У беларускім літаратурным працэсе ХХ-ХХІ ст. суіснуюць розныя даследчыцкія дыскурсы (розныя віды сацыяльна матываванага прафесійнага маўлення). Дыяпазон тут даволі шырокі, але процілеглыя пазіцыі вызначаюцца відавочна: ад таго акадэмічнага літаратуразнаўства, якое абавязана розным чынам умацоўваць фундаментальныя, інварыянтныя рэчы, да літаратуразнаўства прынцыпова індывідуалістычнага, суб’ектыўнага і варыянтнага па ўсіх інтэнцыях. Калі мець на ўвазе, напрыклад, культурна-гістарычную школу (самую, бадай, багатую ў беларускай філалогіі), то ілюстрацыямі да названых пазіцый могуць паслужыць, з аднаго боку, інварыянтныя па пафасе пазітывісцкія акадэмічныя “Гісторыі…” беларускай літаратуры (са славутага падручніка М.Гарэцкага пачынаючы), з манаграфічнымі раздзеламі пра пісьменнікаў-класікаў. А з другога – “варыянтныя” літаратуразнаўчыя артыкулы-эсэ М.Стральцова пра тых жа самых класікаў, з тым жа самым разуменнем літаратуры як крыніцы для вывучэння рэчаіснасці, аднак з акцэнтам на т.зв. біяграфічным метадзе, са слядамі яшчэ яго пачынальніка Ш. Сент-Бёва. У межах, напрыклад, сацыялагічнай школы гэта будзе апазіцыя “інварыянтнай” неамарксісцкай метадалогіі П.Бурдзьё і “варыянтнай” фемінісцкай крытыкі, а ў межах семіятычнай школы – “інварыянтная” нараталогія і “варыянтны” дыскурс-аналіз.
Аднак у любой тэарэтычнай канвенцыі і ў любым дыяпазоне сутнасць, сэнс і мэту літаратуразнаўчай працы вызначае менавіта асабісты светапогляд вучонага, яго філасофска-эстэтычны выбар, яго светаадчуванне, яго асабістая пазіцыя. Для беларускага філолага – традыцыйна, з часоў Скарыны пачынаючы, – гэта пазіцыя ў той ці іншай ступені патрыятычная. Гэта так, таму што, як мінімум, славянская культура стагоддзямі разумела Слова – Богам, пачаткам свету, паводле “Адкрыцця” Яна Багаслова. Таму што ва ўсходнеславянскай традыцыі вельмі глыбока адрэфлексаванае перакананне ў тым, што толькі слова, і нішто іншае, можа наўпрост выявіць у тленным чалавечым целе душу. Таму і класічная айчынная семіётыка (савецкіх і постсавецкіх часоў, звязаная найперш з імем Ю.Лотмана) павернута не столькі да ўласна структуралізму, колькі да герменеўтыкі: для прачытання нашай культуры Бахцін заўсёды будзе заставацца больш актуальным, чым Барт.
90-годдзе з дня нараджэння акадэміка І.Я.Навуменкі – гэта добрая нагода яшчэ раз перачытаць яго літаратуразнаўчыя працы і звярнуць увагу на тую метадлогію, паводле якой яны пісаліся. Прычым не столькі на нейкія прыёмы і аналітычныя алгарытмы, колькі перадусім на філалагічную культуру: успрыняцця, тлумачэння і інтэрпрэтацыі той беларускай літаратурнай класікі, якую даследаваў пісьменнік і навукоўца Іван Навуменка.
Вядома, што светапоглядныя, філасофска-эстэтычныя прыхільнасці І.Я.Навуменкі былі звязаныя з эпічным, па вялікім рахунку – гарманічным і пазітыўным светапоглядам Якуба Коласа. У гэтым светапоглядзе і драматычнае, і трагедыйнае трактавалася з пункту гледжання гісторыка-культурнай абумоўленасці і эстэтыкі рэалізму – таго рэалізму, які з’явіўся ў ХХ ст., а не ў бальзакаўскую эпоху. У свой час новым словам у беларускай навуцы зрабіліся славутыя, і ў ХХІ стагоддзі актуальныя працы І.Я.Навуменкі пра Янку Купалу і Якуба Коласа [8]. М.Тычына ў 2014 г. так ахарактарызаваў гэтыя працы: “У навуковых манаграфіях «Янка Купала» і «Якуб Колас: Духоўны воблік героя» кола імёнаў, на фоне якіх разглядаеццца творчасць класікаў, значна пашырылася: А.Пушкін, А.Чэхаў, М.Горкі, А.Купрын, У.Рэймант, С.Лагерлёф, К.Гамсун, Л.Цік, Наваліс, І.В.Гётэ, Г.Сянкевіч, Т.Ман, Р.Ралан і інш. Пералік на гэтым не канчаецца <…>. Аднак важная не колькасць названых імёнаў, а глыбіннае адчуванне іх прысутнасці ў сусветным літаратурным кантэксце, што дало І.Навуменку магчымасць паказаць маштабы пісьменніцкага кругагляду, яго зацікаўленасць фундаментальнымі праблемамі народнага існавання” [9, с. 20; вылучана мною. – Л.С.]. Гэта значыць, найперш, што як мінімум І.Я.Навуменку цікавіла ўсур’ёз і глыбока гэтае “народнае існаванне” – цікавіла асабіста, эмацыйна-любоўна, інтэлектуальна-ацэначна.
