Л.Д. СІНЬКОВА

 Уладзімір Жылка і Аляксандр Блок: ад рэцэпцыі да беларускай класікі

 УДК 821.161.3.09

Ключавыя словы: рэцэпцыя, вобразы, матывы, сімвалізм, неарамантызм, нацыянальнае Адраджэнне, “заняпад Еўропы”, руская паэзія, беларуская паэзія.

Keywords: reception, characters, motifs, symbolism, neo-romanticism, national Revival, “the decline of Europe”, Russian poetry, Belarusian poetry.

 

Людміла СІНЬКОВА

Уладзімір Жылка і Аляксандр Блок: ад рэцэпцыі да беларускай класікі

 Рэзюмэ

У шэрагу вершаў У. Жылкі назіраецца своеасаблівы дыялог з асобнымі матывамі, вобразамі, інтанацыямі А. Блока. Усе гэтыя элементы У. Жылка пераасэнсаваў і ператварыў у з’явы беларускай мастацкай культуры. Рэцэпцыя (успрыняцце і пераўтварэнне) беларускім паэтам лірыкі А. Блока прывялі да ўзнікнення арыгінальнага індывідуальнага стылю Жылкі-сімваліста.

 

Liudmila SINKOVA

Uladzimir Zhylka and Alexander Blok: from reception to the Belarusian classic

 Summary

 A kind of dialogue with particular motifs, characters, intonations of A. Blok is observed in series of Zhylka’s poems. U. Zhylka reinterpreted and transformed all these elements into the phenomenon of Belarusian culture. Reception (perception and transformation) of Blok’s lyrics by Belarusian poet led to the original individual style of Zhylka as a symbolist.


Пра Аляксандра Блока, славутага класіка сімвалізму, дваццацітрохгадовы беларускі паэт Уладзімір Жылка пакінуў у сваім дзённіку такі экзальтаваны запіс: “…аб Блоку лепш маўчаць: такі ён вялікі, такі вялікі, што каля яго чуеш сябе ніякава. А калі яшчэ гаварыць аб ім – канфуз” [2, с. 161].

Аднак у сваёй паэзіі Жылка праз увесь час алюзійна “гаварыў” з Блокам.

Справа ў тым, што Уладзімір Жылка, услед за Максімам Багдановічам, быў апатнаны ідэяй Красы, Хараства, а таксама палкім жаданнем злучыць эстэцтва з беларускім паэтычным маўленнем. У 1925 г. У.Жылка напісаў А.Луцкевічу: “Мой лятунак выдаць кніжку не больш 30 – 50 вершаў, выключна з матывамі кахання, смерці, хараства прыроды, мескіх тавэрнаў і падобнага… Французы, немцы і нават расейцы пад саветамі выпускаюць такія кніжкі кожны дзень. І верхавіны французскае лірыкі безумоўна не ў Беранжэ, а ў Бадлера, Верхарна, як і расейскай, не ў Някрасава, а ў Цютчава, Пушкіна <…>” [5, с. 7]. Вядома, што калі ў высылцы Жылка памёр, органамі НКУС Уржума і Вяткі былі забраны не толькі арыгінальныя яго творы, але і пераклады з еўрапейскіх аўтараў: нарвежскіх, французскіх, нямецкіх… Захаваліся ранейшыя Жылкавы пераклады Г.Ібсена, А.Міцкевіча, Ш.Бадлера, А.Олеся, І.Волькера, Б.Ясенскага; засталіся сведчанні яго цікавасці да многіх і многіх творцаў розных культур. Але найвялікшай любоўю У.Жылкі-лірыка, поруч з роднымі Я.Купалам і М.Багдановічам, быў расіянін А.Блок.

Увогуле ўся беларуская літаратура першай трэці ХХ ст. актыўна ўспрымала ідэі і паэтыку мадэрнізму, прычым найбольш плённым для яе стаў уплыў імпрэсіянізму і сімвалізму. Сярод знакамітых сімвалістаў можна вылучыць тых расійскіх і нарвежскіх аўтараў, чый досвед быў найбольш запатрабаваны беларусамі: гэта А. Блок, Л. Андрэеў, В. Брусаў, К. Гамсун, А. Стрындберг, творцы “новай драмы” Г. Гаўптман і бельгіец М. Метэрлінк. Яскравым прыкладам рэцэпцыі сімвалізму ў беларускай паэзіі, рэцэпцыі творчага досведу Аляксандра Блока (1880 – 1921) зрабіўся якраз мастацкі свет Уладзіміра Жылкі (1900 – 1933).

Уладзімір Жылка быў Асобай з нешараговым лёсам, маштабнай фігурай у беларускім літаратурным працэсе. Ён нарадзіўся ў вёсцы Макашы, якая знаходзіцца паміж Мірам і Нясвіжам, з іх маляўнічай прыродай, багатай гісторыяй і замкамі Радзівілаў. Пад час Першай сусветнай вайны чатырнаццацігадовы Жылка апынуўся ў Тульскай губерніі, дзе паступіў у Багародзіцкае агранамічнае вучылішча. За гады вучобы (1914 – 1917) у ім памацнела сімпатыя да селяніна, ён зрабіўся перакананым эсэрам. У гэтыя ж гады прыйшла і любоў да рускай літаратуры, асабліва да твораў Глеба Успенскага, Міхаіла Лермантава, Аляксандра Блока. Першыя паэтычныя спробы пяра былі зроблены тады па-руску. Разам з тым аддаленасць ад родных мясцін абвастрыла ў будучага паэта тугу па радзіме. Напрыклад, Жылка стаў актыўным сябрам аб’яднання “Беларускі Нацыянальны Гурт” у Багародзіцку. Захаваўся кароткі ліст Жылкі, у якім у 1917 г. ён пісьмова звяртаўся да БСГ (“Беларускай Сацыялістычнай Грамады”); яго крэда – “…я крывіч і хачу, каб была на свеце крывіцкая нацыя. У гэтым “хачу” мая нязломная воля” [2, с. 251, 257]. Гэтую волю ён сапраўды сцвердзіў і ў грамадскай чыннасці (пра што трэба гаварыць асобна), і ў творчасці. Любоў да літаратуры ў Жылкі заставалася неадменнай. Падкрэсліваючы дасведчанасць сябра, напрыклад, у рускай паэзіі, М. Краўцоў (Касцевіч) успамінаў: “Жылка бесперастанку дэкламаваў вершы Блока, Брусава, Раслаўлева, Карынфскага, Бальмонта, Сяргея Гарадзецкага. Мяне дзівіла гэткая маса завучаных ім напамяць вершаў…” [2, с. 282].

