Васіль Быкаў – намінант Нобелеўскай прэміі (1996) і міжнароднай (расійскай) Букераўскай прэміі (1997), лаўрэат Ленінскай прэміі (1986), Дзяржаўнай прэміі СССР (1974) і Дзяржаўнай прэміі БССР (1978), міжнароднай расійскай незалежнай прэміі Трыумф (2000). Відавочна, гэта адзін з буйнейшых і прызнаных у свеце мастакоў, і, відавочна, пісьменнік з адметным, яскравым, магутным індывідуальным мастацкім стылем.

У той жа час любы чытач Быкава сходу пагодзіцца на рыфму-метафару Р. Барадуліна: упарты быкаўскі радок – як непрытомлены хадок, і без асаблівага ўнутранага супраціву прачытае наступны пасаж С. Дубаўца (з пэўным дубаўцоўскім націскам на асобныя рысы быкаўскага стылю): “Усё паўтараецца зноў. І ўжо з першых старонак я ведаю, чым пагражае мне гэтае чытанне. Зноў на маім шляху знаёмыя знакі бяды. Зноў – галоднае і непрытульнае блуканне. Зноў смерць, роспач… Але ж цягне наперад вечна новая жахлівая праўда. Няма ў ёй суцяшэння, ды, прагнучы суцяшэння, я чамусьці прагну яе. Прагну одуму і іду – за гэтай абыякавай да мяне спінаю засяроджанага ў сабе павадыра, за ягоным марудлівым голасам, так падобным да занудлівага восеньскага дажджу, ад якога пачынаеш думаць пра мітусню і марнасць нашых добрых парыванняў і пра Канец Свету ў такіх рэальных сёння праявах. <…> І цяпер, калі я прыйшоў да гэтае сцяны і стаю перад ёю, я ўжо не чую марудлівага голасу павадыра, не бачу ягонае спіны. Ён павярнуўся да мяне тварам і моўчкі глядзіць мне ў вочы” [1, с. 164; 1, с. 171]. Вядома, не літаральна з такім, але з падобным тыпам нарацыі, з экзістэнцыйным уціскам – адкуль жа яскравасць і магутнасць быкаўскага стылю?

Так, Быкаў своеасаблівы мінімаліст. На ягоных сцягах – лаканічнасць усіх сродкаў мастацкага выяўлення. У ягоных знакамітых аповесцях няма не толькі “лішняй”, арнаментальнай для сюжэта мастацкай калізіі, але і “лішняй” мастацкай дэталі. Заўсёды фатальны хранатоп, матэрыялізаваны ў самай будзённай канкрэтыцы, заўсёды звычайны чалавек, а не супергерой, заўсёды найперш псіхалагічны, унутраны драматызм, справакаваны скупым знешнім дзеяннем, і заўсёды апеляцыя да маралі.

Працытую бясспрэчнае выказванне І. Дзядкова: В. Быкаў рана сфарміраваўся як “пісьменнік аскетычнай мастацкай формы” [2, с. 191]. Даследчыкі любяць цытаваць і зробленае ў інтэрв’ю Л. Лазараву ў 1975 г. прызнанне В. Быкава, што ён прызвычаіўся моцна, усімі сродкамі “сцягваць маральныя вузлы”, з-за чаго “часам лішне выпінаецца жорсткасць сюжэтных канструкцый” [3, с. 139]. Звычайныя для прозы В. Быкава дэфініцыі накшталт: “сістэма, а не сума больш ці менш удалых аповесцей” (А. Адамовіч), “жорсткая быкаўская манера” (Л. Лазараў), “бескампраміснае даследаванне рэчаіснасці” (Д. Бугаёў), “учительность” (“павучальнасць”) (М. Анастасьеў) [4, с. 285 – 288; 5, с. 189 – 190]. Заўважым, што ўрэшце В. Быкаў створыць не менш як сваю жанравую мадыфікацыю аповесці на памежжы традыцыйна-рэалістычнай і экзістэнцыйнай паэтыкі, што ў 1972 г. тэрміналагічна пазначыць Ю. Бондараў: “І ўжо ёсць “быкаўскі герой”, “быкаўская сітуацыя”, што выяўляе характар персанажа з рэзкасцю аптычнага фокуса, які ловіць пераадоленне чалавекам, здавалася б, непераадольнага” [6, с. 136]. “Няўмольны Быкаў”, – піша М. Тычына [7, с. 661]. Відавочна, што падобная паэтыка – гэта радовішча страснай палемікі, і галоўным аргументам з’яўляецца болевы шок. Боль і ёсць тым самым катарсічным перажываннем, што пазначае быкаўскае мастацтва.

