Стылевыя пошукі маладой прозы

Адзін з накірункаў развіцця маладой беларускай прозы — так званы еўрапеізм. Не будзем тут чапаць філасофію, гэтым разам будзем мець на ўвазе толькі тое, што частка нашых маладых празаікаў, мяркуючы па шматлікіх публікацыях у перыёдыцы і па першых-другіх кніжках аўтараў другой паловы 80— 90-х гадоў, відавочна намерылася беларусізаваць тыя з вядомых у свеце жанрава-стылёвых формаў, якіх для апошняга часу амаль не ведала наша прыгожае шсьменства.

Гэты рух, як і ўсякі новы ды энергічны, не можа не радаваць. З’явілася больш прозы, якую цікава чытаць, выйшла на публіку шмат маладзёнаў — дэтэктываў і прыпавесцей, фантастыкі і перыфразаў розных гістарычных часоў. З’явіліся аўтары, за якімі нецярпліва сочыш, чыіх твораў чакаеш: Андрэй Федарэнка, Алесь Наварыч, Пятро Васючэнка, часам залішне камерцыйны Адам Глобус, Анатоль Казлоў — няроўны, але ў лепшых творах арыгінальны, іншыя (Алесь Астраўцоў, напрыклад, адразу запомніўся публікацыяй у №2 «Маладосці» за 1991 г.) — таленавітай моладзі цяпер многа.

Новая, цікавая плынь дэманструе, аднак, і звычайную нашу шэрасць, знакаміты «вал», які сёння гэткі ж заўважны, як і ўчора, і заўчора. Розніца толькі ў тым, што тут шэрасць абвеяна нейкім місіянерскім пафасам або флёрам вучнёўства, і вось ужо сам крытык, бадай, сумеўся: імкненне вучыць і навучацца — катэгорыя станоўчага асацыятыўнага поля, а шэрасць — гэта ўжо нешта яўна адмоўнае, дык ці правамернае спалучэнне?

Пачнём з формы. Форма сама па сабе рэч вельмі прадуктыўная, агрэсіўная нават. Агрэсію традыцыйных (для нас) формаў мы, дзякуй Богу; заўважылі. Ды, здаецца, надышоў час заўважыць гэткія ж патэнцыі і тых формаў, якія (зноў жа нам толькі) бачацца як новыя, як тыя, што рашуча выведуць за ручку новую нашу прозу на еўрапейскую элітарную арэну.

Сапраўды, пачніце выпрацоўваць інерцыйны запас экзатычнай формы, перакіньце яе ў новае, незасвоенае дасюль ёю моўнае рэчышча,— і яна дасць свой плён. Адшліфуе мову, наросціць мускулы жанравым структурам, падключыць змест вашых твораў да архетыповых кантэкстаў. Усе гэта — калі вы, па меншай меры, вельмі здольны чалавек, як, напрыклад, Алег Мінкін.

Пасля несумненнага поспеху прыпавесці «Краіна Хлудаў» (напісана разам з Віктарам Галковым, зб. «Тутэйшыя», 1989 г.), А. Мінкін надрукаваў апавяданне «Карова» («Маладосць». 1990. № 10). Гэтае апавяданне можна параўнаць з таленавітым перакладам: гэта болып Дж. Оруэл ці які У. Голдзінг, чым А. Мінкін; аднак моўная пластыка, энергія беларускай мовы робяць гэтае апавяданне таленавітай, самакаштоўнай варыяцыяй на класічную тэму. Па сутнасці, гэта напісаная ў анталагічным жанры проза накшталт «Персідскіх матываў» Ясеніна або анакрэонтыкі Пушкіна ў паэзіі. Увогуле анталагічнае майстэрства вельмі блізкае перакладчыцкаму, і вядома, які выдатны перакладчык, тонкі стыліст А. Мінкін.

