Сучасная кампаратывістыка абавязвае беларускіх даследчыкаў усё больш актыўна суадносіць плён айчыннага прыгожага пісьменства з сусветнымі літаратурнымі здабыткамі. Гэтая задача заўсёды была няпростай. Яна ўскладнялася найперш тым фактам, што параўноўвацца павінны літаратуры з рознай ступенню старажытнасці і сталасці нацыянальных традыцый, з рознымі алгарытмамі развіцця. Гэтая розніца і абумоўлівае яскравую нацыянальную спецыфіку, якая супраціўляецца спробам непасрэднай, спрошчанай тыпалагізацыі.

У літаратурах постсавецкіх краін, постсацыялістычных еўрапейскіх краін цень сацыялістычнага рэалізму – эмацыянальна – яшчэ кампраметуе самую метадалогію тыпалагічных супастаўленняў, якая – ізноў жа на падсвядомым узроўні – можа адназначна звязвацца з савецкай традыцыяй вымяраць развіццё самых розных літаратур у залежнасці ад глабальных уніфікацыйных актаў палітыкі і ідэалогіі СССР. Між тым культурная тыпалогія на матэрыяле беларускай і замежных літаратур стваралася і ў падцэнзурныя часы, а патрыятычнае імкненне абавязкова прывязаць нацыянальныя здабыткі да новых аўтарытэтных узораў і сёння часта вядзе да міфалагізацыі і вульгарызацыі ў  літаратуразнаўстве.

Таксама энергічна ўплывае на даследчыкаў надзённая патрэба размяшчэння ў Сеціве саліднага інфармацыйнага рэсурсу, які б адэкватна прэзентаваў беларускую літаратуру і даваў магчымасць па гіпертэкставых адсылках лёгка, ці не аўтаматычна звязваць беларускія ўзоры з іншакультурнымі.

Таму натуральна, што ўжо даволі распаўсюджанай сярод айчынных навукоўцаў зрабілася такая манера даследавання, у аснове якой ляжыць імкненне весці развагі пра літаратуру беларускую адразу ва ўсім неабдымным полі сусветнай літаратуры – з   устаноўкай на максімальную свабоду параўнанняў, на максімум абстрагавання і суб’ектыўнасці. Аўтарамі падобных даследаванняў з’яўляюцца не толькі пачаткоўцы, але і вельмі вядомыя, аўтарытэтныя ў краіне вучоныя, напрыклад, Іван Штэйнер, Галіна Адамовіч, Тамара Тарасава[1].

У падобных працах вельмі паслядоўна вытрымана пэўная стратэгія. Яна заснаваная менавіта на рэгулярным “бязмежным” суаднясенні рознавялікіх і рознаўзроўневых мастацкіх з’яў з беларускай і замежных літаратур ХХ ст. Тут якраз і можна знайсці прыклады супастаўленняў, што робяцца па прынцыпу, які можна назваць прынцыпам карэляцыі. Карэляцыя – гэта дастаткова адносная, нястрогая сувязь паміж двума аб’ектамі, вылучанымі для параўнання з вялікай доляй абстрагавання ад іх цэласнасці, з акцэнтам толькі на выбраных, элімінаваных падставах для суаднясення. Карэляцыя як метад даследавання шырока выкарыстоўваецца ў розных галінах ведаў: у матэматычнай статыстыцы, эканоміцы, псіхалогіі. Карэлятыўнае супастаўленне мастацкіх феноменаў таксама магчымае. Яно дазваляе падкрэсліць перазовы паміж тымі творамі і творцамі, якія могуць быць і звязанымі, і абсалютна не звязанымі ні генетычна, ні кантактна, ні тыпалагічна; звязанымі і не звязанымі ні сінхронна, ні дыяхронна. Таму карэляцыя аб’ектаў мастацкіх патрабуе пільнай увагі да іх спецыфікі.

Напрыклад, мне давялося рэцэнзаваць адзін вельмі змястоўны, аб’ёмны рукапіс з мноствам арыгінальных думак на тэму “Беларуская проза ХХ стагоддзя ў еўрапейскім літаратурным кантэксце: экзістэнцыялізацыя духоўнага свету героя”. Тэма надзвычай важная, бо экзістэнцыялізм у нас, як ні дзіўна, у спецыяльных працах яшчэ вельмі мала даследаваны.

Між тым экзістэнцыялізм і як светаадчуванне, і як філасофія, і як зусім пэўны літаратурны напрамак – гэта надзвычай актуальныя для беларускай культуры з’явы. Беларусы закінутыя ў абсурдны свет не толькі грамадскага аўтаматызму і выдаткаў глабалізацыі, як іншыя еўрапейцы-сучаснікі. Найперш беларусы ўжо даўно закінутыя ў абсурд ментальнага ўціску. Задужа доўга і агрэсіўна свет не прымае беларуса з яго мовай і традыцыяй, змушае з’іначыцца, асімілявацца. Проста гаварыць па-беларуску – ужо экзістэнцыйны выбар. Вось выток экзістэнцыйнага светаадчування ў беларускай ментальнасці, экзістэнцыялізму ў беларускай літаратуры.