І менавіта таму крытычнае стаўленне да класічнай літаратурнай спадчыны ў працах І.Я.Навуменкі ніколі не было вульгарызатарскім або дэструктыўным. Гэта заўсёды была спачатку павага і любоў да літаратуры, а затым ацэнка паводле пэўнай філасофска-эстэтычнай логікі, паводле канкрэтнай метадалагічнай канцэпцыі.
Вядома, што амаль няма такіх літаратуразнаўцаў, якія абсалютна ва ўсім і заўсёды ў сваіх працах былі б настолькі правымі, што хранічна б апярэджвалі свой час; якія давалі б толькі такія ўзорныя трактоўкі літаратурнага працэсу, што не патрабуюць з часам ніякай карэкцыі ў плане тэрміналогіі або нейкіх сэнсавых акцэнтаў.
Калі сёння мы станем перачытваць беларускае акадэмічнае літаратуразнаўства савецкай эпохі (1950-60-х гг., напрыклад), то спецыфічныя маркёры культурнага катэксту, адпаведнага тым часам, своеасаблівыя архаізмы, сляды сацрэалістычных штампаў нам адразу ж кінуцца ў вочы. Пазнакі мінулага часу ёсць на тэкставай паверхні ранніх літаратуразнаўчых прац і І.Навуменкі, і А.Адамовіча, і В. Каваленкі… Аднак жа пад гэтай паверхняй, па-за архаічнымі на сучасны погляд элементамі ў працах названых вучоных неўміручым застаецца галоўнае: рэальны, з павагай да прэцэдэнтных тэкстаў выкананы аналіз узораў беларускага пісьменства. Ён значны сёння гэтаксама ж, як учора і заўчора, дзякуючы вось гэтаму: абавязковай для філолага культуры ўспрыняцця, суперажывання, разумення, а затым інтэрпрэтацыі аб’екта даследавання.
Менавіта дзякуючы такой прафесійнай культуры зусім не фатальным было, скажам, першапачатковае непрыняцце І.Навуменкам праяў мадэрнісцкага светаадчування і паэтыкі ў ранняй прозе Кузьмы Чорнага. Можна сказаць, што яно якраз было непазбежным для чалавека з густам паводлеколасаўскім. Уяўленне пра эпас у беларускіх даследчыкаў традыцыйна (а затым – інерцыйна) было звязанае менавіта з “Новай зямлёй”, а таксама з прозай Я.Коласа. Чорнаўская ж проза – гэта эпас не традыцыйны, а глыбока мадэрнізаваны. Ранняя проза Чорнага (якую ў цэлым І.Навуменка ацаньваў вельмі высока) пісалася з акцэнтам на ўнутранай, псіхалагічнай падзейнасці, а не на знешняй, сюжэтна-фабульнай [12]. У першым жа чорнаўскім рамане “Сястра”, як даводзяць спецыяльныя даследаванні [10; 11; 12], мастацкае маўленне суадносіцца хутчэй з наратывам Дастаеўскага, чым Коласа. Аднак абсалютная большасць чытачоў і даследчыкаў прозы К. Чорнага, звыклых да традыцыйна-рэалістычнага або, максімум, неарамантычнага дыскурсу ў беларускім рамане, наватарства і творчай перамогі К.Чорнага ў “Сястры” не ўбачылі; і ў 1920-я гг., і пазней доўга не былі гатовыя ўбачыць. Чытаючая публіка была падрыхтаванаю (расійскімі даследчыкамі класікі) разумець і безагаворачна прымаць, любіць “Падлетка” Дастаеўскага, але не падлеткаў, моладзь з рамана Чорнага. Дысгарманічная імпульсіўнасць, эмацыянальная экзальтацыя і суб’ектнасць мадэрнісцкага дыскурсу “Сястры” не была блізкаю таксама і І.Навуменку як мастаку і даследчыку. Якраз гэтая акалічнасць адыгрывала не меншую (або амаль не меншую) ролю ў ацэнках чорнаўскага рамана, чым інерцыя непрыняцця мадэрнізму афіцыйнай савецкай эстэтыкай першай паловы ХХ ст.