У 1917 г. Жылка вярнуўся ў Беларусь і стаў актыўным удзельнікам і культурнага, і палітычнага жыцця. Можна сказаць, што гісторыя станаўлення беларускай дзяржаўнасці на тле сусветнай вайны і рэвалюцыйных падзей у Расійскай імперыі перажывалася паэтам як жыццё асабістае. У 1921 годзе, калі ўрэшце быў падпісаны Рыжскі мір, калі вызначыліся межы Савецкай і Заходняй Беларусі (менавіта Заходнюю прадстаўляў Жылка), ён быў ужо не толькі дэбютантам на старонках Віленскіх перыядычных выданняў (газеты “Беларусь”, “Наша думка”, якую рэдагаваў М. Гарэцкі). Вельмі хутка ён стаў адным з лідараў пакалення, аўтарам многіх тэкстаў, якія сёння мы лічым хрэстаматыйнымі (“Беларусь”, “Покліч”, “Замчышча”, “Палімпсест”, “Віхор”, інш.). У 1920 г. Жылка захварэў на сухоты, і змагаўся з гэтай хваробай усе наступныя 13 гадоў свайго нядоўгага жыцця. Яму даводзілася знаходзіцца ў розных краінах і гарадах. Адзначым тут Прагу, Пражскі ўніверсітэт, дзе Жылка вучыўся ў 1923 – 1926 гг., займаўся справамі беларускага зямляцтва, быў актыўным членам пражскай філіі (філіяла) “Маладняка” (літаратурнага аб’яднання з цэнтрам у Савецкай Беларусі). У 1930 г. паэт быў рэпрэсаваны, адбываў пакаранне ў г. Уржум Вяцкай губерніі, дзе і памёр. Рэабілітаваны ў 50-я гады ХХ ст. Пры яго жыцці быў выданы адзін зборнік паэзіі – “На ростанях”, 1924 г. Найбольш поўнае на сёння выданне твораў Уладзіміра Жылкі – гэта “Выбраныя творы” з акадэмічнай серыі “Беларускі кнігазбор”, 1998 г.

Відавочна, што радавод і лёс Жылкі, уся беларуская гісторыка-культурная сітуацыя, якая сфарміравала яго талент, – усё Жылкава адрозніваецца ад жыццёвага вопыту Блока кардынальна, нягледзячы на адносную набліжанасць гэтых персон (іх фармальную сінхроннасць у гістарычным часе, у геаграфічнай прасторы); нягледзячы таксама і на судакрананні ў пэўных эстэтычных (мадэрнісцкіх) рэгістрах. Менавіта гэтая рэальная адрознасць лёсаў, так сказаць, персанальных хранатопаў (бо мы тут маем справу з адрознасцю цэлых культурных парадыгмаў: найперш нацыянальна-адраджэнскага ўздыму для беларускага пісьменніка і “заняпаду Еўропы” для расійскага) выключае тыпалагічныя паралелі паміж творчасцю Жылкі і Блока. Затое найяскравую рэцэпцыю ў паэтычных стасунках абодвух проста немагчыма не заўважыць.

Паэзія Жылкі ў вялікай ступені прадвызначана адраджэнскім пафасам і беларускім рамантызмам, неарамантызмам пачатку ХХ ст. І калі нацыянальная ідэя была ў пэўным сэнсе агульным месцам для беларускага мастацтва таго часу, то менавіта вельмі асабістая рэалізацыя гэтай ідэі вылучае ў агульнай плыні творчую індывідуальнасць У. Жылкі, глыбіню яго лірычных сюжэтаў. Гаворачы пра істотнае захапленне Жалкі творчасцю Блока, прасочым рэцэпцыю блокаўскіх матываў у лірыцы беларускага паэта ў двух аспектах: 1) асэнсаванне тэмы вечнай жаноцкасці і рыцарскага служэння ідэалу; 2) інтымныя перажыванні лірычнага героя.

Асэнсаванне тэмы вечнай жаноцкасці. Гэтую тэму рускага сімвалізма Жылка спалучыў з малітоўным бачаннем Беларусі.

Паэтыка Блока зрабілася для Жылкі надзвычай важнай у тым плане, што яна дэманстравала вопыт мастацкага спалучэння цэлых сусветаў. Вядома, што спалучаць асабістае, інтымнае з касмічным, міфапаэтычным у прынцыпе ўмелі як беларускія класікі – папярэднікі Жылкі, так і яго сучаснікі, таксама ўважлівыя да расійскага, польскага і інш. сімвалізму (Я. Купала), імпрэсіянізму (М. Багдановіч), авангарду (Ул. Дубоўка), новай драмы (М. Гарэцкі). Але менавіта Жылку найбольш уразіў важны для расійскіх сімвалістаў, багаты на сэнсы культ Прыўкраснай Дамы, што асабліва ясна выявілася ў лірыцы Жылкі 1920-х гг. Пра гэта ўжо згадвалі беларускія даследчыкі, і найбольш выразна – Уладзімір Калеснік у манаграфіі пра Жылку: “У Жылкавым сімвалічным вобразе Беларусі мы маем нечаканае спалучэнне трагедыйнай біяграфіі з выключнай красой, чараўнічасцю. Няцяжка прыкмеціць тут пэўную пераклічку са стылістыкай лірыкі Блока, з вершамі аб прыгожай даме. Жылка суадносіць патрыятычнае пачуццё з інтымным, вобраз каханай пры гэтым страчвае прыкметы цялеснасці і ператвараецца ў чыста духоўны, эстэтызаваны сімвал хараства. Накладванне двух вобразаў, размыўка іх контураў і ўзаемныя пераходы ствараюць уражанне чагосьці незямнога, цудоўнага. Беларусь выступае ўвасабленнем адраджаючага хараства, таго хараства, што, па думцы Персі Шэлі, здольна абнавіць свет, адрадзіць чалавецтва” [4, с. 219]. Далей Ул. Калеснік, неаднойчы заўважаючы “блокаўскі след” у лірыцы беларускага паэта, у першую чаргу паслядоўна акцэнтуе родны, беларускі кантэкст, вызначальны для творчай асобы Жылкі. Мы ж спецыяльна засяродзімся на блокаўскіх уплывах, якія істотна ўдакладняюць і ўзбагачаюць агульную карціну.