Буйнейшым і першым з пісьменнікаў ХХ ст., хто не толькі ўсвядоміў, але адрэфлексаваў і зафіксаваў у мастацкіх тэкстах светаадчуванне беларуса як экзістэнцыйнае, быў вялікі Максім Гарэцкі. Роўнавялікі такім фігурам, як, скажам, Джойс ці Кафка – бо ён з адкрывальнікаў, а не з тых, хто працягвае ўжо адкрытыя традыцыі. Ад славутых “Антона” (1914, публ. – 1918), “Меланхоліі” (1916 – 1921, 1928, – гэтага “Евангелля беларускай экзістэнцыі”), “Ціхай плыні” (1918, 1926, 1930), дзе экзістэнцыйнае светаадчуванне намаляванае як праблема беларускага інтэлігента (Лявона Задумы) і чалавека з масы, з народа (Хомкі Шпака) – да дзённікаў Задумекуса (1931 – 1932), “Скарбаў жыцця” (1932 – 1935, магчыма – 1937; усе даты – паводле М.Мушынскага[2]) – твораў з універсальнымі гратэсковымі метафарамі ўзроўню экзістэнцыялістаў-экспрэсіяністаў (найперш Кафкі). Менавіта ў прозе М.Гарэцкага з’явіўся вобраз беларуса раздвоена-рэфлексуючага, не тоеснага сабе – героя экзістэнцыйнага. У спасціжэнні свайго быцця ён увесь час балансуе на мяжы выратавання і самаразбурэння. Урэшце ён мусіць змірыцца з тым, што не можа змяніць: са сваёй несвабодай, з уладай над сабой кону, са сваёй маласцю, слабасцю і смерцю. Мусіць трываць жыццё, трываць абсурд свету – або бунтаваць, але ўсё роўна памерці. І хрысціянства яго выратоўвае ў тым сэнсе, што дапамагае схіліцца да пакоры. Нездарма ў “Скарбах жыцця” гэты герой, вечны Задума-Задумекус, Абдзіраловіч, Жартаўлівы Пісарэвіч, імкнецца да выспы Патмас, дзе святы апостал Іаан Багаслоў дыктаваў свайму вучню казанне Духа Божага пра Апакаліпсіс.

На экзістэнцыйную праблематыку творчасці М.Гарэцкага ў канцэптуальным плане ў свой час (услед за А.Адамовічам[3]) найвыразна звярнуў увагу В.Каваленка: у працы “Трагическая мечта о буйном колошении… Философия национальной жизни в творчестве М.Горецкого” (1995[4]; тут, дарэчы, ёсць цікавая праўка-ўдакладненне вобразнага выслоўя С.Дубаўца пра тое, што “па аналогіі Гарэцкага трэба шукаць дзесьці паміж Акутагавам і Камю”[5], праўда, у кантэксце не ўласна экзістэнцыялізму, а мадэрнізму, пра што напісана значна больш [6]).

Першым жа беларускім аўтарам, каго айчынныя і замежныя даследчыкі запісалі ў шэрагі кананічных прадстаўнікоў еўрапейскага экзістэнцыялізму як літаратурнага напрамку, дыскурсу (што аформіўся, як вядома, у сярэдзіне ХХ ст. у творчасці Сартра і Камю – хоць многія вучоныя ўсё яшчэ не вылучаюць экзістэнцыйнага пісьменства як асобнага напрамку ў літаратуры), з’яўляецца Васіль Быкаў. Безагаворачна статус Быкава-экзістэнцыяліста сцвердзіў Міхась Тычына ў калектыўным падручніку “Беларуская літаратура і свет…” (2006)[7], грунтуючы свой аналіз на ўсёй творчасці пісьменніка, з плёнам 2000-х гг. уключна. Аднак пачыналі актыўна пісаць пра быкаўскую прозу як парабалічную і менавіта экзістэнцыйную яшчэ беларускія “шасцідзесятнікі” ў савецкія часы (на чале з А.Адамовічам) і іх замежныя калегі (н-д, М.Анастасьеў разглядаў творы В.Быкава ў адным кантэксце з прозай У.Голдзінга і А.Камю[8]), маючы на ўвазе быкаўскія аповесці “Дажыць да світання” (1972) і “Сотнікаў” (1970), а таксама фільм паводле “Сотнікава”, знятага Л.Шапіцька, “Узыходжанне” (1976). Падкрэслена беларускую спецыфіку быкаўскага экзістэнцыялізму свет убачыў у творах Быкава часоў станаўлення нашай сённяшняй дзяржаўнасці: у аповесці “У тумане” (1988); яна таксама, як вядома, трыумфальна экранізаваная С.Лазніцам (2012); у прыпавесцях са зборніка “Сцяна” (1997), шматлікіх іншых творах.