У выніку зразумела, чаму І.Навуменка, сярод іншых даследчыкаў, з салідарнасцю цытаваў такую дасціпную маладнякоўскую пародыю на раман “Сястра” як нібыта нязначны, малазмястоўны – раз у ім няма знешняй, фабульнай падзейнасці і знешняга, апрадмечанага сюжэтнага руху: “Ваця зайшоў за ім у нейкі пакойчык. І от тады ён убачыў, што тут былі нейкія людзі з нейкай установы, нешта пілі, нечым закусвалі, нешта разлівалі і аб нечым гаварылі. І яны, гэтыя людзі, далі нешта выпіць Вацю. Ваця нешта выпіў, нечым закусіў і от тады ў яго ад нечага закруцілася нейкая галава, а нейкі нос адчуў ад нейкага чалавека нейкі востры пах. І от тады Ваця пачмыхаў носам, паглядзеў на к пагадзе прыйшоўшага чалавека, падняўся і выйшаў на шырокую, як гэты свет, вуліцу” [6, с. 40]. І.Навуменка так пракаментаваў “Сястру” ў кнізе “Ранні Кузьма Чорны”: “псіхааналіз на мелкаводдзі”; “твор перагружаецца сырым матэрыялам, сюжэт размываецца, дзеянне замарудзжваецца” [6, с. 42]. Ацэнка вельмі крытычная, аднак – матывацыі яе застаюцца ў межах уласна-эстэтычных. У цэлым гэтая ацэнка застаецца лагічным выяўленнем таго светапогляду і той эстэтыкі (рэалізму), што выключае дэструктыўную, трансгэсіўную вульгарызацыю або прафанацыю літаратуразнаўства.
А яно ж, літаратуразнаўства, можа быць і такім – скіраваным менавіта на прафанацыю, прынцыповае татальнае непрыняцце, ачужэнне, астракізм, знішчэнне. Найяскравыя негатыўныя прыклады такога кшталту лёгка знайсці ў пісьменстве 1930-х гадоў. Аднак сёння нам важна не “выкрыць” яшчэ раз норавы тагачаснай вульгарызатарскай крытыкі, наўпрост звязанай з рэпрэсіямі супраць беларускіх пісьменнікаў. Сёння важна звярнуць увагу на тое, што сам алгарытм вульгарнага сацыялагізму як метадалогіі бадай што неўміручы.
Яго сутнасць простая. Вульгарызацыя пачынаецца тады, калі, дапусцім, чалавек (часам – без спецыяльнай прафесійнай кампетэнцыі, без прафесійнай адукацыі, ды нават і без вышэйшай адукацыі ўвогуле) узбройваецца модным аналітычным рыштункам (напрыклад, меркай сацыялістычнага рэалізму, пасля яго афіцыйнай кананізацыі ў 1934 г.; або меркай постмадэрнізму, кананізацыяй якога ў Беларусі можна палічыць хоць бы складзены айчыннымі вучонымі энцыклапедычны том “Постмадэрнізм”, 2001 г.), і пачынае імпэтна вымяраць гэтай меркай тую літаратуру, стваральнікі якой ні сном ні духам не мелі на ўвазе, скажам, ні партыйнасці з класавасцю і пралетарскім інтэрнацыяналізмам, ні, аналагічна, смерці аўтара, гульні сімулякраў і прынцыповай рызаматычнасці замест аўтарскай канцэптуальнасці ды традыцыйнай этычнай і аксіялагічнай пэўнасці. Імпэтны неафіт узбройваецца новым аршынам і наладжвае татальны пагром у беларушчыне, любуючыся сваёй моднай паставай, пад воплескі сваёй тусоўкі. Пры гэтым увесь сучасны гурт, верагодна, зусім шчыра пазіцыянуецца як салідарны з Жакам Дэрыдой, а не з Лукашом Бэндэ. Між тым галоўным паказчыкам вульгарызацыі застаецца адсутнасць імпліцытнай павагі да прэцэдэнтных тэкстаў.