Аднаму з сваіх твораў Жылка адрасаваў эпіграф: “Все поют и поют вдалеке… А. Блок”. Так пачынаўся верш “Нікне ў імгле старана…”, 1922: “Нікне ў імгле старана…” / Пільна сачу праз туман… / Нечая песня чутна, / Нечы зыбаецца стан… // Лёс даручыў палашу, / Моўчкі, даўно сцерагу… / Песня трывожыць душу, / Слоў зразумець не магу…” [2, с. 43].

Аднак той жа эпіграф мог бы папярэднічаць цэламу шэрагу ў лірыцы Жылкі: “Дарма, што значны раны”, 1922: “Дарма, што значны раны / Праз небагаты ўбор / І тужны, праз туманы / Відаць вачэй дакор, – // Яе аблічча светла, / Узорны – тканы пас, / І летуценні ветлы / Аб недалёкі час. <…> Малюся Ёй, упарты, / Палону тайна рад: / – Хай, верны, буду варты / Тваіх жабрачых лат. // Дазволь з табою разам / Спаткаць нядзельны час, / Каб новай песні сказам / Хваліці твой абраз!” [2, с. 45]; “Над нядоляй Тваёй не заплачу”, 1924: “Над нядоляй Тваёй не заплачу / І на свой не пажалюся лёс, / Хоць і ведаю – доля лядача / І балюча, часамі, да слёз.” <…> Ні часіны не кінем змагання; / Не аслабне, не здрадзіць далонь: / Хто заквечаны кветам кахання, / Той нянавісці знае агонь. // Чым гусцей над Табой пацямнее, / Чым цяжэй будзе крыж Тваіх плеч, – / Тым запальней здымацца ўзмацнее / Мой кароткі караючы меч” [2, с. 66].

Няцяжка заўважыць, што плыткія вобразы ў гэтых вершах пазначаюць амаль няўлоўную мяжу паміж яўным і патойбочным, а таксама рэфлексію на гэтай мяжы. Тут пануе імгла, туман, гучыць чыясьці ледзь чутная песня, лунаюць мроі, прысутнічае маўклівы служка з яго патаемным палонам, доўжацца душэўная трывога, малітва… Гэтыя вобразы пазнаюцца як блокаўскія, нягледзячы на тое, што літаральных супадзенняў з тэкстам Блока тут няма. Ёсць сімвалісцкая паэтыка і своеасаблівы водгалас, дыялог Жылкі з Блокам, ёсць зададзеная Блокам мелодыка, а таксама псіхалагізм. Ключавым ў гэтым сэнсе з’яўляецца знакаміты верш Блока “Вхожу я в темные храмы”, 1902: “Вхожу я в темные храмы, / Совершаю бедный обряд. / Там жду я Прекрасной Дамы / В мерцаньи красных лампад. // В тени у высокой колонны / Дрожу от скрипа дверей. / А в лицо мне глядит, озаренный, / Только образ, лишь сон о Ней. // О, я привык к этим ризам / Величавой Вечной Жены! / Высоко бегут по карнизам / Улыбки, сказки и сны. // О, Святая, как ласковы свечи, / Как отрадны Твои черты! / Мне не слышны ни вздохи, ни речи, / Но я верю: МилаяТы” [1, с. 102].

Падкрэслім наступнае. Уваходзячы ў свет Блока, Жылка імкнуўся рэалізаваць у вытанчаным маўленні ўсё тыя ж нацыянальна-адраджэнскія парыванні. Таму месца сімвалісцкай Вечнай Дзевы, Прыгожай Дамы ў беларускага паэта займае не менш “таямнічая” і “жаноцкая” Яна – Беларусь. Яе атрыбуты відавочныя: нацыянальны строй з тканым пасам, стыгмы, крыж плеч. Пры гэтым узнікае выразная рыцарская тэма: лірычны герой тут – і зачараваны паэт, і рыцар, які слугуе ідэалу. Абяцанне нястомна караць мячом Яе ворагаў, не пакідаць змагання, не здраджваць Ёй гучыць у большасці вершаў Жылкі. Падобнае слугаванне больш непасрэдна, чым у творчасці Блока, паядноўваецца з рыцарскім пачаткам.

У паэзіі Блока рыцарства магло выяўляцца куртуазным: такія “темный рыцарь” (“Бледные сказанья”, “Насмешница”, 1907), “милый рыцарь” (“Тени на стене”, 1907) [1, с.с. 287-288, 290-291].

Рыцарства ў Жылкі перш за ўсё было звязана з сярэднявечнай французскай паэзіяй у традыцыйна-рамантычным ключы. Гэтую паэзію Жылка добра ведаў і любіў (са сваёй нявестай, Рымай Маневіч, ліставаўся па-французску). Да таго ж рыцарская тэма прысутнічае ў змесце гістарычнага беларускага герба з выявай вершніка “Пагоні” са шчытом і мячом у руцэ. Для Жылкі гэта перш за ўсё рыцар, які бароніць Айчыну як жанчыну, можа быць – і дзяўчыну, нявесту, ідэальную спадарыню.

