1. АПАЛАГЕТЫКА

Ёсць тэорыя паскоранага развіцця літаратуры (Г. Гачаў, 1964), якая апісвае долю і літаратуры беларускай (В. Каваленка, 1975): «(…) дагнаць (спачатку хоць бы ў агульных і прыблізных рысах) перадавыя і развітыя літаратуры свету. У гэтым заключаецца творчы пафас беларускай літаратуры на працягу вякоў». I цягам вякоў кожны раз выходзіць прыкладна адно і тое ж, а іменна: «Беларуская літаратура не магла ў той час (пач. XIX ст.— Л. К.) зраўняцца з рускай і польскай па багаццю мастацкіх дасягненняў і ўзроўню майстэрства, але яна была амаль роўнай ім па тыпу і характару эстэтычнага мыслення» (Тамсама).

Так-так… Самапачуванне беларускага літаратара зрабілася б зусім безнадзейным, каб гзтая, трэба сказаць, доказная і даволі гнуткая, тэорыя апісвала наша мастацтва вычарпальна.

На шчасце, яна справядлівая найперш для апісання плыняў, рухаў, суполак,— грамадскай літаратурнай свядомасці: «Новая беларуская літаратура проста вымушана была адмовіцца ад прадаўжэння многіх традыцый папярэдняй эпохі і зрабіць рашучую пераарыентацыю на будучыню, па сутнасці пачаць з новага пункту, з новага этапа. Яна магла адрадзіцца толькі на больш высокай эстэтычнай аснове, якая давала б магчымасць плённага і хуткага развіцця наперад, магчымасць чэрпаць з творчых дасягненняў іншых літаратур, бо інакш яна ў выніку ўстарэласці сваіх прынцыпаў была б сапраўды паглынута, асімілявана іншымі культурамі» (В. Каваленка).

Такім чынам, ігнараваць дасягненні суседзяў проста немагчыма. Мусім кожны раз даганяць. Але можна не толькі даганяць.

Мастацтва — таямніца. Генафонд нацыі здольны выштукаваць такую цудоўную анамалію, як геній, і той можа задыханы бег ператварыць у вольны палёт. Не паўтарыць, а толькі прыняць да ведама.

Чым болыпы талент, тым карацейшы «паўтары-цельны курс». М. Багдановіч жа не забыўся ў свой час падкрэсліць, што, беручы чужое, трэба даваць сваё, «а свайго, як мы бачым, мы давалі меней, чым маглі».

Жыццё, аднак, немагчымае як анамалія; яно нармальнае. Таму заўсёды мае рацыю плынь, таму ёсць вялікая праўда «маленькага чалавека» і таму «Тэорыя — сухая, дружа мой, а дрэва // Жыцця заўсёды пышна зелянее» (Гетэ, пер. Семухі).

  1. КРЫТЫКА

Чысты авангард для нас — інфантыльная з’ява. Мы маглі і абавязаны былі з ім знаёміцца своечасова, ва ўсе папярэднія, асабліва ў «застойныя» гады. А ўжо культура наша яго перажывала безумоўна. Часамі — па вядомых прычынах — у рэдуцыраванай форме. I калі не праз сваіх наватараў, то праз суседніх, блізкіх і далёкіх, і вельмі далёкіх.

Між тым малады беларускі авангардыст найчасцей не заўважае гэтага. Наш авангард у вялікай ступені варварскі, бо пачаўся з таго, што назваўся піянерам, узяўся вынаходзіць нязнана-новыя шляхі. Такім чынам адно была прадэманстравана сапраўдная падсвядомая наша самаідэнтыфікацыя: савок без роду і племені, а зусім не нашчадак пагвалчанай некалі Еўропы. (Заўважым, як усё гэта цалкам натуральна! Каб не сказаць — непазбежна.) Напрыклад, як сапраўды смелыя і новыя, у нас друкуюцца проста бескультурныя опусы пра любошчы І, Сідарука, або забаўныя эпатажныя вопыты на фалічныя тэмы С. Адамовіча ды Ю. Гуменюка, або феерверкі з абсэсій ды фрустрацый таго ж Ю. Гуменюка. Падобныя «адкрыцці» функцыянальна зусім аналагічныя элементарнаму рамантызму якіх-небудзь наіўных каляпершацветаўскіх   дзяўчатак.   Калі   ўжо   гэтак   расшпільвацца, дык, пэўна, і зробіць-такі наша бязрыб’е з любога няўклюды і рыбу, і ва ўсякім разе рака. Гэта — спакуса.