Ды ўсе ж талент імітатара ці, калі хочаце, кампазітара дастаткова рэдкі. На фоне класікі імітатарскі плён бывае надта сціплым, каб весці гаворку пра нейкі мастацкі прагрэс, пра ўласнае наватарства многіх нашых маладых аўтараў. Проза, якая часцей сустракаецца ў друку, нагадвае філалагічныя семінарскія практыкаванні: відаць, што чалавек, скажам, навучыўся пісаць пад бітнікаў ці Эдгара По; давеў, што ўжо сказанае раней, іншымі, на іншых мовах можна сказаць і па-беларуску. Лагічны вынік такога вучнеўства (здараецца нават у безумоўных талентаў) — парадыйнае гучанне пераймальных практыкаванняў. Напрыклад, вар’яты і вар’яткі з аднаго толькі зборніка прозы маладых «Перад маімі вачыма» (1990): «Багадзельня» Сяргея Астраўцова з п’есаю «кагосьці з элінаў»; «Выспа» Ігара Бабкова са «старахінскімі штудыямі», з «Сістэмаю» ды з «Інсулінным паветрам»; больш просценькае «Хачу быць блазнам» Віты Раманенкі з «вар’яцкім днём» і «звар’яцелаю» гераіняю; «Візіт алігафрэна» Юр’я Станкевіча,— рызыкну дыягназаваць Мілаша Формана (таму што наглядна) у якасці першаштуршка ды раскручвання старажытнай філасофскай тэмы і не менш старажытнай мастацкай метафары. Просталінейна транслітэраваць яе сёння на поўным сур’езе проста смешна.

«Новая» форма здольная заглынуць практыканта гэтак жа лёгка і хутка, як і «старая». Новая форма сама па сабе можа нарадзіць толькі безліч новых сваіх лёгка прагназуемых камбінацый, безліч вучнеўскіх опусаў. Агаворымся яшчэ раз, што штудыі маюць сваю вартасць, проста не трэба блытаць нашае банальнае вучнёўства з наватарствам. Важна ў часы згаладалага пераварвання чужых раскошаў адчуваць меру, не прамінуць тую хвіліну, калі трэба спыніцца і зразумець: неабдымнае не абдымеш, усяго не спажывеш. Мастак — гэта дэміург. Гэта Моцарт, які творыць свой свет. Яго псіхафізіка рухае форму, а не наадварот. Чытачу цікавы гаспадар формы, а не яе экспансія сама па сабе.

Аўтаномія, вялікая сіла супраціўлення мастацкага зместу чужацкаму гвалту заключаецца і ў канкрэтна-гістарычнай прыродзе формы. Згадайма французскі «новы раман»: ен нарадзіўся скандалам і з’яваю свайго часу. У нас цяпер гэта было б чыстае і зусім наіўнае малпаванне. Сезам адчыняецца інакш.

Да прыкладу, вазьміце нізку эратычных абразкоў А. Глобуса з першага зборніка маладых «Літаратура». Яны арыгінальныя не таму, што А. Глобус адкрыў Амерыку, «засвоіў» для беларускай традыцыі форму Дэкамерона ці іншыя каноны гэтага архетыпу Заходняга (XIV ст.) або Усходняга (X— XI стст.) Адраджэння. Абразкі А. Глобуса арыгінальныя таму, што ён адкрыў нашу рэчаіснасць, герояў нашага застойнага і постзастойнага часу, і мы ацэньваем тут перш за ўсё не здольнасць Глобуса пераварыць экзотыку, а яго здольнасць сказаць нешта сутнаснае пра сябе, нас, пра наш час. Фармальныя асацыяцыі тут якраз маглі б «задавіць», маглі б закасаваць папярэднікі (што, між іншым, часта здараецца з В. Чаропкам, калі ён дражніць антыкаў ці іншых заканадаўцаў «нянашых» формаў). А. Глобус дастаткова самастойны: архетып у яго — толькі кантэкст або падтэкст, усе ж астатняе — уласнае, і ў гэтым справа. Вучнёўская проза з натхненнем неафіта можа беларусізаваць што заўгодна. Аднак яна будзе распадацца на плоскія фармальныя камбінацыі, будзе мець нязводны прысмак другаснасці аж да таго часу, пакуль экзотыка не дападзе да глыбіняў тутэйшага ўлоння і не народзіцца дзіця тутэйшай формастваральнай глебы. Толькі асоба аўтара, канкрэтная этнічна і сацыяльна-псіхалагічна, здольная згарманізаваць хаос, «новы» ён ці «стары».