У лірыцы Жылкі асабліва вылучаюцца вершы, дзе рамантычны рыцарскі пачатак з акцэнтам грамадзянскім дамінуе; напрыклад, “Наш лёс – бы кат з рукой забойнай”, 1925 [2, с.с. 78-79]: “Наш лёс – бы кат з рукой забойнай. / Бязлітасней рука каго? / Ды ўмее вой адзін спакойна, / Без роспачы прыняць яго. // І ўмее вой цвёрдакаменна / Ўстаяць перад навалай злой / І ўсё губляючы, нязменна, / Данесці абавязак свой. // Губляць жа болей немагчыма / І зносіць болей немага: / Народ, Свабода і Радзіма, – / На ўсё прыйшла адна чарга. <… > // І покі сэрца поўна гневам, / І гнеў драпежней крумкача, – / Вітаю бой ваяцкім спевам / І звонам вострага мяча <…>”. Тут тэма двубою з лёсам, з гісторыяй гучыць з класічным для паэзіі нацыянальнага Адраджэння пафасам. Разам з гэтым фраза “Вітаю бой ваяцкім спевам / І звонам вострага мяча” выклікае ў памяці блокаўскія радкі 1907 года: “Узнаю тебя, жизнь! Принимаю! / И приветствую звоном щита!” [1, с. 309]. Сімптаматычна, што гэтыя амаль ідэнтычныя (фармальна) выказванні з асаблівай яскравасцю падкрэсліваюць канцэптуальную розніцу ў мастацкіх светах рускага і беларускага паэтаў. У адрозненне ад метафарычнага кантэксту Жылкі-рамантыка Блок апелюе да больш далёкіх алюзій. Цыкл вершаў “Заклятие огнём и мраком”, з якога ўзятыя працытаваныя вышэй блокаўскія радкі, прысвечаны Н.М.Волахавай, і ў кантэксце творчасці Блока мае сваё прачытанне, у тым ліку – інтымныя канатацыі. Мы вылучылі першы верш гэтага цыкла, першую і апошнюю яго строфы, – з безумоўнай тэмай двубою, што гучыць як своеасаблівы выклік жыццю. “О, весна без конца и без краю – / Без конца и без краю мечта! / Узнаю тебя, жизнь! Принимаю! / И приветствую звоном щита! <… > И смотрю, и вражду измеряю, / Ненавидя, кляня и любя: / За мученья, за гибель – я знаю – / Всё равно: принимаю тебя!” [1, с.с. 309-310].

Працяг рыцарскай тэмы знаходзім у наступных рамантычных радках Жылкі: “ … Калі ж нараз ад лучнай раны / Звалюся, сходзячы крывёй, / І вораг, перамогай п’яны, / Накпіць нягожа нада мной , – / Я і тады здалею гарда / Стрымаць гадзін апошніх золь, / Мая нянавісць і пагарда / Не ўдасць, не здрадзіць люты боль (Наш лёс – бы кат з рукой забойнай”). Магчыма, важнай крыніцай натхнення для Жылкі ў гэтым выпадку быў верш Блока “Идут часы, и дни, и годы…”, 1910, наступныя яго радкі: “ <…> И вдруг (так памятно, знакомо!) / Отчётливо, издалека / Раздался голос: Ecce homo! / Меч выпал. Дрогнула рука…// И, перевязан шёлком душным, / (Чтоб кровь не шла из черных жил), / Я был веселым и послушным, / Обезоруженный – служил. // Но час настал. Припоминая, / Я вспомнил: Нет, я не слуга. / Так падай, перевязь цветная! Хлынь, кровь, и обагри снега!”. У тэксце гэтага верша даследчык жыцця і творчасці Блока Уладзімір Арлоў адзначае адсылку да евангельскай легенды (зварот Понція Пілата да Хрыста – Ecce homo, Се человек), а таксама вылучае “відавочнае адлюстраванне эпізода музычнай драмы Р.Вагнера “Трыстан ды Ізольда”: паміраючы Трыстан зрывае павязку” з глыбокай раны [1, с.с. 720-7212]. У вершы Жылкі, аднак, рыцарства больш непасрэднае; яно не мае на ўвазе блокаўскай разгалінаванай культурнай семантыкі. У іншых творах Жылкі пра слугаванне радзіме яшчэ больш акцэнтаваны ваярскі запал героя, яго гатоўнасць распачаць бой ужо не містычны, а зусім канкрэтны; такія вершы “Покліч”, “Меч”, “Віхор”, “Ляпей жабрачы лёс….”, “Праметэй”. Тут безумоўная адсылка да сваёй краіны, беларускай культуры вызначае гучанне сімвалічных вобразаў.

Рыцарскі пачатак прысутнічае таксама ў паэме Жылкі “Ўяўленне”, напісанай у 1923 годзе, – тут намаляваная “Беларусь на крыжах трох рэвалюцый”. У гэтым творы адчуваецца вядомая эклектыка. Поруч з адсылкамі да важнейшых гістарычных рэалій прысутнічае стылізацыя пад рускіх новасялянскіх паэтаў, ідэалізацыя селяніна, своеасаблівы пантэізм. Фальклорныя вобразы суседзяць з хрысціянскай сімволікай. Ёсць у паэме і цалкам футурыстычнае, рэвалюцыйнае парыванне да новага жыцця, у якім, паводле выразу Жылкі, беларус “узышоў на мапу Еўропы”. Разам з тым, у адным фрагменце паэмы (раздзел ХI) вылучаецца вобразнасць, арыентаваная на сімвалізм блокаўскага тыпу: “…Выходзяць дзяўчаты / Выгукваць вясну… / “Я славу вам, хаты, / На дзідзе вярну!” // Голас яе… / Бурай пяе… / Я ж вачэй не ўзніму, багавіца. / Толькі ўзрушаны думкі чамусь. / О, як соладка сэрцу маліцца: / Беларусь, Беларусь, Беларусь!” [2, с.с. 140-141]. Тут Радзіму-Жаноцкасць услаўляе не інак (манах), але рыцар. Вобразнасць першай страфы звязаная з беларускім кантэкстам – з фальклорным звычаем гукаць вясну, з вобразам лірычнага героя, які абяцае вярнуць роднай зямлі страчаную славу. Далей жа патрыятычная тэма робіцца вельмі асабістай, псіхалагічнай: тут і голас нібы ніадкуль, што гучыць, як бура, і сцішанасць перад ідэалам, і пачуццёвае ўзрушэнне, і экстатычная малітва. Такія інтанацыі выклікаюць у памяці блокаўскую вобразнасць.

