Тут схадзіліся плямёны
Спрэчкі сілаю канчаць…
Якуб Колас

Як беларус глядзіць на вайну – як часта, непасрэдна ў твар, з якімі для сябе наступствамі – пра тое беларусы гаварылі і гавораць усяму свету. Нашу літаратуру якраз і паважаюць за мяжой перадусім па ваеннай тэме, да якой звярталася літаральна кожнае пакаленне беларускіх пісьменнікаў. І гэтая тэма аніяк не робіцца менш актуальнай з часоў, яшчэ старэйшых за Гамераву “Іліяду”.
На мяжы 1980-90-х гг. адной з самых вострых тэм для познесавецкага грамадства зрабілася вайна СССР у Афганістане, якая пазначана ў гісторыі СССР датамі 27.12.1979 – 15.02.1989 гг.. У ёй удзельнічалі 32 тысячы беларусаў – абсалютная большасць з іх, канешне, былі юнакі, цывільныя прызыўнікі або навучэнцы і выпускнікі ваенных вучылішчаў. І сярод гэтых тысяч маладых хлопцаў знайшліся тыя выбраныя, хто вярнуліся з Афганістана, каб расказаць пра перажытае: Сяргей Дубовік, Алесь Крыванос, Іван Сяргейчык, Алесь Дзмітрыеў. З любога ваеннага пекла заўсёды прыходзіць той, хто не зможа прамаўчаць.
Зразумела, што з цягам часу найбольш інтэнсіўна проза з асэнсаваннем “афганскага”, “чачэнскага”, “грузінскага”, інш. паваеннага вопыту пачала развівацца ў Расіі. Там існуе самая вострая патрэба асэнсавання такіх праблем, як посттраўматычны сіндром у часткі ветэранаў, звязаны са скасаваннем на вайне біблейскага табу на кроў і гвалт; бескантрольнае распаўсюджванне ваеннай зброі; злачынная практыка з цывільнага жыцця, перанесеная ў экстрэмальныя сітуацыі сучаснай вайны; эскалацыя міжнацыянальнай варажнечы і падобных разбуральных, крызісных з’яў у пасляваенным грамадстве.
Аднак беларуская проза мае, бадай, самы грунтоўны вопыт у асэнсаванні названых вышэй праблем. Больш за тое: насамрэч якраз з беларускай ваеннай прозы многае пачыналася, з твораў М.Гарэцкага, К.Чорнага, Я.Брыля, І.Шамякіна, І.Навуменкі, А.Адамовіча, Б.Сачанкі, І.Чыгрынава, В.Адамчыка, І.Пташнікава, В.Казько, С.Алексіевіч… Імя ж Васіля Быкава ведае ўвесь цывілізаваны свет.
Падкрэслім таксама, што беларускі чытач, абазнаны замежны чытач і кінаглядач ужо ў вялікай ступені выхаваны на эстэтыцы максімальнай праўдзівасці ў творах пра вайну (варта прыгадаць папулярнасць у свеце фільма Элема Клімава па сцэнарыю Алеся Адамовіча “Ідзі і глядзі”, 1985), на эмоцыях болевага шоку і малюнках такой рэальнасці, якую А.Адамовіч параўноўваў з магмай, плазмай: ад судакранання з беларускім вопытам вайны прыўкрасныя выдумкі на гэтую тэму, роўна як і нейкія ідэалагічныя міфы, проста выпараюцца, бы вада пры агні. Дамінуе боль як досвед рэальнага чалавека (і яго пакалення). Гісторыя ж, якая складваецца з прыватных людскіх лёсаў, павінна быць без купюр, каб ахвяры не апынуліся пазбаўленымі сэнсу.
Такім чынам, спецыфічна-беларускі погляд на любую вайну вызначаецца менавіта тым, што цэлай беларускай нацыі ў адносна недалёкія часы прыйшлося перажыць найвялікшыя пакуты. Такі вопыт народа даў нашым пісьменнікам асаблівую відушчасць, праніклівасць, інтэлектуальную глыбіню. І яшчэ – чуйнасць менавіта да болю асобнага чалавека. Звычайнага, якога яшчэ называюць “маленькім”. І не так важна, ці гэта чалавек са зброяй, ці без яе: тут адрозненне палягае ў тым, ці чалавек гэты з сумленнем, ці без яго; ці здатны ён суперажываць пакутам, ці гвалціць без дай прычыны – ва ўмовах той фактычнай усёдазволенасці, што нясе вайна. Менавіта памятаючы пра гуманнасць нават у нялюдскіх умовах, персанаж беларускай ваеннай прозы вырастае ў Героя, самавітую асобу. Трацячы ж чалавечасць у душы – падае ў бездань бруду, злачынства і здрады.