Як вядома, максімалізм Быкава дапамагаў яму сцвярджаць сваю праўду насуперак афіцыйным версіям ваенных падзей. Але хто б мог дакладна вызначыць тую ролю, якую адыграла ў станаўленні аскетычнай манеры В. Быкава цэнзура савецкіх часоў? Працытую, напрыклад, вядомы факт у выкладанні В. Каваленкі: “Па аповесці “Мёртвым не баліць” была прынята спецыяльная пастанова ЦК КПСС. Хоць яна не публікавалася, але яе ўстрашальныя параграфы былі вядомы ўсім, каму гэта належала ведаць” [8, с. 6 – 7]. В. Быкаў ніколі не гаварыў эзопавай мовай у поўным сэнсе гэтага слова. Ягонае “іншасказанне” заключалася ў самадастатковасці скупа пазначаных фактаў, амаль дакументальных рэалій, чыя вобразная моц “гаварыла” сама за сябе. Таму даследчыкі заўсёды падкрэслівалі і прытчавае, парабалічнае гучанне твораў В. Быкава, з чым пісьменнік, насуперак відавочнаму, напачатку не хацеў пагаджацца, пярэчыў даволі рэзка.

Напрыклад, у 1975 г. называў сваю адданасць жанру прытчы не больш чым выдумкай крытыкі. Тады Быкаву хацелася падкрэсліць найперш праўду, праўду і яшчэ раз праўду ўсяго таго, аб чым ён пісаў. Знакамітая фраза Твардоўскага, народнае выслоўе, сказанае В. Быкаву ў падтрымку, “усё мінецца, адна праўда застанецца” [9, с. 98], была Васілю Уладзіміравічу асабліва дарагая.

Эстэтыка кшталту той, што выявіў Віктар Някрасаў у аповесці “У акопах Сталінграда”, у свой час моцна захапіла і Быкава, і іншых “шасцідзесятнікаў”, аўтараў “лейтэнанцкай прозы”. Гэтая эстэтыка развівала гуманістычную традыцыю рускай класікі. (На жаль, як слушна адзначаў А. Адамовіч [10, с. 181], тады не была яшчэ шырока вядомаю адпаведная традыцыя М. Гарэцкага, а таксама менш папулярызавалася ў асяроддзі неспецыялістаў спадчына К. Чорнага). А поруч з праўдай як пэўным абсалютам В. Быкаў на працягу многіх гадоў называў рэалізм. “…Я перакананы, – пісаў ён, – што найбольш праўдзіва расказаць аб ёй [вайне. – Л.С.] можна толькі сродкамі рэалізму. Усякая знарочыстая рамантызацыя, вольная або нявольная эстэтызацыя гэтага народнага бедства, на мой погляд, з’яўляецца кашчунствам […] [11, с. 79]. Заўважым, што гэта было сказана ўжо пасля “Альпійскай балады”, што толькі пацвярджае максімалізм Быкава.