У сучаснай Жылку беларускай літаратуры выразна гучала ўласная багатая традыцыя паэтычнага бачання Радзімы жаноцкай, але такая вобразнасць была хутчэй сімвалічнай, чым сімвалісцкай – калі мець на ўвазе яе філасофскую падаплёку. Найбольш значнымі ў беларускім кантэксце былі вядомыя вобразы “маладой Беларусі”, Радзімы-маці Янкі Купалы, Маці-краіны Максіма Багдановіча і, асабліва, Багдановічавай жанчыны-Мадонны. Беларускія даследчыкі называюць цэлы шэраг імёнаў рускіх паэтаў, асабліва блізкіх да Жылкі ў разуменні гэтай тэмы: Някрасаў, Блок, Бальмонт, Белы                   [7, с. 22 – 23]. Прафесар Ул. Калеснік (1922 – 1994), які быў і застаецца самым аўтарытэтным даследчыкам творчасці Жылкі, таксама неаднаразова падкрэсліваў у жылкаўскіх вобразах рысы блокаўскай “Незнаёмкі”, таямнічай прыгажун-сялянкі. І ўсё ж ад сялянскага Жылка хутчэй адштурхоўваўся; яго прыцягваў у Блока не столькі бачны “плат узорный до бровей” [1, с. 498, верш “Россия”, 1908], колькі вобраз інфернальны: “Ты и во сне необычайна. / Твоей одежды не коснусь. / Дремлю — и за дремотой тайна, / И в тайне — ты почиешь, Русь <…>” [1, с. 211, верш “Русь”, 1906].

У некаторых вершах Жылкі сімвалічная нявеста малявалася яўна хутчэй у блокаўскім, чым у купалаўскім абліччны, хоць беларуская, адраджэнская тэма пры гэтым ніколі не знікала цалкам. Каб пацвердзіць гэта, параўнаем цытаты. У Блока – верш Мой любимый, мой князь, мой жеиих, 1904: “Мой любимый, мой князь, мой жених, / Ты печален в цветистом лугу. / Повиликой средь нив золотых / Завилась я на том берегу. // Я ловлю твои сны на лету / Бледно-белым прозрачным цветком. / Ты сомнешь меня в полном цвету / Белогрудым усталым конем. // Ах, бессмертье мое растопчи, – // Я огонь для тебя сберегу. / Робко пламя церковной свечи / У заутрени бледной зажгу. // В церкви станешь ты, бледен лицом, / И к царице небесной придешь, – / Колыхнусь восковым огоньком, / Дам почуять знакомую дрожь… // Над тобой – как свеча – я тиха. / Пред тобой – как цветок – я нежна. / Жду тебя, моего жениха. / Всё невеста – и вечно жена” [1, с. 139]. У Жылкі – “Прыкляты”, 1926: Нявесты вусны шчыльна сцяты. / Не пасмiхнецца жанiху. / Але не лiчыць сэрца страты / I верыць даўняму шляху. <…> // Праз ноч жанiх мячом пазвоне — / Хвалёна будзь святое ймя! — / I ўчуўшы тупат ад пагонi / Здалёк, за рэчкамi дзвюма. // А ўсход ружова-светлы будзе, / Скудлачыць вецер пасмы хмар, / Калi пры звонаў перагудзе / Нявесты праяснее твар” [2, с. 95 – 96]; Не трывож мае самоты”, 1923: “Не трывож мае самоты,/ Не збуджай пазбытых мук: / Не адкрыю я вароты / На твой познi, слабы стук. // Не скажу: «Ўвайдзi» — як раней, / Як даўней, калiсь даўней, / Сэрца голас твой не кране, / Не абудзiць больш надзей. <…>// Там, дзе ў горах снежных, стромых / Толькi пеcнi завiрух, / Дзе шляхi адно свядомых, / Там мацнее мужны дух. // I даведайся: салодка / Закаханасцi палон / Замянiць на бур паводку, / На вiхур свавольны звон [2, с. 56 – 57]. Як сведчыць апошні прыклад, у некаторых экстатычных вершах Жылкі неспасцігальная гераіня і закаханы ў яе герой набываюць рысы вельмі акрэсленыя ў кантэксце беларускай адраджэнскай літаратуры 1920-ых гг.

У блокаўскіх “Стихах о Прекрасной Даме” паядноўваюцца не толькі гераіня і служэнне ёй (з адсылкай да вобразу Любові Дзмітрыеўны Мендзялеевай), але і пакланенне Божай Маці (што для Блока, з дзіцячых гадоў, было надзвычай важным). Падобныя матывы, а таксама сам вобраз Дзевы Марыі знаходзім і ў радках Жылкі – аб цудоўным сне з непераадольнымі слабасцю, пяшчотай, далікатнасцю і глыбінёй: “…Мне люба снiць (бязбурны днi!) / Аб шчасцi гэткiм квола-крохкiм / I веславаць лятункам лёгкiм / Па крышталёвай глыбiнi. <…> // Якая слабасць i спакой, / Якая дзiўная суточнасць — / У свет нясцi адну пяшчотнасць / I ўсё змагаць адною ёй. / А мне малiць — мая Марыя, / Прымi малiтвы маладыя / I яснасцю душы тваёй / Маю пахмурую напой” [2, с. 83, нізка “Вершы спадзявання”, 1924 – 1925].

