Тыповым для маладых шасцідзесятнікаў быў рамантычны погляд на свет. У пачатку 1960-х між іншымі з’явамі прыцягнулі грамадскую ўвагу творы з моладзевай праблематыкай, “запальчывыя і крохкія” (па выразу расійскага крытыка Л.Анінскага [2, с. 114]). Гэта была паэзія “фізікаў” і “лірыкаў”, якія горача заспрачаліся між сабой; спавядальная проза савецкіх “дзёрзкіх хлопчыкаў” – такіх, як Васіль Аксёнаў, Андрэй Бітаў, Юрый Казакоў, якога называлі “стылістычным “богам” тагачаснага расійскага апавядальніцтва [2, с. 113, 114] і якога вельмі любіў, з якім сябраваў Міхась Стральцоў. Героем гэтай прозы зрабіўся інтэлектуал, што жыве ў сучасным горадзе і актыўна асэнсоўвае праявы знешняга свету найперш у сувязі з рухамі сваёй душы; пры гэтым ён імкнецца спасцігнуць не менш чым сэнс чалавечага існавання.

Якраз такія героі большасці твораў М.Стральцова, і найперш – Лагацкі з апавядання “Блакітны вецер” (1960). Яно зрабіла вядомым маладога беларускага празаіка. У гэтым апавяданні ўжо яскрава прагучала тэма напружанай сувязі паміж горадам і вёскай як новым і традыцыйным у быцці. Герой, выкладчык інстытута, у дзве гадзіны ночы выходзіць на прыцярушаную сняжком гарадскую вуліцу. Ён устрывожаны сном пра блакітны вецер, пра сасновы пах над возерам. Лагацкі абдумвае тое, што трывожыць яго, што перашкаджае адчуваць шчаслівую задаволенасць нібыта ўладкаваным гарадскім жыццём, дзе, насамрэч, шмат адчужанасці паміж людьмі. Лагацкі згадвае свайго калегу, упэўненага ў сабе Парукава, які аднойчы жартаўліва параіў нашаму герою: “…Мы жывём у атамны век <…> Ахвяруй, браце, сваім вясковым ідэалізмам, не трэба быць “дзядзькам у Вільні”. Ясна?” [5, с. 79]. Аднак рамантычны герой 1960-х не можа ахвяраваць “блакітным ветрам”, душэўнай чуйнасцю; ён не задавальняецца вонкавым прагрэсам, а шукае сапраўднай гармоніі ў чалавечых адносінах, у рэчаіснасці.

Гэтая сувязь інтэлекту і глебы, зямлі, у якой карэняцца ўсе пачаткі, у першай палове 1960-х выйшла на першы план ва ўсёй савецкай літаратуры. Аднак ужо ў 1966 г. з’явілася аповесць “Привычное дело” Васіля Бялова, якая пэўна засведчыла, што першынство па актуальнасці паўнаўладна перайшло да тэмы ўласна вясковай, а затым ваеннай. У беларускай літаратуры гэтыя дзве тэмы аказаліся адмыслова ўзаемазвязанымі – у творчасці шасцідзесятнікаў старэйшых: Васіля Быкава, Янкі Брыля, Алеся Адамовіча, Івана Шамякіна, Івана Навуменкі, Андрэя Макаёнка; далучаюцца сюды і маладзейшыя аўтары, названыя вышэй, найперш Іван Чыгрынаў і Іван Пташнікаў.

У прозе Міхася Стральцова мы бачым усе адзнакі гэтай агульнай літаратурнай эвалюцыі. Мы бачым героя-інтэлектуала, які сваю вытанчанасць, псіхалагізм, драму неспакойнай юнацкай душы перанёс з “моладзевай прозы”, з рамантызму 1960-х – у прозу з адлюстраваннем вайны і вёскі, дзе вядучая роля заўжды аддавалася суровай праўдзе жыцця. Аднак Стральцоў заўсёды пісаў як лірык, і яго суб’ектыўнасць у традыцыйна-эпічнай тэме дала выдатны, адметны мастацкі плён.

