Факт, дакумент, прыватнае сведчанне-споведзь мелі, як вядома, першаступеннае значэнне ў тэкстах славутага дысідэнта Аляксандра Салжаніцына, старэйшага за Алеся Адамовіча на 8 гадоў.

Сярод кніг Салжаніцына (ён, праўда, не любіў слова дысідэнт, бо, расчараваўшыся ў савецкім ладзе, зрабіўся апалагетам расійскага самадзяржаўя) вылучым легендарны «Архіпелаг ГУЛАГ». Гэтая эпапея стваралася на працягу 1958 – 1968 гадоў, друкавалася з 1973 г. у замежжы, з 2009 г. уваходзіць у расійскія школьныя праграмы па літаратуры. І тут імя Салжаніцына нібы абавязвае мяне спачатку згадаць «беларускі след» Варлама Шаламава, аднаго з карэспандэнтаў і «суаўтараў» Салжаніцына (артыкул В. Жыбуля «Беларускія шляхі Варлама Шаламава» [https://www.svaboda.org/a/28622590.html Жыбуль В., Беларускія шляхі Варлама Шаламава]), а таксама такіх беларускіх аўтараў у лагернай тэме, як Ф. Аляхновіч (першаадкрывальнік тэмы з публікацыяй у 1934 г. аўтабяграфічнай аповесці «У капцюрох ГПУ», адразу перакладзенай на замежныя мовы), Л. Геніюш («Споведзь»), Н. Арсеннева («У казахстанскай ссылцы»), Л. Калюга («Дзе косці мелюць»), М. Сяднёў («Раман Корзюк»), П. Крэнь («Унжлаг»), П. Палягошка («Успаміны з жыцьця пад савецкай уладай і з пабудовы Беламорскага каналу»), В. Шыдлоўскі («Рысы майго пакаленьня»), А. Калубовіч («На крыжавой дарозе»), С. Грахоўскі («Такія сінія снягі», «Зона маўчання», «З воўчым білетам»), П. Бітэль («Празь церні й завалы»), Я. Бяганская («Мая Галгофа»), П. Пруднікаў («Яжоўскія рукавіцы», «Паўночнае пекла», «Самазабойца», «Жывая мішэнь», «Ваўкадаў»), Я. Скрыган («Горкая далячынь»), В. Хомчанка (зборнік прозы «Цар-зэк Сямён Івашкін»), В. Супрун («Штрыхі з успамінаў»), Я. Жамойцін («З перажытага»), В. Ярмалковіч («На жыццёвых хвалях»), класічныя М. Гарэцкі (дзённікі Лявоніуса Задумекуса, «Скарбы жыцця»), Я. Брыль («Муштук і папка»), В. Быкаў («Аблава», «Перад канцом», «Жоўты пясочак»)… Усе названыя тут беларускія аўтары, як і многія пісьменнікі з іншых нацыянальных літаратур былога СССР, пакінулі сведчанні пра савецкія рэпрэсіі ў традыцыйных жанрах і стылях дакументальна-мастацкай прозы: гэта найперш мемуары і дзённікі, затым аўтабіяграфічныя (за выключэннем прозы В. Быкава, які не быў у ГУЛАГу) апавяданні і аповесці (у М. Сяднёва – раман).

Аднак у трох тамах “Архіпелага…” Салжаніцыну, здаецца, удалося ахапіць неахопнае, абняць неабдымнае. «Архіпелаг…» называюць энцыклапедыяй савецкай пенітэнцыярнай сістэмы, і ў цэлым – рэпрэсіўнай сістэмы ў СССР. Тут асэнсавана не толькі фактура 1918 – 1956 гадоў, але і яе лагічна разгалінаваны кантэкст. Гэта сапраўды грандыёзны плён аўтара  і цэлай эпохі савецкіх 1960-х.