Але ці той самы рэалізм дэманструе нам быкаўская творчасць, які можна назваць галоўнай плынню ў беларускай ваенна-вясковай прозе? Вось адна ўсмешлівая згадка Быкава: “Аднойчы ў прыватнай размове за сталом мой аднагодак Іван Навуменка сказаў, гледзячы мне ў вочы: “Я лепшы за цябе пісьменнік, толькі ты ўмееш завастраць” [12, с. 222]. І сапраўды, апавядальная манера Быкава заўсёды была надзвычай напружанаю, Быкаў у сваіх творах, за выключэннем “Знаку бяды”, не меў на мэце традыцыйнага апісання стыхіі нацыянальнага быцця ва ўсёй ягонай канкрэтыцы і самадастатковасці. “Знакам бяды” В. Быкаў нібы давёў падуладнасць ягонаму таленту і ўласна эпічнага мастацкага светапогляду. Але “завастраў” ён заўсёды. І тое, што Быкаў – не столькі традыцыйны эпік, колькі інтэлектуал, адданы дысгарманічнаму, катастрафічнаму, трагедыйнаму, урэшце – песімістычнаму ў апошнія дзесяцігоддзі светаадчуванню, – гэта відавочна. Нездарма Быкаў захапляўся не толькі творчасцю Хэмінгуэя і Рэмарка, але і творчасцю Камю, Сартра, Оруэла. Гэта былі густы цэлага пакалення. Але ў творчай манеры В. Быкава экзістэнцыялізм адбіўся найбольш выразна – ужо ў 1972 г., у аповесці “Дажыць да світання”. (Дарэчы, літаратар і шведскі перакладчык твораў розных славянскіх аўтараў Стэфан Скот, чалавек еўрапейскай культуры, ацаніў яе як праўду, напісаную “геніяльнай мовай з геніяльнай канстатацыяй дэталяў і геніяльнай псіхалагічнай афарбоўкай” [13, с. 210]). Быкаў жа і тут “супраціўляўся”, акцэнтуючы рэалізм, не жадаючы быць найперш і адно філосафам. У сваіх мемуарах ён так каментаваў стылістыку “Дажыць да світання”: “Аўтар мала што сцвярджаў – болей выяўляў і распавядаў. Так здавалася аўтару…” [12, с. 341]. Гэта значыць, ён не столькі мадэляваў свае сітуацыі выбару, колькі знаходзіў іх “гатовымі” ў шараговым, будзённым жыцці вельмі канкрэтнага чалавека. Нават найвыразна экзістэнцыйную аповесць “У тумане” (1988 г.) Быкаў яшчэ каментуе з прывязкаю да сацыяльнай канкрэтыкі. Ён не стамляецца падкрэсліваць: канкрэтна-гістарычная праўда – самакаштоўная. І пазней сцвярджае: яму важныя, асабіста бліжэйшыя – “сацыяльныя моманты, перад усімі вытанчана-псіхалагічнымі, індывідуальнымі, якія, – як ён кажа, – канечне, таксама цікавыя для літаратуры і маюць пэўнае значэнне […]” [13, с. 65].

Цікава, што, незалежна ад жаданняў аўтара, падобная адданасць праўдзе сітуацый і характараў робіць прозу В. Быкава і надзвычай універсальнай, і выразна нацыянальнай. Польскія калегі (напрыклад, спадарыня Ванда Супа) супастаўляюць аповесці Быкава з творамі Н. Мейлера, а таксама Дж. Джонса. Гэта пазначае тыпалагічны выхад для прозы Быкава да твораў, у якіх апісваюцца баявыя дзеянні любой мабільнай вайсковай адзінкі, можа быць, узводу ці некалькіх салдат, на любой вайне, у экстрэмальнай баявой сітуацыі, калі абвастраецца маральнае супрацьстаянне герояў. Лішне казаць, што ўсё гэта не перастае быць актуальным. Аднак для самога В. Быкава ўласна ваенная тэматыка перастала быць адзінай адразу ж пасля таго, як былі зняты цэнзурныя абмежаванні з іншых, не менш трагедыйных у гісторыі Беларусі, перыядаў народнага жыцця: напрыклад, перыпетый змагання за беларускую дзяржаўнасць або поўнай інфармацыі пра даваенныя рэпрэсіі.