Апавяданне М.Стральцова “На чацвёртым годзе вайны” (1964) можна назваць адным з самых арыгінальных, характэрных для ўласна-стральцоўскага стылю.

Здавалася б, ваенная тэма, глыбока распрацаваная у беларускай літаратуры, дыктуе пісьменніку асаблівую яскравасць у адлюстраванні характараў і сітуацый, выразнасць пафасу, абвостранасць ідэй і канфліктаў. Аднак М.Стральцоў яшчэ раз пацвердзіў, што адно праз унутраны свет звычайнага, “маленькага” чалавека, праз яго псіхалогію можна раскрыць любую тэму; што якраз тонкія перажыванні душы дазваляюць убачыць іх сувязь з агульным быццём, з самой філасофіяй чалавечага існавання.

М.Стральцова цікавіць філасофска-этычнае пытанне: што адбываецца з людзьмі, якія мусяць трываць найцяжкія выпрабаванні доўгай вайны, яе наступствы? Беларусам жа такіх выпрабаванняў выпала асабліва шмат. Ці не робяцца людзі бязлітаснымі адзін да аднаго, ці не вынішчаецца ў іх дабро, ці не абясцэньваецца для іх справядлівасць, калі яны бачаць працяглы ў часе гвалт над самім жыццём чалавечым? Нехта, сапраўды, робіцца бяздушным. Але, як вядома, у большасці сваёй беларусы ўспрымаюцца ў людской супольнасці як носьбіты пачаткаў міласэрнасці, самаахвярнасці, дабрыні.

У Максіма Гарэцкага, які сам пабываў у акопах першай сусветнай вайны, ёсць такая фраза: “Пасля вайны і рэвалюцыі ў мяне лёгка накручваюцца слёзы і падпірае комам дыханне”. Міхась Стральцоў захапляўся гэтай фразай – з “Сібірскіх абразкоў”, з апавядання “Малы рызыкант” М.Гарэцкага [4, с. 352]. Стральцоў так каментаваў гэтыя словы Гарэцкага: “Паспрабуйце сказаць прасцей і лепш!” [7, с. 475] У апавяданні “На чацвёртым годзе вайны” Міхась Стральцоў звяртаецца менавіта да гэтага парадоксу: зло змушае чалавека быць жорсткім, а ён, наадварот, робіцца чуллівым. У нацыянальным характары беларусаў, якіх палілі цэлымі вёскамі, замацоўваецца не пагарда, а вялікая павага да жыцця.

Сюжэт апавядання звернуты да ўласных дзіцячых успамінаў пісьменніка. Прыгадаем: ён з таго пакалення, якое ў дзяцінстве сутыкнулася з вайной, з наступствамі фашысцкай акупацыі. М.Стральцоў расказвае пра падзеі аднаго будзённага дня ў сялянскай сям’і, што жыве на нядаўна вызваленай з-пад акупацыі зямлі. Сям’ю складаюць свякроў, нявестка і ўнук, а таксама свёкар, які згадваецца ў думках нявесткі як чалавек “надта памяркоўны ды паблажлівы да людзей” [6, с. 129], а таму не здабытчык, слабы памочнік сваім жанчынам. Сапраўдны гаспадар – сын і муж, Андрэй – забіты на вайне, малы нават не памятае свайго бацьку.

Вялікая жыццёвая праўда заключаецца ў тым, што без самаабмежавання, без патрабавальнасці адно да аднаго сям’і цяжка выжыць у пасляваенны час. Але павінна выжыць і душа з яе ўменнем разумець і спачуваць, уменнем любіць.