Менавіта на поле такой традыцыі прыйшоў з новым ваенным вопытам, з новай праўдай пра вайну познесавецкіх часоў Сяргей Дубовік.
Яго проза якраз і вылучаецца спецыфічна-беларускай і адначасова ўласнай, дакладна знойдзенай аўтарскай апавядальнай нотай. Сяргей Дубовік, які служыў у Афганістане ў 1981 – 1983 гг. камандзірам сапёрнай роты, а затым ваенным карэспандэнтам, апублікаваў нізку сваіх “афганскіх” твораў у 1992 г. Ён адразу ж зрабіў акцэнт на нешматслоўнасці, на вылучэнні толькі сутнаснага: гэта заяўлена ў жанравым падзагалоўку “кароткія апавяданні”. Чытач разумее, што яму будзе расказана толькі пра выбраныя, найкрасамоўныя факты, якія імгненна вырастаюць з лакальнага ў разгалінаваныя мастацкія вобразы; прафесійная адукацыя журналіста і мастацкі талент, якія мае Сяргей Дубовік, дапамаглі яму зрабіць гэты дакладны выбар дакументальна-мастацкай наратыўнай стратэгіі. У цэлым ён адмовіўся ад гарманічнай апісальнасці на карысць дынамізму, хуткай змены апавядальных планаў, энергічнасці мастацкага выказвання. Хоць уменне маляваць найперш для ўспрыняцця зрокавага, назіральна-расслабленага ў яго прозе таксама выявілася – напрыклад, у зачыне апавядання “Памінкі ў Сардобе”.
Першыя фразы “Памінак у Сардобе” якраз яскрава-маляўнічыя, звязаныя з цікаўным поглядам юнака-апавядальніка на тую экзатычную краіну, з якой цяпер будзе спалучаны яго лёс. “Раней тут быў караван-сарай. Вярблюджыя сцежкі перапляталіся мудрагелістымі ўзорамі на шматкіламетровым дыване стэпу, быццам маршчыны на твары старога афганца, сыходзіліся тут, у Сардобе, каб бегчы далей на ўсход – у Пакістан, Індыю… Старыя сцены крэпасці памятаюць набегі качэўнікаў-рабаўнікоў, кроў сівабародых купцоў, дзікі роў адбітых у гаспадароў вярблюдаў <…>. Ад крэпасці засталіся сцены ды некалькі прыбудовак, дзе размясціліся салдаты сапёрнай роты” [1, с. 62] .
Аднак ужо з другога абзаца чытач трапляе ў тую самую сітуацыю экстрэмальнасці, безвыходнасці і хранічнага стрэсу, што пануе на любой вайне. Тут жыццё толькі звонку можа выглядаць будзённым. Банальны побыт з вадавозкай ды кухняй імгненна ўзрываецца адным раптоўным стрэлам-забойствам капітана Слаўкі Макуцэвіча, які бегаў да знаёмага дуканшчыка (“карцела памяняць чэкі на афгані па добрым курсе” [1, с. 63] – таксама абсалютна звычайная дэталь той вайны, афіцэрскага побыту). Гэтая смерць робіцца завязкай сюжэта пра “памінкі ў Сардобе” – памінкі па Слаўку…
Падзеі разгортваюцца з катастрафічнай імклівасцю: выстрэльвае сціснутая спружына самасуду, што абрынецца на таго, хто першым патрапіць пад руку. Гэта акажацца невысокі худы афганец, з трыма патронамі ў кішэні – яго “забралі з машыны, што праязджала” [1, с. 63]. Допыт ператворыцца ў катаванне, расстрэл і закопванне змучанага цела ў яме, на тым месцы, дзе нядаўна закапалі “ротнага сабаку, задушанага машынай” [1, с. 65]. Вайна, здаецца, дароўнівае да нуля чалавечае жыццё. Вось толькі ў памяці апавядальніка і чытача застаецца тая жорсткасць, што нібы рыфмуецца са спрадвечнымі пакутамі мясцовых людзей і жывёлы, згаданых у першых, амаль наіўна-маляўнічых сказах. Разам з лейтэнантам Сашам Клабуцкім чытач не можа не бачыць гэтага “маленькага” чалавека на вайне: бедны афганец, невысокі худы афганец, праз гадзіну – ужо беспрытомнае збітае цела пад сцяной, пхнутае прыкладам аўтамата; сляды слёз на запыленым твары, худыя босыя ногі на гарачым пяску ля ямы… Папаўся – змяніць нічога нельга, сабачая смерць.