Аднак ніводная з названых тут мною навуковых публікацый, ні нават сам тэрмін “экзстэнцыялізм” не трапілі ў памянёны вышэй рукапіс – роўна як і творы “Меланхолія” або “Ціхая плынь”, “У тумане” або “Сцяна”. Як такое магло стацца? Вельмі проста: у выніку стаўкі на метад карэляцыі, які не мае на ўвазе прэзентатыўнай цэласнасці ў суаднясеннях. У згодзе з метадам карэляцыі творы, якія даследчык супастаўляе ў названым вышэй рукапісе, ён нават не маркіруе храналагічна: у прапанаваным дыскурсе гэта не запатрабавана.

Не менш лагічна і тое, што даследчык (якому я ў цэлым сімпатызую і чый творчы пошук падтрымліваю), палічыў патрэбным, напрыклад, у раздзеле “Катэгорыя сну ў вобразнай сістэме Максіма Гарэцкага і Франца Кафкі” супаставіць творы Гарэцкага “Амерыканец”, “Роднае карэнне” з Кафкавымі “Сельский врач”, “Превращение”. І хіба не меў права, калі героі бачаць сны ва ўсіх чатырох узорах? Паколькі больш змястоўных сыходжанняў там практычна няма, то і працаваць з гэтымі тэкстамі ды іх кантэкстамі больш не трэба: супадзенне адзначана, прадмет гаворкі вычарпаны, аналіз лаканічны, можна супастаўляць далей, браць іншыя пары па іншых фармальных прыкметах – “маляваць панараму”. А тое, што найбольш красамоўнымі ў плане беларускага экзістэнцыявання ў спадчыне Гарэцкага з’яўляюцца зусім іншыя творы (тая ж “Ціхая плынь” з цэлай сюжэтнай лініяй сненняў; або аптымальныя для параўнання з Кафкам “ператварэнні” ў запісках Задумекуса, “Скарбах жыцця”, якія ў раздзеле проста згадваюцца), то гэта ва ўсякім выпадку не адмяняе фармальнага параўнання, зробленага даследчыкам, т.ск., “па ключавых словах”. Хочаце пра іншае – самі і напішыце. Гэтаксама ў раздзеле “Трактоўка свабоды і несвабоды ў творах Максіма Гарэцкага і Альбера Камю” даследчык выбраў на ролю прэцэдэнтных тэкстаў “Чырвоныя ружы” і “Прысягу” М.Гарэцкага, а не, напрыклад, “Антон” і “Ідуць усе – іду я”, “Габрыелевы прысады”. Чаму? А хоць бы таму, што на больш разгалінаваныя параўнанні часу ды фармату не хапіла, і хіба ж у класіцы не вартая ўвагі кожная кропка ды коска? У выніку ўсё нібы карэктна. Адно замест прэзентацыі Гарэцкага як пісьменніка з экзістэнцыйным светаадчуваннем атрымалася відавочная прафанацыя.

Рэч у тым, што пазіцыяй, якая вызначае і арганізуе тут карэляцыю, з’яўляецца прысутнасць любых слядоў экзістэнцыйнай свядомасці ў літаратурным полі. Такім чынам сапраўды можна параўнаць хоць аповесць “Выратуй і памілуй нас, чорны бусел” В.Казько з раманам “Элементарныя часціцы” М.Уэльбека! Каментуючы тэкставыя і біяграфічныя дэталі, трэба адно толькі засяродзіцца на тым, што абодвум пісьменнікам і іх персанажам баліць, што боль гэты – неад’емны ад жыцця як экзістэнцыі ў абсудным грамадстве, і назваць раздзел хоць бы так: “Дыялектыка “я”-чалавека ў творах Віктара Казько і Мішэля Уэльбека”. І ў такім ракурсе сапраўды абясцэніцца той факт, што Казько мае на ўвазе наступствы таталітарызму сталінскага кшталту і жыццё на землях Чарнобыля, а Уэльбек, якога французы завуць “Карлам Марксам сексу”, – наступствы сексуальнай рэвалюцыі і жыццё пасярод апафеозу спажывання. Якраз гэтыя дамінанты ў абраным аналітычным алгарытме не важныя, бо перашкаджаюць адсочванню супадзенняў, не “кладуцца” ў канцэпцыю спекулятыўных (разумовых) збліжэнняў, тыпу: “Казько – гэта наш Уэльбек”.

