная сітуацыя суб’екта гэтага свету” [1, с. 91].

Такой сафістычнай логіцы пярэчыць найперш сама гісторыка-культурная рэальнасць. Так, беларуска-польскае памежжа, на якім угрунтаваная літаратура Беласточчыны, выдатна пацвярджае вартасці традыцыі, бо фактычна ніхто з сяброў БЛА “Белавежа” не выказаў у сваіх тэкстах ўсведамлення сябе як асобы безнацыянальна-“транзітнай”, а жыццё ў памежным беларуска-польскім мікракосме, наадварот, выразней акцэтнавала ў тэкстах “белавежцаў” каштоўнасці нацыянальныя. І так бывае заўсёды, калі мы маем справу не з гульнёвымі камбінацыямі сімулякраў, а з асэнсаваннем гісторыка-культурных рэалій, гісторыка-культурнай канкрэтыкі (нездарма менавіта ад іх новамодныя тэарэтыкі абстрагуюцца як ад прыкмет нібыта “архаічнага нацыянальнага дыскурсу”).

Як вядома, найперш зварот да гісторыі мацуе кожную нацыянальную літаратуру. Размаітасць мастацкіх форм тут толькі падкрэслівае нязменную актуальнасць самой гістарычнай тэматыкі. Беларуская літаратура ішла да ўласна-гістарычных жанраў, якія выспелі ў прозе У.Караткевіча, праз фальклорна-міфалагічнае і рамантычна-міфалагічнае ўзнаўленне мінулага [2, с.3, 6-7]: у творах, напрыклад, Я.Чачота, Я.Баршчэўскага, В.Дуніна-Марцінкевіча, К.Каганца, Я.Купалы, М.Багдановіча, В.Ластоўскага, М.Гарэцкага. Надзвычай значнаю для У.Караткевіча, поруч з названай, была таксама і традыцыя “вальтэрскотаўская” – традыцыя Г.Сянкевіча, Ю.Крашэўскага, якая ўжо ўласна-беларускаю і пад назваю “караткевічаўскай” сцвердзілася ў прозе В.Іпатавай, Л.Дайнекі, В.Чаропкі, К.Тарасава, ранняга У.Арлова. Якраз з гэтым абсягам беларускай прозы арганічна звязваецца творчасць “белавежца” Міколы Гайдука, аўтара кніг “Белавежскія быліцы і небыліцы. Легенды. Паданні” (Мінск, 1996) і “Легенды Беласточчыны” (Беласток, 1997), шэрагу гістарычных апавяданняў, змешчаных як у аўтарскіх зборніках прозы (“Трызна”, Мінск, 1991; інш.), так і ў томе “Беларускія пісьменнікі Польшчы” (Мінск, 2000). В.К.Шынкарэнка [3, с. 234, 238] пранікліва заўважыла тэматычнае і пафаснае сугучча фальклорных запісаў Міколы Гайдука з запісамі Уладзіміра Караткевіча, апавяданняў Міколы Гайдука “Апошні” і “Галава царазабойцы” з апавяданнямі Уладзіміра Арлова: пра паўстанцаў Кастуся Каліноўскага – “Пяць мужчын у леснічоўцы” , пра І.Грынявіцкага – “Далёка да вясны”. Даследчыца таксама слушна разгледзела “легенды, сказы, паданні, казкі” М.Гайдука не толькі як плён знаўцы-фалькларыста, але і як узор індывідуальна-аўтарскай прозы, у якой рамантызуецца гістарычнае мінулае Беласточчыны. Таксама на ўзроўні мастацкай задачы мы можам суаднесці паміж сабою легендарныя сюжэты Міколы Гайдука “Мацейкава гара”, “Ваяцкі здрой”, “Сумны рыцар”, “Раны”, “Мядовая лазня”, “Валун і мастак”, інш. з апавяданнямі такога ж тыпу Вацлава Ластоўскага: “Беларускі радавод”, “Князёўна Рагнеда”, “Вітаўт і Ягайла”, “Бітва каля Магільна”, “Каменная труна”, “Вясковыя археолагі”, інш. [4, с. 8-11].

