У ХХІ-е стагоддзе Беларусь увайшла са статусам самастойнай еўрапейскай дзяржавы, маючы ўласныя органы палітычнай улады, уласныя дзяржаўныя структуры, з пасадаю прэзідэнта і з нацыянальным войскам уключна. Аднак за стагоддзе ХХ-е вельмі вялікая колькасць людзей з тэрыторыі былога СССР развучылася адэкватна разумець выразы накшталт “нацыянальная дзяржава”, “нацыянальная палітыка”. Не сакрэт, што для некалі савецкага шараговага чалавека яшчэ і сёння сам выраз “беларускія нацыянальныя інтарэсы” гучыць неяк слабалегітымна. Ён абуджае амаль біялагічную памяць пра рэпрэсіі, абуджае падсвядомыя страхі і псіхалагічныя комплексы, сублімаваныя ў ахоўны для такога чалавека агрэсіўны “інтэрнацыяналізм”.

Дапамагчы сярэднестатыстычнаму спажыўцу культуры выйсці за тую інфармацыйную “жалезную заслону”, якая яшчэ існуе ў яго свядомасці паводле тэмы беларускай дзяржаўнасці, спрабавалі, сярод іншых, і беларускія пісьменнікі. Сярод іх, напрыклад, у 80-я гады Генрых Далідовіч – палічыў, што найлепшай мовай для паразумення з любым чытачом з’яўляецца мова фактаў, і таму два апошнія раманы са сваёй трылогіі пра станаўленне беларускай дзяржаўнасці ў ХХ стагоддзі (“Гаспадар-камень”, “Пабуджаныя”, “Свой дом”) празаік напісаў у жанры дакументальна-мастацкім. З той жа мэтай, толькі з яшчэ большай залежнасцю ад фактаграфіі, да той жа самай тэмы звярнуўся Алесь Пашкевіч, які ў 2001 годзе апублікаваў раман-дакумент “Пляц Волі” [1].

На старонках рамана А. Пашкевча мы сустракаем смела ўзнятыя імёны вельмі многіх слынных вайскоўцаў, пісьменнікаў, навукоўцаў, беларускіх эсэраў і камуністаў, прадстаўнікоў партызанскага і падпольнага руху (антыбальшавіцкага, антынямецкага, антыпольскага), дзеячоў Слуцкага збройнага чыну, славутых і амаль невядомых, раней ці пазней рэабілітаваных, але ў свой час рэпрэсіраваных, напэўна, без выключэнняў. У рамане, між іншым, пра рэпрэсіі гаворыцца спецыяльней, падрабязней – з боку польскіх і савецкіх уладаў, з “першакурапатамі”, па выразу аўтара, 1919-га і пазнейшых гадоў. Трэба сказаць, што “Пляц Волі” складаецца з дзвюх частак, або кніг. Першая, “І дам я табе вянок жыцця”, звязана найперш з гісторыяй роднай аўтару Случчыны, прычым ад часоў Сафіі Слуцкай, Алелькавічаў да сённяшніх дзён, якія пазначаны візітамі на Радзіму былых палітэмігрантаў. Такі галоўны герой гэтай часткі Алесь Хведаравіч Яцкевіч. Гэты вобраз дае нам падставы прыгадаць «прататыпныя» лёсы паэтаў са слуцкіх ваколіц: Алеся Змагара, Рыгора Крушыны, Янкі Золака, Міхася Кавыля… У другой частцы, «Хто волі прагне», у аснову сюжэта пакладзены лёс генерала БНР Кастуся Езавітава, а значыць, і гісторыя беларускага войска. Цікавыя ў «Пляцы Волі» раздзел «Прыпісы», дзе А. Пашкевіч падае бібліяграфічныя спасылкі на выкарыстаныя дакументы, і кароткая, але энергічная прадмова І.Шаўляковай. Шкада толькі, што адсутнічае раздзел «Змест», які пры вельмі адмысловай кампазіцыі (у першай частцы яна ўвогуле асацыятыўная) зусім не зашкодзіў бы. I яшчэ не хапае, думаю, паказчыка імёнаў.

Такім чынам, мноства важнейшых падзей, таямніцы лёсаў, нечаканасць асабістых стасункаў, упершыню на шырокую публіку вынесеныя факты… Калі гаворка ідзе пра вядомае, то яно павернута нейкім новым бокам, актуальным найперш для аўтарскай задумы. А задума гэтая, відавочна, заключалася ў тым, каб на першы план вылучыць уласна грамадскую дзейнасць беларускай інтэлігенцыі, у тым ліку – літаратурных класікаў. Бо, аказваецца, і самыя папулярныя біяграфіі паводле грамадзянскай пазіцыі іх «носьбітаў» мы ведалі амаль стэрыльнымі, адаптаванымі да савецкага культуралагічнага кантэксту. Адпаведна, малюючы Янку Купалу, М. Багдановіча, Якуба Коласа, М. Гарэцкага, А. Уласава, Я. Дылу, Змітрака Бядулю, У.Галубка, Г. Леўчыка, Ядвігіна Ш., Алеся Гаруна, А. Луцкевіча, В.Ластоўскага, Цішку Гартнага, Ф. Аляхновіча, Л. Сівіцкую, П.Мядзёлку, Л. Геніюш, Н. Арсенневу, У. Жылку, А. Бабарэку, ААстрэйку, М. Краўцова-Касцевіча, Кузьму Чорнага, У. Дубоўку, а таксама Я. Райніса і З. Гіпіус з Д. Меражкоўскім, А. Пашкевіч хіба параю фраз пазначае нешта ў творчасці гэтых асоб (тут «шанцуе» камусьці больш, камусьці менш, спецыяльна вылучана адно выдавецкая і рэдактарская дзейнасць). Затое ўсе гэтыя фігуры паказваюцца не толькі стваральнікамі літаратурнага працэсу, але найперш палітычнай гісторыі краіны і народа.