Як вядома, падзагаловак да кнігі і многія інтэрв’ю з Салжаніцыным падкрэсліваюць: «Архіпелаг ГУЛАГ» – гэта менавіта вопыт мастацкага даследавання. Тут цэласнасць тэксту ў трох тамах амаль умоўная, бо паслядоўна і лагічна  структураваны ён толькі паводле тэмы. Затое стылёвая разнароднасць тэкставых фрагментаў дапамагае пераадолець непазбежную манатоннасць – і самога аповяду, і яго ўспрыняцця чытачом. А галоўнае, гэтая разнароднасць дапамагае акрэсліць найшырокія абсягі балючай тэмы. Сам Салжаніцын у пасляслоўях да «Архіпелагу… », ды і з іншых нагод, неаднаразова паўтараў, што ён адзін, з выключна сваім вопытам – рэпрэсіраванага ў лютым 1945 года капітана-артылерыста, а яшчэ раней – дастаткова наіўнага студэнта фізіка-матэматычнага факультэта Растоўскага-на-Доне ўніверсітэта імя Молатава, – адзін ён не здужаў бы стварыць такога мастацкага палатна: не здолеў бы – без тых аповядаў, амаль гатовых тэкставых фрагментаў, лістоў і мемуараў, якія далі яму многія сведкі-«суаўтары» (адным з іх, паўторымся, быў і В. Шаламаў; у цэлым, канешне, матэрыялы былі вельмі рознаякасныя). Імёны ўсіх сваіх памочнікаў Салжаніцын штораз пералічваў на першых старонках 1 тома (у выданні 2007 года іх было 257). І яшчэ Салжаніцын пісаў пра незавершанасць свайго твора: «В неполноте пусть меня не винят: конца дополнениям здесь нет, и каждый чуть-чуть касавшийся или размышлявший, всегда добавит – и даже нечто жемчужное. Но есть законы размера. Размер уже на пределе, и еще толику этих зернинок сюда втолкать –  развалится вся скала» [Солженицын, А. Архипелаг ГУЛаг. Том 1 (части 1-я и 2-я). –  М.: Центр “Новый мир”, 1990. По тексту Собрания сочинений А. И. Солженицына. Вермонт, Париж, YMCA – PRESS, 1980, тома 5 – 7, www.lib.ru/PROZA/SOLZHENICYN/gulag.txt].

Праўда, даследчыкі тамоў «Архіпелага… »  нярэдка робяць акцэнт якраз на яго цэласнасці. Яны знаходзяць і яскравыя метафары для пазначэння гэтай цэласнасці, і пэўны рытм у тэкставым масіве, звязваючы яго з аўтарскім пафасам. Так, Міхаіл Гелер пісаў, што «Архіпелаг…» «выстроен как нисхождение по кругам Ада: первый том – арест и следствие, второй том – лагерь, третий том каторга и ссылка» [Геллер, М.Я. Александр Солженицын (К 70-летию со дня рождения). London, 1989. – С. 41], а Бродскі пісаў, што Салжаніцын сабраў паказанні сведкаў і наладзіў свой Нюрнбергскі працэс, у якім чытач удзельнічае як назіральнік [Brodsky, J. The Geography of Evil. Review of From Under the Ruble by A.Solzenicyn et al; The Gulag Archipelago III, IV by A. Solzenicyn; On Socialist Democrasy by R. Medvedev // Partisan Review. –  Vol. 44. – № 4. –  Winter 1977. –  P. 637– 645].

Андрэй Ранчын, вывучаючы тэкставую цэласнасць салжаніцынскага «Архіпелага…», характарызуе гэты твор як спалучэнне сямі дыскурсаў: маюцца на ўвазе мадыфікаваныя споведзь, жыціе, вялікі эпас (з «гамераўскім» кодам), мартыралог, авантурны аповяд, гістарычны нарыс,  саркастычны этнаграфічны трактат [10, Ранчин, А. М. «Архипелаг ГУЛаг» А. И. Солженицына как художественный текст: некоторые наблюдения // Православный образовательный портал «Слово». –30.11.2008. Архивировано 25 августа 2011 года. С. 2].

Варта, аднак,  вылучыць дамінанту ў сімбіёзе такога кшталту. Калі твор Салжаніцына і мае рысы эклектычныя, або сінкрэтычныя, то гэта тая эклектыка эпічнай формы, якая апавяшчае пра нараджэнне менавіта новай формы жанравага мыслення, новай спецыфічнай жанравай структуры, новай разнавіднасці эпасу –  ужо менавіта па-за «гамераўскім» кодам. І ў тэарэтычным плане непазбежнасць з’яўлення такога, зусім новага эпасу ў ХХ стагоддзі, заўважыў, асэнсаваў, апрабіраваў на практыцы, тэарэтычна і тэрміналагічна абгрунтаваў менавіта Алесь Адамовіч.