Калі ж гаварыць пра беларускасць В. Быкава, то яго арганічная і вельмі глыбокая сувязь з нацыянальнай глебай да “Знаку бяды” не ўсімі і не заўсёды заўважалася. Між тым ці не беларускую псіхалогію схопліваюць наступныя словы М. Анастасьева пра заўсёднага быкаўскага героя: “…да пэўнага, лёсавызначальнага, моманту яго героі, здаецца, увогуле не жывуць, а толькі непрыкметна нясуць у сабе агромністы запас духоўнай энергіі, каб шчодра выдаткаваць яго дарэшты ў момант подзвігу” [4, с. 200]. Так, псіхалагічна быкаўскі герой такі: не зухаватасць, а якраз някідкасць, калі непераможанай застаецца іменна сіла духоўная, да часу схаваная ў чалавеку. Вядома, гэта не манапольная беларуская рыса, але, думаецца, характэрна-беларуская безумоўна.

У многіх сваіх творах В. Быкаў абыходзіўся амаль без этнаграфічна-беларускіх прыкмет, і таму працу пісьменніка-інтэлектуала, уважлівага да агульназначных праблем, часта аналізавалі па-за нацыянальным кантэкстам. І гэтак уласцівая быкаўскаму пісьму канкрэтнасць мастацкага слова, прадметнасць адлюстравання, выбуховая страснасць аж да публіцыстычнасці ды інтравертнасць (“у цішы бура і ў бурах ціша”, як пісаў Чорны пра наш нацыянальны характар, ды і пра самога Быкава Барадулін казаў, што душа ў яго вельмі трапяткая, хоць знешне ён цвярды і непахісны); гэтая сціплая годнасць, вялікая трывушчасць і ўпартая цягавітасць, засяроджаная адданасць сваёй мэце, – усе гэтыя якасці і прыкметы быкаўскай прозы часцей атаясамліваліся ў навукоўцаў не з яскравым знакам беларускасці аўтара, а з эпічным складам яго таленту. Відавочна, адбылася своеасаблівая аберацыя на фоне піетэту да эпікі, бо светапогляд Быкава эпічным, г.зн. аб’ектыўна-сузіральна-гарманічным і сцвярджальным, можна назваць толькі ўмоўна. Па сутнасці В. Быкаў заўсёды засяроджаны на ўнутраным абліччы свайго персанажа (а праз яго ўжо – цэлага народа). З году 1968-га (з аповесці “Круглянскі мост”), з “партызанскіх” твораў – усё больш пэўна на духоўным абліччы менавіта персанажа-беларуса і беларускага народа. З усімі траўмамі і ўсёй унутранай сілай, з усёй гвалтоўна звязанай, але жывой традыцыйнай духоўнасцю. В. Быкаў рэпрэзентуе найперш беларусаў, а ў “далёкай” іншанацыянальнай свядомасці – і ўвесь некалі “савецкі народ” у надзвычай інтэграваных вобразах, на ўзроўні, як пісаў В. Каваленка, “абагульнена-спрадвечных мастацка-сэнсавых абсалютаў, якія ўтвараюцца – што вельмі важна – на суцэльнай нацыянальнай глебе як духоўнай рэальнасці” [8, с. 7]. Паказальна, што быкаўскія творы апошніх гадоў, сярод якіх адзначаныя міжнароднымі прэміямі аповесці “Пакахай мяне, салдацік” (1995 г.) і “Ваўчыная яма” (1999), цалкам пабудаваныя на матэрыяле нацыянальнай рэчаіснасці.

Мастак маштабу Васіля Быкава, нават дэкларуючы стылёвы кансерватызм, увесь час сінтэзуе свой стыль з самых розных, старых і новых элементаў, кожны раз заўважных цікаўнаму воку. Нярэдка мастак ідзе і на поўнае абнаўленне сваёй творчай манеры. Такое абнаўленне адбылося ў прозе Быкава ў апошняе дзесяцігоддзе яго жыцця.