Перачытаем самы пачатак апавядання, другі яго сказ: “Бабуля – высахлая, з учарнелым ад работы і старасці тварам – адсцябала матузамі малога ўнука за тое, што паабшчыпаў, не дачакаўшыся вячэры, акрайчык ацеслівага, спечанага з бульбы і ячменных шароек хлеба”[6, с. 125]. Стральцоў нібыта паведамляе пра традыцыйнае пакаранне малога неслуха, а насамрэч адначасова выклікае ў нас спачуванне і да бабулі, і да малога. Тут жа Стральцоў дае і першы дастаткова акрэслены вобраз часу: галоднага, хоць яшчэ не згаданы сам голад, жорсткага да людзей, хоць яшчэ не прагучала слова “жорсткасць”. Гэты сказ – прыклад сэнсавай насычанасці стральцоўскай фразы, – не меншай, чым у любімага пісьменнікам Гарэцкага.

Міхась Стральцоў паказвае спусташальную сілу вайны праз мастацкія дэталі, рассыпаныя па тэксце твора. Пра лад сялянскай гаспадаркі і матэрыяльны бок жыцця нам гавораць, напрыклад, самаробныя дубовыя жорны, дзякуючы якім у сям’і з’яўляецца нішчымны хлеб; трухлявыя бярвенні ў ніжнім вянцы хаты; амаль пустыя па вясне грады на гародзе; нават сухі гной у пуні, нібы і няма там жывой скаціны, – хоць усё ж бабуля знаходзіць на вышках яйкі, злуе на вісклівага, “худога, як дошка” [6, с. 126], парсюка, што нудзіцца з голаду ля ганку. Дзед жа прыдбаў каня з мянушкай Абарванчык, некалі скалечанага ваўкамі (відаць, пашкадаваўшы небараку) – у той час, калі раскідалі калгас і вяскоўцы разбіралі калгаснае дабро. Такім чынам, праз дэталі пісьменнік перадае і атмасферу, і каларыт, і гістарычную праўду часу.

Сюжэт будуецца нібыта вакол “прыгод”-выпрабаванняў хлопчыка, які спачатку крыўдуе на дарослых, аднак неўзабаве, сэрцам адчуўшы, які жыццёвы цяжар наканаваны сям’і, ён парываецца суцешыць родных і дачасна сталее – ужо назаўсёды. Нам цалкам адкрыты ўнутраны свет дзіцяці, з якога складаецца асобная сюжэтная лінія. За той хлеб бабуля малога балюча адсцябала. Маці, якая ўсё бачыла, не заступілася за яго. Пазней мы даведваемся, што і дзед “пакрыўдзіў” малога, не ўзяў яго раніцаю з сабою ў лес. У хаце пакараны хлопчык яшчэ трываў – “маці бачыла, як дрыжаў у яго збялелы падбародак” [6, с. 126], але выбегшы ў двор, на вуліцу, малы моцна заплакаў і вырашыў уцячы ад крыўдзіцеляў ажно ў мястэчка: “і няхай тады шукаюць, няхай паплачуць і бабуля, і матка” [6, с. 129]. Пасядзеўшы трохі ў алешніку, малы зрабіў сабе альховы будан. Там і заснуў, там і знайшла яго маці і перанесла спаць у хату.

Але ў спрадвечна-наіўных дзіцячых думках, за якімі напачатку мы сочым з усмешкаю, Міхась Стральцоў таксама вылучае глыбокі след вайны. Хлопчык шкадуе, што пасля ўцёкаў яму больш “не давядзецца пабіцца з “паліцаем”, Зміцеравым Васілём” [6, с. 129]. У мінулай бойцы ён нават рассек “ворагу” губу, а потым сам “па-дурному расплакаўся” – калі прыбегла да дзяцей “паліцаева” матка і стала крычаць і лаяцца” [6, с. 130]… Ці сапраўды быў той спрытны Зміцер пры немцах старастам па заданню партызан – пра гэта дарослыя будуць дазнавацца пасля вайны. Але для хлопчыка Зміцераў сын – “паліцай” без усякага дазнання, а Зміцерава жонка, якая бароніць сваё дзіця ў вулічных бойках – “паліцаева” матка. І дзеці – сірата і “паліцай” – нібы мусяць весці між сабой пастаяннае жорсткае змаганне.