Патрэба ў рамантызацыі беларускай мінуўшчыны, да таго ж спалучанай з папулярнай, свядома белетрызаванай мастацкай формай, не толькі не састарэла, але застаецца сёння надзвычай актуальнай. Гэты факт пацвярджаецца маладзейшымі беларускімі пісьменнікамі, тымі, хто нарадзіўся ў 1958-60-я і пазнейшыя гады. Традыцыю гістарычнага дэтэктыва, распачатую караткевічаўскім “Дзікім паляваннем караля Стаха”, працягваюць: Л.Рублеўская з цэлым шэрагам твораў тыпу рамана “Золата забытых магіл”, аповесці “Пярсцёнак апошняга імператара”; М.Шайбак (М.Адамчык) з аповесцю “Забойства на Каляды”; М.Клімковіч і М. Адамчык з дэтэктыўнымі аповесцямі “Каханка д’ябла, або Карона Вітаўта Вялікага”, “Прывід у Гайцюнішках”; У. Сцяпан і М. Клімковіч з гісторыка-дэтэктыўным кінараманам “Тэолаг”; У. і М.Адамчыкі і М.Клімковіч з дэтэктывам-баевіком на фоне гісторыі “Заўсёды светла каля турэмных муроў” (пад калектыўным псеўданімам Уладзімер Сакалоў) і з псеўдагістарычным дэтэктывам “Ліхія прыгоды Генрыка Войніча, злодзея і прайдзісвета” (пад калектыўным псеўданімам Тэафілія Сабоцкая) [5]; С.Балахонаў з “постдэтэктывам” на фоне беларускай гісторыі ХІХ стагоддзя пад назваю “Імя грушы”. Падкрэслім, што маладзейшыя аўтары ўслед за сваім настаўнікам, У.Караткевічам, найперш сінтэзуюць самыя розныя жанрава-стылёвыя пачаткі. Так, Людміла Рублеўская спалучае гісторыка-рамантычнае і дэтэктыўнае з жанравымі рысамі т.зв. жаночага (любоўнага) рамана; больш іранічныя А.Глобус і М.Шайбак (Уладзімір і Міраслаў Адамчыкі), Максім Клімковіч, У.Сцяпан (Уладзімір Сцепаненка) дапаўняюць стылістыку гістарычнага і дэтэктыўнага пісьма, выдатна распрацаваную Караткевічам, прыёмамі знарочыста-гатычнай паэтыкі, рамана жахаў, а таксама ўносяць у раманны жанр сюжэтна-кампазіцыйныя рысы кінасцэнарыя (дынамізм, лаканізм, змену ракурсаў); Сяргей Балахонаў імкнецца да гульнёвасці і цытатнасці постмадэрнізму. Усе гэтыя вучні У.Караткевіча выдатна ўсведамляюць важнасць паяднання нацыянальна-гістарычнага, сапраўды духоўнага з дэмакратычнай формай, з заваяваннем шырокага і нават масавага чытача. Гэтыя аўтары свядома працягваюць традыцыю У.Караткевіча, па-першае, у сэнсе блізкасці ідэйна-мастацкіх установак (на папулярызацыю і ўзвышэнне, сцвярджэнне нацыянальнага, беларускага), і па-другое, у сэнсе непасрэднага пераймання асноўных караткевічаўскіх прыёмаў пісьма, сярод якіх вылучаюцца наступныя: яскравасць, навелістычнасць сюжэта; перапляценне з планам рэальным плану містычнага, фантастычнага, авантурнага, а таксама фальклорнага і казачнага; устаноўка на цікаўнага чытача, які сочыць з інтрыгай; ключавая роля партрэтных характарыстык; сэнсавая насычанасць пейзажных замалёвак і гістарычнага фону ў творы[6].