Відавочна, што менавіта ў 1990-я – 2000-я гг. мы зачаста пачынаем з модных аршынаў: носімся з імі – да чаго б прыкласці; вышукваем зачэпкі-фрагменты ў беларускіх тэкстах найперш мінулага стагоддзя, якія можна было б так ці інакш (любой цаной) дастасаваць да новых мерак, каб ускочыць у модны дыскурс… Між тым нават найгарманічная “Новая зямля” Якуба Коласа пры такой маніпуляцыі [3, с. 91] літаратуразнаўцамі-вульгарызатарамі ў 1937 г. прадстаўлялася як суцэльная какафонія. Аналагічная прафесійная глухата, механічнае прыкладванне ўласнага інфантыльнага густу разам з новым (постмадэрнісцкім, etc.) аршынам – у ролі перадавой, адзіна правільнай меры ўсіх рэчаў – да беларускай літаратурнай класікі паспела спарадзіць у айчынным літаратурным працэсе ХХІ ст. літаральна вал прафанацыі, ачужэння, астракізму і татальнай апрацоўкі масавай свядомасці: у кірунку на знішчэнне элементарнай павагі да традыцыйнай беларушчыны, да ўласнай класікі, якая ўвасабляе традыцыю і саму ментальнасць.
Я зусім не маю на ўвазе сказаць, што тут ва ўсім вінаваты постмадэрнізм як некамплементарная для беларускай літаратуры парадыгма – хоць яна, канешне, некамплементарная. Урэшце, па канонах постмадэрнізму, у адпаведны яму гістарычны (посткаланіяльны) час у Беларусі таксама была створана цікавая, значная проза і паэзія І.Бабкова, Ю.Пацюпы, С.Балахонава, эсэістыка Ю.Барысевіча, драматургія С.Кавалёва, інш., што чакае сваіх руплівых і адданых даследчыкаў.
Прафесійнае ж літаратуразнаўства – заўсёды выкіруе да адэкватнасці і актуальнага досведу, бо такое літаратуразнаўства натхняецца любоўю да ідэальнага і памкненнем да ісціны. Гэтыя інтэнцыі прывялі і І.Я.Навуменку да высокіх ацэнак ранняй чорнаўскай прозы: “… з творчасці Кузьмы Чорнага я асабліва люблю апавяданні, – гаварыў Іван Якаўлевіч. – У яго і «вецер за балотам нарадзіўся і ляціць», і «дрэвы шумяць». Я лічу, што апісанні і ветру, які ляціць і нясе пахі, і іншых прыродных з’яў пашыраюць дыяпазон бачання пісьменніка. Дарэчы, Чорны валодаў прыёмамі, характэрнымі і для творчасці Гамсуна” [2, с. 121]. Таксама І.Навуменка вылучыў ды высока ацаніў павевы мадэрнізму ў творчасці М.Багдановіча, З.Бядулі, У.Жылкі [5; 6; 7]. Культуру працы акадэміка І.Навуменкі дакладна вызначыў прафесар І.В.Жук: “Вось так і творыцца тое неабходнае далучэнне сэнсаў, іх пастаяннае прырашчэнне, <…> універсум <…>. Пра неабходнасць універсуму хочацца згадаць таму, што за ім – перадача вялікага вопыту, якім трымаецца развіццё нацыянальнай культуры. Самае простае і лёгкае – адмаўляць. Гэтак жа лёгка і сцвярджаць, калі першае і другое рабіць безапеляцыйна, узахлёб імкнучыся насамрэч у імя нашага заўтра «спаліць Рафаэля», «разбурыць тэатры» ці «стаптаць кветкі мастацтва». У той час як задача мастацтва заўсёды ставілася інакш: перажываючы, вучыцца думаць, а думаючы – перажываць. У тым адзін з важнейшых урокаў Івана Навуменкі-пісьменніка, чалавека, акадэміка” [1, с. 28].
Засваенне падобных урокаў – абавязковае.

Спіс літаратуры
1. Жук, І.В. “Адзін дадаць адзін – больш за два”: пра асаблівасці апавядальніцкіх тэхнік у “Хлопцах-равесніках” Івана Навуменкі / І.В.Жук // Спадчына І.Я.Навуменкі і актуальныя праблемы літаратуразнаўства: зб. навук. арт. / М-ва адук. Рэсп. Беларусь, УА “ГДУ імя Ф.Скарыны”; рэдкал.: І.Ф.Штэйнер (гал.рэд.) [і інш.]. – Вып. 2. – Гомель: ГДУ імя Ф.Скарыны, 2014. – С.24 – 28.