Варта падкрэсліць таксама, што А. Пашкевіч вызначыў жанр свайго твора як раман-дакумент зусім не выпадкова. Рэч у тым, што чытач мае справу з квазідакументальным (у сэнсе звыш, максімальна даку-ментальным) тэкстам, нягледзячы на тое, што ўласна дакументаў, пакінутых зусім аўтэнтычна, без апрацоўкі, тут няшмат. Аднак жа дакументальныя звесткі ў «Пляцы Волі» татальна арганізуюць аўтарскае маўленне. I я разумею, што гэта свядомы пісьменніцкі выбар найперш тады, калі пачынаю спачатку арыентавацца, а потым і заблытвацца ў той размаітасці арганізацыйных форм, якія меў беларускі рух у першай палове XX стагоддзя. А. Пашкевіч, напрыклад, піша пра Менскі аддзел Беларускага Таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны і Беларускі Нацыянальны Камітэт; пра «Беларускую Хатку» і Беларускую Вайсковую Раду; пра Першы ўсебеларускі з’езд 1917 года і пра Раду яго старшыняў – «першы беларускі перадпарламент»; пра Выканаўчы камітэт гэтай Рады і пра беларускі ўрад – Народны сакратарыят; пра абвяшчэнне БНР і ўтварэнне Рады БНР; пра Віленскую Беларускую Раду і пра абвяшчэнне незалежнасці БНР… Яшчэ будуць фігураваць шматлікія новаўтварэнні і мадыфікацыі старых грамадскіх аб’яднанняў, будуць дзейнічаць беларусы ў літоўскай Тарыбе і польскім ды латвійскім Соймах, беларусы ў Варшаве, Коўне, Беластоку, Вільні, Дзвінску, Рызе, Празе, Берліне… I гэта толькі прыблізны спіс у асноўным па 1920-х гадах, а ў «Пляцы Волі» асвятляецца яшчэ многае з гадоў 1930 – 40-х. Відавочнае імкненне А. Пашкевіча максімальна поўна адлюстраваць пасіянарны рух у нашай гісторыі. Аднак як чытач мушу прызнацца, што сама колькасць узнятага матэрыялу дастаткова хутка пачынае выпрабоўваць магчымасці чалавека, які ўзяўся ўсё ж за чытанне рамана, а не газетнай ці архіўнай хронікі. Фактаў не проста вельмі шмат – яны сінанімічныя з пункту гледжання белетрыстыкі. А вось разбор на буйнейшае і драбнейшае, на больш і менш істотнае мусіць рабіць сам чытач. I гэта для яго нечакана. Зразумела, што для аўтара важна праз колькасць засведчыць маштаб і глыбіню працэсаў беларускага Адраджэння. Ды ўсё ж, напрыклад, на тэму беларускага школьніцтва, асветы А. Пашкевічам пералічана столькі фактаў, столькі разоў названыя абставіны адкрыцця і закрыцця беларускіх курсаў, школ, гімназій (больш падрабязна, дарэчы, – БДУ), склады лектарскіх калектываў і г.д., што тэма непазбежна дэвальвуецца. Такія законы чытацкага ўспрыняцця. Дакументаў у рамане А. Пашкевіча стае не толькі на тое, каб трымаць у сваёй абладзе ўсе сюжэтныя лініі, але і на тое, каб дэстабілізаваць гэтыя сюжэтныя лініі сваёй размаітасцю, патэнцыяльнай новай змястоўнасцю, гатоўнасцю тут жа рэалізоўвацца ў новых, ледзь не навязліва-відавочных кантэкстах. Што я маю на ўвазе? Калі ў нейкіх сюжэтных перыпетыях А. Пашкевіч не можа не згадаць, напрыклад, Кузьму Цярэшчанку, то ён не можа не згадаць і ўсё значнае ў яго лёсе, і аўтар дае цэлы нібы маргінальны падраздзельчык з біяграфіяй героя. Прынамсі, мае рацыю: асоба выдатная, а хто і калі яшчэ збярэцца пра Кузьму Цярэшчанку напісаць… Але чытач потым сам мусіць звязваць разарваныя канцы фабульнай лініі. Больш таго. Прывучыўшы падобным чынам нас да самастойнасці, А. Пашкевіч неўзабаве ставіць перад намі і задачы больш сур’ёзныя: чытайце, супастаўляйце раскіданыя па творы менавіта супярэчлівыя факты з біяграфій, напрыклад, С. Булак-Балаховіча, ці С. Пятлюры, ці В. Дзяргача-Адамовіча, ды ацэньвайце, арыентуйцеся, рабіце свае высновы самі, без аўтаравых прысудаў.