Апошняя фраза – “Бразгаў у вядро кухар, склікаючы салдат на снеданне” [1, с. 65] – ізноў фіксацыя самай што ні на ёсць будзённасці. Усё вяртаецца (ці надоўга?) у тую, што і на вайне бывае, “маліну”, дзе свае неадменныя законы, дзе спрытнейшы, нахабнейшы можа і “разжыцца”, “пацягнуць”, бо, як вядома, каму вайна, а каму маці родная. З чалавека звера зрабіць няцяжка – цяжка вярнуць яму чалавечае аблічча.
Герой жа С.Дубовіка, Саша Клабуцкі, застаецца найперш з суадчуваннем болю, бо падобнага вопыту, мабыць, зашмат у беларускім калектыўным бессвядомым. “Паглядзець на смерць «духа» “сабралася паўроты” [1, с. 65], а таму, хто не біў, цяжка. Гэты погляд на афганца як на чалавека, выпадковую, але непазбежную ахвяру, якой спачуваеш, і дае чытачу адэкватны досвед пра жыццё пад час вайны. Яго будзённасць падманлівая, яна толькі вонкавая. Сутнасць – трагедыя і яе ахвяры. Першаю ж ахвяраю і быў Слаўка Макуцэвіч, цяпер ужо “груз «200»”, цынкавая труна, якую вернуць на радзіму.
Адна з самых цяжкіх ісцін пра вайну ў Афганістане заключаецца ў тым, што для нашых юнакоў яна была трагедыяй, у якой скралі яе высокі сэнс – катарсіс. Замест высокіх катарсічных пачуццяў, звязаных у класічнай трагедыі з нейкімі найважнымі, анталагічнымі вартасцямі, цэлае пакаленне сутыкнулася з вопытам балючага падману, гвалту і начальніцкага цынізму за спінамі салдат пад час вайны. Таму савецкі юнак або сумленны афіцэр у Афганістане – двойчы ахвяра ў параўнанні з афганцам, які ваюе на сваёй зямлі: зацята, бясконца. Якраз афганскае татальнае партызанства падкрэслена ў апавяданні “Груз «200»”. “Гэта вайна непадобная на класічныя, па якіх вучыліся і вучацца сёння камандзіры, хутчэй партызанская. Яе метады, якія добра “абкаталі” за доўгія гады маджахеды, не толькі спецыфічна ўсходнія, афганскія. Яны не грэбуюць і вопытам іншых, у тым ліку і беларусаў: выпіскі з мемуараў партызанскіх камандзіраў знаходзілі ў сумках палявых камандзіраў афганскай апазіцыі. Мы шчодра дзелімся вопытам…” [1, с. 60], – саркастычна зазначае апавядальнік.
У творах Сяргея Дубовіка “Груз «200»”, “«Інтэрнацыянальнае» выхаванне”, іншых вельмі ўражліва расказана менавіта пра такіх ахвяр, як Слаўка Макуцэвіч, хлопцаў з савецкага войска, якія гінуць нават не ў часе баявых дзеянняў, а пасярод самых што ні на ёсць будняў, у стасунках паміж сваімі.
У апавяданні, якое так і называецца – “Груз «200»”, Сяргей Дубовік расказвае пра тое, як яго герой суправаджае труну з целам забітага хлопца да бацькоў, на Украіну, у сяло пад Кіевам. Гэта, здавалася б, самы “заіграны” сюжэт з магчымых на “афганскую” тэму. Аднак аўтабіяграфізм, непрыдуманасць аўтарскага досведу адразу ж ламаюць інерцыю чытацкіх чаканняў, і мы паглыбляемся ў тое найважнае, што не павінна згубіцца, знікнуць у нябыце разам з сыходам пакалення, якое было пахавана ў цынкавых трунах. Паступова, праз ашчадныя дэталі, галоўная ідэя пачынае гучаць з вялікай сілай, уздымае хвалю вострых эмоцый – па кантрасце з лаканізмам фактаграфічных, нібы справаздачных згадак пра саму камандзіроўку ў “Чорным цюльпане ” .