Міхась Стральцоў адкрывае нам свядомасць не аднаго толькі хлопчыка, але яшчэ маці і бабулі. Таму, чытаючы апавяданне, мы ўвесь час сочым за іх думкамі, адчуваннямі і бачым дынамічныя сцэны, нібы пераводзячы позірк з аднаго героя на другога. Такім чынам ствараецца проза, у якой дамінуе, пераважае ўсе іншыя стылёвыя складнікі псіхалагічны аналіз. Якраз у думках і адчуваннях герояў раскрываецца сапраўдны сэнс таго, што адбываецца, і сэнс гэты вельмі часта супярэчыць вонкаваму значэнню падзей. Хлопчыка караюць – а насамрэч самі больш пакутуюць ад гэтай кары, шкадуюць, любяць дзіця. Так, маці не заступілася за сына, “не стала глядзець на старую і знарок моцна загрукала таўкачом у ступе”, але ў той самы час “ёй здалося, што ён [сын] глядзіць на яе, моліць спагады, літасці, моліць заступіцца, і ў яе перавярнулася ўсё нутро” [6, с. 126]; “калі яна пачула гэты ягоны плач, чамусьці стала лягчэй, нібыта яна сама заплакала і ёй прыйшла са слязьмі палёгка” [6, с. 126]; “яна зразумела, што старая цяпер таксама шкадуе малога і што мітусіцца яна, можа, таму, што не ведае, куды ёй цяпер дзець матузы і што рабіць са сваімі рукамі” [6, с. 126]. Мы бачым, што за вонкавай суровасцю дарослых хаваецца іх чуллівасць. Жорсткае падаецца пісьменнікам як вымушанае, аб’ектыўна матываванае – найперш тымі цяжкасцямі, якія чалавеку трэба агораць на чацвёртым годзе вайны.

Можа, найцяжэй даводзіцца тут бабулі, бо яна чалавек стары, яе пакідаюць сілы, што падкрэсліваецца партрэтнымі штрыхамі: “высахлая, з учарнелым ад работы і старасці тварам” [6, с. 125]; “твар – спустошаны і нейкі пакутліва нямы” [6, с. 126 ]; “пакутліва невідушчыя, стоеныя вочы” [6, с. 131]… Бабуля строгая да ўнука – такою была і да сына. Звыклая да працы, яна шукае супакаення ў ёй: завіхаецца ля прызбы, не выпускае з-пад увагі баразну ля плота, дзе “кусціліся ўжо кіслец, пырнік, серабрыста-кволая лебяда” [6, с. 127]. Старая паступова супакойваецца ў агародзе, разглядаючы, як на градах “узяліся расці памідоры, капусны качан, высаджаны на насенне” [6, с. 127]. Яна імкнецца ўправіцца ў пуні; а калі падае там з драбіны і ёй робіцца блага, трывае боль, не хоча, каб нявестка ўбачыла яе бездапаможнай. Жанчына імкнецца разважыць сябе вераю ў лепшае: што год будзе добры на ўраджай, што “немец не набудзецца ў нас, бо так і ў Бібліі напісана” [6, с. 127] – пра гэта казаў аўтарытэтны аднавясковец Цімох…