Ён напісаў шэраг амаль дакументальных замалёвак і цэлую спавядальную кнігу “Доўгая дарога дадому” (2002 г., папярэднічала гэтай кнізе публікацыя яшчэ адной традыцыйна-быкаўскай аповесці – “Балота”, 2001 г.). Але найперш В. Быкаў аддаўся-такі прыцягненню прытчы. Гэтая форма аказалася ў яго надзвычай размаітаю: ад класічнай парабалы (“Жоўты пясочак”, “Труба”) да ўзораў экзістэнцыйнай паэтыкі (“Сцяна”, “Музыка”) і своеасаблівых алегорый, або памфлетаў, або антыўтопій, якія аўтар маркіраваў па-рознаму: байкі жыцця (трыпціх “Страх”, “Смех”, “Жах”), сучасныя казкі для дарослых (“Хвастаты”, “Кошка і мышка”, “Вуціны статак”), прыпавесці (“Пахаджане”, “Труп”, “Гонар і смерць”). Падобныя творы склалі дзве кнігі: “Сцяна” (1997 г.) і “Пахаджане” (1999 г.), а таксама ўвайшлі ў сумесную кнігу В. Быкава і Р. Барадуліна “Калі рукаюцца душы” (2003 г.). Як пэўны эстэтычны ўзор для сябе Быкаў – аўтар прыпавесцей называў маралізатарства позняга Талстога ў яго вядомых казках для дзяцей і дарослых.

Можна было б падумаць, што Быкаў эвалюцыйна прыйшоў да такіх формаў. Але сам пісьменнік засведчыў, што рашаючай для яго зрабілася эпахальная змена мастацкай парадыгмы. Адно з самых красамоўных выказванняў Быкава на гэтую тэму звязана з гаворкаю пра яго архіў, пра клопаты аб рукапісах, пра тое, каб яны захаваліся. “Пра што клапаціцца, божа мой…”, – сказаў Быкаў. “Мы не разумеем адной рэчы – гэтая культура скончылася. […] Таму ўсе ранейшыя звычкі, у літаратуразнаўстве ацэнкі, падыходы – усё гэта засталося ў мінулым. Цяпер, у гэтым стагоддзі, усё будзе іншае. І ў гэтым іншым для ранейшага няма месца”. І ніжэй: “…мне шкада культуры – і расейскай, і беларускай, маёй культуры. І мне шкада еўрапейскай культуры, старэнькай, спарахнелай, але ўсё ж выдатнай культуры, якая не вытрымае націску глабалізацыі. І здасца на міласць маскульту” [13, с. 287, 324].

Італьянскую перакладчыцу Алену Карці (яна пераклала на італьянскую мову “Ваўчыную яму”, “Бедных людзей”, “Трубу”, “На чорных лядах”) уразіла трагічнае светаадчуванне Васіля Быкава, і спадарыня Карці ў гаворцы пра пісьменніка цытавала Дантэ [13, с. 219]:

Я увожу к отверженным селеньям,

Я увожу сквозь вековечный стон,

Я увожу к погибшим поколеньям…

Древней меня лишь вечные созданья,

И с вечностью пребуду наравне.

Входящие, оставьте упованья…

Я обещал, что мы придём туда,

Где ты увидишь, как томятся тени,

Свет разума утратив навсегда.

Сапраўды, героі быкаўскіх твораў апошніх гадоў, гэтыя бедныя маленькія людзі, якія часта застаюцца жыць без каліва людскага ў душы, здаецца, не пакідаюць чытачу і апошняй надзеі. Але за ўсімі тэкстамі Быкава мы адчуваем прысутнасць аўтара, і сам факт наяўнасці ў беларусаў такіх мастакоў, як Васіль Быкаў, гэта безумоўная падстава для аптымізму.