Той жа А. Наварыч у фантастычным апавяданні «Вяртанне сыноў» (зб. «Тутэйшыя») застаецца перш за ўсё традыцыяналістам Наварычам, гэта значыць традыцыйна ўжо добрым пісьменнікам. Наватарства Наварыча тут зусім не ў тым, што ў апавяданні дзейнічаюць камп’югомы. А ў тым жа, у чым яно было і раней у кнігах «Рабкова ноч» і «Ноч пацалункаў незалежнасці»; ва ўменні стварыць свой, унікальны і таму новы ў літаратуры мастацкі свет, ва ўменні фантастыку (як раней традыцыйную паэтыку) зрабіць сваім выяўленчым сродкам, сваёй служкай, а не самому абслугоўваць фантастычныя штампы. Быў, праўда, у пісьменніка ранні твор «Скрыжаванне» («Жнівеньскі праспект», 1988), дзе А. Наварыч адмовіцца гд сваёй улюбёнай манеры традыцыйнага прамога апавядання на карысць вульгарнай псіхалагізацыі «пад Фолкнера»,— чыстае, што называецца, фіяска.

Цяжэй даюцца штудыі тым, каму бракуе «беларускасці», каб «беларусізаваць», «наскасці», каб чужое зрабіць нашым, урэшце проста мастакоўскай асобы, каб агульнавядомае зрабіць асабістым. Загляньце ў апавяданне Стаха Дзедзіча «Кантрольны вузел» («Беларусь». 1991. № 4). Стах Дзедзіч, канешне, не самы горшы пісьменнік, і нават у гэтым апавяданні бачны яго творчы патэнцыял, але надта ўжо апавяданне няўдалае. Тут вам і галоўны герой К. (чаму не Йозеф К.?); і малаапетытныя макароны на сняданак, таемна звязанья з «каляровымі плямамі бензіну» на свіслацкай вадзе; і «жэшкая задушлівасць» мройных тропікаў; і альпінізм героя як сведчанне ягонай мадэрновасці; і К’еркегор; і побытавае хамства, і, урэшце, суіцыд, прасцей — самазабойства героя. Словам, поўны джэнтльменцкі набор сучаснага «празаіка-наватара», прысмакам добрай пародыі на розныя -ізмы ды пост-ізмы.

Паказальная ілюстрацыя Анатоля Александровіча да гэтага апавядання С. Дзедзіча — нейкі лысы тыпус паводле караля Стаха на кані на фоне гор: ці то сам герой К. як няўдалы «адраджэнец», ці відазменены персанаж С. Дзедзіча — вершнік «у махнатым каптуры…, які бачыў бясконцыя прасторы, дзе шлях вымяраецца тысячагоддзямі гісторыі, дзе ў дарозе скуты ланцугом мінуўшчына і цяперашняе…», і г. д. Між іншым, змешчанае тут жа апавяданне А. Федарэнкі «Сіндром» — пра тое, як савецкага чалавека «сажрала» перабудова — А. Александровіч невядома чаму праілюстраваў голай дзеўкай, тады як менавіта ў творы С. Дзедзіча герой К. прачынаецца ў час падарожжа ў цягніку з наступнай прычыны: «па спацелай руцэ пацякло нешта цвілае і ліпкае», відаць, у непасрэднай сувязі з тым, што над героем, «на трэцяй паліцы нешта стагнала і варушылася», а «з суседняга купэ бялела ў цемры жаночая нага, якая то згіналася, то разгіналася ў такт рыпенню» і г. д.

Дзеля чаго мой сарказм? Я за вучнёўства, але калі яно не прэтэндуе быць болышым, чым ёсць, быць наватарствам, мастацтвам без сапраўды мастакоўскага, дэміургічнага высілку. Менш наіўных філалагічных практыкаванняў! Мастацтва заўсёды ўнікальнае, яно не робіцца праз голы, паслядоўна праведзены прыём, і адна філалагічная вывучка не мае ўласцівасці нешта новае спарадзіць. Як вядома, яна многім нават замінае. Так, напрыклад, мне здаецца, што Уладзімір Сцяпан больш арыгінальны філолаг, можа быць, паэт, тэлежурналіст, чым арыгінальны празаік. [на час напісання артыкула – пазней ён якраз адышоў ад павярхоўнага урбанізму і знарочыстага маралізатарства ранніх апавяданняў тыпу «На вуліцы» са зб. «Тутэйшыя». – Л.С.].

Проста сённяшнім часам мы назіраем ужо вядомую, аналагічную 20-м гадам хвалю актыўнай цікавасці да «не-свайго», і на гэтай хвалі гатовыя захапляцца «чужым пазаддзем» (выраз М. Зарэцкага), абы яно было нязвыклае, тым больш з ліку амаль забароненага ўчора.