Адначасова М.Стральцоў паказвае, наколькі цяжка старой жанчыне заставацца моцнай, разважліва-спакойнай. Яна “ведала, адчувала, што трывога жыве ў ёй, як у грудзях застарэлы кашаль. І страшнай ёй здавалася цяперашняя няўпэўненасць у сваім раней такім бясспрэчным праве караць” [6, с. 127]. У яе душы на самой справе пераважае любоў і жаль да малога ўнука: яна ўсё прыгадвае, як, уцякаючы ад яе матузоў, “кідаўся ён па хаце, бездапаможна ўгнуўшы ў плечы шэрую, стрыжаную пад нажніцы галаву”, “і нічога ўжо на свеце не існавала для яе, акрамя гэтай безабароннай, беднай, няўмела пастрыжанай галавы” [6, с. 128]. (Тут вельмі красамоўны паўтор стральцоўскай дэталі – згадак пра стрыжаную галаву хлопчыка.) Малы нагадвае старой забітага на вайне сына. Яе не пакідае туга па ім, па Андрэйку, да якога таксама некалі была строгаю, аднойчы пакарала за ўяўную правіну, “і ёй ужо здавалася, што ў сынавай смерці вінаватая і яна і што няўцешная і горкая будзе цяпер яе старасць” [6, с. 128]. Калі бабуля ўпала з драбіны, “ёй чамусьці стала так крыўдна, так скамянела ў яе нутро…” [6, с. 127], і неўзабаве “ёй хацелася, каб хто-небудзь пашкадаваў яе, каб хапілася, стала яе шукаць нявестка” [6, с. 128]. А чытач разумее: дабрыня неабходная кожнаму чалавеку, нават дужа стрыманаму з выгляду.

Стараецца быць моцнай таксама нявестка Маруся, маці хлопчыка. Мы бачым яе пераважна за хатнім клопатам. Як спрадвеку, яна таўчэ проса ў ступе, меле ячмень тымі самымі дубовымі жорнамі. Аднастайная, невясёлая праца дзеля беднай стравы суправаджаецца адпаведнымі думкамі жанчыны, якой трэба карміць сям’ю. Гэта нараканні на свёкра, бо не ўхапіў ён асаблівага дабра, як іншыя, калі “распускалі калгас”, калі “бралі людзі сабе і кароў, і коней, і панарад…” [6, с. 129]; на свякроўку, бо не ў час сышла з двара, і Марусі трэба самой шукаць пакрыўджанага хлопчыка – “ат, старое што малое” [6, с. 128]; гэта згадкі пра “забітага мужа, з якім жыла ўсяго тры гады”, і яшчэ пра тое, як за гэтую вайну людзі мусілі прывыкнуць да бяды, да смерці: “Калі ў фінскую вайну забіла Круцікавага Цімоха, бедавала ўся вёска, а цяпер у кожнай хаце хапае свайго гора” [6, с. 128]. Ёсць і такая мацярынская развага: “А можа, і добра, што сын не помніць бацьку: так будзе лепш яму, але ж затое колькі ёй трэба трывання, жорсткасці да сябе і да людзей, каб паставіць сябе ў жыцці, каб не даць у крыўду сябе і сына” [6, с. 129] …

Але ізноў жа насуперак такім горкім, строгім, нібыта справядлівым думкам Маруся цярплівая да хатніх, спагадлівая да свекрыві. Асабліва моцны жаль яна адчувае да сына. Калі хлопчык раптам прачнуўся ў хаце, яму зрабілася страшна; ён клікнуў дзеда, заплакаў, але згадаў, што дзеда няма, “што ніхто не заступіцца” [6, с. 130]. І адразу ж устрывожылася маці. “Сынок, сынок, чаго ты? Не бойся, – спалохана гаварыла над ім маці і накрывала яго, мацала рукою ягоны лоб. Была нястрашная, вялікая і добрая гэта рука…”; “ён толькі здзівіўся, калі адчуў, як закалацілася яе цела, як яна прыпала да яго, і тады нешта страшна і моцна тузанулася ў яе грудзях, дрыготка і моцна забілася ў горле. – А сыночак мой, а сіраціначка мая…” [6, с. 130].