Тут нам зручна прыгадаць, што і Аляксандр Салжаніцын, і Алесь Адамовіч, і Васіль Быкаў былі віднейшымі савецкімі шасцідзесятнікамі. Іх прыязныя стасункі зафіксаваны на вядомых фатаграфіях: Адамовіч з Салжаніцыным (фота  Быкава) і Быкаў з Салжаніцыным (фота Алеся Адамовіча). Гэтая «фотасесія» адбылася ў гасцініцы «Масква» ў 1967 г. Тады ішоў чацвёрты з’езд пісьменнікаў СССР, і на ім Салжаніцын заклікаў калег падпісаць зварот за скасаванне цэнзуры. З беларусаў гэты зварот падпісалі толькі два чалавекі – былы партызан Алесь Адамовіч і былы франтавік Васіль Быкаў.  Згадаем і тыя блізкія нам дэталі, што бацькі Салжаніцына вянчаліся ў Беларусі – у мясцовасці Узмошша, дзе ў 1917 г. стаяла 1-я Грэнадзёрская артылерыйская брыгада жаніха.  А ў 1944 г. капітан Аляксандр Салжаніцын ваяваў пад Рагачовам [Сараскина, Л. И. Александр Солженицын. – М.: Мол. гвардия, 2008. – (ЖЗЛ: Биография продолжается; вып. 15)].

Калі даследчыкі пісалі пра складаны жанр кнігі «Архіпелаг… », то на першы план  вылучалі звыклыя жанрава-стылёвыя азначэнні. Напрыклад, Жоржам Ніва падкрэслівалася, што салжаніцынскі аповяд адначасова хранікальны і аўтабіяграфічны, гэта летапіс савецкай катаргі, адысея размаітых і незлічоных «плыней» высланых, энцыклапедыя лагернага свету, падручнік этнаграфіі для вывучэння «нацыі зэкаў», маралізатарства аўтара і хроніка лагернага супраціву [ Нива, Ж. Солженицын / Пер. с фр. С. Маркиш в сотрудничестве с автором. – London, 1984]. Сам апавядальнік у «Архіпелагу… » нярэдка апелюе да «Запісак з Мёртвага дома» Дастаеўскага і «Вострова Сахалін» Чэхава як да пэўных сваіх арыенціраў, і даследчыца Марыя Шнеерсон дадае ў гэты шэраг таксама класічныя «Гісторыю дзяржавы Расійскай» Карамзіна ды  «Падарожжа з Пецярбурга ў Маскву» Радзішчава [Шнеерсон М. Александр Солженицын: Очерки творчества. Frankfurt a M., 1984.].

Зусім па-іншаму ўбачыў патэнцыял і самую сутнасць сучаснага эпасу Алесь Адамовіч – ініцыятар стварэння славутых «Я з вогненнай вёскі… » і «Блакаднай кнігі». Гэта былі першыя маштабныя кнігі, высока ацэненыя і ў замежжы, і ў СССР, заснаваныя на магнітафонных запісах з успамінамі сведкаў пра нечуваны гвалт над заведама бязвінным, цывільным насельніцтвам пад час Другой сусветнай вайны. Хто ведае, наколькі натхняльным для Алеся Адамовіча тут быў вопыт Салжаніцына, падлеглага анафеме ў СССР і чытанага падпольна?

Алесь Адамовіч жа быў яшчэ і выдатным вучоным-літаратуразнаўцам, членам-карэспандэнтам АН БССР (1980). Ён вельмі хутка пад час працы над сваімі творамі зразумеў недастатковасць традыцыйнай паэтыкі. І галоўнае, Алесь Адамовіч зразумеў яе неаператыўнасць, г.зн. безабароннасць перад савецкай цэнзурай. Нездарма вышэй названыя кнігі  Адамовіча перавыдаваліся неаднаразова і з памяншэннем колькасці цэнзурных правак ды скасаванняў.