Такім чынам, што атрымліваецца? Пакуль карэляцыя арыентаваная толькі на фармальныя крытэрыі, яна працуе ўпаўне адэкватна. Напрыклад, калі мы карэлятыўна будзем суадносць аб’екты па прыкмеце наяўнасці ў іх хваста, то лагічна будзе параўноўваць хоць бабра і пеўня, у адну рубрыку змясціць хоць слана, моську, зубра, кобру, чорта, марскога канька і русалку з драконам. Такая рубрыкацыя будзе мець той сэнс, што ва ўсякім разе дазволіць на адной палічцы ў Сеціве прэзентаваць размаітасць нашага свету, а ўжо карыстальнік зможа выбраць з прапанаванага шэрагу той хвост, які ён шукае. Аднак калі нашай мэтай будзе не самадастатковая фіксацыя інварыянтнага, а разуменне змястоўнага плану канцэптаў, іх семантыкі, то тут карэляцыя як метад адразу выявіць сваю недастатковасць, абавязковую патрэбу ў дадатковай верыфікацыі. Бо камусьці спецыяльна трэба растлумачваць, што наш бобр – гэта не іх певень, хоць абодва і пры хвастах.

Застаецца толькі ўсвядоміць, колькі і наколькі карысных супадзенняў па ключавых словах, па фармальных прыкметах нясе ў інфармацыйную прастору наша карэлятыўнае літаратуразнаўства, але таксама ж – у якіх маштабах яно прафануе рэальны змест літаратуры і культуры.

Актуальнасць праблемы зробіцца яшчэ больш відавочнаю, калі звярнуць увагу на працы некаторых маладзейшых даследчыкаў з тых, што працуюць у беларускай Акадэміі навук (дакладней – у Дзяржаўнай навуковай установе “Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі”). У 2012 г. выдавецтва “Беларуская навука” выпусціла зборнік акадэмічных прац пад назваю “Літаратурная карта Еўропы: кантакты, тыпалогія, інтэртэкстуальнасць”[9], з адпаведным акадэмічным грыфам. У ім ёсць выдатныя ўзоры айчынных кампаратыўных даследаванняў: і старэйшых вучоных (артыкул прафесара Е.А.Лявонавай[10]), і маладзейшых даследчыкаў (артыкул кандыдата філалагічных навук С.Мінскевіча[11]), інш. Ёсць, аднак, і публікацыі са спробамі адысці ад традыцыйнай метадалогіі параўнальнага вывучэння літаратуры.

Звернем увагу, напрыклад, на першы артыкул з названага выдання: “Рэцэпцыя рамана М. дэ Сервантэса “Дон Кіхот” у беларускай літаратуры”, падрыхтаваны А.В.Вальчук[12]. Падкрэслім, што тэма – надзвычай важная; уступная частка артыкула спадарыні Вальчук, у якой разглядаецца кароткая гісторыя публікацый, перакладаў і ацэнак рамана Сервантэса ў культурным свеце, напісаная і аргументавана, і кваліфікавана, гэтаксама як і заключны фрагмент, прысвечаны перакладам рамана на беларускую мову. Такім чынам, метадалагічныя падыходы ў гісторыка-літаратурнай частцы артыкула вытрыманыя адэкватна. Але на полі кампаратыўным арыентацыя маладой даследчыцы на тое, што можна назваць метадам карэляцыі, аўтарку падводзіць.