Між тым часы, пра якія піша А. Пашкевіч, вызначаюцца асаблівай заблытанасцю палітычных варункаў. Як вядома, наша грамадскае жыццё складвалася гэтакім стракатым таму, што на Беларусі залішне хутка мяняліся акупацыйныя ўлады, змяняючы і самыя межы краіны ды статус беларускіх земляў, змушаючы і палітычныя структуры ўвесь час перагрупоўвацца. Пры гэтым (пра што піша А. Пашкевіч) нярэдка фатальную ролю адыгрывала сутыкненне характараў, псіхалогій, амбіцый, што выкарыстоўвалася ворагамі беларушчыны ды, асабліва эфектыўна, спецслужбамі суседніх дзяржаў. У агульным грамадзянскім уздыме А. Пашкевіч слушна вылучае менавіта гісторыю БНР, суадносіць найперш з гэтай гісторыяй падзеі вакол Брэсцкага ды Рыжскага міру, вакол утварэння БССР, ЛітБел (у 1918 і 1919 гадах) і ССРБ. Ды і грамадзянская чыннасць канкрэтных асоб робіцца больш зразумелай якраз у сувязі з лёсам БНР. Такіх асоб А.Пашкевіч імкнецца назваць як мага больш; за выключэннем ужо пералічаных вышэй імёнаў, гэта Р. Скірмунт, Сапега, Лаймінг, Я. Варонка, С. Рак-Міхайлоўскі, К. Дуж-Душэўскі, Я. Мамонька, I. Серада, Т. Грыб, П. Бадунова, Я. Станкевіч, Ф. Шантыр, Я. Лёсік, А. Смоліч, Л. Заяц, П. Крэчаўскі, А. Аўсянік, Я. Бурбіс, В. Захарка, Ю. Лістапад, В. Русак, С. Бусел, М. Асвяцімскі, П. Жаўрыд, П. Чайка, Якубецкі, Мірановіч, І.Мацэля, А. Борык, Р. Пашкевіч, Л. Сяменік, І. Дварчанін, І. Краскоўскі, С. Сахараў, У. Ігнатоўскі, В. Іваноўскі, П. Аляксюк, С. Булат, А. Чарвякоў, А. Цвікевіч, У. Пракулевіч, К. Ландар, А. Мяснікоў, Берсан, Апанскі, В. Кнорын, Ф. Акінчыц, Р. Астроўскі, Б. Рагуля, Я. Кіпель, А. Калубовіч, а таксама рэлігійныя дзеячы: ксяндзы Талочка, Гадлеўскі, патрыярх Ціхан, архібіскуп Мелхісэдэк, епіскап Філафей… Логіка апавядання А. Пашкевіча не дазволіла яму абмінуць Троцкага, Йофе, Готберга, Скарападскага, Віннічэнку, Савінкава, Махно, «бліжэйшых» Доўбар-Мусніцкага, Пілсудскага, Жэлігоўскага… У арбіту рамана-дакумента важнейшымі ўвайшлі і тыя старонкі гісторыі, дзе запісаны імёны К. Езавітава, А. Сокала-Кутылоўскага, Ф. Кушаля як вайсковай эліты, што апекавалася беларускімі ўзброенымі сіламі ва ўсе часы і пад любымі акупантамі. Менавіта апошняя акалічнасць вяртае нас да праблемы пэўных стэрэатыпаў савецкіх часоў, што ў псіхалогіі, у мысленні людзей маюць, так сказаць, татальны характар.

Напрыклад, колькі б ужо ні было сказана ва ўсім свеце, у тым ліку і савецкімі інтэлектуаламі, найперш шасцідзясятнікамі, пра сутнасць фашысцкай ідэалогіі, пра ролю Гітлера і Сталіна ў трагедыі нацый, пра найжорсткія рэпрэсіі супраць свайго ж народа, усё адно для сярэдне-статыстычнага былога жыхара СССР ленінска-сталінскія Салаўкі ніколі – эмацыянальна! – не дараўняюцца да гітлераўскага Бухенвальда. Бальшавіцкая, чэкісцкая куля (яна ж потым – энкавэдысцкая) – да кулі нямецка-фашысцкай. Насуперак уласнаму жыццёваму вопыту маленькі чалавек усёй душой, усёй псіхікай сваёй падлеглы ўзвелічальнаму і салодкаму сацыяльнаму міфу…

Што такое паслясавецкая інерцыя мыслення, можна зразумець, паслухаўшы, напрыклад, як тлумачаць учарашнія школьнікі, нашы абітурыенты, творы Васіля Быкава. (Дарэчы, яшчэ не так даўно аповесці В. Быкава аналізавалі ў сачыненнях па рускай літаратуры: маўляў, аўтар савецкі, «дзвюхмоўны», значыць, гэта руская літаратура; сёння, у 2002 годзе, такімі «рускімі» ўсё яшчэ застаюцца для абітурыентаў творы Ч. Айтматава.) Дык вось разглядаюць, аналізуюць хрэстаматыйнага В. Быкава абітурыенты ахвотна, найбольш – славуты «Знак бяды», вобразы Багацькаў. Пры гэтым будучым студэнтам (і, відавочна, іх настаўнікам ды аўтарам некаторых дапаможнікаў) бывае вельмі цяжка ўсвядоміць Петрака паўнавартасным героем. Са Сцепанідай – ніякіх праблем. А вось Пятрок… Здавалася б, можна апазнаць яго як тыповага быкаўскага героя, смела яго кананізаваць нават па чыста фармальных прыкметах, бо лепшыя літаратуразнаўцы ўжо даўно і вельмі падрабязна гэтыя прыкметы апісалі. Тым не менш, як правіла, ні літаратуразнаўчыя аўтарытэты, ні ўсе рэгаліі Быкава і ўласна кнігі «Знак бяды», ні нават веданне таго, што прататыпамі, правобразамі Багацькаў былі, так сказаць, зусім парытэтна бацькі Васіля Уладзіміравіча, – нішто не кампенсуе для абсалютнай большасці абітурыентаў таго факта, што Пятрок прыглядаўся да фашыстаў, якія прыйшлі да яго на хутар. Пятрок імкнуўся з імі паразумецца. Паводлесавецкі інстынкт самазахавання не падманеш! Пасля такіх паводзін у абітурыента язык не паварочваецца каго б там ні было назваць героем. Хіба што з агаворкамі, так сказаць, пасля «разгляду матываў», пасля «рэабілітацыі»…