Гэтае найважнае – думка пра фарысейства. Як вядома, сярод праведнікаў з часоў Хрыста знаходзіліся тыя найправедныя, якія лічылі, што лепш за ўсіх на свеце ведаюць ісціну. Гэта – фарысеі. Такія заўсёды лічаць, што маюць права павучаць, муштраваць і змушаць усіх астатніх да фанатычнага служэння сваім уласным догмам. “Фарысей шчыры адносна літары закона і хлусіць адносна яго духу; фальшывіць перад сваім сумленнем і гвалціць сумленне іншых” . Таму святасць фарысея крывадушная, і за ёю хаваюцца хцівасць, славалюбства, дэспатызм. Гвалт новых дзяржаўных фарысеяў, якія ўвязаліся ў афганскую вайну, мяняючы аднаго свайго стаўленіка (Хафізулу Аміна) на другога (Бабрака Кармаля), і спраўдзіўся ў познесавецкія часы.
Чаму ж украінскі 22-хгадовы юнак з апавядання С.Дубовіка “Груз «200»”, “прыгожы, бялявы хлопец з залатымі лейтэнанцкімі пагонамі” на фотаздымку, выпускнік ваеннага вучылішча, які служыў сваёй дзяржаве, як і яго дзед-ветэран (цяпер юнак – ужо абпаленае чорнае цела, “цынк” з ім – без шкельца, каб родныя не бачылі таго, што засталося замест твару), зрабіўся тым безыменным “грузам” ? Таму што з самага пачатку афганскай кампаніі, са снежня 1979 г. інфармацыя пра яе засакрэчвалася, фільтравалася. Ажно да 1987 г. факт вайны СССР у Афганістане па-фарысейску шыфраваўся пад біркамі “абмежаваны кантынгент”, размаітая “дапамога па просьбе афганскіх таварышаў”… Прычым пачыналася з ваенспецаў, а дзесяць гадоў ваяваць прыйшлося цывільным прызыўнікам.
Сяргею Дубовіку, аднак, няма патрэбы з публіцыстычным пафасам называць гэтыя, некалі “сакрэтныя”, факты. Яму дастаткова быць мастаком і намаляваць жменьку дэталяў, каб фактаграфію, якая хутка сыходзіць з парадку дня і сціраецца з людской памяці, захаваць у слове, ператварыць у яскравы, багаты на сэнсы адбітак сапраўднага жыцця. Напрыклад, расказаць, што на “грузе «200»” прозвішчы нябожчыкаў напісаныя толькі крэйдай: для суправаджаючых, каб не згубілі сярод іншых грузаў і не пераблыталі, ведалі, дзе чый. Выгружаюць “цынкі” (слова з новага, сталага слэнгу) у “ваенкаматаўскі «рафік» у канцы аэрадрома, далей ад людскіх вачэй”, выязджаюць на вуліцу “праз службовыя вароты”, – і ўсё, што з імі адбываецца, робіцца нібы з “чорнага ходу”, з-пад палы. І збіраюцца ж гэтыя “цынкі”, нібы саромнае нешта, нібы нейкія непажаданыя выдаткі, па гарнізонах, “каб пасля, па больш зручным маршруце, развезці родным – у Расію, Прыбалтыку, Беларусь, на Украіну…” (с. 60). Хаваюць прывезенае з адказнымі суправаджаючымі на мясцовых могілках таксама ледзь не ноччу.
І ўвесь час – нібы абавязак ва ўсіх: ілгаць. Фармулёўка адна, стандартная: “Загінуў пры выкананні інтэрнацыянальнага абавязку” (с. 61). Нібы прыкрая кругавая парука крывадушша. Чытач прыгадвае: гэта звыклая для былой дзяржавы прыкрасць, бо з тым жа фарысействам сутыкнуліся і ветэраны-калекі Вялікай Айчыннай, якія заканчвалі жыццё на Валааме, на Салаўках, і першыя ахвяры Чарнобыльскай аварыі. Нездарма фарысейства – грэх пракаветны, ярмо з цяжэйшых. Але герой-апавядальнік Сярея Дубовіка, шануючы пачуцці бацькоў забітага хлопца, расказаў ім выдуманую гісторыю пра геройскую гібель сына таму, што праўда для іх была б невыноснай.