Імкнучыся абавязкова ўбачыць і зафіксаваць любыя сляды прысутнасці Сервантэса і “Дон Кіхота” ва ўсёй гісторыі беларускай літаратуры, А.В.Вальчук напачатку, у падраздзеле “Мастацка-вобразныя элементы[13] рамана М. дэ Сервантэса «Дон Кіхот» у паэме А.Міцкевіча «Пан Тадэвуш»”, даволі слушна звязала рыцарскі статус Дон Кіхота з комплексам ідэй шляхецкай культуры ў адлюстраванні А.Міцкевічам (“Пан Тадэвуш”) і, ніжэй, В.К.Савіч-Заблоцкім (“Арлалёты і Падканвойны, або Полацкая шляхта”). Аднак жа адзіным пэўным доказам рэцэпцыі “Дон-Кіхота” Міцкевічам з’яўляецца ў артыкуле спасылка на прыватны ліст З.Красінскага, сучасніка Міцкевіча, у якім той піша свайму бацьку пра “Пана Тадэвуша”: “<…> рэч <…> камічная, поўная польскага народнага жыцця, твор цалкам польскі, народны, вясковы, шляхецкі – Дон Кіхот польскі – сведчанне вялікага генія. Усё там знойдзеш: недахопы і добрыя якасці Польшчы, натуру польскую, нашы ўзнёслыя пачуцці і безліч камізму – нашы рэвалюцыі, сеймікі, старая шляхта і новае пакаленне, якабінцы і дактрынёры – усё, усё з такой праўдай перададзена, з такой простасцю, што аж страх бярэ[14]. Лішне казаць, што рэцэпцыя рамана Сервантэса беларускай літаратурай адно праз цытаванне ўражанняў З.Красінскага ад “Пана Тадэвуша” не ўспрымаецца дастаткова доказнай, “прапісанай” даследчыцай у належнай ступені. Затым, А.В.Вальчук не разважае пра тое, ці меў, ці мог мець на ўвазе Сервантэса, пішучы паэму, сам Міцкевіч, ці яго пафас быў выразна іншым, а можа, не ўласна тэрмін “рэцэпцыя” тут прыйшоўся б больш да месца? Больш пераканаўчай, хоць таксама недастатковай, выглядае аргументацыя даследчыцы ў выпадку з творам В.К.Савіч-Заблоцкага[15], які згадваецца ў падраздзеле пад назваю “Тып “кніжнай свядомасці” ў апавяданні У.Галубка “Сын вёскі” і ў “Дон Кіхоце” М. дэ Сервантэса”[16]. Гэтаксама залішне лаканічна сказана і пра вобраз Дона Пуза ў творы У.Дубоўкі   (як вядома, паэт быў выпускніком літаратурнага семінара В.Брусава) у падраздзеле “Паэма У.Дубоўкі «Штурмуйце будучыні аванпосты!» і раман М. дэ Сервантэса «Дон Кіхот»: мастацка-вобразныя і кампазіцыйныя паралелі”.

Трэба сказаць, што якраз назвы падраздзелаў артыкула А.В.Вальчук найлепш ілюструюць яе даследчыцкую стратэгію: знайсці хоць што-небудзь і хоць дзе-небудзь дзеля таго, каб можна было беларускае звязаць з Сервантэсам, напрыклад: “Жанрава-кампазіцыйныя асаблівасці аповесці Я.Баршчэўскага «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» і раман М. дэ Сервантэса «Дон Кіхот»”, “Ідэалістычны вобраз кахання ў меладраме В.Дуніна-Марцінкевіча «Апантаны» і рамане М. дэ Сервантэса «Дон Кіхот»”, “Вобраз Дон Кіхота ў п’есе М.Матукоўскага «Мужчына, будзь мужчынам, або Ўваскрэсенне Дон Кіхота»”, “Сервантэсаўскія матывы ў апавяданні Л.Гаўрылкіна «Дон Кіхот і Санча Панса»”, “«Дон Кіхот» М. дэ Сервантэса і постмадэрнізм: элементы раманнай паэтыкі ў творчасці беларускіх пісьменнікаў ХХ – ХХІ стст.”… Зразумела, што ні ў адным з названых падраздзелаў гаворка не ідзе пра рэцэпцыю (відавочнае ўспрыняцце і засваенне, пераўтварэнне) якіх-небудзь сутнасных адкрыццяў Сервантэса, праз якія ён і лічыцца найвялікшым класікам. Ні пра глыбіні псіхалагічнага аналізу чалавечай прыроды, у якой мусяць спалучацца ідэалізм з прагматызмам; ні пра кіхатызм як выток экзістэнцыялізму; ні пра ўласна-эстэтычныя праблемы змены або кантамінацый розных літаратурных эпох і мастацкіх форм, ні пра філасофска-літаратурныя парафразы “Дон Кіхота” на ўзор створаных М. дэ Унамуна і Х.Л.Борхесам, – ні пра што з таго, аб чым пісалі тыя сервантэсазнаўцы, якіх хораша цытуе А.В.Вальчук ва ўступным падраздзеле свайго артыкула. Чаму?