Гэты прыклад пазначае розніцу паміж беларускім і савецкім светабачаннем, беларускай і савецкай псіхалогіяй, плён мінулых падсавецкіх дзесяцігоддзяў. Зразумець Петрака можна, толькі адчуўшы сябе беларусам, у чыю хату прыходзяць розныя войны, розныя акупанты, прычым адны і тыя ж па некалькі разоў. Ён жа мусіць на сваёй зямлі заставацца. Дык бывае, што і не з першага погляду ўбачыць тую канцэптуальную розніцу паміж куляй ды ласкай нямецкай, польскай і савецкай. Савецкая ўлада, прыгадаем, таксама праз вайну, праз грамадзянскую, прыйшла, аднак соль у тым, што разам з чырвонымі забойства сваіх зусім не крыміналам лічылася на працягу сямідзесяці з лішнім гадоў.

Беларусы, як і прадстаўнікі любой нацыі, якая прэтэндуе на дзяржаўнае жыццё сярод мацнейшых суседзяў, у сваёй палітычнай дзейнасці мусілі быць тактыкамі, мусілі ў сваіх стратэгічных мэтах, з аднаго боку, выкарыстоўваць супярэчнасці паміж мацнейшымі, а з другога – шукаць супрацоўніцтва, падтрымкі ў тых жа самых, вельмі ненадзейных, партнёраў. Усё ў тых жа немцаў, расіян і палякаў, літоўцаў, латышоў і эстонцаў, французаў, англічан і амерыканцаў, пра што сведчаць факты, на якія звярнуў увагу А. Пашкевіч. На практыцы ў такіх варунках быў вялікі плён, але былі і трагедыі. Трагічны прыклад – лёс войска БНР, якое стваралі, імкнуліся захаваць для краіны А. Гарун, К. Езавітаў, іншыя. А. Пашкевіч дастаткова падрабязна прасочвае лёс беларускіх вайсковых адзінак праз дзве сусветныя вайны. Вылучым у гэтым лёсе толькі два эпізоды.

Першы – лістапада 1919 года, калі, пасля драматычнай страты Гарадзенскага палка, іншых, ужо сфарміраваных, выпрабаваных частак, Езавітаў са згоды Рады БНР амаўляецца аб сумесных дзеяннях з Булак-Балаховічам. Балаховіч адбівае свае вайсковыя аддзелы ў Юдзеніча. Езавітаў дамаўляецца пра фінансаванне супольнага войска з урадам Эстоніі, а праз знаёмства з англійскім прадстаўніком у эстонскім штабе – яшчэ і з англічанамі. Але супрацоўнікі Пражскай місіі БНР, праз якую меліся дапамагаць беларусам англічане, сваёй несамавітасцю адпрэчылі тых, а раўнівае суперніцтва беларускіх лідэраў ператварыла гэтае непаразуменне ў анекдот. 2 лютага 1920 года Эстонія заключыла з Расіяй мір, таму беларускае войска мусіла пакінуць тэрыторыю Эстоніі. Але Езавітаў усё яшчэ не здаецца: ён піша Пілсудскаму, просіць таго ўзяць беларускія часткі на ўтрыманне і даць ім кавалак фронта на левым флангу польскай арміі, на Палессі, што і было зроблена.

Эпізод другі, звязаны з дзвюмя літоўскімі дывізямі БНР. 12 лютага 1920 года Літва заключае мірную дамову з Расіяй, і вышэйназваныя дывізіі па запатрабаванні Масквы мусілі ваяваць разам з Чырвонай арміяй супраць Польшчы

У выніку – за каго і супраць каго трэба было ваяваць беларусам?

Не прасцейшым, не лягчэйшым быў лёс тых беларусаў, якія заставаліся пасля імперыялістычнай вайны са зброяй у руках у тым жа 1919-м, 1920-м годзе, а таксама пазней, у плыткіх межах Радзімы. А.Пашкевіч, нібы насуперак стэрэатыпным уяўленням пра беларускую пасіўнасць, пра спрадвечную багну ў беларускім нацыянальным характары прыводзіць шмат, шмат вельмі красамоўных фактаў пра беларускую непакору ды ініцыятыву. Вылучаецца тут гісторыя Слуцкага чыну, а таксама перманентная «партызанка» супраць усіх, хто прыходзіў з гвалтам. Слуцкі чын А. Пашкевіч выразна рамантызуе, узвышае, ізноў жа застаючыся скрупулёзным дакументалістам у тым, што ён выкарыстоўвае з падставовых матэрыялаў [2]. Пра Слуцкае паўстанне больш падрабязна рассказана ў першай частцы рамана.