У.Караткевіча як аўтара рамана “Каласы пад сярпом тваім” трэба лічыць таксама пачынальнікам беларускай парабалічнай прозы на гістарычным матэрыяле. Прафесійны гісторык, які збіраўся пісаць дысертацыю пра паўстанне 1863 г., Караткевіч, тым не менш, не стаў пісаць свае “Каласы…” як “прафесарскі раман” [7]. Для У.Караткевіча заўсёды была важнаю апеляцыя да сучаснасці і да маралі, этыкі. Гэтая караткевічаўская лінія таксама была падтрыманая наступнікамі, і найперш У.Арловым у аповесці “Сны імператара” – пра Напалеона і яго стасункі з беларускімі землямі пад час вайны з Расіяю ў 1812 годзе. Больш ці менш выразныя гістарычныя парабалы знаходзім у прозе 1980-х – 2000-х гг. А.Асіпенкі (раман “Святыя грэшнікі”), В.Чаропкі (раман “Храм без бога”), А.Наварыча (раман “Літоўскі воўк”), А.Федарэнкі (раман “Рэвізія”, аповесць “Нічые”), В.Быкава (апавяданні-прыпавесці “На Чорных лядах” – з часоў Слуцкага збройнага чыну, “Гонар і смерць” – з часоў Рымскай імперыі), А.Гуцава (апавяданне “Містэрыя Залатога веку”), Л.Рублеўскай (раман “Сутарэнні Ромула”), А.Астраўцова (кароткі раман “Сула”). Трэба сказаць, што ў творах В.Быкава, А.Федарэнкі, Л.Рублеўскай як гістарычна завершаная эпоха трактуецца ХХ-е стагоддзе, таму падзеі адносна нядаўнія – прыкладна 80-цігадовай даўнасці – асэнсоўваюцца аўтарамі як гістарычныя, падставовыя для гісторыка-філасофскай, парабалічнай метафары. Найбольш “чыстым” узорам жанру з’яўляецца названы твор А.Астраўцова, матэрыялам для якога зрабіліся знакамітыя тэксты Плутарха – вольна трактаваныя беларусам паралельныя біяграфіі рымскіх дыктатараў Марыя і Сулы. Такім чынам, мы можам (з большымі ці меншымі агаворкамі) уключаць вышэйназваныя творы беларускіх аўтараў у адзін шэраг са славутымі ў познесавецкай літаратуры гістарычнымі парабаламі эстонца Я.Кроса (“Імператарскі шаленец”, інш.), або са шматлікімі “касцюмнымі” парабаламі ў польскай, напрыклад, літаратурнай традыцыі [8].

Беларускае грамадства востра адчула недахоп у аб’ектыўнай гістарычнай інфармацыі, у гістарычных ведах на зыходзе 1980-х гадоў. Таму цягам 1980-90-х гг. вельмі аўтарытэтную нішу ў літаратурным працэсе заняло тое пісьменства, якое ў формах дакументальна-мастацкіх узнаўляла беларускую гісторыю, у тым ліку – і гісторыю ХХ стагоддзя, савецкіх часоў (што, асабліва пасля падзення Берлінскай сцяны, 1989 г., і распаду СССР, 1991 г., выглядала ўжо завершанай эпохай). Як менавіта гістарычныя сведчанні пачалі чытацца дакументальна-мастацкія хронікі катастроф (такія творы, як “Карнікі” або публіцыстычны “Апакаліпсіс па графіку” Алеся Адамовіча, “Зачараваныя смерцю”, “Цынкавыя хлопчыкі”, “Чарнобыльская малітва” і іншыя кнігі Святланы Алексіевіч), але найперш – мемуары: Л.Геніюш (“Споведзь”), Н.Арсенневай (“У казахстанскай ссылцы”), В.Быкава (“Доўгая дарога дадому”), І.Шамякіна (“Начныя ўспаміны”), інш.. У Беластоку ў 1996 г. таксама выйшла кніга “Лёс аднаго пакалення”, з прадмовай сп. Мірановіча [9]. У ёй былі змешчаны мемуары Кастуся Сідаровіча (“Па жыццёвых сцежках”), Юстына Пракаповіча (“Жыццёвыя сцежкі”), Янкі Жамойціна (“З перажытага”), Віктара Ярмалковіча (“На жыццёвых хвалях”). У 2000 г. фрагменты з успамінаў Я.Жамойціна ўвайшлі таксама ва ўкладзены Я.Чыквіным том “Беларускія пісьменнікі Польшчы” [10]. Сапраўды, перажытае Янкам Жамойціным дапамагае нам выразна ўдакладніць свае ўяўленні пра вялікую гісторыю, параўнаць жыццёвы досвед беларусаў у замежжы і ў метраполіі.

А параўноўваць ёсць з чым: дададзім, напрыклад, да названых выданняў кнігу Юрыя Весялкоўскага, аднаго з заснавальнікаў Згуртавання Беларусаў Вялікабрытаніі, выдадзеную ў Вільні 2002 г. [11]. У гэтай кнізе антысавецкая скіраванасць паказальная, асабліва ў параўнанні з кнігамі аўтараў з Савецкай Беларусі, напісаных пра падзеі 1940-х гг. на зыходзе 1980-х – пач. 1990-х гг.: В. Хомчанкі (кн. аповесцяў і апавяданняў “Цар-зэк Сямён Івашкін”), П. Пруднікава (кн. аповесцяў “За калючым дротам”), С.Грахоўскага (аповесці і апавяданні з кніг “Так і было”, “Споведзь”, “Крыжавы шлях”), М. Аўрамчыка (проза з кніг “Палон”, “У падзямеллі”). Усе гэтыя творы – не ўласна мемуары, але аўтабіяграфічная аснова і вага гістарычнага сведчання ў іх першасныя.