Дваццацітрохгадовы беларускі паэт пісаў у сваім дзённіку: “… Хрыста, светлага Ісуса я заўсёды любіў. Знаю я яго боскасць(хоць Бога м ён мог і не быць) і знаю яго чалавечнасць… Люблю яго, як моладасць сваю, як казку, як легенду, як лёгкі сон, як летуценне, але люблю і як сімвал мае трагедыі, люблю яго за вялікі трагізм, за мукі яго, за раны, за крыж яго” [2, с. 156]. (Адзначым тут рэмінісцэнцыю блокаўскага радка “И звал тебя, как молодость свою” з верша “О доблестях, о подвигах, о славе”, 1908 [1, с. 378]). Юную гераіню Жылкі ахоўвае таксама “ласкавы, салодкі” Хрыстос у вершы “З дзяцінства фіялкавых раніц” (недатаваны тэкст): З дзяцiнства фiялкавых ранiц / З юнацтва лiлейнага дзён / Малiтваў не знала, ружанец, / Нясла слугавання закон. // Ў вянкi завiвала лятункi, / Аквечвала ж кроплямi слёз, / I ў ночы прыносiў дарункi / Ласкавы, салодкi Хрыстос” [2, с.123]. Таксама, рэмінісцэнцыяй у адносінах да блокаўскага “Снова иду я над этой пустынной равниной”, 1903, гучаць радкі Жылкі з “Вершаў спадзявання”, 1924 – 1925. Параўнаем, у Блока: “Я не скрываю, что плачу, когда поклоняюсь, / Но, перейдя за черту человеческой речи, / Я и молчу, и в слезах на тебя улыбаюсь: / Проводы сердца — и новые встречи” [1, с. 118]; і ў Жылкі: Як дзяцiнства гады незваротныя, / Тыя гукi, што родзяцца ў цiшы; / Як вады плюскатаннi пяшчотныя, / Чараванне тых слоў закалыша. // І ушчэнт закаханасцi поўныя / I таго, што не выкажаш мовай, / Мы пяройдзем мяжу ў невымоўнае, / За рубеж чалавечага слова [2, с. 89]. У адным з лістоў Жылкі ў Расію, да Лідзіі Сілаевай (датуецца 1922 – 23 гг.), знаходзім тую ж адсылку, вылучаную ў тэксце самім паэтам, прычым на фоне цютчаўскай тэмы “Silentium”: “… голоса из запредельных, далёких стран звучат очаровательно и волнующе. В них опять чудится искрометный костер живого, взыскующего духа и те невиданные пути, что ведут в глубине к ясности понимания “за черту человеческой речи”” [1, с. 253].

Уладзімір Жылка, суправаджаючы свае вершы эпіграфамі з Блока, часта падкрэсліваў такім чынам прыхільнасць да пазнавальнага блокаўскага стылю як да нейкага інварыянту.

Цікава, што адзін з сучаснікаў Жылкі, крытык Антон Адамовіч, не надаўшы ніякага значэння ўплыву Блока на Жылку, заўважаў у лірыцы беларускага паэта прявы “нацыянальнага эрасу”, “зліццё эратычнай лірыкі, любоўнай лірыкі, з лірыкай нацыянальна-ідэйнай <…>, зліццё, у выніку якога вобраз каханай – Яе (цяпер ужо канечне з вялікай літары) становіцца для паэта вобразам самой Бацькаўшчыны, нацыі, аб’ектам яго нацыянальнага эрасу…” [3, с. 11 – 12].

Ці мае рацыю Ант. Адамовіч, можна меркаваць па мноству хрэстаматыйных радкоў Жылкі; напрыклад, па вершы , першыя радкі з якога напісаны на магільным камені паэта – “Няма збавення” (1924 – 1925): “Няма збавення / Апроч пекнаты. / Ў маім маленні / Адзіная ты. // Адной між дзеваў / І верных жанок / Высокіх спеваў / Адвечны зарок! // Прамень світання / І сонечны госць, / Людзей вітання / Ты вартая ёсць! // О, будзь хвалёна, / Вялічана будзь! — / Табой збавёны / Не вызнае жудзь. // Малю й гукаю / Ў няўхільную сінь: / — З тугой адчаю / Мяне не пакінь! // Ў баі жыццёвым / Адвагі прыдай, / Надзеі словам / Мяне прывітай. // Пакліч павеўна / І радасць разлі, / Дазволь мне пэўна / Ступаць па зямлі” [2, с. 88]. У гэтых радках перш за ўсё відавочны вопыт Блока-сімваліста, які Жылка арыгінальна засвоіў і развіў у адпаведнасці са сваім ідэалам Красы, са сваім жаданнем служыць радзіме і паэзіі ў Храме Хараства, аб чым сведчыць дзённік паэта за 1923 – 1926 гады [2, с.с. 155, 164].

Бадай, найбольш заўважны ўплыў Блока ў інтымнай лірыцы Жылкі. Ён прасочваецца ва ўсёй творчасці паэта. Так, санет “Каханне” датуецца 1921 годам. Музай Жылкі стала сціплая вясковая дзяўчына (Ганна Яцэвіч [4, с. 63]), якая, па словах Ул. Калесніка, ніякавела і бянтэжылася, заўважаючы ўвагу да сябе вучонага кавалера. Пачынаецца санет “Каханне” словамі: “З’явілася, і чую сіл крыніцу” [2, с. 30 – 31]. Далей Жылка экспрэсіўна і радасна апявае прыгажосць “чараўніцы”, таямнічасць складак яе вопраткі і вітае “светлавокую Лауру”. Блокаўскі цыкл “Фаина” (1906) адкрываецца страфой Вот явилась. Заслонила / Всех нарядных, всех подруг, / И душа моя вступила в предназначенный ей круг” [1, с. 298]. Гэтыя вершы гучаць зусім у іншым рэгістры; жарснасць блокаўскага героя нясе ў сабе не столькі светлыя эмоцыі, колькі прадчуванне пагібелі, і сугестыўна выяўленую дамінуючую трывогу. Аднак пачатковае “З’явілася…” сваёй жарснасцю алюзійна адсылае нас да “Вот явилась….