2.“Мае героі былі рамантыкамі”: стэнаграма размовы Л. Сіньковай з І.Я.Навуменкам, падрыхт. да друку А.Дарагакупец, В.Міцкевіч // Беларускае літаратуразнаўства: навукова-метадычны зборнік / гал. рэд. Л.Д.Сінькова. – Вып. 6. – Мінск: Паркус плюс, 2008. – С. 115 – 124.
3.Мушынскі, М.І. І нічога, апроч праўды: Якой быць “Гісторыі беларускай літаратуры” / М.І.Мушынскі. – Мінск: Навука і тэхніка, 1990. – 127 с.
4.Навуменка, І.Я. Змітрок Бядуля / І.Я.Навуменка. – Мінск: Навука і тэхніка, 1995 – 144 с.; Навуменка І.Я. Змітрок Бядуля. – 2-е выд. – Мінск: Навука і тэхніка, 2004. – 227 с.
5.Навуменка, І.Я. Максім Багдановіч / І.Я.Навуменка // Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя: У 4 т. Т. 1 / Нац. акад. навук Беларусі. Ін-т літаратуры імя Я.Купалы. – 2-е выд. Мн.: Беларуская навука, 1999. – С. 265 – 318. (583 с.)
6.Навуменка, І.Я. Ранні Кузьма Чорны (1923 – 1929) / І.Я.Навуменка. – Мінск: Беларуская навука, 2000. – 95 с.
7.Навуменка, І.Я. Уладзімір Жылка / І.Я.Навуменка // Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя: У 4 т. Т. 2 / Нац. акад. навук Беларусі. Ін-т літаратуры імя Я.Купалы. – 2-е выд. Мн.: Беларуская навука, 2002. – С. 673 – 689. (903 с.)
8.Навуменка, І.Я. Янка Купала: Духоўны воблік героя / І.Я.Навуменка. – Мінск: Беларусь, 1967; Навуменка, І.Я. Якуб Колас: Духоўны воблік героя / І.Я.Навуменка. – Мінск: Беларусь, 1968; Навуменка, І.Я. Збор твораў: У 6 т. / І.Я.Навуменка. – Т. 6. Літаратурная крытыка. – Мінск: Мастацкая літаратура, 1984. – 535 с.
9.Тычына, М.А. Літаратурныя настаўнікі Івана Навуменкі: роля творчай вучобы ў лёсе пісьменніка / М.А.Тычына // Спадчына І.Я.Навуменкі і актуальныя праблемы літаратуразнаўства: зб. навук. арт. / М-ва адук. Рэсп. Беларусь, УА “ГДУ імя Ф.Скарыны”; рэдкал.: І.Ф.Штэйнер (гал.рэд.) [і інш.]. – Вып. 2. – Гомель: ГДУ імя Ф.Скарыны, 2014. – С. 17 – 24.
10.Часнок, І.Ч. Наратыўныя стратэгіі ў беларускай прозе ХХ стагоддзя (на прыкладзе твораў М. Гарэцкага, К. Чорнага, В. Казько) / І.Ч. Часнок // Молодежь в науке – 2013: прил. к журн. “Весці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі”. В 5 ч. Ч. 5. Серия гуманитарных наук. — Мінск: Беларуская навука, 2014. — С. 94-99.
11.Часнок, І.Ч. ““Сястра” і “Зямля” Кузьмы Чорнага: адметнасці наратыўнай будовы ” // Творчасць Аркадзя Куляшова ў дыялогу славянскіх літаратур: традыцыі, наватарства, нацыянальная адметнасць : мат. Міжнар. навук. канферэнцыі (да 100-годдзя з дня нараджэння Аркадзя Куляшова), Мінск, 29 студз. 2014 г. / Цэнтр даследаванняў бел. культуры, мовы і літ. Нац. акадэміі навук Беларусі. – Мінск : Права і эканоміка, 2014. – С. 270-273.
12.Часнок, І.Ч. Унутраная падзейнасць у рамане “Сястра” Кузьмы Чорнага / І.Ч. Часнок // Białorutenistyka Białostocka, т. 5. – Białystok: Wydawnictwo Uniwersytetu w Białymstoku, 2013. – С. 319 – 330. http://repozytorium.uwb.edu.pl/jspui/bitstream/11320/1843/1/Bialrut_5_2013_Czasnok.pdf
http://elib.bsu.by/handle/123456789/109836

2015 г.