У заключнай частцы апавядання Міхась Стральцоў зводзіць разам трох асноўных герояў і рэзка адкрывае іх сапраўдныя, шчырыя пачуцці, ствараючы такім чынам эмацыянальную вяршыню, кульмінацыю апавядання. (Майстрам такіх сцэн быў Дастаеўскі; выдатна выпісаныя падобныя эпізоды ў прозе Чорнага.) Аўтар малюе ўнутранае жыццё сваіх персанажаў у руху, у хуткіх зменах – называе тыя перажыванні, якія самі героі дакладна не ўсведамляюць, не могуць назваць. Таму ў падобных сцэнах так шмат слоў і выразаў кшталту “невыказна”, “нешта”, “нібы”, “не паспела падумаць”, “можа”, “здалося”, “чамусьці”, “не столькі зразумеў, колькі адчуў” – яны дапамагаюць “спыніць імгненне”, зафіксаваць сапраўды хуткаплыннае жыццё чалавечай душы. Фінал апавядання чытаецца як дасканалае сугучча, як “сімфанічна” ўзмоцнены кантрапункт пачуццяў і памкненняў блізкіх людзей адно да аднаго.

На роспачны плач Марусі ціха падышла старая, “горбячы спіну” [6, с. 131], і паклікала да сябе нявестку. Маруся падышла, “і зноў каторы ўжо раз уразіў яе свякроўчын твар, пакутліва невідушчыя, стоеныя вочы. Яна не паспела яшчэ што-небудзь падумаць, як старая, здалося, пахіснулася перад ёй, сашчаміла ля твару рукі, і толькі тады яна зразумела: гора сваё не выплакаць ёй адной, старая плача пра тое, пра што плача і яна.

-Марусечка мая мілая, – не гаварыла, а шаптала, нібы дапытвалася ў некага, старая, – што ж нам цяпер рабіць без нашага Андрэйкі? За якія ж грахі асіраціў нас бог?” [6, с. 131]

Цяпер ужо Маруся імкнецца суцешыць старую: “Не трэба, мама, не трэба… Напалохаем малога”. Але ў выніку абедзьве жанчыны не могуць супакоіцца. “Яны стаялі, як ніколі блізкія адна адной, падтрымлівалі адна адну за плечы і ціха плакалі – ужо не столькі ад гора, колькі ад гэтай роднасці адна адной” [6, с. 131]. Тут да іх далучаецца хлопчык, і ўся сцэна дасягае сапраўднай эстэтычнай дасканаласці, узроўню мастацкага адкрыцця. “А малы, адчуўшы нешта нядобрае, калі пайшла ад яго маці, саскочыў з ложка і цяпер стаяў у дзвярах і спалохана, разгублена глядзеў на іх. <…> … цяпер, калі перад ім плакалі бабуля і маці, яму здалося, што парушылася, разышлося, як вада, нешта зразумелае, звыклае, і яму чамусьці падумалася, што гэта ён вінаваты ва ўсім, і ўпершыню, можа, не столькі зразумеў, колькі адчуў ён, якая хісткая мяжа аддзяляе яго ад дарослых, і што, зразумеўшы гэта, трэба браць на свае плечы недзіцячы цяжар.

І ён тады кінуўся да бабулі і маці, угаворваў іх, ушчуваў:

-Не плачце!.. Я не буду чапаць больш хлеба… Не плачце!.. Я не баюся Зміцеравага “паліцая”… Мама, гэта я так тады плакаў, а ты не плач…” [6, с. 131]

Гэта яшчэ словы дзіцяці, але ўжо і дарослага – які ўшчувае, суцяшае, бароніць.

Па сутнасці, апавяданне пра сляды вайны, пра жорсткасць і міласэрнасць, пра сапраўдную роднасць і ўзаемападтрымку людзей у цяжкія хвіліны, скончана. Гісторыя дачаснага сталення хлопчыка расказана. М.Стральцоў фармальна завяршае твор той жа самай “ключавой” фразай, з якой яго пачаў: “Было гэта на чацвёртым годзе вайны” [6, с. 131]. Прыгадаем, што самому Міхасю Стральцову было тады 7 гадоў; апавяданне ж ён напісаў у дваццацісямігадовым узросце. Пісьменнік убачыў мінулае і як сваё ўласнае, і як агульнабеларускае, агульначалавечае.