Таму што ў тых творах, якія разглядае даследчыца, сутнаснай рэцэпцыі “Дон Кіхота” няма. Там ёсць зварот толькі да стэрэатыпа, маркёра (знака) “Дон Кіхот”, які пазначае канцэпт (паняцце) “высакародны, але наіўны, смешны, безабаронны, архаічны… рыцар-ідэаліст” (або, у выпадку з Дубоўкавым Донам Пуза – алегорыю прагматызму, звязаную са стэрэатыпам “Санча Панса”). Аднак даследчыца нічога кшталту падобнай апазіцыі (знак – значэнне) не мае на ўвазе; яна піша менавіта пра рэцэпцыю (паўнавартасную) рамана Сервантэса і менавіта ў вылучаных ёю тэкстах беларускай літаратуры – па самых маргінальных, адносна рамана “Дон Кіхот”, прыкметах “падабенства”: наяўнасць у творах ХІХ стагоддзя вобразаў рэчпаспалітаўскай шляхты; чляненне празаічнага тэксту на навелы; вадэвільны сюжэт з даеннем кароў хлопцамі-“донкіхотамі” замест дзяўчат, і г. д. Самае красамоўнае пацверджанне неадэкватнасці такіх суаднясенняў знаходзім у падраздзеле пра беларускі постмадэрнізм, дзе даследчыца рэцэпцыю Сервантэса знаходзіць у наступных радках А.Хадановіча: “Глядзіць у кнігу – бачыць Дульсынэю, / зірне ў другую – бачыць Фігаро. / А я, бядак, з натугі пасінею, / Ім носячы пяснярскае дабро![17] Даследчыца, не заўважаючы (або нібы не заўважаючы?) хадановічаўскіх “дулі” і “фігі”, палічыла вычарпальным такі аналіз-каментарый гэтай цытаты: “«Дон Кіхот» Сервантэса становіцца асновай для постмадэрнісцкіх эксперыментаў і для А.Хадановіча. Так, у вершы «Востраў Рым» Дульсінея абрана паэтам у якасці рэпрэзентанткі «Дон Кіхота»”; “Зварот да класікі ў дадзеным выпадку абумоўлены неабходнасцю падкрэсліць, наколькі на яе фоне новым пакаленням аўтараў часам бывае даволі няпроста самасцвердзіцца”[18].

Карэляцыя выключна па фармальных прыкметах, “па хвастах” заканамерна прыводзіць чытача артыкула А.В.Вальчук да высновы: у беларусаў ёсць свой Сервантэс, і гэта – Л.Гаўрылкін. Паколькі ён прадэманстраваў найбольшую колькасць адсылак да сакраментальных стэрэатыпаў, то яго апавяданне пад назвай «Дон Кіхот і Санча Панса» (пра двух абывацеляў-антыподаў з савецкіх брэжнеўскіх часоў) – гэта “айчынны варыянт”[19] рамана Сервантэса. Не менш!

Пры ўсім гэтым артыкул А.В.Вальчук выглядае проста вяршыняй акадэмізму ў параўнанні з публікацыяй у тым жа зборніку працы Т.П.Барысюк пад назвай “Пошукі бессмяротнасці ў сучаснай беларускай і рускай паэзіі”[20], дзе на глебе “імарталагічнай тэматыкі” як творы аналагічныя праз коску пералічваюцца “шумерскі «Эпас пра Гільгамеша», «Фаўст» І.-В.Гётэ, «Брама неўміручасці» К.Крапівы, «Memento mori» Я.Брыля”[21], і далей плывуць бясконцыя параўнанні: радкоў з Л.Рублеўскай пра Барбару Радзівіл і з Я.Еўтушэнкі пра маму і нейтронную бомбу (бо ў абодвух аўтараў ёсць словы пра важнасць прадаўжэння роду і пра дзяцей як працяг жыцця, а значыць – пра бессмяротнасць)[22]; з В.Зуёнка і А.Аўруціна, бо абодва пішуць пра магчымую бессмяротнасць паэта[23]; Н.Маеўскай, А.Кушнера, П.Барысюка і Б.Кенжэева, бо ўсе яны пішуць пра “важкі сэнс быцця і набытае шчасце”, якія “спрыяюць даўгалеццю”[24]… Дадам толькі, што спіс выкарыстанай у артыкуле Т.П.Барысюк літаратуры – 131 пазіцыя і ясна, што лагічная кропка ў гэтай плыні прынцыпова адсутнічае.

З другога боку, ёсць падставы зразумець імпэт маладых даследчыц: калі прафесар І.Ф.Штэйнер можа рабіць навуковыя супастаўленні творчасці Васіля Быкава і “караля жахаў” Сцівена Кінга, а прафесіяналы гэта ўхвальна цытуюць, называючы сведчаннем “інтэлектуальнага кругагляду” і “парадаксальнага мыслення”[25], то чаму не могуць рабіць падобнага А.В.Вальчук і Т.П.Барысюк?