I ўсе ж да тэарэтызавання, абстрактных закідаў у бок маладых не лішне далучыць аналіз хоць бы адной з’явы з разраду тых, пра якія ідзе гаворка. У якасці такога рэпрэзента маладой «нетрадыцыйнай» прозы возьмем творчасць А. Федарэнкі.

Ужо дэбют А. Федарэнкі (маецца на ўвазе «Сачыненне»: Маладосць. 1987. № 1) выявіў стылевую пэўнасць празаіка. I тут трэба звярнуць увагу на тую паблажлівую іранічнасць, з якою А. Сідарэвіч, згадваючы «Сачыненне» ў аглядзе маладой прозы (зб. «Вобраз-88»), зрабіў намёк на залежнасць А. Федарэнкі ад рускай класікі.

Такая думка пра творчую манеру А. Федарэнкі, наколькі мне вядома, даволі распаўсюджаная і сярод моладзі; прычым, калі залежнасць, скажам, ад Дж. Джойса ці Ф. Кафкі лічылася б тут вялікім прагрэсам, то зусім не тое з Л. Талстым ці Ф. Дастаеўскім. Дык ці мае рацыю А. Сідарэвіч? Ці мацаваць А. Федарэнку кола да калёсаў ці вынаходзіць яго нанова?

А. Федарэнка відавочна вучань рускай класікі па культуры рэфлексіі, падкрэслім, па культуры. I найвіднейшае яго з гэтай класікі запазычанне — гранічная, бязлітасная шчырасць. Прынцыповая адсутнасць позы ў адрозненне ад тых маладых аўтараў, якія яшчэ «не спазналі сябе» і ў якіх поза зрабілася апірышчам іміджу.

Тым жа часам зусім відавочная прыналежнасць А.Федарэнкі да беларускай гуманітарнай сферы, да літары і духу нацыянальнага. Сам склад ягонага светаадчування і мыслення — моўнага, інтанацыйнага, урэшце, невымоўнага — перш за ўсё звязаны з аурай беларускага духу. Гэта мысленне беларускага юнака з вопытам вясковага маленства 70-х гадоў, і гэтая асоба, гэты вопыт перш за ўсё стаіць за кожным радком нашага аўтара.

У пошуках маладых творцаў пераважае пафас адмаўлення. Маладая фронда, калі яна не крыважэрная, карысная літаратуры, але яна толькі першы клас, узровень асабістых варункаў, і сталець асобе пажадана чым хутчэй. А. Федарэнка сярод паплечнікаў выдае сталым: з-за таго найперш, што ён свабодны ад прынцыповай няпрыязі да той традыцыі, ад якой іншыя кінуліся ў прочкі. Ён традыцыю ведае, любіць і таму яе не баіцца.

А звонку, непасрэдна ў тэксце, усё проста: А. Федарэнка ўмее пазначыць такія рэаліі, што, дзякуючы ім, у свядомасці чытача ўсплывае свой, перажыты і рацыянальна набыты вопыт жыцця з яго невыказным сэнсам. I гэта яшчэ не ўсё, бо, калі гаварыць строга, то суперажыванне чытача тэксту ёсць элементарная перадумова прадуктыўнага чытання. У творах А. Федарэнкі сэнсавыя пачаткі і канцы губляюцца па-за канкрэтыкай тэксту, у ягонай прозе ёсць сэнс і сэнс. Прычым знешне аніякага трансцэндэнту, усё ў лепшых традыцыях падрабязнага прамога апавядання.

Пра што, напрыклад, напісана кароткае апавяданне «Забабоны» (у кнізе «Гісторыя хваробы», 1989 г.)? Сярод убоства сучаснай вёскі — дзеянне адбываецца адліжнаю зімою — неяк жывуць людзі, зберагаючы ў сабе чалавечае цяпло і душу. Яна карэніцца недзе глыбока, ля самых вытокаў яшчэ паганскага адчування адухоўленасці і сэнсу прыроды, жыцця. Нічым нязводная чалавечнасць прабіваецца праз няўтульнасць і жорсткасць савецкага побыту. I вось малады напаўвясковы хлопец амбітна бярэцца судзіць, нават «перарабляць» гэтае беднае жыццё. Не таму, што ён неразумны, благі. А таму, што ён іншы, ён адарваўся ад старасвецкіх «забабонаў», ён арыентаваны на вабноты нашага хлуслівага афіцыёзу. Апавяданне нібы нічога не вырашае, яно толькі вярэдзіць, непакоіць. Па форме гэта некалькі дыялогаў з традыцыйным сціплым аўтарскім каментарыем без прыкметных вызначальных намёкаў; дзеючыя асобы зусім звычайныя — двое хлопцаў, наравісты дзядок ды яго сын.