“Я <…> упэўнены, – пісаў Алесь Адамовіч, разглядаючы прозу Міхася Стральцова, – што сярод таго лепшага, што будзе выразней заўважацца заўтра, хрэстаматыйна загучаць назвы такіх твораў: “На чацвёртым годзе вайны”, “Адзін лапаць, адзін чунь”, “Смаленне вепрука”, “Загадка Багдановіча”… Названае – жамчужыны сярод напісанага ім. Гэтаму, такому жыць доўга і побач з лепшым у літаратуры” [1, с. 4].

У лёсе Міхася Стральцова былі свае драмы і загадкі, была прага дасканаласці і туга па няспраўджаным – усё ж пакінуў ён гэты свет, ледзь пераступіўшы мяжу свайго пяцідзесяцігоддзя. За 17 дзён да адыходу, адчуўшы сябе крыху лепш у бальнічнай палаце, ён паўтары гадзіны прагаварыў з адным са сваіх любімых класікаў – Янкам Брылём. Ён застаўся ў гісторыі літаратуры, не сышоў і з памяці паплечнікаў, сяброў. Часцей за іншых згадвае Міхася Стральцова ў сваіх вершах былы аднакурснік Рыгор Барадулін: “І раптам хлопец малады // З абліччам Міхася Стральцова // Расчырванелы ад хады // Узнікне. // Быццам выпадкова <…>” [3, с. 25].

Відаць, наканавана спраўдзіцца прадказанню Алеся Адамовіча: Стральцоў яшчэ ў нас наперадзе, мы будзем штораз вяртацца да яго як да хрэстаматыйнага пісьменніка.

Літаратура

  1. Адамовіч, А. Міхась Стральцоў – учора і заўтра // Стральцоў М. Выбранае: проза, паэзія, эсэ. / М.Стральцоў. – Мінск: Маст. літ., 1987. – С. 3 – 8.
  2. Аннинский, Л.А. Локти и крылья: Литература 80-х: надежлы, реальность, парадоксы / Л.А.Аннинский. – М: Советский писатель, 1989. – 320 с.
  3. Барадулін, Р. Конь гуляў па волі // Крыніца. – 1994. – № 9 – С. 22 – 25.
  4. Гарэцкі, М. Збор твораў. У 4-х т. Т. 1. Апавяданні / [Аўт. прадм. А.Адамовіч]. – Мінск: Маст. літ., 1984. – 446 с.
  5. Стральцоў, М. Блакітны вецер / М.Стральцоў // Выбранае: проза, паэзія, эсэ. / [Прадм. А.Адамовіча]. / М.Стральцоў. – Мінск: Маст. літ., 1987. – С. 74 – 80.
  6. Стральцоў, М. На чацвёртым годзе вайны / М.Стральцоў // Выбранае: проза, паэзія, эсэ. / [Прадм. А.Адамовіча]. / М.Стральцоў. – Мінск: Маст. літ., 1987. – С. 74 – 80.
  7. Стральцоў, М. Чалавек з Малой Багацькаўкі / М.Стральцоў // Выбранае: проза, паэзія, эсэ. / [Прадм. А.Адамовіча]. / М.Стральцоў. – Мінск: Маст. літ., 1987. – С. 472 – 486.

Друкавалася [у]: Сінькова Л.Д. Эпічная тэма вачыма лірыка: апавяданне М.Стральцова “На чацвёртым годзе вайны” (1964) // Беларускае літаратуразнаўства, Мінск, 2010; Сінькова Л. “Душа ўзяла і засталася…” // Семнаццатай вясной, Мінск, 2010;

Сінькова Л.Д. Паміж тэкстам і дыскурсам: Беларуская літаратура ХХ – ХХІ стст. : гісторыя, кампаратывістыка і крытыка (літаратурная крытыка, артыкулы, гутаркі) / Людміла Сінькова. – Мінск : Паркус плюс, 2013. – С. 123 – 130. (296 с.)