Заўважым, што гэтая частка стылёва больш плыткая, але затое і больш эмацыянальная, непасрэдная. У ёй варта звярнуць увагу на фрагменты, прысвечаныя Мінску. Як ёсць Мінск Дубоўкі, Чорнага або Дранько-Майсюка, так ёсць цяпер на нашай літаратурнай карце і Мінск Пашкевіча. Гэта горад, убачаны вачыма былога паўстанца, паэта, чые ўспаміны, эмоцыі «рэстаўруюць» нашу сталіцу, якая шмат гадоў мусіла быць аб’ектам без сваёй сапраўднай гісторыі (улучна з архітэктурай). Важна, што А.Пашкевіч не проста дае белетрызаваныя архіўныя даведкі (як пра Слуцк, Беласток, Дзвінск, інш., што таксама каштоўна). Мінск намаляваны менавіта праз інтэлект і перцэптуальнасць самавітага героя: праз ягонае сэрцабіццё і затуманены настальгічнымі слязьмі зрок, праз пазнаванне формаў, гукаў, пахаў. Тут да архіўнай фактуры і рамантычнага пафасу далучаецца асабовае, і ўзнікае мастацкасць. Яна ўзнікае і тады, калі, напрыклад, біяграфію і ўласна вобраз Цішкі Гартнага А. Пашкевіч малюе суб’ектыўна, «па-раманнаму», падаючы Гартнага выразна адмоўным персанажам. Пры гэтым аўтар прызнае, што і ад Гартнага беларусам нейкая карысць усё-такі была. З грубымі словамі, якія, можа, не дужа прыемна чытаць, але затое вельмі ясна паказвае А. Пашкевіч адносіны Янкі Купалы да Гартнага, а найперш да БССР. I ўсё ж на белетрыстычным полі А. Пашкевіч радзей бывае пераканаўчым. Калі ён спрабуе пісаць куртуазна (Мядзёлчын флірт з Езавітавым), або метафарычна (споведзь Купалы перад сваім партрэтам), то падобныя рэчы проста «выпадаюць» з паводледакументальнага аўтарскага дыскурсу. Гэты дыскурс самадастатковы, і ён дазваляе нават пра псіхалагічныя таямніцы зусім зграбна гаварыць проста ад аўтара (тлумачыць, напрыклад, чаму Жылка апынуўся камісарам БНР, байцом Сокала-Кутылоўскага ў Слуцку, а случак Раманоўскі-Чорны ніяк не мог зрабіцца такім).

Дарэчы, пра само імкненне звышдакументалізаваць мастацтва ёсць дасціпны жарт часоў знакамітых рускіх «передвижников» (ён згадваецца ў працах П.Паліеўскага). Калі на палатне, напрыклад, Рэпіна выразаць намаляваны нос і замест яго ўставіць сапраўдны, то, відавочна, праўды жыцця на карціне пабольшае… але ж у цэлым яна сапсуецца! (Канешне, у межах рэалістычнай эстэтыкі).

У «Пляцы Волі» мы маем справу з тым жа парадоксам, толькі, так сказаць, наадварот: тут якраз уласна-мастацкае, уласна-раманнае слова часцей выглядае чужародным. Факт жа пануе, адмысловы дыскурс жыве, узнаўляючы і нашу гістарычную славу, і наша спрадвечнае годнае імя. Пры гэтым варта параўнаць звесткі А. Пашкевіча з тымі, што падаваліся раней, напрыклад, у працы пра У. Жылку такога выдатнага даследчыка літаратуры 1920-х гадоў, як У. Калеснік [3], каб ацаніць той крок наперад, што зроблены ў «Пляцы Волі». I, вядома ж, не толькі новаму часу нам трэба дзякаваць за прагрэс.

Такім чынам, зразумела, што для любога, хто цікавіцца Беларуссю, кніга А. Пашкевіча будзе вельмі патрэбнай, бо яна не толькі дае магчымасць істотна паглыбіцца ў нацыянальную гісторыю, але і ўвогуле задумацца пра чалавечае быццё ў часе.

Калі ж мы б хацелі прачытаць пра тыя ж, скажам, падзеі Слуцкага паўстання прозу ўласна мастацкую, раскошную менавіта па стылі, па энергічнасці апавядання, па гарманічнасці маўлення, нам трэба было б звярнуцца да аповесці А.Федарэнкі «Нічые» [4]. У адрозненне ад А. Пашкевіча, які больш вядомы як даследчык літаратуры з навуковымі ступенямі і аўтар паэтычнага зборніка, А. Федарэнка мае слыннае імя ў беларускай прозе, з’яўляецца адным з лідэраў сучаснай беларускай літаратуры. I ўжо першая фраза аповесці «Нічые» гурмана ад рэалістычнай эстэтыкі ўсцешыла б. У ёй адной, амаль 29-радковай, А. Федарэнка з чароўнай лёгкасцю абмалёўвае ўсе важнейшыя гістарычныя прыкметы1920 года, тагачасную расстаноўку палітычных сіл. Усё гатовенькім выдае чытачу! Пісьменнік сходу смела ацэначны. I гэтую прафесійную руку, гэтыя выдатныя здольнасці А. Федарэнкі давесці сваю канцэпцыю праз стыль чытач адчувае адразу ж.