Цыкл Жылкі з 11 вершаў пад назвай “Вершы спадзявання” [2, с. 83 – 91] чытаецца як своеасаблівая даніна Блоку, парафразы блокаўскіх тэм і вобразаў з “Ночной Фиалки”, “Города”, “Снежной маски”, “Фаины”. У некаторых творах Жылкі можна ўбачыць і больш выразныя адсылкі да Блока: “Не кляні, о анёл-абаронца! / Вартаўнік маіх спраў, не кляні. / І самому мне нудна бясконца / Валачыць мае чорныя дні…”, 1926; “Крыху ўзрушаны і рады, / Спатыкаюся з табой, / І цвітуць твае пагляды / І ўва мне і нада мной…”, 1923; “Зацвілі твае вочы між тлуму, / І здаецца, твой стан мільгануў…”, 1923; “Твае блакітнасці нязменны, / Нязменна хараство тваё. / А я атруты келіх пенны / Разліў якраз ў жыццё маё…”, 1924; “Хто там паклікаў? / Спяшаю за кім? / Хто так ўладарна й нячутна? / Ты, незнаёмая, правам якім, / Сілай якою магутна?”, 1924 [2, с.с. 94, 54, 55, 60 – 61, 69]. У іншых жа, як і ў цыкле “Вершы спадзявання”, мы знаходзім не столькі літаральныя супадзенні лакальных вобразаў, колькі блокаўскія інтанацыі, сімвалісцкую стылістычную афарбаванасць: “Нягоды твой не зменяць крок, / І ты пяшчотная ўсё тая ж, / І радасці жыцця ў вянок, / Як і калісьці, завіваеш” [2, с. 120]. Тут можна ўспомніць блізкія менавіта стылістычна блокаўскія радкі (1908): “Всё та же ты, какой цвела когда-то / Там, над горой туманной и зубчатой, / В лучах немеркнущей зари” [1, с. 417]; ці радкі таго ж 1908 года: “И вот опять, и вот опять, / Встречаясь с этим темным взглядом, / Хочу по имени назвать, / Дышать и жить с тобою рядом…” [1, с. 321].

Калі б не вялікая любоў Жылкі да паэзіі Блока, аб чым ён так многа гаварыў і пісаў, то магчыма, мы і не суадносілі б гэтак адназначна падобныя фразы: блокаўскую “Знаю я твоё льстивое имя, / Чёрный бархат и губы в огне” [1, с. 442] і жылкаўскую “Ты варожыш, ты чаруеш, / О чароўная, бы світ, / Абяцала – падаруеш / Губ вясёлы аксаміт” [2, с. 54]. Як народжаныя блокаўскім сімвалізмам прыгадваюцца-пазнаюцца ў вершах Жылкі тыя рукі-лілеі, сны пра кволае шчасце, мармур светлага чала пад пасмамі глухой завеі, якія ў беларускай паэзіі ўпершыню выявіў менавіта ён, Уладзімір Жылка: “Ледзь знаёмы пачуецца гук, / І туга, і хаўтурнае змоўкне галошанне. / О лілеі пяшчотныя рук, / Мая радасць і дзень уваскрошання!” [2, с. 87]. Ці: “Нашто ж хадой прыйшла ўрачыстай, / Нашто ты, светлая, прыйшла, / Ў сваёй апратцы снежна-чыстай / Ў прытулак зла?” [2, с. 86]. У паэзіі Блока і загадкавая гераіня, і снежная стыхія, і прытулак зла – важнейшыя вобразы-канцэпты. Жылка піша па-свойму і пра сваё, але захоўвае “памяць жанру”, блокаўскае “лёгкае дыханне” ў паэтычных прызнаннях у каханні: “Жыццём, жыццём як хісткай кладкай, / Бурліцца, пеніцца вада… / Ты нада мною вееш згадкай, / Мая ж няроўная хада. <…> // І каб не сны ў душы прапаснай, / Які б ён – сэнс таго быцця, // І каб не ты з усмешкай яснай, / Усмешна-ясная мая!” [2, с. 84 – 85].

Аналагічны жанравы след заўважны ў вершы Жылкі “Народнае” (з недатаваных), які сваім пафасам і вобразнасцю выклікае ў памяці, побач з некаторымі класічнымі творамі М. Багдановіча, блокаўскі цыкл “Вольные мысли”, 1907, асабліва фрагмент “В дюнах”: “Я не люблю пустого словаря / Любовных слов и жалких выражений <…>” [1, с. 334]. Падобна да блокаўскага, герой Жылкі разважае пра пачуццёвае. Ён праходзіць уздоўж вёскі, пакутуючы ад смагі; бачыць дзяўчыну, якая палівае кветкі перад хатай, і просіць піць. “Дзяўчына ахоча падала мне / конаўку халоднае празрыстае вады, / а сама лагодна следкавала, / як смагла я піў. / Яна была моцнай, чырванатварай / і не мела нічога нябеснага, узносячага, / тонкі капоцік прыкрываў / прудкія малыя грудзі – / як з абразоў галандскіх майстроў, – / якія абяцалі цёплыя зямныя радасці. І далей герой думае: як добра пакінуць туманныя летуценні і гэтую “кволую закаханасць”, а вось пакахаць вуснамі, рукамі, усім целам такую здаровую, цёплую, як гэта. Забыцца на ўсё містычнае, а песціць кветнік перад хатаю… Увечары ж пасля потнай працы памыць рукі і ўсесціся ў коле сям’і за агульную місу пахкай вячэры. “Так я думаў, калі піў, / таму на развітанне / Пажадаў ёй здароўя / і прыгожага жаніха. / І пайшоў далей, сумуючы, што мой шлях / Цяжкі і самотны, / І ніколі не быць мне простым” [2, с. 125 – 126]. Гэты верлібр Жылкі алюзійна адсылае таксама да знакамітых верлібраў Блока “Когда вы стоите на моём пути”, (1908); “Она пришла с мороза”, (1908), і інш. Каментуючы падобныя вершы Жылкі (у прыватнасці – “Марта”, дзе Жылка выкарыстаў евангельскі сюжэт), Уладзімір Калеснік падкрэсліваў: “Кантраснае сутыкненне “нізкай” эротыкі з экзальтаванай духоўнасцю можа навесці на аналогіі з упадабанымі штампамі парнасцаў і неарамантыкаў”, аднак па сутнасці “сцвярджэнне прыгажосці ў будзённым было для Жылкі набліжэннем да беларускай паэтычнай традыцыі…” [4, с.с. 245, 248], было працягам традыцыі бачыць схаваную красу і моц у тым, што знешне можа здавацца непрыгожым.

Між тым, некаторыя падобныя матывы ў паэзіі Блока і Жылкі гучаць кантрасна.