Аднак гэтае апавяданне чужое нашай класічнай вясковай прозе сваім проста касмічным холадам, выстуджанасцю прасторы, у якой трымцяць чалавечыя і прыродныя сувязі. Жывая душа вёскі, простая і адначасова таямнічая, не адкрываецца павярхоўнаму погляду халоднага чалавека; між тым кожны максімаліст, няхай сабе і па наіўнасці, мае магчымасць «перарабляць» тое, чаго не разумее…

Вядома, не кожны радок А. Федарэнкі бясспрэчны, Моцна расчаравала пагоршанае перавыданне кнігі «Гісторыя хваробы», 1990 г. Ды і ў 1989 годзе ў гэтай кнізе непрыемна было сустрэць ледзь прыхаваныя выпады супраць свайго ж брата-пісьменніка,— наша правінцыйная мода. I ў цікавай кніжцы А. Казлова «Міражы ценяў» гэта ёсць; не лепшае, не лешпае пазычаецца ў старэйшых… Здараецца, што А. Федарэнка як празаік у акалічнасцях, у знаёмых апісаннях блытаецца, пракідаецца ў яго і проста нязграбнасць. Але ўрэшце мастацкая мэта, хвалюючае паразуменне з чытачом дасягаецца. Хваляванне ж аўтара заўседы вельмі адчувальнае і таго «інтэлігенцкага» гатунку, што мае на ўвазе збітае на гаркі яблык славутае самаедства, без якога, аднак, як без першай прыступкі, немагчымая культура. Нават калі самааналіз пакідаецца па-за літарай тэксту, без яго немагчымы генезіс мастака.

Справа тут, вядома, у псіхалагізме. Але не ў банальным сэнсе тэрміна. Без «псіхеі, ластаўкі, душы» любы тэкст — толькі могілкі знакаў. Спосаб апавядання А. Федарэнкі, як і ўсё, здаецца, вядомыя спосабы апавядання ў свеце, з абсурдысцкімі ўключна, сто разоў апісаны лепшымі даследчыкамі класічнай псіхалагічнай прозы як рускай, так і замежнай. Гэта тая манера апавядання, калі пісьменнік паказвае адносна аўтаномную, асінхронную да праяў знешняга свету пльнь унутранага жыцця чалавека, з абавязковым у той жа час паказам гэтага самага аб’ектыўнага пачатку — знешняга жыцця.

Сам прынцып, такім чынам, не новы. Штука ў тым, каб адкрываць кожны раз нанова ў рэальным жыцці гэтыя сутнасныя «счапленні» розных з’яў і знаходзіць сродкі адэкватнага перакладу адкрытага на паперу. Выяўленчыя формы А. Федарэнкі якраз і даюць мажлівасць убачыць, як, з чаго склалася тое, што спраўдзілася, што маеш як факт, як падзею, як вынік,— тое, чаго ніхто не чакаў. Уражвае здольнасць маладога аўтара ўбачыць, асэнсаваць і напісаць жыццёвую з’яву ва ўсім перапляценні рознаўзроўневых узаемасувязей, абумоўленасцей, імпульсаў ва ўсёй уплеценасці ў жыццё.

Прыкметнае сваёй стылёвай нязмушанасцю апавяданне А. Федарэнкі «Гульні» (зб. «Жнівеньскі праспект», 1988). Група падлеткаў на чале з хуліганістым Матросам начамі крадзе коней у недалёкай ад горада вясковай канюшні дзеля рызыкоўных забаваў. Рызыкоўных, таму што забава немагчымая без жорсткасці і да коней, і, да іхніх гаспадароў, старых безабаронных людзей. Да кампаніі прыбіўся і «добры» хлопчык з «добрай сям’і». Чытачу адкрыта плынь яго свядомасці поруч з катастрафічна імклівай плынню гвалтоўных учынкаў бязлітаснага Матроса, поруч з пластычнымі падрабязнасцямі часу і месца дзеяння, з тым мноствам мастацкіх дэталяў, якія бачацца непазбежнымі і чароўна выпадковымі і якія вызначаюць атмасферу твора. I, можа быць, сэрца твора, яго болевая кропка — гэта знешнасць, дзеянні і думкі старога конюха Мірончыка ды адзінокай Алены, гаспадыні спрацаванага коніка Трутня. Начная прыгода хлопцаў як факт жыцця кожнага з персанажаў (і падлеткаў, і старых, і нават коней) мае для ўсіх рознае асабістае значэнне, сэнс і вынік. У кожнага свой лёс і свае месца ў рэчаіснасці. I чытачу застаецца падзяліць з аўтарам перажыванне жорсткасці няўмольнай, прадвызначанай закамянелай дысгармоніяй нашага жыцця. Фармальна апавяданне вельмі невялікае, і з васьмі малафарматных старонак сдэны з удзелам Мірончыка і Алены ледзь займаюць дзве. Аднак болевая кропка развярэджана. I такая мэта, такім шляхам апеляцыя да адзінага, што мае сэнс,— гуманізму,— бачыцца сталай дамінаятай стылю А. Федарэнкі.