А яна ў тым, што юнаку прыйшлося заплаціць жыццём за яўнае начальніцкае глупства і за тую злачынную побытавую завядзёнку, якая пастаянна і няўхільна з гэтага глупства вынікала. “Маршал Усцінаў загадаў увесці ў абмежаваным кантынгенце “сухі” закон, дбаючы пра маральнае аблічча савецкіх салдатаў і афіцэраў. І ляцелі ў “Афган” набітыя гарэлкай верталёты і самалёты, боўталіся бутэлькі ў бочках наліўнікоў, закопваліся снарады і загружаліся ў скрынкі ад іх бутэлькі, каб пад такім камуфляжам правезці праз граніцу” (с. 61). Канешне ж, лейтэнант, камандзір узвода на свой дзень нараджэння не мог купіць неабходнае спіртное ў ваенторгаўскай краме. Ён мусіў спачатку накупляць у той краме “джынсаў, «батнікаў», сонцаахоўных акуляраў” і ехаць туды, куды прапаршчыкі “пратапталі дарогу для генеральскіх застолляў”: мусіў абмяняць барахло “ў пагранічнікаў на гарэлку”.
І здарылася непазбежнае. На дарозе лейтэнанта, які ехаў без суправаджэння ў “газіку”, чакала засада. Ён “паспеў выскачыць з кабіны, схавацца за колам, выпусціць некалькі чэргаў. Але аўтамат заклініла – трапіў пясок. Яго не застрэлілі. Падкраліся ззаду, стукнулі па галаве, падпалілі машыну. Агонь заўважылі пагранічнікі. Лейтэнанта знайшлі побач з дагараючай машынай, абгарэлага і страшнага…” (с.60).
Драматычны эпізод апісаны лаканічна, дынамічна, амаль намінатыўна. Сяргей Дубовік пазбягае пафаснасці, меладраматызму. Але якраз гэта змушае чытача дадумваць і абвастрае эмоцыі. Затым мы разумеем, што пафас усё роўна непазбежны: людскія пачуцці павінны мець выйсце. Жыццё непамысна адбіраць моўчкі.
Таму ўрэшце за міфічны “інтэрнацыяналізм” салдату пасмяротна дадуць “ордэн Чырвонай Зоркі” і адкрыюць “стэнд у школьным музеі”. Яго магілу змогуць ушанаваць землякі. Апавядальнік зазначае, што, з болем і ўхвалай згадваючы забітага лейтэнанта, не стаў гаварыць яго бацьку менавіта пра “інтэрнацыянальны абавязак”: “…не ведаў, што казаць. Бо не ведаў, каму мы што павінны” (с. 62).
На першым выяўленчым плане ў апавяданні застаецца падзейны рад, а сярод эмоцый дамінуе жалобная прыкрасць: ад бязглуздасці таго, як змарнавана жыццё хлопца; ад бязглуздасці ўсёй афёры ваеннай (бо гэта менавіта афёра: з двайной бухгалтэрыяй, з падманам, з абдуранымі); ад таго, як хаваецца праўда; ад таго, што самому трэба хлусіць, браць ва ўсім удзел – гэта значыць, што мусяць “адмываць” усё самі ж ахвяры, выканаўцы гэтай бязглуздзіцы (начальства толькі п’е і стрыжэ купоны); ад мізэрнасці “кампенсацыі” хоць бы бацькам… Гэта ізноў жа – проза вайны, яе будні, яе банальнасці.
Дэвальвацыя каштоўнасцяў на той вайне нярэдка прыводзіла да выпадкаў пераходу на бок праціўніка, да прыняцця ісламу. Пра падобнае чытаем у апавяданнях Сяргея Дубовіка “«Негры»” і “«Інтэрнацыянальнае» выхаванне”. Яны вылучаюцца асабліва смелым і глыбокім раскрыццём цяжкай тэмы. Загалоўкі – амаль афарыстычныя, у іх выдатна адлюстравана ідэя бунту супраць гвалту з салдата, яго духу і цела.