Такім чынам відавочна, што ў ХХІ ст. беларусы, усё яшчэ недастаткова кансалідаваныя як нацыя, мусяць імкнуцца да паразумення і паяднання. Прычым паяднання найперш не праз глабальнае вымыванне і прымітывізацыю народнай памяці, а праз усведамленне агульнасці нашай, беларускай гісторыі, у якой шмат важыць і рамантызацыя, і белетрызацыя мінулага, і яго спасціжэнне праз дакуменалістыку з матывамі беларускай Галгофы.

Літаратура

  1. Тлостанова М.В. Постсоветская литература и эстетика транскультурации. Жить никогда, писать ниоткуда. – М.: Едиториал УРСС, 2004. – 416 с.
  2. Гл.: Дарагакупец А.М. Тэндэнцыі рамантызацыі і інтэлектуалізацыі ў сучаснай беларускай гістрычнай прозе./ Аўтарэф. дыс. … канд.філал.навук. – Мінск, 2005. – 20 с.
  3. Шынкарэнка В. Слухаючы пошум вякоў //Шлях па прамой часу. Да гісторыі беларускай літаратуры Польшчы 1958 -2008 гг../Пад рэд.Я.Чыквіна. – Беласток, BSL “Biaiowitza”, 2007. – С.233-239.
  4. Гл.: Барысенка В.У. Творчасць В.Ластоўскага ў ідэйна-мастацкім кантэксце беларускай літаратуры пачатку ХХ ст./ Аўтарэф. дыс. … канд. філал. навук. – Мінск, 2000. – 22 с.
  5. Бязлепкіна А. Як напісаць дэтэктыў, альбо Спецыфіка жанру.// Бязлепкіна А. Разам і паасобку: Таварыства “Тутэйшыя”: Гісторыя, асобы, жанры. – Мн.: “Беларускі кнігазбор”, 2003. – С.101-142.
  6. Бязлепкіна А.П. Дэтэктыўнае ў аповесці У.Караткевіча “Дзікае паляванне караля Стаха” // Беларускае літаратуразнаўства, Навукова-метадычны альманах. Выпуск першы.Мн.: Права і эканоміка, 2005. – С.28 – 37.
  7. “Прафесарскі раман” – тэрмін Л.Фейхтвангера для гісторыка-этнаграфічнага твора, у якім самай важнай стылёвай задачай з’яўляецца максімальна дакладнае ўзнаўленне мінуўшчыны. Вопыт такога плану, напрыклад, – рамантычная “шляхецкая гавэнда” В.Еўмянькова “Успаміны Ваяводы, або Пялёсткі белай ружы”, Мінск, 2008; аўтар, кандыдат філалагічных навук, даследчык А.Міцкевіча і беларускай рознамоўнай літаратуры ХІХ ст., пацвердзіў свой мастацкі тэкст падрадковымі спасылкамі на мноства гістарычных і гісторыка-культурных фактаў; гл. пра тэрмін: Затонский Д. Лион Фейхтвангер и его “Историческая комедия” //Фейхтвангер Л. Избр.соч.: В 3-х т. Т.1 –М.: “Литература”, “Вече”, 2001. – С.5 -32.
  8. Шэраг твораў такога плану Я.Івашкевіча, Я.Парандоўскага, В.Беранта, Т.Парніцкага, Л.Кручкоўскага, Е.Анджыеўскага, напрыклад, разглядае беларуская даследчыца С.П.Мусіенка; гл.: Мусиенко С. “Исторический костюм” в романах древнеримского цикла Теодора Парницкого в свете вопросов теории. //Славянскія літаратуры ў сусветным кантэксце: Матэрыялы ІІІ Міжнар.навук.канф./ Пад рэд.В.П.Рагойшы. – Мн, БДУ, 1999. – С.8 – 14.
  9. Лёс аднаго пакалення (Успаміны). – Беласток, 1996. – 213 с.
  10. Жамойцін Я. З перажытага // Беларускія пісьменнікі Польшчы. Другая палова ХХ ст./ Уклад. Я. Чыквіна; Прадм. У. Конана. – Мн.: “Беларускі кнігазбор”, 2000. – С. 11 – 98 .
  11. Весялкоўскі Ю. Па сьлядох Другой сусветнай вайны. – Вільня: Рунь, 2002. – 216 с.

 

Друкавалася [у]: Сінькова Л. Асэнсаванне нацыянальнай гісторыі ў прозе паслясавецкай Беларусі і Беласточчыны. – Тэрмапілы( Беласток), № 12, 2008. – С. 271 -278.