Аднак ужо на трэцяй старонцы твора з’яўляецца вельмі спецыфічная іронія А. Федарэнкі на адрас случакоў. Яна афармляецца ў падобныя цэтлікі да Слуцкага паўстання: «гістарычны нонсенс», «нацыяналістычны бунт» (у мове апавядальніка; далей будзе ўжо з вуснаў розных персанажаў), «няўдалы спектакль», «цырк! Дэфіліцыя, бутафорыя», «авантура», «чужая шахматная партыя» [4, с. 17, 69, 167, 75, 76] … Гэта, так сказаць, на ідэалагічным узроўні. У пластыцы ж, псіхалагічна А. Федарэнка малюе адно: агіду да збройнай чыннасці. I з якой перцэптуальнасцю! Буйным планам – чорнавуграваты, распараны выпіўкаю твар ці то вайскоўца БНР, ці то балахоўца, пах крыві, від мачы, па складніках – смярдзючае паветра ў хаце… Паўстанне ў А. Федарэнкі звязваецца найперш з нізкай фізіялогіяй. Гэта – гвалт над чыстай душой падлетка (Дзяніса, Валодзькі, «падобнага да падлетка» Чайкі з «хлапечай   чупрынкай»),   сінхронны   з   гвалтам   сексуальным,   калі хлопец (Дзяніс) нібы павінны, каб зрабіцца мужчынам, абавязкова пераспаць з непрыгожай і лёгкадаступнай дзяўчынай (Лізкай), і ўсе гэтаму патураюць, нібы змушаюць яго (нават Ладусь, Лізчын бацька). У выніку рамантычныя юнакі перажываюць шмат брыдкага і вось такога: «Не было Беларусі, якую ён так любіў <…>. За якую не ў фантазіях, а на самай справе памерці хацеў. Не было той Беларусі, дзе ўсе як браты, дзе любяць адзін аднаго, памагаюць, а не насміхаюцца і не здзекуюцца… Тут усё інакш, усё не так, як уяўлялася, калі марыў патрапіць сюды!.. Вось ад чаго ён (Валодзька Піліпчук. – Л. С.) плакаў» [4, с. 107].

Вядома, кожны некалі плача ў той момант, калі ён з дзіцяці, падлетка ператвараецца ў дарослага. Кожны аднойчы асабліва глыбока ўсведамляе розніцу паміж марай і рэальнасцю,   і ў такі   момант перажывае акт сталення. Якраз гэты момант спрадвеку драматызуе літаратура. Гэтаксама робіць і А. Федарэнка. Адно што А. Федарэнка не дае свайму герою пасталець. Пісьменнік са страсцю, з пафасам настойвае на інфантыльнасці, а потым і на маральнай зламанасці свайго героя (або ўвогуле яго «забівае» – якраз Валодзьку). Ягоны Дзяніс, напрыклад, пачынае хлусіць, тоячы сваё прыніжэнне, пасля якога ён, трэба разумець, зрабіўся хранічна няздатным на самастойны ўчынак. Ён намаляваны як хлопец менавіта са слабой псіхікай (Чайка – «рэфлексіўнай» псіхікай), для якога сутыкненне з жыццём ёсць гвалт. Для Чайкі на раздарожжы паміж чырвонай Вызнаю і бел-чырвона-белым Семежавам непазбежнасць учынку, выбару і ўцёкі ад яго агучаны так: «Чаму ён, нічый, не звязаны ніякімі клятвамі, <…> сільнічае сябе, падстройваецца, прымушаючы сябе любіць тое, што палюбіць не здолее аніколі!..» [4, с. 103]. Тут жа – яшчэ і выпрабаванне пакутаю нелюбові да цёмных ды хцівых, наіўных ды вечна хітруючых вяскоўцаў («няўчоныя, пакіраваць намі трэба камусьці… дык прыходзьце і валодайце намі!..» [4, с. 50]). Нібы для таго, каб пацвердзіць, што тысячагадовая хрысціянская ідэя любові да бліжняга памірае шматкроць, А. Федарэнка піша і пра пакуту адмысловага ўнутранага сораму за нейкую нягегласць, «убогасць», «прыземленасць», «нецікавасць» усяго беларускага. Комплекс нацыянальнай непаўнавартасці (у галашэннях тыпу: «што ж гэта за нацыя ў нас такая, што мы за народ такі» [4, с. 164]) спараджае ўпаўне мадэрновую іранічную істэрыку: «…раздражненне «Марсельезай» дрыжыкамі прабегла па спіне: так прыкра стала ад гэтага наіўна-рабскага прызнання, што доўга спалі (канечне, само сабой мянялася «п» на «р»…» Было штосьці, шкадобы вартае, і ў разладжаным баяне, і ў словах «гімна», і, канечне, у самім выглядзе людзей, на больш-менш арганізаваны натоўп падобных ці на касінераў Каліноўскага, толькі што без вілаў і косаў, а не на полк, як урачыста называе Жаўрыд, чакаючы іх з дня на дзень бы паратунку. У кажухах, у світках, многія ў лапцях, з паржавелымі карабінамі, з паляўнічымі стрэльбамі на вяроўчынах заместа рамянёў (скураны рэмень і дома ў гаспадарцы згадзіцца)…» [4, с. 78].