Так, знакамітая дзедаўшчына ў савецкім войску ды здзеклівая муштра падначаленых даўно перасталі быць нейкім сакрэтам. У прозе былых “афганцаў” гэтая тэма загучала з новай абвостранасцю. Напрыклад, у Расіі з паказальных у гэтым сэнсе можна назваць многа каментаваны, уганараваны (быў у шорт-лістах “Рускага Букера”, 1993 г.) раман “Знак звера” Алега Ермакова, пісьменніка родам са Смаленску (гады службы ў ДРА 1981 – 1983).
Той жа самай тэме прысвечаны і два названыя вышэй апавяданні беларуса Сяргея Дубовіка.
“Негры” – гэта два хлопцы-навабранцы, якіх адправілі на чорную работу: у качагарку, “абаграваць штабны модуль” (с. 65). І з гэтага моманту “салагі”, якія на вайсковы загад “не пярэчылі, сабралі рэчмяхі і пайшлі ўслед за старшыной”, пачалі ператварацца ў нейкіх парыяў, чорных ад прыкарэлага вугальнага пылу рабоў, якім ні памыцца, ні паесці разам з усімі не выпадала, і ад вачэй заезджага начальства іх хавалі, каб не псаваць уражання пра парадкі ў часці. Калі ж, пасля ацяпляльнага сезону, настаў ім час вярнуцца з вугальнай ямы ў сваю казарму, то змяніць штосьці ў стаўленні да іх ужо аказалася немагчымым: яны мусілі прыслужваць, рабіць самыя брудныя работы, з імі стараліся без патрэбы не загаворваць, “тым больш на вачах”… Яшчэ і той самы старшына пачаў бэсціць іх за нязводны бруд публічна, перад строем.
Апавяданне напісанае як навела, нібы на адным дыханні; красамоўныя лаканічныя эпізоды вельмі хутка збіраюцца да крытычнай мяжы, і наступае парадаксальная кульмінацыя: “Паціху ўсё супакоілася. Хлопцы не пярэчылі <…>”. А затым – нечаканая, рэзкая развязка, якая імгненна мяняе ўсе акцэнты і зусім па новаму адкрывае расказаны сюжэт: “Яны зніклі пасля абеду”. Канешне, іх зброі, аўтаматаў, таксама не аказалася на месцы. У фінале, пасля апісання пярэпалаху, паведамляецца: “Хлопцаў так і не знайшлі. <…> людзі з афганскага царандоя чулі аб двух “шураві”, што жылі ў мясцовай бандзе. Іх быццам бы збіраліся пераправіць у Пакістан. Што здарылася з хлопцамі далей, ніхто не ведае. Як не ведаюць, якіх “неграў” бачылі ў “духаў” – нашых або з іншай часці…” (с. 67).
Гэтае апавяданне Сяргея Дубовіка пра бесчалавечнасць, якую нармальнаму чалавеку немагчыма стрываць, уражвае не менш, чым вядомы пазнейшы фільм У.Хаціненкі “Мусульманін” (1995 г.) – па сваёй сутнасці сугучны твору беларускага аўтара.
Пра вайну як вялікі бардак найгучна сказаў у свой час Эрнест Хэмінгуэй, і гэтую фразу часта паўтараў Васіль Быкаў, зважаючы на тое, колькі салдацкай крыві льецца паміж сваімі: з-за таго, што бруд у людскіх адносінах, у грамадстве абавязкова пераносіцца на вайну з мірнага жыцця. Толькі ў экстрэмальных сітуацыях вайны ўсё імгненна ўзбуйняецца, робіцца відавочным: і бруд, і яго кошт, і тое, каму прыходзіцца плаціць жыццём па абсурдных рахунках.
Новую рэальнасць “афганскіх” часоў, новы унікальны досвед на гэтую, на жаль, не старэючую тэму мы адкрываем для сябе ў апавяданні Сяргея Дубовіка “«Інтэрнацыянальнае» выхаванне”.