Давайце ж завышаць крытэрыі, а не вульгарызаваць структуралізм такім чынам, каб абвясціць усю беларушчыну аб’ектыўна неразвітым кантэкстам, які мы нібыта мусім развіваць праз таптанне на збітых, патэнцыяльна пустых ужо месцах.

Ці не робіцца ў нас папулярнаю хвароба на блізарукасць паводле авангарда. Мы трымаем яго ля самых вачэй, і ён засціць нам увесь далягляд. Насамрэч авангард па сваей прыродзе не можа быць у беларускім,   нават   у славянскім кантэксце глабальнай з’явай. I не тое што глабальнай, а хоць бы дастаткова універсальнай або рэпрэзентатыўнай, каб адпавядаць нашым духоўным патрэбам. Гэткая ўжо наша ментальнасць, яна склалася гістарычна, і тут нічога не паробіш. Мы з тых нацыяў, якія развіваюцца катастрафічна, а не эвалюцыйна. Любы значны эстэтычны этап дасюль у нас быў роўны мастацкаму выбуху і меў інтэнсіўную трагічную (між іншых) афарбоўку. А ўсе, патэнцыяльна здатнае да самадастатковага гарэзавання, штукарства, гульняў,— геданістычных або ёрніцкіх,— з цяжкасцямі знаходзіла сваю нішу ў нашай культуры. I якою б саліднаю гэтая ніша ўрэшце ні аказалася, яна ўсё роўна была і будзе на перыферыі беларушчыны. Ва ўсякім разе да таго часу, пакуль беларуская культура не перажыве сваёй натуральнай, ад спраўджанасці (а не праз генацыд) дэструкцыі. Пакуль жа існуе нацыянальна-культурная патрэба ў самаўсведамленні і самасцвярджэнні, змястоўнасць будзе запатрабаваная безумоўна больш, чым чыстая інтэнцыя.

  1. ПАРАДОКС

Наша літаратурная сітуацыя сёння — парадаксальная. I парадокс гэты этычны: ёрніцтва і цынізм, экзістэнцыйны тупік постмадэрнісцкай эпохі дысаніруюць з патрэбамі нацыі.

У нас папулярная ідэя С. Дубаўца пра тое, што беларуская культура традыцыйнага кшталту не толькі архаічная. С. Дубавец у 1993 годзе канстатаваў смерць беларускай культуры, бо яна нібыта зацыкленая на сацыяльных праблемах (адраджэнцкіх), а значыць, і на адпаведным эстэтычным; моўным, мысленчым узроўні. У той час як (цытую жартаўлівага В. Акудовіча) «за які рог ні пасунешся, адусюль постмадэрнізм прэ насустрач», і ў той час як эпоха Вялікага Рамантызму — айчына нацыянальнага адраджэн-ня — даўно пакінула цывілізаваныя абшары.

Аднак гэты парадокс для нас далёка не новы, і тым больш ен не азначае аніякай смерці беларускай культуры. Больш таго: ён для нас традыцыйны.

Наша класіка, ад Купалы і Гарэцкага да Танка і Быкава, заўсёды мусіла вырашаць адраджэнцкую задачу сцвярджэння беларуса, беларускага светабачання як задачу не архаічную, а сучасную ў поўным сэнсе гэтага слова,— нестандартна-індывідуальную, мадэрновую. Вялікі Купала, напрыклад, быў не проста вялікім рамантыкам, але і сімвалістам, і дэкадэнтам, і, галоўнае, творцам новай беларускай мовы і новага беларускага мыслення. I сёння перад беларускай культурай стаіць усё тая ж звышзадача: патрабуюцца з явы, кангеніяльныя беларускай класіцы.

Р.S. На маю прыватную думку, авангарднаю з’яваю у нас стала паэзія Славаміра Адамовіча. Ён найменш прадказальны ў сваіх тэкстах; яго паэтычную інтанацыю можна назваць анармальнай (гл. кн. «Зямля Ханаан», 1993). I ён умее быць бязлітасным да натуры так, як гэта ўмее толькі авангард.

Р. Р. S.   Засталося   адно   прыгадаць,   што   Вялікі Авангард   быў   сапраўдным   монстрам.   Не   хадзіце дзеці, да яго проста пагуляць…

Друкавалася [у]: Корань Л. Авангард і парадокс. – Культура. – 1995, № 9. – 15 жніўня.