Дык які ж твар у нашага апавядальніка, нашага Вергілія, павадыра па колах беларускага пекла? Аказваецца, гэта перадусім твар вялікага рамантыка – калі мы будзем мець на ўвазе рамантызм не як пэўную гісторыка-культурную парадыгму, і не як канкрэтна-гістарычны літаратурны напрамак, а – як пафас, як энтузіязм пачуццяў перад звышасабовым ідэалам. Аказваецца, не малюнкі вайны і арміі складаюць сакраментальнае пасланне Быкава да людзей, а найперш апалагетыка духу, ахвярнае парыванне да ідэальнага. Гатоўнасць быкаўскага героя да таго, як пісаў В. Каваленка, каб яго, ахвярнага, “заўважыў вялікі свет”, заўважыў і прыняў беларуса, “унутрана падрыхтаванага прыйсці ў той вялікі свет на законных маральна-духоўных правах і магчымасцях” [8, с. 7].

Не Дастаеўскі, – сказаў (з сумнаватай беларускай усмешкай) пра свае літаратурныя прыхільнасці напрыканцы жыцця Васіль Быкаў. “Дон Кіхот – во мая кніга” [12, с. 468]. Пагодзімся з гэтымі словамі Васіля Уладзіміравіча: больш адчайна і нязменна ваяваць за духоўнасць, высакародства, ісціну пасярод жыццёвага абсурду мог яшчэ хіба герой Сервантэса…

Літаратура

  1. Дубавец С. Магістрал // Дубавец С. Практыкаванні: Проза, эсэ, крытыка. Паслясл. У.М. Конана. – Мінск: Маст. літ., 1992.
  2. Дедков И. Василь Быков. Повесть о человеке, который выстоял. – Москва: Сов. писатель, 1990.
  3. Быков В. “Великая академия – жизнь”. Интервью Л. Лазареву // Вопросы литературы. – 1975, № 1.
  4. Анастасьев Н. Содержательность формы // Анастасьев Н. Продолжение диалога. Советская литература и художественные искания ХХ века. – Москва: Сов. писатель, 1987.
  5. Бугаёў Дз. Васіль Быкаў: Нарыс жыцця і творчасці. – Мн.: Нар. асвета 1987.
  6. Бондарев Ю. Поиск истины: Сборник. – 2-е изд., доп. – Москва: Современник, 1979.
  7. Тычына М.А. Васіль Быкаў // Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя. – У 4 т. Т. 3 / Нац. акад. навук Беларусі. Ін-т літаратуры імя Я. Купалы. – Мінск: Беларуская навука, 2001.
  8. Каваленка В. Вернасць вернасці // Літаратура і мастацтва. – 1984. – 17 чэрв.
  9. Быкаў В. На крыжах. – Мінск: Беларусь, 1992. (Серыя “Плошча Свабоды”).
  10. Адамовіч А. Здалёк і зблізку (Беларуская проза на літаратурнай планеце): Зб. літ.-крытыч. Артыкулаў. – Мінск: Маст. літ., 1976.
  11. Быкаў В. Праўдай адзінай: Літ. крытыка, публіцыстыка, інтэрв’ю / Бібліягр. паказ. А.В. Карасёвай. – Мінск: Маст. літ., 1984.
  12. Быкаў В. Доўгая дарога дадому. Кніга ўспамінаў. Прадмова аўтара. – Мінск: ГАБТ “Кніга”, 2002.
  13. Быкаў на Свабодзе. (Бібліятэка Свабоды, ХХІ ст.). – Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2004.

Фрагменты артыкула друкаваліся [у]: Корань Л. Васіль Быкаў // Корань (Сінькова) Л. Цукровы пеўнік, Мінск,1996; Сінькова Л. Паэтыка прозы Васіля Быкава // Да 80-годдзя народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава, Мінск, 2005; Сінькова Л.Д. Паміж тэкстам і дыскурсам: Беларуская літаратура ХХ – ХХІ стст. : гісторыя, кампаратывістыка і крытыка (літаратурная крытыка, артыкулы, гутаркі) / Людміла Сінькова. – Мінск : Паркус плюс, 2013. – С. 111 – 117. (296 с.)