Яно пачынаецца са сцэны ваеннага трыбунала, які называецца “спектаклем” (с. 68), бо судзяць за звыклую для ўсіх прысутных дзедаўшчыну сяржанта-інгуша Ісхакава. Ён кіраваў здзекамі з дзесяці навабранцаў інжынерна-дарожнай роты. Затым чытач пачынае сачыць-суперажываць, нібы сведка, за тымі драматычнымі падзеямі, якія прывялі да гібелі салдата, разумеючы ў самы драматычны момант разам з “салагам” Фядулавым, што “няма нікога на белым свеце, хто б заступіўся, выратаваў” (с. 70). Гэтага хлопца, Фядулава, дзеля здзеку аблітага бензінам, пад вокліч “танцуй, папуас!”, сяржант Ісхакаў, ухапіўшы за каўнер, падцягнуў да вогнішча і штурхнуў так, што той упаў і загарэўся. “Ён не качаўся па зямлі, стараючыся збіць полымя, – крычаў дзікім, нечалавечым голасам. Пакуль выцягнулі з палаткі коўдру і накінулі на салдата, было позна. Ён ляжаў на зямлі, абхапіўшы чорнымі абгарэлымі рукамі абпаленую галаву” (с. 70). Але нават падобныя цяжкія сцэны, як падкрэслівае апавядальнік, не з’яўляюцца тым адзіным, пра што ён хацеў расказаць. Яго вярэдзіць спакойна-самаўпэўнены выгляд, абыякавыя паводзіны на судзе Ісхакава, верагодны лёс забойцы. Аказваецца, яго затрымалі выпадкова: “Знайшоў афганскі царандой – нехта падказаў за грошы – у непрыкметным дукане не ўскрайку Файзабада. Арыштавалі ўзброенага з цэлым цынкам патронаў да аўтамата. Аднаго дня не хапіла, каб пераправіць са спадарожным караванам у Пакістан” (с. 71). І калі б Ісхакаў усё ж паспеў перабегчы на другі бок мяжы, то, мажліва, апынуўся б на месцы таго персанажа, якога бачыць па тэлевізару апавядальнік у фінале твора: “Па трапе самалёта, махаючы рукой і весела смеючыся, спускаецца яшчэ адзін вызвалены маджахедамі савецкі ваеннапалонны, аблашчаны роднымі і Радзімай” (с. 71). Вось з такім “інтэрнацыяналізмам” у рэальнасці сутыкнуліся салдаты ў Афганістане: абясцэньваюцца нацыянальнасці і этнічныя межы, застаецца ў цане толькі подласць без мяжы; пакуль не “папаўся” – спрытны гвалтаўнік ходзіць у героях. Адно ахвярамі “інтэрнацыянальнага” выхавання застаюцца ўсё тыя ж маладыя хлопцы…
Здавалася б, перажываючы так шмат цяжкога, калі на тваіх вачах пастаянна раскашуе зло, можна ўвогуле страціць веру ў трываласць дабра. І ўсё ж беларускі вопыт сведчыць пра адваротнае. Беларусы, якіх пад час другой сусветнай вайны выпальвалі цэлымі вёскамі, не толькі не страцілі сваёй дабразычлівасці да свету, да людзей. Мы, наадварот, навучыліся востра суперажываць чужому болю і вышэй за ўсё цаніць мір, гармонію вакол сябе, у душы і ў прыродзе. Падобнае беларускае светаадчуванне яскрава выяўлена ў апавяданні Сяргея Дубовіка “Крывавыя цюльпаны”. Яно крыху выбіваецца з “афганскай” падборкі тым, што ваенная тэма ў ім выглядае хутчэй фонавай, чым асноўнай, і лірычна-роздумная інтанацыя замяняе саркастычную і бескампрамісна-праўдзівую.
У “Крывавых цюльпанах” апавяданне арганізуецца апісаннямі афганскай прыроды. Салдаты ахоўваюць мінную паласу, пасты-зямлянкі паўз якую нязменна стаяць з 1979 года – з самага пачатку вайны. “Габляваныя дошкі ад снарадных скрынак паспелі пачарнець, а насыпаная зверху зямля ўдзірванела” (с. 71). Але кожную вясну “шэрыя фарбы, бясконцыя вятры “афганцы” і бязлюддзе” змяняюцца вясновым абуджэннем наваколля, кароткім і цудоўным цвіценнем чырвоных кветак. У такі час сюды “напрасіўся” паглядзець на прыгажосць радавы Мікола Пятрашка, які далучаецца да тутэйшых салдат-“старажылаў”, армян Спартака і Рэваза, якія спачатку “з недаверам паглядвалі на яго, аб нечым гаворачы на сваёй мове, а пасля звыкліся” (с. 71).