Нават калі і так – то як быццам ні адна нацыя ў свеце, апрача беларусаў, ніколі не ведала, што такое адвеку спаць, прыніжана хітраваць, што такое кажухі, паржавелыя карабіны, еtс; як быццам кожны дзень табе нехта павінен Грунвальд ці Оршу падаць!

Словам, А. Федарэнка малюе цёмную рабскую масу з разбуджанымі інстынктамі, якой імкнуліся кіраваць, ды кіравалі дрэнна: рабавалі, грызліся між сабой, чакалі дармаўшчыны, можа, яшчэ і «з разлікам у рай уехаць на чужым гарбу? Заварыць кашу, раструбіць на ўвесь свет, каб самім лягчэй было змыцца ў Парыжы ды Прагі…» [4, с, 150]. Вось вам, А. Пашкевіч ды В. Быкаў (аўтар «На Чорных лядах»), і ахвярны Слуцкі чын…

I калі б на старонцы 94 у тэксце А. Федарэнкі мы не сустрэлі ключавую   пушкінскую   фразу,   літаральна:   «Рускі   бунт   заўсёды страшны   і   бязлітасны»,   то   на   адпаведную   аснову ў   канцэпцыі «Нічыіх» нас усё роўна вывелі б іншыя алюзіі А. Федарэнкі з расійскага гіпертэксту, як то: «думалася словамі Балконскага», «мы, як мінімум, чыталі і ведаем вялікую рускую літаратуру», «як гогалеўскі Вій», «сведка жывой карціны Рэпіна», «знаёмыя ўсе твары», «савет у Філях», «не хапала толькі заліхвацкай якой-небудзь «вдоль да по речке» ды балалайкі з лыжачнікамі»… [4, с. 74,91,105,121,156,133]. Я, таксама, як А. Федарэнка, праз сваё выхаванне ды адукацыю не змагла абысціся без «карціны Рэпіна». I, пакуль нашы дзеці назубок у школе цвердзяць «Барадзіно» ды «Палтаву», я віншую празаіка з майстэрствам псіхалагізму і гуманізму, якому ён, між усім, выдатна вывучыўся ў расійскай класікі ўслед за іншымі нашымі лепшымі пісьменнікамі. Пры гэтым я хачу падкрэсліць, што ёсць адзін пункт, у якім расійскі духоўны досвед з тым, што мы чытаем у А. Федарэнкі, катэгарычна не супадае. А іменна: увесь псіхалагізм і гуманізм, усё найглыбокае разуменне «маленькага чалавека» ў Пушкіна, памножаныя на тое ж у Гогаля, Дастаеўскага, Талстога, Буніна і Салжаніцына, ні на секунду, ні на грам, ні на сантыметр не зрушылі (бо аўтары і не збіраліся рушыць) стаўпа Расійскай дзяржаўнасці, не зварухнулі права расіян на дзяржаўнае існаванне, іхняга права сваю дзяржаўнасць абараняць любымі сродкамі – ці то з царом, ці з Саветам Народных Камісараў (або супраць яго), ці з прзідэнтам ды парламентам, і ўжо ж, канешне, – не без крыві, мачы і смуроду. Так, героям тыпу беднага Яўгенія ды Івана Дзянісавіча расіяне заўсёды спачувалі, разам з імі жахаліся крывавых віроў ды гразілі жалезнаму монстру кулаком. Аднак за монстрам, за дзяржавай і дзяржаўнасцю пакідалі і пакідаюць статус гістарычнай непазбежнасці. Такім чынам, А. Федарэнка, што называецца, з выключнай «вернападданасцю», вартай часоў расійскага самадзяржаўя, адаптаваў беларускія рэаліі да традыцыйнай расійскай канцэпцыі «жорсткіх і бязлітасных бунтаў», якая была выпрацавана ў метраполіі расійскімі гуманістамі. А вось спрачацца з імі пра вышэйназванае права, між іншымі, пачынаў яшчэ Т. Шаўчэнка ў сваіх славутых «Гайдамаках».

Фінал духоўных пошукаў галоўнага героя аповесці «Нічые» гучыць як апафеоз інфантылізму, а, значыць, і сервілізму: «Ды праваліцеся вы ўсе: і рускія з беларускімі, і белыя з чырвонымі… Але ўжо раз выбар <…> – тады на баку мацнейшых! Каб хутчэй скончылася ўсё гэта. Каб хоць хто перамог нарэшце. I напляваць хто: немцы ці палякі, рускія ці беларусы! Галоўнае, будзе ціха» [4, с. 172-173]. А. Федарэнка піша вельмі шчыра, і тая самая шчырасць змушае яго тут жа дадаць, што ціха ўсё ж не будзе ніколі: «Пакуль не пажруць адзін аднаго, як тыя шчупакі, – большыя меншых, а самы большы – апошняга, датуль і самі не супакояцца і цябе з-пад зямлі дастануць!» [4, с. 173]. Як ні хочацца хлапчуку заставацца маленькім, нічыім, знайсці ласку ў мацнейшага, – жыццё не дае. Па дакументах (і з імі згодны А. Пашкевіч) Павел Чайка, камандзір слуцкага палка, быў здраднікам, які ўцёк да чырвоных, аднак тыя яго, былога царскага афіцэра, канечне, неўзабаве расстралялі. А. Федарэнка ж робіць Чайку сваім галоўным героем. Чайка ў А. Федарэнкі – найперш чалавек «без радзімы, без сям’і, без дамоўкі», г. зн. русіфікаваны беларус, якога чакала ў імперскай арміі бліскучая кар’ера; пасля краху імперыі і кар’еры ён неяк згадзіўся кіраваць случакамі, аднак лічыць сваю згоду памылкаю. А. Федарэнка робіць гэтага героя ахвяраю «подленькай» змовы як чырвоных (камісара Губмяна), так і «бэнээраўцаў» (Жаўрыда, Мірановіча, іншых). Пры такім раскладзе ў А. Федарэнкі амаль ніхто са случакоў, з паўстанцаў не трапіцьу шэраг станоўчых персанажаў (поруч з Валодзькам Піліпчуком, такімі хутчэй выглядаюць «чырвонаармейчык» Андрэй Мікіцін з Калужскай губерні ды мясцовы рэўкамавец Кастусь Кецка).