Як вядома, карыстаючыся фармальнай логікай, можна даказаць, што Ахілес ніколі не дагоніць чарапаху (парадокс Зянона). Аналагічна – што “«Сіксцінская мадонна» Рафаэля і «Песня пра зубра» Гусоўскага тыпалагічна падобныя, бо абодва аўтары апелююць да вобраза Божай Маці[26]; што беларуская казка “Тры ксяндзы” [і іншыя “беларускія казкі сацыяльна-бытавога характару, у якіх адлюстраваны вобразы царкоўных служкаў”] мае “тыпалагічнае падабенства” з “паэзіяй вагантаў, шванкам, народнай кнігай, навелай”[27]. Дадам: на той падставе, што ўсё матэрыяльнае ў сусвеце ўзаемазвязана, бо ўсякая матэрыя складаецца з атамаў, можна звязаць быка і індыка (ды яшчэ ж у абодвух найменнях ёсць літара “ы”). Але дзеля чаго, навошта нам такое звязванне, калі яно гіпатэтычна магчымае толькі да таго часу, пакуль мы не паставім на адну бегавую дарожку чалавека і чарапаху; пакуль не пачнём паслядоўна параўноўваць вобразнасць узораў жывапісу італьянскага Рэнесансу і лацінамоўных паэм, напісаных па канонах класіцызму; пакуль не прачытаем запар беларускую казку з фальклорных збораў І.Насовіча, Е.Раманава, П.Шэйна і песню ваганта хоць бы са зборніка “Carmina Burana”; пакуль на свае вочы не пабачым быка і індыка і не ўпэўнімся ў тым, што ўсе названыя аб’екты – гэта адрозныя сістэмы; што, напрыклад, жывёла бык – з класу млекакормячых, а жывёла індык – з класу птушак. Пакуль не прыгадаем, у чым сутнасць тэрміна “тыпалогія” і не адчуем адказнасці за свае гіпотэзы ды патрэбу іх верыфікаваць. Важна зразумець: пакліканне навукі не разбураць сістэмнасць як аснову абстрактнага мыслення (бо без яго немагчымае адэкватнае спасціжэнне свету), а гэтую сістэмнасць умацоўваць, паглыбляць. Некалі кожны савецкі аспірант мусіў ведаць Энгельсаў “Анты-Дзюрынг”, дзе гаварылася: ад таго, што мы залічым у клас млекакормячых шчотку для ваксавання ботаў на падставе таго, што ў яе, як і ў тых, ёсць шчацінне, ад гэтага ў шчоткі яшчэ не вырастуць малочныя залозы…

Такім чынам, адмаўленне ад традыцыйнай метадалогіі ў кампаратыўных даследаваннях на карысць карэляцыі рознажанравых, рознавідавых, рознастылёвых, розначасавых і рознакультурных з’яў шляхам спекулятыўнага (разумовага) збліжэння фармальных, маргінальных, вонкавых прыкмет вядзе да дэвальвацыі літаратуразнаўства як навукі.

Разам з тым карэлятыўнае літаратуразнаўства – натуральная выява дыскрэтнасці ў развіцці постсавецкага літаратурнага працэсу, у якім пасля дзесяцігоддзяў істотных абмежаванняў для бесцэнзурнага развіцця кампаратывістыкі раптам у 1990-я гады рэзка абвастрылася патрэба ў грунтоўных, глыбокіх працах у гэтай навуковай галіне, а таксама пашырыліся магчымасці публікаваць працы па гэтай праблематыцы. Таму прадказальна, што ўсё пачалося не адразу з адных ідэальных вяршыняў рафінаванага і фундаментальнага досведу, а з кавалерыйскіх наскокаў – спроб хаця б “галопам па Еўропах” пазначыць свае пазіцыі ў новым, перспектыўным даследчыцкім полі. Асістэмныя культуралагічныя развагі ў слабанавуковым дыскурсе часцей натхнёныя вельмі актуальным пафасам радаснага знаходжання сябе ў размаітым свеце, памкненнямі патрыятычнымі. Важна і тое, што любы шчыры досвед – гэта плён у нейкім сэнсе пазітыўны, гэта выпрабаванне крэатыўнага патэнцыялу, школа спроб, памылак і адкрыццяў, якія праз пераадоленне нясталасці павінны весці наперад.

 

Резюме

Замена традиционной методологии в компаративных исследованиях на корреляцию разножанровых, разновидовых, разностилевых, разновременных и разнокультурных явлений с помощью спекулятивного (умственного / рационального) сближения формальных, маргинальных, внешних примет / признаков объекта литературоведческого анализа ведёт к девальвации литературоведения как науки.

Replacing the traditional methodology in comparative studies on to the correlation of multi-genres, multi-kinds, multi-styles, multi-cultural and multi-temporal phenomena with the help of speculative (mental / rational) convergence of formal, marginal, external signs / symptoms of the object of literary criticism analysis leads to a devaluation of literary criticism as a science.

2013 г.

Апублікавана у: Сінькова Л. Карэляцыя як метад у параўнальным вывучэнні літаратур / Л. Сінькова // Acta Albaruthenica. Tom 14 [red. naukowa Mikołaj Timoszuk, Mikołaj Chaustowicz]. – Warszawa: Katedra Białorutenistyki Uniwersytetu Warszawskiego, 2014. – С. 347 – 356.