Дамінуючая партыя падпарадкоўвае сабе больш дробныя формы. Так, у аповесці «Гісторыя хваробы», напрыклад, згадваецца Фрэйд і «праклятая дастаеўшчына». Прыплюсуйце сюды форму дзённікаў, лістоў,— і можна сабе ўявіць, з якім уражаннем дрэннай суб’ектыўнасці, бывае, звязваецца падобная атрыбутыка. Між тым аповесць А. Федарэнкі, маленькая гісторыя душэўных пакут сённяшняга студэнта, люструе перш за ўсё сацыяльную трагедыю сучаснага чалавека, беларуса: сацыяльную і ў сэнсе ўзроўню жыцця, і ў сэнсе соцыуму — сувязі з іншымі, неадзіноты, духоўнасці, кахання.

Мы ўжо згадвалі зборнік твораў маладых празаікаў «Перад маімі вачыма». Відавочна лепшае, на парадак вышэйшае за астатнія ў ім, на маю думку, апавяданне А. Федарэнкі «Адзін летні дзень». Яно напісана з гарэзлівай лёгкасцю, але пры гэтым імгненна пазнаецца гэгы стыль, гэтая рука: усё сыходзіцца да чалавечай душы, якая не абаронена прымітыўнасцю ад таго болю і несвабоды, што неадлучныя ад наіўага існавання,

А вось адзін з апошніх твораў А. Федарэнкі — «Смута, альбо 12 фантазій на адну тэму», з падзагалоўкам «Аповесць-фантасмагорыя», надрукаваны ў сакавіцкім нумары «Маладосці» за гэты год, расчараваў. Няма нават ахвоты суцешыцца пошукамі якога-небудзь нетрывіяльнага «ідэйнага зместу», таму што знарочыстая прынука не дае дыхнуць. Як для пачаткоўца — беларусізатара фантастычнага жанру, дык узровень яўна вышэй сярэдняга! Як для аўтара аповесці «Гісторыя хваробы»… Думаеш, ці не змогся чалавек быць па-сапраўднаму шчырым, ці не здоўжылася яму доля сярод тутэйшых некандовая… I галоўнае, псіхалагічныя «вушы» ўсё роўна вытыркаюцца, бо там, недзе за імі, сапраўдны, сутнасны ўзровень.

Ох, ужо гэтая псіхалогія беларуса! Комплексаў у нас, вякамі паднявольных, аж зашмат, але ж заціскацьмем, раскрывацца не прывыклі. Не фізічная, а маральная пакута як частка нацыянальнага космасу,— ніхто з маладых не напісаў пра гэта глыбей за А. Федарэнку! Як блізкае пафасам, пачуццевым строем прыгадваецца хіба што апавяданне А. Асташонка «Беларускі акцэнт».

Праўда, ёсць больш папулярны спосаб перажываць нашу нацыянальную ды сацыяльную абрабаванасць,— менавіта праз знешняе: гняўліва, гучна-бурна, як, напрыклад, у вершы М. Скоблы пра Юду і Юдаву кроў, дзе беларусы называюцца юдаўскай нацыяй.

Не ведаю, не ведаю… Ты скрываўлены, дык ты ж яшчэ і болып за ката вінаваты.

Час ідзе, і вось ужо фактам робіцца новая грамадская сітуацыя, новыя ўмовы пачынаюць фарміраваць літаратурнае жыцце. Куды прывядуць шляхі нашу творчую моладзь?

 

Друкавалася [у]: Корань Л. Агрэсія формы. Стылёвыя пошукі маладой прозы. – Літаратура і мастацтва. – 1991. – 6 верасня.