I ўсё ж А. Федарэнка, як пісьменнік вельмі чуйны да мастацкага фальшу, не мог не адчуваць, што ягоная тэндэнцыйнасць месцамі супярэчыць жыццёваму матэрыялу. Таму ён мусіў раскідаць па тэксце аповесці некалькі стылёва натужных рэверансаў паўстанцам, накшталт згадак пра сапраўднасць іхняй «любові да свайго», пра масавасць руху, падтрымку чыну мясцовым насельніцтвам, пра тых афіцэраў (трох чалавек), якія «Жыве Беларусь!» «не гаранілі», а загінулі, «як бы сплаціўшы доўг за таварышаў-дэзерціраў» – «адзін зімою 21-га пры пераходзе Лані, другі ў польскім канцлагеры і трэці на будаўніцтве Беламорска-Балтыйскага канала» [4, с. 77, 165].

Не магу не адзначыць, што рэальнасць, сапраўды нібы гвалтам, як
той самы чужародны «нос» на карціне,         усё ж такі вытыркнулася з мастацкага палатна А. Федарэнкі, гэтак хвацка зладжанага супраць яе, рэальнасці.

Аповесць «Нічые» ў цэлым пакідае ўражанне споведзі чалавека, які стаміўся любіць Беларусь, які экстрапалюе вопыт расчараванняў паслясавецкага жыцця на жыццё дасавецкае. Ці не «суцешыла» б А. Федарэнку вельмі-вельмі ўважлівае чытанне В. Быкава: якую б жорсткую праўду, і найперш пра беларусаў, ні пісаў В. Быкаў, чытач заўсёды адчувае ў тэксце, за тэкстам мужнасць аўтара, ваярскую волю аўтара, сам той факт, што такі чалавек, такія людзі, як В. Быкаў, у нас заўсёды былі і ёсць. Мяне, напрыклад, гэта натхняе. Нават калі Быкаў піша пра нягеглых «народных мсціўцаў» (паслясавецкіх!) у аднайменным апавяданні [5], то яго сарказм ваюе за нас. Выснова: што дазволена Быкаву, тое не кожны пацягне, але павучыцца ў В. Быкава глядзець праўдзе ў твар без істэрыкі нікому не зашкодзіць.

Нічый – сказана ў аповесці А. Федарэнкі пра Чайку, «ідэйнага» здрадніка. Але хто такія «нічые»? Не, хутчэй не «чайкі», – а пакуль што, на жаль, усё яшчэ гэтак мала запатрабаваныя Беларуссю Сокал-Кутылоўскія і Езавітавы, абаронцы беларускай (праўда, не савецкай) дзяржаўнасці. Дык і Савецкай улады ўжо даўно няма, а тыя імёны ўсё яшчэ застаюцца напаўзабытымі. «Нічые» – гэта тыя, хто пакінуў рэальныя гістарычныя сляды. Па гэтых слядах, па дакументах зможа пайсці той, хто зможа. Хто прыўлашчыць урэшце сваю гісторыю, хто будзе абжываць не «нічыйны», а свой дом – Беларусь XXI стагоддзя.

Літаратура

  1. Пашкевіч А. Пляц Волі. Раман-дакумент. – Мінск: Беллітфонд, 2001. – 416 с. («Беларускі гістарычны раман»).
  2. Напаўпрытчавае апавяданне пра Слуцкае паўстанне напісаў у 1994 годзе В. Быкаў, трактуючы Слуцкі чын як трагічную, але гераічную старонку ў беларускай гісторыі. Гл.: Быкаў В. На Чорных лядах // Быкаў В. Сьцяна. – Менск: Наша Ніва, 1997. – С. 272 – 302.
  3. Гл.: Калеснік У. Ветразі Адысея. Уладзімір Жылка і рамантычная традыцыя ў беларускай паэзіі. – Мінск.: Маст. літ., 1977. – 328 с.
  4. Федарэнка А. Нічые. Аповесць // Полымя. – 2001. – № 3. – С. 15 – 173.
  5. Быкаў В. Народныя мсьціўцы // Быкаў В. Сьцяна, с. 272 – 332.

 

Друкавалася [у]: Сінькова Л. Д. Мець уласны погляд на сваю гісторыю // Беларускае літаратуразнаўства: навукова-метадычны зборнік / гал. рэд. Л.Д. Сінькова. – Вып.1. – Мінск: БДУ, 2002. – С. 69 – 80.