 

[1] І. Штэйнер, Deja vu, або Успамін пра будучыню: літ.-крытычн. артыкулы, Мінск 2003; Г.Я. Адамовіч, Асновы кампаратывістыкі: беларускі кантэкст: манагр. / Г. Я. Адамовіч, Мінск 2009; Т.М.Тарасава, Беларуская проза ХХ стагоддзя ў еўрапейскім літаратурным кантэксце: экзістэнцыялізацыя духоўнага свету героя: аўтарэф. … дыс. докт. філал. навук: 10.01.01 / Т.М.Тарасава, Мінск 2013; інш.

[2] М.І.Мушынскі, Максім Гарэцкі, [у:] Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя, Мінск 1999, т. 1, с. 381 – 426.

[3] А.Адамовіч, Браму скарбаў сваіх адчыняю…: Даследаванне жыцця і творчасці М.Гарэцкага, Мінск 1980.

[4] В.Коваленко, Трагическая мечта о буйном колошении… Философия национальной жизни в творчестве М.Горецкого, “Неман” 1995, № 3, с. 115 – 129.

[5] С.Дубавец, Максим Горецкий. Неюбилейное слово, “Неман” 1993, № 2, с. 92.

[6] М.М.Казлоўская, Рэцэпцыя “новай драмы” ў беларускай драматургіі першай чвэрці ХХ стагоддзя: аўтарэф. … дыс. канд. філал. навук, Мінск 2008 (з аналізам твораў якраз М.Гарэцкага – з экзістэнцыйным светаадчуваннем); з найбольш аўтарытэтных у тэме – працы М.Тычыны, Е.Лявонавай, напрыклад: М.Тычына, На фоне “агульнаеўрапейскага прагрэсу”, [у:] М.Тычына, Час прозы: літ.-крытыч. артыкулы, Мінск 1998, с. 25 – 37; Е.А.Лявонава, Агульнае і адметнае: творы беларускіх пісьменнікаў ХХ ст. у кантэксце сусветнай літаратуры, Мінск 2003; інш.

[7] Васіль Быкаў, [у:] Л.П.Баршчэўскі, П.В.Васючэнка, М.А.Тычына, Беларуская літаратура і свет: ад эпохі рамантызму да нашых дзён: папулярныя нарысы, Мінск 2006.

[8] Н.Анастасьев, Содержательность формы, [у:] Н.Анастасьев, Содержательность диалога. Советская литература и художественные искания ХХ века, Москва 1987, с. 254 – 295.

[9] Літаратурная карта Еўропы: кантакты, тыпалогія, інтэртэкстуальнасць, А.В. Вальчук [і інш.]; навук. рэд. М.У.Мікуліч, Мінск 2012.

[10] Е.А.Лявонава, Алесь Разанаў і нямецкая літаратура, [у:] Літаратурная карта Еўропы: кантакты, тыпалогія, інтэртэкстуальнасць, Мінск 2012, с. 447 – 495.

[11] С.Л.Мінскевіч, Айчына і абавязак у гістарычнай прозе Уладзіміра Караткевіча і Яраслава Івашкевіча, [у:] Літаратурная карта Еўропы…, с. 329 – 386.

[12] А.В.Вальчук, Рэцэпцыя рамана М. дэ Сервантэса “Дон Кіхот” у беларускай літаратуры, [у:] Літаратурная карта Еўропы…, с. 12 – 72.

[13] Няўдалая фармулёўка-словазлученне, і яе няўдаласць вынікае з нявысветленасці прадмета даследавання.

[14] B.Zakrzewski, Natus est” Pan Tadeusz, Wroclaw 2001, s. 52.

[15] А.В.Вальчук, Рэцэпцыя рамана М. дэ Сервантэса…, с. 44 – 46.

[16] Ibidem., с. 42 – 46.

[17] Ibidem., с. 65.

[18] Ibidem.

[19] “Выносячы ў назву свайго апавядання імёны герояў класічнага твора іспанскай літаратуры, Л.Гаўрылкін тым самым падкрэслівае яго сувязь з «Дон Кіхотам» Сервантэса, адкрыта заяўляе, што менавіта яму аўтар наследаваў пры напісанні айчыннага варыянта «Дон Кіхота і Санча Пансы»”, Ibidem., с. 55 .

[20] Т.П.Барысюк, Пошукі бессмяротнасці ў сучаснай беларускай і рускай паэзіі, [у:] Літаратурная карта Еўропы: кантакты, тыпалогія, інтэртэкстуальнасць, Мінск 2012, с. 387 – 446.

[21] Ibidem., с. 389.

[22] Ibidem., с. 406 – 407.

[23] Ibidem., с. 404.

[24] Ibidem., с. 410-411.

[25] А. Мельнікава, 60-годдзе Івана Штэйнера, “Acta Albaruthenica” 2013, т. 13, с. 358.

[26] Г.Я.Адамовіч, Літаратурная класіка ў параўнальным вывучэнні, Мінск 2008, с. 27 – 28.

[27] Ibidem., с. 38.