Пэўная раўнавага і згода паміж героямі парушаецца пад час, здавалася б, зусім нязначнага здарэння. На міннае поле, ля якога яны нясуць службу, забег джэйран.
“ – Падарвецца, зараза, – зашаптаў Рэваз. – Не дастанеш пасля.
І ў тую ж хвіліну трэснуў выбух, быццам паламалася сухая палка.
– Усё, гатоў, – Спартак кінуўся па бінокль.
Па чарзе глядзелі, як намагалася падняцца на ногі бедная жывёліна” (72).
З гэтага моманту для чытача асабліва выразна пачынае гучаць у тэксце выразны кантрапункт: героі зусім па-рознаму ўспрымаюць рэчаіснасць. Для апавядальніка і Міколы Пятрашкі джэйран – “бедная жывёліна”, для другіх персанажаў, да якіх яшчэ далучаецца зухаваты Ашот, – выключна свежына, мяса, якое дастаюць з міннага поля, рызыкуючы жыццём. Беларусу ж непамысна так рызыкаваць дзеля страўніка; адчуванне каштоўнасці жыцця ў Міколы не прытупляецца. У яго не знікае не толькі спачуванне да працяглай агоніі джэйрана, але застаецца ўвогуле абвостраная датклівасць да ўсяго наваколля: жадная патрэба глядзець на раскошу цюльпанаў, узірацца ў ранішнюю лінію гарызонту, падстаўляючы твар ветру, зняўшы з галавы панаму, пакуль яшчэ не пячэ сонца…
Джэйран на шурпу вынесены з міннага поля шчасліва, але Мікола не можа не запытацца ў зухаватага Ашота: “А каб падарваўся?.. – Каб ды каб – мора было б, – засмяяўся Ашот і ўскочыў у кабіну машыны. – Заганяйце вярблюдаў на міны. Прыеду – выцягну, пакаштуем верблюджаціны…” (с. 73).
Ці добра гэта, што нікому нічога і нікога не шкада? Міколу ж “робіцца страшна за тую далёкую прыгажосць” (с. 73): ніхто не думае пра міны, якія тут застануцца пасля вайны, і ніякіх карт гэтых мінных палёў, якія ён з таварышамі вартуе, няма. Значыць, думае Мікола, “будуць падрывацца на ржавых мінах джэйраны, вярблюды, людзі” (с. 73) …
Без дабра, дабрыні немагчыма жыць чалавеку. Беларусы гэта ведаюць найтрывала. Адсюль – і пункт гледжання апавядальніка, і фарміраванне ацэначнасці, погляду на персанажаў ва ўсіх апавяданнях Сяргея Дубовіка. Яго герой вяртаецца з вайны ў Афганістане са сваёй праўдай: з асуджэннем гвалту, абсурду, з цвярозай ацэнкай фарысейства. І яшчэ – з незабітай душой, сумленнем. Вайна застаецца найвялікшай трагедыяй: з крывёй і ахвярамі. Але колькасць чалавечых пакутаў пад час вайны наўпрост залежыць яшчэ і ад сумлення: субстанцыі ідэальнай, якая, тым не менш, вызначае самыя найматэрыяльныя рэчы. Вось пра што не стамляецца нагадваць беларуская проза ХХ і ХХІ стст.

1. Дубовік С. Груз «200»; Памінкі ў Сардобе; «Негры»; «Інтэрнацыянальнае» выхаванне; Крывавыя цюльпаны: Кароткія апавяданні // Маладосць. – 1992, № 10. – С. 58 – 73. Ніжэй у тэксце артыкула цытуецца гэтае выданне з указаннем нумара старонкі ў дужках.
2. “Чорны цюльпан” – гэта і адзіны самалёт да Кабула, які лётае па крузе, збіраючы “цынкі” (скрынкі-труны) па гарнізонах; гэта яшчэ і дашчаны модуль на ўскраіне медсанбата з ямай у земляной падлозе, бо пяском дасыпаюць “цынкі” для вагі “ці калі наогул няма чаго класці” (с. 61).

http://alkruglov.narod.ru/whatisfar.html – 1 Александр Круглов (Абелев). Афоризмы, мысли, эссе.