Тут важна згадаць, што Адамовіч ніколі не збіраўся эміграваць на Захад і заўсёды звяртаўся найперш да айчыннага чытача. І ён даўно зразумеў, што выстаяць перад цэнзурай мае добрыя шансы толькі дакумент пратакола, або запіс голасу сведкі на гнуткай грампласцінцы (дзвюмя такімі былі ўкамплектаваны экземпляры першага выдання «Я з вогненнай вёскі…»).

Рознабаковае асэнсаванне тэорыі новага эпасу пачалося, бадай, з таго, што Аляксандр Міхайлавіч у аўтарскай «Хатынскай аповесці» паспрабаваў спалучыць рознастылёвыя і рознажанравыя фраменты – гэта былі ўзаемапераходы мастацкага і публіцыстычнага маўлення, дакладнай фактаграфіі і цытавання дакументаў. Такія дакументы былі звязаны з судовымі працэсамі ў 1960-я гады ў Беларусі над былымі карнікамі. Матэрыялы гэтых працэсаў Алесь Адамовіч уважліва вывучыў, дзякуючы спецыяльнаму дазволу Аляксандра Кузьміна, сакратара ЦК кампартыі Беларусі па ідэалогіі (вывучыў разам з Янкам Брылём, сваім суаўтарам па кнізе «Я з вогненнай вёскі… »). Названыя прыёмы і матэрыялы ў кнігах Адамовіча прыцягнулі вельмі вялікую ўвагу тагачаснага чытача, які ўбачыў легітымізаваным той факт, што вёска Хатынь, савецка-беларускі сімвал зверстваў гітлераўцаў, была спалена  хоць і пад камандаю немца-Дзірлевангера, але ж  батальёнам былых суграмадзян.

Алесь Адамовіч, здаецца, быў адзіным крытыкам сваёй «Хатынскай аповесці» ў тыя часы, калі яе хвалілі і адзначалі прэміямі, перакладалі на замежныя мовы. Адамовіч пісаў, што яму не ўдалося ўтрымаць магму чалавечага болю ў традыцыйных мастацкіх фомах. Хвалебныя трактоўкі «Хатынскай аповесці» ў згодзе з інерцыяй савецкага светаразуменя зачаста баналізавалі яе змест. Таксама ж і тая тэма савецкіх палонных, уласаўцаў, выхадцаў з рэпрэсіраваных сем’яў, за раскрыццё якой востра крытыкавалі Салжаніцына, ізноў была ўзнятая Адамовічам. Ён зрабіў гэта ў аповесці «Карнікі» – у тым варыянце, калі ўвага факусуецца на безвыходнасці загнанага ў кут чалавека. Абсалютная безвыходнасць поруч з фашысцкай прынукай расчалавечвае яго і спараджае апакаліпсіс, канец свету для яго безабаронных ахвяр.

Адамовіч зрабіў смелы крок напрерад і як тэарэтык літаратуры. Як толькі не іранізавалі з вылучанага ім тэрміна «звышлітаратура»! Але меў рацыю ўсё ж ён, Адамовіч. Не толькі ў тым сэнсе, што чалавецтва злачынна мала думае пра свой магчымы дачасны ядзерны скон. Але яшчэ і ў тым, што адзін чалавек не можа ведаць усёй праўды пра намі перажытае, бо яна рассыпана ў памяці мноства людзей. «Звышлітаратура» – гэта найперш тэкст-палілог…

У стварэнні прозы галасоў для Алеся Адамовіча і Святланы Алексіевіч зыходнай пазіцыяй было слухаць і фіксаваць, з тым каб выбіраць і рэпрэзентаваць чужое маўленне ў статусе  рэальнага, а не прыдуманага. У адрозненне ад Салжаніцына, чыя канкрэтная асоба заўсёды была на першым плане ў наратыве “Архіпелагу…”; Салжаніцын традыцыйным чынам выкарыстоўваў і дакументальныя крыніцы, і тэксты аднадумцаў па антыгулагаўскай, антысавецкай тэматыцы.

 

Надрукавана у: Сінькова,  Л. Беларуская “звышлітаратура”: Літаратуразнаўчыя і літаратурна-крытычныя артыкулы. – Мінск: “Кнігазбор”, 2019. –  С. 32 – 38. (224 с.)