Вядома, якое важнае месца ў лірыцы Блока займае тэма загадкавай Незнаёмкі, у сувязі з якой акадэмік І. Навуменка ўзгадваў “Вершы аб Вільні” Ул. Жылкі. І. Навуменка пісаў, што гэтыя вершы “адразу захопліваюць у палон рытміка-інтанацыйным малюнкам, які запаў у памяць пасля блокаўскай «Незнакомки». “Вялікай вуліцы экзотыка // Тэатры, кіно, шпіталі: // І маліцвенна ўзносіць готыка // Да неба тонкія шпілі…” [6, с. 684].

Горад як асяродак граху малюецца ў абодвух паэтаў. У Блока: “Здесь ресторан. как храмы, светел, / И храм открыт, как ресторан…” [1, с.267]. У Жылкі – у “Вершах аб Вільні”: “Плыве па вулках пыха панская, / Распуста, блуднасць і мана; / І ярасць жорсткая, паганская / Бліскае ў вочах ліцвіна” [2, с.75]. Фінальныя ж радкі у кожнага асабліва яскрава падкрэсліваюць сэнсавыя адрозненні нацыянальных кантэкстаў. Самае відавочнае з такіх адрозненняў раскрываецца ў фінальных радках; у Блока: На безысходные обманы / Душа напрасно понеслась: / И взоры дев, и рестораны / Погаснут все – в урочных час”. У Жылкі – раптам рэзкі стылявы пераход да падкрэслена грамадзянскага воклічу: “О, места роднае, каханае, / Цябе залье крывіцкі рух!” Цікава наступнае. У канчатковай рэдакцыі працытаваны верш Блока называцца па першым радку – “Ты смотришь в очи ясным зорям”; вядома, што ў блокаўскім зборніку “Земля в снегу” ён меў больш красамоўную назву “Напрасно”. Гэтае блокаўскае “напрасно”, сімвалісцкае светаадчуванне кантрастуе з пафасам жылкаўскім, з рамантычнай верай у беларускае адраджэнне, у “крывіцкі рух”.

Такім чынам, Жылкава любоў да паэзіі Блока, рэцэпцыя (успрыняцце і пераўтварэнне) блокаўскай лірыкі прывялі да ўзнікнення арыгінальнага індывидуальнага стылю Жылкі-сімваліста. Гэта яскравы, складаны і шматмерны стыль. Адным з самых вялікіх адкрыццяў у паэзіі Блока быў яе незвычайна абвостраны псіхалагізм. Надзвычайным было і Блокава адчуванне музычнасці ў паэзіі, спецыфічнай паэтычнай гармоніі ў вершаваным радку. І менавіта Уладзімір Жылка быў адным з тых паэтаў, які беларускае слова 1920-х гадоў, тагачасную беларускую мову зрабіў мовай паэзіі па-блокаўску псіхалагічнай, меладычнай, гарманічнай. Можна сказаць, што ў паэзіі У.Жылкі суровы рэалізм беларускага слова і яго па-адраджэнску рамантычная стылёвая афарбоўка сутыкнуліся са светам класічнага рускага сімвалізму. Але ў гэтым сутыкненні нарадзіўся не канфлікт, а цудоўная новая гармонія. Яе выразна дэманструе лірыка У.Жылкі.

У.Жылку (следам за Янкам Купалам, Максімам Багдановічам, інш.) удалося зрабіць так, каб беларускае слова, у сучасных Жылку друкаваных выданнях пераважна “сырое”, у пачатку ХХ стагоддзя яшчэ занадта прадметнае, звыклае хутчэй да апісання рэчаў, чым складаных пачуццяў, яшчэ не адшліфаванае у пастаянным мастацкім ужытку, – каб такое слова загучала па-блокаўску гарманічна. У творчасці У. Жылкі беларускае паэтычнае маўленне, сама тэхніка верша выйшла за межы неарамантызму, але не ў кірунку да жыццёвых рэалій, а ў сферу чароўнага, няяснага і ўзрушлівага; у сферу містычнага і сугестыўнага, сімвалісцкага. У шэрагу вершаў У. Жылкі пазнаюцца перазовы, своеасаблівы дыялог з асобнымі блокаўскімі матывамі і вобразамі, якія паэт пераасэнсаваў і ператварыў у з’явы беларускай мастацкай культуры.


Літаратура

Блок А. Стихотворения / Вступит. статья, подготовка текста и примечания Вл.Орлова. – Л.: Советский писатель, 1955. – 638 с. [«Библиотека поэта», большая серия, 2-е изд.]

  1. Жылка Ул. Выбраныя творы / Укладанне, прадмова і каментарыі М.Скоблы. – Мінск: «Беларускі кнігазбор», 1998. – 358 с.
  2. Жылка Уладзімер. Творы. Да 20-х угодкаў сьмерці / Пад рэдакцыяй і з камэнтарамі Ант.Адамовіча. Ню-Ёрк, 1955.
  3. Калеснік У. Ветразі Адысея. Уладзімір Жылка і рамантычная традыцыя ў беларускай паэзіі. – Мінск: «Мастацкая літаратура», 1977. – 328 с.
  4. Калеснік У. Краса і воля. Паводле перапіскі У.Жылкі і А.Луцкевіча // ЛіМ. 1991. 31 мая. С. 7.
  5. Навуменка І.Я. Уладзімір Жылка // Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя: У 4 т. Т. 2 / Нац. акад. навук Беларусі. Ін-т літаратуры імя Я.Купалы. – 2-е выд. Мн.: Беларуская навука, 2002. – С. 673 – 689. (903 с.)
  6. Нарысы па гісторыі беларуска-рускіх літаратурных сувязей: У 4 кн. Кн. 3: 1917 – 1941 гг. Мн., 1994. – С. 22-23.

На рускай мове друкавалася [у]: Синькова Л.Д. Александр Блок в жизни и творчестве Владимира Жилки // Сінькова Л.Д. Паміж тэкстам і дыскурсам: Беларуская літаратура ХХ – ХХІ стст. : гісторыя, кампаратывістыка і крытыка (літаратурная крытыка, артыкулы, гутаркі) / Людміла Сінькова. – Мінск : Паркус плюс, 2013. – С. 38 – 48. (296 с.)